Год таму ў гэты дзень
У Менску прайшлі «дваровыя маршы» пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Гэта была сямнаццатая нядзеля запар, калі людзі выйшлі на вуліцы пратэставаць.
У Менску затрымалі больш за 300 чалавек, — міліцыя
У розных раёнах Менску падчас разгону мірных акцый пратэсту заўважылі сілавікоў са службовымі сабакамі.
Дата дня
6 сьнежня 1520 году нарадзілася Барбара Радзівіл, каралева польская і вялікая княгіня літоўская. Брат Барбары, Мікалай Радзівіл Чорны, быў ня супраць скарыстаць шлюб сястры з Жыгімонтам Аўгустам, каб палепшыць сваё становішча. А Жыгімонтава маці, каралева Бона Сфорца, ненавідзела Радзівілаў. Жыгімонт парушыў сваё слова болей ня бачыцца з Барбарай і пабраўся зь ёю таемным шлюбам.
Бона Сфорца зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць каранаваньню Барбары. Калі Сэйм усё ж каранаваў Барбару, Бона Сфорца пакінула Кракаў і зьехала на радзіму, у Італію. Існуе вэрсія, што патаемна яна пакінула агентаў, каб атруціць ненавісную нявестку. Барбару каранавалі ў сьнежні 1550 году, а праз шэсьць месяцаў яе ня стала.
Таксама ў гэты дзень
1240 — войска Батыя разбурыла Кіеў.
1768 — надрукавана першае выданьне Encyclopedia Britannica.
1917 — Фінляндыя атрымала незалежнасьць ад Расеі.
1925 — у Вільні выйшаў з друку першы нумар «Сялянскай Нівы».
1926 — адбылося другое ўзбуйненьне БССР: да рэспублікі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы расфармаванай Гомельскай губэрні.
1971 — Пакістан разарваў дыпляматычныя адносіны зь Індыяй, пасьля таго як тая прызнала Банглядэш.
1978 — на рэфэрэндуме ў Гішпаніі была зацьверджана дэмакратычная канстытуцыя пасьля амаль 40 гадоў панаваньня дыктатуры.
1998 — Уга Чавэса абралі на прэзыдэнта Вэнэсуэлы.
У гэты дзень нарадзіліся
1800 — Язэп Ходзька, беларускі геадэзіст і тапограф.
1933 — Зінаіда Мажэйка, беларуская этнамузыказнаўца.
У памяці
1736 — памёр Юзаф Тадэвуш Агінскі, палітычны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
1921 — памёр Мікалай Янчук, беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фальклярыст і літаратуразнаўца.