Украіне таксама будуць прадастаўленыя 150 браніраваных пазадарожнікаў, 150 машын для буксіроўкі зброі, 40 грузавікоў і 80 прычэпаў для перавозкі цяжкага абсталяваньня, радары, сыстэмы процідзеяньня бесьпілотнікам, сыстэмы сувязі і назіраньня, абсталяваньне для абясшкоджваньня выбухованебясьпечных прадметаў, а таксама бронекамізэлькі і іншы палявы рыштунак, удакладняе «Настоящее время».
Адзначаецца, што на выдзеленыя сродкі ЗША пачнуць заключаць кантракты на пастаўку зброі, абсталяваньня і рыштунку для Ўкраіны ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве. Новы пакет дапамогі ў Пэнтагоне назвалі «шматгадовай інвэстыцыяй у крытычныя магчымасьці з мэтай нарошчваньня доўгатэрміновай моцы Ўзброеных сілаў Украіны».
Агульны аб’ём дапамогі Кіеву са студзеня 2022 года, як паведамляецца, склаў 16, 2 млрд даляраў. 16 верасьня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў аб выдзяленьні Ўкраіне ваеннай дапамогі на $ 600 млн. У гэтым пакеце, у прыватнасьці, былі дадатковыя снарады для HIMARS, 36 тысяч боепрыпасаў для 105-міліметровых артылерыйскіх гармат, 1000 высокадакладных 155-мілімэтровых артылерыйскіх снарадаў і чатыры супрацьартылерыйскія радары.
Раней ЗША паставілі ва Ўкраіну 16 HIMARS. У Кіеве адзначалі, што без сыстэм, здольных страляць з адлегласьці ў дзясяткі кілямэтраў, УСУ ня могуць эфэктыўна абараняць Данбас і плянаваць вызваленьне акупаваных тэрыторый.