Вырак агучыла судзьдзя Марына Клімчук: 3 гады абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу (так званая «хімія») — менавіта такое пакараньне запрасіла пракурорка, паведаміў у Фэйсбуку Сяргей Мельянец, які прысутнічаў на судзе.
Таксама судзьдзя пастанавіла задаволіць пазоў Менсктрансу: за ўсе выпадкі, калі быў перакрыты рух грамадзкага транспарту ў той дзень у горадзе Менску, Злата мусіць сплаціць каля 22 000 рублёў кампэнсацыі.
Злату Януковіч выпусьцілі на 10 дзён пад падпіску аб нявыезьдзе. Будуць падаваць апэляцыю.
Дзяўчыну абвінавацілі ва «ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі), максымальны тэрмін пакараньня па артыкуле — да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
«У будучыні фота са Златай Януковіч увойдзе ў падручнікі найноўшай Беларусі і будзе натхняць новыя пакаленьні беларусаў»
Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала сёньняшняе пакараньне, прысуджанае дзяўчыне:
«Тры гады (!) „хіміі“ далі Злаце Януковіч за фота салідарнасьці: яна ў счэпцы зь іншымі жанчынамі 10 жніўня 2020-га. Студэнтка 3-га курса хімфака БДУ, інтэлігентная, актыўная, яркая дзяўчына была затрымана праз год у кастрычніку 2021 году. Яе забралі проста з заняткаў.
Кожны раз, калі сыстэма рэпрэсуе разумную і актыўную моладзь, яна пацьвярджае, што ёй не патрэбная будучыня. Больш за тое, Лукашэнка гэтай будучыні баіцца, бо ведае, што там яму месца няма. Ён здольны толькі на бясплодныя спробы вярнуць мінулае, дзе некалі адчуваў сябе камфортна і спакойна. І чалавек, які так імкнецца ў мінулае, урэшце там і застанецца. А ў будучыні фота са Златай Януковіч увойдзе ў падручнікі найноўшай Беларусі і будзе натхняць новыя пакаленьні беларусаў. Гэтае фота — сьведчаньне годнасьці і салідарнасьці нашага народа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіла для Златы Януковіч тры гады «хіміі» за счэпку 10 жніўня 2020 году, якая трапіла на культавае фотаЗлата Януковіч — студэнтка 3-га курсу хімфаку БДУ. Яе затрымалі 13 кастрычніка за фатаздымак, зроблены 10 жніўня 2020 году ў Менску; паводле аднагрупнікаў, забралі проста з заняткаў. Пазьней у праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае» відэа зь ёй.
23 сьнежня на першым дні суду пабываў хрысьціянскі актывіст Сяргей Мельянец, які ў Фэйсбуку распавёў, што Злату абвінавацілі «ў закліках да актыўнага ўдзелу ў дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак, удзелу ў іх, падбухторваньне да супрацьпраўных дзеяньняў, публічным выказваньні сваіх грамадзка-палітычных поглядаў незаконным спосабам, спалучананым яўным непадпарадкаваньнем прадстаўнікам улады і іншым».
Яна нібыта перашкаджала руху транспарту, дзейнічаючы сумесна і па папярэдняй змове з групай неўстаноўленых асоб, рухалася па праезнай частцы ў счэпцы локцямі з людзьмі, якая выявілася ў скрыжаваньні рук у локцевых суставах.
«Падстава для абвінавачаньня — адно фота, дзе Злата стаіць на праезнай частцы ў кампаніі 5 жанчын, якія трымаюць адзін аднаго пад рукі. Прычым, як высьветлілася ў судзе гэта працягвалася некалькі хвілін, потым Злата адвяла пажылую жанчыну на тратуар, бо тая дрэнна сябе адчула і больш на дарогу не выходзіла»,— паведаміў з суду Мельянец.
Злата Януковіч прызнала, што знаходзілася ў раёне праспэкта Пераможцаў каля дзевяці гадзін вечара, выходзіла на дарогу і пастаяла там некалькі хвілін, трымаючы за рукі жанчын.
Пасьля допыту абвінавачанай адвакат пералічыла мноства нестыковак у справе і папрасіла апраўдаць Злату, а пракурор заявіў, што падстаў для вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці няма і вынес прапанову накіраваць яе ў папраўчую ўстанову на 3 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіла для Златы Януковіч тры гады «хіміі» за счэпку 10 жніўня 2020 году, якая трапіла на культавае фота