Вінаватымі ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку цяжкіх — арганізацыі масавых беспарадкаў, хочуць прызнаць палітыка Міколу Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча, мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова і апэратара Арцёма Сакава.
Ігар Лосік напісаў у адным зь лістоў, датаваных 3 жніўня, што не разумее — што ён робіць на судзе і што там увогуле адбываецца.
«Пачытай пра суды-тройкі ў 1937, неяк так прыкладна. Такой ступені маразму ўсяго працэсу я нават не чакаў. Што закрылі суд у мэтах бясьпекі — гэта праўда. Бясьпекі здаровага сэнсу і душэўнага стану», — напісаў палітвязень.
Ягоная жонка Дар'я Лосік кожны тыдзень з аўторка па пятніцу праводзіць час пад гомельскім СІЗА.
«Наконт суду нічога не вядома, на здароўе Ігар ня скардзіцца. З настроем — перапады, але гэта лягічна для чалавека ў такіх умовах. Пад СІЗА я пазнаёмілася са многімі людзьмі, якія носяць перадачы родным. Некаторыя — упершыню, ня ведаюць, як і што. Губляюцца. Я ім дапамагаю, кансультую. Людзі вельмі добрыя. Тут пад СІЗА ўсе стараюцца адзін аднаму дапамагаць», — расказала Дар’я.
Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, хвалюецца, што апошні ліст, які яна атрымала ад мужа, датаваны 28 ліпеня. Між тым заўтра, 12 жніўня, палітык адзначыць дзень нараджэньня — 65 гадоў. Жонка ня мае пэўнасьці, што адміністрацыя СІЗА перадасьць яму віншаваньні, якія яна напісала ў лісьце. Заўтра Статкевіча мае наведаць адвакат.
«Лісты не даходзяць — мусіць, зноў у іх нейкая спэцапэрацыя, чарговая. Я ня ведаю, ці ходзіць Мікола на суды. Яго з працэсу выдалілі — на ягонае патрабаваньне, але абяцалі даставіць на спрэчкі бакоў. Ці пачаліся яны — невядома», — кажа Марына Адамовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Лосік: Мой муж — геройСоф’я Яфрэмаўна, маці Сяргея Ціханоўскага, паведаміла, што яна цяпер чакае ліста ад сына, а раней, «два ці тры тыдні таму», мела зь ім спатканьне ў СІЗА.
«Ну як ён? А як можа быць чалавек у такіх умовах? Карацей, цяжка. І мне цяжка, бо я сябе блага адчуваю», — зазначыла маці палітзьняволенага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога добрага пра яго не скажу». Што вядома пра судзьдзю, які разглядае справу Лосіка, Ціханоўскага і іншых ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Суд?“ Наагул не разумею — што гэта!» Што адбываецца на судзе ў справе ЦіханоўскагаЗатрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.