5 жніўня ў Берасьці пачаўся суд над чарговай групай людзей, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасьля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).
На гэты момант вынесьли прысуды 1-й, 2-й і 4-й групам абвінавачаных. Над 3-й і 5-й групамі абвінавачаных суд яшчэ ідзе.
Працэс над 6-й групай абвінавачаных у «масавых беспарадках» вядзе судзьдзя Іна Клышпач. На лаве падсудных 6 чалавек:
- Артур Аміраў,
- Уладзімер Кобрынец,
- Андрэй Кандрасюк,
- Мікалай Малюта,
- Раман Паўленка,
- Вадзім Чапялевіч
Першае паседжаньне, якое праходзіла 5 жніўня да абеду, заняло каля 20 хвілін, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Пасьля абеду — усяго 10.
Наступнае судовае паседжаньне заплянавана на 10 жніўня.
У чым вінавацяць фігурантаў?
Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — нібыта груба парушылі грамадзкі парадак і ўчынілі пагромы. Яны таксама, маўляў, чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
Потым абвінавачаныя нібыта наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.
У выніку беспарадкаў, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды сьледзтва ацаніла ў 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці арыштавалі шасьцёх абвінавачаных у справе аб беспарадках, каб не ўцяклі за мяжуКаго ўжо пакаралі?
10 сакавіка судзьдзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калёніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.
21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Чацьвёртую групу фігурантаў пакаралі 12 ліпеня. Судзьдзя Ленінскага раёну Дзьмітры Шурын прысудзіў 8 фігурантам да 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд над трэцяй групай абвінавачаных працягваецца з 28 траўня па сёньня. У справе праходзяць 13 фігурантаў. 9 ліпеня стала вядома, што суд пачнецца нанава. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з заменай народнага засядацеля.
Раней судовыя паседжаньні неаднаразова пераносілі ў сувязі з хваробай абвінавачаных. У выніку іхныя справы вырашылі вынесьці ў асобнае вядзеньне.
Палову фігурантаў да 19 ліпеня не зьмяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі (з падпіскай аб нявыезьдзе і пад паручальніцтвам). Аднак пракурор хадайнічаў аб узяцьці іх пад варту. Прысутныя на паседжаньні расказалі Свабодзе, што дзяржаўнае абвінавачаньне матывавала гэта тым, што, паводле зьвестак ГУБАЗіК, фігуранты справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі і зьбіраліся зьехаць ва Ўкраіну.
Суд над пятай групай фігурантаў (13 чалавек) меў адбыцца, але праз хваробу аднаго з абвінавачаных паседжаньне перанесьлі на 9 жніўня. Праваабарончы цэнтар «Вясна», спасылаючыся на сваякоў падсудных, паведаміў, што ў гэтай групе абвінавачаных будуць судзіць таксама хлопцаў з папярэдніх партыяў, справы якіх раней вылучылі ў асобнае вядзеньне з прычыны іх хваробаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пабраліся шлюбам, каб насіць перадачы ў турму». Гісторыя каханьня з затрыманьнямі, вэрбаваньнем і ўцёкамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін з найлепшых дзён у жыцьці». Як палітвязень Сьвятаслаў Герасімук узяў шлюб у СІЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой бацька-вэтэран ваяваў, каб яго ўнук сядзеў ні за што?» — маці палітвязьня Дзьмітрыя Тура