Нобэлеўскі камітэт не публікуе афіцыйна сьпісаў кандыдатаў. Яны захоўваюцца ў сакрэце нават 50 гадоў пасьля абвяшчэньня пераможцы. Вядома толькі, што сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру прэтэндуюць каля 300 кандыдатаў, зь якіх амаль сотню прадстаўляюць грамадзкія арганізацыі. Нягледзячы на таямніцу, у якой камітэт трымае імёны магчымых пераможцаў, іх лёгка вылічыць з дапамогай букмэйкераў, якія прымаюць стаўкі на перамогу таго альбо іншага кандыдата. Пералічваем найбольш імаверных пераможцаў сёлета і расказваем, колькі можна выйграць грошай, калі паставіць на Сьвятлану Ціханоўскую проста зараз.
Хто прэтэндуе?
У сьпісе букмэйкераў з найбольш імавернымі пераможцамі ёсьць шмат вядомых назваў і прозьвішчаў. Вось некаторыя зь іх:
Сусьветная арганізацыя здароўя — спэцыялізаваная арганізацыя пад эгідай ААН. Асноўнай сфэрай дзейнасьці САЗ зьяўляецца каардынацыя краін-удзельніц у пытаньнях аховы здароўя грамадзянаў. Штаб-кватэра САЗ знаходзіцца ў Швайцарыі. Уступіць у арганізацыю можа любая краіна з ААН, дастаткова прыняць Статут арганізацыі і выконваць яго патрабаваньні. Сёньня САЗ налічвае 194 краіны-ўдзельніцы. Беларусь таксама ўваходзіць у іх лік. Відавочна, што Нобэлеўскі камітэт можа адзначыць ролю САЗ у барацьбе з распаўсюдам пандэміі каранавірусу, якая працягваецца ўжо другі год запар.
«Рэпартэры бязь межаў» — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая займаецца падтрымкай журналістаў і свабоды слова ва ўсім сьвеце. Арганізацыя таксама дамагаецца адмены цэнзуры ва ўсім сьвеце і вызваленьня журналістаў, якія трапілі за краты за сваю прафэсійную дзейнасьць. «Рэпартэры бязь межаў» асудзілі ў тым ліку і ціск на беларускіх журналістаў, які пачаўся летам 2020 году і працягваецца з таго часу бесьперапынна.
Цэнтральны офіс арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы. Яна штогод публікуе «Індэкс свабоды прэсы», які часта цытуецца беларускімі недзяржаўнымі СМІ. Акрамя гэтага, арганізацыя раз на некалькі гадоў публікуе сьпіс «Ворагаў свабоды прэсы», Аляксандар Лукашэнка не зьнікае зь яго больш за дзесяцігодзьдзе.
Аляксей Навальны — расейскі палітык і апазыцыянэр. Пасьля вяртаньня з Бэрліна ў Маскву ў канцы жніўня мінулага году Навальны знаходзіцца за кратамі. Супраць яго завялі дадаткова некалькі крымінальных спраў, створаны Навальным «Фонд барацьбы з карупцыяй» прызналі экстрэмісцкім, а офісы ФБК па ўсёй краіне разграмілі.
Тым ня менш Навальны застаецца самым папулярным апазыцыйным палітыкам у Расеі. Паводле «Левада-цэнтру», у ліпені 2021 году станоўча яго дзейнасьць ацэньвалі каля 14% грамадзян РФ. Сярод моладзі гэты паказчык дасягае 24%.
Грэта Тунбэрг — экалягічная актывістка са Швэцыі, якая стала вядомай некалькі гадоў таму дзякуючы акцыям ля парлямэнту Швэцыі. На той момант Грэта была школьніцай і спалучала сваю дзейнасьць з навучаньнем.
З таго часу Тунбэрг выступіла на вялікай колькасьці экалягічных мерапрыемстваў і форумаў, у тым ліку на Генэральнай асамблеі ААН. Яе імя называлася сярод магчымых пераможцаў Нобэлеўскай прэміі міру ў 2019 і 2020 гадах, аднак тады яна ня стала першай.
Ініцыятыва Black Lives Matter — грамадзкі рух, які выступае супраць расізму і гвалту ў дачыненьні да цемнаскурых людзей. Літаральна перакладаецца як «Жыцьці чорных важныя». Рух быў заснаваны ў ЗША ў 2013 годзе трыма актывісткамі — Патрыс Каларс, Алішай Гарзай і Опал Тамэці. Першапачаткова яго дзейнасьць абмяжоўвалася акцыямі ў сацыяльных сетках з адпаведным хэштэгам, але неўзабаве пратэсты з такім лёзунгам пачалі адбывацца і на вуліцах. Часта яны пераходзілі межы негвалтоўнага супраціву расізму, ідэю якога пашыраюць заснавальніцы руху.
Шырокую вядомасьць ініцыятыва Black Lives Matter атрымала ў 2020 годзе, калі ў ЗША белы паліцыянт ненаўмысна забіў афрамэрыканца Джорджа Флойда. Па ўсё краіне ўспыхнулі пратэсты, а пра рух супраць расізму і гвалту ў дачыненьні да цемнаскурых людзей даведаліся далёка за межамі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыянта, які забіў Джорджа Флойда, асудзілі на 22,5 годаАкрамя гэтага, у сьпісах імаверных пераможцаў Нобэлеўскай прэміі міру можна убачыць ужо былую канцлерку Нямеччыны Ангела Мэркель, новаабранага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і нават кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна. Аднак шанцы на перамогу ў апошняга, па вэрсіі букмэйкераў, ня вельмі высокія. Усяго 100 да 1. Гэта значыць, што калі хтосьці зробіць стаўку памерам 1 рубель менавіта на Пуціна і той пераможа, то можна будзе выйграць 100 рублёў.
Якія шанцы ў Сьвятланы Ціханоўскай?
Адназначна сказаць складана, аднак, паводле букмэйкераў, яна ўваходзіць у лік найбольш імаверных пераможцаў. Вядомая брытанская букмэйкерская фірма Williamhill на перамогу Сьвятланы Ціханоўскай мае каэфіцыент 11. Такі ж каэфіцыент на перамогу беларускі ў іншай вядомай кампаніі — Unibet. Для параўнаньня можна адзначыць, што ў гэтых жа кампаніях каэфіцыенты на перамогу Аляксея Навальнага адрозьніваюцца. Williamhill дае на перамогу лідэра расейскай апазыцыі 13 пунктаў, Unibet — 7.
Каэфіцыенты на перамогу Сьвятланы Ціханоўскай у іншых букмэйкераў таксама істотна розьняцца, яны вагаюцца паміж 11 і 18 пунктамі. Паводле брытанскага сайту nicerodds.co.uk, які падсумоўвае букмэйкерскія каэфіцыенты і публікуе найбольш магчымы зь іх, Сьвятлана Ціханоўская займае пяты радок у сьпісе найбольш імаверных пераможцаў у намінацыі «Прэмія міру» Нобэлеўскага камітэту.
Пры гэтым варта адзначыць, што, у адрозьненьне ад прагнозаў на вынікі спартовых спаборніцтваў, стаўкі букмэйкераў на пераможцаў нобэлеўскага тыдня спраўджваюцца нячаста. Каэфіцыенты фармуюцца праз колькасьць ставак ад карыстальнікаў букмэйкерскіх сэрвісаў. Яны найчасьцей зьяўляюцца спартовымі заўзятарамі і сочаць за спартовымі падзеямі больш пільна, чым за палітыкай. Таму тут нельга выключаць сюрпрызаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на Варшаўскім форуме па бясьпецы: «Лукашэнка гатовы падвергнуць рызыцы незалежнасьць Беларусі»Каго букмэйкеры лічаць найбольш імаверным пераможцам?
Сусьветную арганізацыю здароўя. Ёй аддаюць перавагу амаль усе буйныя букмэйкерскія кампаніі. Каэфіцыент на перамогу САЗ складае каля 3 пунктаў. На другім месцы Грэта Тунбэрг, аднак яе каэфіцыенты моцна вагаюцца — ад 3,5 да нават 13.
А вось у Ангелы Мэркель, Уладзімера Пуціна і Джо Байдэна шанцаў атрымаць Нобэля сёлета, калі верыць стаўкам букмэйкераў, амаль няма. Расейскі кіраўнік, як ужо адзначалася, мае каэфіцыент 100. Былая канцлерка Нямеччыны — ад 20 да 40. А дзейны прэзыдэнт ЗША — ад 26 да 48.
Імя пераможцы ў намінацыі «Прэмія міру» Нобэлеўскі камітэт абвесьціць ужо ў пятніцу. Сачыце за навінамі на старонках Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію Нобэля ў хіміі прысудзілі за «разьвіцьцё асымэтрычнага арганакаталізу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію ў фізыцы прысудзілі за вывучэньне клімату ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію 2021 году ў мэдыцыне далі за за адкрыцьцё рэцэптараў тэмпэратуры і дотыку