Палітыка, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіць у дачыненьні да Польшчы, «заслугоўвае самага жорсткага асуджэньня», заявіў польскі міністар замежных спраў Зьбігнеў Раў падчас візыту ў Славенію.
«Польшча абсалютна не зьмірылася і ніколі ня зьмірыцца з парушэньнем правоў чалавека або з тым, што ў Беларусі з прадстаўнікамі польскай меншасьці абыходзяцца як з закладнікамі», — цытуе TVP кіраўніка польскага МЗС..
Такім чынам Раў пракамэнтаваў сытуацыю з палітзьняволеным журналістам, актывістам неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам.
Напярэдадні праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў ліст палітвязьня, у якім той паведаміў, што цяпер знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы і неўзабаве чакае пачатку суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачобут у «шанхаі», Борыс у Горадні. Што цяпер зь фігурантамі «польскай справы»- Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці групай асоб). Такое ж абвінавачаньне выставілі яшчэ чатыром актывістам Саюзу палякаў, у тым ліку яго кіраўніку Анжаліцы Борыс.
- Сёлета 17 жніўня стала вядома, што Пачобута дадаткова абвінавацілі паводле арт. 361 КК (заклікі да санкцый).
- Стасункі паміж Беларусьсю і Польшчай яшчэ больш абвастрыліся пасьля таго, як беларускія ўлады сталі сыстэматычна зьнішчаць польскія вайсковыя пахаваньні на беларускай тэрыторыі. Варшава заклікала Менск «неадкладна спыніць акты вандалізму на могілках, выявіць і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых».
- Лукашэнка падчас наведваньня Менскага мэханічнага заводу імя Вавілава 26 жніўня засьцярог Польшчу ад канфрантацыі зь Беларусьсю. «Абвастраць адносіны зь Беларусьсю нельга, таму што гэта абвастрэньне адносін і з саюзнай дзяржавай зь ядзернай зброяй. Калі яны пачнуць ствараць праблемы,... адказ будзе імгненным», — заявіў ён.