Украіна ўзводзіць плот на мяжы зь Беларусьсю, паведаміў у сваім тэлеграм-канале намесьнік кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка.
«Роў, насып, жалезабэтонны плот з калючым дротам — гэта інжынэрныя загароды, якія будуюць на Валыні. Такім чынам ужо добраўпарадкавана каля 3 км граніцы, работы працягваюцца. Гэта яшчэ ня ўсё, але падрабязнасьцяў раскрываць ня будзем», — адзначыў ён.
Паводле яго словаў, будаўнічыя работы таксама вядуцца ў Ровенскай і Жытомірскай абласьцях. Акрамя гэтага, у рэгіёнах, якія мяжуюць з Расеяй, узводзяцца фартыфікацыйныя збудаваньні.
«Важна, што над уладкаваньнем мяжы сыстэмна працуе абласная ўлада і мясцовы бізнэс. Мы ўсе хочам абароны, мы робім усё, каб спыніць нават гіпатэтычнае прасоўваньне ворага», — дадаў Цімашэнка.
- 10 кастрычніка было абвешчана, што Крэмль і Менск дамовіліся аб разгортваньні ў Беларусі сумеснай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы». Паведамлялася, што з Расеі ў Беларусь будуць адпраўлены каля 170 танкаў, да 200 баявых машын і да 100 гармат і мінамётаў, а таксама ня менш за 9 тысяч вайскоўцаў расейскай арміі.
- Пасьля мігранцкага крызісу на памежжы зь Беларусьсю, які цягнуўся некалькі месяцаў, загароду пабудавалі Літва і Польшча. У Літве, пры агульнай працягласьці мяжы ў 679 км, плот мае даўжыню 502 км. На сваёй мяжы зь Беларусьсю Польшча пабудавала плот на 180 км. Аб пабудове падобнай загароды нядаўна заявіла і Латвія.