У сакавіцкім апытаньні Chatham House найбольшую цікавасьць публікі выклікалі зьвесткі пра стаўленьне беларусаў да вайны ва Ўкраіне, да прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і іх выкарыстаньня ў вайне і да магчымага ўдзелу ў вайне беларускага войска.
Але ня менш, калі ня больш важныя зьвесткі апытаньня — пра зьмену стаўленьня да самой Расеі і да беларуска-расейскіх адносінаў. Падчас апытаньня 24% рэспандэнтаў заявілі, што не ўхваляюць шчыльных адносінаў з Расеяй, але пры гэтым кожны пяты апытаны выказаўся за ўваход Беларусі ў Расею.
І тое, і другое — кардынальная зьмена шматгадовага стаўленьня беларусаў да Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для беларускага грамадзтва гэтая вайна чужая і нават вар’яцкая: вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham HouseУ папярэдніх 5 хвалях апытаньняў Chatham House (гл. Belarusians’ views on the political crisis, стар. 19) толькі 4-9% (у сярэднім 6%) выказваліся за далучэньне Беларусі да РФ. У сакавіку 2022 году гэтая доля вырасла прыкладна ўтрая.
Зь іншага боку, у тых жа 5 хвалях апытаньняў супраць любых інстытуцыйных формаў супрацоўніцтва з Расеяй, у тым ліку такой сьціплай, як зона свабоднага гандлю, выказваліся ад 6% да 15% (у сярэднім — 12%). У сакавіцкім 2022 годзе доля праціўнікаў колькі-небудзь шчыльных адносінаў з Расеяй вырасла ўдвая ў параўнаньні зь сярэднім у папярэдніх апытаньнях.
Карціна, падобная да той, якая фіксавалася Chatham House у 2020-2021 гадах, назіралася, прычым на працягу многіх гадоў, і ў апытаньнях, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна мяняе стаўленьне беларусаў да Расеі? Ацэнка сацыёлягаУ гэтых апытаньнях за адносіны з Расеяй з закрытай мяжой, мытняй і візамі выступалі каля 6%, за далучэньне Беларусі да Расеі — да 5%. А мэйнстрым стаўленьня, які складаў стабільна больш за 70% апытаных, прыпадаў на варыянт адказу «Беларусь і Расея павінныя быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, бязь візаў і мытні».
Іншымі словамі, вайна выклікала размываньне, разбурэньне беларускага памяркоўна-прарасейскага мэйнстрыму, які можна апісаць формулай — За саюз, але без палітычнага аб’яднаньня.
Цяпер гэтая «сярэдзіна» прыкметна «разьехалася», пераразьмеркавалася на карысьць краёў. Ня выключана, што ў далейшым гэты працэс узмацніцца, «сярэдзіна» скурчыцца і беларускае грамадзтва будзе складацца ў асноўным з краёў — з праціўнікаў Расеі і прыхільнікаў палітычнага абʼяднаньня з ёй.
Пакуль што ў гэтай тэндэнцыі не назіраецца ўзгодненасьці зь іншымі аспэктамі міжнароднай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вардамацкі: Ладная частка беларусаў хоча і ў ЭЗ, і адкрытую мяжу, і адсутнасьць мытні з Расеяй20% — за ўступленьне Беларусі ў РФ, але толькі 3% — за ўдзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі (амаль у 7 разоў менш). Але калі ўявіць сабе, што Беларусь і праўда стала б часткай РФ, то беларускае войска ўдзельнічала б у вайне аўтаматычна, як частка расейскага.
Так што пакуль не даводзіцца казаць аб тым, што гэтыя 20% набылі новую ідэнтычнасьць і ўсьведамляюць усе наступствы такога набыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму большасьць расейцаў за вайну? Тлумачэньне дасьледчыка-сацыёлягаЗь іншага боку, за тое, каб Беларусь неваенным шляхам падтрымала Расею або асудзіла Ўкраіну ў гэтым канфлікце, выказаліся 28% апытаных. А гэта ў паўтара раза больш, чым колькасьць адэптаў распушчаньня Беларусі ў РФ.
Кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня назваў падтрымку Расеі, выказаную гэтымі 28% рэспандэнтаў, у асноўным «канапнай» . Мяркуючы па ўсім, і імкненьне 20% апытаных да далучэньня Беларусі да РФ таксама ў значнай ступені «канапнае», прынамсі пакуль: як бы так далучыцца, але каб нас пры гэтым не чапалі.
Але нават з улікам гэтай агаворкі такая тэндэнцыя выглядае небясьпечнай і ўнутрыпалітычна, і ў сэнсе пэрспэктываў беларускай дзяржаўнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі сацыёляг: Гэта чужая вайна для беларусаўДа апошняга часу памяркоўна-прарасейская «сярэдзіна» была своеасаблівым стабілізатарам беларускага грамадзтва, зьмякчаючы канфлікт паміж крайнімі геапалітычнымі пазыцыямі. Цяпер зьмякчаць гэты канфлікт будзе складаней.
Многія назіральнікі адзначалі, што беларускія пратэсты 2020 году ня мелі геапалітычнага вымярэньня — яны не былі за Захад і супраць Расеі. Цяпер сытуацыя зьмянілася, і ня толькі ў сэнсе геапалітычнага самавызначэньня ўлады і апазыцыі, але і ў сэнсе зьмены грамадзкіх настрояў.
Ну а рост долі прыхільнікаў далучэньня Беларусі да РФ — гэта гіпатэтычна рост базы рэалізацыі падобнага сцэнару, прычым як сілавым, гэтак і нясілавым шляхам.
Перадрук з парталу Zerkalo.io
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.