«Задакумэнтаваныя шматлікія эпізоды перадачы хабару лекарам і загадчыкам аддзяленьняў установаў аховы здароўя ў розных рэгіёнах. Выяўлена чорная бухгалтэрыя прадпрымальнікаў, якія ажыцьцяўлялі подкуп „прыкормленых“ дактароў. Пры гэтым усе выдаткі, нават хабар, клаліся на плечы пацыентаў. Усё проста закладвалася ў кошт пратэзу», — паведамілі ў эфіры «Беларусь 1».
У сюжэце паказана, як сьцьвярджаецца, апэратыўнае відэа перадачы хабару. Людзей, якія трапілі ў кадар, паказалі бяз твараў, імёны не названыя.
На запісе жанчына за столікам — нібыта камэрсант зь фірмы-пасярэдніка, якая зарабляе эндапратэзамі, — перадае пачак грошай мужчыну.
Мужчына ‒ адзін з мэдыкаў, «які сваім пацыентам настойліва раіць менавіта яе прадукцыю, а ня іншых». За кожны набыты ў фірмы штучны сустаў камэрсант кладзе ў кішэню лекара 200 эўра, паведамляюць у сюжэце.
Паводле КДБ, выяўлена і сканфіскавана чорная бухгальтэрыя фірмы-пастаўніка з прозьвішчамі дактароў і колькасьцю апэрацыяў.
«У ёй увогуле ўсё. Фірмачы даюць паказаньні — доля мэдыкаў складала 5-10% ад цаны пратэзу. Аналіз запісаў у кнігах „чорнай бухгальтэрыі“ сьведчыць, што агульная сума хабару за 2019–2022 гады — больш за 600 тысяч эўра», — гаворыцца ў сюжэце.
Адзначаецца, што падчас ператрусаў ува ўдзельнікаў гэтай схемы сканфіскавалі буйныя сумы. У пэўных выпадках яны склалі 115, 120 і 340 тысяч даляраў у эквіваленце.
«Абсалютная большасьць абвінавачаных супрацоўнічае са сьледзтвам і дае прызнальныя паказаньні, прымае меры для выплаты ў даход дзяржавы даходу, атрыманага злачынным шляхам. Акрамя таго, большасьць затрыманых поўнасьцю прызнае сваю віну», — сказаў Канстанцін Бычак, намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць затрыманых у Беларусі артапэдаў-траўматолягаў дасягнула 35 спэцыялістаўПершыя затрыманьні лекараў адбыліся 26 сакавіка. 13 красавіка зьявілася інфармацыя аб затрыманьні яшчэ трох чалавек. Сапраўдная лічба затрыманых лекараў — 35 чалавек — упершыню прагучала ўчора на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 18 красавіка.
Нарада адбылася з удзелам міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, генэральнага пракурора Андрэя Шведа і кіраўніка КДБ Івана Тэртэля.
Лукашэнка заявіў, што нібыта ў некаторых артапэдаў-траўматолягаў «па 300-650 тысяч даляраў знайшлі дома». Таксама на хабары, з словаў Лукашэнкі, нібыта злавілі лекара, які абсьледаваў самога Лукашэнку. Лукашэнка назваў гэтыя арышты «апэрацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады дагэтуль не патлумачылі масавых затрыманьняў мэдыкаў у Беларусі