Сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю «кантраляваная», але Узброеныя сілы Ўкраіны «гатовыя да любога разьвіцьця падзей» — украінскія памежнікі

Сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю «застаецца кантраляванай», але ўкраінскія вайскоўцы «гатовыя да любога разьвіцьця падзей», заявіў прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Андрэй Дземчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемаратону.

«Калі гаварыць непасрэдна пра лінію мяжы зь Беларусьсю, то, на шчасьце, яна застаецца пад кантролем. У цяперашні час мы не адзначаем ніякіх зьменаў у характары дзеяньняў, у колькасным складзе тых падразьдзяленьняў Узброеных сіл Беларусі, якія знаходзяцца на мяжы з нашай краінай. Са свайго боку, вядома, мы ніколі не выключалі магчымасьці далейшага абвастрэньня сытуацыі на гэтым кірунку... Усе нашы вайскоўцы гатовыя даць годны адпор, калі ўварваньне будзе адбывацца з гэтага напрамку», — падкрэсьліў Дземчанка.

Прымежныя раёны Ўкраіны рэгулярна абстрэльваюць з боку Расеі. У прыватнасьці, 10 лістапада ўлады Чарнігаўскай вобласьці заявілі пра высокі ўзровень небясьпекі ў прыгранічных населеных пунктах з гэтай прычыны.

Цяпер Беларусь не зьяўляецца непасрэдным удзельнікам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, але аказвае матэрыяльна-тэхнічную падтрымку расейскаму ўварваньню. У прыватнасьці, дае расейскім войскам доступ на тэрыторыю Беларусі, адкуль тыя бамбуюць украінскія гарады і наносяць па тэрыторыі Ўкраіны ракетныя ўдары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэвэнтыўныя ўдары па тэрыторыі Беларусі могуць стаць неабходнасьцю, — украінскі вайсковы экспэрт

Супраць Беларусі былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі за саўдзел у вайне, разьвязанай Расеяй.

Цягам кастрычніка Расея перакідала ў Беларусь вайсковую тэхніку, маёмасьць і вайскоўцаў па чыгунцы. Гэта сьведчыць, што РФ працягвае выкарыстоўваць Беларусь для нанясеньня ўдараў па тэрыторыі Ўкраіны.

Раней фактычны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што ля мяжы з Украінай будзе разгорнутая рэгіянальная групоўка войскаў. Пры гэтым ён спаслаўся на «пагрозы» з боку Ўкраіны і Захаду, не прывёўшы доказаў сваіх слоў.

У той жа час украінская выведка сьцьвярджае, што Лукашэнка ня ўпэўнены, ці гатовыя беларусы падтрымаць магчымы ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі сапраўды пачнецца мабілізацыя, межы Беларусі закрыюць у першую ж ноч», — тлумачэньне Шрайбмана