Арышты і ператрусы 5 траўня: у Лідзкім раёне затрымалі журналіста Фралова, перадачы яму не прынялі

Андрэй Фралоў падчас суду над Анджэем Пачобутам. Горадня, 2011 год.

Сілавікі працягваюць перасьлед за пратэсты. Свабода сочыць за арыштамі, ператрусамі і судовымі рашэньнямі ў адміністрацыйных справах.

Горадзенскага відэаапэратара Андрэя Фралова затрымалі ўвечары 4 траўня ў Лідзкім раёне. Цяпер ён знаходзіцца ў лідзкім ізалятары і чакае суду.

Фралоў увечары ехаў зь мястэчка Бярозаўка, ён пасьпеў паведаміць сваякам, што яго затрымліваюць нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі. Ноч ён правёў у ізалятары ў Лідзе.

Час суду над ім невядомы, яго могуць правесьці цягам 72 гадзін з моманту затрыманьня. Перадачу для Фралова ад сваякоў не прынялі.

Андрэй Фралоў супрацоўнічае з мэдыя як фрылянсэр, у тым ліку з TVP Polonia. Працуе ў журналістыцы больш за 10 гадоў. Яго ня раз затрымлівалі раней падчас выкананьня працоўных абавязкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту сайта «Першы рэгіён» Гардзіевічу, якога вінавацяць у абразе Лукашэнкі, зьмянілі меру стрыманьня

Доктар стаматоляг-хірург Станіслаў Сапун, затрыманы каля свайго дому 4 траўня, сёньня быў асуджаны на 15 сутак арышту. Пра гэта паведаміў Тэлеграм-канал «Белые халаты» са спасылкай на жонку доктара.

На доктара склалі пратакол паводле артыкулу за дробнае хуліганства, зь якога вынікала, што на тэрыторыі Першамайскага РУУС ён «лаяўся нецэнзурнай лаянкай, хапаў людзей за рукі, парушаў грамадзкі парадак».

Сьведкамі былі двое супрацоўнікаў міліцыі, адзін з якіх даў тлумачэньні ў судзе. Сам доктар сказаў, што нічога падобнага не рабіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 5 траўня: пракурор патрабуе да 5 год калёніі за пудзілы і падпальванье шынаў у Берасьці