Замежная выведка сьцьвярджае, што Расея, каб умацавацца на Данбасе, пачала выкарыстоўваць мэтады савецкай вайны ў Афганістане.
У Харкаўскай вобласьці з пачатку вайны загінулі 1000 мірных жыхароў
У Харкаўскай вобласьці ў выніку начных абстрэлаў загінулі двое і атрымалі раненьні трое мірных жыхароў. Усяго з пачатку вайны ў рэгіёне, як сьцьвярджаюць улады, загінула 1 тысяча цывільных.
У ноч на 8 жніўня рэгіён абстрэльвалі адначасова з тэрыторыі РФ і з ужо акупаванай тэрыторыі рэгіёну. Ракеты цэлілі ў жылы сэктар чатырох раёнаў, якія аточваюць Харкаў — Багадухаўскі, Ізюмскі, Харкаўскі і Чугуеўскі. У адным з раёнаў зьнішчана 25 гектараў пасадак пшаніцы.
Украінскія выратавальнікі 30 разоў выяжджалі тушыць пажары, выкліканыя абстрэламі.
У Днепрапятроўскай вобласьці пашкоджана фэрмэрская гаспадарка
У Нікапальскім раёне, які мяжуе з Запароскай вобласьцю, расейскія снарады прыляцелі ў чатыры вёскі. Толькі на Марганец расейцы выпусьцілі 20 ракет.
У вёсцы Камянское абстрэламі зьнішчылі два памяшканьні аграрнай кампаніі і пашкодзілі чатыры яе склады, абсталяваньне і транспарт. Ва ўсіх населеных пунктах разбураныя жылыя будынкі.
Улады ўдакладняюць, ці ёсьць ахвяры начных абстрэлаў.
Мікалаеў пад безупынным абстрэлам
Раніцай 8 жніўня расейскія войскі абстралялі Мікалаеў і ягоныя ваколіцы. Найбольш цярпіць раён на так званай лініі разьмежаваньня — у пасёлку Беразьнегуватае моцна пашкоджаны жылы сэктар. Улады ўдакладняюць маштабы разбурэньняў і ахвяры сярод цывільных.
Расейцы ня могуць прасунуцца на Данбасе
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што расейскія войскі ўвесь час атакуюць украінскія пазыцыі на краматорскім, аўдзееўскім і бахмуцкім кірунках, выкарыстоўваючы артылерыю і авіяцыю. Аднак пакуль ня могуць палепшыць свае пазыцыі.
Брытанская выведка сьцьвярджае, што ў Данецку і Краматорску расейцы, хутчэй за ўсё, раскідвалі супрацьпяхотныя міны ПФМ-1 і ПФМ-1С, якія называюць «мінамі-матылькамі», гэта зброя нявыбарачнага дзеяньня.
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі нагадалі, што такая практыка была характэрнай для савецка-афганскай вайны — тады гэтыя міны пакалечылі вялікую колькасьць дзяцей, бо яны прымалі міны за цацкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз расейскую агрэсію на Харкаўшчыне загінулі больш за 1000 мірных жыхароў, зь іх 50 дзяцейУ Херсоне і Мелітопалі рыхтуюць рэфэрэндум
Украінскія ўлады паведамляюць аб вельмі напружанай і складанай сытуацыі ў Херсонскай вобласьці. Расейцы там працягваюць наступ у некалькіх кірунках.
У актыўнай фазе паветраная вайна. Расейцы атакуюць пазыцыі ўкраінскага войска, а ўкраінская авіяцыя працягвае мэтанакіравана зьнішчаць расейскія склады з боепрыпасамі. У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі, што за апошнія содні паветраныя сілы Ўкраіны зьнішчылі тры апорныя пункты, адзін склад, пацэлілі ў калёну з жывой сілай і тэхнікай і чарговы раз атакавалі ключавыя масты, церазь якія Расея перакідае свае войскі — Антонаўскі і Кахоўскі.
Адначасова расейцы надалей актыўна рыхтуюць акупаваныя раёны Херсонскай і Запароскай абласьцей да рэфэрэндуму.
На тэрыторыі Херсонскай вобласьці ўсё больш адкрываецца памяшканьняў для так званага «галасаваньня», на якіх грамадзянам прапануюць па 10 тысяч расейскіх рублёў за падтрымку Расеі.
У Мелітопалі Запароскай вобласьці, як сьцьвярджае законны мэр гораду Іван Фёдараў, «апытаньне» плянуюць праводзіць цягам тыдня, а людзям, якія выступаюць супраць расейскай акупацыі, пагражаюць расстрэлам.
На Віньнічыне не ўключылася паветраная трывога
У Віньніцкай вобласьці пад расейскія абстрэлы трапілі вайсковыя аб’екты. Упершыню не ўключылася паветраная трывога. Вайсковае кіраўніцтва высьвятляе прычыны гэтага і ўдакладняе наступствы расейскай атакі. Гэта пяты абстрэл рэгіёну з пачатку вайны. 14 ліпеня расейцы разбамбілі цэнтар Віньніцы, тады загінулі 24 мірныя жыхары, у тым ліку трое дзяцей, яшчэ дзясяткі атрымалі раненьні.
Міністэрства лічбавай трансфармацыі паведаміла аб пачатку ўдасканальваньня мабільнай праграмы, якая абвяшчае трывогу. Тэстуюць мэханізмы абвяшчэньня небясьпекі ў выпадках артылерыйскага ці авіяцыйнага абстрэлу, вулічных баёў, хімічнай і радыяцыйнай пагрозы. Для кожнага выпадку будуць гучаць розныя сыгналы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН заявіў аб вяртаньні рызыкі ядзернай канфрантацыіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.