Намесьніца дзяржсакратара ЗША: у вайне ва Ўкраіне забітыя больш за 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Расейскі бок кажа пра 1351 загінулага

Намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд

Паводле ацэнак ЗША, у вайне ва Ўкраіне расейскі бок страціў больш за 10 тысяч вайскоўцаў. Пра гэта ў этэры «Настоящего Времени» заявіла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд. Гэтая лічба ў некалькі разоў большая за афіцыйныя зьвесткі Міністэрства абароны РФ. 25 сакавіка ведамства апублікавала справаздачу пра гібель 1351 вайскоўца.

У адказе на пытаньне журналіста «Настоящего Времени», ці магчымае замірэньне паміж Расеяй і Ўкраінай у бліжэйшыя тыдні, намесьніца дзяржаўнага сакратара адзначыла, што «гэтага і дамагаюцца ўкраінцы і іх хаўрусьнікі», але «Расея пакуль не да канца зразумела, наколькі моцнае ўкраінскае войска».

«Расейскі бок нясе неймаверныя страты. Паводле нашых ацэнак, забітыя больш за 10 тысяч расейцаў. Але пакуль ня будзе сапраўднага замірэньня — ня будзе сур’ёзных перамоваў», — сказала Нуланд у інтэрвію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваенная апэрацыя Расеі правалілася: Масква гатовая да кампрамісу. Першыя вынікі перамоваў у Стамбуле

З самага пачатку вайны Расея паведамляла пра страты двойчы. 2 сакавіка ведамства апублікавала справаздачу пра гібель 498 вайскоўцаў, 1597 параненыя. 25 сакавіка Міністэрства абароны РФ паведаміла пра гібель 1351 вайскоўца падчас ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, 3825 вайскоўцаў параненыя.

Аднак за час вайны паступалі розныя ацэнкі стратаў сярод расейскага войска: Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны кажа пра больш як 17-тысячныя страты (уключаюць і загінулых, і параненых). Паводле ацэнак NATO, за час ваенных дзеяньняў маглі быць забітыя ад 7 да 15 тысяч расейскіх вайскоўцаў, паведаміла выданьне Time 24 сакавіка.

Ва ўмовах ваеннага часу рэдакцыя ня можа незалежна праверыць дадзеныя аб стратах абодвух бакоў канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У расейскіх салдатаў абмаражэньні, не хапае намётаў і зімовай уніформы». Заснавальнік CIT пра першы месяц вайны ва Ўкраіне

Адзін з найважнейшых вынікаў праведзеных 29 сакавіка перамоваў у Стамбуле — заява расейскага Міністэрства абароны аб «кардынальным скарачэньні ваеннай актыўнасьці» на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках.

Аднак кіраўнік Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус раніцай расказаў, што расейскія войскі ня зьнізілі інтэнсіўнасьць абстрэлаў нягледзячы на дамоўленасьці ў Стамбуле.

«Зноў зьнішчаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры. Зьнішчаныя бібліятэкі, гандлёвы цэнтар, шмат дамоў», — сказаў Чавус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны ЗША не давярае словам Расеі аб зьніжэньні ваеннай актыўнасьці

Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кэрбі заявіў, што пэўнае адступленьне ад Кіева назіраецца. Але ў Пэнтагоне лічаць, што «гэта перадысьлякацыя, а не сапраўднае адступленьне».

«Мы ўсе павінны быць гатовыя і чакаць вялікага наступу ў іншых раёнах Украіны. Гэта ня значыць, што пагроза Кіеву зьнікла», — падкрэсьліў Кэрбі.

Паведамлялася, што былі чутныя гукі выбухаў у Кіеве, але якіх-небудзь дакладных пацьверджаньняў пакуль няма. У Кіеве раніцай зноў была паветраная трывога.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.