Выведка Вялікай Брытаніі: з прычыны вялікіх страт бранятэхнікі Расея дадаткова запрасіла ў Беларусі 100 танкаў і БМП

Перавозка расейскага танка Т-62

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджаюць, што расейскія салдаты ўсё больш выказваюць незадаволенасьць у сувязі з тым, што ім даводзіцца выкарыстоўваць баявыя машыны пяхоты старога ўзору. Іх яны называюць «алюмініевымі бляшанкамі».

«У сярэдзіне кастрычніка, ва ўмовах украінскага наступу, страты расейскай бранятэхнікі павялічыліся да больш як 40 адзінак на дзень, што прыкладна эквівалентна колькасьці тэхнікі батальёна. За апошнія тыдні Расея, імаверна, зьвярнулася па сама меней 100 дадатковых танкаў і БМП зь беларускіх запасаў», — адзначылі ў брытанскай выведцы.

Паводле брытанскіх выведнікаў, бранятанкавыя падразьдзяленьні і артылерыя займаюць цэнтральнае месца ў расейскай стратэгіі вядзеньня вайны.

У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі таксама адзначылі, што расейскія войскі ва Ўкраіне цяпер адчуваюць складанасьці з забесьпячэньнем артылерыйскімі боепрыпасамі і дастатковай колькасьцю спраўнай бранятэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Расея перакінула ў Беларусь два рэактыўныя самалёты МіГ-31К

Інстытут вывучэньня вайны: уступленьне Беларусі ў вайну на баку Расеі малаімаверна

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на тое, што расейскія і беларускія аіфцыйныя асобы працягваюць дэманстраваць двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва як адзін з інструмэнтаў ранейшай інфармацыйнай кампаніі аб устпуленьні Беларусі ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі.

Паводле іх, заява, зробленая міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным на сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі, дэманструе нязьменную ляяльнасць Беларусі да Расеі, а таксама вобраз беларуска-расейскага вайсковага саюзу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу заявіў, што Беларусь можа апынуцца пад ударам

У той жа час Інстытут вывучэньня вайны па-ранейшаму ацэньвае як малаімавернае далучэньне Беларусі да ваеннай кампаніі Расеі ва Ўкраіне. Паводле экспэртаў ISW, гэта найперш абумоўлена магчымымі ўнутранымі наступствамі для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама абмежаваным ваенным патэнцыялам краіны.

«Такім чынам, паседжаньне Аб’яднанай калегіі міністэрстваў абароны зьяўляецца працягам сумесных намаганьняў Беларусі і Расеі ў правядзеньні інфармацыйнай апэрацыі пра нібыта непазьбежныя пагрозы для саюзнай дзяржавы, каб прыцягнуць украінскія войскі на паўночную мяжу», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «вагнэраўцы» выйшлі зь ценю, а іх лідэр Прыгожын стаў уплывовым у Крамлі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.