Ціханоўскі — з турмы: «Калі мне папросяць менш, чым „карупцыянэру“, — успрыму як абразу»

Сяргей Ціханоўскі

Палітвязень Сяргей Ціханоўскі чакае прысуду ў гомельскай турме. Ён напісаў, што «хутка ўжо ашарашаць грамадзкасьць».

«Я сказаў, што калі мне папросяць меней, чым „карупцыянэру“ (Віктару Бабарыку. — РС), то я ўспрыму гэта як абразу», — піша палітзьняволены.

Ён паведамляе, што ведае пра сытуацыю, калі «палітычныя» месяцамі сядзяць у штрафных ізалятарах.

«Адзін чалавек расказваў, як там у ШЫЗА замярзаеш, і потым уночы ногі сутаргай зводзіць. А людзі думаюць, што палітычных проста ў турме ізалююць ад грамадзтва, і зусім ня ўлічваюць, што іх проста павольна забіваюць, нэрвы і здароўе губляюцца беззваротна. Бог ім судзьдзя. Шкада сьляпых ці тых, хто мае вушы, але ня чуе. Хрыста ж за словы таксама судзілі, яго абвінавацілі, што ён народ падбухторваў. Так што нічога ў сьвеце не зьмяняецца», — напісаў Ціханоўскі.

Ён дадае, што калі нешта непазьбежна — то і перажываць тут няма аб чым. «Трымацца трэба тым, у каго ёсьць варыянты: паварочваць галаву ці адварочваць — вось каму цяжка. А ў мяне такіх праблем няма, мне чырванець няма за што, хіба толькі за іншых», — піша палітвязень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі выйграў справу ў ААН: ад уладаў Беларусі патрабуюць неадкладна яго вызваліць і выплаціць кампэнсацыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелі, каб я агаварыў Ціханоўскага». Вялікая размова са Зьмітром Фурманавым

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі