Ва Ўкраіне выкрылі больш за 1000 калябарантаў. Жыхары вызваленых паселішчаў пагражаюць ім самасудамі

Вызвалены ад расейцаў Херсон, 13 лістапада 2022

Жыхары дэакупаваных ва Ўкраіне тэрыторый патрабуюць прыцягнуць калябарантаў да адказнасьці: «Як нам жыць зь імі ў адной вёсцы?»

Праваахоўныя органы Ўкраіны пасьля вызваленьня ўкраінскіх тэрыторый ад расейскай акупацыі разам з дакумэнтаваньнем ваенных злачынстваў расейцаў затрымліваюць і мясцовых калябарантаў, якія дапамагалі расейскім акупацыйным уладам.

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны паведаміла, што сьледчыя ўжо расьсьледуюць справы супраць 1098 грамадзян Украіны, якія падтрымалі расейскую акупацыю, супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі і дапамагалі ім у правядзеньні рэфэрэндуму.

Яшчэ праводзяць праверку датычнасьці 1224 украінцаў да калябарацыйнай дзейнасьці. Але найбольш прыкметныя прыхільнікі Расеі вымушаныя былі ўцякаць разам з расейскімі войскамі. Абвясьцілі іх вышук.

Херсон, 14 лістапада 2022

«Яны і цяпер ёсьць, толькі зноў пераабуліся»

У вёсцы Новааляксандраўка Херсонскай вобласьці мясцовыя жыхары расказалі журналістам slidstvo.info, як аднавяскоўцы гатавалі ежу для расейцаў, пралі ім форму і ўсяляк падтрымлівалі.

Але, паводле мясцовых жыхароў, Служба бясьпекі Ўкраіны забрала толькі тых, хто праводзіў рэфэрэндум.

«А тыя, хто карміў, паіў, цалаваўся, на БТРах езьдзілі, — усе сядзяць дома. А як нам пасьля гэтага жыць, калі я ведаю, што яна іх вітала, і яна разам са мной у вёсцы будзе жыць?» — сказала журналістам мясцовая жыхарка Кацярына.

Паводле яе, дзяржава нічога ня робіць, каб пакараць тых, хто дапамагаў расейцам падчас акупацыі Новааляксандраўкі.

«Я не магу жыць з гэтым чалавекам у вёсцы... Яны самі расейцы. І казалі: „Гэта мае пляменьнікі“. Бураты, дагестанцы, расейцы — усе пляменьнікі! Кодла цэлая да іх хадзіла. Усіх паілі, кармілі, пралі іхныя рэчы. І жывуць зараз сабе, ніхто нічога ня робіць», — расплакалася жанчына.

І гэта не адзіны такі выпадак. Журналіст з Херсону, галоўны рэдактар выданьня «Мост» у праекце Радыё Свабода «Навіны Прыазоўя» Сяргей Нікіценка пацьвердзіў, што для мясцовых жыхароў, зь якімі ён размаўляў, вельмі важна, каб былі пакараныя тыя, хто супрацоўнічаў з расейскімі акупацыйнымі сіламі.

«Бо людзі ўжо бачылі, як гэта адбывалася ў некаторых дэакупаваных паселішчах на поўначы вобласьці, дзе мясцовыя жыхары паказвалі на людзей, якія супрацоўнічалі, але іх не затрымлівалі і не пачыналі сьледзтва. Гэта было для людзей асабістай праблемай», — сказаў Сяргей Нікіценка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інфармацыя пра сьмерць яшчэ аднаго прарасейскага калябаранта на поўдні Ўкраіны, Стрэмавусава

«Камусьці спаляць хату»

Намесьнік дырэктара Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў Сяргей Данілаў сьцьвярджае, што жыхары вызваленых населеных пунктаў абураюцца і пагражаюць самасудамі.

«Людзі абяцаюць самасуды, бо да расейскай акупацыі ставяцца як да абсалютнага зла. Тыя, хто кантактаваў, маюць кляймо здрадніка і калябаранта. Нехта будзе пераяжджаць у іншае месца, камусьці спаляць хаты, хтосьці будзе каяцца публічна і ўступаць у дыялёг», — мяркуе экспэрт.

Таму, паводле яго, праца праваахоўных органаў павінна быць вельмі пільная ў кожным выпадку падазрэньня ў калябарацыянізьме. Асаблівую ролю маюць адыграць мясцовыя органы ўлады, інакш вельмі цяжка будзе ўнікнуць самасуду.

«Мы кантактуем, бачым відэаматэрыялы, інтэрвію зь людзьмі, якія плачуць і кажуць: „Як мы цяпер будзем жыць побач у адной вёсцы?“ У меншых грамадах непакараньне будзе моцна біць па здольнасьці грамады, супольнасьці людзей, па згуртаванасьці. Гэта вельмі важны чыньнік», — заўважыў Сяргей Данілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны з Херсоншчыны: расейцы адступаюць, украінцы вызваляюць тэрыторыі

Хто пераходзіў на бок акупантаў

Гісторык і палітоляг з Херсону Дзяменцій Білы, які заставаўся ў горадзе ў часе расейскай акупацыі, расказаў пра настроі мясцовых жыхароў перад расейскім уварваньнем.

«У нас ёсьць невялікая праслойка, недзе адсоткаў 10, якія былі схільныя да Расеі. Агулам недзе 25% прасавецкіх, па-прарасейску настроеных, то бок гэта палітычная праслойка. Але калі прыйшлі акупанты, то шмат людзей, якія ўваходзілі ў прарасейскую партыю „Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё»“ (а мы лічылі, што яны пойдуць на працу да акупантаў), шмат з пазытыўна настроеных да Расеі не пайшлі і асудзілі расейскую акупацыю», — паведаміў палітоляг.

Паводле яго, прадстаўнікі прарасейскай палітычнай сілы ў Херсонскай гарадзкой радзе ў сакавіку распусьцілі сваю фракцыю і асудзілі агрэсію Расеі. Большасьць тых, хто пайшоў на супрацу з акупантамі, зрабілі гэта пад ціскам, перакананы Дзяменцій Білы.

«Вядома, былі часткова і палітычна настроеныя, якія зрабілі свой выбар. Часткова гэта былі кар’ерысты. Я ведаю некалькіх нашых херсонцаў, якія былі абражаныя на ўкраінскую ўладу і пайшлі на супрацу. Але большасьць людзей прымусілі, і гэта былі вельмі няпростыя для іх рашэньні. Мы памятаем гісторыю з сакратаром Новакахоўскай гарадзкой рады, якога трымалі ў вязьніцы. Ён быў прадстаўніком „Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё»“, але адмовіўся супрацоўнічаць», — нагадаў палітоляг.

Дзяменцій Білы падкрэсьліў, што расейцы не змаглі знайсьці дастаткова мясцовых жыхароў, гатовых зь імі супрацоўнічаць.

«Частка прадпрымальнікаў вымушана была супрацоўнічаць. Такім чынам я прыходжу да высновы, хто гэтыя людзі. Толькі невялікая частка палітычна настроеных, прыхільных да расейцаў. Усіх іншых або падкуплялі грашыма, або ламалі. Яны (акупанты. — РС) не змаглі знайсьці тую крытычную частку калябарантаў, якая магла б зьмяніць сытуацыю. Ім увесь час не хапала кадраў ува ўсіх сфэрах», — пераконвае палітоляг.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.