Варыянт брытанскага каранавірусу: што мы ведаем пра яго

Апусьцелы лёнданскі вакзал пасьля спыненьня злучэньня з кантынэнтальнай Эўропай з прычыны новага штаму каранавірусу, 21 сьнежня 2020 году

Апусьцелы лёнданскі вакзал пасьля спыненьня злучэньня з кантынэнтальнай Эўропай з прычыны новага штаму каранавірусу, 21 сьнежня 2020 году

Нядаўна ідэнтыфікаваны ў Вялікай Брытаніі новы варыянт вірусу SARS-CoV-2 аказаўся больш заразным, чым ранейшыя. The New York Times сабрала тое, што на сёньня ведаюць навукоўцы.

У адказ на зьяўленьне новага варыянту вірусу многія краіны абмежавалі злучэньне зь Вялікай Брытаніяй, у краінах Эўропы вырасла заклапочанасьць уладаў і лекараў.

Ці зьяўляецца брытанскі варыянт свайго роду новым супэрвірусам?

Не. Гэта ўсяго толькі адна разнавіднасьць сярод многіх, якія ўзьніклі, калі каранавірус SARS-CoV-2 распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце. Мутацыі ўзьнікаюць па меры рэплікацыі вірусу, і гэты варыянт, вядомы як B.1.1.7, набыў свой уласны адметны набор іх.

Што ў гэтым незвычайнага?

Гэты варыянт прыцягнуў увагу дасьледнікаў у сьнежні, калі стаў часьцей выяўляцца ва ўзорах у некаторых частках паўднёвай Ангельшчыны. Але аказалася, што некаторыя з гэтых аналізаў адабралі ў хворых яшчэ ў верасьні.

Калі навукоўцы ўважліва вывучылі геном новага штаму, яны былі ўражаныя адносна вялікай колькасьцю мутацый — усяго іх 23. Большасьць мутацый, якія ўзьнікаюць у каранавірусе, альбо шкодныя для вірусу, альбо тым ці іншым чынам ня дзейнічаюць. Але некаторыя мутацыі ў B.1.1.7 выглядалі так, як быццам яны патэнцыйна могуць паўплываць на распаўсюджваньне вірусу.

Ці сапраўды ён больш заразны?

Падобна, так. У ходзе папярэдняй працы дасьледнікі з Вялікабрытаніі выявілі, што вірус хутка распаўсюджваецца ў некаторых частках паўднёвай Ангельшчыны, выцясьняючы іншыя варыянты, якія цыркулявалі там на працягу некалькіх месяцаў.

Тым ня менш, рост распаўсюджанасьці адной лініі вірусу не зьяўляецца доказам таго, што ён пашыраецца хутчэй за іншыя. Проста дзякуючы посьпеху ён мог атрымаць больш шырокае распаўсюджаньне. Напрыклад, новы варыянт можа пачацца ў цэнтры шматлюднага гораду, дзе перадача лёгкая, што дазваляе ствараць больш копій самога сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы вынайшлі штучныя малекулы — забойцы каранавірусу

Тым ня менш, эпідэміялягічныя дадзеныя, сабраныя ў Ангельшчыне, дазваляюць выказаць здагадку, што гэты варыянт вельмі добра распаўсюджваецца. Ніл Фэргюсан, эпідэміёляг Імпэрскага каледжу Лёндану, лічыць, што гэты варыянт мае падвышаную хуткасьць перадачы ад 50 да 70 працэнтаў у параўнаньні з іншымі варыянтамі ў Злучаным Каралеўстве.

Некаторыя навукоўцы выказалі здагадку, што павелічэньне колькасьці выпадкаў перадачы прынамсі часткова зьяўляецца вынікам таго, як ён заражае дзяцей. Новы варыянт можа зрабіць дзяцей «такімі ж успрымальнымі, як і дарослых», — сказала Вэндзі Барклай, урадавая дарадца і вірусоляг Імпэрскага каледжу Лёндану.

Ці працуюць супраць яго звычайныя сродкі засьцярогі​?

Параўноўваючы новы штам зь іншымі мутаванымі варыянтамі, напрыклад ранейшым мутантам 614G, навукоўцы прыйшлі да высновы, што звычайныя сродкі засьцярогі дзейнічаюць супраць B.1.1.7 гэтак сама, як і супраць ранейшых штамаў.

«З таго, што мы ўжо ведаем, яго актыўнасьць не ўплывае на эфэкт ад сацыяльнага дыстанцыяваньня, масак, мыцьця рук, сродкаў дэзінфэкцыі і вэнтыляцыі», — лічыць доктар Муге Чэвік, спэцыяліст у галіне інфэкцыйных хваробаў Мэдычнай школы Ўнівэрсытэту Сэнт-Эндрус.

Ці выклікае новы штам больш цяжкае захворваньне?

Няма пераканаўчых доказаў таго, што гэта так, прынамсі пакуль. Але ёсьць падставы сур’ёзна ставіцца да гэтай магчымасьці. У Паўднёвай Афрыцы іншая лінія каранавірусу набыла адну канкрэтную мутацыю, якая таксама выяўленая ў B.1.1.7. Гэты варыянт хутка распаўсюджваецца па ўзьбярэжных раёнах Паўднёвай Афрыкі.

Падчас папярэдніх дасьледаваньняў лекары выявілі, што людзі, інфікаваныя гэтым варыянтам, нясуць павышаную вірусную нагрузку — больш высокую канцэнтрацыю вірусу ў верхніх дыхальных шляхах. Пры шматлікіх вірусных захворваньнях гэта зьвязана з больш цяжкімі сымптомамі.

Адкуль зьявіўся гэты незвычайны варыянт?

Цяпер гэта пытаньне інтэнсіўных дыскусій. Адна з магчымасьцяў заключаецца ў тым, што гэты варыянт атрымаў мноства новых мутацый ўнутры асаблівага набору гаспадароў.

Пры тыповай інфэкцыі людзі падхопліваюць каранавірусу і становяцца заразнымі за некалькі дзён да зьяўленьня сымптомаў. Затым вірус становіцца менш пашыраным у арганізьме, бо імунная сыстэма выстройвае абарону. Калі пацыенты не пакутуюць на сур’ёзную форму захворваньня COVID-19, яны звычайна цалкам пазбаўляюцца ад вірусу максымум за некалькі тыдняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары думалі, што COVID-19 даволі бясшкодны для маладых людзей. Яны памыляліся

Але часам вірус паражае людзей са слабой імуннай сыстэмай. У іх арганізьме вірус можа квітнець месяцамі. Тэматычныя дасьледаваньні гэтых людзей з аслабленым імунітэтам паказалі, што вірус можа назапашваць вялікую колькасьць мутацый, бо ён рэплікуецца ў іх арганізьме на працягу доўгага пэрыяду.

З часам дасьледнікі выявілі, што натуральны адбор можа аддаваць перавагу мутантным вірусам, якія могуць ўхіляцца ад імуннай сыстэмы. Дасьледнікі таксама выказалі здагадку, што эвалюцыя гэтага варыянту магла быць дадаткова абумоўлена лекамі, якія давалі такім пацыентам. Некаторыя мутанты могуць супрацьстаяць лекам, такім як, напрыклад, монаклянальныя антыцелы.

Іншыя навукоўцы выказалі здагадку, што вірус мог атрымаць новыя мутацыі, распаўсюджваючыся праз папуляцыю жывёл, такіх як норкі, перш чым зноў пракрасьціся ў чалавечую папуляцыю

Ці зробіць гэты штам неэфэктыўнымі новыя вакцыны?

Не. Большасьць экспэртаў сумняваюцца, што гэта акажа вялікі ўплыў на вакцыны, хоць пакуль нельга выключыць які-небудзь новы эфэкт.

Пакуль улады ЗША дазволілі дзьве вакцыны: адну ад Moderna, а другую ад Pfizer і BioNTech. Абедзьве вакцыны ствараюць імунітэт да каранавірусу, навучаючы нашу імунную сыстэму выпрацоўваць антыцелы да S-бялку, які знаходзіцца на паверхні вірусу і які яшчэ называюць спайк-бялком. Гэты бялок чапляецца за клеткі і адкрывае праход унутр. Антыцелы, якія выпрацоўваюцца ў адказ на вакцыны, прыліпаюць да кончыка спайку. У выніку вірусы ня могуць пракрасьціся ўсярэдзіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы пандэміі па ўсім сьвеце: вага, стрэс, дрэнны сон, дэфіцыт руху

Цалкам магчыма, што мутацыя каранавірусу можа зьмяніць форму яго бялкоў-шыпоў, з прычыны чаго антыцелам будзе цяжэй іх кантраляваць. Мутацыя B.1.1.7 мае ў сваім гене восем шыпоў. Але наша імунная сыстэма можа выпрацоўваць шэраг антыцелаў супраць аднаго віруснага бялку, што зьніжае імавернасьць таго, што вірусы змогуць лёгка пазьбегнуць іх атакі.

Цяпер экспэрты ня думаюць, што гэты варыянт зможа пазьбегнуць эфэкту вакцынацыі.

Каб гэта пацьвердзіць, дасьледнікі аналізуюць зьмены ў структуры шыпавага бялку новага штаму каранавірусу.

Думкі спэцыялістаў

Доктар Монсэф Слаў, галоўны навуковы дарадца апэрацыі Warp Speed, фэдэральнай ініцыятывы для дастаўкі вакцыны амэрыканскаму насельніцтву, заявіў, што новы варыянт, пра які было паведамлена ў Вялікай Брытаніі, наўрад ці паўплывае на эфэктыўнасьць вакцыны.

Але Крыстыян Андэрсан, вірусоляг з Дасьледчага інстытуту Скрыпса, лічыць, што яшчэ занадта рана скідаць з рахункаў рызыкі, зьвязаныя з вакцынамі. Калі брытанскі варыянт эвалюцыянаваў так, каб высьлізгваць ад імуннай сыстэмы ў пацыентаў з аслабленым імунітэтам, гэтыя адаптацыі маглі б дапамагчы яму пазьбегнуць эфэкту ад увядзеньня вакцыны. Тады вакцыны ня стануць бессэнсоўнымі, але стануць менш эфэктыўнымі.

Цяпер праводзяцца экспэрымэнты, каб праверыць такую магчымасьць. Вынікі будуць неўзабаве вядомыя.