Абраны прэзыдэнт Малдовы Мая Санду ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Эўрапейская праўда» заявіла, што верыць у тое, «што аднойчы зьявіцца геапалітычная магчымасьць для ўзьяднаньня» краіны, гэта значыць вяртаньня самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспублікі пад кантроль Кішынёва.
Пры гэтым яна падкрэсьліла, што выступае за мірнае рашэньне канфлікту, «замарожанага» з 1992 году.
Па словах Санду, неабходна знайсьці прынцыпы ўрэгуляваньня, прымальныя для ўсіх. Пры гэтым яна адзначыла, што Расея — частка перамоўнага фармату ў Прыднястроўі. Аднак яна выключыла фэдэралізацыю Малдовы, а таксама выступіла за поўны вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарах прэзыдэнта Малдовы перамагла праэўрапейская кандыдатка Мая СандуАпэратыўная група расейскіх войскаў у Прыднястроўі цяпер налічвае каля 1700 вайскоўцаў. Частка зь іх уваходзіць у склад міратворчых сіл. Цяперашні прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, які прайграў на выбарах 15 лістапада Санду, быў супраць вываду войскаў.
Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы ў пятніцу афіцыйна абвясьціла Маю Санду, лідэрку праэўрапейскай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць», пераможцай выбараў.