Мужчын — у турму, жанчын — дахаты

Заканадаўцы ў Беларусі весяляцца як могуць — цяпер яны прапаноўваюць зьмены ў Крымінальны кодэкс, у адпаведнасьці зь якімі караць арыштам паводле крымінальных абвінавачаньняў будуць толькі мужчын. І не, гэтае новаўвядзеньне ня пойдзе жанчынам на карысьць. Ад яго ў выніку ўсім будзе толькі горш.

Вядома ж, такая прапанова выглядае як спроба Лукашэнкі задобрыць жанчын і вярнуць альбо падвысіць нашую ляяльнасьць. Але думка, што яе можна заслужыць новымі дыскрымінацыйнымі законамі, настолькі абсурдная, што наўрад ці можа выклікаць хоць штосьці, акрамя абурэньня і новай хвалі ярасьці.

Бяззбройныя жанчыны ў белай вопратцы і з кветкамі ў руках сталі ў ланцуг салідарнасьці ў Менску 12 жніўня, пасьля таго як тры ночы ў горадзе была сапраўдная вайна. Пасьля таго як расстралялі ва ўпор Аляксандра Тарайкоўскага і зьбілі і затрымалі тысячы людзей. Так званыя ўлады ўсур’ёз разьлічваюць, што гэтых жанчын можна «перацягнуць на свой бок», даўшы паблажкі ў Крымінальным кодэксе?

Па-першае, рэжым Лукашэнкі ўжо ніколі не перацягне іх (нас) на свой бок. Гэтага ня можа быць, бо гэтага проста ня можа быць. Па-другое, маглі б ужо прыдумаць нешта цікавейшае за чарговы штучны падзел на жаночыя і мужчынскія правілы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Тут жа лёгіка такая самая, як і ў сьпісе забароненых для жанчын прафэсій. Замест таго каб рабіць бясьпечныя ўмовы працы для ўсіх і ствараць справядлівую канкурэнцыю, з пэўных сэгмэнтаў рынку працы дзяржава проста прыбрала палову людзей, якія могуць прэтэндаваць на працоўныя месцы. А цяпер, замест таго каб палепшыць умовы ўтрыманьня ў СІЗА і перагледзець, наколькі ўвогуле мэтазгодна арыштоўваць паводле некаторых абвінавачаньняў, яны проста вырашылі саджаць толькі мужчын.

І праблема ня толькі ў садызьме сыстэмы тут і цяпер, а яшчэ і ў тым, што такі падыход стратэгічна будзе мець кепскія наступствы. Фактычна ён пакажа, што ў разуменьні гендэрнай роўнасьці і агульнага гуманізму ўлады ў Беларусі ня тое што не прасунуліся наперад, але моцна адкаціліся назад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наступаць на сваю годнасьць я ня буду!». Пэнсіянэрку дэпартуюць у Расею за ўдзел у пратэстах

Жанчын ня трэба арыштоўваць, бо іх шкада? Дык зрабіце такія ўмовы ў турмах, каб не даводзілася шкадаваць, і ўвогуле радзей арыштоўвайце людзей, калі яны не ствараюць рэальнай небясьпекі для навакольных.

Жанчын ня трэба арыштоўваць, бо яны клапоцяцца пра дзяцей? Такая лёгіка ёсьць у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях, і яна толькі паказвае, што дзяржава не ўспрымае жанчын як паўнавартасных грамадзянак, а мужчын — як паўнавартасных бацькоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-памочнік дзяржсакратара ЗША: Мужнасьць беларусаў захапляе

Я ніякім чынам не хачу сказаць, што жанчын трэба арыштоўваць, і спадзяюся, што мой тэкст не чытаецца як заклік пасадзіць усіх за краты. Але ж калі разглядаць лёгіку ўладаў, дык варта прызнаць, што мякчэйшае стаўленьне да жанчын — гэта не праява гуманізму, а спосаб паказаць, што да іх (нас) ня ставяцца сур’ёзна.

Але ж мы і так у курсе гэтага стаўленьня! Сьпіс забароненых для жанчын прафэсій дагэтуль не адменены, а Лукашэнка яшчэ перад выбарамі казаў, што жанчына рухне пад цяжарам Канстытуцыі. Аднак 12 жніўня жанчыны паказалі, што нас давядзецца разглядаць як паўнавартасных грамадзянак, як бы ўлады ні спрабавалі паказаць адваротнае.

А прапанаваныя зьмены ў Крымінальны кодэкс – гэта саломка, якую Лукашэнка гістэрычна спрабуе сабраць і падаслаць. Нават сьмяротнага пакараньня, магчыма, больш ня будзе. Вельмі своечасова!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.