«„Палітычных“ спачатку „гнабілі“» — мастачка Надзея Саяпіна адседзела 15 сутак за акцыю з фатаздымкамі зьбітых сілавікамі

Надзея Саяпіна

Надзея Саяпіна

22 верасьня выйшла на волю мастачка Надзея Саяпіна, якая адседзела 15 сутак за ўдзел у мастацкім пэрформансе каля Палаца мастацтваў з фатаздымкамі людзей, зьбітых сілавікамі. Надзея падзялілася са Свабодай уражаньнямі пра суд, ператрус, кантынгент Акрэсьціна і Жодзіна, стаўленьне да «палітычных».

Падстава для арышту — фота ў фэйсбуку

Пэрформанс быў 15 жніўня, а забралі Надзею раніцай 7 верасьня. Спачатку адвезьлі ў Савецкае РУУС.

«Я не адразу зразумела, у чым мяне абвінавачваюць, бо прайшло больш за 3 тыдні. Адзінае, што я ўзгадала, што ў той дзень мяне не было ў горадзе. І толькі калі я падпісала пратакол, убачыла фота з маёй старонкі ў фэйсбуку з пэрформанса, дзе я стаю зь іншымі людзьмі, якія трымаюць фота зьбітых людзей. Гэта быў пэрформанс супраць гвалту. Пэрформанс нагадваў больш хвіліну маўчаньня, чым дзеяньні. А я нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і выкрыквала лёзунгі», — расказвае Надзея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Кузьміч, які рабіў эпатажныя пэрформансы, пакінуў Беларусь

Надзею звазілі дадому на ператрус. Былі два панятыя, міліцыянты ў цывільным, відэазапіс. Забралі старыя тэлефоны, нават разьбітыя, флэшкі, непрацоўны ноўтбук, старыя вінчэстэры. Паглядзелі малюнкі, паперы, але іх не забралі.

Завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На наступны дзень адбыўся суд праз скайп, дзе асноўным сьведкам выступаў міліцыянт Яўген Шчурко, які быў у масцы, а рапарт пра падзеі 15 жніўня напісаў толькі 3 верасьня. Ён ня памятаў, у што была апранута Надзея, казаў пра бел-чырвона-белыя сьцягі і лёзунгі — якіх не было, пра што сьведчаць і фотарэпартажы з пэрформанса ў СМІ.

Судзьдзя Алена Жуковіч паразважала пра мастацтва пэрформансу і прысудзіла 15 сутак арышту. Два дні дзяўчына правяла ў ЦІПе на Акрэсьціна, а 10 верасьня яе перавялі ў Жодзіна.

«Калі прыводзяць у камэру палітычных, астатніх не выводзяць на прагулкі»

Камэры на Акрэсьціна былі на 6 чалавек. У Жодзіне — на 10. З агульных назіраньняў Надзеі, усе супрацоўнікі дзеляцца на тых, хто проста выконвае свае абавязкі і інструкцыі, і тых, хто свае паўнамоцтвы перавышае. Некаторыя запалохвалі, выказваліся нецэнзурна.

Большая частка частка зьняволеных — так званыя «палітычныя». Былі і па іншых артыкулах: некага пазбавілі бацькоўскіх правоў па дэкрэце № 18, некаторыя сядзелі за крадзеж.

«Адна жанчына паводзіла сябе даволі агрэсіўна: маўляў, калі прыводзяць у камэру палітычных, астатніх не выводзяць на прагулкі. Яна сварылася і з аховай. Да мяне адна дзяўчына (таксама „палітычная“) сядзела зь пяцьцю па іншых артыкулах, дык яны яе „гнабілі“, пагражалі, прымусілі адну ноч спаць на падлозе. Калі палітычных паболела, перасталі.

Сядзелі дзяўчаты-„айцішніцы“, якія ўдзельнічалі ў сваіх акцыях у абарону ПВТ, былі дзяўчаты са сфэры культуры. Дзякуючы іх моцы, падтрымцы, настрою эмацыйна было больш-менш стабільна. Чыталі, кантактавалі. Былі сьлёзы, але няшмат, мы стараліся трымацца, спакойна рэагаваць на супрацоўнікаў. Нават выхоўвалі іх — прасілі ня лаяцца матам, не пагражаць нам», — узгадвае Надзея.

«Падтрымлівалі сябе жартамі, кшталту „не сядзеў — не беларус“»

У ЦІП на Акрэсьціна перадачы даходзілі нармальна, нават пасьля дазволенага часу. У Жодзіна — толькі па серадах. Кнігі, калі там штосьці падкрэсьлена, маглі не прапусьціць. Прадуктаў усім перадавалі вельмі шмат, таму ніхто не галадаў. Былі валянтэрскія перадачы са сродкамі гігіены.

«Порцыі даволі вялікія, у цэлым ежа нармальная. Былі людзі, якія спрабавалі пісаць заявы на галадоўку, але не ва ўсіх іх прымалі: потым за знаходжаньне ў ізалятары нам давядзецца плаціць. У Жодзіне ежа была значна лепшая, чым на Акрэсьціна. На сьняданак, абед і вячэру давалі гарачую гарбату ці кампот. А на Акрэсьціна гарачае пітво было толькі раніцай», — кажа Надзея.

На Акрэсьціна за 3 дні не было ні прагулак, ні душа — там не было гарачай вады. А ў Жодзіне двойчы быў душ. З прагулкамі цяжэй — за 12 дзён толькі 3 прагулкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастакі і тэатральныя дзеячы выступілі са зваротам да ўладаў і сілавых структураў

Пакуль Надзея прыходзіць у сябе, бо толькі раніцай у аўторак выйшла на волю.

«Эмацыйны стан незразумелы. Калі знаходзісься там, адключаесься, што ёсьць іншая рэальнасьць — свабода. Шукаеш нейкія радасьці, эмоцыі там. Падтрымлівалі сябе жартамі кшталту „не сядзеў — не беларус“, быў вясёлы баявы настрой.

А цяпер ёсьць пэўны страх. Пакуль адчуваньні складаныя. Баюся пагружацца ў сацсеткі. Але я ў шоку ад той колькасьці падтрымкі, якая была пасьля арышту. Я вельмі ўражаная!» — прызнаецца дзяўчына.

Калі Надзея Саяпіна адбывала свае 15 сутак, больш за 500 чалавек з 7 краін сьвету патрабавалі вызваліць мастачку, падпісалі адкрыты ліст.

Пасьля пэрформанса «Достояние» («Здабытак»), які з ініцыятывы Надзеі Саяпінай зладзілі мастакі ў галерэі «АртБеларусь», зьявіўся панятак «Евалюцыя». На майках мастакі зьмясьцілі рэпрадукцыі арыштаваных карцін з карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» і самі сталі каля месцаў, дзе віселі тыя карціны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месцы арыштаваных карцін. Як прайшоў пэрформанс у галерэі «Арт-Беларусь»

Карціна Хаіма Суціна «Ева» стала сымбалем жаночага руху і пратэстаў у Беларусі.

А Надзея Саяпіна напісала артыкул «Усё пачалося зь Евы».