Зьмест быццам розны, але мэханізм той самы – людзі, у якіх ёсьць улада, прыніжаюць чалавечую годнасьць тых, у каго гэтай улады няма.
Так, у Беларусі цяпер зноў праводзіцца тыдзень без абортаў з нагоды Дня Маці. Цэлы тыдзень мэдычныя ўстановы ня робяць перарываньне цяжарнасьці па жаданьні жанчыны. Кажуць, гэта мусіць нагадаць жанчынам, што нашае галоўнае прызначэньне – нараджаць. Але калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык пазбаўляюць жанчын мэдычнай дапамогі, бо не прызнаюць нас людзьмі з адпаведнымі правамі.
Дзяржава ў Беларусі – гэта даўно ўжо мэханізм татальнага прымусу. Людзей прымушаюць прызнавацца ў злачынствах, якія яны не рабілі, і ў любові, якой яны не адчуваюць. А таксама прымушаюць жыць з уладамі, якіх яны не выбіралі, і нараджаць дзяцей, якіх яны не жадаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі маладая маці выкінула немаўля ў выграбную яму. Дзіця выратаваліЖаданьні і жыцьцёвыя пляны чалавека нічога не значаць, калі яны ідуць уразрэз з «палітыкай партыі». Шмат для каго гэта зусім новы сьвет, але безьліч жанчын могуць толькі сумна ўсьміхнуцца, калі бачаць, як людзі зьдзіўляюцца нібыта новаму парадку. Бо ніякі ён ня новы. Дзяржава вымушала жанчын выношваць нежаданыя цяжарнасьці і нараджаць нежаданых дзяцей задоўга да таго, як ізалятар на Акрэсьціна стаў сусьветна вядомым, а прапагандыстка зь дзяржаўнага тэлебачаньня пачала зьдзекліва дапытваць палітычных затрыманых на камэру.
Дзяржава вырашыла, што нежаданьне асобных мэдыкаў выконваць асобныя працэдуры важнейшае за патрэбу жанчын у мэдычнай дапамозе, і так у нас зьявіўся горад без абортаў. Дзяржава вырашыла, што перарваць цяжарнасьць бязь зьдзекаў – гэта неяк несур’ёзна, і так у нас зьявілася перадабортнае кансультаваньне. Нагадаю, што крытэр, па якім вызначаецца якасьць працы кансультантак ці кансультантаў – гэта колькасьць жанчын, якія ў выніку не зрабілі аборт. Ніякага клопату пра псыхалягічны стан жанчын там няма.
І, што асабліва страшна, у грамадзтве ніколі не было адзінадушнага асуджэньня гэтых зьдзекаў з жанчын. Падумаеш, нарадзіла, хоць не хацела. Перахоча, куды падзенецца. А не, дык мы яе назавем несапраўднай жанчынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прадстаўце Волю Севярынец». Зварот да дэлегаткі Усебеларускага сходу Веранікі СярдзюкА паспрабуйце прымяніць гэтую ж лёгіку да людзей, якіх затрымліваюць паводле палітычных артыкулаў і вымушаюць нібыта прызнавацца ў злачынствах на камэру. Людзей, якім пагражаюць згвалтаваньнем, якіх душаць і жорстка зьбіваюць, каб толькі яны сказалі, што падтрымліваюць цяперашні палітычны курс уладаў. Паспрабуйце аргумэнтаваць гэтыя катаваньні тым, што людзям проста хочуць паказаць, што такое сапраўдная любоў да радзімы. А калі недахоп кіслароду і адбітыя ныркі не дапамагаюць адчуць сьветлую і чыстую любоў, дык людзі, значыць, нейкія няправільныя і несапраўдныя.
І калі зараз вы хочаце сказаць, што я нясу нейкую бязглузьдзіцу, я ня буду вас асуджаць. Гэта і праўда бязглузьдзіца. Але ж менавіта такімі аргумэнтамі тлумачаць рэпрадукцыйны гвалт у дачыненьні да жанчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Сан-Марына прагаласавалі за легалізацыю абортаў. Пакуль за гэта пагражае турмаЗацяжарала, хоць не жадала? А ня трэба было ногі рассоўваць!
Зьбілі і адправілі ў ізалятар па палітычным артыкуле? А ня трэба было пратэставаць!
І вельмі хочацца верыць, што на дзяржаўным узроўні зьдзекі з жанчын зьнікнуць разам са зьдзекамі з палітвязьняў. Але ж абавязкова знойдуцца тыя, хто скажа: «Вы не разумееце, гэта іншае».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.