Вайскоўцы разганялі мірных пратэстоўцаў на падставе сакрэтнага ўказу Лукашэнкі, — «Беларускі народны трыбунал»

Унутраныя войкі падчас жнівеньскіх разгонаў

Грамадзкая ініцыятыва «Беларускі народны трыбунал» апублікавала дакумэнт, дзе прыводзіцца адказ Міністэрства ўнутраных спраў на зварот супрацоўніка Сьледчага камітэту. Зь яго вынікае, што адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў для разгону і затрыманьня пратэстоўцаў прыцягваліся вайскоўцы Мінабароны.

«У адказе пазначана, што ў сувязі з масавасьцю акцый ня вёўся ні ўлік удзельнікаў, ні працягласьць, ні дата або месца. Інакш кажучы, па горадзе без разбору бегалі „манэўровыя атрады“, хапалі ўсіх спрэс і цягнулі ў РУУС. Ніякіх відэазапісаў для ідэнтыфікацыі. Але самае цікавае — спасылка на ўказ Лукашэнкі ад 23 лютага 2012 году № 99-с. Ягоныя ўказы даўно ставяцца вышэй за Канстытуцыю, але сярод іх маса закрытых ад шырокай публікі», — гаворыцца ў публікацыі.

Згаданага ўказу няма на прававых парталах, але з тэксту дакумэнту вынікае, што менавіта ім кіраваліся сілавікі, ствараючы міжведамасныя атрады колькасьцю 50–200 чалавек (міліцыянты, байцы ўнутраных войскаў, салдаты і афіцэры Мінабароны).

Такім чынам, прыцягненьне вайскоўцаў Міністэрства абароны для разгону мірных грамадзян кваліфікуецца як «абсалютна законнае», хоць насамрэч яны павінны процістаяць вонкавым пагрозам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў

«Абгрунтаваць бязьмежжа можна любымі законамі: усё, што адбывалася ў Трэцім Райху, таксама было нібыта „законным“. Але мы выдатна памятаем, чым тая гісторыя скончылася. Тым больш, што, акрамя Расеі і Казахстану, уцякаць няма куды. Таму сьледчым, судзьдзям і пракурорам хочам нагадаць: закон у першую чаргу павінен адпавядаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. І калі ён ім супярэчыць, закон нікчэмны», — адзначаецца на сайце «Народны трыбунал».

Паводле «Беларускага народнага трыбуналу», у Беларусі парушаюцца артыкулы Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека № 2, 3, 5, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 17, 19, 20, 21, 22, 23, 25, 26, 27, 29.

Іншымі словамі, дваццаць з трыццаці.