«Ня тая сытуацыя, калі трэба ісьці на саступкі Маскве». Як Захад ацэньвае пазыцыі Крамля і ці пойдзе Кіеў на мірныя перамовы?

Людзі вітаюць вяртаньне ўкраінскіх войскаў у Херсон

На фоне заяваў з Масквы пра вывад расейскіх войскаў з Херсону ў амэрыканскай і эўрапейскай прэсе зьяўляецца ўсё больш публікацый пра тое, што за гэтым могуць адбыцца перамовы Расеі з Украінай.

Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка і палітоляг-амэрыканіст Аляксандра Філіпенка ў размове з тэлеканалам «Настоящее время» патлумачылі пазыцыі Захаду і Кіева адносна перамоваў Кіева і Масквы.

Філіпенка зьвязвае заявы Вашынгтону аб «падштурхоўваньні» Кіева да перамоваў з выбарамі ў саміх ЗША, а Фясенка прызнае, што жорсткая рыторыка Зяленскага аб мірных кансультацыях з Масквой сапраўды апошнім часам крыху памякчэла — нягледзячы на тое, што сытуацыя ў пытаньні аб заканчэньні вайны пакуль застаецца «тупіковай» і будзе вырашацца на полі бою.

— Уладзімір, першае пытаньне да вас. Здавалася б, яшчэ месяц таму Ўладзімір Зяленскі казаў, што ніякіх перамоваў з Расеяй пры Пуціну быць ня можа. Але зараз здаецца, што зусім зьмяніўся пасыл Зяленскага, зусім зьмяніліся яго настроі. Ці гэта мне так толькі здаецца? Зьмянілася рыторыка Зяленскага?

Уладзімір Фясенка: Рыторыка на тое і рыторыка, што яна можа мяняцца зыходзячы з тактычных мэтаў. Што да перамоваў, то яны былі, ёсьць і будуць. Але зараз няма падстаў і няма прадмету для кампрамісу адносна мірных перамоваў. Проста немагчыма злучыць пазыцыі Ўкраіны і Расеі: там поўны тупік і ніякай пэрспэктывы менавіта адносна мірных перамоваў, акрамя вэрсій аб спыненьні агню. Гэта магчыма, але ня зараз, а ў пэрспэктыве, калі ваенныя дзеяньні зімой гэтага году і ў наступным годзе пакажуць, як будзе разьвівацца ваенная сытуацыя.

А перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай ідуць: напрыклад, ідуць перамовы пра абмен палоннымі. І мы амаль кожны тыдзень бачым вынік гэтых перамоваў. Ідуць перамовы аб працягу «збожжавай» дамоўленасьці — зараз будзе іх кульмінацыя. Вось па такіх канкрэтных пытаньнях перамовы ідуць. Яшчэ ёсьць і тэма Запароскай АЭС. Я думаю, ёсьць шэраг іншых тэм, па якіх таксама ідуць перамоўныя кансультацыі. Акрамя галоўнага пытаньня — пытаньня аб заканчэньні вайны. Тут пакуль сытуацыя тупіковая. І гэтае пытаньне будзе вырашацца на полі бою.

Рыторыка адносна перамоваў сапраўды можа мяняцца. Прэзыдэнт Зяленскі (думаю, што ў адказ на пажаданьні заходніх калег) зьняў катэгарычнасьць. Ён растлумачыў, што размова ідзе не пра адмову Кіева ад перамоваў наогул, а пра тое, што «мы гатовыя весьці перамовы на канкрэтных нашых умовах і пазыцыях». І, дарэчы, гэта адпавядае пазыцыі нашых заходніх сяброў. Я нагадаю, што сказаў Байдэн і што сказаў Макрон некалькі дзён таму. Абодва сказалі практычна адно і тое ж: «Перамовы пачнуцца тады і на такіх умовах, калі гэта вырашыць Украіна». Вось афіцыйная пазыцыя заходніх лідэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вярнула кантроль над Херсонам, адзіным абласным цэнтрам, які расейцам удалося захапіць з 24 лютага. ФОТА, ВІДЭА

— Аляксандра, калі верыць The Wall Street Journal, то дарадца прэзыдэнта ЗША Джэйк Саліван, калі наведваў Кіеў, зьвярнуўся да Зяленскага, да кіраўніцтва краіны з заклікам публічна заявіць пра гатоўнасьць да перамоваў з Масквой. Па сутнасьці, мы гэтую публічнасьць і ўбачылі. Вы разумееце, навошта гэта ўсё ЗША?

Аляксандра Філіпенка: Усё, што зараз рабілася ў ЗША напярэдадні выбараў, варта разглядаць праз прызму саміх выбараў. Прайшлі прамежкавыя выбары ў Кангрэс, што, вядома, вызначала ўвесь парадак дня, і нават у зьнешняй палітыцы гэта быў фактар уплыву. Для дэмакратаў вельмі важна было паказаць, што яны зьяўляюцца таксама сілай, якая можа падштурхнуць, ці неяк пасунуць, ці неяк паскорыць хаця б тэарэтычную магчымасьць перамоваў, бо гэты парадак дня цалкам перахапілі рэспубліканцы.

А рэспубліканцы, асабліва правае крыло Рэспубліканскай партыі, заявілі сябе ў пэрыяд перадвыбарнай кампаніі як тая група амэрыканцаў, як палітычная сіла, якая найперш думае пра інтарэсы амэрыканцаў, а потым ужо думае пра ўсіх у сьвеце. І, уласна кажучы, менавіта рэспубліканцы казалі, што трэба менш зараз думаць пра Эўропу, можа нават менш дапамагаць Украіне, і ў першую чаргу глядзець на тое, што адбываецца ўнутры саміх Злучаных Штатаў. І, вядома, гэты парадак дня быў таксама вельмі важны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсонскай вобласьці пасьля вызваленьня ад расейцаў пачалі знаходзіць целы закатаваных людзей

— Уладзімір, як вы лічыце, ці могуць ЗША і іншыя заходнія краіны паставіць Украіну ў такія ўмовы: мы больш не даем вам зброі — ідзіце дамаўляйцеся з Масквой?

Уладзімір Фясенка: Я думаю, што гэта выглядала б як капітуляцыя Вашынгтону перад Масквой. І, з пункту гледжаньня рацыянальнай рэалістычнай палітыкі, гэта выйграла б пройгрышам. Ня тая сытуацыя, калі трэба ісьці на саступкі Маскве. Я бачу ў гэтых закліках і «зьлівах» ня тое, што Кіеў павінен пайсьці на перамовы з Масквой, а тое, што Кіеў павінен зьмяніць рыторыку. Рыторыка не павінна быць такой катэгарычнай. Гэта розныя рэчы.

Што да перамоў, то тут хутчэй ідзе тактычная гульня. Масква зараз у вельмі цяжкім становішчы, Масква прайграе вайну. І яны жадаюць узяць паўзу, каб назапасіць сілы. І на Захадзе, у прынцыпе, разумеюць — зараз зьяўляюцца ацэнкі амэрыканскіх і францускіх аналітыкаў аб тым, што насамрэч Расея не зьбіраецца і не гатовая ісьці на рэальны мір. Гаворка ідзе пра паўзу для таго, каб назапасіць сілы, а потым аднавіць вайну супраць Украіны.

Цалкам размова тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю «кантраляваная», але Узброеныя сілы Ўкраіны «гатовыя да любога разьвіцьця падзей» — украінскія памежнікі