Прысуд палітвязьню Ўладзімеру Няронскаму — «самы суворы з магчымых» і роўна такі, як прасіў пракурор, адзначыла Сьвятлана Ціханоўская ў Telegram. Паводле яе, гэта прысуд за тое, што Няронскі «ня стаў маўчаць», «расказваў пра праблемы роднага гораду».
Сьвятлана Ціханоўская піша, што:
- такіх прысудаў можа стаць вельмі шмат, бо цяпер у Беларусі 220 палітвязьняў і звыш тысячы палітычных крымінальных справаў;
- «рэжым займаецца дзяржаўным тэрорам, спрабуе запужаць людзей і прымусіць іх маўчаць»;
- кожны такі прысуд «паскарае ўвядзеньне і пашырэньне санкцыяў», а кожны судзьдзя, які выносіць палітычныя прысуды, трапіць у санкцыйныя сьпісы».
Блогера, аўтара Youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага 2 лютага асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму. Яго затрымалі разам з паплечнікамі Сяргея Ціханоўскага яшчэ 6 траўня, судзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і за «абразу прадстаўніка ўлады». Гэта першы прысуд па так званай «справе Ціханоўскага» — усіх фігурантаў справы беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера-палітвязьня Ўладзімера Няронскага пакаралі трыма гадамі зьняволеньня. Фота, відэаЗатрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.