Цуд нараджэньня нацыі. Выйшла кніга «Чаму Беларусь не Расея»

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Абламейкі «Чаму Беларусь не Расея». Гэта 86-ты том Бібліятэкі.

У рэдакцыйнай анатацыі гаворыцца: «Гістарыясофская эсэістыка доктара гісторыі Сяргея Абламейкі вызначаецца нечаканымі трактоўкамі вядомых падзей і малавядомымі фактамі зь мінулага Беларусі. У кнізе чатыры дзясяткі эсэ, кожнае зь якіх можа вас зьдзівіць і прымусіць задумацца».

Спампаваць кнігу можна тут (PDF).

«Ня кожнаму чалавеку ў жыцьці выпадае ўбачыць тое, пра што ён марыў шмат гадоў, — піша ў прадмове Сяргей Абламейка. — Мне ў 2020 годзе з гэтым пашанцавала. 1 жніўня таго году я напісаў у Фэйсбуку: „Ня ведаю, што будзе далей, але гэтыя мітынгі немагчыма глядзець бязь сьлёз. Той выпадак, калі твае каштоўнасьці перамагаюць на тваіх вачах“.

Яшчэ ў траўні 2020 году я пачаў ліхаманкава запісваць рэплікі людзей, што стаялі ў чэргах на перадвыбарчых пікетах у гарадах і мястэчках Беларусі. Словы і памкненьні беларусаў нібы сышлі з кніг самых аўтарытэтных гісторыкаў, якія ўсё ХХ стагодзьдзе вывучалі фэномэн нараджэньня нацый, і былі сугучныя з нацыянальна-дэмакратычнай формулай заснавальніка мадэрнай Беларусі Кастуся Каліноўскага: „Не народ для ўраду, а ўрад для народу“.

У выніку на пачатку лета 2020 году я пачаў пісаць пра нараджэньне беларускай нацыі. Першыя шэсьць эсэ гэтай кнігі былі апублікаваныя, адпаведна, 20 чэрвеня, 4 і 17 ліпеня, 31 жніўня, 13 кастрычніка і 3 лістапада. Эсэ пра Расею, якая не зразумела, што губляе беларусаў, зьявілася 25 жніўня 2020 году, а эсэ пра выхад мовы на пярэдні плян супраціву — у сакавіку 2021-га.

У кнізе я закранаю падзеі і герояў як блізкай, так і далёкай мінуўшчыны, спрабуючы паказаць, наколькі пасьпяховым аказаўся лёс Беларусі, нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя абставіны. У кожны канкрэтны пэрыяд гісторыі беларусы маглі цалкам зьнікнуць з мапы Эўропы, але выжылі і ў 2020 годзе выйшлі на эўрапейскую палітычную арэну „ў агромністай такой грамадзе“.

Перад вамі — роздум пра наш супольны шлях».

Раней у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшлі кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: кніга першая і другая, «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» (першае і другое выданьні), «Нечаканы Скарына», «Мой Картаген».


Апошнія кнігі сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе»:

Галасы Беларусі — 2021

Неверагодны 2020-ы

Галасы Беларусі — 2020

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды