Апошні раз Мінабароны Расеі рабіла справаздачу аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны 25 сакавіка, паведаміўшы аб гібелі 1351 вайскоўца. Узброеныя сілы Ўкраіны называюць куды большую лічбу — 18,3 тысячы чалавек, піша BBC.
Па стане на 5 красавіка ў афіцыйных крыніцах РФ апублікаваны імёны як мінімум 1083 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Часьцей за ўсё пра іх паведамляюць кіраўнікі рэгіёнаў ці раёнаў, а таксама мясцовыя СМІ. 217 з 1083 устаноўленых асобаў нябожчыкаў — афіцэры ад малодшага лейтэнанта да генэрала. Гэта 20% ад ліку ўсіх вайскоўцаў у сьпісе пацьверджаных стратаў расейскага войска.
Такая высокая колькасьць афіцэраў у сьпісах устаноўленых страт не азначае, што кожны пяты загінулы на полі бою расеец быў афіцэрам. Па традыцыі целы мёртвых камандзіраў у расейскім войску імкнуцца адправіць дадому ў прыярытэтным парадку, і пра іх сьмерць часьцей абвяшчаюць публічна, адзначае Самуэль Крэні-Эванс з брытанскага Каралеўскага інстытуту дасьледаваньняў у галіне абароны і бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожная гадзіна вайны ва Ўкраіне прыносіць 20 новых ахвяр. Галоўныя лічбы і факты першага месяца расейскага ўварваньняЦяпер у сьпісах стратаў — 10 палкоўнікаў (уключна з адным капітанам першага рангу), 20 падпалкоўнікаў, 31 маёр і 155 малодшых афіцэраў (рангам ад малодшага лейтэнанта да капітана).
Украіна сьцьвярджае, што загінулі ўжо сем расейскіх генэралаў, але Расея прызнала толькі сьмерць генэрал-маёра Андрэя Сухавецкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: ва Ўкраіне загінулі 11 генэралаў і палкоўнікаў Расеі. Масква маўчыць, але рэгіянальныя СМІ РФ пацьвярджаюць сьмерціПры вывучэньні сьпісу пацьверджаных Расеяй страт прыкметная яшчэ адна тэндэнцыя: каля 15% усіх устаноўленых загінулых служылі ў паветрана-дэсантных войсках.
Апытаныя ВВС экспэрты адзначаюць, што расейскія дэсантнікі шырока выкарыстоўваюцца для рашэньня тых задач, на якія, па ідэі, можна было б паслаць звычайную пяхоту. Але расейскія ваеначальнікі аддаюць перавагу выкарыстаньню паветрана-дэсантных войскаў, бо гэтыя падразьдзяленьні, як правіла, значна лепш падрыхтаваныя як фізычна, так і маральна.
Многіх расейскіх вайскоўцаў, як адзначае выданьне, дастаўляюць на радзіму толькі празь некалькі тыдняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ствараюць спэцыяльны мэханізм расьсьледаваньня злачынстваў расейскіх акупантаўЧасьцей за ўсё пра палеглых ва Ўкраіне сярод расейскіх рэгіёнаў паведамлялі ў Дагестане — там вядома пра 93 пахаваных вайскоўцаў. У гонар іх называюць школы і нават пераназываюць вуліцы. Але «груз 200» прыходзіць ня толькі ў Расею, але і ў іншыя краіны, дзе знайшліся людзі, якія падпісалі кантракт з расейскім войскам.
Пахаваньні тых, хто загінуў ва Ўкраіне, ужо прайшлі ў Кіргізстане, Таджыкістане і частцы Грузіі — Паўднёвай Асэтыі, якая пры падтрымцы Расеі пасьля вайны 2008 году абвясьціла пра сваю незалежнасьць, якой ніхто не прызнае.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.