У інтэрвію Свабодзе расказала, якія рэформы неабходна правесьці ў Беларусі, каб беларусы зажылі гэтаксама заможна і камфортна, як канадцы.
«Да жніўня я адчувала сябе чалавекам сусьвету, але ўсё зьмянілася»
Ірына Сазановіч нарадзілася і вырасла ў Менску, вучылася ў францускай гімназіі, скончыла факультэт міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ. Пазьней яшчэ год яна вучылася ў Парыжы і атрымала кваліфікацыю MBA (магістар эканамічнага кіраваньня). Калі пасьля яна вярнулася дадому, то зразумела, што магчымасьцяў для прафэсійнага разьвіцьця ў Беларусі ў яе няшмат.
«Мне не падабалася і ўлада. Але здавалася, што большасьць насельніцтва яе прымае, таму мы з мужам прынялі рашэньне выехаць. Зрэшты, мы вучыліся на „кузьні эмігрантаў“ — факультэце міжнародных эканамічных адносінаў. Здаецца, амаль палова нашых аднакурсьнікаў жывуць цяпер за мяжой», — расказвае Ірына Сазановіч.
У Канадзе яна зь сям’ёй жыве ўжо 12 гадоў. Сваё жыцьцё там Ірына называе спакойным і камфортным. Дзякуючы добраму валоданьню ангельскай мовай яны хутка адаптаваліся ў новай краіне і знайшлі добрую працу.
«І так мы жылі спакойным канадзкім жыцьцём да жудасных падзеяў у Беларусі ў жніўні мінулага году. Нездарма кажуць, што тады сфармавалася беларуская нацыя. Да гэтага я адчувала сябе больш як чалавек сусьвету, які можа жыць дзе заўгодна, калі ёсьць добрыя ўмовы жыцьця. А ў жніўні ўсё зьмянілася, бо ўсё стала чорна-белым. Калі раней былі нейкія адценьні, то цяпер гэта барацьба дабра са злом», — кажа Ірына.
Спачатку яна зь сябрамі пачала ладзіць акцыі ў Канадзе, дасылалі лісты парлямэнтарам, міністру замежных справаў. Дарэчы, ён быў адной зь першых афіцыйных асобаў, хто патэлефанаваў Сьвятлане Ціханоўскай са словамі падтрымкі, калі яна толькі пакінула Беларусь. Вясной Ірына прыехала ў Польшчу, каб займацца валянтэрствам, і пазнаёмілася з чальцамі эканамічнай каманды Сьвятланы Ціханоўскай.
«Мы хочам збудаваць беларускую бізнэс-супольнасьць за мяжой»
Цяпер Ірына знаходзіцца ў Варшаве, дзе разам з калегамі рыхтуе Беларускі бізнэс-форум. Яго ладзіць Аб’яднаньне беларускага бізнэсу за мяжой пад патранажам Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Сустрэча пройдзе 27-28 кастрычніка ў сядзібе Варшаўскай фондавай біржы. На форуме выступяць сьпікеры высокага ўзроўню з розных краін, у тым ліку прадстаўнікі эўрапейскіх структур. Задача форуму — дапамагчы беларускім бізнэсоўцам, якія вымушана пакінулі Беларусь. На мерапрыемства ўжо зарэгістравалася больш за 300 удзельнікаў.
Першы дзень будзе прысьвечаны замежным праграмам падтрымкі беларускага бізнэсу. Паводле Ірыны Сазановіч, розныя замежныя структуры хочуць дапамагчы беларускім бізнэсоўцам, але ня вельмі ведаюць, як гэта рабіць.
«Кожны год эўрапейскія структуры выдзялялі гранты для беларусаў і яны ішлі ў Беларусь. Але цяпер, на жаль, усе арганізацыі, празь якія ішла дапамога, зьнішчаныя. І гэтую дапамогу трэба цяпер перанакіраваць туды, куды яна можа ісьці. Адна з мэтаў нашай арганізацыі — гэта дапамагчы бізнэсоўцам атрымаць дапамогу ад эўрапейскіх структураў, бо наўпрост гэта зрабіць амаль немагчыма», — гаворыць Ірына Сазановіч.
«Мы хочам зразумець, колькі такіх людзей, якія ня могуць весьці бізнэс у Беларусі, і якія ў іх патрэбы. Падчас другога дня мы будзем размаўляць аб практычных парадах для беларусаў, якія хочуць адкрыць бізнэс у Польшчы. Мы хочам збудаваць беларускую бізнэс-супольнасьць за мяжой. Гэта важна, каб людзі ведалі адно аднаго і дапамагалі адно аднаму», — расказвае Ірына Сазановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыва «Беларусаў замежжа» стварыла сайт са сьпісам кампаній, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі«Можна павялічваць пэнсійны узрост хоць да 70 гадоў, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта не дапаможа»
У эканамічнай камандзе Сьвятланы Ціханоўскай Ірына Сазановіч адказвае за пэнсійную і бюджэтную рэформы. У гэтай сфэры ў яе багаты досьвед. Апошнія 6 гадоў яна працавала ў Канадзкім пэнсійным фондзе правінцыі Квэбэк.
«Я ведаю гэтую сыстэму знутры і разумею, чаму ў разьвітых краінах пэнсіянэры маюць такія добрыя пэнсіі. Бо пэнсійныя фонды ўмеюць вельмі эфэктыўна інвэставаць грошы, прычым ня толькі лякальна, але і па ўсім сьвеце. А яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя канадцы жылі амаль гэтаксама, як у беларускіх вёсках. Не ва ўсіх дамах былі выгоды, жыцьцё было даволі складанае. Але тут ёсьць інстытуты, якія працуюць. І, магчыма, у гэтым і розьніца».
Ірына расказвае, што канадцы яшчэ з маладосьці пачынаюць думаць пра пэнсію. Яны мараць пра гэты час як пэрыяд падарожжаў. Пэнсійны ўзрост у Канадзе — 65 гадоў, гэта вышэй, чым у Беларусі. Але і працягласьць жыцьця ў Канадзе вышэйшая. У краіне ёсьць дзяржаўныя і прыватныя пэнсійныя фонды, куды кожны канадзец адлічвае свае ўзносы.
«Калі мы хочам зрабіць пэнсійную рэформу ў Беларусі, проста павялічыўшы ўзрост, то гэта ня вырашыць нашую праблему. Асноўная нашая праблема — гэта тое, што моладзь пакідае Беларусь. У Беларусі на кожнага пэнсіянэра прыпадае менш за 2 працоўныя чалавекі. У Эўропе гэта тры, і то Эўропа лічыць, што гэта мала і што гэта праблема. Можна павялічваць узрост хоць да 70 гадоў, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта не дапаможа. Зьяжджаюць самыя лепшыя, тыя, хто мае вялікія заробкі і робіць добрыя адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны, зь якога пазьней выплачваецца пэнсія. Трэба тлумачыць людзям, што гэта не Лукашэнка ім плоціць пэнсію са сваёй кішэні. Яе плоцяць тыя, хто сёньня працуе. І калі будзе мала людзей, якія працуюць, то і пэнсія будзе малая».
Другая праблема — гэта заробак у канвэртах, лічыць Ірына. Яна зьвязаная з тым, што людзі ня бачаць прычынаў рабіць большыя адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, паколькі ў цяжкіх жыцьцёвых сытуацыях яны нічога адтуль не атрымліваюць. Дапамога ў беспрацоўі ўсяго 52 рублі. У тым ліку і пэнсія ў выніку будзе блізкай да сярэдняй.
Што можна зрабіць дзеля таго, каб сытуацыя зьмянілася? Паводле Ірыны Сазановіч, на дзяржаўных прадпрыемствах павінны застацца толькі тыя, хто там патрэбен. Гэта павялічыць іх прадукцыйнасьць працы. Рэшту людзей, на яе думку, трэба прыцягваць у прыватны сэктар.
«Уявім, што ёсьць дзяржпрадпрыемства, дзе ўсе зарабляюць па 500 даляраў у месяц. Лепш было б, каб на гэтым прадпрыемстве было ўдвая менш рабочых, але каб яны зараблялі ў два разы больш. Нешта з гэтых грошай яны будуць ашчаджаць, але большую частку яны будуць выдаткоўваць на паслугі. Паглядзіце на нашыя мястэчкі, там жа амаль няма ніякага прыватнага бізнэсу. Бо там амаль няма платаздольнага насельніцтва, якое магло б карыстацца гэтымі паслугамі. І вось тая другая частка прадпрыемства будзе працаваць на гэты прыватны сэктар».
Замежны бізнэс, які б выканаў гэтую ролю, у Беларусь сёньня ня прыйдзе, лічыць Сазановіч. Рызыкі, на яе думку, настолькі высокія, што інвэстар не захоча ўкладаць туды свае грошы.
Беларусі пры правядзеньні рэформаў, не давядзецца праходзіць шлях ад пачатку, як гэта было, напрыклад, 30 гадоў таму ў Польшчы. У Беларусі прыватны сэктар складае сёньня амаль 50%. На думку Сазановіч, для іх трэба стварыць максымальна камфортныя ўмовы вядзеньня бізнэсу, і гэта хутка прынясе плён. А дзяржаўны сэктар, лічыць яна, неабходна будзе рэфармаваць.
«Гэта можа быць і прыватызацыя некаторых прадпрыемстваў. Некаторыя, магчыма, закрыюцца; некаторыя купіць замежны інвэстар, а некаторыя, можа, і самі рабочыя, калі яно невялікае», — лічыць Ірына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыцьцё стала барацьбой». Размова зь Ціханоўскай, Цапкалай і сястрой КалесьнікавайКанадзкі досьвед для Беларусі
Мы запыталіся ў Ірыны Сазановіч, які цікавы канадзкі досьвед яна лічыць карысным для Беларусі. Як высьветлілася, гэта прыклад зусім не з эканамічнай сфэры.
«У Канады, як і ва ўсіх краінах, ёсьць непрывабныя плямы ў гісторыі. Здавалася б, што краіна, якая ў большасьці складаецца з эмігрантаў або іхных унукаў, можа не вяртацца да гэтых непрыемных эпізодаў гісторыі. Большая частка жыхароў краіны нават не жыла ў той час, калі гэтыя рэчы адбываліся. Але адной з каштоўнасьцяў Канады зьяўляецца ўменьне прызнаваць свае памылкі, вяртацца да тых непрыемных старонак гісторыі і калектыўна асуджаць тое дрэннае, што адбывалася.
Некалі ў Канадзе дзейнічалі спэцыяльныя школы для карэннага насельніцтва. Гэта адбывалася з канца XIX па амаль канец XX стагодзьдзя. Тады індзейскіх дзяцей ва ўзросьце 6-7 гадоў забіралі ў бацькоў і адпраўлялі ў гэтыя школы-інтэрнаты, якімі кіравала Каталіцкая царква. Задачай было зрабіць гэтых дзяцей больш падобнымі на эўрапейскіх. І было шмат выпадкаў, калі з гэтых дзяцей зьдзекаваліся. Многія зь іх паміралі. А тыя, хто выжываў, заставаліся з псыхічнай траўмай на ўсё жыцьцё. Сёлета ў Канадзе знайшлі шмат дзіцячых пахаваньняў побач з гэтымі школамі. Уся Канада была ў жалобе. Кожны канадзец адчуваў гэта на сабе. І гэта не дзяржава накінула на іх такое пачуцьцё, гэта было шчыра. Па ўсёй краіне былі разьвешаныя аранжавыя майкі — гэта сымбаль таго, што адбывалася з індзейскімі дзецьмі. Маёй дачцэ 7 гадоў, і ім у школе таксама пра гэта расказвалі. Яны насілі там аранжавыя майкі як напамін пра гэтую жахлівую старонку канадзкай гісторыі.
Я ўпэўненая, што канадзкае грамадзтва толькі выйграе ад гэтага, бо гэта робіць людзей талерантнейшымі да іншых і дзеці растуць зь вельмі правільнымі жыцьцёвымі каштоўнасьцямі. Калі яны стануць дарослымі, то ня будуць рабіць такіх жудасных рэчаў. Калі б у Беларусі была такая практыка прызнаньня памылак мінуўшчыны, то мы б не паўтаралі памылак зь мінулых часоў. Перад тым, як рухацца наперад, трэба асэнсаваць нашу мінуўшчыну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы жывуць ва ўсё больш падзеленай краіне». Новае апытаньне Chatham House