Справу разглядае судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Аляксандр Семянчук.
Падтрымаць фігурантаў справы прышлі некалькі дзясяткаў чалавек. Нягледзячы на тое, што паседжаньне было адкрытым, месцаў у залі хапіла толькі сваякам абвінавачаных.
«Захаваньне дыстанцыі, бачыце, — паказвае адзін зь міліцыянтаў на інфармацыйную таблічку пра COVID-19 каля дзьвярэй. — Ёсьць абмежаваньні, нічога зрабіць не магу, прабачце».
Першае судовае паседжаньне прайшло 29 сакавіка. Паводле інфармацыі «Белсату», працягнулася яно каля 5 хвілін. Перапынак абвесьцілі таму, што да матэрыялаў справы Яўгена Комбуля, Максіма Пыцеля, Вольгі Сыраваткі, Натальлі Барынавай, Аліны Муратавай, Сяргея Красоўскага, Уладзімера Кацюбкі і М. Сілёнка дадалі справы яшчэ двух абвінавачаных — Сяргея Сіліча і Максіма Сілюка.
11 лістапада супрацоўнікі АМАПу затрымалі 9 удзельнікаў акцыі (ва ўзросьце ад 26 да 38 гадоў). Супраць іх распачалі некалькі крымінальных спраў. Большасьць абвінавачаных знаходзіліся ў СІЗА, яшчэ двое — пад хатнім арыштам.
Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, у сярэдзіне кастрычніка некалькі чалавек разьмясьцілі на берасьцейскіх мастах лялек з абразьлівымі надпісамі («Ілгун», «АМАП», і «Мент») у адрас міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама размалявалі платы незарэгістраванай сымболікай.
Акрамя таго, групу жыхароў Берасьцейшчыны абвінавачваюць у замыканьні чыгуначных рэек, нападзе на апорны пункт міліцыі, падпальваньні шынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 выпадкаў блякаваньня дротам. МУС падвяло вынікі пасьлявыбарчай «рэйкавай вайны»Паводле інфармацыі ведамства, 29 кастрычніка на перагоне паблізу чыгуначнай станцыі ў Кобрынскім раёне зламысьнікі заблякавалі дротам аўтаматызаваную сыстэму кіраваньня і кантролю руху цягнікоў, што пацягнула за сабой затрымку транспарту.
Начальнік Берасьцейскага міжраённага аддзелу СК Руслан Сычоў адзначыў, што пасьля прыпынку цягніка адзін з мужчын, адкрыўшы кран, распаветрыў тармазную сыстэму цягніка, прывёўшы яго ў непрыдатны для эксплуатацыі стан. А празь некалькі дзён — 8 і 9 лістапада — мужчыны падпалілі пакрышкі на праезнай частцы і разьбілі акно ў гарадзкім апорным пункце.
Руслан Сычоў таксама расказаў, што раней ніводзін з абвінавачаных да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся. Усе яны былі падпісантамі раённых Telegram-каналаў, у якіх пазнаёміліся. Свае дзеяньні яны абмяркоўвалі і каардынавалі ў гэтым мэсэнджары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра прэзыдэнта і гаворкі не вялося», — жыхарка Берасьця, якой пагражаюць 3 гады «хіміі» за падвешваньне пудзіла