У дзіцячым інфэкцыйным шпіталі Менску Лукашэнка выказаўся пра затрыманьне былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некалькіх чалавек, паведаміла БелТА.
«Мярзотнікі апошнія. Цяпер мы ўсе іхныя каналы ўскрылі. Яны везьлі тонамі зброю цераз Украіну. І калі б хлопцы нашыя (я ўсіх загадаў да дзяржаўных узнагародаў неадкладна прадставіць) іх не накрылі, ох там Новы год быў», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што затрыманыя «рыхтавалі тэракты па ўсёй краіне і ўжо пачалі ажыцьцяўляць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня веру». Праваабаронца пра абвінавачаньні Мікалаю Аўтуховічу, які знаходзіцца ў СІЗА КДБПаводле Лукашэнкі, «ёсьць некалькі груповачак яшчэ».
«Сваіх два-тры [чалавекі] ёсьць, адтуль прысылаюць нам. Цераз Украіну», — сказаў Лукашэнка. Пасьля ўдакладніў, што цяпер мяжу закрылі, «мыш не прапаўзе», толькі «цераз Расею часам пранікаюць, у нас мяжы няма. Але ўжо ня тое».
Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня. Яго абвінавацілі ў стварэньні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек, сярод іх праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, ягоныя жонка Любоў і сын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Воін-аўганец, бізнэсовец, палітвязень. Хто такі Мікалай Аўтуховіч, якога БТ без суду абвінаваціла ў тэрарызьме?Украінская памежная служба: ніводнага выпадку незаконнага перамяшчэньня баявой зброі
Тым часам Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны нядаўна заявіла, што на мяжы зь Беларусьсю з пачатку году было папярэджана каля 40 выпадкаў незаконнага перамяшчэньня зброі.
«З пачатку году на ўсёй лініі дзяржаўнай мяжы Ўкраіны было выяўлена 640 адзінак зброі. На мяжы зь Беларусьсью вялікай колькасьці зброі не назіралася — каля 40 адзінак халоднай і пнэўматычнай зброі» — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Паводле яго, за 11 месяцаў году на мяжы зь Беларусьсю ня выяўлена ніводнага выпадку незаконнага перамяшчэньня баявой зброі. «У большасьці выяўленых выпадкаў зброя была пнэўматычная», — дадаў Андрэй Дземчанка.