Расея прыпыніла свой удзел у так званай «збожжавай зьдзелцы» — пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты. Пра гэта паведаміла міністэрства абароны Расеі.
Рашэньне было прынятая ў сувязі з атакай бесьпілётнікаў на караблі ў Севастопалі, пра якую раней у суботу паведаміў губэрнатар гораду. Паводле вэрсіі Мінабароны Расеі, атаку зазналі судны, якія былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні бясьпекі «збожжавага калідора».
Міністэрства замежных спраў Расеі таксама апублікавала заяву аб выхадзе са «збожжавай зьдзелкі», у якой абвінаваціла Украіну ў «масіраваным удары» з дапамогай бесьпілётнікаў па караблях і інфраструктуры Чарнаморскага флёту ў Севастопалі.
«У сувязі з дзеяньнямі ўкраінскіх узброеных сіл, якімі кіравалі брытанскія спэцыялісты, расейскі бок ня можа гарантаваць бясьпеку грамадзянскіх сухагрузаў, якія ўдзельнічаюць у „чарнаморскай ініцыятыве“, і прыпыняе яе рэалізацыю з сёньняшняга дня на нявызначаны тэрмін», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне Associated Press і Frontline: Расея зарабіла на продажы выкрадзенага ва Ўкраіне збожжа паўмільярда даляраўМіністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усе дзяржавы запатрабаваць ад Расеі «спыніць галодныя гульні» і вярнуцца да выкананьня сваіх абавязаньняў.
«Мы папярэджвалі аб плянах РФ сарваць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву. Цяпер Масква паводле надуманай падставы блякуе збожжавы калідор, які забясьпечвае харчовую бясьпеку мільёнаў людзей», — напісаў Кулеба ў Твітары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прыгразіў абмежаваць вываз збожжа з УкраіныЗаяву Расеі аб прыпыненьні «збожжавай зьдзелкі» пракамэнтаваў кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.
«Прымітыўнасьць расейскага шантажу ва ўсім. Ядзерны шантаж, энэргетычны, харчовы... выдумкі аб „бруднай бомбе“, над якімі сьмяецца ўвесь сьвет. Выдуманыя тэракты на ўласных аб’ектах... усё занадта проста і прадказальна. Агонія злачынцаў, якія ня могуць зразумець, што інфантыльнымі ультыматумамі яны нічога не даб’юцца. І што іх час падыходзіць да канца», — напісаў Ярмак у сваім тэлеграм-канале.
- «Збожжавая зьдзелка» была заключаная паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны 22 ліпеня. Першае судна з харчаваньнем выйшла з Адэсы 1 жніўня.
- 23 ліпеня ўкраінскі бок абвінаваціў Расею ў спробе падарваць дамоўленасьці аб экспарце збожжа з чарнаморскіх партоў. Гэтыя заявы былі зроблены пасьля ракетнага ўдару па тэрыторыі порта Адэсы.
- Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. З прычыны расійскага ваеннага ўварваньня ў заблякіраваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мін у акваторыі. ААН папярэджвала аб рызыцы голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.