Грузінская апазыцыйная парлямэнцкая партыя «Лела для Грузіі» на гэтым тыдні заклікала ўвесьці візавы рэжым для грамадзян Расеі і Беларусі.
«Лела» прапануе ўвесьці 30-дзённыя візы, якія б выдаваліся проста на мяжы і/ці онлайн.
Для тых жа, хто хоча застацца ў Грузіі больш за 30 дзён, візы павінны былі б выдавацца «ў адпаведнасьці з працэдурамі, складзенымі паводле перадавой практыкі ЭЗ», — сказана ў заяве партыі.
Цяпер грамадзянам Расеі і Беларусі не патрэбныя візы для наведваньня Грузіі.
«Лела для Грузіі» мае толькі 4 месцы з 150 у цяперашнім грузінскім парлямэнце, але прапанову падтрымалі некаторыя іншыя апазыцыйныя сілы. Старшыня кіруючай партыі «Грузінская мара» Іраклій Кабахідзэ скрытыкаваў прапанову пра ўвядзеньне візаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагія цукар і алей, танныя клубніцы і памідоры». Колькі каштуе беларусам жыць у БатуміЯк паведамляе інфармацыйны партал «Навіны — Грузія», прадстаўнікі партыі лічаць, што плынь прыежджых з Расеі «драматычна вырасла» і гэты працэс не кантралюецца ўрадам, што можа ў будучыні выклікаць праблемы. Таму партыя патрабуе «ўзмацненьня жорсткасьці візавага рэжыму з Расейскай Фэдэрацыяй».
«Адпаведныя структуры не кантралююць і ня могуць кантраляваць грамадзян, якія ўехалі на нашу тэрыторыю з краіны-акупанта, краіна не абароненая перад тымі выклікамі і існуючымі небясьпекамі, якія крытычна павялічыліся на фоне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і баявых дзеяньняў, якія працягваюцца», — гаворыцца ў заяве партыі.
У партыі нагадалі, што Кангрэс ЗША назваў Расею дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Што да Беларусі, то ў «Лела» падкрэсьліваюць, што яна таксама мае дачыненьне да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вымушана зачыненая ў Менску крама нацыянальнай сымболікі Symbal.by аднавіла працу ў Батумі