Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», Лізавету Мацьвееву выклікалі на пазачарговую пераатэстацыю, але яна не пагадзілася з такой неабходнасьцю і абскардзіла гэта ў судзе.
Менавіта таму, што рашэньне абскарджвалася і яна прапусьціла пераатэстацыю, «дэмарш» расцанілі як «дысцыплінарную правіну».
Нядаўна прызначаны міністрам юстыцыі Сяргей Хаменка пастанавіў прыцягнуць Лізавету Мацьвееву да дысцыплінарнай адказнасьці і прыпыніў дзеяньне ліцэнзіі. Сьледам Рада Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў прыняла рашэньне аб выключэньні яе са сваіх шэрагаў.
Лізавета Мацьвеева абараняла інтарэсы палітвязьняў Уладзімера Мацкевіча, Генадзя Мажэйкі, Ірыны Слаўнікавай, а таксама аформіла дамову на прадстаўленьне інтарэсаў затрыманага напярэдадні Паўла Вінаградава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Граблеўскі і Драздоўскі, якіх перасьледуюць у Беларусі, атрымалі прэмію Front Line DefendersКаго яшчэ пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі
Раней ліцэнзіі на прафэсійную дзейнасьць забралі ў вялікай групы адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах. Гэта Дзьмітры Лаеўскі, Людміла Казак, Сяргей Зікрацкі, Яўген Пыльчанка, палітзьняволены Максім Знак.
Таксама кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці пры міністэрстве прызнала, што адвакаты Натальля Аляксеева, Аляксандар Бялоў, Натальля Ванцовіч ня могуць выконваць прафэсійныя абавязкі з прычыны «недастатковай кваліфікацыі», пад пагрозай Ірына Варанкова і Ігар Петрашэвіч, а таксама выключаныя зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Сяргей Іваноў, Аляксей Кераль, Дзьмітры Лазавік, Натальля Мацкевіч, Аляксандар Пыльчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна група адвакатаў можа пазбавіцца ліцэнзій на прафэсійную дзейнасьць