Пасьля гэтага Вадзім Караленка уцёк у Расею. Адтуль — у Турэччыну. Затым былі Ўкраіна і Мэксыка. Адтуль трапіў у ЗША і папрасіў палітычнага прытулку.
Уцякаў з Гомля гародамі
«Увесну 2020 году я далучыўся да каманды „Страна для жизни“. Набыў абсталяваньне, здымаў стрымы са збору подпісаў і розных акцый і выкладваў на youtube-канал „Тапок TV“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Учора — экстрэмізм, сёньня — парнаграфія. У блогера, які здымаў стрымы на пікетах Ціханоўскай, праходзіць вобшукСтрымы я праводзіў дзеля бясьпекі ўдзельнікаў пікетаў і акцый — каб вылічваць правакатараў і „ціхароў“. Наўрад ці мая дзейнасьць спадабалася міліцыі, і ў чэрвені пачалі да мяне чапляцца. Спачатку склалі пратакол нібыта за экстрэмізм, потым прыйшлі з вобшукам і сказалі маці, што на мяне распачатая крымінальная справа за парнаграфію! Што ў 2010 годзе, калі яшчэ вучыўся ў школе, на маёй старонцы „ЎКантакце“ былі разьмешчаныя парнаграфічныя ролікі. На ператрусе маці сказалі, што каб я не займаўся палітыкай, то ніхто б мяне не чапаў.
Мне ўдалося ўцячы ад міліцыі. Калі яны грукалі ў хату, я там быў. Але сядзеў ціхенька і не адгукаўся. Калі пачалі тэлефанаваць і пытацца, дзе я, то я сказаў, што на цырку — на зборы подпісаў. Яны зьехалі, а я ўцёк гародамі. Гэта быў мой шанец на свабоду, які падараваў мне, мусіць, Бог.
Вадзім Караленка ў Маскве
Трэба было бегчы. Але куды? Межы зачыненыя праз каранавірус. Заставалася толькі Расея. Мяне туды перавезьлі за пэўныя грошы, і я атабарыўся ў Маскве. Там хадзіў на акцыі каля беларускай амбасады, здымаў таксама ролікі».
У Маскве ледзь ня страціў нырку
«Працаваць я там ня мог, трэба было хавацца, зьмяняць лякацыі. Увосень захварэў на пнэўманію, бо меў каранавірус. Я быў у вышуку, ня мог зьвяртацца ў шпіталь. Так лячыўся антыбіётыкамі, што „залячыўся“. Пачаліся праблемы з горлам і ныркамі. Быў такі боль, стан пагаршаўся, у выніку неяк страціў прытомнасьць і трапіў у шпіталь. Мне аказалі першую дапамогу і прапанавалі зрабіць апэрацыю на нырках — за 100 тысяч расейскіх рублёў. У мяне не было, натуральна, такіх грошай. Аказалася, камяні ў нырках, таму такі боль. У выніку трохі падлячылі, але апэрацыю не рабілі. Хоць казалі пра рэальную пагрозу: магу страціць нырку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы стварылі «Цэнтар беларускай салідарнасьці» для дапамогі ўцекачам зь БеларусіПотым пазнаёміўся з адным фондам дапамогі беларусам, які знаходзіцца ў Польшчы. Яны абяцалі мяне вывезьці з Расеі ў Польшчу, але ў выніку я зразумеў, што зь імі толку ня будзе.
Тады зьвязаўся зь беларускай дыяспарай у Маскве. Мне дапамаглі — і маральна, і матэрыяльна. Адзін чалавек аплаціў мне клініку. Там мяне абсьледавалі наконт праблемаў з горлам. Правялі працэдуры, палячылі. Вельмі ўдзячны добрым людзям».
Вылецеў у Турэччыну, адтуль — ва Ўкраіну
«У красавіку беларускія фонды дапамаглі мне грашамі, набылі квіток да Турэччыны на самалёт і тур на 11 дзён. Я праходзіў кантроль у маскоўскім аэрапорце. У мяне калаціліся рукі і ногі, былі панічныя атакі. Памежнік вельмі доўга круціў мой пашпарт, нешта пытаўся. Але ў мяне быў такі стрэс, што я нічога ня памятаю. У выніку — гэта быў цуд, але ён мяне прапусьціў! Так я трапіў у Турэччыну. Там быў 11 дзён, і адтуль паляцеў у Кіеў.
Вадзім Караленка падчас чарговай рэлякацыі
У Кіеве пазнаёміўся з украінцамі. Яны мяне вельмі падтрымлівалі. Я пачаў працаваць у адным праекце. Але не было ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Я не адчуваў сябе ва Ўкраіне ў бясьпецы. Стаў шукаць інфармацыю, як трапіць за акіян. Вырашыў, што толькі там для мяне надзейнае месца.
Мне трэба было шмат грошай, але я іх ня меў. Падумаў трапіць у ЗША праз Мэксыку. Зноў прыйшлі на дапамогу прыяцелі, сябры, сваякі і ўкраінцы. Амбасада Мэксыкі, дзе маглі б зрабіць візу беларусы, — у Маскве. Я ня мог туды ехаць. Мой пашпарт паехаў безь мяне, на аўтобусе — хоць забаронена перадаваць пашпарты, але схаваў яго ў паперы. І адтуль мой пашпарт вярнуўся з мэксыканскай візай.
Такім чынам, з дапамогай добрых людзей, якія далі мне грошы, я вылецеў у Мэксыку 14 ліпеня».
У мэксыканскім гатэлі хадзілі голыя прастытуткі
«Вось я ў Мэксыцы, у Канкуне. Не было грошай на таксі, каб даехаць з аэрапорту. Я неяк дамовіўся з кіроўцам аўтобуса, і ён мяне падвёз да Канкуна за 5 даляраў. Дарэчы, ні гішпанскай, ні ангельскай мовы я ня ведаю, very bad, як гаворыцца. Таму карыстаўся google translate.
Першыя дні ў Мэксыцы
Пасьля знайшоў аўтобус з Канкуна да Мэхіка, потым ехаў таксама на аўтобусе з Мэхіка да Тыхуаны. Гэта агулам недзе 5 тысяч кілямэтраў — праз усю краіну. Было цяжка, але на самалёт я ня меў грошай.
У Мэксыцы рэальна страшна! Там у кожным штаце свае картэлі. І пры пераезьдзе са штату ў штат ідзе татальны надгляд. Людзі са зброяй выводзяць з аўтобуса і трасуць. Назіраў карціну, як вымаюць ці загружаць грошы ў банкамат. Трое стаяць з драбавікамі, накіраванымі на мінакоў, проста цэляцца ў цябе! А чацьвёрты загружае ці вымае грошы.
У Тыхуане, як у мяне было ня надта з грашамі, я знайшоў самы танны гатэль. Там проста быў блуд і садамія. Па калідоры гулялі голыя прастытуткі, якія каштуюць 7 даляраў.
Мэксыканскі антураж
У Тыхуане шмат людзей, якія хочуць трапіць у ЗША. Іх могуць злавіць і пасадзіць у мэксыканскую турму, а выкупіцца адтуль каштуе 600 даляраў. Там я пазнаёміўся з расейцамі і кіргізамі, якія таксама ўжо спрабавалі трапіць у ЗША, ды зь першага разу не атрымалася. Вырашылі „штурмаваць“ мяжу на фургоне. Ну і паехалі.
Дарэчы, у Тыхуане не сказаць каб шмат, але ёсьць расейцы. Многія зь іх былі датычныя да працы штабу Навальнага і таму ўцякаюць у ЗША».
Трапіў у турму, а праз габрэйскую супольнасьць — у гатэль
«20 ліпеня я з расейцамі і кіргізамі перабраўся ў ЗША. Зноў здарыўся цуд, што мы праскочылі, ня трапіліся паліцыі і здаліся адразу памежнікам — маўляў, просім палітычнага прытулку.
Мэксыкана-амэрыканскае памежжа
Нас пасадзілі ў турму — такая працэдура. Гэта была не турма, а ізалятар, але фактычна турма. Мяне вельмі зьдзівіла, што памежнікі і паліцыя паставіліся да мяне добра. Я так думаю, таму, што я зь Беларусі. Іншым мігрантам паліцэйскі грубіў, а да мяне паставіўся ветліва. У ЗША многія чулі пра падзеі ў Беларусі і спачуваюць нам.
Праз два дні нас выпусьцілі з ізалятара. І павезьлі на аўтобусе ў гатэль. Гэта было пры падтрымцы габрэйскай супольнасьці, якая дапамагае мігрантам. Яна нам аплаціла гатэль і тэсты на ковід.
Аўтамабільны пераход на мяжы Мэксыкі і ЗША
У мяне на нэрвовай глебе пачаўся моцны кашаль, з крывёй. А ў гэты час у таго чалавека, які жыў са мной у пакоі, знайшлі ковід. І нас павезьлі ў іншы гатэль — для „ковідных“. Я як паскардзіўся на кашаль з крывёю, то яны пачалі падазраваць, што ў мяне сухоты. Выклікалі хуткую, я трапіў у шпіталь. Ковіду і сухотаў не знайшлі, але па выніку мне выставілі рахунак у 1,5 тысячы даляраў! Ня ведаю, як сплачу рахунак, бо грошай у мяне няма.
Зараз мы сядзім на карантыне ў гатэлі, але гэта ўжо не за кошт габрэйскай арганізацыі, а за кошт муніцыпалітэту. Што цяпер? Чакаю гутаркі як нелегал. Калі здолею пераканаць афіцэра, што мне рэальна пагражала турма на радзіме, то мяне пакінуць у ЗША. Калі не — могуць дэпартаваць у Беларусь. Яшчэ можа быць суд. Я вельмі спадзяюся, што застануся тут.
Вадзім Караленка па дарозе ў ЗША
Чаго я хачу, пра што мару? Я самотны, ужо год. Я хачу знайсьці жонку, мець дзяцей, купіць пікап, дом непадалёк ад вадаёма і езьдзіць зь дзецьмі на рыбалку. Я хачу нармальнае чалавечае жыцьцё. Мяне не цікавяць грошы — я хачу мець сям’ю!
Ці хачу вярнуцца ў Беларусь? Пасьля вашага пытаньня мне зрабілася блага, я нават кашляць пачаў ад нэрваў. Я хацеў бы, каб я не зьяжджаў — так магу сказаць. Я нікому не пажадаю пражыць такі год, які пражыў я».