На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.
Сьцісла
- У адказ на дзеяньні Расеі Захад будзе затыкаць «дзіркі» ў існых санкцыях і павялічваць пастаўкі зброі Ўкраіне.
- У Захаду не настолькі складаная сытуацыя, каб ісьці на саступкі.
- Наўрад ці ў Беларусі таксама будзе праведзеная мабілізацыя.
- Калі Лукашэнка і цяпер не пашле беларускае войска на вайну, гэта не падвысіць яго каштоўнасьць у вачах Захаду і не падштурхне Захад да больш лагоднага стаўленьня да яго.
- На Захадзе ня лічаць пагрозу ўжываньня Пуціным ядзернай зброі галоўнай і непазьбежнай.
- Апроч іншага і таму, што Пуцін мае шмат іншых варыянтаў эскаляцыі.
- У выпадку ўжываньня Расеяй ядзернай зброі важным чыньнікам будзе рэакцыя незаходніх краін, ён ім устыў са сваёй вайной.
— 21 верасьня ў сваім тэлезвароце прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў, што падпісаў указ аб частковай мабілізацыі грамадзянаў Расеі. Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што мяркуецца прызваць на вайсковую службу 300 тысячаў расейцаў. У тэлезвароце Пуцін вітаў правядзеньне рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі ў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцях Украіны. Нарэшце, у выступе была прамая пагроза ўжываньня ядзернай зброі. Якая рэакцыя Захаду на гэтую новую ваенна-палітычную рэальнасьць?
— Рэакцыя на рэфэрэндумы — гэта стандартны дыпляматычны адказ. Усе краіны Захаду кажуць, што не прызнаюць іх легітымнасьць, іх правядзеньне супярэчыць міжнароднаму праву. І калі Расея скажа, што гэтыя тэрыторыі належаць ёй, Захад ня будзе гэта прызнаваць.
Напэўна, у адказ будзе наступны пакет санкцыяў, але робіцца ўсё цяжэй знаходзіць сфэры, адносна якіх можна ўвесьці дадатковыя санкцыі. Таму, хутчэй за ўсё, будуць займацца закрыцьцём «дзірак», якія ёсьць у тых санкцыях, якія ўжо ўведзеныя.
Пашырацца пастаўкі зброі Ўкраіне, а таксама падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў. Але гэта будзе рабіцца больш канфідэнцыйна, без крыклівых заяваў з боку краінаў Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавекЗахад зважае на тое, што робіць Расея, бо ад гэтага залежыць, наколькі пасьпяховымі будуць дзеяньні ўкраінскага войска. Але пакуль тое, што робіць Расея, наўрад ці зьменіць сытуацыю карэнным чынам.
Мабілізацыя наўрад ці імгненна зьменіць суадносіны сілаў на полі бою. Што тычыцца палітычнага боку, то тут Захаду складана нешта прапаноўваць. Пуцін сам ня надта настроены дамаўляцца.
У Эўропе і ЗША не настолькі кепская сытуацыя, каб ісьці на саступкі. Так, ёсьць разуменьне, што зіма прыйдзе, што будзе павялічвацца незадавальненьне, стома наконт вайны ва Ўкраіне, будзе энэргетычны крызіс. Але ёсьць усьведамленьне, што трэба дзейнічаць больш рашуча менавіта зараз, калі Пуцін прайграе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША: Пуцін выступіў з адкрытымі ядзернымі пагрозамі— На ваш погляд, якой будзе рэакцыя Беларусі, Лукашэнкі, на новую ваенна-палітычную сытуацыю?
— Лукашэнка зараз пад ціскам патрабаваньняў нечым дапамагчы Пуціну. Ці здолее ён неяк выкруціцца зараз — я ня ведаю. Магчыма, будуць пасланыя на вайну кантрактнікі, як гэта было ў Расеі. Я ня думаю, што ў Беларусі будзе абвешчаная мабілізацыя.
Мабілізацыя — што ў Расеі, што ў Беларусі — ня вырашыць галоўныя праблемы расейскай арміі. Там шмат праблемаў зь лягістыкай, з камунікацыямі, са зброяй. Пасыл — дайце нам больш салдатаў, больш «целаў» — наўрад ці будзе вырашальным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мабілізацыя — гэта не пра нас, мы і так мабілізаваныя», — дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Вальфовіч— Ваш прагноз — ці паўтораць расейцы свой сухапутны ўдар па Ўкраіне з поўначы, з тэрыторыі Беларусі, як гэта было ў лютым-сакавіку?
— Я ня бачу, як гэта можа скончыцца посьпехам для Расеі. Украінцы ўжо падрыхтаваныя да гэтага. Спроба ўдарыць з поўначы пагоршыць сытуацыю для расейцаў. Гэта адкрыцьцё яшчэ аднаго фронту, пры тым, што ў расейцаў кепская сытуацыя і на існых франтох.
— Калі Лукашэнка і цяпер не пашле беларускае войска ваяваць — ці павялічыць гэта яго карысьць у вачах Захаду, ці «ўзнагародзіць» яго Захад за гэта?
— Не. Не павысіць. Ад Лукашэнкі будуць патрабаваць значна больш істотных крокаў. Калі Лукашэнка нечага не зрабіў сёньня, гэта ня значыць, што ён ня зробіць гэтага заўтра. Таму ісьці на нейкія вялікія саступкі яму ў абмен на адносна няважныя саступкі ў Захаду няма падставаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЭЗ пра Лукашэнку: «Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія ёсьць у Беларусі»— Ці ня можа Расея прымусіць Беларусь правесьці такі самы так званы рэфэрэндум аб далучэньні да РФ, як тыя, якія яна ліхаманкава ладзіць у 4 абласьцях Украіны?
— Я ня сумняюся ў здольнасьці беларускага дзяржаўнага апарату зладзіць рэфэрэндум хоць праз два дні. Але справа ў тым, што такія рэфэрэндумы ў Беларусі ладзяцца беларускай уладай, якая пакуль яшчэ зьяўляецца актарам.
У «ДНР» і «ЛНР», а тым больш у Херсонскай і Запароскай вобласьцях яны будуць праводзіцца пад кантролем расейскага войска. І арганізацыйныя, і адміністрацыйныя рэсурсы гэтых рэфэрэндумаў будуць расейскія. У Беларусі гэта правярнуць будзе больш складана.
У Беларусі Расея не кантралюе адміністрацыйны рэсурс. Няма і такой вайсковай прысутнасьці, як у тых вобласьцях Украіны, дзе плянуюць правесьці рэфэрэндумы.
Да таго ж я ня бачу палітычнай нагоды, навошта гэта Пуціну менавіта зараз. Ён праводзіць рэфэрэндумы ў вобласьцях Украіны, бо баіцца, што іх у яго могуць адабраць. Беларусь у яго ніхто не адбірае. Ёсьць, праўда, Лукашэнка, але ў яго зараз няма іншых варыянтаў, акрамя як супрацоўнічаць з Пуціным, хоць ён і брыкаецца па пэўных пытаньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пашлюць беларусаў ваяваць за Пуціна? Абмеркаваньне экспэртаў— Ядзерныя пагрозы Пуціна — наколькі ўсур’ёз іх успрымаюць на Захадзе? І ці маюць плян, што рабіць, калі ён такую пагрозу рэалізуе?
— Пуцін выказваў гэтую пагрозу ўжо шмат разоў — і падчас цяперашняй поўнамаштабнай вайны, і раней. Ён гэтую пагрозу выказваў і падчас анэксіі Крыму. Зараз гэта разглядаецца як спроба запалохаць і ўкраінцаў, і Захад.
Пуцін можа рэалізаваць гэтую пагрозу, але пакуль на Захадзе яна ня лічыцца галоўнай і непазьбежнай.
У межах гэтага малаімавернага сцэнару лічыцца больш імаверным падсцэнар — ужываньне тактычнай ядзернай зброі ва Ўкраіне. Захаду давядзецца нешта рабіць у адказ. Наўрад ці гэта будзе ядзерны адказ, будзе імкненьне лякалізаваць гэтую эскаляцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Расея фарсіруе рэфэрэндумы аб далучэньні акупаваных тэрыторый Украіны? Меркаваньне расейскага вайсковага экспэртаТут будзе вельмі важнай рэакцыя іншых, незаходніх краінаў. Зараз бачна, што Пуцін крыху ўстыў і ім са сваёй вайной. Ужываньне ядзернай зброі — гэта будзе парушэньне табу і для незаходніх краінаў сьвету.
Гэта ня лічыцца асноўным варыянтам яшчэ і таму, што ў Пуціна шмат іншых варыянтаў эскаляцыі.
Ён можа яшчэ больш бамбаваць гарады па ўсёй Украіне, можа бамбаваць цывільную інфраструктуру, спрабаваць ударыць па шляхах пастаўкі зброі. У яго яшчэ ёсьць варыянты, пакуль ён не адчуе неабходнасьць ужываць зброю масавага зьнішчэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія выведкі ацанілі абвешчаную Пуціным мабілізацыю як «значную палітычную рызыку»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.