За апошнія месяцы рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і мірнага насельніцтва ў Беларусі ўзрасьлі, разгромленыя дзясяткі праваабарончых, недзяржаўных арганізацый, незалежных мэдыя. Ледзь не штодня ў кватэрах і офісах адбываюцца ператрусы. Джана называе гэта адным словам — «тэрор», і параўноўвае сучасную Беларусь з часамі сталінскіх рэпрэсій.
«Калі ты пастаянна чакаеш, што нехта прыйдзе ў масцы — гэта страх і жах».
«Для кожнай савецкай рэспублікі быў адмысловы плян рэпрэсій, які „задаваўся“ Крамлём: колькі людзей трэба было злавіць, выслаць, забіць. Калі ў краіне тэрор, то самыя ганебныя, нізкія інстынкты тых, хто ў гэтым тэроры бярэ ўдзел, узрастаюць. Тады існаваў міт, што гэта трэба было для пабудовы дзяржавы, маўляў, лес сякуць, трэскі ляцяць, дзе лес — тыя, хто змагаўся з рэжымам, а трэскі — нявінныя. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб пасеяць страх і выхаваць пакорлівасьць перад рэжымам», — кажа Джана Джавахішвілі.
У выпадках, калі пад такія рэпрэсіі можа трапіць ледзь ня кожны, чалавек адчувае сапраўдны жах.
«Калі ты пастаянна чакаеш, што нехта прыйдзе ў масцы — гэта страх і жах. Чалавек адчувае, што яму няма дзе схавацца і што ўсё непрадказальна. Гэта вялікі стрэс, і ў яго шмат сымптомаў: боль у розных частках цела, выпаданьне валасоў, зьніжэньне імунітэту, схільнасьць да розных інфэкцый, праблемы са сном, высокі ўзровень трывожнасьці, адчуваньне бясьсільля, таго, што ты не кантралюеш сваё жыцьцё, і г.д. Бывае і наадварот — чалавек можа нічога не адчуваць увогуле».
Важна разумець, што гэта нармальныя рэакцыі на ненармальныя сытуацыі, якія стварае рэжым, адзначае псыхоляг.
«Напрыклад, калі вы журналіст, які выказаў нейкае меркаваньне і ўжо гэта ёсьць пагрозай вашай свабодзе і жыцьцю, то гэта нармальна — адчуваць сябе дрэнна. Калі б вы адчувалі сябе добра — гэта было б ненармальнай рэакцыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхоляг Уладзімер Янчук: «Свабодных людзей заўсёды паважаюць, а пакорлівых эксплюатуюць»Змагацца са сваімі інстынктыўнымі рэакцыямі, кшталту панікі, ня варта.
«Я думаю, у панікі ёсьць ахоўная функцыя. Менавіта страх дыктуе, як сябе выратаваць лепш. Калі мы будзем працаваць на тое, каб гэтыя нармальныя рэакцыі на ненармальныя абставіны прытупляць, я ня думаю, што мы зробім добра».
Таксама чалавек можа адчуваць злосьць, якая зьяўляецца моцнай энэргіяй, і яе варта паспрабаваць трансфармаваць, накіраваць у мірнае рэчышча, напрыклад, неяк дапамагчы суайчыньнікам, раіць Джана.
Падчас рэпрэсій трэба арыентавацца на выжываньне.
«У такіх сытуацыях ёсьць рэчы, якія чалавек ня можа зьмяніць, і іх часова, але трэба прыняць такімі, якія яны ёсьць. Але ёсьць рэчы, на якія мы можам уплываць, і трэба мець сьмеласьць, каб іх зьмяняць. Трэба мець мудрасьць, каб адно адрозьніць ад іншага, тады пачуцьцё бескантрольнасьці і бясьсільля зьменшыцца, калі ты ведаеш, што ты можаш рабіць, і робіш гэта».
«Трэба ў „назіральнікаў“ абудзіць агульначалавечыя каштоўнасьці і сумленьне, каб яны не маўчалі»
«Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі і што адбывалася ў 37-м годзе ў Грузіі і іншых савецкіх краінах: грамадзтва падзялілася на агрэсараў, ахвяр і назіральнікаў, якія нібыта ня ўмешваюцца. Гэта мы называем „таталітарным трохкутнікам“. Ёсьць частка грамадзтва, якая належыць рэжыму і віктымізуе людзей, ёсьць ахвяры рэжыму, і ёсьць назіральнікі, якія не падымаюць голасу, не змагаюцца з той несправядлівасьцю, якая адбываецца».
Для «таталітарнага трохкутніка» ўласьціва, што той, хто віктымізуе, можа вельмі лёгка апынуцца ў ролі ахвяры, а іншыя, назіральнікі, — або ў ролі агрэсара, або ў ролі ахвяры, тлумачыць псыхоляг. Такі «трохкутнік» не статычны, усе яго «вуглы» могуць лёгка перамяшчацца і замяняць адзін аднаго.
«На самой справе ад назіральнікаў вельмі шмат залежыць. Калі яны не рэагуюць праз страх, то ідэнтыфікуюць сябе з ахвярай. Але таксама яны ідэнтыфікуюць сябе і з агрэсарам, бо спалучаюць несправядлівасьць і віктымізацыю сваіх суграмадзян».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уся краіна цяпер у вельмі стрэсавай сытуацыі». Прафэсар Робэрт ван Ворэн аб праекце псыхалягічнай самадапамогі для пацярпелыхТут Джана прыгадвае ўрывак з твору «Архіпэляг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына.
«У першым томе Салжаніцын апісваў, як яго вялі пад канвоем у расейскай глыбінцы, і разважаў, што адбылося б, калі б ён закрычаў тады: „Людзі, мяне незаслужана хочуць саслаць!“. Ён ставіць пытаньні: калі б людзі ўмяшаліся, ці змог бы рэжым зрабіць ахвярамі такую вялікую частку насельніцтва? Ці ўсё ж гэтая таталітарызацыя Савецкага Саюзу не адбылася б? Ён прыгадвае, як жанчыну гэтак жа вялі бальшавікі ў турму, яна закрычала — і людзі яе адбілі, абаранілі яе. Але потым народ пачаў баяцца, і назіральнікі заставаліся ўбаку, — кажа Джана. — Калі тут нешта і рабіць, то трэба ў назіральнікаў абудзіць агульначалавечыя каштоўнасьці і сумленьне, каб яны не маўчалі».
«Людзі, якія крытычна думаюць, знаходзяць у сабе сілы супрацьстаяць, заўсёды аздараўляюць грамадзтва»
Часта беларусаў папракаюць, што мірны пратэст не працуе. Вось як на гэта рэагуе Джана:
«Гэта вельмі складаны шлях — мірна супрацьстаяць гвалту і таталітарнаму рэжыму. У Тбілісі мы ўвесь час мірна пратэстуем, а нам то вочы выколваюць, то забіваюць. Але трэба змагацца мірнымі шляхамі, бо са зброяй змагаецца агрэсар».
На псыхалягічны стан людзей у Беларусі ўплывае яшчэ і вельмі жывая савецкая спадчына, кажа Джана.
«Нягледзячы на дэмакратычныя працэсы ў Грузіі, мы ўсё роўна сутыкаемся з аўтакратыяй і так званым сындромам вывучанай бездапаможнасьці. У Савецкім Саюзе людзей навучылі быць бездапаможнымі, і гэта цяпер грае ролю. Але людзі, якія крытычна думаюць, знаходзяць у сабе сілы супрацьстаяць, яны заўсёды аздараўляюць грамадзтва, хоць на іх асабістым жыцьці гэта можа дрэнна адбіцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усплёск пацыентаў з посттраўматычнымі разладамі пачаўся ў жніўні». Доктар пра антыдэпрэсанты і іншую тэрапіюАднаўленьне пасьля такой савецкай спадчыны будзе доўгае, лічыць псыхоляг. У гэтым працэсе будзе шмат спадаў і пад’ёмаў, але ёсьць шанец, што наступныя пакаленьні будуць жыць лепш.
«У Беларусі праблема палітычная, і нельга сказаць: „Вось табе дрэнна праз тое, што няма чым дыхаць у таталітарнай аўтакратычнай дзяржаве, — ідзі лячыся“. Няправільна гэта. Але з сымптомамі стрэсу трэба змагацца. У мэдыцыне існуе паняцьце каўзальнага лячэньня, калі лечыш прычыны. Тады трэба мяняць сыстэму. Але тут спрацуе сымптаматычны падыход. З сымптомамі, якія зьявіліся празь несправядлівасьць і жах гэтай палітычнай сыстэмы, трэба разьбірацца, і патрэбная падтрымка».
У такіх выпадках можна зьвярнуцца ў праект «Самадапамога».
«Калі ўзровень жыцьця моцна ўпаў праз праблемы са здароўем, бессань, трывогу, невытлумачальныя болі, то гэта тыя моманты, калі варта зьвярнуцца да псыхоляга. Але калі псыхоляг знаходзіцца ў такім жа стане, што і вы, то як ён вам дапаможа? Праз гэта фонд „Глябальнай ініцыятывы псыхіятрыі“ стварыў праект „Самадапамога“, дзе ўсе людзі, у тым ліку і самі спэцыялісты-псыхолягі, могуць скарыстацца онлайн-кансультацыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы можам быць бясьсільнымі, але мы не бездапаможныя». Парады псыхоляга, як спраўляцца з апатыяй і знаходзіць радасьцьСыстэма «Самадапамогі» даступная для ўсіх, незалежна ад месцазнаходжаньня. На сайце праекту створаныя разьдзелы, дзе можна праверыць свой псыхалягічны стан з дапамогай адмысловых тэстаў, знайсьці інфармацыю, як абараніць сваю псыхіку, захаваць псыхалягічнае здароўе, а таксама — як дапамагчы сабе самому, калі ўзьнікае дэпрэсія, паніка і іншыя віды псыхічных праблем.
Акрамя сайта, ёсьць яшчэ тэлеграм-канал і старонка ў фэйсбуку, дзе публікуюць карысную інфармацыю па псыхалягічным здароўі. Зьвярнуцца па дапамогу можна таксама праз мэсэнджар ці напісаўшы на пошту samopomoch6@gmail.com.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сярэдняе ахвяраваньне — 30 эўра». 20 пытаньняў і адказаў пра сэрвіс «еЗдоровье» для падтрымкі рэпрэсаваных мэдыкаў і зручнасьці пацыентаў