На журналістку Марыну Аўсяньнікаву, якая ўварвалася ў жывы эфір расейскага «Першага каналу» з антываенным плякатам, завялі яшчэ адну справу. Цяпер экс-рэдактарку Аўсяньнікаву будуць судзіць у адміністрацыйным справе аб дыскрэдытацыі расейскіх войскаў. Ёй пагражае штраф да 50 тысяч расейскіх рублёў.
Да гэтага Аўсяньнікава ўжо аштрафавалі на 30 тысяч рублёў за «заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Аўсяньнікава: «Мне вельмі страшна, але я застаюся ў Расеі»Журналістка стала вядомая пасьля таго, як выбегла ў эфір вячэрняга выпуску навінаў з антываенным плякатам. Аднак судзілі яе за запісаны перад акцыяй відэаролік.
Як паведаміла судзьдзя Ганна Балотнікава, паліцыя «знайшла падчас маніторынгу інтэрнэту ролік, у якім Аўсяньнікава „заклікае неабмежаванае кола асобаў“ да ўдзелу ў публічным мерапрыемстве». Віны яна не прызнала.
Абвінавачаньне спасылалася на словы «выходзьце на мітынгі», якімі журналістка скончыла свой зварот, запісаны перад акцыяй у эфіры «Першага каналу». У роліку яна казала, што ўдзельнічала ў прапагандзе, але цяпер раскайваецца ў гэтым.
«Мы прамаўчалі ў 2014 годзе, калі ўсё гэта толькі пачыналася. Мы ня выйшлі на мітынгі, калі Крэмль атруціў Навальнага. Мы проста моўчкі назіралі за гэтым антычалавечым рэжымам. І цяпер ад нас адвярнуўся ўвесь сьвет. І яшчэ дзесяць пакаленьняў нашых нашчадкаў не адмыюцца ад ганьбы гэтай братазабойчай вайны. Мы, рускія людзі, разважлівыя і разумныя. Толькі ў нашых сілах спыніць гэтае вар’яцтва. Выходзьце на мітынгі, нічога ня бойцеся, яны ня могуць перасаджаць нас усіх», — казала журналістка.