Статкевічу, Ціханоўскаму, Лосіку і Цыгановічу пагражае да 15 год зьняволеньня. Іх справы перадаюць у суд

Мікола Статкевіч (зьлева) і Сяргей Ціханоўскі падчас перадвыбарчага пікета ў Менску. 24 траўня 2020 года

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту паведаміла, што скончыла папярэдняе сьледзтва ў справе шасьці палітвязьняў.

Сярод абвінавачаных — блогер Сяргей Ціханоўскі, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Ігар Лосік і Ўладзімер Цыгновіч (MozgON), а таксама апэратар Ціханоўскага Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзьмітры Папоў.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт.293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай розьніцы супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч.3 арт.130 КК);
  • пагрозы на адрас Старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў (ч.2 ст.191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч.1 арт.342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць па артыкулах:

  • распальваньне сацыяльнай варажнечы ў дачыненьні прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб (ч.3 арт.130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч.1 арт.293 КК).

Крымінальную справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд. Таксама СК паведаміў, што вядзе далейшае расьсьледаваньне ім шукае асоб, якія маюць дачыненьне да апісаных злачынстваў.

Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы да 15 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замбавалі» пратэстоўцаў. Выйшаў фільм БТ з прэтэнзіямі да зняволеных блогераў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядомай дата суду над актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» і Паўлам Севярынцам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачка з гонарам будзе памятаць пра вашы ахвяры». Кіраўніца Агенцтва глябальных мэдыя ЗША падтрымала Ігара Лосіка

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.