Пасьля вызваленьня ён расказаў пра ўмовы ўтрыманьня, піша baj.by.
Анатоль Санаценка выйшаў на волю 12 кастрычніка пасьля 30 дзён у бабруйскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Затрымалі яго 12 верасьня.
Сілавікі прыйшлі да рэдактара дамоў, правялі ператрус, забралі тэхніку. Анатоля Санаценку абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) — у асабістай перапісцы знайшлі дзьве спасылкі з сайтаў, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. За кожную з гэтых спасылак Анатоль Санаценка атрымаў па 15 дзён арышту. Другі суд адбыўся 27 верасьня. Абедзьве справы разглядала судзьдзя Ганна Асіпенка.
Паводле крыніцы, блізкай да сям’і Санаценкі, Анатоля ўсе 30 сутак трымалі ў карцары. Там было вельмі холадна, ацяпленьне ўключылі толькі перад вызваленьнем. Даводзілася спаць на халоднай падлозе, і калі Анатоль скардзіўся на болі ў нырках, фэльчар ІЧУ толькі даваў яму абязбольвальнае — у лякарню затрыманага так і не павезьлі.
За 30 дзён у ІЧУ Анатоль Санаценка быў вымушаны заплаціць дзяржаве 480 рублёў. Перадачы для яго прымалі, але пасьля вызваленьня высьветлілася, што рэчы перадавалі ня ўсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынік масавых затрыманьняў у Бабруйску: «суткі», штрафы, падазраваныя ў крымінальнай справеСайт выданьня «Бобруйский курьер» (babruysk.by) цяпер заблякаваны. Ён перастаў адкрывацца яшчэ 19 верасьня. Як патлумачыў Мінінфарм, прычына блякаваньня сайту ў тым, што сярод публікацый знайшлі спасылку на матэрыял Праваабарончага цэнтру «Вясна», які нібыта парушае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Матэрыял гэты быў апублікаваны аж у 2014 годзе і датычыў заявы ПЦ «Вясна» з нагоды арышту вядомай азэрбайджанскай праваабронцы Лэйлы Юнус.
У адпаведным загадзе Мінінфарма ад 16 верасьня гаворыцца:
«На інтэрнэт-рэсурсе babruysk.by выяўленыя парушэньні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы разьмяшчэньня інфармацыі, распаўсюд якой забаронены».
Што менавіта ў матэрыяле падпадае пад крытэрыі інфармацыі, распаўсюд якой забаронены, не тлумачыцца. 26 верасьня суд Бабруйскага раёну і г. Бабруйску прызнаў матэрыялы сайта babruysk.by экстрэмісцкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 верасьня: журналіста Яўгена Меркіса перавялі ў СІЗА № 3, суд у «справе Аўтуховіча» зрабілі закрытым