Сяргей Грабскі ў інтэрвію Свабодзе таксама паведамляе, што ўдзельнікаў дывэрсійных групаў украінцы не бяруць у палон, і адказвае на папулярнае пытаньне, калі ж нарэшце адбудзецца кардынальны пералом на расейска-ўкраінскім фронце
Сьцісла:
- Мы заўсёды гатовыя да таго, што Беларусь як акупаваная тэрыторыя ў любы момант можа быць выкарыстаная для любых актаў агрэсіі супраць Украіны.
- Мы не назіраем яўнай падрыхтоўкі групоўкі войскаў, дастатковай для поўнамаштабных наземных наступальных дзеяньняў з тэрыторыі Беларусі.
- Праціўнік у цэлым пакуль мае перавагу ў колькасьці танкаў, самалётаў і артылерыйскіх сыстэмаў.
- Украіна павінна скончыць гэтую вайну перамогай, і перамовы могуць ісьці толькі пра ўмовы ваеннай капітуляцыі Расеі.
— Нейкі час не было ракетных удараў па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі, але апошнія тыдні яны аднавіліся. 27 ліпеня адбыўся, бадай, самы моцны ракетны ўдар па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі. Ці мяняецца ў сувязі з гэтым стаўленьне ўкраінскіх палітыкаў і вайсковых экспэртаў да магчымай больш актыўнай ролі Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны?
— Не, стаўленьне ніяк не мяняецца. Проста мы заўсёды гатовыя да таго, што Беларусь як акупаваная тэрыторыя ў любы момант можа быць выкарыстаная для любых актаў агрэсіі супраць Украіны. Таму Ўкраіна заўсёды цьвяроза ацэньвала сытуацыю. Трымала порах сухім і заўжды разумела пагрозу, якая можа ісьці з тэрыторыі акупаванай Беларусі.
Новыя ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі ня сталі для нас нечаканасьцю, мы цудоўна разумеем, з кім маем справу. У кожнай зводцы Генэральнага штабу Ўкраіны абавязкова згадвацца беларускі кірунак, і стану справаў на гэтым кірунку ўдзяляецца вялікая ўвага. Там пастаянна знаходзіцца групоўка войскаў, праводзіцца пэўны комплекс мерапрыемстваў, вядуцца прэвэнтыўныя дзеяньні, каб мінімізаваць нэгатыўныя патэнцыйныя наступствы.
Украінскія службы бясьпекі вядуць актыўную працу ў выяўленьні і ліквідацыі дывэрсійных групаў, якія заходзяць з тэрыторыі Беларусі. Мы адзначаем, што апошнім часам актыўнасьць гэтых дывэрсійных групаў узрастае. Мы адсочваем сытуацыю вельмі ўважліва і можам сказаць, што на сёньняшні дзень мы не назіраем яўнай падрыхтоўкі групоўкі войскаў, дастатковай для поўнамаштабных наземных наступальных дзеяньняў з тэрыторыі Беларусі. Гэты чыньнік мы пакуль выключаем. Але не выключаем іншага: ракетныя, паветраныя ўдары, шырокамаштабнае прымяненьне дывэрсійна-выведвальных групаў, пагроза тэрактаў — усё гэта застаецца на месцы. Для нас сытуацыя не памянялася ніякім чынам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьцены і вокны дрыжэлі!». У сацсетках беларусы абмяркоўваюць пуск ракетаў, якія ляцелі ва Ўкраіну— Калі гаварыць пра дывэрсійна-выведвальныя групы, якія дзейнічаюць з тэрыторыі Беларусі, ці ёсьць інфармацыя пра тое, што там трапляюцца і беларускія грамадзяне?
— Ведаеце, дывэрсантаў у палон не бяруць, гэтыя групы зьнішчаюцца на месцы. Даволі незвычайную дывэрсійную групу зьнішчылі літаральна тыдзень таму — незвычайную тым, што мела каля 30 чалавек, гэта вельмі шмат. Вельмі цяжка вызначыць нацыянальную прыналежнасьць удзельнікаў такіх групаў, бо ў іх уваходзяць нават людзі, якія дастаткова добра ведаюць украінскую мову.
Таму нельга адназначна сьцьвярджаць, ці ёсьць там беларусы. І я б ня стаў выключаць наяўнасьць беларускіх грамадзян у гэтых групах. Была інфармацыя, што злучэньні беларускіх Сілаў спэцыяльных апэрацыяў (а ССА — гэта аснова такіх дывэрсійных групаў) перакінутыя ў Берасьцейскую і Гомельскую вобласьць, што ўскосна можа сьведчыць, што ў складзе дывэрсійных групаў, якія спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю Ўкраіны, могуць быць і беларускія вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі: пік у сакавіку, пагроза ядзернай катастрофы, бамбаваньне нафтабазы— Наколькі Ўкраіна гатовая да таго, што ўсё ж з тэрыторыі Беларусі можа быць ажыцьцёўлена непасрэдная агрэсія, увод войскаў на Ўкраіну?
— Мы разумеем, што час — гэта таксама баявы чыньнік. Варыянты ўварваньня з тэрыторыі Беларусі разглядаліся ў пачатку ліпеня, потым гэта пераносілася на другую. На сёньня відавочна, што ў найбліжэйшы час гэтага не прадбачыцца. Але мы часу не марнавалі і правялі шырокамаштабную інжынэрную падрыхтоўку мясцовасьці на ўчастках магчымага зьяўленьня праціўніка, у тым ліку замінавалі. Актыўна праводзіцца апэратыўна-агентурная праца з мэтай змаганьня з тымі ж дывэрсійнымі групамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Ўкраіну «Іскандэрамі», вядома пра 25 запускаў ракет— Як на сёньня можна ацэніць агульную стратэгічную сытуацыю на вайне? Ці можна спадзявацца на стратэгічны пералом, на моцны наступ украінскіх сілаў? Некаторыя апошнія падзеі, зьяўленьне пэўных відаў заходняй тэхнікі на полі бою падмацавалі аптымізм і чаканьні прыхільнікаў перамогі Ўкраіны.
— З палітычнага гледзішча — ёсьць такі ключавы пункт, як 11 верасьня. Гэта адзіны дзень галасаваньня ў Расеі, які разглядаецца як магчымая дата рэфэрэндуму аб далучэньні акупаваных тэрыторыяў да Расеі. Таму з палітычнага гледзішча Ўкраіна мае жаданьне дабіцца максымальнага вызваленьня ўкраінскіх тэрыторыяў да гэтага дня.
З ваеннага гледзішча я не магу падзяліць празьмернага аптымізму. Калі па людзкіх рэсурсах мы дабіліся парытэту, то па ўзроўні ўкамплектаванасьці ўзбраеньнямі і вайсковай тэхнікай мы ня можам пакуль гаварыць пра парытэт. Праціўнік у цэлым пакуль мае тут перавагу, у колькасьці танкаў, самалётаў і артылерыйскіх сыстэмаў.
Але трэба разумець спэцыфіку таго, што цяпер адбываецца на фронце. На сёньня праціўнік трапіў у стратэгічную пастку. Назваўшы сябе вызваліцелям Данбасу, яны ня могуць перакінуць дастаткова войскаў на іншыя кірункі. А на Данбасе яны ўвайшлі ў зону, у якой яны захрасьлі і за апошнія два тыдні прасунуліся на 3-5 кілямэтраў. Пры гэтым комплекснае выкарыстаньне заходніх сыстэмаў узбраеньня прывяло да таго, што ў праціўніка намецілася тэндэнцыя да «снараднага голаду», нястачы асноўных матэрыяльных сродкаў.
І тут сытуацыя на Херсоншчыне выглядае трошкі больш аптымістычна, нягледзячы на мае кансэрватыўнае мысьленьне наконт неабходных сілаў і рэсурсаў. На сёньня, у сувязі з максымальным абмежаваньнем паставак для расейскай групоўкі на правым беразе Дняпра, можна казаць, што ў пэрспэктыве ўкраінскія сілы будуць гатовыя для правядзеньня наступальнай апэрацыі, нават ня маючы відавочнай перавагі. Украінская армія можа ажыцьцявіць наступальныя дзеяньні, якія могуць прывесьці да вызваленьня пэўных акупаваных тэрыторыяў, як мінімум правабярэжнай Украіны.
Ужо цяпер праціўнік усё, што можа зрабіць, — гэта «жэст добрай волі», то бок проста ўцякаць. Але ўцякаць ён можа толькі пехатой. Бо магчымасьці перакінуць тэхніку на другі бераг ракі ў іх няма. Такім чынам, для расейскай 49-й агульнавайсковай арміі на правым беразе Дняпра ўзьнікае пагроза быць аточанай і зьнішчанай. Расея захрасла на Данбасе і мала чым можа дапамагчы войскам, якія трымаюць тэрыторыю на правым беразе Дняпра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне зарэгістравалі больш за 2 тысячы злачынстваў расейскай арміі супраць навакольля— Вы шчыльна кантактуеце са сваімі заходнімі вайсковымі калегамі. Ці можна сказаць, што зь імі ў вас больш разуменьня і згоды, чым ва ўкраінскіх палітыкаў з заходнімі палітыкамі?
— Так, безумоўна. Мы гаворым на адной мове, нашы ацэнкі супадаюць. Калі паглядзець высновы вайсковых аналітыкаў украінскіх і заходніх, то ў нас няма істотных разыходжаньняў. Усе аналітыкі ў адзін голас гаварылі, што з узяцьцем Лісічанску Расея нічога не дасягне. Наш міністар абароны ўважліва прыслухоўваецца да аналізу ваенных аналітыкаў.
У старшых афіцэраў майго ўзросту ёсьць дакладнае разуменьне, зь якім фэнамэнальным злом мы маем справу. Няма і ценю сумневу, што Ўкраіна павінна скончыць гэтую вайну перамогай, і перамовы могуць ісьці толькі пра ўмовы ваеннай капітуляцыі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну загінулі 5237 мірных жыхароўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.