Андрэй Зельцар перад уварваньнем кадэбістаў у цывільным званіў на 102
Пра гэта заявіў Свабодзе прадстаўнік ініцыятывы экс-сілавікоў ByPol Алег Талерчык.
«Андрэй Зельцар правамерна зьвярнуўся ў службу 102 і заявіў міліцыі, што невядомыя ломяцца ў ягоную кватэру. На ягонае паведамленьне аб небясьпецы МУС не адрэгавала, не накіравала ні ўчастковага, ні апэратыўную групу», — сказаў Талерчык.
На тэлеканале СТВ Рыгор Азаронак заявіў, што было два званкі з кватэры Зельцара на нумар 102. Першы раз званіў Андрэй, другі — ягоная жонка.
«Яны самі выклікалі міліцыю на сябе», — інтэрпрэтаваў гэтыя факты Рыгор Азаронак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ByPol: Зельцар мог нават уцячы, бо ў Менску абвяшчалі плян «Сырэна»У інтэрвію Свабодзе прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў ByPol падпалкоўнік Аляксандар Азараў прааналізаваў відэа і інфармацыю пра трагедыю ў Менску. Паводле яго, ёсьць нават вэрсія, што, магчыма, Зельцар не загінуў, але нават уцёк:
«Магчыма, гэта чарговая кансьпіралягічная вэрсія. Але ў той дзень у Менску ўводзіўся плян „Сырэна“, а ён прызначаны для пошуку зьбеглага злачынцы. Была інфармацыя, што тэрарыст уцёк і па горадзе Менску абвяшчаўся плян „Сырэна“ і супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьняў выяжджалі на свае месцы працы» , — сказаў Азараў.
Загінулага байца КДБ пахаваюць на Ўсходніх могілках
Разьвітаньне з загінулым супрацоўнікам КДБ пройдзе ў клюбе імя Дзяржынскага ў пятніцу 1 лістапада з 10 да 12 гадзіны. Яго пахаваюць на Ўсходніх могілках сталіцы, паведаміў «Спутник».
Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).