Іх расстралялі за тое, што яны маглі не любіць савецкую ўладу, якая прыйшла іх «вызваляць» у 1939 годзе. Як пісаў у дакладной запісцы ў Палітбюро ЦК ВКП(б) 3 сакавіка 1940 года галоўны савецкі энкавэдыст Лаўрэнцій Бэрыя, «усе яны зьяўляюцца заклятымі ворагамі савецкай улады, прасякнутымі нянавісьцю да савецкага ладу», «закаранелымі, невыпраўляльнымі ворагамі савецкай улады». А таму НКВД «лічыць неабходным... разгледзець усе справы ў асаблівым парадку, з прымяненьнем да іх найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу».
1940
На дакладной запісцы — подпісы-рэзалюцыі, зробленыя 5 сакавіка 1940 году сінім алоўкам — Сталіна, Варашылава, Молатава, Мікаяна. Асобна — прыпіска: «Калінін — за, Кагановіч — за». (Гэтых двух, відаць, не было на палітбюро, іхную згоду атрымлівалі праз тэлефон). Паводле таго ж рашэньня Палітбюро разгляд усіх спраў павінен быў адбывацца завочна, бяз выкліку ваеннапалонных і без выстаўленьня абвінавачаньня — «тройкай»: Мяркулаў, Кабулаў і Баштакоў.
Большасьць зь іх да апошняга імгненьня свайго жыцьця верылі, што вось-вось вернуцца дахаты. Пра гэта пісалі ў сваіх лістах родным, размаўлялі між сабой у палоне. Пра гэта ім казалі іхныя ахоўнікі ў лягерах. За імі не было ніякай віны. Большасьць ня ўдзельнічала ні ў якіх баях: пасьля таго як польскае камандаваньне пастанавіла «з Саветамі баявых дзеяньняў ня весьці», амаль усе добраахвотна склалі зброю.
Гэта былі ня толькі вайскоўцы. Вялізная частка іх — учорашнія настаўнікі, навукоўцы, паліцыянты, лекары, інжынэры, адвакаты, журналісты, якія пасьля пачатку вайны надзелі афіцэрскія мундзіры. Адукаваныя, маладыя, у росквіце сіл. Інтэлектуальная эліта сваёй краіны, з такой цяжкасьцю выгадаваная за першыя два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці.
Расстрэльвалі амаль усіх аднолькава. Ставілі на край ямы са зьвязанымі ззаду тоўстым плеценым шнурам рукамі. Стралялі зь пісталета ззаду, у патыліцу. Многім накідвалі на галаву іхныя ўласныя шынялі альбо мундзіры (каты не хацелі запэцкацца крывёй). На некаторых ахвярах засталіся сьляды ўдараў савецкім чатырохгранным штыком (так іх падганялі да месца расстрэлу). У некаторых зламаныя сківіцы (прыкладам альбо кулаком). Гэтыя ў апошнія хвіліны жыцьця спрабавалі супраціўляцца.
Я ня ўпэўнены, што пачаткова бальшавіцкая ўлада ўвогуле расцэньвала гэта як злачынства. Пасьля таго як раней у 1937-м расстралялі мільёны бязьвінных «сваіх», пакласьці ў магілы яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч «чужых», якія ня сёньня, дык заўтра могуць аказацца ворагамі, — што ў гэтым такога надзвычайнага для савецкага камісара, якому чалавека застрэліць — што шклянку вады выпіць? Досьвед расстрэлу польскіх ваеннапалонных таксама ўжо быў. Напрыклад, пасьля ўзяцьця Горадні 22 верасьня 1939-га расстралялі каля 300 узятых у палон афіцэраў, курсантаў, салдатаў і нават школьнікаў. Натхняльнікамі найчасьцей выступалі палітрукі і «асабісты». Камандаваньне часам рабіла выгляд, што змагаецца з самаўпраўствам. Напрыклад, начальнік асобага аддзелу 15-га танкавага корпуса Іваноў за расстрэлы ў Горадні ўвосень 1939-га атрымаў 15 сутак гаўптвахты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленая Буча: вуліцы заваленыя целамі цывільных жыхароў. «Шакаваная зьверствамі ў гарадах Украіны», — міністар замежных спраў Брытаніі1941
Упершыню хлусіць пра лёс расстраляных польскіх афіцэраў мусіў асабіста таварыш Сталін.
У другой палове 1941-га, калі нямецкія войскі імкліва рухаліся да Масквы, Крэмль ліхаманкава шукаў дадатковыя вайсковыя рэзэрвы. Тут і ўспомнілі пра палякаў. Тэрмінова прызналі польскі ўрад у выгнаньні. Абвясьцілі амністыю ўсім польскім ваеннапалонным, якіх яшчэ не пасьпелі расстраляць.
Генэралы Сікорскі і Андэрс, якім даручана было сфармаваць новую польскую армію, пачалі шукаць палонных афіцэраў. І нідзе, у ніводным савецкім лягеры не маглі знайсьці.
3 сьнежня 1941 году, падчас сустрэчы са Сталіным і Молатавым, яны задалі гэтыя пытаньні. (Далей — цытата з афіцыйнай польскай стэнаграмы.)
- Сікорскі: Я заяўляю вам, пане прэзыдэнце, што ваша распараджэньне аб амністыі не выконваецца. Вялікая колькасьць нашых людзей, прычым найбольш каштоўных для арміі, знаходзіцца яшчэ ў лягерах і турмах.
- Сталін (запісвае): Гэта немагчыма, паколькі амністыя тычылася ўсіх і ўсе палякі вызваленыя. (Апошнія словы адрасаваныя Молатаву. Молатаў падтаквае.)(...).
- Далей Сікорскі паказвае Сталіну сьпіс з прозьвішчамі некалькіх тысяч афіцэраў, кажа пра тое, што безвынікова спрабаваў іх знайсьці і ў Польшчы, і ў Нямеччыне.
Сікорскі: Гэтыя людзі знаходзяцца тут. Ніводзін зь іх не вярнуўся. - Сталін: Гэта немагчыма. Яны паўцякалі.
- Андэрс: Куды яны маглі ўцячы?
- Сталін: Ну, у Маньчжурыю...
1943
Другі раз бальшавіцкія ўлады мусілі хлусіць пра Катынь у красавіку 1943-га.
З пачаткам нямецкай акупацыі лецішча НКВД, побач зь якім было месца катынскага расстрэлу, заняў штаб аднаго зь нямецкіх палкоў сувязі. Немцы зацікавіліся вялізнай магілай. Сьведчаньні мясцовых жыхароў і першыя спробы раскапаць магілы паказвалі: гэта масавае пахаваньне польскіх афіцэраў. Зьвесткі дайшлі да Бэрліна. 29 сакавіка пачалася эксгумацыя.
13 красавіка бэрлінскае радыё афіцыйна абвясьціла пра выяўленае месца ваеннага злачынства, учыненага НКВД. Маскве больш не выпадала маўчаць. 16 красавіка 1943-га зьяўляецца паведамленьне Саўінфармбюро пад назвай «Гнюсныя выдумкі нямецка-фашысцкіх катаў». Масква абвінаваціла немцаў у правакацыі і сьцьвярджала, што ахвяры ўлетку 1941-га года былі ў мясцовасьці на захад ад Смаленску на будаўнічых работах і што менавіта там іх захапілі немцы і расстралялі.
Нямецкае кіраўніцтва стварыла для расьсьледаваньня міжнародную камісію, у якую ўключыла прадстаўнікоў Польшчы і Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Маскве прапаноўвалі ўдзельнічаць у расьсьледаваньні, прыслаць савецкіх экспэртаў. Сталін ня толькі катэгарычна адмовіўся, але і разарваў адносіны з польскім урадам у выгнаньні, які падтрымаў гэтую ідэю. Эксгумацыя ў Катыні, якой кіраваў нямецкі прафэсар Гергард Буц, працягвалася да 7 чэрвеня 1943 году.
Падчас раскопак былі знойдзены сотні дакумэнтаў (лісты, дзёньнікі, савецкія газэты), якія дакладна паказвалі на дату расстрэлаў: сакавік і красавік 1940 году. Пра гэта ж расказвалі шматлікія сьведкі зь ліку мясцовых жыхароў. І палякі, і міжнародная камісія падтрымалі высновы прафэсара Буца.
Сталіну муляла катынская праблема. Наперадзе ўжо вымалёўваліся абрысы пералому ў вайне, Тэгеранскай канфэрэнцыі, падчас якой яму належала разам з сусьветнымі лідэрамі маляваць мапу пасьляваеннага сьвету. Вядома, хацелася выглядаць рэспэктабэльным мудрым палітыкам, роўным сярод роўных з Чэрчылем і Рузвэльтам, а не ваенным злачынцам і крывавым забойцам, кім ён па сваёй сутнасьці быў і, напэўна ж, усьведамляў гэта.
Таму, як толькі гэта стала магчымым, у кастрычніку 1943-га Масква стварыла ўласную Надзвычайную дзяржаўную камісію. Расьсьледаваньне катынскіх расстрэлаў даручана было праводзіць тым, хто іх і ажыцьцяўляў трыма гадамі раней — прадстаўнікам НКВД і НКГБ.
Расстраляных зноў даставалі з магілаў — ужо другі раз.
Камісія, кіраўніком якой быў прызначаны савецкі акадэмік Бурдэнка, падрыхтавала справаздачу, якая цалкам адлюстроўвала пункт гледжаньня Крамля: польскія афіцэры нібыта былі расстраляныя немцамі ў жніўні-верасьні 1941 году. А тое, што пры пахаваных не было ніякіх дакумэнтаў, пазьнейшых за красавік 1940-га, дык гэта таму, што немцы ўвесну 1943-га нібыта раскапалі магілы і зьнішчылі ўсе такія дакумэнты. Сьведкі — калі ласка!
Калі пасьля вайны ўзьнікла ідэя мэмарыялізаваць спаленыя фашыстамі беларускія вёскі, камуністычны рэжым у якасьці сымбаля сярод тысяч іншых назваў выбраў беларускую Хатынь. Сугучнасьць, падабенства з Катыньню былі яўна не выпадковымі.
У 1990-я гады на допыце ў Галоўнай вайсковай пракуратуры РФ тыя сьведкі, якіх дапытвала камісія «органаў» у 1943 годзе, адмовіліся ад сваіх сьведчаньняў як дадзеных пад ціскам. Тыя некалькі дакумэнтаў з датамі, пазьнейшымі за вясну 1940-га, якія нібыта былі знойдзены ў магілах камісіяй Бурдэнкі, як даказала Галоўная ваенная пракуратура РФ, «зьяўляліся вынікам прамога фальшаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя нумары расейскіх вайсковых частак, якія могуць мець дачыненьне да масавых забойстваў на Кіеўшчыне1945
Сталіну-трыюмфатару было мала хлусьлівых высноў уласнай фальшывай камісіі Бурдэнкі. Яму хацелася, каб ягонае злачынства было схавана і сьпісана на разгромленых ворагаў на самым высокім міжнародным узроўні. Пад ціскам савецкага боку катынскі эпізод быў уключаны ў першапачатковыя абвінаваўчыя высновы Нюрнбэрскага трыбуналу. Масква разьлічвала, што Катынскі расстрэл упішуць у абвінаваўчы акт без разгляду — сярод іншых злачынстваў супраць палонных, учыненых Герынгам.
Аднак увосень 1945 году былы ўдзельнік двух вайсковых замахаў на Гітлера Фабіян фон Шлябрэндорф, які кансультаваў амэрыканцаў, пераканаў іх, што катынскі расстрэл — справа рук Саветаў і, такім чынам, «дэмакратыі паставілі б пад пагрозу сваю добрую справу, рэклямуючы даказана ілжывае сьцьвярджэньне». Разьлік Масквы не спрацаваў: абароне Герынга дазволілі выклікаць у справе Катыні сьведак са свайго боку. У выніку Нюрнбэрскі трыбунал не падтрымаў савецкае абвінавачаньне, у прысудзе катынскага эпізоду няма.
1990
Міналі гады і дзесяцігодзьдзі. Адыходзілі ў іншы сьвет бацькі, жонкі, дзеці расстраляных. Многія да апошняга дня чакалі цуду і разьлічвалі на яго. Масква зацята працягвала сьпіхваць усю віну на немцаў. І прымушала гэта ж рабіць Варшаву, якая заставалася пад пратэктаратам СССР. Хоць амаль у кожнай «катынскай сям’і» ведалі праўду. Ці здагадваліся пра яе.
Польскі бок пачаў дамагацца праўды ад Масквы яшчэ падчас перабудовы, у 1987 годзе. Напачатку Масква млява адмахвалася, спасылаючыся на адсутнасьць дакумэнтаў. Але потым, калі пад хвалямі галоснасьці і ўсеагульнага заняпаду на вачах бурылася ўся савецкая імпэрыя, яе кіраўнік Міхаіл Гарбачоў здаўся. 13 красавіка 1990 году ён перадаў тагачаснаму польскаму прэзыдэнту Войцеху Ярузэльскаму копіі дакумэнтаў аб расстраляных НКВД польскіх афіцэрах. У той жа дзень зьявілася паведамленьне ТАСС:
«Выяўленыя архіўныя дакумэнты ў сваёй сукупнасьці дазваляюць зрабіць выснову пра непасрэдную адказнасьць за злачынствы ў катынскім лесе Берыі, Мяркулава ды іхных памагатых. Савецкі бок, выказваючы глыбокае шкадаваньне ў сувязі з катынскай трагедыяй, заяўляе, што яна становіць адно зь цяжкіх злачынстваў сталінізму».
Тройчы пахаваных у Катыні дастануць зь іхных магіл яшчэ раз — на пачатку 90-х. Каб спарадкаваць гэтыя пакутніцкія парэшткі канчаткова, каб высьветліць усю трагічную праўду да драбніц — да апошняга гузіка, салдацкага нумарнога жэтона, да кожнага нацельнага крыжыка. Будуць выдадзены сотні тамоў рассакрэчаных архіўных дакумэнтаў, напісаны шматлікія гістарычныя дасьледаваньні, зьняты пранізьлівы праўдзівы фільм «Катынь» Анджэя Вайды, чый бацька таксама спачывае ў катынскай магіле.
А самае важнае: яны будуць названыя ўсе пайменна — усе 21 857 чалавек. І кожны пасьмяротна адзначаны ордэнам адроджанай Польшчы, за якую яны загінулі. І таблічка на магіле будзе ў кожнага — на велічных салдацкіх мэмарыялах у Катыні, Медным і Харкаве. І сьвечкі ў Дзень усіх сьвятых будуць гарэць ля кожнага імені.
Усе доўгія 50 гадоў — з 1940-га па 1990-ы — ключавыя дакумэнты Палітбюро ў «катынскай справе» працягвалі ляжаць у адным з крамлёўскіх сэйфаў, у сакрэтнай Асобай тэчцы Архіву ЦК КПСС (у далейшым Прэзыдэнцкага архіву). Пра іх існаваньне ведалі і Хрушчоў, і Брэжнеў, і Андропаў, і Чарненка. І аддана стаялі на варце хлусьні пра крывавае злачынства.
Палякі пасьпелі выхапіць «катынскую тэчку» ў той нядоўгі пэрыяд, калі гэта было магчыма. Няма сумневу, што Пуцін і цяпер шкадуе, што тады, у 1990-м, «далі слабіну», што дазволілі рассакрэціць, што прызналі ваенныя злачынствы, што дазволілі мэмарыялы і могілкі на месцы расстрэлаў. Пры ім такога б ня здарылася.
Ну, але ў яго будзе свая «асобая тэчка». Пра Бучу? Пра Гастомель? Пра Марыюпаль?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў злачынствы ў Бучы «правакацыяй, падрыхтаванай уладамі Ўкраіны». Чаму гэта няпраўда ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перад расстрэлам ён спытаў у іх: „Чаму?“» Гісторыя сям’і з Бучы, якая трапіла пад напад расейскіх салдатаў
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.