Наколькі небясьпечны «дэльта»-варыянт каранавірусу

Чарга на вакцынацыю ад каранавірусу ў Індыі

Чарга на вакцынацыю ад каранавірусу ў Індыі

«Дэльта»-варыянт каранавірусу імкліва распаўсюджваецца па плянэце. Ці праўда, што гэты штам больш заразны і сьмяротны? Ці абараняюць ад яго вакцыны?

Пра гэта піша DW.

Адкуль ён узяўся

«Дэльта»-варыянт каранавірусу B.1.617.2, раней вядомы як «індыйскі», упершыню быў знойдзены ў кастрычніку 2020 году ў індыйскім штаце Махараштра. З тых часоў мутаваны вірус шырока распаўсюдзіўся ня толькі па ўсёй краіне, але і па ўсім сьвеце. «Дэльта» выяўленая і ў Расеі – паводле маскоўскіх уладаў, 90% выпадкаў заражэньняў у Маскве выкліканыя менавіта гэтай разнавіднасьцю каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі выявілі «індыйскі» штам COVID-19


У траўні Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) прысвоіла тыпу «дэльта» статус «выклікае занепакоенасьць». Гэтак жа раней пазначылі варыянты «альфа» (B.1.1.7, «брытанскі»), «бэта» (B.1.351, «паўднёваафрыканскі») і «гама» (P.1, «бразыльскі»).

«Дэльта» мае адразу некалькі мутацыяў. Як менавіта яны функцыянуюць, пакуль недастаткова вывучана. Аднак да гэтага моманту вядома, што гэтыя зьмены дазваляюць вірусу лягчэй укараняцца ў клеткі арганізма чалавека і пазьбягаць некаторых імунных рэакцыяў, расказала ў інтэрвію DW Дээпці Гурдасані, клінічны эпідэміёляг зь Лёнданскага ўнівэрсытэту каралевы Марыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба рабіць, каб не заразіцца новымі варыянтамі каранавірусу


Акрамя «дэльты», таксама існуе варыянт «дэльта-плюс» (AY.1). Ён яшчэ больш заразны і ўстойлівы да наяўных сёньня вакцынаў ад каранавірусу, кажа Гурдасані. Аднак, паводле дадзеных рэсурсу PANGO Lineages, «дэльта-плюс» пакуль не пасьпеў шырока распаўсюдзіцца.

Наколькі варыянт «дэльта» пашыраны

Паводле дадзеных САЗ, варыянт «дэльта» знойдзены ў 80 краінах і працягвае імкліва распаўсюджвацца па ўсім сьвеце. Больш за ўсё паведамленьняў пра заражэньні гэтай разнавіднасьцю каранавірусу паступае зь Вялікай Брытаніі – да 22 чэрвеня там было выяўлена звыш 52 тысячы выпадкаў. За ёй ідуць Індыя, ЗША і Нямеччына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Lancet: брытанскі штам не прыводзіць да больш цяжкай формы COVID-19


Пакуль не ўдалося навукова пацьвердзіць, што за хвалю заражэньняў і сьмерцяў, якія фіксавалася вясной у Індыі, адказны менавіта варыянт «дэльта». Аднак фактам застаецца тое, што Індыя стала адной з самых пацярпелых ад пандэміі краінаў — там за ўвесь пэрыяд распаўсюду хваробы было зарэгістравана амаль 30 мільёнаў заражэньняў.

Ці варыянт «дэльта» больш заразны

Пакуль маецца ня так шмат дасьледаваньняў. Марыя Ван Керкговэ, галоўная экспэртка САЗ у рэагаваньні на COVID-19, напісала ў Twitter, што варыянт «дэльта» больш заразны, чым «альфа» і «дзікі», гэта значыць першапачатковы, тып каранавірусу.

Колькасьць новых заражэньняў у Вялікай Брытаніі таксама сьведчыць пра высокую заразнасьць гэтага штаму хваробы. У пэрыяд з 2 па 9 чэрвеня колькасьць інфікаваных павялічылася ў Вялікай Брытаніі на 30 тысяч чалавек.

Больш за 90% заражэньняў у Вялікай Брытаніі выкліканыя цяпер варыянтам «дэльта», сьведчаць дадзеныя Службы грамадзкай аховы здароўя краіны. Паводле іншага дасьледаваньня, у выпадку з «дэльтай» імавернасьць заразіцца ва ўласным доме ўзрастае на 64% у параўнаньні з «альфа»-варыянтам каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы здагадаліся, адкуль бяруцца новыя варыянты каранавірусу


Гэта пацьвярджае і эпідэміёляг Гурдасані: «У Індыі мы вызначылі, што „дэльта“-варыянт распаўсюджваўся хутчэй, чым „альфа“, які першапачаткова выявілі ў Вялікай Брытаніі. Гэта выклікае занепакоенасьць, таму што мы ведалі, што ўжо „альфа“ больш заразная, чым першапачатковы тып каранавірусу». Паводле ацэнкі Гурдасані, імавернасьць заразіцца «дэльтай» у тры разы вышэйшая, чым тыпам каранавірусу, які не мутаваў.

Наколькі сьмяротная мутацыя «дэльта»

Пакуль мала навуковых зьвестак аб тым, ці сапраўды штам «дэльта» выклікае больш сьмерцяў, чым іншыя мутацыі каранавірусу. Але адно можна сказаць дакладна: у Вялікай Брытаніі ў выніку заражэньня варыянтам «дэльта» памерлі людзі, якія ўжо былі вакцынаваныя ад каранавірусу. Сем чалавек памерлі цягам 21 дня пасьля першай прышчэпкі, яшчэ 12 — на працягу прыкладна двух тыдняў пасьля другой.

У параўнаньні з варыянтам «альфа» заражэньне «дэльтай» часьцей прыводзіць да шпіталізацыі пацыентаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бразыльскі варыянт каранавірусу — што мы ведаем пра P1


Пры гэтым у выпадку сьмяротных зыходаў могуць адыгрываць ролю адразу некалькі фактараў, у тым ліку наяўнасьць папярэдніх захворваньняў. «Нам трэба больш інфармацыі, каб вызначыць, ці сапраўды прычына ў самім гэтым варыянце ці гаворка ідзе пра камбінацыю фактараў», — кажа Ван Керкговэ з САЗ.

Ці абараняюць ад «дэльты» вакцыны ад каранавірусу

Паводле наяўных дадзеных, прэпараты BionTech / Pfizer і AstraZeneca абараняюць ад цяжкога працяканьня хваробы ў выпадку заражэньня «дэльта» -варыянтам. Але пры гэтым ахоўны эфэкт вакцын ніжэйшы, чым у выпадку з «альфай» ці першапачатковым тыпам каранавірусу.

Брытанскае дасьледаваньне прыйшло да высновы, што ў выпадку заражэньня «дэльтай» ужо пасьля вакцынацыі сымптомы могуць наогул не праявіцца. З BioNTech / Pfizer імавернасьць гэтага складае да 36% пасьля першай прышчэпкі і да 88% – пасьля другой. З AstraZeneca — да 30% пасьля першай дозы і да 67% — пасьля другой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы пацьвердзілі высокую эфэктыўнасьць вакцын супраць усіх варыянтаў каранавірусу


Гэтыя першыя высновы дасьледаваньняў дэманструюць, што варыянт «дэльта» значна больш устойлівы да вакцынаў у параўнаньні зь іншымі мутацыямі, аднак поўная вакцынацыя дае ад яго надзейную абарону.

Якія сымптомы заражэньня «дэльтай»

Паводле першых вынікаў зь Вялікай Брытаніі, сымптомы заражэньня «дэльтай» адрозьніваюцца ад выкліканых іншымі варыянтамі каранавірусу. Брытанцы, якія заразіліся «дэльтай», скардзіліся на галаўныя болі, пяршэньне ў горле, насмарк, тэмпэратуру і часам кашаль.

«У маладых людзей гэта можа быць падобным на моцную прастуду», — тлумачыць эпідэміёляг і аўтар дасьледаваньня Zoe Covid Symptom study Тым Спэктар. У выніку ёсьць рызыка, што хворыя ня нададуць сымптомам надта вялікага значэньня і працягнуць заражаць іншых. Таму пры пералічаных сымптомах варта зрабіць тэст на каранавірус і заставацца дома, раіць Спэктар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму прышчэпленыя людзі заражаюцца каранавірусам

Як засьцерагчы сябе ад заражэньня «дэльта»-варыянтам

Агульнавядомыя правілы — у тым ліку захаваньне дыстанцыі ў паўтара мэтра, выкарыстаньне масак, мыцьцё рук і рэгулярнае праветрываньне памяшканьняў — абараняюць ад усіх вядомых да цяперашняга моманту мутацыяў каранавірусу, у тым ліку і ад «дэльты», адказалі DW ў Інстытуце Робэрта Коха. Надзейную абарону дае вакцынацыя прэпаратамі Biontech / Pfizer і AstraZeneca, хоць у выпадку з «дэльтай» іх эфэктыўнасьць крыху зьніжаецца ў параўнаньні зь іншымі варыянтамі.

Акрамя таго, варта пазьбягаць падарожжаў у зоны, дзе распаўсюджваюцца новыя варыянты каранавірусу. Менавіта падарожжы спрыялі распаўсюду вірусу і яго разнавіднасьцяў на самым пачатку пандэміі.