Агрэсія Расеі супраць Украіны актывізавала новую хвалю пераходу цэркваў, што належалі да Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне (РПЦ), у Праваслаўную царкву Ўкраіны, якая тры гады таму атрымала томас аб аўтакефаліі.
За тры гады ў Праваслаўную царкву Ўкраіны перайшлі амаль 700 парафій, якія дзейнічалі ў складзе РПЦ ва Ўкраіне.
Кіраўніка РПЦ Кірыла больш ня згадваюць на літургіях
Пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны, Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній перастаў згадваць імя патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла ў часе богаслужбаў.
Згадваньне кіраўнікоў памесных праваслаўных цэркваў адпаведна іхнаму месцу ў дыптыху (пераліку імёнаў, якія згадваюцца ў часе літургій у хрысьціянскіх цэрквах. — РС) ёсьць адной з ключавых асаблівасьцяў царкоўных дачыненьняў паміж імі. Першы ў дыптыху — Усяленскі Патрыярх, Праваслаўная царква Ўкраіны — на 15-м месцы.
Пасьля таго, як патрыярх Кірыл падтрымаў вайну ва Ўкраіне, у рэлігійных грамадах яго лічаць саўдзельнікам ваеннага злачынства.
Цэрквы разрываюць дачыненьні з Маскоўскім патрыярхатам
Чырвонаград на Львоўшчыне, Дзяньгі на Чаркашчыне, Стараканстанцінаўка на Хмяльніччыне, Крамянец на Валыні, Вішнёвае на Кіеўшчыне, Львоў — няпоўны пералік мясцовых рэлігійных супольнасьцяў, якія ўжо ўхвалілі рашэньне аб далучэньні да Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ).
Настаяцель Сьвята-Андрэеўскай царквы ў Стараканстанцінаўцы айцец Ермаген ня толькі заявіў пра пераход у ПЦУ, а і заклікаў усіх сьвятароў, якія служаць у Маскоўскім патрыярхаце, зрабіць тое самае. У сваіх літургіях ён перастаў згадваць ня толькі імя патрыярха Кірыла, але і кіраўніка РПЦ ва Ўкраіне Ануфрыя.
На Валыні настаяцель Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Крамянцы запісаўся ў мясцовае падразьдзяленьне тэрытарыяльнай абароны, якое ён у якасьці валянтэра забясьпечвае харчамі.
На Цярнопальшчыне ў Пачаеўскай лаўры, якая лічыцца ва Ўкраіне найбольшым пасьля Кіева-Пячэрскай лаўры асяродкам Маскоўскага патрыярхату, пачалі зьбіраць подпісы за выхад з РПЦ. Але перад гэтым намесьнік лаўры мітрапаліт Пачаеўскі Ўладзімір зьвярнуўся да патрыярха Кірыла, каб той заклікаў улады Расеі спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне.
Кіраўнік РПЦ ва Ўкраіне застаецца верным Маскоўскаму патрыярхату
Кіраўнік РПЦ ва Ўкраіне мітрапаліт Ануфрый імкнецца пераканаць украінскае грамадзтва ў тым, што гэтая царква — царква ўкраінскага народу, якая аб’ядноўвае вернікаў на ўсходзе, захадзе, поўначы і поўдні Ўкраіны. Ён заклікаў дапамагчы арганізаваць гуманітарныя калідоры і абмен ваеннапалоннымі.
«Усе мы адно ў Хрысьце. За больш чым тысячагадовую гісторыю наша Царква заўсёды была і застаецца са сваім народам», — заявіў ён.
На афіцыйным сайце РПЦ ва Ўкраіне цяпер шмат інфармацыі аб тым, як сьвятары і цэрквы Маскоўскага патрыярхату дапамагаюць цывільнаму насельніцтву і асабліва дзецям.
Пры гэтым усё часьцей ухвальваюць рашэньні аб «адлучэньні ад царквы» тых сьвятароў, якія разам са сваімі вернікамі цяпер пераходзяць у Праваслаўную царкву Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх РПЦ Кірыл перадаў кіраўніку Расгвардыі абраз, а той прызнаў, што ва Ўкраіне ў іх «ўсё ідзе ня так хутка, як хацелася б»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.