«Думалася, зноў будзе, як заўсёды: прылячу з Амэрыкі і адразу сустрэнуся з Уладзімерам Карагіным, каб абмеркаваць новыя ідэі і пляны», — піша старшыня грамадзкай арганізацыі «Міжкультурны дыялёг» Любоў Ўладыкоўская (Сіэтл, ЗША).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску памёр шматгадовы кіраўнік бізнэс-саюзаў Уладзімер КарагінІдэй заўсёды было шмат, плянаў таксама, і гаварыць пра іх чамусьці латвей было менавіта з Уладзімерам Карагіным — спаміж усіх маіх шматлікіх калег і знаёмых. Валодаючы шырачэзнай эрудыцыяй, вельмі багатым міжнародным досьведам, ці не з глябальнымі амбіцыямі, ён адразу адчуваў пэрспэктыўнае і карыснае ня толькі для прадпрымальніцтва, а для ўсяго грамадзтва, і заўсёды падтрымліваў разумныя ініцыятывы.
Я асабліва ўдзячная за дзьве рэчы, якія цяжка было б зрабіць у Беларусі, калі ты знаходзішся ў даўняй духоўнай апазыцыі да рэжыму, без маральнай падтрымкі і натхненьня з боку шаноўнага Ўладзімера Карагіна — чалавека, збольшага «свайго» для ўлады.
Першая — гэта стварэньне Цэнтру міжкультурнага дыялёгу ў самым пачатку 2010 году, і ўгрунтаваньне адпаведнага навукова-асьветніцкага кірунку, у аснову якога быў пакладзены прынцып гарманізацыі: з аднаго боку, захаваньне беларускай культурнай самабытнасьці (аснова якой — беларуская мова), з другога — пазбаўленьне правінцыялізму і разьвіцьцё ў сусьветным сацыяльна-гуманітарным кантэксьце. І другая — разьвіцьцё беларуска-амэрыканскага грамадзка-культурнага дыялёгу, а найперш вывучэньне канструктыўнага і вельмі карыснага для нас амэрыканскага досьведу ў розных сфэрах чалавечай жыцьцядзейнасьці.
Мы шчыльна супрацоўнічалі таксама ў сфэры «культура і бізнэс». Часам падстаўляў плячо, часам не пагаджаўся, але ніколі ня быў абыякавым. Незвычайная адкрытасьць і ўменьне прымаць новае натуральна вырасталі ў цярпімасьць да іншадумства. Карысталася я заўсёды выключна беларускай мовай, і, хаця гэта гучала трохі нечакана для бізнэс-супольнасьці і, напэўна, ня ўсе былі задаволеныя гэтым «дысанансам», Уладзімер Карагін ніводнага разу не папракнуў і не папрасіў прыстасавацца да большасьці.
Што мяне больш за ўсё захапляла, Уладзімер Карагін, прызвычаены да свайго безумоўнага лідэрства, усё ж умеў урэшце адступіць, калі я ўжо вельмі настойвала на праве рэалізаваць той ці іншы праект па-свойму, пры гэтым тлумачыў калегам: «Ну што зробіш, чалавек з гонарам...» І вось гэтая павага да «чалавека з гонарам» і да кожнай асобы, таленавітай хоць у чым-небудзь, і была галоўным адрозьненьнем Уладзімера Мікалаевіча ад пераважнай большасьці кіраўнікоў у той саўковай сэрвілісцкай сыстэме, дзе бязбожна душылася і зьнішчалася любая праява арыгінальнасьці, адметнасьці, ды і проста асабовасьці.
Уладзімер Карагін быў чалавекам надзвычай актыўным, апантаным, захопленым сваёй дзейнасьцю. Шмат зрабіў для Беларусі, асабліва ў галіне прадпрымальніцтва, пашырэньня міжнародных сувязяў, умацаваньня грамадзянскай супольнасьці.
Сьветлых Вам нябёсаў, Уладзімер Мікалаевіч...І дзякуй за Вашую самаахвярную працу. Мы ўжо вельмі сумуем...
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.