Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

„У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“

Вадзім Сугойдзь, рамесьнік, расказвае пра пляменьніка Ягора Сугойдзя, Менск:

„9 жніўня група дэманстрантаў паспрабавала блякаваць аўтазак, які ехаў «загружацца» да стэлы «Менск — горад-герой». Але кіроўца спэцтранспарту, набіраючы хуткасьць, паехаў проста ў натоўп. І тады Ягор заскочыў на бампэр і так нейкі час рухаўся разам з машынай. А потым упаў — здавалася, пад колы. Пасьля хадзілі чуткі, што ён загінуў.

Момант, калі аўтазак зьбівае Ягора Сугойдзя

Ягор зь сястрою гадаваліся бяз бацькі — мой брат іх даўно кінуў. Ягоная маці далёкая ад усяго гэтага руху, ня ведае нават, што ў такой сытуацыі рабіць. Калі ён яшчэ ляжаў у лякарні, наняла за грошы нейкага адваката, ад праваабаронцаў адмахваецца, «каб сыну горш не было». Але ж трэба, каб быў уцямны юрыст, які разьбіраецца ў такіх нюансах.

Спачатку Ягор знаходзіўся ў аддзяленьні нэўрахірургіі 5-й клінічнай лякарні, бо паступіў зь цяжкай траўмай галавы, а затым яго перавялі ў шпіталь хуткай дапамогі.

У галаве дзьве гематомы, фактычна як пухліны, напоўненыя крывёю, іх неабходна тэрмінова выдаляць. Лекары так і сказалі: трэба рабіць апэрацыю. Паставілі ў чаргу, аформілі бальнічны і на нейкі час адпусьцілі дахаты. Але ў панядзелак прыйшла міліцыя: учынілі ператрус, забралі цьвёрды дыск з кампутара. Ну і яго самога, натуральна, пацягнулі. Цяпер вось сядзіць на Валадарскага. Пры тым, што чалавек хворы, гематомы пагражаюць мозгу.

Ягор ня быў узорам для перайманьня — таксама і выпіваў, і пападаўся міліцыянтам. Але тое, што прыпісваюць цяпер яму праваахоўнікі — маўляў, беспрабудны п’яніца, наркаман і сталы наведнік бардэляў — гэта перабор.

Як ён сам расказваў, зь сябрамі ўдзень, яшчэ задоўга перад мітынгам, выпілі па літры піва. Але калі пасьля здарэньня яго забралі ў лякарню, то там узялі на аналіз кроў і адразу ж выпісалі бальнічны з аплатай. Каб быў п’яны, нават і гаворкі пра тое не было б. Таму думаю, што міліцыя на яго націснула, каб усё падпісаў — і што п’яны, і што сам ува ўсім вінаваты. Робяць усё, каб заадно навешаць усіх магчымых сабак.

Іншых сяброў Ягора ў той вечар затрымалі і адвезьлі ў Жодзіна. Таксама правяралі на алькаголь, вынік быў гэткі ж — адмоўны. А гэта значыць, піўная доза была мінімальнай і хутка выветрылася.

У яго моцнае страсеньне мозгу, парвалася бубенная балона — правым вухам ня чуе. Таксама пашкоджана шыйная хрыбетка, якая трымае чэрап. І зламана шэсьць рэбраў. Што тычыцца нагі, ня скардзіўся. Я да яго прыяжджаў, дык ён быццам хадзіў нармальна, не кульгаў. Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта проста неймаверна вялікія гузакі на лбе. Відаць, падаў галавой і грудзьмі, раз рэбры павыломваныя.

Я бачыў паведамленьне прадстаўніцы МУС, у якім яна спрабавала скласьці партрэт «тыповага пратэстоўца» — вечна п’яны, неаднойчы прыцягвалі да адказнасьці, не ўладкаваны ў жыцьці.

Не магу ўявіць, чым так на яго націснулі, што ён прызнаўся, нібыта быў п’яны, але гэта няпраўда. Плюс вінаваціла, маўляў, да гэтага ўзросту не завёў сям’ю, значыць, няварты прадстаўнік грамадзтва. Паслухайце, некаторыя да 30 гадоў пяць жонак мяняюць, дык яны, значыць, малайцы?

Ягор працуе аўтасьлесарам. У маладосьці сымпатызаваў «Маладому фронту», быў неабыякавым да таго, што адбываецца ў краіне“.

„Баец «Алмазу» пабачыў камізэльку з надпісам «Прэса» і прыцэльна стрэліў у мяне“

Натальля Лубнеўская, журналістка «Нашай нівы»:

„10 жніўня на Кальварыйскай зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду «Алмаз». Адзін зь іх спыніўся прыкладна за 10 мэтраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках з надпісам «Прэса» і прыцэльна стрэліў у мяне.

Натальля Лубнеўская

Цяпер я другі месяц у шпіталі. Справу дагэтуль не завялі.

Адчуваю сябе нармальна, наколькі гэта магчыма. Мне зрабілі апэрацыю, а таксама рэнтгенаўскія здымкі. Каленны сустаў, косьці, сухажылы, на шчасьце, не закранутыя, але рана глыбокая. Колькі часу яшчэ давядзецца правесьці ў шпіталі, я ня ведаю.

Літаральна на другі дзень пасьля здарэньня прыходзіў дзяжурны сьледчы, яшчэ да таго, як я падала заяву — у межах праверкі па факце паступленьня ў лякарню хуткай дапамогі з кулявым раненьнем. А потым прыходзіла сьледчая Фрунзэнскага раённага аддзяленьня Сьледчага камітэту. Я падала заяву з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу па факце нанясеньня мне цялесных пашкоджаньняў. Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, якія аглядалі рану, заявілі, што канчатковае заключэньне будзе гатова, толькі калі мяне выпішуць зь лякарні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параненая журналістка «Нашай нівы» другі месяц у шпіталі. Справу дагэтуль не завялі

21 жніўня па месцы жыхарства мне прыйшло паведамленьне, што праверку падоўжылі на месяц — да 21 верасьня. Больш ніхто са сьледчых да мяне не прыходзіў.

У лякарні на лячэньні яшчэ застаюцца параненыя, у асноўным мужчыны“.

„Стала адбывацца самае страшнае, што са мной было за ўсё маё жыцьцё“

Уладзімер Родчанка, 32 гады, праграміст, Горадня:

Уладзімер Родчанка

„Мы яшчэ з трыма паплечнікамі 12 жніўня прыйшлі на плошчу Леніна з партрэтам дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Перад намі на гэтым жа месцы затрымалі калегу Аляксея з падобным плякатам. Сталі на калені, паднялі плякаты з фатаздымкам дзяўчынкі. Падышоў супрацоўнік ДАІ, сказаў, што ён вымушаны далажыць.

Прыехаў сіні бус Ford. Вылезьлі гопнікі ў масках, нас пагрузілі ў мікрааўтобус — і стала адбывацца самае страшнае, што са мной было за ўсё маё жыцьцё. Нам надзелі плястыкавыя кайданкі, паставілі на калені ў праход аднаго за адным. Білі па шыі, задавалі пытаньні «Колькі заплацілі?», абражалі. Калі даведаліся, што мы праграмісты і колькі зарабляем (у сярэднім 1700 даляраў), зразумелі, што за тысячу даляраў рызыкаваць сваёй дупай вельмі сьмешна.

Пачалося: «Чаго вам не сядзіцца? Чаго зь дзецьмі не седзіце? Мы сваіх ужо 5 дзён ня бачым». Разрысавалі твары пазнакамі. Як потым стала зразумела, пазначалі, каго пры перасадках трэба дубасіць у першую чаргу. Мне таксама намалявалі мішэнь на лобе. Гэта ўсё быў дзіцячы лепет у параўнаньні з тым, што было потым.

Калі нас прывезьлі і выгрузілі з буса, добра пабілі дручком. Пацэлілі ў калена, потым каленам кінулі аб бэтон. У Ленінскім РАУС нас выводзілі па адным. Я быў другім. Я пачуў дзікі крык свайго паплечніка, яго аддубасілі дручкамі, 5-7 разоў дакладна. Потым выгрузілі мяне, пабілі. Нас павялі ў спартовую залю. Сказалі: «Любіце на каленях стаць — і тут будзеце стаяць, толькі мордай у падлогу». Так мы ў кайданках на каленях і стаялі. Калі паварушысься, адразу б’юць. На той момант я разумеў, што страшна, але болю не адчувалася.

Мае калегі-праграмісты пыталіся культурна і ветліва, ці можна памяняць позу, бо зацяклі ногі. Ніхто не хаміў, не грубіяніў, нікога не абражаў. На што чулі: «Не, не, не».

Your browser doesn’t support HTML5

Праграміст з Горадні стаў на калені за пацярпелую дзяўчынку

Праграмісты ходзяць у сілоўню, але да такіх нагрузак ніхто не падрыхтаваны. Пляснулі нам да сьпіны нашыя плякаты. Сказалі, калі спадуць — атрымаем дручкамі. Потым пабілі нагамі, маўляў, чаго дома не сядзіцца. Зноў гэтае прыніжэньне.

Праз гадзіну-паўтары павялі на допыт. Калі мяне паднялі, я зразумеў, што з нагой нешта зусім ня тое. Я яе выпрастаць нармальна ня мог, бо дзіка балела. Так я дачыкільгаў на трэці паверх, рука заламаная, «мордай у падлогу». Лава там была, але шпурнулі на падлогу да шафы. Пачалі складаць паперы, высьвятляць асобу. Тут мне пачало прылятаць за Tiguan, а машыну забралі за тое, што сыгналіў падчас акцыі салідарнасьці, за ўсе патрабаваньні. Зачытвалі кожнае і білі. Абяцалі, што запішуць відэа і выкладуць у сеціва, што я супрацоўнічаю са спэцслужбамі.

Прымушалі адказваць, за каго я галасаваў. Мне таіць няма чаго. Я галасаваў за Ціханоўскую. Што ні адказвай, гэта бескарысна. Асабліва ніхто ня слухае. Прыйшоў амапавец ува ўсім рыштунку з мылам і збаночкам. Пырснуў ёду на лоб і сказаў умывацца. Я зразумеў, да чаго ідзе, паглядзеў, што гэта ня мыла, сказаў: «Самі ўмывайцеся».

Мне зрэзалі кайданкі і павялі падпісваць пратакол. Ударылі ў жывот, калі я папрасіў адваката. Я культурна сябе паводзіў. Я стаяў нахіліўшыся, падпісваў дакумэнты. Мне прылятае збоку. Я падумаў, што ўсё. Білі не адзін раз. Біў да таго моманту, пакуль я не дадумаўся сказаць: «Зразумеў, зразумеў». Сем разоў ён мне прабіў у жывот. У вачах дваілася. Дыхаць было капітальна цяжка. Балеў увесь правы бок. Нагі я зусім не адчуваў.

Уладзімер Родчанка, нага ў гіпсе

У роўнай бойцы ты мог бы прынамсі адказаць. Тут б’юць — ці ім спадабалася, ці не спадабалася — што б ты ні зрабіў, будуць біць. Ты на гэта ня можаш зусім ніяк адказаць. Прычым перад табой чалавек, у якога вісіць табэльная зброя.

Мяне прывялі, паклалі асобна, бо, відаць, зразумелі, што перастараліся. Калені пад сябе, як мог, так я сябе і сабраў, ляжаў у позе смоўжыка пры сьмерці. Сказалі: «Павернесься, тарганесься, недзе нешта паглядзіш — дручком, “по-русски”, паб’юць». Там яны размаўляюць толькі матам. Потым прыходзіў намесьнік і зачытваў мае пратаколы, каб усе чулі, нібыта Родчанка такі круты, а цяпер соплі жуе. Я соплі там не жаваў, ня плакаў. Так, вочы сьлязіліся, але ня ныў, літасьці не прасіў.

Уладзімер Родчанка, знакі пабіцьця

Недзе гадзіну я так ляжаў, пакуль не прыйшоў хіба начальнік. Запытаўся, ці выклікаць «хуткую». Прыехала «хуткая», і мяне забралі з падазрэньнем на разрыў. Лекар казаў расслабіць жывот — а я ня мог, і нагу выпрастаць ня мог. На шчасьце, нічога не пацьвердзілася, толькі ўдар рэбраў, жывата, нага ў гіпсе. На азадку сядзець балюча.

Цяпер мая чарга даводзіць гэта ўсё ў судзе. Я не хачу помсты, гвалту. Гэта будзе выключна судовы разбор. Я абяцаю тым, хто наважыцца пагражаць мне, маёй сям’і, маім калегам, знаёмым: гэта ўсё будзе апублікавана ўмомант. У гэтых пытаньнях будуць працаваць найлепшыя адвакаты Беларусі. IT-супольнасьць зробіць усё, каб пакараць усіх датычных да таго, ад чаго пацярпелі праграмісты“.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

„Для мяне прысутнасьць вар’яткі ў камэры была сур'ёзным выпрабаваньнем“

Надзея, 35 гадоў, рамесьніца:

„Я жыву каля ўнівэрсаму «Рыга», які звычайна працуе 24 гадзіны на содні, і мы даволі часта ходзім туды ўначы, калі менш людзей. Зразумела, мы ведалі, што напярэдадні там адбывалася сутычка пратэстоўцаў з АМАПам, але 11 жніўня ўвечары навакольле выглядала даволі мірна.

Да «Рыгі» мы падышлі ўтраіх — зь сяброўкай і мужам. Акуратна выглянулі з-за рога — там, як звычайна ў гэты час, стаялі чалавек дваццаць. Адзін мужчына на парапэце размахваў яшчэ савецкім сьцягам ПДВ. Усё было ціха. Удалечыні паказаліся аўтазакі. Мы разьвярнуліся і пайшлі ў бок дома — праз сквэр па вуліцы Ўсходняй.

Далей усё адбывалася хутка. Нам напярэймы выехаў сіні мікрааўтобус. Усе, хто быў каля «Рыгі», пабеглі, і мы таксама. Муж кажа, што выразна чуў стрэлы і крыкі: «Сукі, морды ў зямлю, рукі за галовы». Сяброўка спатыкнулася і ўпала, я дапамагла ёй падняцца, забавіліся. У гэты час на нас напалі два сілавікі. Гэта быў менавіта напад. Чаму? Імя? Пасада? Што адбываецца? Не было словаў «Вы затрыманы». Яны лаяліся матам. Мяне дубінкай стукнулі па сьцягне. Я села на зямлю і апусьціла галаву. Пачала клікаць свайго мужа, каб зразумець, ці ёсьць ён сярод затрыманых, але мне жорстка загадалі маўчаць. Павялі ў бок мікрааўтобуса. Потым некалькі разоў перакідвалі з машыны ў машыну.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Бус без нумароў. 11 жніўня ў раёне «Рыгі» з такога буса выскачылі амапаўцы, якія напалі на дзяўчыну і яе сяброўку

Апынулася ў спэцтранспарце зь дзьвюма лаўкамі па баках і пустым месцам усярэдзіне. Калі нас туды запіхвалі, там ужо былі людзі: мужчыны ляжалі тварам уніз. На іх раўлі і білі дубінкамі за любы рух галавы. Білі жорстка, асабліва калі ў чалавека была з сабой нейкая сымболіка. Хтосьці плакаў і прасіў прабачэньня.

На хлопцаў пачалі складаць наступны пласт мужчын. Дзяўчат раскідвалі па лаўках. У мяне пад нагамі былі два хлопцы. Было адчуваньне, што адзін зь іх ужо нежывы. Хлопец ціха адгукнуўся, калі я пачала яго клікаць.

Машына рушыла. За тое, што я стала на іх глядзець, мяне стукнулі дубінкай па галаве. Тут у нас адабралі тэлефоны і загадалі сьпяваць гімн Беларусі. Ну мы сталі сьпяваць «Мы, беларусы, мірныя людзі» — чаму не? Паўсюдна валяліся аднадаляравыя купюры. Яны іх ці самі раскідалі, ці ў кагосьці з кашалька дасталі і раскідалі, і раўлі матам: «Колькі вам заплацілі?»

Падчас перасадкі мы мусілі крычаць «Я люблю АМАП». Наступны аўтазак — са «стаканамі». У кожным «стакане» па 5 чалавек. Нам нельга было падымаць галовы. Але мая сяброўка разгледзела ў аднаго з амапаўцаў нашыўку 015. У «стаканах» мы даехалі да ізалятару на Акрэсьціна. Да суду мы ня ведалі, дзе знаходзімся.

Ніхто ня думаў, што з намі будуць настолькі жорстка абыходзіцца, што наагул да такога беззаконьня ўсё можа дайсьці. Гэта было нечакана. Калі мяне затрымлівалі, крычалі, што нас расстраляюць. І я адважылася запярэчыць, што, хлопцы, гэта наагул артыкул. Але ў аўтазаку я пачала сумнявацца, што яны жартуюць наконт расстрэлу…

Прывялі ў калідор, паставілі тварам да сьцяны. Па некалькі чалавек адпраўлялі на агляд. Прымусілі зьняць станікі з костачкамі, усе ўпрыгажэньні. Нейкім цудам у мяне засталіся акуляры, і дзяўчаты ў камэры потым прасілі карыстацца. Потым нас, 28 чалавек, адвялі ў прагулачны дворык. Гэта такое памяшканьне з бэтоннай падлогай, бэтоннымі сьценамі. Зьверху — сетка, празь яе відаць неба і масткі, па якіх ходзяць наглядчыкі. У куце — люк са сьцёкам. Дзьве камэры назіраньня.

Перад аглядам пасьпелі папіць вады, якая была з сабой. Больш нармальнай вады мы ня бачылі. У прыбіральню не пускалі. У нецэнзурных выразах сказалі рабіць гэта на месцы. Тады мы сталі выкарыстоўваць у якасьці туалету люк са сьцёкам: станавіліся кардонам, засланяючы дзяўчыну ад камэраў і назіральнікаў, і так па чарзе хадзілі.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Аўтазак, вадамёт, амапавец і вада, якую валянтэры ставілі ў цэнтры, каб людзі маглі папіць, бо было вельмі сьпякотна

Сядаць было нельга. Дый потым, калі на гэта перасталі зважаць, сядзець на бэтоннай падлозе было немагчыма. Я стаяла, а мая сяброўка, якая не магла стаяць — ёй пашкодзілі калена пры затрыманьні і далей пры транспартаваньні, — сядзела ў мяне на ступаках, каб ня зьмерзнуць. Нейкая дзяўчынка дала ёй куртку, у прыбіральню мы несьлі яе на руках. Прасілі доктара, але нас ня чулі.

Суд прызначылі на 15:00. Нас выводзілі па некалькі чалавек. Я цягнула сяброўку — яе нага моцна распухла, адно калена было ўтрая большае за другое. Завялі ў калідор. Паміж камэрамі стол і два крэслы. За імі — судзьдзя і сакратар. Гэта былі мужчына і жанчына, досыць маладыя людзі. На іхных тварах не адбівалася нічога. Хаця ў нейкі момант мне здалося, што жанчыне было няёмка за тое, што адбываецца.

Дакумэнтаў справы не паказалі. І дагэтуль я іх ня бачыла. У пратаколе было пазначана, што мяне затрымаў нейкі міліцыянт а гадзіне ночы. Я зьвярнулася да суду, прасіла дапамогі, сказала, што сяброўцы патрэбен доктар і што нас ігнаруюць. Мне фармальна зачыталі мае правы. Я сказала, што маю чалавечае права папіць вады і ня буду зь імі размаўляць, пакуль мне не дадуць піць. Прынесьлі ваду, хоць і казалі, што вада — гэта справа ІЧУ, а не суду. Гэта была бутэлька з-пад фруктовага напою з вадой з-пад крану. Калі я яе ўбачыла, падумала, што гэта і ёсьць фруктовы напой, зьдзівілася і парадавалася. Але там была хляраваная жудасная вада. У камэры потым мы гэтую ваду адстойвалі. Але я так баялася чым-небудзь заразіцца, што піла ваду з-пад крану, не з бутэлькі.

Рашэньня суду ніхто не агучыў — прывезьлі новую партыю людзей. Нас адправілі назад у прагулачны дворык. Маім суседкам зачытвалі на судзе, што яны нібыта крычалі «Здохні, вусатая пачвара!» А мне зачыталі, што я выказвала нязгоду зь дзейнай уладай. Нешта лёгкае, і я думала, што з такой фармулёўкай не павінны даць 10 дзён. Да таго моманту я ўжо кепска цяміла: паспаць, паесьці, пасядзець, папіць не было магчымасьці. Прайшло 15 гадзін з моманту майго затрыманьня. Пад турмой валянтэры крычалі час, і гэта вельмі дапамагала і маральна падтрымлівала.

Гэтыя фота Надзея зрабіла 16 жніўня падчас Маршу свабоды. Адзін з плякатаў мірнага пратэсту

Я ня ведала, дзе мой муж. Чула крыкі мужчын. Думала, што гэта можа быць ён. У яго доўгія валасы, і я баялася, што да яго будуць вельмі жорсткія. Яшчэ ў аўтазаку аднаму з хлопцаў са словамі, што мужыку не належыць насіць доўгія валасы, абрэзалі іх проста там і выкінулі на скрыжаваньні.

Пасьля суду нам прынесьлі адну бутэльку вады на ўсіх. У адной зь дзяўчат пачаліся крытычныя дні. Дасталі з кішэняў ахоўныя маскі, насоўкі... Ёй прыйшлося даказваць наглядчыкам, што вада неабходная, — паказваць кроў. Тады прынесьлі ваду падмыцца — тры літры, два зь іх каб памыцца, і гэтая дзяўчына вырашыла трываць, аддаўшы ўсю ваду нам.

Праз пару гадзін прыйшоў мужчына. Пастроіў каля сьценкі. Маю сяброўку і яшчэ адну дзяўчыну, у якой былі таксама праблемы з нагой, павялі — іх забрала «хуткая». А нас падзялілі напалам — па 13 чалавек — і павялі ў камэру на трэцім паверсе. Там ужо былі дзяўчаты. Гэта была чатырохмясцовая камэра: два двухпавярховыя ложкі, туалетная кабінка, ракавіна, стол, тумбачка, закратаванае вакно з маленькай шчылінкай. Было вельмі душна. У пікавы момант мы налічылі ў камэры 36 чалавек. Наглядчыкі пастаянна кагосьці адводзілі і прыводзілі. Як мы зьмяшчаліся там, незразумела. Сядзелі на нарах па некалькі чалавек, стаялі, сядзелі пад сталом. Каб прайсьці ў туалет, выстройваліся ў пэўным парадку, каб можна было адчыніць дзьверы.

У камэры былі вельмі розныя людзі — жанчыны ад 20 да 50 гадоў. Былі і такія, з кім я наўрад ці пасябравала б у звычайным жыцьці. Была дзяўчынка-панк, якая не ўпершыню трапіла ў ізалятар. У выніку ўсіх адпусьцілі, а яе пакінулі яшчэ на 15 дзён з фармулёўкай: «Табе не прывыкаць, яшчэ пасядзі». Была прыгожая і актыўная дзяўчына, якая нешта сказала наглядчыкам, пасьля чаго яе схапілі за валасы і білі галавой аб плітку. Твар застаўся цэлы. Але гучала і выглядала ўсё гэта вельмі страшна. Яна ішла зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах, калі яе схапілі. У аўтазаку пазначылі чырвонай фарбай…

Праз крыху прачыненае вакенца можна было назіраць за вуліцай. Я бачыла лаўку, на якой часам хтосьці сядзеў... У нейкі момант там зьявіліся праваслаўныя сьвятары, якія, мабыць, прасілі нас адпусьціць. Але людзей пад вокнамі пэрыядычна разганялі.

Потым у мяне забалела галава. Баялася, што гэта наступствы ўдару дубінкай. Стрэс, духата... Мы спрабавалі паспаць. Расьсьцілалі пад ложкамі коўдры і па чарзе туды залазілі. Выявілася, што там праходзіць вэнтыляцыя і ёсьць хоць нейкае паветра. Але паспаць за двое содняў так і не ўдалося.

Да пападаньня ў камэру нас ніхто не карміў. Дый есьці ніхто не хацеў. Мы ня ведалі, што будзе далей. Я патрабавала, каб мяне азнаёмілі з рашэньнем суду, але на гэта ніхто не зьвяртаў увагі.

Па гэты бок Акрэсьціна

Абмяркоўвалі, што з кім адбылося. Што нам пагражае. Яшчэ ў прагулачным дворыку мы зь сяброўкай спрабавалі сьпяваць, але дзяўчаты былі настолькі запалоханыя, што нас абрывалі і прасілі не высоўвацца і паводзіць сябе ціха. Я не паводзіла сябе шумна, а проста пэрыядычна заклікала да законнасьці.

Па адной нас выводзілі ў калідор на размову. Думаю, гэта быў супрацоўнік КДБ. Ён пытаўся пра абставіны затрыманьня, хто я, кім працую, і сказаў, што, калі пападуся наступны раз, усё будзе значна горш.

У камэры разам з намі была жанчына зь белай гарачкай. Яна не давала спаць. Хадзіла кругамі ў гэтай вузкай прасторы, усіх расьпіхваючы локцямі. Момантамі паводзіла сябе крыху цішэй, але потым крычала, кідалася на нас і драпалася. Выглядала, што яна спрабуе выйсьці з кватэры пакурыць або ў краму, патрабавала, каб мы ёй адчынілі дзьверы, лічыла, што мы нейкія мужавы сваякі, якія яе трымаюць пад замком. На другі дзень яна вырашыла, што мы ўсе лялькі, якіх трэба спаліць. Калі яна занадта парушала асабістую прастору, хтосьці зрываўся і яе адштурхоўваў ад сябе. Былі паненкі, якія агрэсіўна ёй адказвалі. Хтосьці спрабаваў зь ёй дамаўляцца. Мы шмат разоў прасілі ёй выклікаць доктара — яна пакрывалася потам, было відаць, што ёй дрэнна. І нам было страшна, што яна там проста памрэ, было яе шкада, нягледзячы на тое, што ўсе спрабавалі яе адштурхнуць.

Да таго ж яна вельмі дрэнна пахла. Пасьля яна абгадзілася і стала яшчэ горш. Адна са старэйшых нявольніц дапамагла ёй памыцца. Прыйшла санітарка. Вывела гэтую жанчыну на калідор і спытала, дзе тая знаходзіцца. Жанчына адказала, што знаходзіцца ў лесе, пасьля чаго яе са словамі «Ну і ідзі ў свой лес» засунулі назад у камэру. На нашы просьбы яе ўціхамірыць адказвалі: «Я адзін, а вас больш за трыццаць. Вось і ўтаймуйце. Мы ня будзем супраць, калі ў яе зьявіцца парачка фінгалаў». Для мяне прысутнасьць гэтай жанчыны была адным з самых сур’ёзных выпрабаваньняў. Ня мець магчымасьці паесьці, схадзіць у прыбіральню я ўспрымала нармальна, бо часта бываю ў паходах. Пасьля ўсяго, што адбывалася ў горадзе, была нейкая маральная гатоўнасьць трапіць на «суткі». Але вось гэта... У нейкі момант я прылегла. І яна паспрабавала мне сесьці на твар, бо ня бачыла мяне. Я была ў акулярах. Ускочыла, схапіла яе за рукі і трымала... Гэта складана.

На наступны дзень нас пакармілі. Кожнай выдалі кубак салодкай моцнай гарбаты, кавалак батона і талерку аўсянкі. А 14-й гадзіне вывелі з камэры, павялі ў дворык, паставілі тварам да сьцяны. Ня білі. Нават жартавалі. Гэта былі канваіры. Была ўцямная размова і адчуваньне, што яны разумелі, што многія трапілі сюды выпадкова.

Мы стаялі гадзіну. З-за агароджы даносіўся пах кавы, пад сьцяной валяліся пасмы валасоў, дрэды. Наглядчыкі хадзілі і зьбіралі іх.

Па гэты бок Акрэсьціна

Нас загрузілі ў аўтазак, канваіры супакойвалі дзяўчат, якія рыдалі. Далі вады. Сказалі, што павязуць у Жодзіна. А потым зайшоў мужчына ў чорнай масцы з зубастай мордачкай і сказаў вяртацца ў камэру.

Увечары пасьля 21:00 нас сталі выпускаць. Пашыхтавалі тварам да сьцяны на чацьвёртым паверсе. Праз двухдзённае стаяньне мая сьпіна зусім здала. Адрэналін, на якім я трымалася ўвесь гэты час, упаў. Стаяла і ёрзала, спрабавала выпрастацца. Дзяўчына побач паклікала пэрсанал. Мне дазволілі сесьці на зямлю. А потым нават на крэсла. Нас ніхто не прыніжаў, ня біў, мы гаварылі зноў зь нейкімі людзьмі.

Ня ведаю, хто гэта быў. Падпісалі паперу, што нас паінфармавалі пра артыкулы за ўдзел у беспарадках. Нас павялі ўніз па рэчы. У камэры пакінулі дзяўчынку-панка, жанчыну з псыхозам і яшчэ маленькую далікатную дзяўчыну. На чацьвёртым паверсе яна паглядзела на наглядчыка ў масцы з мордачкай і сказала: «Хачу вас запомніць». Ён сказаў: добра, застанесься на 15 сутак. Яе завуць Юля, я за яе перажываю.

Аддалі рэчы, якія забралі там, на Акрэсьціна. Сказалі, што, калі хочам атрымаць тэлефоны і іншыя рэчы з аўтазаку, трэба заставацца яшчэ на суткі. Дзяўчаты, у якіх не было ключоў ад кватэры, плакалі. Мы выйшлі з варот. Нас чакалі людзі.

Выявілася, што людзі стаяць вельмі ціха. Мора людзей, мора агнёў, плякатаў. Прапануюць гарбату, ваду, пакурыць, патэлефанаваць. Людзі кінуліся разьбіраць «тых, хто выжыў», а я шукала сваіх. Мне прапанавалі пазваніць. Я ня памятала ніводнага тэлефона. Валянтэры знайшлі мужа ў сацсетках. Убачыла, што ён быў онлайн дзьве хвіліны таму. Зразумела, што сабака не памёр ад голаду і што муж мяне шукае. Ён чакаў мяне ў Жодзіне, маё імя значылася ў сьпісах там.

...Пра такое я чытала ў кнізе «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робэртса — пра турму ў Індыі, і думала, як жа такое магчыма вынесьці... Цяпер у нас вельмі вялікі страх. Мы пераехалі жыць да сяброў. Пазаўчора паміж вокнамі, якія сьвяціліся, перад нашым домам стаяў чалавек. Ці то ён падслухоўваў, ці то падглядаў... Можа, ён не зьвязаны з гэтым усім, але стан такі, што хочацца схавацца…“

Euroradio.fm

„Яны размаўлялі аб прэзэрватыве, а потым адзін сказаў: «Зараз зробім зь цябе дзяўчынку»“

Уладзімер Піліпейка, 33 гады, Каленкавічы:

Уладзімер Піліпейка. Фота Палеская Вясна

„13 жніўня каля 16 гадзін я прыехаў да сябра ў Мазыр на бульвар Юнацтва. А за два дні да таго, увечары 11 жніўня, менавіта гэтым бульварам ішла вялікая калёна пратэстоўцаў. Пасьля сустрэчы зь сябрам, гадзін каля 18, калі яшчэ сьвяціла сонца, я выйшаў на бульвар, каб ісьці на аўтобусны прыпынак.

У мяне ціўкнуў тэлефон, я зайшоў у яго і пачаў чытаць паведамленьне. У гэты момант міма мяне марудна праехала цывільная „лада-прыёра“ на расейскіх нумарах. Я зірнуў на яе і зноў апусьціў вочы ў тэлефон. І раптам на мяне накінуліся чатыры чалавекі ў чорнай форме безь ніякіх значкоў, зорачак ці лычак, у кепках і чорных масках, як ад каранавірусу. Яны выскачылі з тае „лады“. Паклалі мяне тварам у асфальт і заламалі рукі, а потым пацягнулі ў машыну. Пасадзілі паміж сабой на задняе сядзеньне. Ужо калі ехалі, яны шукалі ў сябе кайданкі і, знайшоўшы, надзелі іх мне на рукі за сьпінай».

Мяне прывезьлі ў Мазырскі РАУС. Правялі праз турнікет, павярнулі на лесьвіцу і тут жа, на пляцоўцы перад прыступкамі, павалілі на падлогу тварам уніз, нацягнулі на галаву куртку і пачалі біць. Пры гэтым я ня мог нават прыкрывацца, бо мае рукі былі скаваныя за сьпінай. Я ня бачыў, чым мяне білі, але некаторыя ўдары былі як высьпяткі, а некаторыя зьверху па сьпіне, ягадзіцах, нагах, відаць, міліцэйскім гумавым дручком.

Уладзімер Піліпейка. Знакі пабіцьця. Фота Палеская Вясна

Потым мяне паднялі і пацягнулі на трэці паверх. Зацягнулі ў нейкі вялікі кабінэт. Відаць, нейкага начальніка, бо я пасьпеў убачыць вялікі стол і шэрагі крэслаў уздоўж сьценаў. Тут зноў паклалі на падлогу тварам уніз і нацягнулі на галаву куртку. Спачатку пагражалі, што, маўляў, я ўжо «накрычаў на 3 гады», а зараз яны аформяць і на «дзясятачку».

Пачалі абшукваць, спыталі, дзе тэлефон. Але яго ў мяне выхапілі яшчэ пры затрыманьні. Я ня бачыў твараў, спачатку бачыў толькі ногі, бо галава была прыгнутая долу і прыціснутая да падлогі чыёйсьці нагой, а потым увогуле нічога ня бачыў, бо на галаве была куртка. Толькі чуў, што тыя, хто мяне біў, зьвяраталіся да кагосьці «таварыш палкоўнік». Калі прынесьлі мой тэлефон, ад мяне пачалі патрабаваць пароль. А мой тэлефон можна было разблякаваць сканэрам пальца альбо сканэрам твару, альбо паролем. Яны спачатку паднесьлі да пальца, але тэлефон не разблякаваўся, потым да твару, але, відаць, пасьля таго, што адбылося, мой твар мала быў падобны да таго, які «памятаў» мой тэлефон.

Тады апарат запатрабаваў увесьці лічбавы пароль. Я адмаўляўся казаць. Тады мяне зноў пачалі біць дубінкамі і нагамі. У выніку я мусіў сказаць пароль. Міліцыянты разблякавалі тэлефон і са словамі «Так, зараз пачытаем, што ты тут пішаш!» пачалі адкрываць у тэлефоне розныя праграмы.

Уладзімер Піліпейка. Пабоі. Фота Палеская Вясна

І раптам — моцны ўдар па галаве. Я зьнепрытомнеў. Што было далей, ня памятаю. Відаць, потым на мяне плюхнулі вады, бо я, калі ачуўся, адчуў, што мокры. Мне пачалі казаць, што зараз панапісваюць ад майго імя, што я паеду на 10 гадоў. Корпаліся ў маёй тэлефоннай кнізе, пытаючы, хто ў мяне як падпісаны, і правяраючы іх недзе. Шмат разоў казалі: “Здасі вашага каардынатара, і мы цябе адпусьцім”. Але я казаў, што я ня ведаю ніякіх каардынатараў, я прыехаў з Калінкавічаў да сябра і ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Потым я пачуў, што яны размаўлялі аб прэзэрватыве, а потым адзін зь іх сказаў, зьвярнуўшыся да мяне: «Зараз зробім зь цябе дзяўчынку». Але нехта сказаў ім, што ня трэба. Мяне зноў паднялі і некуды пацягнулі. Вывелі на вуліцу. Ужо было зусім цёмна.

Мяне перавялі праз вуліцу ў будынак насупраць райаддзелу міліцыі. Завёўшы ў нейкі пакой у тым будынку, мяне зноў кінулі на падлогу тварам уніз. Я пасьпеў заўважыць толькі нейкую даволі маладую жанчыну ў званьні маёра, і побач са мной на падлозе ляжаў яшчэ адзін чалавек. Калі на падлогу ўпаў я, таго чалавека паднялі і павялі.

Я пачуў голас жанчыны-маёра: «А! Калінкавіцкі! Зараз мы табе пакажам мазырскую гасьціннасьць! Цяпер вядзіце сабак!»

Я падумаў, сапраўдных сабак, зараз разарвуць. Але прыйшлі людзі. Мяркуючы па тупаце і галасах — шмат людзей. І пачалі вельмі моцна мяне біць. Нехта, відаць, малаціў дручком, нехта проста нагамі. Потым я адчуў, што па мне прайшліся абцасамі. Я думаю, што гэта тая жанчына, бо абцасы адчуваліся танчэйшыя, але даўжэйшыя за абцасы берцаў. Яна ж, відаць, трапіла мне наском абутку ў скронь, бо насок быў востры, не як у берца. Я некалькі разоў траціў прытомнасьць. Ачухваўся, калі мяне аблівалі вадой.

З носу проста ручаём бегла кроў, твар ляжаў у крыві. Тая жанчына казала: «Ты пашкадуеш, што сюды прыехаў!» Потым зноў шмат удараў адразу ад некалькіх чалавек. Я моцна закрычаў і зноў зьнепрытомнеў. Потым паступова вярнуўся ў прытомнасьць. Адчуў, што мне ў сьпіну і ніжэй штурхаюць нечым, мабыць, дручком. Было вельмі балюча, магчыма, ад болю я і ачуўся. Потым яны ўзялі маю галаву і трэсьлі яе. Я расплюшчыў вочы. Зноў пачуў жаночы голас: «Хопіць, сыходзьце!». Пасьля нейкі мужчына ў цывільным мяне падняў. Сурвэткай працерлі твар ад крыві. Зь мяне бегла вада, і яны ёю размазвалі кроў.

Затым мяне вывелі ў двор гэтага будынку. Там зьнялі кайданкі, з шыі зьнялі ланцужок і крыжык і павялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, які знаходзіцца крыху правей ад РАУС. Я ня мог стаць на левую нагу, каб пераступіць нейкі невысокі парканчык, празь які мы пераходзілі, дык міліцыянты перакінулі маю нагу.

У ІЧУ на мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Загадалі падпісаць. Пры гэтым прыгразілі, што, калі не падпішу, працягнуць зьбіваць.

Уладзімер Піліпейка. Пабоі. Фота Палеская Вясна

Потым мяне завялі ў 12-ю камэру. Там ужо былі тры хлопцы маладыя. Усе таксама пабітыя. Адзін крыху меней. Ён сказаў, што ня варта было трываць, трэба было адразу моцна крычаць. Ён крычаў, і таму яго меней білі.

На раніцу, ня даўшы ні паесьці, ні папіць, мяне завезьлі ў суд. Прозьвішча судзьдзі ня памятаю, гэта была поўная такая жанчына. Ніякіх ні папераў пра вынікі суду, ні копіяў пратаколаў мне не далі.

Суд доўжыўся мо якія хвіліны дзьве. Мне далі 15 сутак. Прывезьлі назад у камэру. Там хлопцы паказалі, што ў мяне ўся шыя ў крыві. Цікава, што гэтага не заўважыла судзьдзя. Ці зрабіла выгляд, што не заўважыла. Але праз тры днімяне вызвалілі. Я выйшаў з ІЧУ і зьдзівіўся. Там было шмат людзей. Былі валянтэры, якія прапанавалі адвезьці, куды мне трэба; былі псыхолягі; прапаноўвалі ежу і пітво. Нас сустракалі як герояў.

Мэдыкі дыягнаставалі ў мяне закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсеньне мазгоў, шматлікія кровападцёкі і гематомы. Дагэтуль адчуваю галавакружэньне і млосьць. Баліць хрыбетнік. Мне прызначылі МРТ усяго цела.

Калі я быў у ІЧУ, мяне вазілі на мэдыцынскі агляд у лякарню. Там я нічога не казаў пра зьбіцьцё, бо баяўся, што потым трэба было зноў вяртацца ў міліцыю. Але пазьней да мяне ў ІЧУ прыходзіў сьледчы, апытваў наконт зьбіваньня. Я расказаў яму, як было. Цяпер ён мне тэлефануе, просіць прыехаць у Мазыр, каб зноў даць нейкія паказаньні. Але я баюся. Ходзяць размовы, што тых, хто зноў трапляе ў гэтыя ўстановы, затрымліваюць і выпраўляюць у міліцыю. А што там будзе адбывацца, можна толькі здагадвацца. Яны пастараюцца зрабіць усё, каб схаваць свае злачынствы і каб пра іх ня стала вядома“.

Палеская Вясна

„Ці адновіцца слых пасьля выбуху гранаты, невядома“

Марыя Зайцава, 19 гадоў:

Марыя Зайцава

„На акцыю пратэсту я прыехала ў Менск з Гомеля. І ўжо месяц ляжу ў шпіталі. 9 жніўня выбухам шумавой гранаты мне парвала барабанную перапонку. На целе некалькі ранаў ад гумовых куляў. Ці адновіцца слых, невядома.

За гэты месяц шмат чаго адбылося, папраўдзе. Раны мае практычна зацягнуліся, але толькі некаторыя. Напрыклад, мая скронь — магчыма, вы бачылі фатаграфію ў інтэрнэце — на яе месцы была проста дзірка. Яе даволі добра зашылі, яна практычна цалкам загаілася. Але раны ад гумовых куль на сьцягне ўсё яшчэ не загаіліся.

Я перанесла дзьве апэрацыі для выдаленьня амярцьвелых тканак, таму што гумовыя кулі выклікаюць нэкроз. Гэта ня толькі ў мяне так, шмат у каго з пацярпелых на мітынгах такая праблема была. Магчыма, іх зашыюць і яны ўрэшце загояцца.

Мяне двойчы аглядаў оталярынголяг у іншай клініцы. Наколькі я зразумела, у мяне парваная сама перапонка, плюс зрушыліся косьці ўнутранага вуха і нешта яшчэ з самім слыхавым нэрвам. Ён крыху пашкоджаны, праўда, ня ведаю нават, ці можна гэта будзе аднавіць самастойна. Месяц мінуў — нейкай асаблівай розьніцы я не заўважаю. Таму ўсё ж такі, напэўна, патрэбна будзе апэрацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гумовыя кулі выклікаюць нэкроз». 19-гадовая пацярпелая падчас пратэстаў у Менску ўжо месяц у шпіталі

Калі б я ведала, чым усё гэта можа абярнуцца, думаю, я паступіла б дакладна гэтаксама, калі б вярнулася ў часе на месяц назад. Абсалютна не шкадую аб тым, што адбылося. Думаю, гэта было нават неабходна. Я не шкадую, што прыехала ў Менск на пратэсты, прынамсі, я паспрабавала зрабіць свой унёсак у тое, што адбываецца. І я вельмі спадзяюся, што ўсе ахвяры — і мая, і іншых людзей — усё ж былі недарэмныя.

Мне вельмі дапамагае падтрымліваць баявы дух тое, што адбываецца на вуліцах. Я бачу, што людзі не здаюцца, што яны падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта выдатна, гэта дапамагае трымацца“.

„«Таварыш падпалкоўнік» забараніў называць званьні пры затрыманых“

Мікіта Сідаровіч, 16 гадоў, Горадня:

Мікіта Сідаровіч

„12 жніўня мы з двума сябрамі гулялі каля чыгуначнага вакзала. Мы былі непадалёк ад батальёну міліцыі. Адтуль выбеглі, можа, чалавек 20 АМАПу. Зь іншага боку пад’ехаў бусік, зь якога таксама чалавек 10 амапаўцаў выбегла. Нас затрымалі, паклалі тварам у падлогу, павялі ў батальён міліцыі. Калі вялі, мне ўдарылі каленам у твар, у мяне засталіся сінякі. Нас завялі ў батальён, паклалі за машыны, там пазначылі зялёнкай, пабілі. Пра зялёнку яны нічога не тлумачылі, проста сказалі нас пазначыць і ўсё. Я ня ведаю, што гэта значыць.

Можа, 10 хвілін мы там паляжалі. У нас забралі тэлефоны, паглядзелі фотаздымкі, сацыяльныя сеткі, чым мы там займаліся, можа, мы актывістамі былі. Потым паднялі, паставілі тварам да аўтазаку, рукі, ногі растапыраныя. Так мы стаялі каля гадзіны. Там пэрыядычна таксама білі.

Калі я правільна памятаю, да аднаго з амапаўцаў зьвярнуліся «таварыш падпалкоўнік», і ён сказаў не называць званьні пры затрыманых. Потым нас пасадзілі ў аўтазак, там мы хвілін 15 пасядзелі. Потым перавялі ў іншы аўтазак. Тады мы ўжо паехалі. Пакуль мы езьдзілі, пасадзілі яшчэ мужчыну і жанчыну.

Мы прыехалі ў РАУС на Гая. Нас усіх вывелі. Я бачыў, як жанчын зьбівалі нароўні з мужчынамі. Нас паклалі, білі дручкамі, рукамі, нагамі, усім. Найбольш балюча, калі білі палкай у раёне ног і ягадзіц. Усе людзі крычалі ад болю.

Потым нас павялі ў будынак РАУС на 3 паверх. Потым запыталіся ўзрост. Мы сказалі, што 16 гадоў, тады адвялі ў кабінэт на 2 паверсе. Нас хацелі пасадзіць у ізалятар, але там не было месца.

У мяне забралі тэлефон, у сябра зламалі тэлефон. Мы далі паказаньні, на нас склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі, мне далі 270 рублёў штрафу, і ўсё. Калі мяне затрымлівалі, я думаў, што мне асабліва нічога ня зробяць. Я думаў, што біць ня будуць“.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

„У мяне, як у сусьліка, пачалі страляць проста так“

Аляксандар Варапаеў, 68 гадоў, палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы:

Аляксандар Варапаеў, фота TUT.BY

„9 жніўня ў Менску пачаліся праблемы з інтэрнэтам, і даведацца, што адбываецца на вуліцах, было складана. Але ўвечары 10 жніўня я пачуў ад людзей шмат супярэчлівай інфармацыі. Маўляў, у раёне ўнівэрсама «Рыга» пратэстоўцы ідуць у атаку на АМАП, будуюць барыкады, а сілавікі ў іх страляюць. Гэта мяне ўразіла, бо я ведаю, да чаго прыводзілі сутыкненьні ў гарачых пунктах накшталт Тбілісі і Сумгаіта ў канцы 1980-х.

Таму я неадкладна паехаў да ўнівэрсама «Рыга», каб убачыць усё на свае вочы і паспрабаваць прадухіліць нэгатыўныя масавыя дзеяньні людзей, калі яны там будуць. Бо я ведаю, што такое эфэкт натоўпу і падмена паняцьцяў. А яшчэ я ведаю, што такое пабітае дзіця — кім бы яно ні было.

Я прыйшоў да «Рыгі» каля поўначы. Убачыў там чалавек 80. Парушэньняў грамадзкага парадку не было, усе былі ў нармальным, прыўзьнятым стане. Якіх-небудзь бачных прыкмет, якія сьведчаць пра наяўнасьць масавых беспарадкаў, відаць не было. Разам з тым асобныя хлопцы спрабавалі «дабудаваць» са сьмецьця спаруды, якія перашкаджаюць праезду транспарту. Натуральна, я падбадзёрыўся, што пагалоска пра масавыя беспарадкі катэгарычна не адпавядае рэчаіснасьці. Разам з тым, усьведамляючы магчымую рэакцыю органаў правапарадку, я выказаўся пра недапушчальнасьць, а таксама абсурднасьць процідзеяньня ім. Я прапанаваў прыбраць сьмецьце з дарогі і не перашкаджаць руху спэцыяльнага і грамадзкага транспарту. Было прыемна, што некаторыя прапановы былі прынятыя. Я яшчэ раз пераканаўся, што там сабраліся адэкватныя людзі. Прабыўшы там усяго 10-15 хвілін, пайшоў дахаты пешаходнай дарожкай каля ўнівэрсама «Рыга».

Аляксандар Варапаеў, фота TUT.BY

Нечакана ззаду, з боку скрыжаваньня вуліц Куйбышава і Сурганава, прагучаў моцны гукавы сыгнал. Павярнуўшыся, я ўбачыў, як спэцбронеаўтамабіль камуфляжнай расфарбоўкі на хуткасьці 30-40 кілямэтраў у гадзіну паварочвае з вуліцы Куйбышава на вуліцу Сурганава. Людзі разьбегліся, я застаўся на тратуары адзін. Для таго, каб работнікі праваахоўных органаў не прынялі мяне за асобу, якая можа патэнцыйна пагражаць іх бясьпецы альбо бясьпецы грамадзян, я падняў рукі і стаў апускацца на калені. Далоні я трымаў раскрытымі, каб было відаць, што ў мяне ў руках нічога няма. Тратуар, дзе я знаходзіўся, добра асьвятляўся, я знаходзіўся тварам да спэцбронеаўтамабіля.

У гэты ж момант зь люка на даху машыны паказаўся чалавек у спэцформе і два разы прыцэльна стрэліў у мяне, трапіўшы гумовымі кулямі ў жывот і нагу. Вынік (ён жа дыягназ) — агнястрэльная кулявое сьляпое пранікальнае раненьне жывата з пашкоджаньнем парожняй кішкі і вялікага сальніка, плюс раненьне левай нагі. Я ўдзячны хлопцу, які аказаў мне першую дапамогу, а таксама лекарам вайсковага шпіталя.

Адлегласьць паміж мной і стралком была каля 20 мэтраў. Таму я лічу, што стаў ахвярай недапушчальнага куражу з боку таго, хто страляў, і поўнай незаконнасьці яго дзеяньняў. Я папрасіў Сьледчы камітэт устанавіць асобу стралка і даць ягоным дзеяньням прававую ацэнку. Я таксама напісаў і заяву ў пракуратуру.

Аляксандар Варапаеў, фота TUT.BY

Ужываньне зброі было цалкам незаконным, бо я стаяў адзін і навідавоку. А ў мяне, як у сусьліка, пачалі проста так страляць. Я 25 гадоў ахоўваў дзяржаву і народ — і для мяне гэта проста па-за межамі. Больш за тое, ён бы ня трапіў у мяне, калі б я ня быў чалавекам, выхаваным у павазе да закону, і ня думаў бы, што міліцыя — гэта орган, які абараняе мяне. Тады я б проста сышоў ад стрэлу. Так, вядома, можна сказаць, што мне трэба было сядзець са сваёй грамадзянскай пазыцыяй дома. А з другога боку, можа, мая грамадзянская пазыцыя выратавала кагосьці ад кулі.

Цяпер, пасьля сямі дзён у вайсковым шпіталі, я праходжу рэабілітацыю. Але хвалюе мяне ня столькі тое, што адбылося асабіста са мной, колькі ўвогуле тое, што адбываецца ў краіне. Я не зьяўляюся прыхільнікам каго б там ні было, а зьяўляюся прыхільнікам беларускай дзяржаўнасьці, якая не павінна быць завязанай на канкрэтную асобу.

Інтарэсы дзяржавы — гэта інтарэсы народу. Навошта нам ламаць ногі, скажам, работніку Менскага трактарнага заводу, калі ён тады заўтра ня выйдзе на працу? Навошта, каб у краіне скончыліся нармальныя адносіны? Мы што, дажылі да таго, што ў ХХІ стагодзьдзі трэба ўсё вырашаць з дапамогай цэглы і дубінкі? Ня трэба было наогул ужываць ніякіх спэцсродкаў супраць грамадзян. Толькі дыялёг!

Я ведаў і ведаю дзясяткі прафэсіяналаў, пачынаючы ад участковага і заканчваючы апэратыўнікам, якія выйдуць і хоць бы проста пагутараць зь людзьмі. І гэта ўжо зьнізіць напал. А ў нас атрымліваецца — ідуць жанчыны па тратуары на праспэкце, а АМАП перагароджвае ім дарогу і кажа, што яны парушаюць закон. Які закон? Чаму людзям нельга хадзіць па сваёй краіне? Хай бы яны сказалі хаця б тое, што ім далі загад не прапускаць людзей у мэтах іх жа бясьпекі. Частка пратэстоўцаў іх бы не паслухалася, а другая частка — паслухалася.

Аляксандар Варапаеў, фота TUT.BY

Я перакананы, што грамадзтва ня толькі гатовае, але і чакае дыялёгу. Дыялёг магчымы — і ён ужо пачаўся. Напрыклад, асобныя дэпутаты ўжо ўзяліся, таму што ў іх ёсьць душа, сумленьне і яны разумеюць дзяржаўныя інтарэсы. А яшчэ хачу нагадаць, што творчая ініцыятыва мас у свой час нарадзіла саветы. І гэтыя парасткі ня трэба гасіць.

Трэба разьбірацца і разглядаць усе заявы аб ужываньні сілы. Сьледчая праца — гэта вельмі сур'ёзная рэч, і ёй трэба неадкладна пачынаць займацца. Таму што больш за шэсьць тысяч чалавек было затрымана — і яшчэ няма ніводнай справы.

Самае страшнае, калі нянавісьць да аднаго супрацоўніка міліцыі ці да пэўнай катэгорыі супрацоўнікаў міліцыі перарастае ў страту даверу да ўсіх органаў улады. Але пакуль, на жаль, замест дыялёгу ўлада працягвае рабіць памылкі.

Напрыклад, навошта было зганяць у горад БТРы? Навошта такі АМАП, які трэба абараняць БТРамі? Няма ніводнай перакуленай сьметніцы — якія тут патрэбны дубінкі і БТРы? Дастаткова аднаго нармальнага ўчастковага, які стане і скажа: «Хлопцы, давайце пагаворым». А калі ў кагосьці вытрымкі няма, то ня трэба працаваць у міліцыі. Я разумею інтарэс улады, я разумею патрэбу народу ў дэмакратыі, але так нельга сябе паводзіць адказным асобам — вы ж ставіце пад пагрозу дзяржаву! А наша агульная задача — зьберагчы людзей і не раскалоць грамадзтва“.

TUT.BY

„Хлопцы прасілі: «Братачкі, ня біце больш”. Але тыя білі зь яшчэ большым азьвярэньнем“

Amir Al-Haidar:

„Нас затрымалі ў Менску ў ноч з 11 на 12 жніўня на скрыжаваньні вуліц Куйбышава і Багдана Хмяльніцкага за 500 мэтраў ад нашай кватэры. Мы ехалі ў машыне разам з мэдыкамі-добраахвотнікамі, якія ласкава пагадзіліся падвезьці нас дадому — у горадзе перастаў хадзіць транспарт.

Паварочваючы на вуліцу Багдана Хмяльніцкага, мы заўважылі, што супрацоўнікі АМАП вяжуць хлопца, а бліжэй да ўнівэрсаму «Рыга» ўбачылі вялікую колькасьць супрацоўнікаў унутраных спраў і людзей, якія ляжаць на зямлі. Кіроўца нашай машыны прыпыніўся, і мы — гэта была найвялікшая дурасьць — запыталіся ў супрацоўнікаў АМАП, ці не патрэбна мэдычная дапамога. Амапавец нешта рэкнуў у наш бок, але, мабыць, наш кіроўца недачуў і спрабаваў перапытаць. У гэты момант амапавец падбег да аўтамабіля, кінуў у бок машыны сьвятлашумавую гранату, наставіў на нас вінтоўку, загадаў выйсьці з машыны і легчы на дол. Усё разьвівалася вельмі імкліва: не ставала часу, каб усё ўсьвядоміць. Я пачуў выбух пад коламі, потым убачыў рулю вінтоўкі перад сваім тварам, і ў наступную сэкунду я ўжо даваў нырца рукамі наперад у асфальт: гэта не такая простая задача — выскачыць зь мінівэна і хутка легчы на зямлю.

У тую ноч у тым раёне

Нам загадалі легчы і ўзяць рукі ў замок над галавой. У першыя сэкунды я адчуў велізарнае пачуцьцё крыўды, што нас схапілі ў пустым горадзе, побач з домам. Наступным пачуцьцём быў страх, што будуць біць нагамі, а ты ня зможаш абараніцца. Мне загадалі выцягнуць з кішэні тэлефон і паказаць дадатак «Галерэя». Я дастаў тэлефон з кішэні, ён быў разраджаны. Прадэманстраваўшы гэта, я папрасіў прабачэньня перад супрацоўнікамі АМАП. Яны загадалі вярнуць тэлефон у кішэню.

Зьявілася надзея, што нас могуць адпусьціць. Я пачуў, што Насьці загадалі падняцца і яна стаіць каля аўтамабіля міліцыі. У яе пытаюцца, хто мы, што рабілі і чаму тут апынуліся. Мяркуючы з размовы, яна амаль пераканала супрацоўнікаў, што мы тут жывём і што апынуліся тут зусім выпадкова — мы ня маем дачыненьня да хлопцаў-мэдыкаў (пасьля я даведаўся, што ў гэтую ноч яны лютавалі супраць мэдыкаў, маўляў, як гэта так, мэдыкі дапамагаюць пратэстоўцам? Тут, маўляў, не вайна, каб Чырвоны Крыж удзельнічаў).

Пакуль я ляжаў і ўважліва слухаў размову з Насьцяй, нечакана адчуў воплеск і смыленьне ў раёне ягадзіц — гэта быў першы ўдар гумовай палкай за ноч. Паколькі я не чакаў гэтага, болю ў момант удару практычна не адчуў, толькі пасьля. Злавіў сябе на думцы, што калі гэта і ёсьць эфэкт ад удару дубінкай, то ня ўсё так дрэнна — ня так ужо балюча. Праз пару хвілін я атрымаў удар па сьпіне і супрацоўнік АМАП задаў мне пытаньне: «А цяпер адчуў боль?». Я вырашыў падыграць яму і адказаў: «Так». Ён схапіў за матузок з крыжыкам на маёй шыі, хацеў вырваць і спытаў: «Колькі табе заплацілі за гэта?». Я адказаў, што гэта крыжык, я праваслаўны. На што супрацоўнік сказаў: «Окей, крыжык можна». Мабыць, ён думаў, што ў мяне ёсьць нейкая сымболіка на шыі.

У тую ноч у тым раёне

Побач моцна білі мэдыкаў, і я падумаў, што, напэўна, Насьці ўдалося даказаць ім, што мы выпадковыя людзі. З аднаго боку, вельмі спадзяваўся, што нас адпусьцяць дадому, з другога, вырашыў, што, нават калі не адпусьцяць, усё ня так ужо дрэнна — пройдзем усё гэта, раз нас ужо прынялі, пабачым, як усё адбываецца знутры (я і здагадацца ня мог, што нас насамрэч чакала ў тую ноч)!

Затым падышлі яшчэ супрацоўнікі АМАП. Мабыць, сярод іх быў нейкі камандзір, які прымае рашэньне, забіраць нас ці не. Ён хутка вырашыў, што мы іхныя кліенты, што нас трэба пакаваць. Рук нам ня зьвязвалі, бо ў іх скончыліся сьцяжкі. Нам загадалі ўстаць і бегчы ў міліцэйскі мікрааўтобус. Па дарозе нас білі — я запомніў удар кулаком у левую скронь. На сэкунду я быў агаломшаны гэтым ударам. Але ўсьвядоміў, што ўдар быў кароткі, так што ніякага страсеньня быць не павінна. Я лёг на двух людзей, якія былі ў салёне аўтамабіля. На мяне лёг адзін з мэдыкаў — яны абодва былі вельмі моцнага целаскладу. Ад вагі мужчыны балела сьпіна, затое мяне ня білі — білі таго, хто ляжаў зьверху, так што ў чымсьці пашанцавала.

Мы ехалі ў машыне з хвіліну. З машыны мяне вывеў супрацоўнік АМАПу, малады хлопец. Ён сказаў: «Братан, ня бойся, усё будзе добра!». Ён паклаў мяне на траву і папрасіў паказаць мой твар. Я паглядзеў на яго. Ён сказаў ляжаць спакойна, рукі ўзяць за галаву ў замок. Падышоў нейкі іншы супрацоўнік, з голасу мужчына гадоў за трыццаць. Ён абражаў нас і біў мэдыкаў. Пагражаў, што будзе масажаваць ім прастату дубінкай. Мяне абзываў “петушарай” і біў нагой па руках, якія былі за галавой. Я некалькі разоў выцяўся тварам аб зямлю і думаў толькі пра тое, каб ён мне не разламаў чэрап. Потым ён падышоў ззаду і пачаў ціснуць на ступакі, пагражаючы, што пераламае шчыкалаткі. Я ляжаў і ня рухаўся. Мяне спыталі, дзе мяне затрымалі. Я адказаў, што каля дома. “А дзе твой дом?” — “Вуліца Якуба Коласа”. — “А дзе затрымалі?” — “На Куйбышава”. Склалася ўражаньне, што гэтыя хлопцы дрэнна ведаюць Менск. Напэўна, яны зь іншых гарадоў, падумаў я.

Турма на Акрэсьціна

Нам загадалі легчы на бок, ногі пад сябе, стаць на калені — гэта ня так проста зрабіць з такога становішча — і павялі ў аўтазак. Трэба было трымаць галаву ніжэй, а я трымаў яе прама, за гэта мяне на парозе аўтазака шмат білі. Мне прыйшлося сымуляваць, што ў мяне сэрца забалела, я пачаў дрыжэць. Яны спыталі, што з табой? Я адказаў: сэрца. «А калі на вуліцу выходзіў, сэрца не балела?» Але біць перасталі. Калі запіхвалі ў аўтазак, прымусілі дастаць з кішэняў усе рэчы і кінуць у машыну. Убачыўшы мой мабільнік, адзін з супрацоўнікаў АМАПу зусім нармальным голасам спытаў: «Што гэта за тэлефон, Xiaomi?» — «Не, айфон XR», адказаў я. Запхнулі мяне ў камэру ў аўтазаку — там былі яшчэ два чалавекі. Я сядзеў у іх на каленях. Так мы ехалі хвілін 10-15.

Машына спынілася, і я пачуў голас Насьці. У яе спыталі, ці ўсе рэчы з сабой, на што яна адказала сьцьвярджальна. Затым яе выпусьцілі. Таксама я чуў жаночы голас наглядчыц турмы. Я чамусьці тады паверыў у тое, што Насьцю выпусьцяць адразу ж з аўтазака і скажуць ісьці дадому, калі рэчы пры ёй. Гэтая здагадка была памылковай — Насьця правяла там толькі на адны суткі менш, чым я. Але гэтая памылковая здагадка дала мне сілы верыць, што зь ёй усё ў парадку і яе няма ў гэтым жахлівым месцы.

Мы некалькі хвілін сядзелі ў камэры ў аўтазаку, чакаючы, што нас пачнуць выпускаць. Супрацоўнікі АМАПу сьмяяліся, казалі пра штосьці сваім, папярэдзілі нас, каб пры выхадзе мы беглі вельмі хутка. Я зразумеў, што зьдзекі і зьбіваньне ня скончацца.

Каля турмы на Акрэсьціна

Вось ужо нас выводзяць, рукі за сьпінай, галава долу — я ня бачу нічога, акрамя асфальту і зямлі. Нам загадваюць устаць на калені на траву ўздоўж мэталічнай агароджы турмы, галаву пакласьці на зямлю, а калені падціснуць пад грудзі — так званая «пастава эмбрыёна». Так мы правялі 5 гадзін. Стаяць гэтак вельмі складана, ногі дранцьвеюць, а калі паспрабуеш выпрастаць іх — адразу б'юць дубінкай. Я перакладаў вагу цела напераменку з аднаго калена на другое, потым пераносіў вагу цела на галаву. У адзін момант я адчуў храбусьценьне ў шыйным аддзеле хрыбетніка. Я спалохаўся, што магу зламаць шыю, таму пачаў больш нагружаць ногі.

Справа ад мяне былі хлопцы, якія ведалі адзін аднаго, можа быць, браты, а можа, сябры. Я раіў ім рухацца і зьмяняць становішча, наколькі гэта магчыма, каб ногі не дранцьвелі. Ахоўваў нас наглядчык турмы, не амапавец. Ён біў дубінкамі па ягадзіцах, але без азьвярэньня. Горш за ўсіх білі амапаўцы. Вельмі моцна білі мэдыкаў; хлопца, у якога быў нож; хлопца, які быў з дрэдамі, — яго ня толькі білі, але яшчэ састрыглі валасы, ім не спадабалася яго прычоска. Дзесьці справа ад мяне вельмі моцна зьбівалі чалавека. Ён прасіў іх ня біць больш, а потым ад адчаю ўстаў і спрабаваў абараніць сябе ад удараў. За гэта супрацоўнік са словамі: «На што ты разьлічваў, калі спрабаваў кінуцца на мяне?» неміласэрна стаў біць яго дубінкай. З голасу супрацоўніка я вызначыў, што ён дарослы — яму сапраўды за трыццаць — і больш-менш разьвіты, бо змог сфармуляваць такі складаны моўны абарот — «На што ты разьлічваў».

Каля турмы на Акрэсьціна

Але самае страшнае, што рабілася ў тым дворыку — гэта зьбіваньне людзей воддаль ад нас. Дзесьці ў глыбіні двара людзей білі бесчалавечна, іх білі так часта і з так разьюшана, што я ніколі ня чуў ні такіх стогнаў і крыкаў, ні такіх гукаў ад удараў па целе. Было такое адчуваньне, што б'юць па нейкай напоўненай плястмасавай бочцы або каністры. Некалькі чалавек білі аднаго, і я не магу паверыць, што адзін чалавек можа вынесьці столькі ўдараў.

Я ляжаў, прыслухоўваўся, маліўся Госпаду Богу, каб мяне не зрабілі інвалідам і адначасова маральна рыхтаваўся годна стрываць усе гэтыя ўдары. Думаю, што кожны з нас, прывезеных туды, рыхтаваўся стаць наступным. Хлопцы, якіх малацілі, прасілі ня біць больш, паважліва прасілі амапаўцаў: «братачкі», «мужыкі», «таварыш камандзір», ня біце больш. Але тыя не супакойваліся, больш за тое — разьюшваліся і білі зь вялікім азьвярэньнем, укладваючы ва ўдары ўсю вагу свайго цела, наносілі ўдары з крыкамі і крэкчучы на выдыху. Пагражалі, што заб'юць людзей, пыталіся рытарычна: “Пераменаў захацеў? Ваяваць захацеў?”… Адзін хлопец ад адчаю пачаў крычаць «Ганьба», і тыя яго проста забівалі, як парася. Другі сказаў: «Мужыкі, лепш застрэльце мяне. Я больш не магу!».

Я задумаўся над тым, што гэта ўсё ж не турма, гэта не канцлягер, — гэта праекцыя пекла на зямлі. Як быццам нетры зямлі адчыніліся і кавалачак пекла вылез з пароды вонкі. І мы ўсе тут павінны прайсьці 9 колаў пекла паводле тых «грахоў», якія ўчынілі. У кагосьці быў нож, хтосьці быў у камуфляжных штанах, нехта ў берцах; у кагосьці пры сабе былі рацыі, адгазьнік; у кагосьці нібыта выявілі выбуховы пакет; хтосьці, ня дай Бог, аказваў супраціў; хтосьці стаяў у счэпцы; хтосьці быў мэдык; у кагосьці на руцэ была белая стужка, у кагосьці бел-чырвона-белы сьцяг; хтосьці быў апрануты ў белае. Усіх яны клясыфікавалі, адзначалі балёнчыкам з фарбай: на майках, байках пісалі “нож” ці малявалі крыж. Адпаведна, кожнага з нас чакала кара, суразьмерная яго «граху». У мяне нічога не было, нейкім чынам нам з Насьцяй, відаць, удалося пераканаць іх, што мы ня мэдыкі, таму мяне ня білі вельмі моцна.

Каля турмы на Акрэсьціна

Я прыслухоўваўся, пра што гаварылі супрацоўнікі паміж усімі гэтымі зьверствамі. Звычайныя размовы: хтосьці просіць цыгарэту, хтосьці вады, нехта сьмяецца, абмяркоўвалі, што трэба ўвесьці камэнданцкі час і іншае. Потым у нас спыталі прозьвішча, імя і дату нараджэньня. Пры гэтым білі. Мяне ўдарылі 2 разы дубінкай. Пасьля другога ўдару супрацоўнік МУС сказаў: «Хач ё…ный». У гэтыя моманты слоўныя абразы ніяк ня дзейнічалі на псыхіку, мне было ўсё роўна, кім і чым мяне абзавуць — абы захаваць здароўе. Таксама спыталі: «Грамадзянін чаго?». Я пабаяўся тады сказаць, што ў мяне ёсьць другое грамадзянства Рэспублікі Ірак, бо мой пашпарт скончыўся яшчэ 10 гадоў таму, для яго падаўжэньня трэба было ехаць у Ірак, а там было ня менш небясьпечна, чым цяпер у Беларусі. Быць можа, мяне адвядуць, пачнуць наводзіць даведкі па базе іншаземцаў, высьветляць, што я лічуся як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, выкрыюць падман і заб'юць да сьмерці. Таксама я ня ведаў ступень іх юрыдычнай адукацыі. Магчыма, яны не павераць, што ў грамадзяніна Беларусі можа быць другое грамадзянства і яны, як некаторыя недасьведчаныя людзі, лічаць, што гэта немагчыма, і будуць біць.

У «паставе эмбрыёна» мы правялі ня менш за пяць гадзін. Затым нам загадалі падняцца і бегчы па дыяганалі ў памяшканьне турмы. Пакуль мы беглі, нас білі. Мне прыляцела як мінімум тры ўдары дубінкай па розных месцах. Мы забеглі ў памяшканьне, нас прымусілі стаць на калені ўздоўж сьцяны і разьдзецца. Пакуль разьдзяваліся, рэчы абшуквалі. Ззаду нас я бачыў два пакеты: адзін вялікі з тканіны, другі маленькі цэляфанавы. Я падумаў, няўжо нас тут заб'юць, а пакеты для трупаў? У мяне ва ўнутранай кішэні джынсавай курткі знайшлі бранзалет з фэстывалю Lolapolooza ў Бэрліне. Адразу спыталі:”Гэта што?” (мабыць, думалі, што нейкая сымболіка). Адказаў. Далей рэпліка: «Крута. Там быў “Рамштайн”?». Я сказаў, не было, а былі Imagine Dragons. «Клас!» — чую ў адказ. Ад хоць якога чалавечага стаўленьня і размоваў там сэрца радуецца і напаўняецца надзеяй, што ня ўсё страчана, калі там могуць быць нармальныя хлопцы. Пасьля гэтай размовы адагнаў думкі пра гібель. Нам загадалі ўсе каштоўнасьці і матузкі скласьці ў маленькі пакунак. Я вырашыў спытаць, што рабіць з крыжыкам, — вельмі не хацелася зь ім расставацца. У адказ атрымаў нейкую пагрозу. Вырашыў, што больш бясьпечна ўсё ж будзе зьняць крыжык і скласьці ў пакет.

Турма на Акрэсьціна

Далей нам загадалі ўзяць нашу вопратку і голымі бегчы цугам па калідоры. Мы прыбеглі ў памяшканьне 10 на 10 мэтраў на вуліцы, дзе было шмат хлопцаў, якія стаяць на каленях і локцях галавой долу. Гэтаксама мы, голыя, таксама сталі, чакаючы, што з намі будзе далей. Аднекуль з засьценкаў даносіліся жудасныя гукі зьбіваньняў, стогны і пякельныя крыкі. У нас спыталі, ці хочам мы туды, у крывавую лазьню. «Не-не, таварыш камандзір!» Нам загадалі, стоячы на каленях, адзецца. Хто адзенецца апошнім зь дзесяці, той атрымлівае. Пачаў хутка апранацца, у мяне была куртка — як мінімум, на адну рэч больш, чым у тых, хто быў лёгка адзеты. Апрануўшыся, я зразумеў, што засталіся шкарпэткі. Было жаданьне не надзяваць шкарпэткі, але потым я падумаў, што гэта будзе несумленна ў дачыненьні да іншых, а таксама, што шкарпэткі будуць скамечаныя ў красоўках пад нагамі — гэта нязручна і холадна. Я апрануўся апошнім. Ахоўнік сказаў: «Можаш ужо не сьпяшацца, прымі годна!». Я падрыхтаваўся, прадыхаўся і атрымаў адзін моцны ўдар па сьпіне. Быў вельмі рады, што ня сэрыю ўдараў. Дарэчы, гэта быў апошні ўдар, які я атрымаў.

Ахоўнік з пэрыядычнасьцю ў некалькі хвілін біў іншых хлопцаў, задаваў пытаньні, праводзіў лекцыю з палітінфармацыі для нас: «Навошта вам гэта трэба? Вам што, дрэнна жывецца? Навошта вам гэтая Ціханоўская, яна ж хатняя гаспадыня! Паглядзіце на вашы крутыя шмоткі! У вас жа ва ўсіх айфоны! (Пра айфоны ўжо другі раз за ноч пачуў.) 26 гадоў жылі спакойна, стабільна, сыта! Вы хочаце ваяваць з намі? Мы ня хочам з вамі ваяваць! Мы хочам вас абараняць! Вы думаеце, мне падабаецца тое, што я раблю зараз? Мы змагаемся з забойцамі, гвалтаўнікамі, зладзеямі, чаму мы павінны змагацца з вамі!» Што я заўважыў з гэтай размовы. Мне здалося, што палітычная частка нагадвала нейкае шоў, быццам ахоўнік гаварыў на публіку. І не было нейкага энтузіязму і шчырасьці ў ягоных словах. Калі ж ён казаў, што гэта не ягоная праца з намі разьбірацца, што ён хоча нас ахоўваць, ягоныя кліенты — гэта забойцы ды іншыя, я адчуў, што чалавек гаворыць шчыра. Увогуле, склалася адчуваньне, што яны там спаборнічаюць, хто больш хваліць уладу, каб паказаць ляяльнасьць перад сваім і сумежнымі ведамствамі.

У гадзін 8-9 раніцы нам дазволілі ўстаць. На гэтай пляцоўцы, ня ведаю, што гэта, карцэр або шпацырня, мы прастаялі да вечара. Дзякуй Богу, у мяне была куртка, мне не было холадна. З намі быў хлопец бяз майкі, ён замярзаў. Я яму пэрыядычна даваў апрануць куртку, каб сагрэцца. Здавалася, што ўсе катаваньні ў мінулым; вызірнула сонца, і мы расслабіліся. Пачалі знаёміцца, размаўляць. Абмяркоўвалі і гадалі, што нас чакае далей. Спадзяваліся, што нас адпусьцяць, бо турмы, напэўна, ужо перапоўненыя, і сілавікі папросту ня ведаюць, куды нас падзець. Разважалі, куды мы трапілі. Бывалыя правапарушальнікі і маніфэстанты зоркім вокам адразу вызначылі, што мы на Акрэсьціна. Зьверху на тэрасе за намі сачыў супрацоўнік у масцы, ні на якія пытаньні не адказваў. Дзякуй Богу, зьявілася вядро, і ўпершыню за 12 гадзін я змог справіць патрэбу. Нам скінулі некалькі бутэлек вады, але да мяне яна не дайшла. Вады давалі мала і рэдка. Паколькі я стаяў далёка ад тэрасы, я так ні разу і не папіў да вечара. Тыя, хто лавіў бутэлькі, выпівалі ўсю ваду і дзяліліся толькі з тымі, хто побач. Гэта такі паказчык зьняволеных — у гэтых умовах усё думаюць толькі пра сябе, пра сваё выжываньне. Пачаліся невялікія сваркі паміж вязьнямі за ваду. Памятаю яшчэ, што калі чалавек чарговы раз папрасіў вады ў наглядчыка, які стаяў зьверху, той адказаў: «Пасцаць бы на цябе!».

Турма на Акрэсьціна

Некаторыя людзі грукалі ў дзьверы, клікалі супрацоўнікаў, прасілі ежы, скардзіліся на холад. Мы асуджалі такія паводзіны. Я разумеў, што з намі знарок абыходзяцца, як з быдлам, каб даць зразумець, што мы самыя нявартыя людзі ў краіне ў гэты момант. Мы баяліся, што празь незадаволенасьць пэўных асобаў нас паб'юць ці ня выпусьцяць. Мы чулі, што каля будынку на Акрэсьціна ўтварыўся пікет і дзяўчаты скандуюць: «Ганьба», «Выпускай», іншыя крычалкі. Гэта нас раздражняла, бо мы баяліся помсты за гэта. У суседнім карцары былі затрыманыя дзяўчаты. Яны абураліся, спрачаліся. Я ў чымсьці зайздросьціў іхнай адвазе. Усё ж дзяўчат не павінны біць так, як нас, і яны могуць сабе дазволіць абурацца.

Пакуль мы там стаялі, я думаў. Як так адбываецца, што людзі з адукацыяй і інтэлектам ніжэй сярэдняга б’юць і зьдзекуюцца зь мяне, чалавека з вышэйшай адукацыяй, з 11-гадовым досьведам працы юрыста і на кіроўных пасадах, які гаворыць на чатырох мовах? Такая дзяржава проста нявартая мяне. Як так атрымалася? Да мяне прыйшла думка, і я выказаў яе хлопцам уголас, што цяпер для ўлады мы горшыя за бандытаў, забойцаў і самых заўзятых ліхадзеяў. Таму лепш нічога не патрабаваць, не абурацца, а годна моўчкі чакаць свой лёс.

Нам сказалі, што зараз прыедзе судзьдзя і будуць суды. Паступова пачалі выклікаць людзей на суды. З 127 чалавек, якія былі на пляцоўцы разам са мной, выклікалі максымум 30-40 чалавек. Людзі вярталіся. Хтосьці прызнаўся, што ён парушаў арт. 23.34 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў», хтосьці адмаўляўся. Мы адразу атачалі тых, хто вярнуліся з судоў, каб распытаць, што там адбываецца і як лепш сябе паводзіць там. Тыя, хто прызнаваўся, атрымлівалі па 10-11 сутак арышту. Тыя, хто спрачаўся, — 15 сутак, максымальнае пакараньне. Зьняволеныя падзяліліся на 2 лягеры: тыя, хто хацеў прызнацца, абы выйсьці як мага хутчэй і абы ня білі, і тыя, хто не згаджаўся. Паколькі большасьць людзей, як і я, удзелу ў мітынгу не прымалі, гэты выбар быў пакутлівы для нас. Адступіцца ад свайго сумленьня дзеля здароўя альбо рызыкнуць здароўем дзеля праўды? Я сказаў, што я юрыст зь вялікім досьведам. Пачаў кансультаваць людзей.

Паводле закону, вядома, я павінен быў усім раіць не прызнавацца. Але ў гэты дзень у гэтым месцы ў гэтых абставінах закону не было, ён не працаваў і быў жорстка патаптаны грубай сілай і амаральнасьцю сілавікоў. Я шмат думаў і перажываў, як паводзіцца ў маёй сытуацыі, што параіць іншым. Самае лепшае, што мне прыйшло ў галаву, гэта чакаць і спадзявацца, што нас выпусьцяць без суду, бо турмы перапоўненыя. А ўжо калі дойдзе да суду, то глядзець на сытуацыю і паспрабаваць пагаварыць з судзьдзёй, спытаць, ці дадуць меншы тэрмін, калі пагодзісься, ці не.

Каля турмы на Акрэсьціна

Таксама з прагматычнага пункту гледжаньня я разумеў, што ніякай магчымасьці прыцягнуць сьведак, выпатрабаваць доказы, заяўляць скаргі, хадайніцтвы, адвод судзьдзі, а ўжо пагатоў запатрабаваць запісу відэакамэры на вуліцах у месцы затрыманьня нам не дадуць. Я ацьверазіў некаторых хлопцаў, раскруціўшы ім сцэнар таго, што будзе. І раіў ім пагаджацца, бо суткі ці штрафы дадуць у кожным выпадку. Сказаў: “Якая ў нас мэта? Наша мэта — выйсьці адсюль як мага хутчэй, захаваўшы здароўе, а не дамагацца праўды. Таму лепш пагадзіцца і ня разьюшваць гэтых чарцей”. Гэта было цяжка, але я вырашыў для сябе, што так будзе лепш. На шчасьце, судоў супраць астатніх людзей, акрамя тых 30-40, не было, і гэты маральны выбар адпаў сам сабой.

Цэлыя суткі я ня спаў. Месца для таго, каб разьмясьціцца для сну ўсім 127 чалавекам, не было. Мы прыдумалі класьціся на падлогу на сьпіну, і кожны наступны чалавек клаўся паміж ног таго, хто ляжыць ззаду — выстройвалі такія шарэнгі вагончыкаў людзей уздоўж сьценаў памяшканьня. Ляжаць на падлозе было холадна, але затое мне ўдалося паспаць хвілін 30-40. Сон прыдаў сілы чакаць. Надвор’е рэзка псавалася, насьпяваў дождж. Мы прасілі нябёсы, каб не паліло. На шчасьце, неба ў той дзень да нас было прыхільнае. Недзе праз гадзіну нашы “вагончыкі” разваліліся: дранцьвелі ногі, у такім становішчы праспаць доўга было немагчыма. І пра добрае: гэта нас выратавала ад пераахаладжэньня.

Мы ўсталі і прастаялі яшчэ некалькі гадзін, пакуль нас не пачалі адводзіць па камэрах. Гэта таксама была катаваньне, бо, пачынаючы з абеду, прывозілі новых зьняволеных, і яны праходзілі кругі пекла: мы чулі з-за сьцяны, як чэрці ў чорным крычалі, білі і зьдзекаваліся зь людзей. На нас гаркнулі “Стаць да сьцяны!” і па дзесяць чалавек са словамі: «Вы скардзіліся на холад, зараз мы вам зробім горача» сталі кудысьці зганяць. Мы запомнілі, што на экзэкуцыю ноччу і раніцай таксама гналі па 10 чалавек са словамі: «Гэтых я ўжо адпрацаваў. Давай яшчэ дзясятачку на адпрацоўку».

Мы стаялі тварам да сьцяны і прыслухоўваліся, ці будуць крыкі. Крыкаў не было. Выводзілі па 10 чалавек досыць хутка, а таксама мы чулі, як грукаюць дзьверы, на падставе чаго я зрабіў выснову, што, хутчэй за ўсё, нас сартуюць па камэрах. Калі ж ахоўнік сказаў: «Вам тут было цесна. Цяпер будзеце гуляць па хатах», на сэрцы адлягло, бо я зразумеў, што сапраўды нас вядуць у камэры. Забяганьне ў камэру — гэта яшчэ тая гісторыя. Ты трымаеш рукі за сьпінай, галаву ўніз, тваё цела сагнутае амаль пад вуглом 45 градусаў, шыя павернутая налева. І ў такім становішчы, нібы авечка, ты бяжыш у сваю кашару. Я бачыў у тэлевізары, што так канваююць людзей у калёніях строгага рэжыму, асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы, але ніяк ня мірных маніфэстантаў.

Каля турмы на Акрэсьціна

У камэры мы сустрэлі трох хлопцаў, яны былі бадзёрыя, сьмяяліся. Іх затрымалі падчас пратэстаў 9-10 жніўня. Двое зь іх былі асуджаныя на суткі адміністрацыйнага арышту, адзін хлопец яшчэ чакаў суду. У двухмясцовай камэры нас стала 22 чалавекі. Ніякага нэгатыву пастаяльцы камэры ў сувязі з папаўненьнем не выказвалі, а наадварот, пачаставалі нас хлебам, патлумачылі правілы, дапамаглі разьмясьціцца. Месца было вельмі мала, першую ноч спаць было немагчыма — я спаў седзячы. Раптам успомніў пра нашу котку Клепу, яна засталася дома адна, бязь ежы. Калі мы з жонкай апынуліся тут, я вельмі разнэрваваўся, што нам дадуць па 15 сутак, а котка памрэ ад голаду. Потым я ўспомніў, што абачліва пакінуў ключ пад пярэднім амартызатарам сваёй машыны і сказаў маме і сястры, дзе ён ляжыць. Але я баяўся, што ў стрэсе яны забудуць пра гэта і не пакормяць нашага любімага зьвярка.

Спытаў у хлопцаў, колькі котка можа пражыць бязь ежы. Яны адказалі, што 10 дзён можа пражыць, яна будзе есьці шпалеры, кветкі… На сэрцы трохі адлягло, але я вырашыў, што буду прызнавацца, каб далі меней сутак. Акно нашай камэры выходзіла на вуліцу проста насупраць варот ЦІП Акрэсьціна. Я ляжаў на “пальме” (на фені так завецца верхняе ляжачае месца на нарах) і глядзеў у вакно. Раптам праз краты я ўбачыў, што на вуліцы насупраць акна сядзіць дзяўчына з русымі валасамі ў джынсавай куртцы і сьвеціць нейкімі ліхтарыкамі. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што яна трымае нейкага зьвярка пад курткай, падобна, котку. Доўга прыглядаўся праз краты, потым паклікаў сукамэрніка паглядзець. Ён пацьвердзіў, што бачыць дзяўчыну з коткай. Каля гадзіны я глядзеў у вакно, але твару дзяўчыны разгледзець ня мог. Увогуле, мне ўдалося пераканаць сябе, што з 90% імавернасьцю гэта была Насьця з нашай любімай коткай. Атрымалася адагнаць благія думкі, і стала лягчэй. Забягаючы наперад, скажу, што памыліўся.

У камэры мы шмат размаўлялі, жартавалі. Зь сьмешнага запомнілася дэманстрацыя адзін аднаму сінякоў і гематом ад дубінак на сьпіне, плячах і азадках. Мы глядзелі на форму сінякоў і адгадвалі ў іх абрысы розных рэчаў, контуры межаў Беларусі і іншых краін. Таксама падбадзёрвалі сябе тым, што Ленін сядзеў, Сталін сядзеў, Якуб Колас сядзеў, Пушкін быў у ссылцы — кожны нармальны мужык павінен адседзець хаця б раз.

Раніцай нам далі гарбату, 3 боханы чорнага і 2 белага хлеба, а таксама сечку. Памятаю момант, калі адзін хлопец вырашыў папрасіць у кухаркі мабільны тэлефон, каб зрабіць званок маме. Яна адказала: «Ёб…ся?» Некаторыя хлопцы ня елі ці не даелі кашу. Вяртаючы талеркі, у кухаркі спыталі, а што рабіць з пакінутай ежай, можа вярнуць яе вам, каб не выкідваць? На што атрымалі адказ ад ахоўніка турмы, які стаяў побач, нешта накшталт: «Зараз я табе ў…бу! Ану хутка вымыў!»

Паступова наша камэра пусьцела — кагосьці адпусьцілі, кагосьці выклікалі на суды, кагосьці, як мы вырашылі, перавезьлі адбываць суткі ў Жодзіна. На працягу дня да нас кожныя паўгадзіны-гадзіну прыходзілі супрацоўнікі турмы і называлі прозьвішчы людзей, а таксама прымушалі нас пісаць сьпіс нашай камэры не аркушы паперы. Нейкая блытаніна ў іх была. Да 5-6 гадзін дня нас засталося 11 чалавек.

Пратэстоўцы выходзяць з турмы на Акрэсьціна

Днём нас выклікаў наш ахоўнік — мы даведаліся, што яго завуць Сяргей, — і павёў на трэці паверх ізалятара. Ён сказаў, што мы можам ужо ісьці нармальна, не згінаючы галавы. Таксама выкарыстоўваў да нас слова «мужыкі». Мне здалося, што на другі дзень да нас ужо палепшылася стаўленьне. Там нас выклікалі да нейкага важнага афіцэра на допыт. Я ішоў другім. Першым выйшаў мой сукамэрнік са словамі: «Свабода! Сёньня нас выпускаюць!»

Я зайшоў у кабінэт, там быў прыемнага аблічча афіцэр гадоў 45. Ён мне сказаў, што мае права вырашаць, хто адмарозак, а хто разумны чалавек. Пасьля 15-20 хвілін гутаркі, ён сказаў, што мяне выпусьцяць. Я падпісаў паперу, што парушаў закон, раскайваюся і калі мяне яшчэ раз затрымаюць на мітынгу, то будзе крымінальная адказнасьць. Пачакаўшы астатніх хлопцаў, мы вярнуліся назад у камэру ў поўным захапленьні.

Мы прыбралі камэру і падрыхтаваліся, што з хвіліны на хвіліну нас могуць выпусьціць. Падзялілі і даелі рэшткі чорнага хлеба. Мінула гадзіна, другая, трэцяя, але ніхто да нас не прыйшоў. Частка хлопцаў пачалі засынаць. Уначы пачуўся грозны голас: «Устаць! Тварам да сьцяны!» Мы ўсталі, але да нас ніхто не зайшоў. Заўважылі, што гэта голас не Сяргея. Хоць бы не АМАП, падумалі мы. Прастаяўшы з паўгадзіны, некаторыя зноў вярнуліся спаць на нары і на падлогу. Я стаяў каля вакна і разам з сукамэрнікамі глядзеў, што адбываецца за тэрыторыяй ізалятара. Там утварыўся вялікі пікет. Хтосьці сказаў, паглядзіце, колькі там людзей: стаяць з катамі, сабакамі, шашлыкі смажаць. Потым мы даведаліся, што гэта валянтэрскі лягер і сваякі зьняволеных. Пачыналі адпускаць людзей, і мы глядзелі ў вокны. Калі выходзілі зьняволеныя, людзі пляскалі ў далоні. Але людзей выходзіла няшмат. Потым замест людзей пачалі выяжджаць “хуткія”, я налічыў штук 5-6, а можа, і больш. Таксама выяжджалі міліцэйскія грузавікі і машыны. Людзі на вуліцы пачалі абурацца, патрабавалі паказаць людзей, крычалі імёны. Абстаноўка была вельмі нэрвовая. Гэта было, напэўна, у 2-3 гадзіны ночы.

Уся наша камэра спала, я быў адзіны, хто ня мог заснуць. Чуў у калідоры мітусьню амапаўцаў, ляскат ключоў і дзьвярэй, шум дзесьці ў глыбіні будынка. Людзей з суседніх камэр выводзілі, кудысьці гналі. Я пачаў думаць і суадносіць «хуткія» і ўвесь гэты шум, і стаў баяцца, што яны дадаткова б’юць людзей перад тым, як выпусьціць (я ня ведаў тады, што некаторым цяжка зьбітым ня выклікалі мэдычную дапамогу своечасова). З суседняй камэры вывелі людзей. Я чуў, як адзін зьняволены сказаў, што ня можа ўстаць, бо яму зламалі хрыбетнік. Супрацоўнік АМАПу крыкнуў яму: «Устаць!». Людзі пабеглі некуды ўправа, праз “кармушку” ў дзьвярах камэры я бачыў, што бягуць «касманаўты», потым празь некаторы час чуў, як зьняволеныя беглі з правага боку налева. Далей я пачуў, як кагосьці цягнуць па падлозе. Мабыць, цягнулі таго чалавека, які ня мог устаць. Потым цягнуць перасталі. Мабыць ён сеў, абапіраючыся на сьцяну паміж дзьвярыма дзьвюх суседніх камэр.

Пратэстоўцы выходзяць з турмы на Акрэсьціна

Я чуў ягонае дыханьне. Ён дыхаў, нібы ў яго была дзірка ў грудзях, як быццам праз трубку. Мароз па скуры быў ад гэтых гукаў. Думаў, ня дай Бог, нас адправяць дадому на «хуткай». Адчыніліся нашы дзьверы, нас спыталі, калі нас затрымалі. Мы адказалі, што ў ноч з 11 на 12 і што нас павінны выпусьціць. На што супрацоўнік міліцыі спытаў, чаму гэта ён павінен нас выпусьціць? Мы растлумачылі. Ён сказаў: «Ну раз палкоўнік з цэнтральнага апарату сказаў, то адпусьцім».

Недзе праз гадзіну нас вывелі і паставілі ўздоўж сьцяны. Быў адзін супрацоўнік у міліцэйскіх штанах і чорнай байцы, бяз маскі, не амапавец. Ён спытаў, хто затрыманы 11 жніўня, паклікаў да сябе некалькі чалавек па адным і запхнуў іх у іншую камэру. Затым ён спытаў, хто затрыманы 12 жніўня. Паклікаў да сябе 1 чалавека, каб запхнуць у іншую камэру. Наступным павінен быў ісьці я. Пакуль мой таварыш ішоў у камэру, я злавіў позірк супрацоўніка турмы і паглядзеў яму ў вочы. Ён паклікаў мяне, спытаў грамадзянства і кім працую. Я сказаў, што ў мяне грамадзянства Беларусі, але яшчэ Іраку, і што ў мяне ІП і я дырэктар уласнай фірмы. Ён сказаў мне вярнуцца ў шыхт са словамі: «Лёс табе даў другі шанец».

Нам загадалі бегчы ўніз. Унізе было больш за сотню людзей. А таксама супрацоўнікі турмы і вайскоўцы з аўтаматамі. Быў таксама той супрацоўнік, які сартаваў нас на выхад, яшчэ аднаго я запомніў — ён выклікаў нас на суды.

Мы стаялі ўздоўж сьцяны, а насупраць, каля другой сьцяны, ляжалі нашы рэчы, раскіданыя, як на барахолцы. Вайсковец сказаў, што ёсьць хвіліна агледзецца і знайсьці вачыма свае рэчы. Я зразумеў, што гэта немагчыма, ды і было адно жаданьне — хутчэй выйсьці адсюль і паспрабаваць выратаваць хлопцаў, якіх, як я меркаваў, цяпер білі. Нас прымусілі яшчэ раз падпісаць прызнаньне і папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці, назваць анкетныя зьвесткі для ўключэньня ў базу. Хтосьці перада мной абураўся вайскоўцам наконт рэчаў. Я не разумеў гэтага: уцякай хутчэй, а то забяруць у камэру і скалечаць. Па дарозе я спытаўся ў двух розных супрацоўнікаў пра Насьцю, ці адпусьцілі яе і як пра гэта даведацца. Мне сказалі, што дзяўчат усіх адпусьцілі. У другога супрацоўніка, маладога мянта, я спытаў, ці білі дзяўчат. Ён мне адказаў, што тут нікога ня б’юць. У той момант на сэкунду злосьць рэзка ўскіпела ў жылах, але рацыяналізм узяў верх — мне заставалася некалькі крокаў да выхаду.

Валянтэрскі лягер каля Акрэсьціна

Як толькі я пераступіў парог турмы, мая мама абняла мяне. Сьледам я ўбачыў даўнюю знаёмую і сяброўку жонкі. Зьдзівіўся, навошта яны тут. Аказалася, іхныя сваякі таксама на Акрэсьціна. Я ўзяў тэлефон у мамы і патэлефанаваў Насьці, спытаў, ці білі яе, як там кошка і што трэба тэрмінова ратаваць людзей. Даведаўся, што яе выпусьцілі на суткі раней за мяне і, на шчасьце, яна не атрымала дубінкамі. Папрасіў сваю знаёмую напісаць сябру, у якога ёсьць сувязі ў сілавых ведамствах, каб выратаваць хлопцаў. Але было каля 6 раніцы — людзі сьпяць у гэты час.

Мой выхад зацягнуўся на добрыя паўгадзіны. Я хадзіў туды-сюды па добраахвотніцкім лягеры і пачаў плакаць ад адчаю. Стрэльнуў у кагосьці цыгарэту, выкурыў і адчуў сябе дрэнна. У мяне быў ціск 190/100 — гэта мой рэкорд на сёньняшні дзень. Мне ўкалолі магнэзіі ў «хуткай», ціск нармалізаваўся. Валянтэры папрасілі пазначыць свае імя і прозьвішча ў сьпісах, што я і зрабіў. Даваць інтэрвію адмовіўся.

Валянтэрскі лягер каля Акрэсьціна

У некаторых людзях я ўгледжваў прыкметы ціхароў. Да мяне падышоў чалавек, ён аказаўся доктарам, але да знаёмства зь ім я адразу спытаў: “Вы не сілавік?” Я яшчэ ня ведаў, што адбываецца ў краіне, што ўключылі інтэрнэт, рабочыя страйкуюць, а людзі масава выходзяць на мітынгі. Калі я выходзіў, думаў, што ўсе пакуты дарэмныя. Яшчэ ў камэры вырашыў, што хай яго хоць карануюць, але ніводнае чалавечае жыцьцё не павінна быць адабранае або скалечанае. Як толькі даведаўся пра ўсё, што адбылося за гэтыя 3 дні, натхніўся і зразумеў: усё было не дарэмна.

У валянтэрскім лягеры было вельмі шмат добрых людзей: я паеў, выпіў вады; прапаноўвалі гарбату, каву, цыгарэты, мёд, дапамогу псыхоляга, транспарт. Проста трапіў з карабля на баль. Прыехала Насьця. Мы пабылі яшчэ нейкі час у лягеры, а затым хлопец-валянтэр давёз нас да дому маіх бацькоў“.

„Лекар у вайсковым шпіталі палохаў, што трэба маўчаць і нікуды ня скардзіцца“

Крысьціна, 18 гадоў, Менск:

Крысьціна

„Гэта было каля «Пушкінскай» з 10 на 11 жніўня. Мы зь сябрам стаялі каля пад’езда дома. Раптам з аркі выбеглі амапаўцы і проста да маіх ног кінулі гранаты.

Я зрабіла пару крокаў у бок і зразумела, што ісьці больш не магу, села на зямлю і стала крычаць, каб яны спынілі стральбу. Але праз пару сэкундаў каля маіх ног выбухнула другая граната. У мяне быў велізарны шок, і я не разумела, што адбываецца.

Крысьціна, раны

Нічога не бачачы, я паклала руку на калена, так як яно моцна балела, адчула, што палец сыходзіць у калена. Нада мной зьлітаваліся і адправілі на «хуткую».

Крысьціна

Даставілі ў вайсковы шпіталь. Лекар запалохаў, што мне будзе дрэнна, будзе вялікі штраф і пасадзяць у турму, трэба маўчаць і нікуды ня скардзіцца. У мяне цалкам ня чула правае вуха, апёк ног і дзіркі, якія будуць доўга гаіцца. З калена лекары дасталі велізарны плястмасавы асколак гранаты“.

„Трэба кроў — бярыце маю. Не чапайце дзяцей“

Аляксей Путрыч, 33 гады, праграміст, Горадня:

Аляксей Путрыч

„12 жніўня я выйшаў з фатаздымкам дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Калі я прачытаў пра тую аварыю, зразумеў, што мушу нешта зрабіць. Я ўзяў фота дзяўчынкі і плякат з надпісам «Трэба кроў — бярыце маю. Не чапайце дзяцей», выйшаў на плошчу Леніна і стаў на калені. Міліцыянт у цывільным папрасіў прайсьці ў гарвыканкам і вывеў праз чорны ўваход разам зь яшчэ адным затрыманым.

Туды пад’ехаў сіні бус. За стырном сядзеў мужчына ў чорнай масцы і чорнай майцы, побач мужчына з банданай на шыі і барадой. Адчыніліся бакавыя дзьверы. Там сядзелі трое ці чацьвёра ў чорным зь пісталетам на рамяні. Спачатку кінулі таго мужчыну і пачалі біць. Мяне таксама кінулі на падлогу, пачалі біць кулакамі па нырках, лаяліся, абражалі.

Дзьверы зачыніліся. Адзін зь іх узяў дручок і пачаў малаціць мяне па ягадзіцах і левым сьцягне. Безупынна мяне білі, пакуль мы не даехалі. Куды мы ехалі, я ня ведаў. Думаў, што едуць закопваць, бо так, як нас білі, я думаў, што наўрад ці адпусьцяць.

Той, які сядзеў, біў мяне рукой па галаве, па корпусе, па нырках. Той, які стаяў, біў дручком. Казалі: «Мы вас усіх, вырадкаў, перастраляем». Запыталіся, кім працую. Сказаў, што праграміст. Гэта прывяло іх у яшчэ большае шаленства. Сказалі: «Што табе, х***ва тут жывецца? Вольнасьці захацеў». Гэта ўсё суправаджалася ўдарамі. Потым пачалі пытацца, колькі мне заплацілі. Я сказаў, што ніколькі. За гэта сталі біць яшчэ мацней. Той, хто біў дручком, сказаў, што ня спыніцца, пакуль я не назаву суму. Было жудасна балюча. Я сказаў, што мне заплацілі тысячу даляраў. Тады ён спыніўся.

Мы спыніліся, і я ўбачыў будынак Ленінскага РАУС. Падумаў, што хіба забіваць ня будуць.

Аляксей Путрыч, пабоі

Потым мне разрысавалі галаву, твар, рукі чорным маркерам, туга зацягнулі рукі плястыкавай сьцяжкай, завялі ў РАУС. Там мяне яшчэ раз ударылі, завялі ў пакой, пасадзілі на лаву. Вокны былі адчыненыя. Я ўбачыў, як зноў пад’ехаў гэты бус, я пазнаў, што там мае калегі. Я чуў, як іх заводзілі і білі. Чуў гукі моцных удараў і крыкі ад болю.

Мне дзіка пачаў балець бок, у мяне праблемы з ныркамі. Я папрасіў таблетку або выклікаць лекара. Потым прыйшоў супрацоўнік, сказаў мне ісьці ў спартовую залю. Я паспрабаваў устаць і ўпаў. Ён мяне хацеў падняць і пацягнуць, я зноў упаў. Тады яны вырашылі выклікаць «хуткую». Накідалі пратакол, далі расьпісацца. Лекары паклалі мяне на насілкі і завезьлі ў шпіталь.

Калі мне давядзецца ехаць у будынак Ленінскага РАУС, то я ня ведаю, як, бо мне страшна дагэтуль. Напэўна, яны ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці, таму мне страшна. Яшчэ большы страх таму, што гэта міліцыя“.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

„За 10 мэтраў ад іх забіваюць людзей, а яны абмяркоўваюць адпачынак у Турэччыне“

Арцём:

„Думаю, мяне затрымалі адным зь першых у Менску. Гэта было 9 жніўня на Нямізе. Я як ведаў, што ўсё дрэнна скончыцца, — узяў з сабой чамусьці два пачкі цыгарэт замест аднаго.

Мы ішлі ўтрох ад Першамайскай да стэлы, вуліцы былі падазрона пустымі, і я левым вокам пачаў вылоўліваць нейкіх мужыкоў у арках дамоў. Гэта потым іх «ціхарамі» назавуць, а тады гэта былі проста нейкія хлопцы з аднолькава напружанымі тварамі.

Калі ўбачыў шарэнгу вайскоўцаў, усё стала на свае месцы. Дамовіліся зь сябрамі, што, калі яны рушаць, бяжым уроссып. Ідзе каманда: «Наперад!» — шарэнга праходзіць мэтраў 50 і спыняюцца. Усе ўцякаюць, а ў мяне нейкі ступар у галаве. Я проста запальваю цыгарэту і стаю. Паняцьця ня маю, што на мяне найшло.

Па гэты бок на Акрэсьціна

Нейкі хлопец сьвядомы, гадоў дваццаці, схапіў мяне за локаць і паспрабаваў пацягнуць, але я застаўся. Зноў каманда «Наперад» — яшчэ 50 мэтраў. Калі ад мяне да шарэнгі засталося мэтраў 7, я зразумеў, што ўцякаць ужо позна ў прынцыпе. Хтосьці, напэўна камандзір, крыкнуў мне:

— Валі на*уй адсюль!

Былі б мы ў кіно, я, мабыць, павінен быў прамовіць у адказ якую-небудзь патасную фразу і памерці як герой. Я паглядзеў, што ні ў кога з вайскоўцаў няма ні пагонаў, ні нейкіх апазнавальных знакаў у прынцыпе, і чамусьці спытаў:

— Камандзір, а вы ў якім званьні? Я таксама служыў і таксама даваў прысягу.

— Так, гэты, па ходу, у аўтазак хоча!

Двое мяне заламалі, і яшчэ сем чалавек скінуліся па ўдары. Калі білі, было не балюча: відаць, ад адрэналіну. Прасіў, каб ня скручвалі рукі: маўляў, усё нармальна, я і так пайду. Скруцілі і ўвалілі яшчэ мацней. Па нагах, па азадку, пад дых.

Закінулі ў нейкі аўтобус. Наколькі я зразумеў, гэта быў іх службовы транспарт з амуніцыяй. Убачыў там нейкую штуку, падобную да гранатамёта. Як потым патлумачылі, гэтай фігнёй стралялі ў натоўп — гэта былі несьмяротныя гранаты з гумавым шротам унутры.

Нейкі хлопец закрычаў:

— Што ж вы з намі, як з быдлам нейкім?

Яму адразу ж прыляцела дубінкай у твар. З нашага аўтобуса яго білі больш за ўсіх.

Потым нас закінулі ў аўтазак, дзе людзей ужо было досыць шмат, даводзілася літаральна сядзець адно на адным. Я ўпаў на нейкага хлопца. Кажу яму:

— Прабач, братка, па-іншаму ніяк...

— Ды нармальна — усё ў адной лодцы ж. Затое па табе дубінкай больш пападаць будуць.

Па гэты бок Акрэсьціна

Нармальны, з гумарам такі чувак трапіўся. Сядзелі мы так доўга, і пэрыядычна нас трохі білі, каб не расслабляліся. Выслухоўвалі ўсе гэтыя: «Што ж вам, сукі, не жылося нармальна! Пераменаў яны захацелі — вось вам перамены!» Пераконвалі, што ў нас ёсьць нейкія каардынатары, якія самі сядзяць зь півам дома, а нас праплацілі і пад кулі пусьцілі. Адзін зь мянтоў — самы, дарэчы, адэкватны — сказаў наступнае:

— Хлопцы, мы яшчэ з вамі адсоткаў на 10 працуем ад таго, што мы можам зрабіць. Мы яшчэ вас абараняем, так што можаце «дзякуй» сказаць. АМАП бы з вамі не цырымоніўся.

І сапраўды, як я потым зразумеў, мне пашанцавала, што гэта былі ўнутраныя войскі — яны не такія азьвярэлыя. Калі нас пачалі пераганяць у іншы, амапаўскі, аўтазак, мы адчулі гэтую розьніцу. Тыя ўжо білі ўсіх: і дзяўчат, і ляжачых. І атрымлівалі, здаецца, ад гэтага задавальненьне. Як быццам іх вельмі моцна раззлавалі і надоўга зафіксавалі гэты стан.

Са старога аўтазака ў новы ўсе перабраліся больш-менш нармальна. Акрамя таго хлопца, якому па твары заехалі, — ён «шчупаком» выпаў з машыны тварам проста на асфальт. Здаецца, па яго потым прыехала «хуткая».

У новай машыне нас зачынілі, і мы проста сядзелі ўсярэдзіне. Нам трапіўся вельмі добры кіроўца. Ён прынёс нам папіць і ня выдаў, калі ў аднаго з затрыманых зазваніў тэлефон і на званку зайграла «Перамен». Мы аж у падлогу ўціснуліся — думалі, ну ўсё, зараз нас заб'юць. Не, ніхто не прыбег. Хтосьці дастаў пляшку, дзе было 200 грамаў каньяку. Забілі на каранавірус і раскацілі на чацьвярых, каб ня так страшна было.

У РАУС нас не павезьлі — адразу на Акрэсьціна. Там у камэру на чатырох набілі 24 чалавекі. Накармілі толькі ў канцы другога дня. Біць білі, але рэдка і, хутчэй, для галачкі. Мацней за ўсё даставалася хлопцам, якіх злавілі ў ноч з 10 на 11. Я тады ня спаў наогул — стогны затрыманых было чуваць да раніцы. Так чалавек крычаць можа толькі ў агоніі. Словамі гэта не перадаць.

У наша акно можна было ўбачыць кавалак унутранага двара і месца, дзе заяжджаюць аўтазакі. У гэтую ноч мы налічылі іх штук 20, а потым ужо перасталі лічыць. На вуліцы выбухі, крык, у калідоры размовы амапаўцаў у стылі: «Так, у гэтагагалава прабітая, а ў гэтага — адкрыты пералом нагі. Што рабіць будзем?»

Вішанькай на торце, якая дадала адчуваньне нейкага наркатычнага трызьненьня ад таго, што адбываецца, сталі дзьве жанчыны, работніцы ЦІП, якія выйшлі за вароты, каб пакурыць цыгарэтку, пасьмяяцца і абмеркаваць свае надзённыя пытаньні. За 10 мэтраў ад іх за мурам забіваюць людзей, а яны абмяркоўваюць адпачынак у Турэччыне.

З намі ў камэры сядзеў бывалы мужычок, увесь такі ў наколках. Ён увесь час паўтараў, маўляў, усё нармальна, пацаны, пасьля заканчэньня 72 гадзін яны павінны нас адпусьціць. І, калі трэція суткі ўжо падыходзілі да канца, мы рэальна падняліся ўсёй камэрай, пачалі грукаць у дзьверы і патрабаваць, каб нас выпусьцілі. Адкрылася кармушка, і «смотрящий» сказаў нам геніяльную рэч:

— Вас жа незаконна ўсіх затрымалі, так?

— Ну так...

— Значыць, і седзіце вы тут незаконна, зразумела?

Кармушка зачыніліся. Наступны раз, калі мы пачалі шумець, у гэтае акенца проста пырснулі пярцовым балёнчыкам. Прычым трымалі дзесьці сэкунду-паўтары.

Дыхаць было немагчыма. Я здагадаўся намачыць футболку ў ракавіне і наматаць на твар — стала крышку лягчэй. Гаварыць я ня мог, але паказаў хлопцам жэстамі, і яны зрабілі тое самае. Горш за ўсё прыйшлося нашаму «сядзеламу» мужычку — ладная частка зьмесьціва балёнчыка трапіла яму проста ў твар. Ён скурчыўся, пачырванеў, пачаў задыхацца. У камэры і так было, як у лазьні, а цяпер дыхаць стала яшчэ і фізычна балюча. Я думаў, што мы капыты адкінем усёй камэрай.

Суд быў, але зразумела, што гэта была чыстая фармальнасьць. Там сядзелі дзяўчаты гадоў па 20, толькі пасьля юрфаку, хутчэй за ўсё. Ім быццам і шкада нас, але пішуць, што сказалі. Каму 15 сутак, каму 10. Мы ўжо былі гатовыя да таго, што раней за тэрмін ня выйдзем. Тое, што нас раптам пачалі вызваляць, было поўнай нечаканасьцю.

Па гэты бок Акрэсьціна

Больш за тое, я ўвогуле не чакаў, што народ выйшаў на мірныя пратэсты і ў горадзе нейкі пазытыўны варушняк адбываецца. Мы бачылі толькі выбухі і аўтазакі ў шчылінку ў вакне, таму былі ўжо ўпэўненыя, што ўсіх пабілі, запалохалі і пратэст згарнуўся.

Калі я выйшаў за вароты і ўбачыў столькі людзей, пачаў усьміхацца ва ўсю пашчу. Да гэтага часу з гэтых фота ўсе рагочуць: вакол усе бітыя, спалоханыя, а я як з курорту вярнуўся. Папраўдзе ў мяне заўсёды такая рэакцыя, калі сяброў бачу, а тут я пагатоў быў нерэальна шчасьлівы.

Зьяжджаць пакуль нікуды не пляную. У нядзелю быў на маршы, нягледзячы на забарону, — гэта было проста сьвята нейкае. Рады ўжо хаця б таму, што больш нічога не выбухае і нікога не затрымліваюць. Спадзяюся, што далей будзе толькі лепш“.

citydog.by

„Па зламанай назе білі дубінкамі, берцамі, нагамі…“

Дзіма (імя зьмененае), 37 гадоў, Менск:

„Дзявятага жніўня мы прагаласавалі, потым сустрэліся зь сябрамі, пасядзелі ў рэстаране ў цэнтры гораду. Пасьля вырашылі даведацца, што адбываецца, накіраваліся ў бок стэлы. Туды сьцякалася шмат людзей, усе проста гулялі, стаялі. Мы стаялі даволі далёка ад стэлы — на горцы праз дарогу. Потым людзі пачалі ўцякаць — АМАП пайшоў на іх. Спачатку мы ўцякалі ў адзін бок, потым у другі. Калі я бег, вельмі моцна падвярнуў нагу. Сланец парваўся, я зьняў і выкінуў абутак.

Дзіма, зламаная нага. Фота «Имена»

Потым пачалася страляніна, паляцелі сьвятлашумавыя гранаты, пусьцілі газ нейкі. Вакол дым, выбухі, крыкі, АМАП хапаў усіх запар, ужо нічога нельга было разабраць. Усе кінуліся ўроссып. У той момант я згубіў з вачэй жонку. Зваліўся ў нейкія кусты, прыціснуўся да зямлі. Побач ляжалі яшчэ людзі. Зусім блізка стаялі амапаўцы, але яны нас не заўважылі — было ўжо цёмна, мы паводзілі сябе вельмі ціха.

Калі ўсё больш-менш сьціхла, я выйшаў і зразумеў, што жонку ўжо не знайду. У яе застаўся мой тэлефон. У мяне ў кішэні былі толькі цыгарэты і трохі грошай. Я пайшоў у суседнюю краму. Ледзь дашкандыбаў — нага жудасна балела, моцна распухла. Там папрасіў ахоўніка выклікаць мне «хуткую» і стаў чакаць.

Праз 15 хвілін ахоўнік назваў мае імя і прозьвішча, сказаў, што прыехалі да мяне. Я выходжу, стаіць аўтазак, амапавец кажа: «Заходзь». Я яму: «Я „хуткую“ чакаю, нагу перабіў моцна». Ён: «Мы ў курсе, заходзь». Я разумею, што ўжо нікуды не падзенуся. Уцячы я не магу — я ледзьве хаджу. Кажу: «Ну вы хоць папярэдзьце „хуткую“, каб ня ехалі па мяне». Ён спакойна адказаў: «Усе ўжо ў курсе». Ня ведаю, як так выйшла. Потым мне расказвалі, што выклікі «хуткай» у тым раёне перахоплівала міліцыя. Гэта ж недалёка ад стэлы было. Ня ведаю, ці праўда.

Мяне пасадзілі, амапавец сеў насупраць, стаў распранацца. Я кажу: «Будзеш мяне біць?» Ён сказаў, што пальцам не кране. І праўда, проста ехалі. Потым мяне перасадзілі ў іншы аўтазак са словамі: «Акуратна зь ім, у яго нага баліць». Потым з другога мяне перасадзілі ў трэці аўтазак. Там таксама было нармальна, толькі вельмі цесна: ён разьлічаны на 10 чалавек, а нас там было чалавек 40. Я заходзіў апошнім.

Дзіма, зламаная нага. Фота «Имена»

Нас прывезьлі на месца. Кожнага хапалі, галаву ўніз, рукі за плечы, бягом да сьцяны. Усе гэтыя людзі былі ў масках, у іх ва ўсіх былі перавернутыя пагоны. Я кажу, нага баліць — яны б'юць па гэтай назе дубінкамі. Білі і іншых, абыходзіліся, як з жывёламі. Сэрца калацілася шалёна.

У двары чакалі чатыры гадзіны. Увесь гэты час стаялі на каленях, галава ў зямлю, рукі ззаду. Варушыцца, глядзець у бок, гаварыць нельга — адразу бʼюць. Білі і без нагоды.

У мяне была белая стужка на руцэ. Як толькі яе ўбачыў адзін зь іх, стаў біць. Потым мне ўдалося яе сарваць і выкінуць, інакш ня ведаю, у якім стане я быў бы цяпер.

Адзін зь іх, як толькі ўбачыў, што ў мяне апухлая нага, адразу даў па ёй берцам. Боль пякельны. Але крычаць нельга, інакш будуць біць мацней. Хаця ўсё роўна білі па назе: дубінкамі, берцамі, нагамі, ім бяз розьніцы. Мне было вельмі балюча стаяць так доўга на каленях, я паспрабаваў нагу паставіць крыху па-іншаму. Адзін зь іх гэта заўважыў, схапіў мяне, паставіў на расьцяжку. Гэта калі ногі максымальна шырока, рукі ўгору. Так стала нашмат больш балюча. Ня ведаю, як, але я стаяў. Там ператрываеш усё, абы ня білі.

Дзіма, зламаная нага. Фота «Имена»

Потым нас сталі выклікаць у памяшканьне. Зноў галава долу, рукі за сьпіну, бегма. Я кажу: «Я не магу бегчы». Яны: «Хутчэй, жывёлы, кончаныя, поскудзь» — і лупцуюць. Я кажу, не магу. Яны мяне ўдвох хапаюць, я падаю, яны мяне бʼюць, падымаюць, бяжым, запіхваюць у памяшканьне, з нагі бʼюць.

Там забралі нашы асабістыя рэчы. У мяне іх было няшмат: цыгарэты і грошы, матузок з шортаў яшчэ дасталі.

Павялі ў камэру. Камэра ў нас была на чатыры чалавекі, нас было 13. Сядзім. Першыя суткі ў камэры амаль усе маўчалі. Я спрабаваў зразумець, што наогул здарылася. Вось я быў у рэстаране, гуляў з жонкай і сябрамі, а потым нейкія выбухі, мяне схапілі, кудысьці прывезьлі, бʼюць, нага баліць пякельна, распухла. Што такое? Хіба вайна пачалася? Дзе я? Я тут буду сядзець гады? Дзе мая жонка? Што зь ёй?

Дзень памаўчалі, потым паволі сталі размаўляць. У камэры былі нармальныя хлопцы, розныя. Хто ў бары працуе, хто айцішнік, хто вагоны рамантуе. Усіх па-рознаму забралі, шмат каго наогул выпадкова: з машыны выцягнулі, з крамы, з матацыкла зьнялі. Адзін хлопец прыехаў у ЛПП забраць сваяка, а яго дасталі з машыны і забралі. Быў з намі зусім хлопчык, 2000 году нараджэньня. Мне 37 гадоў, я жыцьцё ўжо бачыў, і то складана было, а гэты хлопчык — яму як?

Стан мяняўся. Рэжым «выжыць» зьмяніў страх, каб ня білі. Наша камэра была на першым паверсе, міма яе ўсіх вялі. Я чуў усе гэтыя крыкі. Стагналі і крычалі мужчыны, у асноўным па начах. І гэтыя ўсе — мацюкамі. Усё праз мацюкі, адны маты. Адкуль у іх столькі нянавісьці, не разумею. Дзе яны яе ўзялі? Калі чуеш жаночыя крыкі, наогул немагчыма. І яны на жанчын: «Ты, шлюха, алкашка, кончаная, поскудзь».

Нам пашанцавала, нас ня білі больш. Хаця мы і падстаў не давалі. Там ёсьць званок. Сказалі званіць, толькі калі пажар альбо хтосьці памёр. Ня стукаць, не чапаць нікога. Інакш — усё. Мы не чапалі. Потым мне расказвалі: хтосьці прасіў ежы, пабілі ўсіх. Хтосьці прасіў «хуткую», яго таксама зьбілі на горкі яблык.

Мая апухлая нага балела страшна, але я трываў. Калі станавілася наогул невыносна, ішоў да ўмывальніка, яе пад халодную ваду падстаўляў, станавілася лягчэй. Быў у камэры «сябар па няшчасьці», яму яшчэ менш пашанцавала — у яго абедзьве нагі былі пашкоджаныя, апухлі, балелі. У нейкі момант ён стаў крычаць, што траціць прытомнасьць. Мы пачалі грукаць, прасіць лекара. Нам адказалі: «Пастукаеш яшчэ раз, вылечым тут усіх». Больш ня грукалі: узялі ягоную байку, мачылі халоднай вадой, ставілі такія кампрэсы. Мы зь ім падтрымлівалі адзін аднаго да канца. Спадзяюся, ён запомніў, як мяне завуць, і знойдзе мяне. Таму што я ня памятаю ніводнага імя, ня кажучы ўжо аб прозьвішчах.

Нас не кармілі ўвогуле тры дні. Я не асабліва хацеў есьці, піў ваду, хоць яна была страшна сьмярдзючая. Былі хлопцы, якія казалі, што галодныя. На другі дзень мы спыталіся пра ежу. Яны сталі зьдзекавацца: «Заказвайце. Вам піцу ці гамбургеры? Зараз пазваню Ціханоўскай, прывязе». На трэці дзень нам далі шэсьць боханаў хлеба, кашы і халоднай гарбаты. Гэты хлеб — цаглінамі, бяз смаку — здаўся мне найлепшай ежай у сьвеце. Чатыры боханы мы зьелі, а два пакінулі на «чорны дзень».

І нездарма пакінулі. На наступны дзень да нас прывялі яшчэ 10 чалавек. Яны расказалі, што двое сутак правялі ў «загоне» пад адкрытым небам, іх там было 90. Абсалютна голыя. Наша камэра, дзе ёсьць вада і туалет, для іх здалася раем. У іх гэтага не было, а калі прасілі ваду, іх проста аблівалі халоднай вадой. Па начах ім было холадна, яны абдымалі адзін аднаго, каб ня зьмерзнуць. Потым пайшоў дождж, іх разьмеркавалі па камэрах. Мы далі ім той хлеб, які адклалі.

Нас стала 23. Дыхаць стала немагчыма, паветра не было. Смурод стаяў жудасны. Туалет жа тамсама. Увесь час хацелася спаць, выцягнуцца ва ўвесь рост. Але гэта было немагчыма. У любы момант маглі зазірнуць у вочка. Як толькі адчыняецца вочка, усе павінны былі адразу пашыхавацца, рукі за сьпіну, глядзець у сьцяну. Ноч гэта ці дзень, усё роўна. Фізычна не было як нармальна легчы. Па чатыры чалавекі седзячы драмалі на ложках, на лаўках і падлозе. З калідора даносіліся стогны, крыкі — не заснуць.

Але для мяне самым цяжкім было чаканьне. Спачатку мы падумалі, што нас выпусьцяць праз суткі. Ты чакаеш, калі гэтыя суткі пройдуць. Прайшлі, ня выпусьцілі. Другія суткі, трэція. Увесь час глядзіш на шчыліну пад дзьвярыма: як толькі бачыш там цень, думаеш, што гэта ідуць цябе выпускаць. Але не. Мы не разумелі, чаму нас трымаюць.

На чацьвёрты дзень быў суд. Нават узрадаваліся. Думалі, вось зараз выпусьцяць. Ну,дадуць які штраф — хай і 700-800 рублёў — гатовыя былі плаціць, толькі выпусьціце.

На суд выклікалі па чарзе. Зноў бягом, рукі за сьпіну, галава долу. Прыходзіш, там сядзіць судзьдзя. Падыходзіш да стала, за табой стаяць двое. Нельга нікуды глядзець, у зямлю глядзі. Справа ўжо на кожнага ёсьць. Птушачкамі пазначана, дзе расьпісацца. Былі людзі, якія прасілі азнаёміцца з тым, што там напісана, — іх білі. Тых, хто прасіў адваката, таксама білі. Судзьдзя мне: «Вы згодныя?». Кажу: «Куды я падзенуся, вядома, згодзен».

Я паняцьця ня меў, з чым я згодны. Пасьпеў прачытаць, дзе і ў колькі мяне затрымалі. Наогул не супадала з праўдай. Былі там два сьведкі, якія нібыта прысутнічалі пры маім затрыманьні — яны былі сьведкамі ва ўсіх, каго судзілі разам са мной. Далі ручку, расьпісаўся хутка ў некалькіх месцах, куды мне паказалі. Усё, зноў бяжыш да сьцяны.

Судзьдзя давала каму 10 сутак, каму 12, каму 25. Паглядзела на маю нагу — нага была апухлая — і дала мне 15 сутак. Можа, з разьлікам, што праз 15 сутак нага пройдзе.

Зноў у камэру, зноў сядзім. 15 сутак. Усё. Тут ужо ўсё. За што? З чаго яна бярэ гэтыя суткі? Як можна вытрываць тут 15 сутак? Настрой тады быў ніякі.

Пяць сутак я правёў на Акрэсьціна. На шосты дзень нас усіх вывелі з камэры. Зноў бягом у аўтазак. Мы з маім таварышам па няшчасьці — зь пераламанымі нагамі — удвух апошнія ішлі: я кульгаў, ён кульгаў. У мяне пару разоў спыталі, чаму басанож, што з нагой. Гэтае пытаньне задавалі там часта. Бо нага выглядала страшна, немагчыма было не заўважыць. Я казаў, што вывернуў нагу, абутак згубіў. Маўляў, сам вінаваты. Абавязкова толькі так. Пра тое, што па назе білі, нельга было гаварыць. Наогул нельга было казаць, што цябе тут білі. Ніхто нічога тут не рабіў. Інакш будуць яшчэ мацней біць.

Потым нас загрузілі ў аўтазак, надзелі кайданкі. Людзі ў аўтазаку паглядзелі на маю нагу, убачылі, што стаяць не магу, пасадзілі.

Я змог у акенца ўбачыць, што адбываецца каля Акрэсьціна. Гэтыя пяць дзён мы чулі крыкі «Дзякуй»; чулі, як выкрыквалі час. Гэта падтрымлівала. Але я думаў, што там чалавек 10-15. Наогул ня ведаў, што адбываецца. А калі ўбачыў сотні людзей, дрыжыкі па целе пайшлі. Гэта была такая магутная падтрымка. Я ўпершыню адчуў радасьць. Я ж думаў, што ўсё ўжо заціхла. Або што ўсіх пасадзілі, наогул усіх. А тут — столькі людзей.

Сярод крыкаў каля Акрэсьціна я пачуў: «Дзіма!» Мне здалося, што гэта голас маёй жонкі. Радасьць такая была, што яна тут. Але нас там ехалі тры Дзімы, майму цёзку таксама здалося, што гэта ягоная жонка крычыць. Потым мне мая Аня сказала, што яна была там, яна крычала.

У аўтазаку з намі абыходзіліся добра. Мы спыталі: «Што з намі будуць рабіць? Нас зноў будуць біць?». Сказалі, што ніхто нас не кране. Спыталі, хто кім працуе, хто дзе служыў. Калі выходзілі, гэтыя хлопцы, што нас везьлі, сказалі: «Трымайцеся, хлопцы. Прабачце».

Потым нас пашыхавалі, сказалі не глядзець па баках, толькі ў зямлю. Пакрыквалі, але ня білі. Нас агледзелі. Пыталіся, якія скаргі. Я сказаў, што зламаная нага. Яны паглядзелі, пакруцілі, папырскалі чымсьці, наклалі павязку, сказалі: «Нічога страшнага».

У Слуцкім ЛПП нас завялі ў вялікае памяшканьне, там стаяла 250 ложкаў. У кожнага быў свой ложак! Сказалі, што спаць можна пасьля 22:00, але, калі хто хоча, кладзіцеся. Наогул там было афігенна. Мы памыліся, была гарачая вада. На наступны дзень нам далі пасьцельную бялізну, кармілі тры разы, ня білі! Так было радасна.

Потым прывезьлі нейкую вопратку. Я ўзяў сабе кашулю — так цяплей. Увесь гэты час я праходзіў у лёгкай майцы і спартовых шортах. Адзін з маіх сукамэрнікаў увесь гэты час быў проста ў трусах, яшчэ адзін — з голым торсам. У апошні дзень мне прынесьлі шлёпкі. Сшылі іх проста там, адмыслова для мяне.

Тэпці, пашытыя ў Слуцкім ЛПП. Фота «Имена»

Потым нас ізноў усіх пашыхавалі, сталі зачытваць прозьвішчы, доўга-доўга гэта доўжылася. Зноў сказалі нешта падпісаць са словамі: «Падпісвайце, мне трэба вас выпусьціць». Я ня ведаю, што я падпісаў. Мы кажам: «Растлумачце, што гэта за артыкул». Ён кажа: «Я ня памятаю. У інтэрнэце пачытаеце. Тут інтэрнэт дрэнна ловіць». Два чалавекі пры мне не падпісалі, іх адвялі назад.

А потым адкрылі вялікія вароты — і выпусьцілі. Я зноў убачыў шмат-шмат людзей, якія чакалі нас каля выхаду. Прапаноўвалi гарбату, ваду, бутэрброды, цыгарэты, падвезьці. Зноў адчуў такі неімаверны ўздым, падтрымку людзей. Мая Аня была там, адразу мяне знайшла, падбегла да мяне, мы абняліся. І паехалі дадому.

На наступны дзень я пайшоў у паліклініку. Мне зрабілі рэнтген — нага зламаная, наклалі гіпс. Кажуць: «Як вы ходзіце?» Я адказаў, што я ня толькі хадзіў, але і бегаў. Потым валянтэры дапамаглі скласьці скаргу на тых людзей, хто мяне біў. Пабоі не здымаў — іх не відаць. Калі нешта і было, то за тыдзень, які я правёў там, усё ўжо сышло. З працай усё нармальна. Я гандлюю на рынку, мяне замянялі калегі.

Потым мне патэлефанавала журналістка «Имена» — знайшла мяне праз агульных знаёмых. Папрасіла інтэрвію, распавяла, што І«Имена» дапамагаюць такім, як я. Спачатку я адмовіўся ад дапамогі. Усё ж нармальна, на назе — гіпс, я дома.

Але адчуваў, што нешта ня тое. Я баяўся. Баяўся выходзіць на вуліцу. Толькі выйду, азіраюся, торгаюся. Я не разумею, за што я расьпісаўся. Там магло быць што заўгодна напісана. Можа, якая крымінальная справа. Можа, за мной яшчэ прыйдуць. Я ня ведаю, чаго чакаць. Я зразумеў: псыхалягічна мяне забілі адразу, а потым на Акрэсьціна дабілі.

Спаць ня мог. Хадзіў, хадзіў, каб неяк расслабіцца. Каб заснуць, піў крыху сьпіртнога. На трэцюю ноч ішоў дождж. Мне здавалася, што тысячы людзей стаяць пад акном і крычаць нешта. Што гэта не маланкі за акном, а хтосьці кідае сьвятлашумавыя гранаты; што гэта ня гром, а выбухі. Я рэальна чуў крыкі людзей, я бачыў гэтыя выбухі. Хоць галавой разумеў, што гэта проста навальніца.

Дзіма, зламаная нага. Фота Имена

Празь дзень я прыйшоў у паліклініку і даведаўся, што маю картку згубілі. Я напружыўся. Пару дзён таму я быў тут, а цяпер раптам згубілі картку. Патэлефанаваў журналістцы, сказаў, што згодны на дапамогу. У паліклініку больш не пайшоў.

Праз пару гадзін мне патэлефанавалі валянтэры з «Имена», запісалі да доктара ў «Ладэ» накіравалі да псыхоляга. Усё зрабілі, сказалі, куды і ў колькі прыходзіць. У «Ладэ» гіпс перарабілі, сказалі, што ў паліклініцы мне яго дрэнна наклалі. Яшчэ шэсьць тыдняў буду хадзіць, потым рэабілітацыя. Валянтэры на прыём да доктара мяне запішуць, будуць дапамагаць і потым.

Я сустрэўся з псыхолягам. Яна мне выпісала два віды пігулак. Адны — каб я спаў, другія — каб супакоіць нэрвовую сыстэму. Пакуль прымаю тыя, што для сну. Ужо нашмат лепш сябе адчуваю. Спадзяюся, спраўлюся без другіх таблетак.

Добра, што нас ня кінулі людзі. Я хвалююся, што далей будзе, але падтрымка дапамагае“.

ИМЕНА

„Доктар, які мяне лячыў, сказаў, што на Акрэсьціна мне далі трамадол“

Фаіна С., 23 гады, маркетоляг у IT-кампаніі, Менск:

Фаіна С. Фота belsat.eu

„11 жніўня разам зь сяброўкаю мы паехалі на Пушкінскую, купілі кветкі, каб пакласьці на знак памяці аб загінулым Аляксандру Тарайкоўскім. Былі там каля 14:00, крыху пастаялі, пасьля выпілі кавы і вырашылі пайсьці пешкі да «Купалаўскай».

Каля 17:00 мы былі ў цэнтры, там ужо было ачапленьне, падысьці да Палацу Рэспублікі ці Палацу прафсаюзаў было немагчыма. Мы пастанавілі паспрабаваць пайсьці да мэтро ў бок Нямігі. Пры гэтым, вядома, мы паказвалі сваю салідарнасьць зь людзьмі, віталі машыны, якія сыгналілі ў цэнтры. Па дарозе мы зайшлі ў «Суседзі» на вуліцы Янкі Купалы. І ўжо ў той час, калі мы былі ў краме, пяць ці шэсьць амапаўцаў заляцелі ў краму, схапілі нас за рукі і вывелі.

Адразу ў нас праверылі тэлефоны, у мяне паглядзелі фатаздымкі, каналы і перапіску ў «Тэлеграме», убачылі, што я падпісаная на Nexta, і кажуць: «Наша, бярэм».

Пасьля нас завялі ў звычайны жоўты гарадзкі аўтобус, які стаяў за шэрагам АМАПу. Вокны ў аўтобусе былі застаўленыя шчытамі, і людзі з вуліцы не маглі бачыць, што адбываецца ўсярэдзіне.

Сяброўцы дазволілі сесьці, мне — не. Страху не было, я ўжо здагадвалася, што нас чакае. У аўтобусе міліцыянты спрабавалі пачаць размову са мною. Фізычнай сілы тады яны не ўжывалі, толькі калі выводзілі з крамы, у мяне засталіся сінякі — тры адбіткі на руцэ.

Турма на Акрэсьціна

У аўтобусе мы былі некалькі гадзінаў, туды ўвесь час прыводзілі новых затрыманых, нават узялі мужчыну, які проста падышоў запытаць, як трапіць дамоў, якое мэтро працуе. Калі затрымлівалі хлопцаў, то іх білі па нагах, калі рабілі дагляд, а пасьля праводзілі ў аўтобус, і яны сядзелі на кукішках з заведзенымі назад рукамі, рукі былі счэпленыя будаўнічымі сьця́жкамі.

Аднаго з затрыманых паклалі проста тварам на падлогу аўтобуса, пасьля зайшлі ўнутраныя войскі, у сьветла-зялёнай форме, і проста пачалі хадзіць па ім: наступаць на плечы, на шыю, хадзілі па чалавеку, як па дыване. Пасьля ўсіх, у тым ліку і мяне, паставілі на калені, тварам у падлогу, каб мы ня бачылі, куды нас вязуць. Калі выходзілі з аўтобуса, нас трымалі за руку і за шыю, каб галава была долу.

На Акрэсьціна нас паставілі каля сьцяны, рукі ўгару вывернутымі далонямі, ногі на шырыні плеч. Тое, што зьневажалі і абзывалі матам, і так зразумела, нават казаць пра гэта ня буду. Мы стаялі вельмі доўга, да глыбокага вечара, пакуль ня стала цёмна.

Асабісты агляд праводзілі на вуліцы, пры ўсіх. Амапавец надзеў звычайныя пальчаткі і добра прайшоўся па мне. Магчыма, ён выпадкова гэта зрабіў, чымсьці зачапіўся, але парваў мне бялізну.

Усярэдзіне пляцоўкі, куды нас прывялі, стаяла крэсла, нейкі мужчына сядзеў, закінуўшы нага за нагу. Было такое адчуваньне, што ён проста атрымліваў задавальненьне. Калі ён казаў, што ня бачыць напружаньня ў нашых целах, то ўсіх пачыналі біць. Хлопцам загадвалі зьняць абутак і пад крыкі: «А зараз бяжым да мамкі Ціханоўскай!» прымушалі бегчы на месцы.

Увесь час падыходзілі, нешта пыталі: як завуць, дзе вучысься, за што забралі ды іншае.

Турма на Акрэсьціна

Чарговы раз да мяне падышоў амапавец і сказаў: «Прасі прабачэньня, стоячы на каленях». Я адказала, што ня буду, і ў той момант мяне ўдарылі дубінкай па галаве. Недзе праз 5 хвілінаў мне стала кепска, я кажу: «Зараз страчу прытомнасьць». На што ў адказ: «Куды ты страціш прытомнасьць, нам такую прыгажуню яшчэ па коле трэба будзе пусьціць». І тут мой арганізм своечасова адключыўся, я адчула, што плыву па сьцяне, і ўжо пачала чуць галасы неразборліва.

Калі я ачулася, то была ў вельмі дзіўнай позе на асфальце, убачыла перад сабою дзьвюх жанчын, якія ня вельмі ласкава абыходзіліся. Яны былі ў цывільным, я так зразумела, што гэта былі доктаркі ўнутранай мэдсанчасткі. Адна зь іх наматала мае валасы на руку, прыцягнула, каб я села да сьцяны, як для яе зручней. Другая мне засунула вату з аміякам у нос, мне пасьля гэтага было балюча дыхаць. У мяне пачаліся сутаргі рук, і гэта адзінае, што іх, напэўна, спужала, бо так яны казалі, што я прыкідваюся. І пасьля яны мне далі нейкую пігулку.

З гэтаю пігулкай увогуле цікавая гісторыя, бо яна пачала дзейнічаць не адразу, я яе трымала недзе 30 хвілінаў пад языком. За гэты час зьявілася «хуткая», зрабілі кардыяграму, у мяне быў пульс 155, тахікардыя. І ў гэты момант пачалося дзеяньне пігулкі. У мяне ад яе перасталі рухацца рукі і ногі, я нават рот не магла закрыць. Выбачайце за падрабязнасьці, але нават сьліна капала на спадніцу, бо я не магла закрыць рот. І вось у такім стане я сядзела прыблізна гадзіну.

Затым мяне вывелі зноўку ў двор на вопіс рэчаў і складаньне пратаколу. А ў мяне ногі не ішлі, можна было толькі цягнуць, цела выключылася. У гэты момант нехта з прысутных начальнікаў сталага веку кажа: «Што вы яшчэ дапамагаеце гэтай наркаманцы! Відаць жа, што яна пад кайфам, выкіньце яе пад плот, нехта яе там знойдзе».

«Хуткую» я чакала вельмі доўга. Я так зразумела, што забіралі тых, у каго ўжо былі адкрытыя траўмы ды іншае. Пасьля мне прынесьлі падпісваць пратакол, а пры ўсім жаданьні я не магла нават у кулак сьціснуць руку, я паказвала галавою, што не магу. У выніку мне напісалі, што пры сьведках адмовілася падпісваць пратакол. Ніякага суду паводле гэтага пратаколу так і не было.

У траўматалёгію БХМД я трапіла апоўначы. Што яшчэ важна, да машыны «хуткай» мы выходзілі празь нейкі іншы двор, не праз той, дзе рабілі вопіс. Там быў такі вельмі моцны ліхтар і на зямлі шмат крыві. Я яшчэ басаножкі буду аддаваць на экспэртызу, бо кроў засталася на абутку.

Цікава, што «хуткая» не зафіксавала, адкуль мяне завезьлі ў шпіталь, ніякай сутнаснай дапамогі дактары мне не далі, нават ніхто толкам не агледзеў. Ужо доктар, які мяне лячыў, патлумачыў, што, хутчэй за ўсё, на Акрэсьціна мне далі трамадол.

З тыдзень я правяла ў лякарні. Мне паставілі дыягназ: закрытая ЧМТ, страсеньне мазгоў, траўмы на нагах. Да гэтага часу ў мяне кровападцёкі, удар грудной клеткі ды іншыя траўмы; наколькі я зразумела, гэта проста сінякі па ўсім целе.

Вязьні выходзяць з турмы на Акрэсьціна

Калі я ляжала ў лякарні, я шукала сябе ўва ўсіх сьпісах, я ж ведаю, што пратакол быў складзены, але ў сьпісах затрыманых мяне не было.

Праз тыдзень мне прыйшла позва ў Сьледчы камітэт Савецкага раёну Менску. Ужо ў часе размовы са сьледчым мне пачалі задаваць пытаньні пра выбары, а не аб факце майго збіцьця. Мяне пыталі, адкуль я ведаю пра кандыдатаў на прэзыдэнцтва, якія інфармацыйныя крыніцы я чытаю, зь якіх прыладаў я ўваходжу ў інтэрнэт. Пыталі, ці хадзіла я на выбары. Як патлумачыў сьледчы, усе, хто праходзяць па фактах збіцьця, ускосна робяцца фігурантамі крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых забурэньнях.

І толькі зь пятай спробы мы вярнуліся да майго збіваньня. Я пад запіс расказала, што са мною адбылося. Мне выдалі пастанову на судова-мэдычную экспэртызу, якую я прайшла. Пры гэтым у пастанове на экспэртызу напісана, што мяне пабілі нявысьветленыя асобы на тэрыторыі гораду Менску. Бо не было зафіксавана, адкуль мяне забрала «хуткая».

На падставе экспэртызы і маіх тлумачэньняў павінна быць заведзена крымінальная справа… Але я тэлефанавала сьледчаму ўчора, сёньня — ніхто слухаўку не падымае“.

belsat.eu

„Ваш бацька забіты. Цела шукайце каля «Арбата». Больш не тэлефануйце“

Аляксандар Іванькоў, 39 гадоў, Магілёў:

Аляксандар Іванькоў

„Першы раз мяне затрымалі 12 жніўня на праспэкце Пушкіна каля гандлёвага цэнтру «Арбат». У гэты дзень тут праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі перасоўваліся з аднаго месца ў другое, скандуючы лёзунгі. На іх «палявалі» экіпіраваныя міліцыянты.

Я зь сябрам сядзеў на прыпынку, калі пратэст ужо разагналі. Падышлі міліцыянты і забралі нас у Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там у двары стаялі ўжо больш за сорак чалавек на расьцяжцы: тварам да сьцяны, рукі на ёй, а ногі шырока расстаўленыя.

Позна ўвечары патэлефанавала жонка, і ёй адказаў амапавец: «Ваш муж забіты, шукайце цела каля «Арбата». Праз колькі часу пазваніла дачка, і ёй той жа міліцыянт кажа: «Ваш бацька забіты, цела каля «Арбата», і больш сюды не тэлефануйце». Потым жонка і дачка расказалі, што ў іх была гістэрыка. Яны ня ведалі, што рабіць, дзе шукаць маё цела.

У аддзеле мяне ня білі. Адтуль завезьлі ў ізалятар. У ім праседзеў два з паловай дні да суду. Прысудзілі за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў 270 рублёў штрафу. Справу разглядала судзьдзя Краўчанка.

Мост, на якім Аляксандар Іванькоў стаяў са сьцягам і на якім яго затрымалі

Другі раз затрымалі 25 жніўня, калі я адзін выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам на мост, які непадалёк ад майго дому на праспэкце Дзімітрава. Пад’ехалі два супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі, каб паехаў зь імі для высьвятленьня асобы. Я адмовіўся. Паспрабавалі мяне круціць, але ня выйшла. Загадалі прыбраць «фашысцкі сьцяг». На гэта ім адказаў, што пад ім Лукашэнка ў 1994 годзе прысягаў на вернасьць народу і Канстытуцыі. Сьцяг пашыў сам, і яго парвалі ў міліцыі. Мяне са сьцягам забралі амапаўцы ў свой аўтобус.

У ім паклалі між сядзеньнямі і, пакуль везьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі, білі, прыгаворваючы, што гэта «за патрыятызм». Білі ўтрох нагамі: па баках, сьпіне, галаве. У самім аддзеле фізычнага ўзьдзеяньня не было.

У ізалятары трое сутак не кармілі. У камэры ежу давалі ўсім, акрамя мяне. Пасьцельнай бялізны не выдавалі. Спаў на засцаным матрацы.

Сьцяг, пашыты сям’ёй Іваньковых

28 жніўня асудзілі на 5 сутак за незаконнае пікетаваньне, і толькі тады далі вячэру. Імя судзьдзі ня памятаю. Гэта была пажылая жанчына. Справу разглядалі праз скайп. Якасьць трансьляцыі была кепскай. Я мала што чуў з таго, што судзьдзя гаварыла.

29 жніўня на сайце абласной міліцыі зьявіўся відэаролік і паведамленьне, у якім пра мяне гаворыцца, што я вывесіў сьцяг і «візуальна знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня». На той момант мае родзічы ня ведалі, куды я падзеўся. Усё, што можна было, абтэлефанавалі і зьвярталіся да праваабаронцаў. Міліцыя вымушаная была адрэагаваць на маё зьнікненьне. У яе матэрыялах мяне выставілі крымінальнікам, каб паказаць, што ў пратэстах удзельнічаюць грамадзяне з сумнеўным мінулым. Дык няўжо такія, як я, ня маюць права выказваць свой погляд на падзеі ў іх на радзіме?

Пакуль быў у ізалятары, пабоі загаіліся і цяпер ледзь бачныя. Баліць лапатка, бо яе выкруцілі амапаўцы, калі заносілі ў аўтобус, бо я ж супраціўляўся. Буду пісаць у Сьледчы камітэт і патрабаваць пакараньня вінаватых у перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Тое, што са мною адбылося — проста зьдзек з чалавечай годнасьці. Міліцыі цяпер усё дазволена, а мы бяспраўныя“.

Гісторыя магілёўца-інваліда Драздова

Андрэй Драздоў, 36 гадоў, інвалід 3 групы, Магілёў:

Андрэй Драздоў

„12 жніўня з прыяцелем чакаў тралейбус на праспэкце Пушкіна. Гэта было пасьля 10-й вечара. Людзей было няшмат, і раптам адключылася асьвятленьне. Пад’ехаў аўтобус, зь якога выскачылі некалькі дзясяткаў людзей у чорным. Яны хапалі ўсіх, хто трапляўся ім пад руку, забягалі ў двары і кідалі людзей у аўтазак, які пад’ехаў за аўтобусам.

На прыпынку разам з намі стаялі чалавек пяць, іх і нас таксама — у аўтазак. Амапаўцы кінуліся былі мяне круціць, але я іх папярэдзіў, што інвалід і зь імі бегаць ня здолею. Яны супакоіліся і дапамаглі залезьці ў аўтазак. Праўда, забралі тэлефон.

У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі спачатку ўсё нармальна было. Падчас вобшуку запыталі пароль ад тэлефона, я сказаў. Чамусьці аформілі як удзельніка несанкцыянаванага мітынгу, на якім я нешта крычаў. Міліцыянт з прозьвішчам Цярэнцій, які афармляў пратакол, напісаў, што сам бачыў мяне на мітынгу. Мне ён здаўся адэкватным чалавекам. Мне дазволілі сядзець як інваліду. Іншыя затрыманыя стаялі.

Потым у кабінэт ускочыў мужчына 40-45 гадоў дужага целаскладу зь відэакамэрай. Некалькі разоў ударыў па маіх нагах, схапіў за куртку, парваў яе і сьцягнуў мяне на падлогу. Усё гэта здымаў на камэру. Крычаў, каб я назваў сябе і дадаў: «Хочаш, каб цябе ў ж..пу вы…лі?» Пазьней я даведаўся ад іншых затрыманых, што гэты мужчына бегаў да ўсіх з камэрай і кожнага біў.

Міліцыянты, якія сядзелі ў кабінэце, сярод іх была і жанчына, ніяк не адрэагавалі на зьбіцьцё і прыніжэньне. Была цішыня, нібыта так і мелася быць.

Пасьведчаньне інваліда Андрэя Драздова

Пасьля афармленьня дакумэнтаў я гадзіны паўтары чакаў у аўтазаку, пакуль яго напоўняць, каб везьці ў ізалятар.

У ізалятары, калі ўбачылі пасьведчаньне інваліда, запыталіся пра маё самаадчуваньне. Я сказаў, што яно нармальнае. Прабыў у ізалятары двое сутак. Туды прыяжджала судзьдзя Краўчанка. Сваёй віны не прызнаў, бо таго, што мне інкрымінавалі, не ўчыняў. Па твары судзьдзі было відаць, што такіх гісторыяў, як мая, яна начулася шмат. Сказала, што пакараны штрафам 270 рублёў, і ўсё. Суд быў нядоўгім.

Як вызваліўся, паехаў фатаграфаваць справу, дык яна не была пранумараваная і прашнураваная, і пасьля маёй заўвагі ўсё гэта за 20 хвілінаў зрабілі. Напісаў скаргу на факт зьбіваньня і парванай курткі ў Сьледчы камітэт. У аддзеле міліцыі праводзілі сьледчы экспэрымэнт, але там не захацелі адчыняць кабінэты. Супрацоўнік, які меўся гэта зрабіць, некуды раптоўна зьехаў.

У маім разуменьні тое, што са мною адбылося, — гэта беззаконьне. Міліцыянтам было загадана зьверху так абыходзіцца зь людзьмі, каб запалохаць іх. Гэта і было зроблена. І дагэтуль працягваюць хапаць на вуліцах“.

„Мяне білі 2 верасьня каля «Пушкінскай», пашкодзілі хрыбетнік“

Аляксей Беластоцкі, лекар-уроляг 4-й лякарні, Менск:

„2 верасьня каля 19:00 вечара я ехаў на машыне міма станцыі мэтро «Пушкінская» і накіроўваўся ў лазьню да бацькі.

Аляксей Беластоцкі

Заўважыў, што каля «Пушкінскай» шмат людзей, і падумаў, што, можа, там мэдычная дапамога каму патрэбна. Прыпаркаваўся і падышоў. Дапамога там нікому не была патрэбна, але людзі там спрабавалі ачысьціць ад солі мэмарыял памяці Аляксандра Тарайкоўскага, я далучыўся. Два тыдні таму я рабіў складаную апэрацыю пабітаму пратэстоўцу.

Далучыўся, а там нейкі лейтэнант міліцыі рэзка размаўляе зь людзьмі, загадвае разысьціся, пагражае. Я ўключыў відэа і папрасіў яго назвацца, як тут падскочыў другі, у цывільным, потым яшчэ чалавек 10, і ў выніку мяне зацягнулі ў бусік. Захінулі шторкі ды пачалі біць. Па галаве, руках, у грудзі, куды пападзе. Хутчэй за ўсё, біў менавіта лейтэнант, бо другі гэтым часам правяраў мой тэлефон. Але не ўпэўнены, бо нацягнулі на твар майку, каб я нічога ня бачыў.

Біць працягвалі і ў РУУС, куды прывезьлі ад станцыі мэтро «Пушкінская». Я толькі год жыву ў Менску, яшчэ недастаткова арыентуюся ў горадзе, але думаю, што гэта было Фрунзэнскае РУУС.

У аддзеле завялі ў нейкі пакой, кінулі на падлогу, зноў нацягнулі майку на твар і пачалі біць. Білі па вушах. Навошта, не магу сказаць, можа, каб страціў арыентацыю, бо такія ўдары вельмі ўплываюць на ўспрыняцьцё рэчаіснасьці. Білі пераважна моўчкі. Толькі раз, падчас апытаньня, нейкі іхны начальнік у цывільным ударыў у грудзі, спытаўшы пры гэтым: «Дагуляўся?»

У РУУС склалі два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаваньне. На абодвух я пазначыў, што вінаватым сябе не прызнаю, і тады мяне адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. Быў канец дня, мне стала блага, кружылася галава і балела ва ўсім целе. Я прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але да поўдня наступнага дня маю просьбу ігнаравалі. Потым пачаўся адміністрацыйны працэс — судзілі на Акрэсьціна празь відэасувязь з судом. Я зьвярнуўся да судзьдзі з просьбай пра «хуткую дапамогу». Прыйшла фэльчарка з ізалятару, агледзела мяне і пацьвердзіла, што без умяшаньня лекараў не абысьціся.

Толькі тады да мяне выклікалі «хуткую» і адвезьлі ў шпіталь. Ляжу тут другі дзень. Лечаць, робяць аналізы, ставяць кропельніцу. Вось гадзіну таму праверылі хрыбетнік і знайшлі, што ў мяне зламаныя дзьве хрыбеткі паясьнічнага аддзелу. Значыць, лячэньне зацягнецца. Спадзяюся, на Акрэсьціна мяне забяруць ня хутка, хаця нічога нельга выключаць і цяпер.

Яшчэ два тыдні таму зусім ня думаў пра пэрспэктыву самому трапіць у становішча пабітага міліцыянтамі пратэстоўца. Але на дзяжурстве 15 жніўня сустрэў чалавека, які таксама раней такога не дапускаў, а рэчаіснасьць выявілася горшай.

У лякарню з Акрэсьціна даставілі маладога чалавека. Ён казаў, што быў затрыманы 10 жніўня, выходзіў зь нейкай крамы, ня памятаю ўжо, дзе гэта было, але там былі затрыманьні вакол. Хлопец апавядаў пра сукамэрніка, які быў у хатніх пантофлях. На целе майго пацыента я бачыў шмат сінякоў, абдзірынаў, але галоўнай праблемай для яго была траўма машонкі. Не выключаю, што нагамі білі. Адно яечка моцна пашкодзілі, а паколькі на Акрэсьціна ніякай дапамогі яму не аказалі, дык частка тканкі амярцьвела і мне давялося яе выдаліць. А хлопцу 26 гадоў і дзяцей да таго ён ня меў.

Ёсьць небясьпека, што ён увогуле застанецца безь яечка, бо калі здарыцца запаленьне, дык без ампутацыі не абысьціся. Хлопец перажыў наймацнейшы псыхалягічны шок.

Знакі свайго пабіцьця я засьведчу з дапамогай экспэртызы. Буду падаваць скаргу на тых міліцыянтаў, якія білі пасьля затрыманьня“.

„Ён пачаў задыхацца, а амапаўцы пхалі яго ў адзіночную камэру аўтазака“

Павал Цьвярскі, 28 гадоў, Магілёў:

Павал Цьвярскі

„10 жніўня ўвечары я ўдзельнічаў у шэсьці і пікетаваньні, пратэстуючы супраць вынікаў выбараў. Затрымалі мяне каля кінатэатру «Радзіма» пасьля 20-й гадзіны. Пры затрыманьні са сьпіны спрабавалі зрабіць душыльны захоп, ад якога я здолеў абараніцца, прыціснуўшы падбародзьдзе да грудзіны. Я паказаў супрацоўніку АМАП, што не супраціўляюся, а ён адказаў: «Я цябе ня б’ю».

Мяне завялі ў машыну асабовага складу разам зь яшчэ чатырма затрыманымі. Аднаму зрабілася кепска. Ён паваліўся на падлогу, але міліцыянты ў масках не аказвалі яму ніякай дапамогі. Тады я павярнуў яго на бок, каб ён не прыкусіў язык і не разьбіў галавы. Затым гэты чалавек пачаў кашляць, задыхацца, а амапаўцы пхалі яго ў адзіночную камэру аўтазаку. Неўзабаве яго выцягнулі і, відаць, панесьлі ў «хуткую дапамогу».

У аўтазаку нас вазілі з паўгадзіны па горадзе, зьбіраючы іншых затрыманых. Аднаго зь іх аглушылі некалькімі ўдарамі дручка да страты прытомнасьці, бо супраціўляўся. Ачуняўшы, ён прасіў мяне паглядзець, што ў яго з галавою. На ёй былі два вялізныя гузакі. Калі прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, то ён надта цяжка хадзіў і яму два супрацоўнікі дапамаглі спусьціцца з аўтазаку.

Для астатніх супрацоўнікі арганізавалі «прагон» на трэці паверх у спартовую залю. Міліцыянты ў масках стаялі на лесьвічных пралётах і з крыкамі «ўперад» білі затрыманых кулакамі, каленямі, дручкамі. У адной руце ў мяне быў заплечнік, а другой я прыкрываў патыліцу і цягліцы напружваў, дык мне ня дужа перапала. У залі паклалі чалавек сорак-пяцьдзясят на падлогу ў позе «эмбрыёну». Так пратрымалі хвілінаў з дваццаць, а потым дазволілі выцягнуць ногі. Чалавеку побач на рукі начапілі кайданкі, ён доўга стагнаў і прасіў расслабіць іх.

Поза «эмбрыёну»

Калі падвялі да стала для рэгістрацыі, мне заламалі руку за тое, што адказваў на пытаньні сагнуўшыся. Пасьля такога захопу ў мяне на біцэпсе застаўся сіняк. Скажу наперад, што пабіцьцё не фіксаваў, бо знакі за час зьняволеньня сышлі.

Псыхалягічны прэсінг пачаўся, калі апісвалі рэчы і афармлялі справы. Міліцыянты зьдзекаваліся. Хлопца, у якога былі на руцэ бел-чырвона-белыя стужкі, усяляк зьневажалі, пагражалі праблемамі для маці. Мне было лягчэй, бо я падрыхтаваўся. Міліцыянт сядзеў разваліўшыся, з выклікам, гаварыў на «гоп-языке», як бандыт. «Ну, давай апраўдвайся, — зьвяртаўся да мяне, — што ты проста міма гуляў і ні ў чым ня ўдзельнічаў, а я паслухаю твае апраўданьні». Калі я папрасіў яго назвацца і агучыць падставы для допыту, то другі міліцыянт мне стаў пагражаць зьняволеньнем…

Дакумэнты аб затрыманьні канчаткова аформілі 11 жніўня каля 1-й гадзіны ночы. Потым пяць гадзінаў трымалі ў аўтазаку на тэрыторыі ізалятару, які, паводле міліцыянтаў, быў перапоўнены. Умовы жахлівыя: душна, цесна. Добра, хоць ваду давалі і выводзілі ў прыбіральню. Спаць можна было толькі ўпёршыся галавою ў сьценку, седзячы. У аднамеснай камэры аўтазака было па двое затрыманых і яны маглі толькі стаяць…

Нас разьмясьцілі ў турме № 4. Умовы прымальныя. Суд быў у турме. Справу разглядала судзьдзя Ленінскага раёну Панасенка. Гэта быў ня суд, а судзілішча. Працэс не даўжэйшы за 10 хвілінаў. Усе мае хадайніцтвы судзьдзя не задаволіла. Я патрабаваў патлумачыць мае правы, азнаёміцца з матэрыяламі справы, дапусьціць на працэс абаронцу, майго бацьку. Яна сказала, што ня можа правесьці цывільную асобу на тэрыторыю рэжымнага аб’екту. Адмовіла ў правядзеньні працэсу ў будынку суду.

З бацькам Сяргеем Мікалаевічам

Мне далі 15 содняў. Сваёй віны не прызнаў. У матэрыялах справы не было ніводнага доказу, які пацьвярджаў бы мой удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Быў толькі рапарт супрацоўніка міліцыі. Не было нават пазначана, хто мяне затрымліваў. Адседзеў 4 дні. Цяпер абскарджваю рашэньне Панасенкі ў абласным судзе.

Масавыя затрыманьні — гэта была акцыя запалохваньня грамадзян, каб яны паслухмяна выконвалі незаконныя патрабаваньні злачыннай арганізацыі, якая захапіла ўладу“.

„Ха-ха-ха, хі-хі-хі. Я Маша Лукашэнка, а я Насьця Лукашэнка“

Марына Палікарпава, 55 гадоў, правізар у аптэцы, Горадня:

Марына Палікарпава

„Увечары 9 жніўня мы з братам пайшлі ў цэнтар пагуляць. У мітынгу я ня ўдзельнічала, ня мела пры сабе ніякай сымболікі. Была ў сквэры побач з Савецкай плошчай, убаку ад асноўных падзеяў.

Амапаўцы прыкладна ў гэты час атрымалі каманду. Рэзка ўвесь гэты ланцуг дастаў дручкі і пабеглі на гэтых людзей, біць. Я спужалася. Ззаду стаяў амапавец у шаломе, ён ня бег. Я ў яго запыталася: «Я баюся, нешта пачынае адбывацца. Куды можна прайсьці, куды можна выйсьці? Я тут выпадкова апынулася. Туды цераз сквэр можна прайсьці?» Ён мне: «Не, нельга». — «А куды?». Ён паказаў на тралейбусны прыпынак. Я туды пайшла, а там машына стаіць, не аўтазак, а бус.

Мужчына бяз формы адразу мяне забраў у бус, пачаў на мяне гарлаць: «Пашпарт давай! Зараз пратакол на цябе напішам. Атрымаеш 20 базавых або 25». Я збаялася, але без усялякага супраціву села ў бус. Думала, павязе мяне ў міліцыю.

Ён мяне правёз па Савецкай вуліцы, дзе помнік Сакалоўскаму. Там стаяла іншая машына, не міліцэйская, бус. Ён мне сказаў пераходзіць. Я перайшла. Там дзьве дзяўчыны ў цывільным адзеньні, у мэдычных масках. Сьпераду сядзеў чалавек у міліцэйскай форме.

Марына Палікарпава

Цяпер дакладна не ўзгадаю, чаму размова пра пашпарт зайшла. Хіба яна мне сказала: «Ты, пэўна, у Польшчы жывеш». Я кажу: «Вось мой пашпарт, паглядзіце, дзе я жыву. Увогуле мне сказалі пашпарт даваць, бо пратакол будзеце складаць. Даваць пашпарт ці не даваць?» На што яна мне адказвае: «Заткні еб***, с***».

У мяне вочы па пяць капеек. Я кажу: «А гэта як разумець? Вы, дзяўчаты, так сябе паводзіце. Вы, пэўна, на працы знаходзіцеся. Чаму вы так выражаецеся? Я нешта зрабіла?». Ім не спадабалася, што я ім кажу. Пачалі мяне біць рукамі і нагамі. Ударылі першы раз у плячо і ў сьцягно, каб я ўпала ў крэсла.

Я ім тады культурна, ветліва кажу: «Даруйце мне, але калі вы мяне б’яце, то хоць назавіцеся, хто мяне б’е. Я заўтра пайду фіксаваць пабіцьцё, то павінна буду сказаць, хто мяне біў». — «Ха-ха-ха, хі-хі-хі. Я Маша Лукашэнка, а я Насьця Лукашэнка». — «А пры чым тут Лукашэнка?» — «Не заткнесься, мы зараз на цябе кайданкі надзенем». — «Вось, надзявайце кайданкі, калі я такая небясьпечная».

Надзелі кайданкі так, што адзін расшпіліўся. Я вазьмі і ляпні: «Ня можаце нават нармальна кайданкі надзець». — «Ах, табе не падабаецца, што сьпераду кайданкі зашпілілі! Зараз надзенем так, што табе спадабаецца». Яны пачалі ўдзьвюх мяне мяцеліць, куды трапляла. Твар мне разьбілі. У мяне на твары былі акуляры, была ранка. Потым я старалася твар прыкрыць, бо працую ў аптэцы. Як я пайду на працу з разьбітым тварам? Я ж ня думала, што мяне на тры дні пасадзяць.

Ім трэба было мне рукі за сьпіну заламаць. Амапаўка пачала мяне душыць. Я галаву апусьціла. Хто ж дасьць сябе душыць? Я яе за руку і ўкусіла. Калі была вочная стаўка, мая адвакатка запыталася ў міліцыянткі: «А дзе вашыя пашкоджаньні? Я ніякіх пашкоджаньняў на вас ня бачу. А Марына Мікалаеўна ўся сіняя». Другая сказала, што я ёй падрапала лоб.

Яны ўдзьвюх спрабавалі мяне скруціць. Усё-такі скруцілі. Паклікалі: «Віця!». Ён зьверху мяне па галаве кулаком бабах. Першыя тры дні я шыяй не магла паварушыць. Ён мне зашпіліў кайданкі так, што кроў з рук пайшла. Заколку з валасоў вырвалі. У мяне валасы доўгія, наперад на твар. І ў такім стане мяне на вуліцы Дубко, у РАУСе Ленінскага раёну пратрымалі каля трох гадзін у кайданках.

Там затрыманыя мужыкі пачалі гарлаць: «Мянты, сумленьне страцілі. Здыміце з жанчыны кайданкі». Яны мяне ў такім стане трымалі там.

Мяне затрымалі за нібыта ўдзел у мітынгу. Я сядзела трое сутак. Двойчы ў РАУС выклікалі «хуткую», вазілі на абсьледаваньне ў шпіталь, бо мяне званітавала, кружылася галава, падскочыў ціск, апухла шыя. У шпіталі не прызналі страсеньня мозгу, сказалі, што пераломаў няма. Зноў мяне вярнулі ў аддзел.

Я сядзела ўвесь час у адзіночнай камэры. З Горадні перавезьлі ў Шчучын. Пакармілі на трэці дзень. У камэры не было вады, прыбіральні. На трэці дзень выдалі матрац, ён сьмярдзеў.

Марыя Мазуркевіч, прапаршчык міліцыі, Горадня

На мяне завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да міліцыянтак (артыкул 364). Паводле пастановы аб затрыманьні, я ўкусіла за руку прапаршчыка міліцыі Дар’ю Бандарчук і ўдарыла па галаве прапаршчыка міліцыі Марыю Мазуркевіч.

Крымінальны артыкул 364 прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Буду сядзець, калі такія людзі краіне не патрэбныя. Але я падала заяву ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу на міліцыянтак за тое, што мяне зьбілі. Амаль праз два тыдні адказу на заяву няма“.

„Мне зламалі абедзьве рукі, пашкодзілі нагу, было страсеньне мозгу“

Руслан Кулевіч, журналіст, Горадня:

„Увечары 11 жніўня мы з жонкай паехалі на роварах асьвятляць вулічныя пратэсты ў цэнтры гораду. Нас затрымалі ў краме. Я быў у сіняй камізэльцы з надпісам «Прэса». Затрымлівалі хлопцы ў чорным адзеньні і чорных балаклавах.

Тацяна і Руслан Кулевічы

Я нават ня мог дапусьціць, што мяне затрымаюць... Крыўдна, што разам з жонкай. Я перажываў больш не за сябе, а за яе. Было негалоснае правіла ў амапаўцаў: Кулевіча не чапаць. Бо ў мяне была дамова з камандзірам АМАПу. Ён да мяне падыходзіў за некалькі дзён да выбараў і сказаў: «Ты ведаеш маіх хлопцаў. Не фатаграфуй іх бяз справы». Я кажу: «Толькі пры затрыманьні». Многія амапаўцы мяне ведалі. Былі выпадкі, калі яны куплялі мае кнігі і прыходзілі, каб я расьпісаўся на іх.

Калі нас накрывалі, я крычу: «Я журналіст! Калі ласка, не чапайце жонку». Ён крычыць: «Прозьвішча?» Я кажу: «Кулевіч». А ён: «Вось ты і папаўся. Маеш! Праз такіх журналістаў, як вы, у краіне вайна. Я б цябе забіў. Такіх трэба забіваць».

Я думаў, мяне правераць і адпусьцяць. Але не. Пару разоў мяне ўдарылі дручком. Я памятаю, што закрываўся ад дручка. Нас загрузілі ў аўтазак. Там я пасьпеў патэлефанаваць мэру гораду Мечыславу Гою і сказаў: «Мечыслаў Браніслававіч, вы мяне ведаеце. Вы ведаеце, што я журналіст, аўтар кніг». Ён сказаў: «Навошта ты туды палез?» Я думаў, ён прыедзе ў ізалятар і разьбярэцца. Ён не прыехаў, кіраўніцтва міліцыі не прыехала.

Нас прывезьлі ў ІЧУ, пачалі выгружаць. Было два шэрагі супрацоўнікаў — «калідор пекла». Хлопцаў праводзілі праз гэты калідор, асабліва пазначаных. Я быў пазначаны, бо ў камізэльцы.

Памятаю вельмі цьмяна: або я прытомнасьць страціў, або мне нагу выкруцілі, бо «ластаўку» хацелі рабіць. Я крычаў: «Асьцярожна, нага баліць». І не забываўся пра жонку, крычаў пра жонку. Калі чалавека праводзілі праз «калідор», кожны стараўся яго нечым ударыць — рукой, дручком. Былі і жанчыны — супрацоўніцы міліцыі.

Мне зламалі абедзьве рукі, пашкодзілі нагу, было страсеньне мозгу.

Пасьля гэтага калідору не чапалі, было больш-менш стаўленьне. Мяне пацягнулі па асфальце. Я ня мог ісьці, бо нага балела. Яны кажуць: «Ідзі далей сам». Я кажу: «Я не магу ісьці». Прыўзьняўся і сказаў: «Хлопцы, я журналіст Руслан Кулевіч. Пішу для горадзенскіх выданьняў з 2013 году. Я аўтар кніг пра гісторыю гораду. Дапамажыце мне хто-небудзь». Выйшлі 2 ці 3 супрацоўнікі і павялі мяне пад рукі. Астатнія сьмяяліся: «Рэпартэр нарэшце папаўся. Напісаўся, нафоткаўся. Больш ты ня будзеш гэтага рабіць».

Далей мяне павялі на допыт. Я кажу: «Пазваніце ў прэс-службу УУС». Пералічыў яму ўсіх супрацоўнікаў, якія хоць калі мне давалі камэнтар. Але не пазванілі. Потым ішоў намесьнік начальніка РАУС Кастрычніцкага раёну Горадні. Ён мяне пазнаў, пазваніў прэс-сакратару УУС Яўгену Дудко, але той быў недасяжны.

Я яго папрасіў дапамагчы маёй жонцы, бо ёй было цяжка. Таня абмачылася пры затрыманьні. Тут няма нічога такога. Многія дарослыя хлопцы абсікваліся пры затрыманьні.

Мяне дапыталі. Капітан запытаўся: «Ты бачыў, я цябе не чапаў». Я сказаў: «Так, таварыш капітан, вы мяне не чапалі. Але іншыя чапалі».

Ён адвёў мяне ў камэру. Камэра была на двух чалавек, нас было 6 або 7. Я пытаўся, калі нас будуць карміць, бо ўжо другія суткі. Нам сказалі, што чалавек на адной вадзе можа пратрымацца 30 дзён. Ні бялізны, ні падушак, ні матрацаў, нічога.

Увечары наступнага дня быў суд. Судзьдзя прысудзіў мне 7 сутак арышту. Судзьдзя сказаў: «Даруйце мне. Потым у сваіх мэмуарах напішаце, што я кепскі судзьдзя».

Пакармілі нас на трэці дзень. Праваслаўныя сьвятары нам перадалі хрышчэнскую ваду і аўсянае печыва, па тры штучкі. Потым далі матрацы. Потым абед прынесьлі. Потым перадачку перадалі. Мы не разумелі, што адбылося. Ніякага мату ўжо больш не было. Калі мне перадалі маю кнігу, я сукамэрнікам зрабіў прэзэнтацыю кнігі. Каб не было сумна, расказваў хлопцам, як я зьбіраў гэтыя гісторыі.

Першы раз я расплакаўся, бо ня ведаў, што з маёй жонкай. Падышоў супрацоўнік дэпартамэнту аховы і сказаў: «Чаго ты равеш?» Другі раз я заплакаў на трэці дзень, калі перадалі перадачу ад жонкі. Я гляджу: мая кніга, маё адзеньне, цукеркі, якія я люблю. Я сеў і ад шчасьця заплакаў. Я даведаўся, што з жонкай усё добра. Я раней казаў ёй: «Калі мяне некалі забяруць, перадай мне маю кніжку».

Увечары прыйшлі і сказалі: «Выходзьце».

Я спачатку думаў, што дарую супрацоўнікам міліцыі. А потым пачаў думаць: навошта яны так? Навошта яны маю жонку чапалі? Ня ведаю. Я супраць такіх бясчынстваў“.

Тацяна Кулевіч, жонка:

„Мы думалі, што тэхніка едзе да натоўпу. Але яны, відаць, знарок спыніліся каля крамы і зайшлі ў краму. Усё адбылося за лічаныя сэкунды. Я за гэты час пасьпела адключыцца. Усё адбывалася як у тумане. Я памятаю, што хлопца, які спрабаваў зачыніць дзьверы, вельмі моцна пабілі. Яны на мяне ўпалі зьверху.

Потым супрацоўнік АМАПу ці хто, памятаю, глядзіць мне ў вочы, і вочы такія шкляныя, нібыта я яму асабіста нешта зрабіла, ня ведаю — сям’ю яго расстраляла. Яны былі поўныя нянавісьці. Ён крычыць на мяне, хапае. Я ня буду паўтараць усе нецэнзурныя словы. Ён схапіў мяне за руку і пацягнуў з крамы, па падлозе, па сходах. У мяне ўпала адна з красовак. Па дарозе я абмачылася, бо мозг не кантраляваў фізіялягічныя працэсы арганізму.

Было страшна, вельмі страшна. Калі мы падыходзілі да машыны, ён мне сказаў падымацца, сарваў усе рэчы, запхаў у камэру ў аўтазаку. Я чула, як Руслан крычаў, як яго білі. Я вельмі спужалася, што нас вывезуць у лес, закапаюць і больш ня знойдуць. Я пачала крычаць, каб Руслана не чапалі, стала біць нагамі аб камэру.

Самае страшнае, што я ня бачу, я ня ведаю, жывы ён там, нежывы. Калі мяне выводзілі, то ўжо не чапалі. Я бачыла, як усе ляжаць тварам у зямлю. Пазначаных білі.

Было вельмі страшна. Я б ніколі не магла падумаць, што такое можа адбыцца з намі ў нашай краіне. Я не магу дараваць. Я ня ведаю, як такое прабачаецца“.

Руслан:

„Пасьля вызваленьня ноччу мне стала блага. Я паехаў у шпіталь. Выявілася, што ў мяне зламаныя абедзьве рукі, страсеньне мозгу, моцна апухлі ногі, засталіся ранкі на целе. Мяне шпіталізавалі на 5 дзён. У шпіталі я таксама запісваў і публікаваў відэагісторыі пацярпелых.

Адначасова нехта выклаў у сеціва асабістыя зьвесткі нашай сям’і: адрас, тэлефон, да таго ж абразьлівую непраўдзівую інфармацыю. Таксама пачалі распаўсюджваць зьвесткі, што я нібыта не пацярпеў і гіпс у мяне несапраўдны. Нам пайшлі пагрозы. Мы былі вымушаныя часова зьехаць з гораду“.

„Сын крычаў: мама, я больш ніколі не пайду ў прыбіральню“

Іна Радвілайце, Менск:

„11 жніўня мы з сынам вярталіся дамоў на Каменную Горку. Недалёка ад дому зайшлі ў краму і трапілі ў аблаву міліцыі.

Іна Радвілайце. Фота belsat.eu

Мне вельмі страшна цяпер. Я баюся, што мяне могуць у кожны момант арыштаваць. Я баюся ня толькі выходзіць, але дома быць — раптам нехта ўварвецца? Я жыву ўдваіх з сынам, якому 9 гадоў. Калі мяне арыштуюць, што будзе зь ім? Нейкі жах адбываецца. У дзіцяці стрэс, ён стаў кепска спаць.

Каля 23-й гадзіны быў яшчэ ня вельмі позьні час. Мы былі ў мэдычным цэнтры, потым паехалі дамоў. Сувязь не працавала, я не магла выклікаць таксі. Навокал стралялі, бамбілі. У выніку мы пешшу дайшлі з цэнтру да Пушкінскай, а там знайшлі таксі. Паехалі ў краму, каб купіць прадукты. У той момант, калі пад’ехалі, там не было ніякай спэцтэхнікі, міліцыі. Былі людзі, так. Але што дзіўнага, што людзі цяпер зьбіраюцца. Тым больш тыя, хто пратэстуюць, яшчэ ніколі не былі пагрозай для мяне, у адрозьненьне, як высьветлілася, ад людзей, якія павінны нас абараняць.

Мы побач жывём, добра ведаем гэтую краму — яна не такая ўжо і вялікая, і я адпусьціла сына ў прыбіральню. І тут пачаліся выбухі, страляніна. У гандлёвым цэнтры абвясьцілі, што яны зачыняюцца і нікога ня будуць пускаць у краму. Людзі пайшлі да дзьвярэй глядзець, што там адбываецца. Я таксама падышла і стала здымаць. Там было шмат супрацоўнікаў міліцыі. Яны бегалі за людзьмі, стралялі, кідалі гранаты. Людзей, якія выходзілі з крамы — з пакетамі, з прадуктамі — адразу арыштоўвалі і заводзілі ў аўтобусы. Мы разумелі, што мы там заблякаваныя і што, калі мы захочам выйсьці і пайсьці дадому, то нас арыштуюць.

Амапаўцы сталі ламіцца ў дзьверы. Начальнік аховы крамы папрасіў, каб той, хто стаў ламаць дзьверы, паклікаў свайго начальніка, каб мы зразумелі, хто яны раптам бандыты? Ён хацеў патлумачыць, што ў нас усё спакойна, няма ніякай акцыі, што тут звычайныя пакупнікі, жанчыны зь дзецьмі. Але яго ніхто ня слухаў. Яны натоўпам сталі ламаць дзьверы. Я тады зразумела, што яны зараз уварвуцца, а маё дзіця дагэтуль у прыбіральні, і мне стала вельмі страшна. Ды ва ўсіх пачалася паніка. Людзі сталі крычаць.

Я кінулася бегчы ў бок прыбіральні, і тут чую за сьпінай, што яны ўжо ўварваліся. Яны крычалі людзям матам, такімі адборнымі мацюкамі: «Мордамі ў падлогу! Да сьцяны!». Я схавалася пад прылаўкам, каб бачыць, што адбываецца, і, калі будзе ісьці маё дзіця, яго адразу схапіць. Я разумела, што, калі б я не схавалася, мяне б затрымалі, і я б не змагла нічога нікому патлумачыць. Ніхто б ня стаў слухаць, што ў мяне тут дзіця. Калі я хавалася, я адчувала сябе так, нібыта нас захапілі тэрарысты.

Сын доўга не ішоў. Я ня вытрымала і пайшла яго шукаць. Я выйшла, гляджу: шмат хто ляжыць на падлозе, некаторыя стаяць каля сьцяны. Было шмат крыві на падлозе. На жанчын амапаўцы крычалі матам, называлі прастытуткамі, таксама загадвалі класьціся «мордамі ў падлогу». Я стала гучна клікаць свайго сына. І я пабачыла яго разам зь нейкай жанчынай на падлозе, яна закрывала яго сабой. Ён пачуў мяне, прыбег. І расказаў, што яго білі, прымушалі класьціся на падлогу, а ён не хацеў, супраціўляўся, хацеў ісьці шукаць мяне.

Калі я ўсё гэта расказваю, мне зноў робіцца вельмі дрэнна і страшна… Нас сталі выводзіць з крамы. Некага вялі ў аўтобусы, некага проста на вуліцу. Я моцна трымала сына і пайшла на вуліцу. Магчыма, мяне не забралі, бо я была зь дзіцем.

На вуліцы я не разумела, куды ісьці, каб гэта было бясьпечна. Бегалі людзі, а за імі амапаўцы, стралялі. Было шмат газу, цяклі сьлёзы, было цяжка дыхаць. Нас проста труцілі. Я павольна пайшла ў бок свайго дома. На нас ішла калёна супрацоўнікаў, і я стала ім крычаць: «Адвядзіце мяне з сынам дадому, мне страшна, я хачу дамоў! Мне страшна, што нас зараз заб’юць». Адзін зь іх падышоў да мяне і запытаўся, дзе мы жывём. Узяў мяне за руку і сказаў, што адвядзе дамоў.

Калі мы праходзілі аўтобус, мне стала страшна, што ён мяне зацягне туды. Я сказала: «Не, у аўтобус я не пайду». Але ён павёў нас да скрыжаваньня. Усю дарогу ён нас супакойваў, казаў: «Ніхто вас не кране, ня бойцеся, трымаў мяне за руку». Але сын быў у такім стрэсе страшэнным — усю дарогу крычаў: «Мама, я больш ніколі не пайду ў прыбіральню, прабач мне!» Ён цяпер так дрэнна сьпіць, стаў нэрвовым.

На скрыжаваньні мы спыніліся на чырвонае сьвятло сьвятлафора. І раптам пад’ехалі сінія аўтобусы, зь іх выскачылі людзі ў чорнай форме са зброяй і пачалі страляць па машынах. Супрацоўнік, які нас суправаджаў, адштурхнуў ад дарогі, бо ў нас маглі трапіць кулі.

Там пачалося нешта страшнае. І той хлопец, што нас суправаджаў, пабег. Мы засталіся адны. Я ўжо бачыла свой дом. На зялёнае сьвятло мы пайшлі праз дарогу, і калі мы былі ў цэнтры дарогі, на нас з сынам ехала машына ДАІ і два сінія аўтобусы. Яны нас ледзь ня зьбілі, яны ляцелі на чырвонае сьвятло.

„Адзін амапавец ударыў яго нагой па назе, у сына застаўся вялізны сіняк“. Фота belsat.eu

Калі мы перайшлі дарогу, я пайшла да людзей у форме і стала прасіць, каб нас давялі да дома, бо я бачыла, што каля майго дома бегала шмат людзей, стралялі. Адзін з супрацоўнікаў падышоў да начальніка, расказаў пра нас. Ён падышоў, я стала яму казаць: «Растлумачце, дзе я цяпер знаходжуся? Я ў цэнтры Менску, у цэнтры Эўропы? Чаму я зь дзіцем баюся ісьці дамоў? За што яны так з намі?» Ён сказаў, што я апынулася ня ў тым месцы ня ў той час, маўляў, ідзіце дамоў. Я яму кажу, мне страшна. Ён адказвае: «Калі вам страшна, то мы зараз вас з сынам пасадзім у аўтобус і будзеце там сядзець». Маўляў, жанчына, не правакуйце. Я замоўкла.

Той начальнік загадаў сваім людзям правесьці нас. Як падлічыў сын, агулам суправаджалі шэсьць супрацоўнікаў. На лаўцы каля пад’езду я села, каб супакоіцца, і запыталася ў хлопцаў: «За што вы ваюеце цяпер?» Яны з матам адказалі: «А …й яго знае».

Яны самі ня ведаюць, за што яны цяпер зьбіваюць людзей — дзяцей, жанчын…

Ужо дома я пабачыла кроў на сваіх джынсах, а на назе — рану. Нават не заўважыла, дзе і калі яе атрымала, бо не адчувала болю.

Гэта было вельмі страшна. Гэтыя некалькі хвілін страху, што я ў закладніках у тэрарыстаў, гэта каштуе палову майго жыцьця. А таго, што яны так зьдзекаваліся з майго сына, я ніколі ім не прабачу. Адзін амапавец ударыў яго нагой па назе, у сына застаўся вялізны сіняк. А калі ён не хацеў класьціся на падлогу, той ударыў яго дубінкай па сьпіне. Я не магу прабачыць такога абыходжаньня. За што з намі так? Мы былі звычайнымі пакупнікамі ў той краме. Мы не мітынгавалі, ня ўдзельнічалі ў пратэстах. Але мы пацярпелі фізычна і маральна. Хто за гэта адкажа? Чаму мне кажуць, што я нібыта аказалася ня ў тым месцы ня ў той час? А чаму яны — міліцыя — не пралічылі сваіх дзеяньняў, не ўлічылі, што там могуць быць звычайныя гараджане, жанчыны, у тым ліку цяжарныя, дзеці? За што яны, як сабакі, накінуліся на людзей і білі іх так, што на падлозе былі лужы крыві?“

belsat.eu

„Ніколі ня думаў, што будзе страшна памерці ад нястачы паветра“

Алег Стафановіч:

„Як нас пасадзілі ў турму на 10 сутак. Незаконна, цынічна, абсурдна.

«Мы» — гэта Алег (займаюся навукова-папулярным праектам «Умный Минск», дзе вучым і разьвіваем вашых дзяцей) і Павал (лекар адной з гарадзкіх лякарняў са стажам каля 10 гадоў; дарэчы, нядаўна ён атрымаў Ганаровую грамату за барацьбу зь вірусам COVID-19).

8 жніўня ўвечары мы з Паўлам накіроўваліся ў офіс, каб раздрукаваць дакумэнты для будучага навуковага дзіцячага лягера. Каля плошчы Перамогі я памахаў рукой, каб павітаць людзей, якія стаялі ўздоўж праспэкта Незалежнасьці і выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю за перамены ў краіне.

Праз хвіліну на велізарнай хуткасьці з сырэнай нас апярэдзіў экіпаж ДАІ і прыціснуў да ўзбочыны. Не прадставіўшыся, супрацоўнік ДАІ адразу ж пачаў раўсьці на нас і пагражаць, каб мы выйшлі з машыны. (Важнае ўдакладненьне, я не парушаў правілаў дарожнага руху, не сыгналіў і ня слухаў гучна музыку, якая магла б кагосьці патурбаваць. Магчыма, ім не спадабаўся белы бранзалет на руцэ? Але ў нас няма закону, які забараняе нашэньне такіх.)

Супрацоўнік ДАІ па рацыі з кімсьці зьвязаўся, і праз хвіліну да нас пад'ехаў чалавек у цывільным і пачаў нам пагражаць, што «Нех** тут разьяжджаць па праспэктах. Уёб**, я вас, бл**, на***, усіх засаджу ў турму на 5 гадоў, будзеце гнісьці у балоце, здохнеце там!!!»

На мае пытаньні, за што нас затрымліваюць і хто гэтыя людзі, мы, зразумела, атрымлівалі толькі пагрозы і трохпавярховыя мацюкі. Таксама нам, як «злосным злачынцам», загадалі пакласьці рукі на машыну і стаць тварам уніз. Было адчуваньне, што нас прымаюць за нейкіх тэрарыстаў. Было страшна, здавалася, што вось-вось і нас пачнуць біць ні за што.

Каля турмы ў Жодзіне

Далей прыехаў АМАП зь людзьмі ў цывільным, якія няветліва прапанавалі «пракаціцца па горадзе». Мы, вядома, не змаглі адмовіцца ад такой прапановы і безь якога-небудзь супраціву пагадзіліся праехаць. Разумелі, што ўцякаць і супраціўляцца бескарысна. Аказалася, што нас везьлі ў Маскоўскі РУУС. Туды ж павезьлі і мой аўтамабіль. Дарэчы, аўтамабіль утрымлівалі яшчэ потым 2,5 тыдні, а дакумэнты (тэхпашпарт) на яго да гэтага часу не аддалі.

У Маскоўскім РУУС нас сустрэлі, як злачынцаў, мы перасоўваліся з кабінэта ў кабінэт з рукамі за сьпінай і апушчанай галавой. У нас забралі асабістыя рэчы, і нават матузкі. На мяне склалі пратакол па частцы ДАІ, што я падаў гудок без патрэбы, і абвясьцілі маю машыну як скрадзеную (нібыта VIN нумар майго аўта выклікаў падазрэньні ў іх), а Паўлу — пратаколы за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі, нібыта ён ішоў па вуліцы, размахваў рукамі, прамаўляў нецэнзурную лаянку, крычаў, дэманстраваў непрыстойныя жэсты, тым самым парушаючы грамадзкі парадак.

Як аказалася, на мяне склалі такія самыя пратаколы, праўда, без майго ўдзелу, і яшчэ ў некаторых дакумэнтах падрабілі мой подпіс. Усе нашы просьбы зьвязацца з адвакатам або сваякамі проста ігнаравалі. Мы да апошняга спадзяваліся, што з гэтымі ліпавымі пратаколамі нас проста выпусьцяць. Але мы былі наіўнымі, бо гэты абсурд толькі пачынаўся.

Нас і яшчэ некалькі такіх жа «тэрарыстаў» сабралі ў актавай залі, мы ўсе проста былі ў шоку ад усяго таго, што адбываецца, дзе нас, законапаслухмяных грамадзян, гэтым жа «законам» утоптвалі ў гразь і незаконна ўтрымлівалі. Асабліва запомніўся момант, дзе мы ўбачылі на сьцяне плякат з прысягі міліцыі на вернасьць Радзіме: «… Урачыста клянуся быць адданым свайму народу, сьвята выконваць Канстытуцыю Беларусі, абараняць законныя правы і інтарэсы грамадзян…». Ага, мы зачытвалі ўголас гэтыя словы і глядзелі ў вочы міліцыянтам РУУС, а там — пустата.

Каля турмы ў Жодзіне

На ноч павезлі на Акрэсьціна, дзе нас сустрэлі вельмі цёпла: «Так, жывёлы! Галаву ўніз, рукі за спіну!» І ўсё гэта суправаджалася адборнымі мацюкамі. Нас паставілі тварам да сьцяны, з паднятымі на сьцяну рукамі. Нас папярэдзілі, што нам нельга шаптацца, перагаворвацца, апускаць рукі, паварочвацца і наогул варушыцца, інакш яны прыменяць фізычную сілу. Пры гэтым было адчуваньне, што вось-вось — і яны пачнуць нас біць проста так. А сярод нас была і адна маладзіца, у якой засталося дома 3-гадовае дзіця.

Раніцай нас загрузілі ў аўтазакі і адправілі (на той момант мы ня ведалі куды) у жодзінскую турму. Мы ехалі ў аўтазаку некалькі гадзін, было вельмі горача і душна, таму што я знаходзіўся ў «стакане» — гэта глухая адзіночная камэра, ня больш за палову квадратнага мэтра. Яна разьлічаная на аднаго чалавека, але нас туды прымудрыліся ўпхнуць дваіх. Потым аўтазак спыніўся, і прыкладна 4 гадзіны мы проста стаялі, не разумеючы, дзе мы і што будзе адбывацца. Аўтазак заглушылі, нам перастаў паступаць кісларод, бо ён трапляў з дапамогай вэнтылятараў, якія працуюць толькі пры заведзеным рухавіку. Праз гадзіну стала настолькі душна, што пачынала кружыцца галава і цямнела ў вачах. І мы тады пачыналі стукаць у сьценкі аўтазака з просьбай даць кіслароду. Нам ўключалі на хвіліну, і потым выключалі зноў на гадзіну.

Ніколі ня думаў, што мне калісьці будзе страшна памерці ад нястачы паветра.

Пасьля ўсіх гэтых катаваньняў нас нарэшце пачалі выводзіць па адным з аўтазаку, пры гэтым нам пастаянна крычалі, каб мы галаву трымалі яшчэ ніжэй і нікуды не азіраліся. Але там, папраўдзе, і не было куды глядзець. Нас вялі празь вельмі доўгі тунэль у падвале, які, здавалася, ня скончыцца ніколі. Потым мяне разьдзелі дагала і прымусілі прысядаць, аказваецца, як я потым даведаўся, вязьні хаваюць ўнутры сябе розныя прадметы. Было вельмі непрыемна і абразьліва. Толькі пасьля такога агляду нам дазволілі апрануцца, запісалі зьвесткі і адправілі ў камэру №26. Я першы ўваходзіў і адразу тварам уляпаўся ў вялізнае павуціньне, мабыць, там даўно нікога не было.

Каля турмы ў Жодзіне

Абстаноўка ў камэры прыкладна такая: 8 ложкаў-шконак, стол з дзьвюма лаўкамі, савецкі ўнітаз (калі вы разумееце, пра што я), ракавіна і акно, у якое нічога не было відаць, можна было толькі зразумець — дзень ці ноч на вуліцы. Туалет быў адкрыты, яго перагароджвае толькі адзіная па пояс сьценка, таму, калі хтосьці хадзіў у туалет, чуваць было пра гэта ўсё. І ня толькі чуваць.

А яшчэ вельмі ўразіла, што прасьціны і ручнікі былі вырабленыя ў ліпені 2020-га, такое адчуваньне, што яны рыхтаваліся загадзя.

Перш за ўсё мы агледзелі камэру і знайшлі там цікавыя атрыбуты турэмнага жыцьця — 2 лязы, заточку і нейкія доўгія трубачкі, зробленыя з газэт. Як потым нам расказалі, іх выкарыстоўвалі для перасылкі «малявак» — паведамленьняў паміж зьняволенымі. З карыснага — мы знайшлі даміно, што хоць неяк дапамагала бавіць час.

Калі ахоўнік даў нам аловак, мы нарысавалі на стале шахматную дошку, а з хлеба зьляпілі шашкі і шахматы. Кемлівасць — наша ўсё)) Нагуляўся на ўсё жыцьцё. Зь іншых забаваў у нас былі толькі размовы адно з адным.

У камэры спачатку было 6 чалавек. Хтосьці зь іх быў назіральнікам на выбарчым участку і падаваў скаргу на фальсыфікацыю выбараў, а на іх проста выклікалі АМАП і затрымлівалі; хтосьці проста выйшаў з крамы з «батонам і кефірам» або вяртаўся дадому ў той момант, калі АМАП затрымліваў усіх запар. Але больш за ўсё ўразіла гісторыя хлопцаў, якія смажылі шашлыкі ў Лошыцкім парку і іх таксама затрымалі. Я асабіста бачыў мангал і краткі для шашлыка, якія ляжалі ў кучы рэчаў затрыманых... Усе гэтыя людзі адукаваныя, інтэлігентныя, у якіх ёсьць сям'я, дзеці, прэстыжная праца.

І нас у гэтыя дні аб'ядноўвала адно — усіх незаконна затрымалі і потым гэтак жа незаконна асудзілі — каго на 5 сутак, каго на 10, а камусьці выпісвалі штраф 40 базавых.

Мяне судзіла судзьдзя Лагойскага раёну. Гэты твар я запомню назаўжды. Суд быў больш падобны на тэатральную пастаноўку, якая доўжылася 5 хвілін, і зыход быў вядомы загадзя. Я ветліва прасіў даць адваката, сьведак, але ўсё гэта было проста праігнаравана. Тут жа я і даведаўся, што на мяне былі складзеныя цэлыя 2 адміністрацыйныя пратаколы. За якія мне ў суме далі 10 сутак. Мне хацелася крычаць ад несправядлівасьці. Было адчуваньне, што з нас проста зьдзекуюцца... Вы проста ня бачылі, зь якім спакоем і цынізмам судзьдзя агучвала прысуд за тое, чаго я не рабіў. Пасьля суду мяне вярнулі ў камэру адбываць «заслужаны» тэрмін.

Увечары нам у камэру падсялілі яшчэ 10 чалавек, яны былі настолькі зьбітыя, у бруднай вопратцы, з крывёю, што мы адразу падумалі, што гэта крымінальнікі, якія пабіліся паміж сабой. Шчыра, было крыху страшна. Але ўявіце, як мы зьдзівіліся, калі даведаліся, што гэта былі хлопцы, такія ж палітвязьні, якіх затрымалі ўвечары 10 жніўня. Большасьць зь іх такія ж выпадковыя «пасажыры», як мы, толькі пару зь іх зьбіраліся правесьці пікет супраць фальсыфікацыяў выбараў, але не дайшлі. Міліцыя і АМАП трымалі іх амаль суткі на дворыку РУУС, зьбівалі дубінкамі да паўсьмерці, прымушалі сьпяваць песьні, што наш прэзыдэнт самы лепшы, пагражалі іх застрэліць і згвалціць і казалі, што ім, АМАПу, за гэта нічога ня будзе...

Яшчэ з намі быў Арцём, на выгляд гадоў 20, інвалід 2-й групы, ён ведаў толькі, як завуць сябе, яго маму і адрас пражываньня. У астатнім развіцьцём як 6-гадовае дзіця. Мы яго вучылі і кантралявалі штодзённую гігіену, пакідалі лішнюю ежу, бо ён любіў паесьці. І самае абсурднае, што нават яго, недзеяздольнага чалавека, таксама біў АМАП, і таксама асудзілі на 10 сутак. Мы доўга шукалі лёгіку ўсяго таго, што адбываецца, але так і не змаглі знайсьці.

У маленькай камэры было вельмі душна. Усяго нас там было 16 чалавек. Мы спалі па чарзе: хтосьці на падлозе, хтосьці пад сталом, на стале, а хтосьці на ложку. Потым мы мяняліся. І за ўвесь час у нас не было ніводнага канфлікту, мы былі, як адна каманда, дзе кожны падтрымліваў адзін аднаго.

Дарэчы, свой дзень нараджэньня 12 жніўня я сустрэў у турме. Хлопцы мне прасьпявалі «Хэпі бёздэй», і пажадалі, каб я наступнае сьвята адзначаў ўсё-ткі на волі, нягледзячы на добрую кампанію.

14 жніўня раніцай мне нарэшце дайшла «перадачка», якую, як потым высьветлілася, адправілі яшчэ 4 дні таму. Мы разьмеркавалі ежу на некалькі дзён. Асабліва запомнілася мне, як мы зрабілі бутэрброды з жытняга хлеба і каўбасы, і ў той момант здавалася, што гэта быў самы смачны бутэрброд у маім жыцьці.

Увечары, на шосты дзень зьняволеньня, нас па адным пачалі выводзіць з камэры. Я думаў, што мяне пераводзяць у іншы блёк альбо наогул у іншую турму, але потым я ўбачыў майго сябра Паўла, зь якім мяне затрымалі. Аказалася, нас пачалі адпускаць. Паводле нейкай чароўнай амністыі.

Але спачатку мне яшчэ трэба было знайсьці свае рэчы. У невялікім пакоі на падлозе проста ўсё валялася ў кучах па калена. Мне пашанцавала знайсьці свае рэчы за 5 хвілін. Але потым іншыя хлопцы распавядалі, што яны так і не змаглі знайсьці свае мабільнікі, грошы, дакумэнты. У Паўла, напрыклад, зьніклі акуляры і банкаўская картка.

Каля турмы ў Жодзіне

Далей мяне вялі хвілін 10 па доўгіх калідорах, дзверы за дзвярыма. У думках мільгала, што нават калі б і захацеў зьбегчы адтуль, то заблукаў бы ў гэтых бясконцых турэмных лябірынтах.

Выйшаўшы на вуліцу, я па-ранейшаму ішоў рукі за сьпіну і галава ўніз, пакуль не пачуў чыйсьці голас, што ўжо можна падняць галаву, што я на волі. Я падняў галаву і было так сьветла і сонечна, а вакол вельмі шмат людзей. У той жа момант я ўбачыў сваіх блізкіх і сяброў, якія некалькі дзён і начэй запар чакалі мяне каля турмы.

На гэтым усё ня скончылася, бо мой аўтамабіль усё яшчэ знаходзіўся на тэрыторыі Маскоўскага РУУС. Паводле «закону» маю машыну маглі ўтрымліваць да 30 дзён, пакуль ня пройдзе экспэртыза. Але нават там ёсьць людзі і нармальнае чалавечае стаўленьне. Супрацоўнік РУУС Мікалай заняўся вяртаньнем нашых аўтамабіляў. Ён ініцыяваў правесьці экспэртызу як мага хутчэй. Але, як я зразумеў, ён за сваю ініцыятыўнасьць атрымаў па шапцы ад начальніка: «Навошта сьпяшацца, хіба камусьці гэтыя аўто перашкаджаюць? У цябе ёсьць нейкі асабісты інтарэс?» Усё ж такі праз 2,5 тыдні з моманту затрыманьня мне і такім самым пацярпелым вярнулі аўто. Але без тэхпашпарта, яго таксама будуць правяраць на сапраўднасьць. Таму да гэтага часу чакаю вяртаньня дакумэнтаў ...

Дарэчы, я склаў скаргу на тую судзьдзю Лагойскага раёну, і днямі ў Менскім абласным судзе разглядалася гэтая заява. Мой адвакат пракамэнтаваў гэтае дзеяньне так: «Гэта пісец». Усе парушэньні і нестыкоўкі ў пратаколах проста не былі ўлічаныя, а тры сьведкі, якія бачылі маё затрыманьне і нават зьнялі на відэа, не былі выкліканыя ў суд. Рашэнне суда пакінулі ранейшым, што я вінаваты. Але ёсьць і добрыя навіны: 6 сутак, якія я правёў у турме, залічылі, як дастатковае мне пакараньне. Гэта значыць, 4 сутак у мяне аднялі. А Павал яшчэ не падаваў скаргу, таму яго могуць у кожны момант затрымаць і папрасіць дасядзець гэтыя 4 сутак. Нелагічна, абсурдна, незаконна, цынічна“.

„Хлопчыка-інваліда з вазка зацягвалі ў аўтазак, сьмяяліся і білі па нагах“

Вольга Бяласіна, Барысаў:

„Мы з мужам 10 жніўня каталіся на матацыклах. Праяжджалі праз плошчу. Там рабілася такое бясчынства, проста на вуліцы людзей білі, зацягвалі ў машыны. Дзеці плакалі, крычалі. Мы спыніліся, натуральна. Хто праедзе, калі дзеці крычаць. Майго мужа тут жа схапілі і пацягнулі. Натуральна, я за ім. Мяне ніхто не затрымліваў. Я сама пайшла, бо як пакінуць мужа.

Хлопец ехаў на зялёным ровары, гадоў 17. Яго проста шэсьць чалавек падбеглі, сталі біць, зацягнулі таксама да нас у аўтобус. Потым пад’ехаў аўтазак. Нас грузілі…

Калі зацягвалі ў аўтобус, хлопчыка-інваліда проста з інваліднага вазка паднялі і запхнулі. Калі зацягвалі ўжо ў аўтазак, яны сьмяяліся і білі яго так… Сказалі: «Ты хлусіш»… Па нагах. Я пачала крычаць, што ён не адчувае ног, што вы робіце. Ён інвалід. Калі ласка, хаця б пасадзіце яго (плача). Бо яны кінулі яго проста на падлогу. Толькі пасьля маіх словаў яны прыслухаліся і хаця б пасадзілі яго.

АМАП. Ілюстрацыйнае фота

Нас прывезьлі. Мужчын з машын адразу білі проста бязьлітасна дубінкамі, укладвалі ў падлогу, у зямлю. Рукі ўгару і ногі на шырыню, якую толькі можаш. Яны зьбівалі іх, яны хадзілі па іх. Сьмяяліся.

Нас паставілі да сьценкі, тварам да сьцяны, мы не павінны былі глядзець. Стаялі жанчыны ад 70 гадоў да дзяўчынкі 15-гадовай. Яна плакала і пыталася: «Вас білі?» Я кажу: «Не». Яна кажа: «А мяне білі».

Мы стаялі так чатыры гадзіны. Ні папіць, ні туалета, нічога. Калі мы адкрывалі рот ці глядзелі, яны казалі, што будуць укладваць нас гэтаксама, як і мужчын.

У мяне адкрыўся крывацёк, бо ў мяне рак па-жаночы. І я казала сьледчаму: мне патрэбны пракладкі. А яны сьмяяліся мне ў твар: ты, с...ка, будзеш сядзець 15 дзён, я асабіста распараджуся, каб ты сядзела.

Пракладак мне ніхто не прынёс, і я так у крыві ўся і ляжала; сяк-так падмывалася, вядома. А там жа камэры стаяць, усё гэта запісваецца. Гэта ўсё такое прыніжэньне.

Я казала сьледчаму: «Дзе мой адвакат? Чаму мяне затрымалі?» Ніхто нічога не тлумачыў, ніхто не прадстаўляўся, ні ў кога бэджыкаў не было. Абсалютнае беззаконьне. Ставяцца, як да жывёлаў.

Яшчэ на плошчы жанчыны зь дзецьмі, пажылыя жанчыны ўставалі перад імі на калені і прасілі не ісьці супраць народу. Я таксама думала, што яны могуць, што ў іх ёсьць нешта чалавечае. Але не. Яны сьмяяліся ў твар. Проста сьмяяліся і білі нас.

Народ нічога не рабіў. Ён проста стаяў.

І я вось такая ўся ў крыві, уявіце — у месячных, ва ўсім — стаяла перад судом. Мне было настолькі дрэнна, жудасна, прыніжэньне проста страшнае…

Значыць, народ, мы можам проста працаваць, плаціць падаткі, штрафы, але нічога ня можам больш. І мы сапраўды авечкі, як кажа Лукашэнка. Я ня ведаю, што яшчэ павінна адбыцца, каб мы сапраўды прачнуліся і ўсе выйшлі на вуліцу. Ну ўсіх жа не заб’юць і не пасадзяць. Госпадзе, гэта проста бясчынства“.

„Хрыбетнік зламалі за тое, што «неодобрительно смотрел в сторону милиции»“

Павал Сіцянкоў, былы трэнэр нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь у плаваньні, Горадня:

Павал Сіцянкоў

„11 жніўня ўвечары я выйшаў на прабежку. З сабой ня меў ні тэлефона, ні ключоў. Ужо вяртаўся назад. На кольцы каля філярмоніі «працаваў» АМАП: яны спынялі машыны, разьбівалі шыбы, даставалі адтуль людзей і білі проста на зямлі.

Гэта былі людзі ў чорнай вопратцы, зь зялёным прастакутным шаўронам, унутры якога была лічба 411. Яны былі ў масках, пальчатках, з дубінкамі і шокерамі на поясе.

Пазьней да іх далучыліся так званыя «касманаўты». Яны хапалі хлопцаў, кідалі іх тварам у зямлю, заломвалі рукі. У гэты час я пераходзіў дарогу і пачуў з рацыі: «Зноў гэты спартсмэн!» Ну і мяне адразу ўзялі. Схапілі пад рукі, выбілі ногі, і я ўпаў галавой на асфальт. У мяне адразу зьявілася гематома і дзікі боль у хрыбетніку.

Усіх, хто ляжаў на зямлі, пачалі пакаваць у аўтазак. Загружалі ў машыну «елачкай», ці «ручайком»: людзі стаялі ў праходзе на каленях з апушчанай долу галавой, ззаду станавіўся наступны.

У аўтазаку — усё паводле адпрацаванага сцэнару: жорсткае зьбіцьцё, прыніжэньні, абразы і галоўнае пытаньне: колькі плацяць за выхад?

Яны крычалі, што нам плацяць эўрапейцы, а ім плацім мы. Раўлі, каб мы ня рухаліся і не варушыліся, інакш уставяць дубінку ў адно месца. З намі быў хлапчына 17-гадовы, яго білі мацней за ўсіх. Бо ў самым пачатку ён пажартаваў, што нам плацяць па 50 рублёў за выхад.

Ва ўнутраным дворыку ІЧУ нас высадзілі, як заўсёды — галавой уніз, рукі за сьпінай. Пакуль ішлі, білі. Там нас падзялілі і ўзяліся шукаць тату («замылены сюжэт для дзяржаўных СМІ). У каго знаходзілі, білі жорстка.

Да гэтага часу боль у хрыбетніку не праходзіў, а толькі ўзмацняўся. Я прасіў мэдычнай дапамогі, але мяне ня чулі. Мы стаялі ў паставе «матылька». Тыя, хто варушыўся, атрымліваў дубінкамі па ўсіх частках цела. Тыя, якія прыяжджалі зь меткамі на целе, іх выводзілі з «адстойніку», і ўжо потым я толькі чуў крыкі і стогны. Чуваць было, білі нават дзяўчаты-амапаўкі. Яны раўлі: «Палучай, с…ка! Будзеш ведаць, як выходзіць з дому!»

У «адстойніку» быў і інвалід другой групы, і астматык. Яны прасілі аб дапамозе, але доктара да іх ніхто ня выклікаў і патрэбных лекаў ня даў. Каля сьценкі я прастаяў дзьве з паловай гадзіны. Потым быў допыт з прыніжэньнямі і складаньне пратаколу.

Мне яшчэ пашанцавала, што з сабой нічога ня меў — я ж на прабежку выйшаў. Уласна, і прад’явіць не было чаго. Мяне адвялі ў камэру ІЧУ, па дарозе традыцыйна далі пару штурхалёў, атрымаў зьняважлівыя словы ў свой адрас. Мяне адвялі ў чатырохмясцовую камэру, спачатку я быў там трэцім. Праз паўтары гадзіны да нас закінулі яшчэ 10 чалавек.

Павал Сіцянкоў

На працягу 19 гадзін, пакуль быў у ІЧУ, я прасіў выклікаць доктара, таму што боль у хрыбетніку скоўваў усё цела, але мае просьбы супрацоўнікі ізалятара ігнаравалі. Дарэчы, пад раніцу крыкі інваліда другой групы ўжо закончыліся, а пажылую жанчыну, якую таксама арыштавалі, вывезьлі на насілках.

Пасьля абеду быў суд у адміністрацыйным корпусе. У пратаколе было напісана: удзельнічаў у беспарадках, выкрыкваў, няўхвальна глядзеў у бок міліцыі пры затрыманьні. Нічога не выкрыкваў, нідзе ня ўдзельнічаў — гэта дакладна. А няўхвальна глядзеў — з гэтым згодны. А як яшчэ глядзець на ўсё гэты было?

Пакаралі штрафам на 5 базавых велічынь. Раніцай мяне адпусьцілі. Каля варот усю ноч мяне чакалі бацькі. Мы зьвярнуліся ў траўмапункт. З дыягназам «пералом чатырох хрыбетак шыйнага аддзелу» я трапіў у лякарню хуткай дапамогі. Наперадзе месяцы лячэньня і аднаўленьня“.

belaruspartisan.by

„Пратэз грудзей падвязвала хусткай. Сарвалі са словамі: гэта што, сьцяг?“

Наста Машчава, журналістка, фатограф:

„Не магла рашыцца на гэты пост, але трэба. Хацела апісаць літаратурна, але не выходзіць. Таму пішу, як ёсьць, пра тое, што адбывалася з затрыманымі людзьмі. Я б сама адмовілася ў гэта верыць, калі б не пачула гэтыя гісторыі асабіста і не пабачыла чорныя ногі і сьпіны. Пасьля першай паездкі на Акрэсьціна дома я забыла пароль ад тэлефона. Вось такі быў мой стан.

Пратэстоўцы выходзяць з Акрэсьціна

Першую дзікасьць мы пачулі ад маленькай жанчыны гадоў 60. Яе разам з мужам павязалі каля РУУС, калі яны прыйшлі пісаць заяву пра зьнікненьне сына, якога затрымалі напярэдадні. Сядзелі ў пяцімясцовай камэры 50 чалавек. Яе білі, як і іншых жанчын, разьдзявалі, ставілі на калені. У яе пратэз замест грудзей, які яна падвязвала хусткай, дык сарвалі зь сілай, са словамі: гэта што, сьцяг? А пасьля гэтага штурханулі ў шыю. Зьдзекавалася зь іх наглядчыца-жанчына. Каб вы разумелі, пасьля выхаду ў кабеты рукі трэсьліся так, што з бутэрброда, які ёй далі, зьляцела масла. Але яна пра сябе забыла і чакала выхаду сына. Ён хворы на эпілепсію, але знаходзіцца ў працяглай рэмісіі (больш за 20 гадоў), а суткі на Акрэсьціна справакавалі прыступ. І незразумела, ці выйшаў ён сам, ці яго завезьлі ў лякарню.

Дарэчы, першых вызваленых асабіста сустрэць не ўдалося, іх вывезьлі «хуткія». Шэсьць машын за гадзіну, па 3-4 чалавекі ў кожнай. Людзям, у якіх былі пераломы, «хуткую» на суткі не выклікалі. Адзін вызвалены расказваў, што ў камэры быў хлопец са зламанай нагой. І калі ён зразумеў, што доктара яму ніхто ня выкліча, ён костку папраўляў рукамі, каб стаяць было зручней.

Пратэстоўцы выходзяць з Акрэсьціна

Самая жудасьць адбывалася з затрыманымі ў ноч з 10 на 11 жніўня. Іх ня білі, а проста зьнішчалі. Людзі, якіх затрымалі раней, казалі, што стогны ў гэтую ноч і наступны дзень стаялі такія, што ў вушах закладвала. Мужчыны енчылі дзіцячымі галасамі, у іх проста не было сіл. Людзям выбівалі зубы і давалі венікі, каб падмяталі.

Лютае дзікунства — ад адной зь лекарак. Цяпер у лякарні ляжаць дзясяткі мужчын з траўмамі прамой кішкі і разрывамі гартані, іх катавалі дубінкамі, растоптвалі дзетародныя органы. А адна дзяўчына расказвала, што ў РУУС пасьля таго, як іх пабілі, прыбіральніца несла мяшок выкарыстаных прэзэрватываў. З траўмай горла ў лякарні ляжыць 16-гадовы хлопчык, яму яшчэ спрабавалі выціснуць вочы.

Гісторыя ад хлопца-валянтэра, які вырашыў аказаць людзям мэдычную дапамогу і паехаў з аптэчкай на машыне з наклеенымі крыжыкамі. Ён быў упэўнены, што пад раздачу ня трапіць. Але дзе там! Машыну разьбілі, яго выцягнулі і пабілі за тое, што надта чулы, дапамагае не таму, каму трэба. У РУУС яму зрэзалі дрэды, але яму пашанцавала, чыкнулі толькі валасы (іншаму хлопцу з такой самай фрызурай адрэзалі кавалак скальпа). У іх камэры быў хлопец, якога пазначылі, як арганізатара, дык яму раздрабілі таз і перабілі хрыбетнік. Дзе ён цяпер, невядома.

Пратэстоўцы выходзяць з Акрэсьціна

Яшчэ адзін хлопец заляцеў на суткі проста з машыны. Ехалі з братам, калі іх літаральна расстралялі ва ўпор, брату пацэлілі ў артэрыю, таму забіраць ня сталі. А вось хлопец адгроб за дваіх. Сядзець яму было вельмі цяжка, бо ён ня ведаў, ці выжыў ягоны брат. Вельмі шмат людзей атрымалі агнястэльныя раны, былі гэта гумовыя кулі ці нешта іншае, ня ведаю.

У лякарню прыйшоў зьбіты хлопец, казаў, што адчувае сябе цярпіма, а КТ паказала, што зламаны хрыбетнік. Перабілі хрыбетку, але ўдала. Іншым пашанцавала меней, на экспэртызу аднаго хлопца прывезьлі на вазочку, сам ісьці практычна ня мог.

У аўтазаку білі з такой сілай, што некаторыя хадзілі пад сябе. Адзін хлопец абгадзіўся, і яго выкінулі з аўтазака, бо сьмярдзеў. Напэўна, яму пашанцавала.

ЧМТ, вялізныя гематомы, якія маюць від космасу, зламаныя насы — цяпер лічацца лёгкімі траўмамі. Так, у параўнаньні з разарванымі пячонкамі, гэта ня так сур’ёзна.

На адсутнасьць ежы і вады многія нават ня скардзяцца.

Я ня ведаю, як назваць гэта. Я не хачу верыць, што гэта было ў нашай Беларусі. Я баюся даведвацца, што зь людзьмі адбывалася яшчэ. Я вельмі веру, што гэта ніколі не паўторыцца“.

„Я спытаўся, навошта яны ўсё гэта робяць. Асноўных прычын было тры“

Паша:

„Гэта быў першы дзень жаночай акцыі, калі дзяўчаты выходзілі ў белым і з кветкамі. Сам я ў гэтым са зразумелых прычын удзельнічаць ня мог, але вырашыў падвезьці сваю суседку і пастаяць недзе ў баку. Плюс апошнія пару дзён мая машына была чымсьці накшталт перасоўнага мэдпункту, бо ў выпадку чаго я мог бы яшчэ камусьці аказаць дапамогу.

Дзяўчаты выйшлі з машыны, разьвіталіся і пайшлі ў калёну, а я стаў павольна, з уключанай аварыйкай, езьдзіць па супрацьлеглым баку праспэкта. Гудок у мяне не працаваў, нават калі б хацеў. Адзінае, у нейкі момант у радыё зайграла песьня Another Brick in the Wall, і я на поўную выкруціў ручку гуку.

Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Раптам аднекуль выскачылі два «ціхары». Відавочна, яны не былі фанатамі Pink Floyd: адзін зь іх падбег, ударыў па машыне і нешта крыкнуў у вакно. Я адразу ж даў па газах, далей ад бяды.

Праз хвіліну насустрач мне выехаў танаваны бусік. Калі я ўбачыў, што ўсярэдзіне сядзяць людзі ў масках і паказваюць на мяне пальцамі, зразумеў, што наўрад ці ўжо далёка зьеду. У нас завязалася кароткая пагоня мэтраў на 300, пасьля чаго я ў жаху выскачыў з машыны, пакінуў адчыненыя дзьверы і не заглушыў рухавіка. Я крычаў: «Памажыце!», але людзей на вуліцы амаль не было, а тыя, хто быў, проста ўпадалі ў ступар ад гэтага і ніяк не дапамагалі.

Аўтазак. Ілюстрацыйнае фота

Ад «людзей у масках» я адарваўся, але ўжо на наступнай вуліцы мяне скруцілі даішнікі. Надзелі кайданкі, пачакалі таго самага амапаўскага буса і закінулі ў сярэдзіну.

Там мяне яшчэ ня білі, але вырашылі на мне павучыць маладых, як правільна зьнерухомліваць затрыманых. «Ды ня так — вось тут прыцісьні!» — і ўсё ў такім духу.

Адзін з даішнікаў аказаўся адэкватным: паслабіў мне кайданкі, сказаў, у які РАУС мяне вязуць. Я высунуў твар у вакенца і шчыра спадзяваўся, што мяне заўважыць хто-небудзь з знаёмых: пагоніцца за аўтобусам, адаб’е ад міліцыі. Ну ці хаця б сфоткае і адпіша маім бацькам, дзе я. Але горад быў мёртвы.

Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Мы прыехалі ў РАУС, і амаль адразу мяне пацягнулі на трэці паверх на допыт да нейкага сьледчага. Кінулі перад ім на падлогу і пачалі «мясіць».

Сьледчы зароў: «У цябе ёсьць пяць хвілін, каб усё расказаць, інакш станеш калекам!». Білі ў асноўным па галаве: расьсеклі шчаку, разьбілі нос. Потым яшчэ на сьпіну скакалі. Увесь час пыталіся: «Хто вас каардынуе? Хто плаціць? Хто ўзбройвае?»

Мне здалося, што абсалютная большасьць сілавікоў шчыра ўпэўненыя, што ўсе пратэстоўцы — арганізаваная злачынная група.

Каб я не заліў падлогу крывёй, мне кінулі ручнік. Увесь астатні час у РАУС я правёў усьляпую, з гэтым ручніком на галаве. Яшчэ мне на сьпіне намалявалі лічбу «1» і пэрыядычна кпілі з таго, што я ў іх тут «VIP-пэрсона».

Як я зразумеў, мне спрабавалі спачатку прышыць ролю каардынатара, бо на заднім сядзеньні маёй машыны знайшлі пару матацыклетных шаломаў, шчыткі і пальчаткі. А матацыклістаў яны вельмі не любілі. Я сказаў, што ўзяў гэта ўсё выключна для абароны, — нібыта адсталі.

Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Урэшце мне ўдалося наладзіць зь імі нейкі мінімальны дыялёг. Я спытаўся, навошта яны ўсё гэта робяць. Асноўных прычын было тры:

1. Яны помсьцяць за сваіх. Іх пераконваюць, што пратэстоўцы ідуць на амапаўцаў са зброяй і сярод асабовага складу сотні пакалечаных.

2. Ім надакучыла за намі бегаць, таму тых, каго злавілі, б'юць максымальна жорстка: каб дакладна зноў не пайшлі на мітынг і ўсе вакол бачылі, гледзячы на іх, што хадзіць лепей ня варта.

3. Гэта іхная праца: у іх загад, і яго трэба выконваць.

Калі мяне вялі ў наступны кабінэт, па дарозе зь мяне зьляцеў адзін з кедаў. Нехта яго падняў і запхнуў мне ў майткі. У нейкім сэнсе гэта мяне пасьля выратавала: у другім кабінэце амапавец спрабаваў запхнуць мне дубінку паміж булак, пакуль я ляжаў на падлозе. І ў гэты момант я шчыра дзякаваў лідзкаму сябру за тое, што прыкрыў мне тылы.

Другі сьледчы сядзеў за сталом і аглядаў мае рэчы. Доўга ня мог ускрыць мой стужкавы фоцік, пакуль я сам не расказаў, як. У выніку яны ўсё адно мне яго зламалі.

Яшчэ шнарыў у маім Telegram, і пэрыядычна мяне перасмыкала, калі ён называў імёны маіх сяброў з кантактаў. Знайшлі пару нейкіх фотак, на якіх, як ім здалося, былі наркотыкі. Далі па нагах. Потым сьледчы прачытаў уголас паведамленьне ад маёй сяброўкі: «Будзьце асьцярожныя, яны ўжо бегаюць пад амфікам». Я сказаў, што гэта памылка друку і, хутчэй за ўсё, яна мела на ўвазе «пад падзікам». Але мяне яшчэ пару разоў стукнулі галавой аб сьцяну.

Мяне спусьцілі ў мясцовы цір. Было адчуваньне, што гэта памяшканьне ў РАУС аддалі спэцыяльна пад катоўню. Антураж быў адпаведны: гумовая падлога, мішэні на сьценах, лямпы гудуць і няспынныя крыкі.

У куце ляжаў тоўсьценькі дзядзя з Wargaming і яго дзяўчына. Вось ім даставалася за траіх: у іх знайшлі пры сабе нейкія грошы і назвалі спонсарамі пратэстаў. Потым мужычку стала ўжо так блага, што давялося ўсё ж такі выклікаць «хуткую».

На дзіва, мяне ў ціры білі ўжо ня моцна — так, хутчэй, штурхалі часам, праходзячы міма. Мянты ўбачылі ў маіх рэчах фотаапарат, і, пакуль я ляжаў тварам у падлогу, у нас завязалася размова пра тое, што лепей: стужка ці лічба. Такі сюр: я ляжу, даказваю, што стужка круцейшая, а за пару мэтраў ад мяне рыдае і стогне нейкі мужык.

Потым яны пачалі разважаць пра вынікі выбараў:

— Ты зразумей, мы ж таксама хочам перамен, але не такім спосабам! Да таго ж ты сам падумай: вось колькі чалавек сёньня выйшла? Тысяч пяцьдзясят? А жыве ў Менску колькі? Вось і думай! Ну окей, можа, ня 80% у Лукашэнкі, але ён жа ўсё адно выйграў, так жа?

Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Затым нам аддалі рэчы і павезьлі на Акрэсьціна. Жанчыны, якія выдавалі нам нашы пакеты, размаўлялі пра сваё і гучна сьмяяліся — і гэта быў самы страшны і мярзотны гук, які я чуў. Людзей зьбіваюць, усе падлогі ў крыві, а на фоне гэтай карціны — жаночы сьмех.

Далі падпісаць пратакол. Як толькі я пачаў чытаць, што мне інкрымінуюць, амапавец пацягнуўся па дубінку. Я пасьпеў выхапіць вокам слова «адміністрацыйнае»: у прынцыпе, мне гэтага было дастаткова.

— Напішыце яшчэ, што ў яго нос зламаны!

Тут я напружыўся, бо пакуль што мой нос зламаны ня быў. Але цяпер мне трэба было перажыць «калідорчык» з амапаўцаў перад загрузкай у аўтазак, так што гэта магло быць лёгка выпраўлена.

На разьвітаньне ў РАУС мне прапісалі з нагі ў жывот, як мае быць. Напэўна, гэта быў самы балючы ўдар за ўвесь час затрыманьня — я нават на калена прысеў.

Бягу ў зак з пакетам рэчаў над галавой, але ўжо хаця б не ў кайданках. З усіх бакоў прылятаюць удары. Гэта такі амапаўскі абрад пасьвячэньня. Пакет рвецца, усе мае рэчы падаюць — мянты сьмяюцца. У аўтазаку жахлівае пекла: людзі стогнуць, трацяць прытомнасьць, грукаюць у дзьверы. Я папрасіў усіх перастаць крычаць, бо так хутка траціцца кісларод.

На Акрэсьціна нас сагналі ў прагулачны дворык і сказалі, што начаваць мы будзем тут. У чатырох бэтонных сьценах нейкім чынам зьмясьцілася 127 чалавек. Стаялі, грэліся адно аб аднаго, слухалі крыкі дзяўчат зь ЦІПа і чакалі сонца.

Было шмат часу падумаць. Ці на волі мае сябры, ці пасьпею я праводзіць дзяўчыну ў Кіеў і іншае — такія пытаньні лезьлі ў галаву. Уяўляў, што я, як крывавы рыцар такі, прыскачу на пэрон у апошні момант і абдыму яе. Я спадзяваўся, яны там ува ўсім разьбяруцца і ўсё ж такі мяне адпусьцяць. Хоць верылася ў гэта слаба.

На наступны дзень быў суд. Натоўп зьняволеных падзялілі на дзьве чаргі. Адна з замежнымі журналістамі — адтуль часта даляталі прысуды кшталту «30 базавых». Я спадзяваўся, што таксама абыдзецца штрафам, хоць у нашай чарзе да мяне давалі толькі суткі. Але мне ж шанцуе: у выніку на маёй чарзе судзьдзя сышоў, і мне сказалі, што суд пераносіцца на заўтра.

Мяне адвялі ў камэру. Людзей шмат, ложкаў усяго чатыры — сьпяць усе па чарзе. Але, што дзіўна, ніхто нікога не падганяе і ня будзіць. Як прачнесься — сам вызваляеш месца, і на яго кладзецца наступны.

Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Вакол было шмат цікавых пэрсанажаў. Быў зусім малады хлопец, якога ўзялі дома, проста на вачах у бацькоў. Ногі хлопцу адбілі так, што ён ня мог стаяць. Быў мужык, якому прыпісвалі крымінал як арганізатару за тое, што дома знайшлі стары ржавы штых-нож і нейкія страйкбольныя гранаты з гарохам. Але я так стаміўся, што ня змог ні з кім доўга размаўляць — проста споўз уніз па сьценцы і заснуў.

Праз сон пачуў, што нехта крыкнуў маё прозьвішча. Як потым аказалася, гэта былі тыя самыя сьпісы валянтэраў каля Акрэсьціна. Я падышоў да мужычка, які ў нас у камэры быў самы актыўны, і перапытаў. Аказалася, што ён мой аднафамілец. Я ўсьміхнуўся і сказаў, што ніколі раней з маім прозьвішчам нікога не сустракаў. Ён, увесь сіні, стаў рагатаць:

— Дык гэта ты, хлопец, напэўна, проста гарэлкі ня п’еш! Так яшчэ аднаго вельмі вядомага нарколяга завуць!“

citydog.by

„Лепей бы вы нас закапалі там жыўцом, бо мы ня будзем маўчаць“

Уладзімер Лунёў, апэратар:

Уладзімер Лунёў, фота БАЖ

„10 жніўня, прыкладна ў 23.30, калі пачаліся затрыманьні, я знаходзіўся ў Менску на вуліцы Прытыцкага, каля крамы «Спорт-турызм», на мне была камізэлька, і амапаўцы бачылі надпіс «Прэса».

Я папярэдзіў пра тое, што я журналіст, пяцёх супрацоўнікаў у шаломах і з дубінкамі. Але яны зьбілі мяне з ног, пачалі біць, крычалі: «Хацеў рэвалюцыю? Зараз мы табе яе арганізуем!» Яны былі перакананыя, што я нейкі наняты за грошы «рэвалюцыянэр», і лупцавалі па нагах, па руках, па сьпіне, па галаве…

Потым гэтыя пяцёра пабеглі далей, але зьявіліся іншыя трое. Потым яшчэ чацьвёра. Зьбіцьцё і абразы працягваліся, але я ўжо ня мог ня тое што запярэчыць — нават паварушыцца. Адзін з амапаўцаў крычаў, каб я павярнуўся на жывот, другі — каб на сьпіну, трэці загадваў падняцца, чацьвёрты — стаць на калені… Я ўжо ня ведаў, якому загаду падпарадкавацца, і мяне пацягнулі ў аўтазак.

Каля аўтазака ў мяне забралі заплечнік і мабільны тэлефон. Там унутры было ўжо шмат людзей, але міліцыянты ўпіхвалі ў машыну ўсё новых і новых. Супраць аднаго чалавека, які ня мог зьмясьціцца, бо не было куды, ужылі электрашокер і запхнулі сілай.

Ехаць у аўтазаку давялося 30-40 хвілін. Ён спыніўся ў нейкім турэмным двары, дзе затрыманых зноўку білі. Усіх запар, нават грамадзян іншых краін.

Пры мне дапытвалі хлопца ў чырвонай майцы. Побач стаялі дзьве жанчыны-міліцыянткі, два супрацоўнікі ў цывільным і ўзброены вайсковец з аўтаматам. Хлопец сказаў, што ён грамадзянін Украіны і што мае ў Беларусі від на жыхарства. Яго тут жа пачалі біць са словамі: «Цябе да нас заслалі рабіць Майдан. Зараз заб’ем!» Хлопца пабілі так, што ён ня мог падняцца. Потым узяліся за мяне.

Білі і пыталіся, на каго я працую і колькі мне заплацілі. Калі вялі назад, я ўжо ня мог наступаць на адну нагу. Распухла і адна рука, бо рукі падчас допыту былі моцна зьвязаныя.

Завялі ў нейкае памяшканьне, забралі ўсе рэчы з кішэняў, папругу, матузкі. Завялі ў камэру, прыблізна 20 кв. м. Там ужо было вельмі шмат мужчын, ад 20 да 40 гадоў, але былі і старэйшыя. Усіх затрымалі ў розных частках Менску і ўсе былі пабітыя. Тым часам падвозілі ўсё новых затрыманых. У калідоры былі чуваць крыкі і ўдары. Многія людзі прасілі вады, але яе прыносілі вельмі рэдка. Камэра была перапоўненая, сесьці маглі толькі тыя, хто апынуўся каля сьцяны, астатнія стаялі. Каля трох гадзін ночы нас вывелі ў двор, зноў пачалі апытваць, у тым ліку пра тое, чаму ўдзельнічалі ў мітынгу і хто нам заплаціў. Пасьля зноўку завялі ў камэры. Тых, хто абураўся або проста настойліва прасіў вады, выводзілі і зьбівалі. Час ад часу супрацоўнікі крычалі: «Доктара!» — калі бачылі, што чалавеку зусім кепска.

Я пачуў пра затрыманьне калег, у калідоры прыгучала: «Мы здымалі сюжэт з выбарчага ўчастку». Калегаў таксама пабілі. Таксама было чуваць, што аднекуль крычаць: «Выпускай!» Пасьля гэтага некаторых выцягвалі з камэр і зноўку білі.

Усе навокал скардзіліся на боль у нагах — бо ўсіх білі дубінкамі падчас затрыманьня. У кагосьці ў суседняй камэры быў прыступ эпілепсіі, некаторыя трацілі прытомнасьць. Былі сярод затрыманых хворыя на цукровы дыябэт, на гіпэртанію, але мэдычную дапамогу аказвалі ня ўсім і не адразу. Увечары ў камэры стала халодна, людзі ратаваліся тым, што станавіліся сьпінай да сьпіны. У некаторых ад голаду і адсутнасьці сну пачаліся гістэрыкі і нават галюцынацыі.

Праз суткі людзей пачалі пераводзіць зь вялікай у меншыя камэры. У камэры, куды трапіў я, было 16 чалавек. Там можна было хаця б прысесьці ці нават прылегчы. Было чуваць, што кожныя паўгадзіны прывозяць новых зьняволеных, што іх б'юць, катуюць, зь іх зьдзекуюцца.

Каб ня чуць крыкаў, многія закрывалі вушы рукамі. І ўсё гэта працягвалася да раніцы. Потым нам скамандавалі выйсьці ў калідор, пачалі называць асобныя прозьвішчы. Гэтых людзей выводзілі. Куды — не казалі. Астатніх вярнулі назад у камэры. Празь нейкі час зноўку пачалі выкрыкваць прозвішчы, я пачуў сваё. Нас сабралі ў калідоры, ужо было сьветла і на сьценах было добра відаць сьляды крыві.

Затрыманых прывялі ў нейкае памяшканьне, дзе на стале ляжалі пратаколы, а за сталом сядзеў міліцыянт. У пратаколах было адно і тое самае: артыкул 23.34, ч. 1, «браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, крычаў: “Жыве Беларусь!”, “Ганьба!”, “Стоп таракан!”».

Я напісаў, што ня згодны, што лёзунгаў не выкрыкваў, у мітынгу ня ўдзельнічаў. Перад тым, як выпусціць, нехта зь міліцэйскага начальства нам сказаў, што нас проста зьнішчаць, калі мы пападземся яшчэ раз. Або калі будуць пагрозы супрацоўнікам міліцыі ці іхным сем’ям. Спытаўся, ці зразумелі. Мала хто адказаў, што так.

Увогуле, усе падзеі нагадвалі дакумэнтальныя хронікі пра фашысцкія катаваньні ў часы Другой сусветнай вайны. Усё было настолькі жорстка і бесчалавечна, што я нават ня верыў, што мы выберамся адтуль жывымі. Яшчэ падумалася: лепей бы вы нас закапалі там жыўцом, бо мы ня будзем маўчаць. І ўвесь сьвет даведаецца пра злачынствы супраць мірных грамадзян Беларусі, якія адстовалі сваё законнае права на выбар.

Ні рэчаў, ні дакумэнтаў мне адразу не аддалі — выпусьцілі, у чым стаяў. Пашпарт вярнулі праз тыдзень — па яго ў Менск давялося ехаць асобна.

Ужо ў Віцебску я зьвярнуўся ў траўмапункт у лякарні хуткай дапамогі. Мэдыкі засведчылі шматлікія гематомы мяккіх тканак і паведамілі пра факт звароту ў Сьледчы камітэт.

Мяне выклікалі на допыт, запісалі паказаньні і далі накіраваньне ў судмэдэкспэртызу. Там зрабілі больш дэталёвае апісаньне цялесных пашкоджаньняў. Вынікаў гэтых сьледчых дзеяньняў я ня ведаю. Як і рашэньня суду, які мусіў адбыцца ў Менску 21 жніўня — так было пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Я вырашыў ня ехаць на суд, бо не лічу сябе вінаватым.

29 жніўня адбылося яшчэ адно прыкрае здарэньне: зранку я заўважыў, што замок у дзьвярах маёй кватэры не працуе: нехта ўставіў у адтуліну чужы ключ і зламаў яго, заблякаваўшы нас унутры. Ці зьвязаны гэты інцыдэнт са зваротам у Сьледчы камітэт са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў, адназначна сказаць не магу“.

БАЖ

„Дзяўчат білі дубінкамі па жываце, каб не маглі нараджаць «ворагаў народу»“

Ян:

„Мяне затрымалі, калі я прыйшоў ускласьці кветкі да месца гібелі Тарайкоўскага. Увогуле мяне дзяўчына па малако і каву ў краму паслала, але па дарозе я яшчэ вырашыў і па кветачкі забегчы. Усю мінулую ноч мы чулі на «Пушкінскай» выбухі і стрэлы, выходзіць пабаяліся. Я думаў, што пры сьвятле дня будзе параўнальна бясьпечна.

Затрыманьні на «Пушкінскай»

Карацей, кавы я так і не купіў. Супэрмаркет аказаўся закрытым, і ўсіх, хто адчайна торгаў за ўваходныя дзьверы, затрымалі вайскоўцы. Затрыманьне, дарэчы, было нейкім недарэчным: я даволі высокі, і яны не змаглі нармальна скруціць мяне ў «ластаўку», так што я проста паабяцаў, што пайду побач і ня буду ўцякаць.

Затрыманьні на «Пушкінскай»

Увогуле ў вачах вайскоўцаў чыталася болей страху і зьбянтэжанасьці, чым нянавісьці. Навокал было шмат сьведак і прэсы, так што, падобна, яны моцна саромеліся.

На рукі мне надзелі сьцяжку, і наступныя дзьве гадзіны я проста стаяў каля міліцэйскага аўтобуса. Курыў, размаўляў з журналістамі, быў упэўнены, што ўсё абыдзецца і гэта непаразуменьне.

Спрабаваў размаўляць з вайскоўцамі і нават «качаў правы», маўляў, я проста ў краму ішоў, а вы мяне вяжаце — гэта што за сваволя? Мне адказалі, што ўсё будзе добра, мяне адвязуць на растлумачальную гутарку і адпусьцяць. Я расслабіўся. Сапраўды, што мне зробяць — яшчэ толькі 5 гадзін вечара, мітынгамі нават і ня пахне. Але, як толькі прыехаў аўтазак, мяне заштурхалі ў яго, як кавалак мяса, і я зразумеў, што цяпер пачнецца сапраўдная весялосьць.

Затрыманьні на «Пушкінскай»

Некалькі прафіляктычных удараў па нырках у аўтазаку пад крыкі «Поскудзь, колькі табе плацяць?!» канкрэтна так зьбілі зь мяне пыху. Потым была цёплая сустрэча ў РАУС, дзе трэба было прайсьці праз чатыры паверхі настойлівага дубіначнага масажу. Кожны сустрэты на лесьвіцы сілавік лічыў сваім абавязкам прыкласьціся па табе асабіста і паказаць, наколькі ты ня маеш рацыі.

Потым мяне завялі ў нейкую спартзалю, уперлі тварам у падлогу, і ў такой паставе я правёў наступныя 7 гадзін. Цела дранцьвее і пачынае жахліва балець ужо праз 15 хвілін. Торгаесься — б’юць. Крычыш занадта гучна — б’юць яшчэ мацней. Не крычыш зусім — таксама б’юць.

Увогуле ў кожнага ўладальніка дубінкі свае перавагі ў гэтым пытаньні. Даводзілася ўвесь час падладжвацца: разумееш, які тыпаж цябе лупцуе, і вырашаеш адразу, раўсьці табе ці не раўсьці.

Усе гэтыя сем гадзін я нічога ня бачыў, акрамя берцаў, якімі мяне пэрыядычна білі па галаве. Прычым страшней за ўсё не калі цябе б’юць, а калі, напрыклад, побач з табой пяцёра амапаўцаў малоцяць нейкага мужыка, яго кроў ужо падцякае да тваіх ног і ты разумееш, што ты будзеш наступным.

У туалет не адпускаюць — давялося пару разоў абмачыцца. Хаця не: адной дзяўчыне ўсё ж удалося адпрасіцца, і амапавец павёў яе ў прыбіральню. Вярнуліся яны хвілін праз 20. Дзяўчына была ўся зарумзаная, а гэты мудак прыгаворваў: «Ну ты ж дарослая ўжо, усё разумееш, малая».

Пад вечар прывезьлі нейкага як бэля п’янага мужыка ў вышыванцы. Ён крычаў: «Мужыкі, ня біце, — я саліст групы “Верасы”!». АМАП гэта ня ўразіла: білі яго так моцна, што аж вышыванку дубінкамі парвалі.

А потым высьветлілася, мужык проста вяртаўся дадому з бара. У адной руцэ чакушка, у другой — кола, падыходзіць да пад’езда, і тут яго вяжуць. Тады ў спартзалі яму дасталася, між іншым, мацней за ўсіх. Калі б ён ня быў такі п’яны, магчыма, памёр бы ўжо ад балявога шоку.

Адзін з амапаўцаў прысеў нам на вушы:

— Я праз вас, пі**расаў, чацьвёртыя суткі ўжо ня сплю, жонкі ня бачу! Толькі два «ролтаны» зьеў за гэты час!

Абыходзіліся з намі, як з быдлам, вядома ж. Але я заўважыў адну рэч: кожная, нават выпадковая, праява чалавечнасьці ад твайго крыўдзіцеля ў такіх абставінах кранала да глыбіні душы. Аднойчы міма мяне праходзіў амапавец і спатыкнуўся аб маю галаву. Я застагнаў, а ён падышоў, пагладзіў галаву і папрасіў прабачэньня. І на наступныя некалькі гадзін ён стаў богам у маіх вачах.

Турма на Акрэсьціна

Потым быў этап на Акрэсьціна: ужо славуты амапаўскі «калідор» і камэра, дзе было градусаў 60 і па сьценах цёк кандэнсат. Мы засоўвалі насы ў кожную дзірку, адкуль, як нам здавалася, дзьме.

Часам людзі пачыналі грукаць у дзьверы і патрабаваць вызваленьня, бо ў іх ужо сканчаліся 72 гадзіны. Раптам адчынілася кармушка і наглядчык сказаў, што зараз пырсьне ў камэру пярцоўкай, калі не заткнёмся. Крыху пазьней ён усё ж зрабіў такі фокус з суседняй камэрай — людзі там кашлялі і задыхаліся наступныя пару гадзін.

Мы чулі, як крычаць дзяўчаты. Кажуць, некаторых зь іх білі дубінкамі па жываце. Наўмысна, каб адбіць мацінец і яны не маглі нараджаць «ворагаў народу». У нейкі момант да нас прыйшоў канвой, прымусіў разьдзецца, устаць на калені і выставіць азадкі.

Сваякі затрыманых прынесьлі перадачы да ізалятара на Акрэсьціна ў Менску

Зайшлі амапаўцы і пачалі шнарыць па нашых рэчах. Унутры я нават пасьмейваўся: давай-давай, бяры мае штаны — я іх якраз зноў абасцаў перад гэтым. Дубіны нам, дзякуй Богу, нікуды ня пхалі — толькі пагражалі. Потым сказалі адзецца і выгналі на вуліцу.

Начавалі ў прагулачным дворыку. Там я па-сапраўднаму адчуў арыштанцкае братэрства: людзі дапамагалі адзін аднаму з адзеньнем, перавязвалі раны сваімі майкамі. У нейкі момант мы ўсе вырашылі, што адзіны спосаб нам тут нармальна разьмясьціцца і паснуць — сесьці паравозікам. У выніку мы «зьмейкай» запоўнілі ўвесь дворык і спалі адзін на адным.

Нягледзячы на тое, што ўсе былі сінія і змучаныя, мы шмат сьмяяліся ў тую ноч. Я нават помню дагэтуль фразу аднаго з затрыманых: «Я ў турме, і мяне некалькі гадзін білі — чаму я ржу?»

Ня памятаю імя чувака, на якім я спаў, але было цёпла — дзякуй.

Раніцай нас яшчэ раз прафіляктычна зьбілі і загрузілі ў аўтазакі на Слуцак. А, не — да гэтага яшчэ былі пратаколы, але тут ўсё, як ва ўсіх: у судзьдзяў у вачах нібыта і ёсьць нешта, але 10, 15 і 20 сутак яны ўляпілі на аўтамаце і як у лічылцы. Чытаць, што падпісваеш, не даюць: хуткасьць судовага канвэера — 7 хвілін на чалавека.

Валянтэрскі лагер каля Акрэсьціна

Па прыезьдзе ў Слуцак нам адразу сказалі, што, як толькі «менскія зьвяры» зьедуць, з намі ўсё будзе добра. Нас адвялі ў казарму, кожнаму адвялі ложак, дазволілі схадзіць у душ і нават далі нейкую адзежу. Там нас першы раз нармальна пакармілі. На вячэру была аўсянка зь вялізнымі такімі кавалкамі доктарскай каўбасы. Мясцовыя кухаркі, відаць, бачылі, якія змучаныя мы прыехалі, і накладвалі, не шкадуючы.

Нам нават кніжкі прынесьлі і далі пакурыць адну цыгарэту на шасьцярых. Па коле і праз кулачок. Увогуле, пасьля Акрэсьціна Слуцкі ІЧУ ужо здаваўся сапраўдным санаторыем.

Так мы і рыхтаваліся даседжваць нашы суткі, але на наступны дзень усіх раптоўна адпусьцілі. Я афігеў, калі ўбачыў, колькі людзей нас сустракае каля варот: з камэраў ІЧУ абсалютна нічога не было чуваць. Гэта пасьля я даведаўся пра валянтэрскі лягер на Акрэсьціна і іншы варушняк. Знутры ўвогуле здаецца, што пра цябе ўсе забылі.

Цяпер я знаходжуся ў Кіеве. Вяртацца ў Беларусь пакуль баюся. Фірма, у якой я працую, неўзабаве плянуе пераяжджаць у Сафію, і, напэўна, я пераеду зь імі. Ці яшчэ куды-небудзь — ужо куча краін прапанавалі прытулак. А з хлопцамі з Акрэсьціна мы стварылі чат у тэлеграме і размаўляем дагэтуль. Назвалі, дарэчы, «Верасы»“…

citydog.by

„Прыйшла фэльчарка з Акрэсьціна і стала біць людзей“

Ільля, 18 гадоў, Менск:

Ільля. Фота: spring96.org

„Нас затрымалі 11 жніўня каля «Пушкінскай». Нашу машыну спынілі супрацоўнікі АМАПу. Мы замкнуліся, але яны сказалі, калі мы не адчынім, яны разаб'юць шыбы. Я адчыніў дзьверы, супрацоўнік АМАПу адразу пачаў глядзець мой тэлефон. Ён адкрыў тэлеграм і ўбачыў, што там ёсць тэлеграм-каналы і фота зь мітынгаў, зробленыя раней.

Мяне адразу ўдарылі ў жывот і забралі з машыны ў аўтазак, дзе паставілі на калені і сталі абражаць. Там другі супрацоўнік АМАПу забраў мой тэлефон і пачаў аглядаць яго. Зь ягоных словаў, ён знайшоў «шмат цікавага», сказаў, што я «дробны апазыцыянэр» і мне «хана». Першы ўдар ад яго быў у сківіцу, я адчуў, як у мяне адкалоўся кавалачак зуба.

Пакуль нас везьлі, АМАПаўцы па дарозе закідвалі ў аўтазак матацыклістаў, зьбіралі ўсіх. Нас прывезьлі ў РУУС Фрунзэнскага раёну. Там мяне выцягнулі на вуліцу, дзе восем супрацоўнікаў АМАПу пачалі біць мяне ў галаву, у пахвіну, па нырках, увогуле па ўсім целе. Я прасіў іх спыніцца, але гэта іх яшчэ больш заводзіла. І яны далей чынілі фізычны гвалт нада мной. Я страціў прытомнасьць пасьля таго, як атрымаў у левую частку твару, стукнуўшыся галавой аб сьцяну. Ачуўся я ўжо ў фае РУУС Фрунзэнскага раёну ад удару па назе. Ляжаў я прыкладна гадзіну пасьля таго, як ачуўся. Там жорстка білі людзей. Стаялі моцныя крыкі, стогны. Людзі прасілі спыніць гэта, але ўсе супрацоўнікі ігнаравалі.

Потым нас павялі ў спартовую залю. Там было таксама шмат людзей. Вельмі шмат. Стаялі гучныя немыя крыкі. Нас паставілі на калені, рукі ў кайданках, загадалі ўперціся галавой у падлогу. У той момант, калі мы ставалі на калені, нас кожнага 3-4 разы ўдаралі дубінкай па сьпіне, па ягадзіцах, па галаве — хто куды. Людзям у гэтай залі ламалі пальцы, катавалі электрашокерамі, наўмысна білі ў пахвіну, разьбівалі тэлефоны, не шкадавалі нікога.

Траўмы Ільлі пасля збіцьця міліцыянтамі. Фота: spring96.org

Пасьля таго, як перапісалі мае зьвесткі, супрацоўнік АМАПу падышоў і пачаў катаваць мяне электрашокерам. Запытваўся, колькі мне заплацілі. Я казаў яму, што ніколькі, мне ніхто не плаціў, я проста ехаў дадому, але катаваньні працягваліся. Потым ён сказаў, што яшчэ дабярэцца да мяне, і пайшоў наступнага катаваць. Калі мы рабілі нейкі рух стоячы, то адразу прылятаў удар. Пасьля мяне павялі ў душавы пакой, дзе стаяў чалавек, які з нас зьдзекаваўся маральна.

Там сядзеў і іншы чалавек і задаваў пытаньні на камэру. Два супрацоўнікі апісвалі рэчы, і мы падпісвалі акты. У мяне былі траўмы твару і адно вока заплыло, а ў другое трапіла кроў, і я нічога ня бачыў. Я папрасіў сказаць, што я падпісваю, але мяне ўдарылі і сказалі: «Якая табе розьніца». Мне давялося падпісаць два пратаколы.

Потым мяне адвялі ў камэру ў РУУС. Там былі чатыры чалавекі, мне адразу хацелі саступіць месца, бо бачылі мой фізычны стан. Я адмовіўся, але тут жа ўпаў на калені. Пад раніцу ў камэры нас ужо было шэсьць чалавек. Усю ноч я і мае сукамэрнікі прасілі дзяжурных, каб мне выклікалі «хуткую» і прынесьлі вядро, бо мяне ванітавала, было галавакружэньне, у мяне ламала ўсё цела. Але ніхто «хуткую» так і ня выклікаў. Пад раніцу нас адвялі ў прыбіральню і дазволілі памыцца. Потым адвялі ў спартзалю, дзе паставілі ў калёны, каб вывозіць кудысьці. Выводзілі па дзесяць чалавек. Пры гэтым усяляк нас абражалі: «Ублюдкі, гандоны, расстрэльваць вас трэба». Нас зьмясьцілі ў аўтазак.

Мэдычная даведка Ільлі. Фота: spring96.org

На Акрэсьціна катаваньні працягваліся. Там было вельмі шмат людзей. На некаторых затрыманых ставілі пазнакі, і ім дасталося нясоладка, адрозна ад іншых. Пазначалі тых, у каго знаходзілі біты, каскі, пэтарды, сьцягі, белыя стужачкі…

Людзі прасілі мэдычнай дапамогі. Прыйшла фэльчарка, як я разумею, мясцовая супрацоўніца, і стала біць людзей. Яна сказала: «Я вас зараз вылечу тут, няма чаго хадзіць на плошчы». Потым нейкім цудоўным чынам на тэрыторыі ЦІП зьявілася «хуткая», якая адразу некалькі чалавек забрала. Мы прасілі мэдыкаў, каб нас выцягнулі адтуль. Потым прыехалі дзесьці пяць карэт хуткай дапамогі. Нас, самых скалечаных і пабітых, сталі грузіць у машыны. Мэдыкі былі гатовыя стоячы ехаць, абы пабольш зьмясьціць людзей у гэтыя машыны. Мяне таксама пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі, там мы сядзелі хвілін 30-40. Як выявілася, мы чакалі нейкага начальніка, бо ён хацеў паглядзець на абстаноўку. Калі ён прыйшоў, загадаў усім выйсьці з машыны. Гэты начальнік сказаў: «У нас ёсьць свая фэльчарка на тэрыторыі, і яна будзе вырашаць, хто зьедзе, а хто застанецца».

Ільля. Фота: spring96.org

Урэшце зьехалі тры чалавекі, а астатнія засталіся. Мы стаялі на вуліцы пад сьцяной каля шасьці гадзін. Стаялі галавой у падлогу, і, калі амапаўцы вырашалі, што галава не на тым узроўні, — білі. У самім будынку ЦІП нам загадалі стаць на калені, потым сталі заводзіць па 20 чалавек на калідор.

Там нам загадвалі распрануцца дагала і праводзілі надгляд. Пры гэтым білі. Мы, цалкам голыя, сядзелі на голым бэтоне пад адкрытым небам. Толькі пасьля каманды «адзецца» мы сталі адзявацца. Калі ўсіх надгледзелі, нам ужо дазволілі сесьці адвольна. Мы пачалі класьціся, сядаць «у паравозік», каб было неяк цяплей. З варот вельмі моцна прадзімала. Гэтай жа ноччу нас перавялі ў прагулачны дворык. Там мы чулі, як прывялі іншую партыю. Крыкі стаялі пякельныя. Гэта былі «пазначаныя». Білі кулакамі, дубінкамі, нагамі ў берцах, ужывалі электрашокер“.

spring96.org

„Узялі бутэльку зь белай фарбай і вылілі мне на галаву“

Стась Дзядоў, Менск:

На валасах Стася Дзядова — рэшткі фарбы, якую вылілі міліцыянты. Фота spring96.org

„Мяне затрымалі 11 жніўня каля парку Дружбы народаў. Мы ішлі зь сяброўкай уздоўж вуліцы Арлоўскай і размаўлялі. Па дарозе нас абагналі два бусы з зацемненымі вокнамі. Выйшаў адзін супрацоўнік у зялёнай форме. Мы спыталі яго, наколькі небясьпечна ісьці наперад далей. Ён сказаў нам ісьці назад.

Мы сабраліся сыходзіць назад, але з буса выйшлі яшчэ некалькі супрацоўнікаў, адзін зь іх са стрэльбай. Яны падышлі да нас, пачалі патрабаваць, каб мы разблякавалі тэлефоны і паказалі відэа і фота, якія ёсьць у нашай галерэі. У маёй сяброўкі на тэлефоне знайшлі відэа з акцыі папярэдняга дня. Пасьля гэтага нас пасадзілі ў бус. Тады яны ўбачылі ў мяне на руцэ белую стужачку. Здаецца, пасьля гэтага быў першы ўдар.

Калі мы праяжджалі раён ГЦ «Рыга», у наш бус трапіла белая фарба. Супрацоўнікі вельмі моцна раззлаваліся. Той, што быў са стрэльбай, папрасіў адчыніць фортку пастраляць. Я ня памятаю дакладна, страляў ён ці не.

Фота spring96.org

Мне загадалі легчы на падлогу. За сьпінай рукі зацягнулі ў зацяжку (магчыма, плястыкавы хамут) — застаўся сьлед на руках ад яе.

У такім становішчы я праляжаў хвілін 20. Пэрыядычна на мяне наступалі. Заўважылі на мне бел-чырвона-белую папругу. Яе, здаецца, зрэзалі. Пасьля нас перавялі з буса ў аўтазак. Што было далей зь сяброўкай, я ня ведаю.

Фота spring96.org

У аўтазаку ўжо ляжаў адзін чалавек. Мяне паклалі побач зь ім, па дарозе трохі білі дубінкамі. Потым мяне адтуль вывелі, узялі бутэльку зь белай фарбай і вылілі мне на галаву. Мяне ўзялі за валасы і выцерлі маёй галавой фарбу на бусе. Пасьля чаго адправілі ў іншы аўтазак, у якім ужо ляжала досыць шмат людзей — яны ляжалі плазам, адзін на адным. Я ляжаў зьнізу.

Ня ведаю, дзе лепш было ляжаць, зьверху ці зьнізу. Зьверху білі дубінкамі, а зьнізу проста не было чым дыхаць.

Я ня ведаю, ці вылівалі фарбу на кагосьці яшчэ. Але мне казалі пра нейкага напарніка, зь якім я нібыта кідаў фарбу. Аднак да фарбы я ня меў ніякага дачыненьня. Мабыць, мяне з кімсьці пераблыталі.

Было яшчэ як мінімум дзьве перасадкі паміж аўтазакамі. На перасадках нас білі. Мяне супрацоўнікі АМАПу пазнавалі па белай фарбе на валасах — гэта была пазнака: трэба з гэтым чалавекам абыходзіцца больш жорстка. Яны самі адкрыта казалі — вось яго «пазначылі».

Фота spring96.org

На адной зь перасадак адзін з супрацоўнікаў сказаў: «Вось гэтага ня біце, хай паўзе». І я поўз на каленях шлях ад аўтазаку да буса. Пад канец таксама пабілі дубінкамі.

Нас адвезьлі на Акрэсьціна (у РУУС мы не заяжджалі). Да гэтага, яшчэ ў аўтазаку, у нас забралі тэлефоны — ніякага вопісу пры гэтым не рабілі.

На Акрэсьціна нас усіх паставілі на калені каля плоту, галавой да зямлі. Вось там больш за ўсё білі. Часта зьвярталі ўвагу на тое, што ў мяне фарба — для іх гэта была лішняя нагода мяне пабіць. Білі ў асноўным па нагах і па сьпіне, і вельмі шмат па ягадзіцах. У асноўным дубінкамі, часам прылятала нагамі і кулаком.

У ЦІПе пратаколы складалі такім чынам: выводзілі ў калідор па некалькі чалавек, задавалі літаральна пару пытаньняў — прозьвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэньня, месца і час, калі затрымалі. Я бачыў «шапку» пратаколу, а ўсё, што ніжэй за яе, засталося пустым. Пратакол мне не прапаноўвалі падпісваць. Я ня ведаю, куды далей пайшла гэтая паперка. Пасьля мяне адправілі ў камэру. Яна разьлічаная на 4 чалавекі, але нас было 28.

Начамі было чуваць крыкі з вуліцы. У ноч 12 на 13 жніўня мы чулі, як людзей прымушалі сьпяваць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусі. Нас жа з камэры не выводзілі.

Калі нас вызвалялі, нам далі падпісаць папярэджаньне (аб няўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Асабістыя рэчы забраць не далі.

Выпусьцілі мяне 14 жніўня прыкладна ў 6 раніцы“.

spring96.org

„Калі я ўпаў, яны пачалі біць нагамі“

Артур, Магілёў:

„11 жніўня з 6 да 7 вечара я знаходзіўся ў цэнтры Магілёва каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм». Я проста сядзеў на лаўцы і нікога не чапаў. Да мяне падышлі людзі ў чорнай форме: у масках, касках, бронекамізэльках, яны запатрабавалі прайсьці зь імі.

У аўтобусе, куды мяне прывялі, знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны пачалі мяне біць. Каля чатырох супрацоўнікаў міліцыі наносілі мне ўдары рукамі ў жывот, сьпіну, галаву, па баках. Калі я ўпаў, яны пачалі біць нагамі. Пры гэтым яны адабралі мой мабільны тэлефон і патрабавалі, каб я разблякаваў яго.

Пасьля збіваньня ў аўтобусе мяне перасадзілі ў аўтазак і даставілі ў Ленінскі РУУС Магілёва. Разам са мной у аўтазаку ехала яшчэ сямёра затрыманых.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

Усіх нас пагналі на трэці паверх. Уздоўж калідораў і лесьвіц стаялі супрацоўнікі ў чорнай форме, у шэрай форме і ў цывільным, усе яны былі ў масках. Яны таксама наносілі мне ўдары рукамі і гумавымі палкамі па галаве, тулаве і канцавінах. На трэцім паверсе мяне завялі ў спартовую залю, дзе былі і іншыя затрыманыя. Там мяне паставілі «тварам у падлогу» — на калені і на локці, рукі на галаве. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі працягвалі біць па сьпіне і баках затрыманых.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

У будынку Ленінскага РУУСа мяне апыталі, а затым склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Я пазначыў у пратаколе, што ня згодны з абвінавачаньнем і ні ў якім мітынгу ўдзелу ня браў, а проста адпачываў на лаўцы. Паколькі я адчуваў сябе вельмі дрэнна, мяне вывелі ў двор РУУСа. Там мяне забрала машына хуткай дапамогі і адвезла ў Магілёўскую лякарню хуткай дапамогі.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

Ужо раніцай 12 жніўня мяне выпісалі зь лякарні, і я дома праляжаў два дні.

Фота даслаў Belsat.eu Артур

14 жніўня я расказаў гэтую гісторыю ў Сьледчым камітэце, а 17 жніўня прайшоў судова-мэдычную экспэртызу. Агляд ажыцьцяўляўся без выкарыстаньня рэнтгену і УГД. Самая вялікая гематома мае памер 20 на 10 см. Я напісаў заяву аб прычыненьні цялесных пашкоджаньняў і чакаю, што ацэнку дзеяньням міліцыі дасьць сьледзтва“.

Зьвязацца з Артурам можна празь ягоны Telegram — @Kot_uchoni.

belsat.eu

„Мы чулі, як адна жанчына крычала, што цяжарная, а яны білі яшчэ мацней“

Іна, маці 14-гадовага Давіда, Берасьце:

„10 жніўня мы з Давідам, ягоным айчымам і сябрамі вярталіся дадому праз мост з цэнтру гораду ў мікрараён Паўднёвы. Проста на мосце АМАП узяў нас у ачапленьне.

Мітынг салідарнасьці ў Берасьці

У ачапленьні нас паставілі на калені. Па баках уздоўж бардзюра стаялі на каленях мужчыны. Іх білі. Яны там раўлі. Я паказала свае рэчы, нічога не знайшлі, сказалі ісьці, але сына не аддавалі. Ім было ўсё роўна — паўналетні ён ці не. Мяне літаральна вытаўклі ў карак.

Хапун у Берасьці

Я патэлефанавала ў 102, але ніякіх зьвестак, акрамя крыкаў ад дыспэтчаркі, не пачула. Яна на мяне накрычала. Маўляў, чаго лазіць зь дзіцем. Сказала — ідзіце дадому, заўтра вырашыце ўсё — і кінула трубку.

А 4-й раніцы 11 жніўня мне патэлефанавалі зь незнаёмага нумара і сказалі прыяжджаць забіраць сына, але не сказалі, куды, і зноў кінулі слухаўку. Пасьля высьветлілася, што яны бралі выпадковы тэлефон некага з затрыманах з кучы мабільнікаў, званілі да бацькоў, а пасьля тэлефон зноў кідалі ў кучу.

Зьбіты АМАПам Давід. Фота суразмоўцы

Я ўсё ж даведалася, дзе ўтрымлівалі Давіда — у казармах вайсковай часткі. Пад будынкам там былі дзясяткі разгубленых бацькоў, якія чакалі выхаду дзяцей. Мне загадалі падпісаць пратакол, дзе было адзначана, што Давід браў удзел у пратэстах.

Яны напісалі, што яго затрымалі на плошчы на мітынгу. Я адмовілася падпісваць і напісала, як было. А дзіця яны так проста не аддавалі. Вывелі ў цёмны тамбур, маўляў, паглядзіце, ці ўсё ў парадку. Там нічога не відаць. Зачыняюць дзверы, даюць лісток, трэба напісаць, што ня маеш прэтэнзіяў. Пасьля ўжо мы пабачылі сьляды ад дручкоў, гематомы, гузы.

Пасьля вызваленьня Давід расказаў, што ў затрыманых нават не пыталіся, хто яны і адкуль, проста білі і зьдзекаваліся. Ва ўсіх забіралі тэлефоны, а калі выпускалі, тэлефон немагчыма было знайсьці, бо мабільных была гара. Без вады і прыбіральні ўсе затрыманыя ляжалі на падлозе. Падымаць галаву не дазвалялі. Калі хтосьці глядзеў убок, яго пачыналі моцна біць.

Сын мне сказаў: «Мама, мне сорамна прызнацца, але я плакаў». Усе плакалі, не шкадавалі нікога. І дарослыя мужыкі раўлі. Амапаўцы казалі: «Вы хацелі справядлівасьці — вось вам справядлівасьць». У яго адранцьвелі рукі і ногі, але баяўся паварушыцца.

Да нядзелі 16 жніўня я ня ведала, дзе знаходзіцца Давідаў айчым Дзяніс. Яго не было ні ў адным са сьпісаў.

Я тэлефанавала і шукала Дзяніса. У аддзяленьні здымалі слухаўку і маўчалі або адкладалі яе, і было чуваць хіхіканьне. У мяне сямёра дзяцей, малодшы — інвалід. Я ўсё жыцьцё хаджу па інстанцыях, і паўсюль хамства, зьнявага і несправядлівасьць.

Пабіты АМАПам Давід. Фота суразмоўцы

Дзяніса выпусьцілі ўначы 17 жніўня. Яму прысудзілі 10 сутак. Нягледзячы на стан здароўя, бо ён таксама ўвесь пабіты і шакаваны“.

Дзяніс:

„Я шмат што бачыў, але каб зьбівалі жанчын і дзяцей, у гэта я паверыць ня мог. Мы чулі, як адна жанчына крычала, што цяжарная, а яны білі яшчэ мацней. Пасьля выхаду мяне агледзеў доктар, сказаў, што адбілі нырку або паламалі рэбры. Трэба ехаць у шпіталь.

На шчасьце, вярнулі ўсе дакумэнты, акрамя мабільнага і грошай. Тэлефон, сказалі, перададуць у Менск, дзе будуць «вывучаць». Прымушалі сказаць, што ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі, але сказаў усё, як было“.

Іна:

„У Сьледчым камітэце 17 жніўня мы прабылі амаль шэсьць гадзінаў, а скаргу можна падаць толькі цягам пяці дзён пасьля вызваленьня. Са скаргамі ў Сьледчы камітэт стаяць натоўпы“.

belsat.eu

„Я памятаю твары ўсіх катаў на Акрэсьціна“

Марыя:

„Я была назіральніцай на 27 участку ў Каменнай Горцы, у школе №56. У дзень выбараў, 9 жніўня, а 18-й гадзіне прыйшло паведамленьне ад каардынатараў, што па нас, магчыма, зараз прыедзе АМАП — ім трэба зачысьціць сьведак. Праз 15-20 хвілін прыехаў белы бусік на чырвоных нумарах. Зь яго ніхто ня выйшаў. Але мы зразумелі, што гэта ўжо небясьпечна. Не было магчымасьці зьвязацца з суседнімі ўчасткамі: вы ведаеце, што было з інтэрнэтам. Таму мы пайшлі са школы. Выпадкова каля крамы за 100 мэтраў пабачылі грузавы бус, а побач зь ім 4-5 байцоў у чорным адзеньні і берцах. Так мы зразумелі, што пратаколу выбараў чакаць ня будзем.

А 20-й я пайшла на свой участак на Пушкінскай, дзе галасавала. Нас сабралася чалавек 60-70. Каля нас стаяў таварыш маёр і бясконца камусьці тэлефанаваў. Чакаў, мабыць, аўтазака, але яны ж усе былі занятыя. Мы ўсё ж дачакаліся пратаколу праз паўтары гадзіны. Наша старшыня камісіі спужалася такой колькасьці людзей. Уцякалі яны праз чорны ход. Але мы там іх усё роўна сустрэлі і падзякавалі за «плённую працу» воплескамі.

Пасьля гэтага наш натоўп рушыў у бок Фрунзэнскай тэрытарыяльнай камісіі. Па дарозе сустракалі яшчэ людзей, нехта далучаўся. Каля камісіі было ціха і няма дзе стаць — шмат міліцыі. Мы не хацелі, але рушылі ў бок стэлы. Каля «Кароны» на «Маладзёжнай» людзі ў асноўным разышліся. Мы з маімі сябрамі сустрэліся там і вырашылі ісьці ў бок стэлы, хоць там і адбываўся жах. Пішу гэта таму, што, нягледзячы на ўсе катаваньні і гвалт падчас маіх сутак, я не пашкадавала ні хвіліны, што была часткай гэтай дзеі. Такіх прыгожых, сьмелых беларусаў я ня бачыла ніколі. Я некалькі разоў плакала там ад сілы эмоцый.

У замес мы трапілі значна пазьней. Хацелі ўжо ісьці дадому. Але каля парку Міцкевіча трапілі пад гранаты і газ. Пабеглі на Камсамольскую, там схаваліся ў дворыку. Нас знайшлі байцы не АМАПу, а з уруцкай брыгады. Не чапалі, проста крыкнулі, каб выходзілі. Нас было пяць чалавек (у тым ліку яшчэ адна дзяўчына). Ня білі, не прыніжалі. Але, вядома ж, не прадставіліся і не сказалі, за што затрымліваюць. Павялі ў «апорку» на Рэвалюцыйнай. Я пасьпела адправіць паведамленьні дваім сябрам і бацьку. Але толькі тое, што мяне павязалі. У «апорцы» прымусілі вырубіць тэлефон. Там нам зьвязалі рукі, запісалі зьвесткі. Праз 15 хвілін перадалі амапаўцам у аўтазак.

Амапавец, які мяне вёў, надзеў сумку мне на шыю: «Што я, буду тваё г..но цягаць?» І за пару хвілін, што вёў да аўтазака, пасьпеў сказаць: «Сама ідзі, я цябе весьці ня буду. Зая...ся ўжо сёньня за вамі бегаць. Не сядзелася ж вам, поскудзі, дома? Вас трэба ўсіх пасадзіць на кол і адправіць у космас, каб вы пра сваю пэдэрастыю там вяшчалі».

У аўтазаку пасадзілі на калені тварам у сядзеньне. Тыцнулі дручком у твар, калі я павярнула галаву ў бок амапаўца. На падлозе сядзелі хлопцы, потныя, бітыя. На іх увесь час раўлі матам, каб трымалі галаву ніжэй. Адзін хлопец паскардзіўся, што вельмі туга зацягнуты хамут — нуль рэакцыі. У мяне таксама было туга, але я маўчала. Другую дзяўчынку пасадзілі на лаўку, хамут зьнялі. Так мы ехалі па горадзе доўгі час. Да нас яшчэ дагружалі хлопцаў. У нейкі момант зацяклі ногі. Я папрасіла сесьці. Дазволілі. Разам зь дзяўчынай ехаў у аўтазаку яе муж. Амапавец спытаўся, ці яна прыйшла на плошчу за ідэалёгію ці так, з натоўпам. Яна адказала, што з мужам. Ён спытаў, дзе муж. Яна паказала. Мужа ўдарылі два ці тры разы па твары.

Праз хвілін 20 нас перасадзілі разам зь дзяўчынай у сапраўдны аўтазак зь ячэйкамі. Пасадзілі разам, сказалі тым амапаўцам нас не чапаць. Тыя не хацелі нас браць.

Сваякі затрыманых падчас пратэсту 9 жніўня прыйшлі да ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна

Прыехалі адразу на Акрэсьціна. Далей пачынаюцца два з паловай дні чысьцюткага пекла.

На момант, калі нас прывезьлі (каля трох гадзін ночы), там ужо было шмат людзей. Мяне амаль не аглядалі. Жанчына проста спытала, ці ёсьць нешта ў кішэнях, і адпусьціла. Астатнія, каго затрымлівалі раней, здымалі ўсё адзеньне і прысядалі. У мяне забралі рэчы. У заплечніку былі дакумэнты, тэлефон, усе карткі, правы ад машыны. Вопісу ніякага не зрабілі. Увесь час на нас крычалі матам, казалі, што мы «мрази» і што мы прадажныя, і што наступным разам будзем ведаць, за каго галасаваць.

Мяне адвялі ў камэру разам з той другой дзяўчынай. Калі за намі зачыніліся дзверы, нам сказалі: «Добро пожаловать в страну толерантности, животные». Нас было 12. У камэры на шэсьць чалавек. Амаль усе там былі назіральніцамі на выбарах, якіх затрымалі ў 18-20 гадзін. Ніхто зь іх ня быў на мітынгу. Усе інтэлігентныя і разумныя. Мікрабіёляг, настаўніцы, музыкі. У загадчыцы кафэдры БДУІР узялі сына, мужа і бацьку (72 гады). Яна сама ўлезла за імі ў аўтазак. Адну ўзялі на ўчастку падчас галасаваньня, яна нават не была назіральніцай. Астатнія — на ўчастках. На іх проста выклікалі АМАП старшыні камісій.

У камэры не было туалетнай паперы. Вада з крана, і ўсё. У суседняй камэры была дзяўчына з Расеі. Мы чулі, як яна патрабавала пасла, казала, што яе затрымалі незаконна. Ёй адказалі: «На х...й тваю Расею і твайго пасла». Нікога не паклікалі. Яе імя Стогава Алеся Віктараўна, 1986 году нараджэньня. Гуляла з хлопцам каля гатэлю «Вікторыя». Яе білі па твары кожны раз, калі яна прасіла пасла (гэта мы дазналіся потым, калі нас пасадзілі разам). Усю ноч мы чулі, як прыяжджалі аўтазакі. Адзін за адным. Як крычалі на хлопцаў. Чулі, як іх білі дубінкамі.

Вызваленьне пратэстоўцаў з Акрэсьціна

За ноч да нас прыходзілі разоў восем. Пыталіся, дзе і ў колькі нас затрымлівалі. Я спадзявалася, што гэта для сьпісаў. Але ніякіх сьпісаў не вывешвалі. Мае бацькі дазналіся, дзе я, толькі на трэці ці чацвёрты дзень.

На наступны дзень нас зноў дапытвалі. Кожны раз, калі прыходзіў нехта, на нас крычалі і казалі, каб мы глядзелі ў падлогу. Што лепей бы мы сядзелі дома і пяклі пірагі. На наступны дзень прывялі яшчэ адну дзяўчыну. Узялі падчас мітынгу, але доўга трымалі ў РУУС.

Не кармілі. Паперы не прынесьлі, у некаторых дзяўчат пачаліся месячныя.

Увечары стала зразумела, што зноў мітынгі, мы чулі выбухі на «Фрунзэнскай», лічылі аўтазакі, якія пад’яжджаюць. Налічылі ня менш за сем. Хтосьці з хлопцаў паклікаў доктара, я чула нешта пра «крывацёк адкрыўся». Яму адказалі: «Ды гэта тваё дзіравае ачко крывавіць, рыхтуйся, я табе туды дубінку засуну або член. Крывавіць у яго». «Хуткая» прыехала вельмі позна. Ня ведаю, ці яму дапамаглі.

На нас склалі пратаколы. Выклікалі падпісваць. На нас раўлі. Казалі: «Падпішаце, заплоціце штраф і пойдзеце дамоў, а хто не падпіша — будзе сядзець». Што напісана ў пратаколе, давалі чытаць ня ўсім. Закрывалі рукой, крычалі, нічога не тлумачылі. Многія дзяўчаты ўсё падпісалі. А пратакол быў аднолькавы ва ўсіх: «З 22:10 да 22:30 была затрыманая на стэле, крычала “Свабоду Статкевічу”, “Жыве Беларусь” і “Стоп, таракан”, супраціўлялася пры затрыманьні». Пры тым, што некаторыя дзяўчаты сядзелі ў ЦІПе ўжо з 18 гадзін. Я пратаколу не падпісала, усюды пісала, што ня згодная, і патрабавала адваката. Мне дазволілі прачытаць усё, я пыталася, што за артыкулы там і тут. На што яны не адказвалі, так і пісала.

Потым, мабыць, стала няма дзе разьмяшчаць людзей. За намі прыйшлі і павялі на чацвёрты паверх. Адчынілі дзверы, і я зразумела, што, напэўна, тут і будзе канец. Камэра на чатыры чалавекі. Там ужо сядзелі 23 жанчыны! А нас было 13. Разам стала 36. Паветра не было. Паперы не было. Ежы не было. Да нас пасадзілі дзвюх жанчын-алькагалічак. Ад іх страшна сьмярдзела. На падлозе вада: жанчыны прасілі адчыніць дзверы, у нейкі момант дзьверы адчыніліся і канвойны выліў на падлогу вядро вады і зачыніў дзверы. У вільготным памяшканьні дыхаць увогуле не было чым. У Юлі з нашай папярэдняй камэры пачалася панічная атака. Яе пачало ванітаваць. Потым яшчэ адну. Мы папрасілі доктара. Нуль рэакцыі. Празь некаторы час мы пачалі крычаць. Адчыніліся дзьверы, і на нас вылілі вядро халоднай вады. Але потым гэтыя каты зразумелі, што дзяўчына можа памерці, яны яе вывелі на пару хвілін падыхаць. І запусьцілі зноў. Яна маліла іх, прасіла, адказ: «Не прымушайце нас прымяняць сілу».

Празь некаторы час нас згадзіліся вывесьці на калідор падыхаць (зьмяніліся каты, заступілі новыя на змену). Падчас стаяньня ўпала ў непрытомнасьці дзяўчына. Яна на гармонах, і ўвогуле інвалід 2 ці 3 групы. Яе пасьведчаньне, здаецца, выкінулі. На той момант мы ўжо былі ў камэры некалькі гадзін і паўтара дні бязь ежы. Паклікалі доктара, тая нешта ёй дала. Яе зноў завялі да нас у камэру. Пасьля гэтага выводзілі яшчэ раз і адзін раз проста адчынялі дзверы.

Наша адзінае выратаваньне было адчыненае вакно і кармушка (у якую даюць ежу), яны стваралі мікраскразьняк, але гэта ня вельмі дапамагала. У адзін момант кармушку зачынілі. Мы пачалі крычаць, але праз хвіліну ўсё зразумелі. Мы пачулі, як з камэры насупраць вывелі хлопца і пачалі малаціць дубінай. Было страшна слухаць. Пасьля 3-4 удараў фраза: «А цяпер бяры і выцірай сваё г...о. Як табе вось такая ануча?» Я ня ведаю, што там дакладна адбылося. Але чуць гэта было невыносна. У паловы дзяўчат у суседніх камэрах сядзелі іхныя хлопцы, мужчыны і нават бацькі.

Ноччу ў адной з алькагалічак пачаўся панос. 37 чалавек у камэры на 4. Адкрыты туалет. Паперы няма. Аб адным мы не пашкадавалі: ішлі другія суткі безь яды. Бо нас званітавала б там усім.

Валянтэрскі лагер каля Акрэсьціна

На наступны дзень пачаліся суды. Маразм быў у тым, што спачатку дзяўчат выклікалі да судзьдзяў Маскоўскага раёну (яны прыехалі да нас), а потым тых жа дзяўчат — да судзьдзяў Фрунзэнскага раёну. У некаторых атрымалася па 2 рашэньні з рознымі зьвесткамі. Мой судзьдзя даў мне 10 сутак, хоць за пяць хвілін да мяне судзьдзя ў адным зь ім кабінэце дала хлопцу, які быў разам са мной, 10 базавых. Я спыталася — чаму? Ён сьцепануў плячыма: «Ня я выносіў рашэньне аб вашым хлопцу». Я цудам пасьпела пагутарыць з гэтым хлопцам у калідоры. Толькі так мае бацькі нарэшце дазналіся, дзе я і што са мной.

90% нашых жанчын далі суткі. Пара чалавек атрымалі — 4-5, асноўная маса — 7, пара — 10, пара — 12, пара — 15.

Разам з намі была сям’я, іх узялі як назіральнікаў. Маці, дзьве сястры і іхны бацька. Дома — два каты. Усім жанчынам — па 10 сутак. Што з бацькам, незразумела. Ці гэта правасудзьдзе? Як гэтая судзьдзя глядзела ім у вочы? За што?

Давалі вельмі вялікія штрафы, ня менш за 20 базавых. Самы жах — большасьць не адпускалі адразу пасьля рашэньня аб штрафе. У нас такіх было двое: маці з дыябэтам і яе дачка, назіральніцы. Пасьля суду іх павялі зноў у камэру, трымалі да раніцы. А на наступны дзень дачка, нягледзячы на паперу ад пракурора, паехала з намі ў Жодзіна. Маці засталася. Ня ведаю, што зь ёй. Але ўвесь час, што яна была з намі, мы прасілі для яе лекі. Ніхто не прынёс. Трох дзяўчат выпусьцілі адразу пасьля суду.

Яшчэ ноч у душагубцы. Нас стала 33. Каля 22 гадзін да нас завялі яшчэ чатырох. Сярод іх жанчына гадоў 50. Яна проста ў свой адзіны выходны выйшла ў краму, каб купіць ежы бацьку-інваліду, і ішла міма школы. Ёй далі 12 сутак. На нашы крыкі быў адказ: «Вы яшчэ пабачыце, што такое шмат людзей». Потым мы дазналіся, што ў іншай камэры на чацьвярых былі 53 жанчыны.

Амаль ня спалі. Душна. Не кармілі. Туалетнай паперы прынесьлі. У алькагалічак — панос. Адна «схапіла белачку» і ўсю ноч хадзіла па галовах людзей, хацела мыцца.

Усю ноч вазілі аўтазакі. Мы налічылі ня менш за дзевяць. Хлопцаў лупцавалі ў двары. Мы ўсё чулі. Білі і адразу адпускалі. Не было месца ў камэрах зусім. Іх адпускалі з крыкам: «Я даю табе 5 хвілін, уё...й адсюль, рэчы будзеш пытаць у судзе». Мы бачылі праз вакно, як яны бягуць і кульгаюць. Некаторых забірала таксі (валянтэры, думаю).

Асобна пра валянтэраў. Толькі дзякуючы ім мы ведалі, колькі гадзін. І што няма сьпісаў. І хто каго кахае. Гэта была неверагодная падтрымка!

Валянтэрскі лагер каля Акрэсьціна

Наступнай раніцай нам прынесьлі хлеб. Першы раз з ночы затрыманьня мы паелі. Нас пашыхтавалі на вуліцы. Некаторыя засталіся ў камэры (тыя, каго не пасьпелі асудзіць). Дзяўчаты проста тварам да сьцяны ў двары. Хлопцы — на каленях тварам у зямлю. Некаторыя толькі ў майтках. Мы бачылі, якія ў іх гематомы на нагах. Некаторыя дзяўчаты плакалі. Некаторым стала блага, адна страціла прытомнасьць. На яе палілі ваду, далі пасядзець, доктара не выклікалі. Усім «слабенькім» далі сесьці.

Пачалі заводзіць у аўтазак. Пры гэтым мы чулі, як галоўны там расказваў, што ва ўсіх нас па 50 эўра ў кішэні, што мы прадажныя. І што мы, бабы, лепей бы сядзелі дома і варылі боршч. Гэта слухаць было немагчыма, мы пачалі абурацца, ён трошкі зьнізіў тэмбар, зразумеў, што 99% жанчын тут выпадкова. Ужо не выступаў.

Калі заганялі хлопцаў у аўтазак, іх прымушалі бегчы. У некаторых былі відавочныя траўмы (мабыць, пераломы) ног. Але іх прымушалі бегчы.

У нашым аўтазаку былі толькі жанчыны. Калі заходзілі, адзін амапавец пачаў крычаць, каб не сядалі на падлогу. Але потым зайшоў другі, добры (наколькі гэты магчыма) амапавец. Дазволіў усім сесьці, накармілі нас хлебам і далі вады. Па дарозе расказваў, што адбываецца, што ён ня верыць ні таму боку, ні другому. І што мы ніколі не дамо рады ў поглядах адзін аднаму.

Пра Жодзіна я не магу сказаць нічога, акрамя таго, што гэта былі самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі за ўвесь час «прыгод». Кармілі, прыносілі паперу, пракладкі нават купілі. Вывесілі сьпісы ўсіх, каго ім прывезьлі. Калі мы не маглі зразумець, ці прыехалі рэчы з Акрэсьціна, вадзілі па ўсіх складах і шукалі рэчы з намі. Мой нізкі паклон адэкватным людзям, якія былі сапраўдным выратаваньнем у гэтыя дні.

У пятніцу вечарам нас усіх выклікалі, далі падпісаць паперу, што мы абяцаем больш ня ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Я не хацела падпісваць. Але праблема ў тым, што паперу падпісаць у любым выпадку прыйшлося б, нават калі б адсядзела ўсе суткі. А я вельмі перажывала за бацькоў. Таму пагадзілася.

Калі выйшла, хацелася плакаць. Не ад таго, што перажыла, а ад цудоўных валянтэраў. Я ганаруся быць зь імі часткай аднаго народу.

Сустракалі мяне сябры. Бацькі былі ў Менску.

Я ня ведаю ніводнага прозьвішча, але я памятаю ўсе твары. Усе да аднаго. Асабіста кожнага з катаў на Акрэсьціна.

Мы будзем пісаць калектыўную скаргу ў пракуратуру, ліст у ААН, праваабарончыя арганізацыі. Бо тое, што адбывалася, — гэта катаваньне і прававы дэфолт.

Цяпер на мне вісіць пяць недаседжаных дзён. Я, хутчэй за ўсё, невыязная. І мне забаронена браць удзел у масавых мерыпрыемствах. Таму што наступнае затрыманьне — крыміналка. Сяджу дома, гляджу ў вакно з Пушкінскай. Пішу гэты тэкст пад няспынныя гудкі машын. Мы вялікі народ, мы выстаім. Усё гэта было недарэмна“.

„​Новы час“​

„У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі“

Юрый Панамароў, 23 гады, Менск:

Юры Панамароў. Фота: spring96.org

„Увечары 11 жніўня зь сябрамі я ішоў у «Пясочніцу». На скрыжаваньні вуліц Машэрава і Куйбышава на супрацьлеглым баку мы ўбачылі мікрааўтобус з танаванымі шыбамі без нумароў, дзе сядзелі амапаўцы. Мы адразу сталі ўцякаць, яны рэзка паехалі на нас. Усе ўцяклі, акрамя мяне.

Мне прыляцела ў сьпіну дубінка, я ўпаў на зямлю. Кажу: «Хлопцы, я не ўцякаю, не супраціўляюся». Мяне адразу зацягнулі ў сьцяжку, закінулі ў бусік з крыкамі: «Ненавіджу тых, хто ўцякае». Мяне адразу пачалі біць па корпусе і па задніх частках ног. Тры-чатыры ўдары дубінкай прыляцела па лытках, потым па азадку. Мне пашанцавала, што мяне першага ў бусік закінулі. Дзесьці праз хвіліну на мяне зьверху закінулі яшчэ хлопца, білі ўжо яго, а не мяне. Яму разьбілі галаву. Ён на мне ляжаў, крывёю капаў, у мяне кашуля была ў ягонай крыві. Потым яшчэ аднаго закінулі, пыталіся: «Колькі вам плацяць? Хочаце пераменаў?!» Пры гэтым яго адначасова білі.

Зь мікрааўтобуса перавялі ў аўтазак, дзе адразу паклалі ўсіх тварам у падлогу.

У аўтазаку ніхто не прадстаўляўся. Нашыўкі сілавікоў таксама немагчыма было разгледзець. Потым нас закінулі ў клетку аўтазака і сталі ўтрамбоўваць нагамі. Нас утрамбавалі чатырох, хоць клетка разьлічаная на аднаго чалавека. Мы езьдзілі ў гэтым аўтазаку гадзіны дзве-тры. Ездзілі да тых часоў, пакуль цалкам не забілі аўтазак людзьмі. Яшчэ аднаму затрыманаму з разьбітай галавой па дарозе стала дрэнна, ён траціў прытомнасьць, мы грукалі, казалі пра гэта, але яны казалі толькі, што «гэта ж агітатар». Надавалі яму аплявух.

Аднаго хлопца запхалі пад маленькую лаўку са словамі: «Сядзі пад шконкай». Яго туды загналі нагамі і яшчэ зьверху чацьвярых закінулі.

Сьлед ад берцаў. Фота: spring96.org

У суседняй клетцы былі дзьве жанчыны. Адна зь іх — мэдык, якая ішла з працы дадому. Калі яна казала тым, хто нас затрымліваў, што яна мэдык, то ёй адказвалі: «Дык ты дапамагаеш гэтым агітатарам, фашыстам! Колькі табе плацяць? Лепш бы нармальным хлопцам дапамагала, а ня гэтым авечкам». Ёй ніхто не паверыў.

Усе рэчы затрыманых аглядалі проста ў аўтазаку. Мае рэчы, партфэль, дзе былі вада, прасьціна і плавальная маска, засталіся ў мікрааўтобусе. У аўтазаку яго ўжо не было. Ён проста зьнік. У жанчыны знайшлі пярцовы балёнік. Той, хто аглядаў рэчы, сказаў: «Я ведаю, для чаго гэта табе». І проста распылілі жанчыне газ тым балёнікам у твар. Гэта дайшло па вэнтыляцыі да нас, і мы таксама сталі задыхацца. Тая жанчына проста дыхаць не магла. Калі даведаліся потым, што яна сапраўды мэдык, то сталі зьвяртацца да яе па дапамогу: «Я вось руку вывіхнуў на мінулых пратэстах». І яна ім дапамагала.

Нас даставілі ў Партызанскі РАУС толькі раніцай на наступны дзень.

Калі нас прывезьлі, то адразу пачалі крычаць: «Тварам у падлогу». Зноў сыпаліся абразы. Ганялі як мячыкаў. Пастаянна крычалі: «Хутчэй, хутчэй, хутчэй».

Мяне выкінулі з аўтазака, але я ног не адчуваў, казаў, што не магу ўстаць. Адзін мяне падымае, а другі б'е штурхалём. Паколькі рукі завязаныя, я паляцеў проста ў кафлю. Так я разьбіў брыво. Зь яго лілася кроў. Але я ляжаў, каб «не адсьвятляць», гэта значыць, тварам у падлогу, на каленях, ногі накрыж. Потым нас адправілі ў склеп з бэтоннай падлогай. Там нас паклалі тварам у падлогу, і мы ляжалі, пакуль ня сыдзе АМАП.

Мы стаялі бітком з завязанымі рукамі. Было душна. Я ўвесь змакрэў. Хлопец са скрываўленай галавой, які стаяў побач, спытаў, ці можа ён аб мяне кроў выціраць. Аднаму хлопцу там проста раскроілі галаву і білі па ўсім корпусе. Аказалася, яго пераблыталі зь нейкім каардынатарам.

У Партызанскім РАУС супрацоўнікі міліцыі працавалі ў чорным адзеньні і ў балаклавах. Яны зьнялі з нас сьцяжкі. Сказалі, што мы можам сесьці, як хочам, але толькі тварам да сьценкі. Потым нас павялі на стандартныя працэдуры: фатаграфаваньне, тэлескапію, канфіскацыю рэчаў. У туалет нас вадзілі на вуліцу, калі зьбіралася дзесяць чалавек. Потым нават прынесьлі мэталічныя лаўкі, каб тыя, каму дрэнна, маглі прысесьці.

Пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні мы не падпісвалі. Ніякіх дакумэнтаў аб затрыманьні нам нават не паказвалі. Прывезьлі ў РАУС каля 12 ночы, а праседзелі мы там да абеду наступнага дня. Потым усіх перавезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна.

Траўмы Юрыя пасьля затрыманьня. Фота: spring96.org

Сам канвой, які прыехаў забіраць, ня біў. Проста крычалі: «Хутчэй, хутчэй, хутчэй». На Акрэсьціна падганялі палкамі, але ня білі моцна. Нас загналі ў блёк памерам 10 на 10 мэтраў. Там былі краты замест даху, бэтонная падлога, бэтонныя сьцены. Туды загналі 70 чалавек. Пад нашай камэрай па-зьверску зьбівалі чалавека. Яны яму казалі: «Крычы, што ты любіш АМАП». Ён крычаў. А яны казалі: «Крычы мацней, мацней». Ён проста ў агоніі крычаў. Потым ён замоўк. І мы зразумелі, што зь ім нешта здарылася. Яны спэцыяльна білі пад нашымі камэрамі, каб мы гэта чулі.

Ноччу таксама крыкі былі, але з больш аддаленых камэр. Начавалі мы ў летніх камэрах. Там дзённая зьмена не давалі нам ні ежы, ні вады, ні схадзіць у туалет. Вячэрняя зьмена была больш ляяльная. Супрацоўнікі вадзілі нас у камэры, дзе сядзелі людзі, дзе былі туалет і вада. Было шмат хлопцаў у лёгкім адзеньні, бо многіх затрымлівалі днём, ім было холадна ноччу. Мы станавіліся ў кругі. У цэнтар станавіўся той, каму больш за ўсё было холадна. Яго абляплялі 4-5 чалавек. Так грэліся. А каб паспаць на бэтоннай падлозе, здымалі красоўкі, падкладалі пад хвасьцец, садзіліся сьпіна да сьпіны, падціснуўшы ногі. І атрымлівалася, што і сьпіна ня мерзьне. Але спаць зусім не атрымлівалася. Драмалі па хвілін 20, потым асільвалі і ўставалі. Паспаць крыху можна было, калі ўставала сонца, ужо цёпла было трохі“.

spring96.org

„Амапавец спытаў: ці ўмее нехта ўправіць руку? Калегі адказалі яму, што не, але могуць выбіць другую“

Ягор Скарабагаты, 22 гады, Менск:

„10 жніўня мы зь сябрам былі ў гандлёвым цэнтры на Нямізе. У гэты дзень гандлёвыя аб’екты зачыняліся раней, чым звычайна. Выйшлі з будынку і пайшлі ў бок трамвайных шляхоў, каб дабрацца дадому на трамваі. На ўваходзе ў парк мы ўбачылі двух амапаўцаў і два мікрааўтобусы, а ззаду ад нас былі аўтазакі з амапаўцамі, якія апраналі рыштунак.

Мы падумалі, што калі пачнём уцякаць назад, то дакладна за намі пабягуць. У той момант проста не ацанілі, што сапраўды трэба было ўцякаць. Але мы падышлі да сілавікоў і спыталі, ці можна тут прайсьці да трамвайных шляхоў. Нам адказалі, што так, вядома. Але запатрабавалі, каб мы паказалі, што ў нас у заплечніках. Мы пачалі паказваць, але ў гэты момант да нас падбеглі два амапаўцы, узялі нас за рукі і павялі за сабою.

Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА. Фота: Belsat.eu

Каля мікрааўтобуса амапаўцы пачалі глядзець мой заплечнік, а ў ім быў швэдрык, плястыр, антысэптык і перакіс вадароду. І як толькі амапавец пабачыў перакіс, ён завіс. Потым прагучала кшталту, капец, як ты напакаваны. Пабачылі мой пашпарт і шматзначна намякнулі, што я дабегаўся. Сфатаграфавалі дакумэнт, спыталі, дзе я вучуся. Пры гэтым надгляд і допыт суправаджаўся словамі, маўляў, колькі нам заплацілі, што мы апазыцыянэры і гэтак далей. Нас завялі ў мікрааўтобус і паклалі тварамі ўніз. Адзін з амапаўцаў намаляваў у нас на лбе і на шыі ззаду чорным маркерам 3%. Я толькі сёння, дарэчы, прачытаў, што такім чынам яны пазначалі каго і як біць. Калі чорны колер — моцна, а зялёны — слаба.

Пазьней нас перавялі ў іншы аўтамабіль. Там ужо проста жорстка зьбівалі. Я спрабаваў схаваць галаву паміж сядзеньнямі, але сілавікоў гэта страшна раззлавала. Адзін падняў маю галаву, а другі амапавец нанёс у твар і галаву ці то чатыры, ці то шэсьць удараў кулаком. А вы ведаеце, што яны надзяваюць на рукі адмысловыя пальчаткі. Я моцна атрымаў па сківіцы, носе, пераносіцы. Пасьля гэтага нас, ляжачых у аўтобусе, проста білі па нырках, сьпіне, нагах. Працягвалася гэта некаторы час. Я адчуваў, як па твары капала кроў. Пасьля сілавікі вывелі нас зь мікрааўтобуса, звычайнымі будаўнічымі зацяжкамі скавалі нам рукі за сьпінай і кінулі ў аўтазак. І аўтазак стаяў, пакуль амапаўцы яго не запоўнілі людзьмі.

У аўтазаку тэмпэратура паветра была градусаў 40, мы былі наскрозь мокрыя. Хлопец побач пачаў задыхацца. Відаць, у яго была астма. Але амапаўцы не зьвярталі на яго ўвагі, казалі, што калі ён зьнепрытомнее, то яны хутка яго прывядуць у прытомнасьць, бо маюць аргумэнты. Увесь гэты час сілавікі жорстка білі людзей навокал, махалі дубінкамі.

Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА. Фота: Belsat.eu

Мы даволі доўга ехалі ў аўтазаку. Прычым кіроўца ня скідваў хуткасьць на няроўнасьцях дарогі і кожная яміна вельмі балюча адбівалася ў зьбітым целе. Калі машына спынілася, нас усіх вывелі і паклалі на траву галавою ў зямлю. Рукі ўвесь час былі ў сьцяжцы за сьпінаю, і пальцы проста не адчуваліся наагул.

Потым па чарзе падымалі, пыталіся імя і прозьвішча, на відэа запісвалі, пры якіх акалічнасьцях затрымалі. Пасьля гэтага клалі назад на зямлю. Потым адводзілі ў іншае месца, і працэдура адбывалася аналягічным чынам. Я не зразумеў, навошта гэта рабілася. Але так прайшла ноч, на гэтай траве мы правялі каля 16 гадзінаў. За гэты час адбылося некалькі зьменаў сярод сілавікоў. Але толькі некаторыя былі адэкватныя і дазвалялі мяняць пазыцыі, бо ляжаць з рукамі за сьпінай тварам у зямлю было балюча. Побач са мною ляжаў чалавек, у якога пачаўся прыступ эпілепсіі. Яго трэсла ўсяго, ён не рэагаваў на звароты. На працягу гадзіны амапаўцы падыходзілі, тыцкалі ў яго ботам, пыталіся, ці жывы, і адыходзілі. І толькі потым, магчыма, зьлітаваліся і ўзялі яго за рукі і ногі ды аднесьлі ў машыну хуткай дапамогі.

Адзін мужчына прасіў прынесьці яму ягоныя пігулкі. Ён казааў, што толькі-толькі пасьля апэрацыі і можа памерці бязь лекаў. Але на дапамогу яму ніхто не прыйшоў.

Увесь гэты час працягваліся зьбіваньні людзей. Адзін хлопец зьвярнуўся да амапаўца і заклікаў яго зьняць маску, паказаць свой твар, маўляў, што яны баяцца паказаць сябе. Але ў адказ атрымаў страшны ўдар нагою.

Гэтак прайшла самая запамінальная ноч бяз сну ў самым жудасным гатэлі ў маім жыцьці. Толькі бліжэй да раніцы, недзе каля 11 гадзіны, людзей пачалі развозіць на Акрэсьціна і ў СІЗА ў Жодзіне.

Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА. Фота: Belsat.eu

Мяне везьлі ўсю дарогу тварам уніз і патрабавалі, каб я, стоячы на каленях, трымаў рукі над галавою. Ногі і рукі былі проста суцэльна сінія. І калі нехта скардзіўся на катаваньні, таго працягвалі біць дубінкамі. Пры гэтым каты казалі, што калі мы думаем, што нам балюча, то папраўдзе яны заўсёды могуць зрабіць нам яшчэ горш.

У СІЗА ў Жодзіне мне запомніўся яшчэ адзін момант. Калі мы стаялі ў чарзе на афармленьне і сядзелі ў аўтазаках, сілавікі выйшлі і паміж сабою размаўлялі. І вось адзін зь іх запытаўся, ці можа нехта з іх управіць чалавеку руку? У адказ жа прагучала, што не, але можна другую выбіць і падраўняць. Гэта выклікала ў іх смех.

Пасьля вызваленьня мне ўдалося прайсьці судова-мэдычную экспэртызу і зафіксаваць пабоі. Але зрабіць гэта ўдалося далёка ня кожнаму, судмэдэкспэрт звычайна адмаўляецца рабіць сваю справу і не прымае скаргаў“.

belsat.eu

„Я падпісаў пратакол. Спрабаваў у ім нешта прачытаць — але атрымаў за гэта ў твар“

Дзьмітры Хадаровіч, 20 гадоў:

„Увечары 11 жніўня мы разам з маёй дзяўчынай Ліяй ехалі на аўтамабілі праспэктам Пераможцаў у бок стэлы. Некалькі разоў пасыгналілі на знак салідарнасьці з пратэстоўцамі.

Нас спыніў супрацоўнік ДАІ, машыну заблякавалі. Я бачу, як падбягае да машыны некалькі даішнікаў і 3-4 амапаўцы. Мы адразу атрымалі ўдар у шыбу, яны крычалі, каб мы выходзілі. Я папрасіў іх прадставіцца і патлумачыць прычыну прыпыненьня, але яны прапусьцілі мае словы міма вушэй і сталі выбіваць шкло. На мяне навялі драбавік. Я быў шакаваны і ў стане афэкту прыняў рашэньне зьехаць. Пакуль я выкіроўваў, прагучалі 2-3 стрэлы — адзін трапіў мне ў левую ключыцу, астатнія ў машыну.

Ілюстрацыйнае фота

Паколькі мой аўтамабіль заблякавалі, падчас спробы зьехаць я троху зачапіў машыну ДАІ.

За мной была пагоня да гандлёвага цэнтру «Замак», там была перакрытая дарога. Нас у гэты момант абганяе машына ДАІ. Даішнік высоўваецца ў вакно, дастае табэльную зброю і крычыць: або спыняйся, або агонь на паражэньне. Я спыніўся, падняў рукі, і нас затрымалі.

Спачатку нас кінулі ў бусік. Мяне паклалі на падлогу і білі нагамі на вачах дзяўчыны. Хвілінаў праз 10 бусік спыніўся: Лію вывелі на вуліцу. Я зразумеў, што цяпер са мной правядуць адмысловую выхаваўчую працу. Яны білі мяне, як мяса, яшчэ хвілінаў дзесяць. Менавіта ў гэты момант я, хутчэй за ўсё, атрымаў страсеньне мозгу. Пасьля гэтага апамаўцы зноў пасадзілі дзяўчыну ў бусік, і мы ўсе разам паехалі ў Фрунзэнскі РУУС. Там нас вывелі з бусіка і паклалі тварам у зямлю.

На мяне надзелі некалькі хамутоў (плястыкавыя кайданкі), якія сьцягнулі рукі так моцна, што пашкодзілі косьці, і я цалкам перастаў іх адчуваць. Яны, відаць, убачылі, што ў мяне рукі ўжо сталі чорнымі, і пачалі зразаць нажом, але рэзалі не ад рукі, а па руцэ — трапіла па венах. Але я ўжо маўчаў: рэжуць і рэжуць, галоўнае, каб зьнялі хамуты. А пасьля гэтага надзелі звычайныя кайданкі.

Ілюстрацыйнае фота

Нас завялі ў будынак Фрунзэнскага РУУС і паставілі ў спэцыяльную позу: апора ідзе на галаву і на калені, якія паступова адсоўваюць назад. Я пад 100 кіляграмаў, у мяне моцны целасклад, але мне было вельмі цяжка так стаяць. А што казаць пра маю дзяўчыну, якая ўдвая за мяне меншая… Дык на яе пасьля гэтага яшчэ сеў вялікі амапавец і сядзеў так хвілінаў пяць.

Мяне вывелі ў асобны пакой, дзе пачалі выбіваць ілжывыя паказаньні. Я мусіў быў сказаць, што зьбіў на машыне двух байцоў АМАП. Хвілінаў 30 я трымаўся, але ўсе маюць сваю мяжу. Пад канец я ўнікліва сказаў, што магчыма, я пры спробе выезду меў намер зрабіць наезд… Сказаў, проста каб пакінулі ў жывых.

Пасьля гэтага мяне павялі ў яшчэ адзін пакой, дзе сядзеў чалавек у балаклаве: цяпер гэтыя паказаньні трэба было паўтарыць на камэру. Але цяпер ужо я расказаў праўду і адмовіўся прызнаць наезд на амапаўцаў. Чалавек у балаклаве ў сваю чаргу выключыў камэру і паклікаў 3-4 байцоў. Мяне зноў пачалі біць.

Потым я кепска памятаю, што было… Калі прыйшоў у сябе, я зразумеў, што еду ў нейкай машыне. Прывезьлі ў Цэнтральны РУУС, завялі на чацьвёрты паверх у пакой і кінулі. Зайшлі два даішнікі, якія былі ў момант затрыманьня. Яны давалі паказаньні сьледчаму супраць мяне. Аднак цяпер яны казалі, што я зьбіраўся зьдзейсьніць наезд на супрацоўнікаў ДАІ.

Мяне пакінулі адзін на адзін са сьледчым з СК, якому я даваў паказаньні. Сьледчы не прымушаў абгаворваць сябе. Мне далі папіць вады і зьмянілі кайданкі на больш прасторныя. Сьледчы паабяцаў, што мяне цяпер проста зьмесьцяць у камэру. Але падмануў.

Лію сапраўды зьмясьцілі ў камэру, а мяне вывелі ва ўнутраны дворык Цэнтральнага РУУС. Там на зямлі ляжалі каля сотні чалавек. Разам з астатнімі затрыманымі я заставаўся на зямлі ў гэтым дворыку да самай раніцы.

Вызваленьне пратэстоўцаў з турмы на Акрэсьціна

Гэтыя сем гадзінаў былі цяжкія. Натуральна, мы ня проста ляжалі. Білі ў пахвіну, па сьпіне, душылі. Рабілі, што хацелі. Білі нават 14-гадовага падлетка. Потым нас паднялі і яшчэ гадзінаў пяць трымалі ля сьцяны. Аблівалі халоднай вадой, білі. У нас толькі два пытаньні было да іх: дазвольце папрысядаць (бо было вельмі-вельмі халодна) і дазвольце выйсьці ў прыбіральню. Мяне пастаянна ванітавала праз страсеньне мозгу.

Затрыманых сталі па адным выклікаць падпісваць пратаколы. Людзям нават не давалі чытаць тых паперак, а за адмову іх падпісваць — зьбівалі.

Калі ты адмаўляесься, цябе б’юць так, што ты падпішаш усё, што заўгодна,толькі б ня білі больш. Разумеючы гэта, я адразу падпісаў пратакол. Спрабаваў нешта прачытаць, але атрымаў за гэта ў твар.

Пасьля гэтага з затрыманых пачалі фармаваць групы, каб развозіць па ізалятарах. Калі прозьвішча затрыманага называлі, ён мусіў хутка бегчы ў аўтазак. Пакуль чалавек бег да аўтазака — яго білі амапаўцы, стараліся паставіць падножку. У аўтазаку я трапіў у «стакан»: маленькая камэра памерам з прыбіральню ў самалёце, куды запхнулі 6 чалавек, у тым ліку старога.

Дзядулю мы пасадзілі, а самі, стоячы, абняліся і заснулі (я раней ніколі стоячы ня спаў). Я расплюшчыў вочы гадзіны празь дзве. Паспрабаваў удыхнуць, але ня змог. Я зразумеў, што ў нас фактычна няма кіслароду. Дзед быў жывы, але яму было кепска. Мы крычалі, каб нам пусьцілі кісларод. Хвілін праз 30 сапраўды ўключылі нейкі вэнтылятар. Ня ведаю, як мы выжылі без паветра… І толькі яшчэ праз гадзіну нарэшце завялася машына. То бок увесь гэты час мы нікуды ня ехалі: нас проста пасадзілі ў аўтазак на 4 гадзіны і сышлі.

Аўтазак. Ілюстрацыйнае фота

Агулам у аўтазаку было каля 50 чалавек, нас прывезьлі ў Жодзіна. На нейкі час міліцыянты выйшлі на вуліцу, у машыне заставаўся толькі адзін супрацоўнік. Затрыманыя ўпрасілі яго прачыніць дзьверы і даць вады. Даў літар вады на 50 чалавек — кожны зь вечка палізаў гэтую ваду, і ўсё.

У Жодзіне, як я зразумеў, месца для затрыманых ужо не знайшлося — нас вярнулі ў Менск, завезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. З аўтазака да камэры людзей праганялі праз строй у позе ластаўкі.

Галаву падымаць нельга, глядзець на іх нельга — гэта адразу сьмяротны прысуд. Перад намі стаялі дзьве калёны супрацоўнікаў АМАПу з дубінкамі, у масках, проста з шалёнымі вачыма. Праз гэтую калёну табе трэба прабегчы ў сваю камеру. Перада мною бег дзед гадоў пад 70. Я спрабаваў яго неяк прыкрыць ад удараў целам.

На Акрэсьціна нас зьмясьцілі ў маленькай камэры пад адкрытым небам з кратамі наверсе. У гэтую камеру 2 на 3 мэтры кінулі больш за 50 чалавек.

Людзі пакутавалі ад смагі і абязводжваньня, некаторыя затрыманыя пачыналі літаральна зьяжджаць з глузду.

Да нас падышлі, адчынілі маленькую шчыліну ў дзвярах і пытаюцца: колькі вас? Мы палічылі — 56. Ага, кажуць, значыць 56 паек і столькі літраў вады, каб кожны мог напіцца… Калі мы гэта пачулі, мы адчулі палёгку: вось, нарэшце, зможам папіць і паесьці пасьля ўсяго гэтага жаху. Але дарма. У чым была розьніца паміж Акрэсьціна і РУУС? На Акрэсьціна білі ня ўвесь час, нас там катавалі псыхалягічна. Вось нам кажуць, што дадуць вады і паесьці, што разьмяркуюць усіх па камэрах. Але праходзіць гадзіна, паўтары і ты разумееш, што нічога нам не дадуць. Потым зноў абяцаюць і зноў нічога не даюць.

Нармальна легчы не было магчымасьці. Затрыманыя разьмясьціліся ялінкай: рассунулі ногі, каб было больш прасторы, і кожны клаўся галавой у ногі суседа. У такім становішчы людзі знаходзіліся прыкладна да 3:30 13 жніўня.

На верхні паверх вывелі групу з 20 чалавек, далі падпісаць нейкі пратакол. Я нават ужо і не спрабаваў чытаць, што падпісваю — у гэты момант думаеш толькі пра тое, каб выйсьці, падпісваеш што заўгодна.

Перад тым, як выпусьціць за тэрыторыю Акрэсьціна, затрыманых у канцы зноў білі. У дворыку ізалятара я бачыў мноства выдраных жаночых валасоў…

Пасьля катаваньняў я быў шпіталізаваны са шматлікім траўмамі: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсеньне мозгу, пяціпясьцевы пералом, множныя гематомы і пашкоджаньні. Ужо ў лякарні я даведаўся, што супраць мяне распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (гвалт або пагроза гвалту над супрацоўнікаў органаў унутраных справаў).

Паводле пастановы Цэнтральнага РАСК Менску, я аказаў супраціў супрацоўнікам УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Бабровічу і Піскарову. Фактычна мяне вінавацяць у тым, што, ратуючыся ад нападу АМАПу, я пашкодзіў машыну ДАІ, чым стварыў пагрозу атрыманьня ДАІшнікамі цялесных пашкоджаньняў. Паводле гэтага артыкулу мне пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Лія праходзіць у справе ў якасьці сьведкі. Справу вядзе капітан юстыцыі Глушчанка.

Я шукаю сьведак інцыдэнту на праспэкце Пераможцаў. Важна, каб сьведкі пацьвердзілі, што мы зь дзяўчынай сталіся ахвярамі нематываванага нападу сілавікоў. Я прашу зьвязацца са мной па тэлефоне +375 29 714 77 88“.

belsat.eu

„Круцілі пальцы. Адзін заганяў мне пад пазногаць шпільку“

Андрэй Шклёда, майстар музычных інструмэнтаў, Пінск:

Андрэй Шклёда, фота belsat.eu

„10 жніўня я прыехаў са сваёй вёскі ў Пінскім раёне ў райцэнтар, каб прыкупіць харчоў і наведаць родзічаў. Увечары брат з жонкаю праводзілі мяне на аўтобус, а па дарозе мелі зайсьці яшчэ ў краму ды прыкупіць яшчэ тое-сёе з прадуктаў.

У цэнтры Пінску — на вуліцы Кірава — да нас нечакана пад’ехаў легкавы аўтамабіль, нумары якога былі заклееныя. З машыны выскачылі людзі ў цывільнай вопратцы і, не прадставіўшыся, накінуліся на нас з дручкамі. Павалілі на асфальт, заламалі рукі назад ды скулі кайданкамі.

Я быў у шоку. Думаў, што, можа, якія бандыты, разборкі, і мяне пераблыталі зь некім.

Пасьля гэтага мяне павезьлі ў легкавіку ў аддзел, а брата забрала машына ДАІ.

Білі і абражалі ўвесь час. Мясілі на вуліцы і ў машыне, але гэта былі яшчэ кветачкі. Самае страшнае мяне чакала ў аддзеле. Шкуматалі, трэсьлі, білі рукамі і нагамі, дручкамі, у галаву стукалі нейкай кароткай мэталічнай прыладай, цяжкай, як кувалда. Перавярнулі тварам да падлогі, адзін зь іх заціснуў мне нагамі галаву, а другі біў зьверху — цюк-цюк-цюк — разоў, можа, 20 ці нават 30. Я думаў, гэта ніколі ня скончыцца.

Мяне зьбівалі каля 10 чалавек. Некаторыя былі ў форме АМАПу. Яны паўтаралі: «Гэта за нашых хлопцаў».

Андрэй Шклёда, пабоі, фота belsat.eu

Асабліва балюча было, калі білі па кайданках. Жалезьзе ўразалася ў рукі, кроў цякла, боль быў нясьцерпны. Круцілі пальцы. Адзін заганяў мне пад пазногаць шпільку, якой плякаты мацуюць. Але іншы сказаў, каб не займаўся глупствам. Крычалі, што расстраляюць. У пакоі мясілі іншых людзей. Мне цяжка сказаць, колькі, бо ў мяне ў вачах мільгала жоўтае сьвятло, а ў вушах стаяў гул. Юнак 18-гадовы плакаў, што яны зараз будуць расстрэльваць. І я таксама шчыра верыў тады ў тое. Пачаў маліцца і рыхтавацца да сьмерці. А яны сьмяяліся. Праўда, удары тады нібыта былі слабейшыя.

У пэўны момант мной авалодала такое магутнае пачуцьцё адчаю і безвыходнасьці, што я быў гатовы да любой разьвязкі. Там такое беззаконьне панавала, што валасы дуба станавіліся. Горш як на бойні, дзе бʼюць сьвіней і кароў. У мяне ўсё жыцьцё перад вачыма пракруцілася.

Калі нехта ў пакоі абураўся ці спрабаваў давесьці, што ён невінаваты, то яго білі яшчэ мацней. Я быў увесь акрываўлены. Кроў струменіла зь дзьвюх ноздраў і з барады.

У кабінэце была канапа, дык міліцыянты баяліся, што я ім запэцкаю канапу ды вопратку, — выцягнулі мяне і кінулі на калідоры. Кайданкоў не здымалі. Я ляжаў у лужыне сваёй крыві.

У калідоры адзін з амапаўцаў станавіўся мне нагою на шыю і галаву. Пазьней мяне паднялі, бо я ня быў у стане сам падняцца на ногі, ды пацягнулі ў наступны кабінэт. Там паставілі пры сьцяне ды пачалі правяраць заплечнік.

Андрэй Шклёда, пабоі, фота belsat.eu

Яны крычалі мне: бомж ты сьмярдзючы! У мяне ж барада, дык яны, мусіць, падумалі, што я сьвятар. Раўлі на мяне: поп! Я маўчаў, не адмаўляўся, думаў, што мо меней будуць біць.

У мяне пры сабе былі грошы ў далярах, адкладзеныя, каб канчаткова разьлічыцца за дом, куплены сёлета ў вёсцы пад Пінскам.

Міліцыянты як пабачылі грошы, то сталі крычаць, што гэта я вязу даляры на мітынг, каб плаціць людзям за ўдзел у рэвалюцыі.

Потым мяне пацягнулі ў цір — літаральна шпурнулі галавой уперад. Кінулі некалькі вільготных сурвэтак і загадалі: «Выцірай лыч! Добра выцірай». Зьняволеныя таксама прынялі мяне за сьвятара, зашапталіся: «Глядзіце, глядзіце, бацюшку пабілі. Ладна ўжо нас, але за што бацюшку?»

У ціры было вельмі шмат людзей — блізу 200 мужчынаў і жанчын. Пазьней прысутным загадалі сесьці, бо не было месца для новапрыбылых. Гэта былі пераважна выпадковыя людзі, якія ішлі з крамаў ці вярталіся з працы. Побач валяліся батоны, памідоры, каўбаса зь іхных торбаў. На міліцыянтаў нельга было глядзець. Той, хто падымаў вочы, атрымліваў чарговую сэрыю ўдараў.

У ціры штосьці сталася зь дзяўчынаю. Яе вынесьлі самлелую. Пачалася нейкай мітусьня. Яны нават нібы падабрэлі крыху… Міліцыянты казалі потым, што тая дзяўчына ўчыніла самагубства. Я падумаў, што могуць забіць кожнага і сьпісаць на самагубства. Там быў адзін дзед. Міліцыянты думалі, што ён заснуў і храпе ў сьне. А ён быў непрытомны і хрыпеў, бо ня мог дыхаць. Казалі, што ў яго нешта з сэрцам. Што зь імі сталася, я ня ведаю.

Пад раніцу прыйшоў афіцэр, начальнік міліцыі, і сказаў, што 90% затрыманых — гэта нявінныя. Папрасіў прабачэньня і патлумачыў, што гэта была спэцыяльная апэрацыя. Сказаў: «Але мы ня можам вас вызваліць проста так. Такі закон, што прысудзім штрафы. Нам не хапае на амуніцыю. А вас узяць — гэта ж казённая сіла траціцца, трэба хлопцаў пакарміць».

Я ня мог паверыць уласным вушам. За тое, што яны мяне пабілі, то я яшчэ мушу заплаціць? Цудоўныя парадкі!

Мяне прывялі да сьледчага, а той паставіў умову: выпусьцім толькі тады, калі няма прэтэнзіяў. Я хацеў як мага хутчэй вырвацца зь міліцэйскіх засьценкаў, таму пагадзіўся. Мне загадалі падпісаць нейкую паперу, але не дазволілі яе прачытаць.

Пасьля таго, як вярнуўся дадому, два дні не ўставаў з ложка, кожны рух прычыняў боль.

Не магу працаваць рукамі. Ня ведаю, можа, якія нэрвы мне перабілі, не адчуваю двух пальцаў на правай руцэ. Званіў кліент, хацеў зрабіць замову, але я адмовіўся. Я ўвесь перабіты, перакручаны, як фарш.

Не пакідае страх. Міліцыянты ў пастарунку пагражалі расправаю ня толькі мне, але і маёй жонцы і дзіцяці. Я веру, што яны могуць забіць. Яны на ўсё здольныя“.

belsat.eu

„Засталася толькі пятка“

Георгі, 32 гады, Менск:

„10 жніўня я быў за 200 мэтраў ад майго дома. Побач са мной разарваўся снарад. Мяне аглушыла і адцяла нагу.

Мне дапамаглі дайсьці да таксоўкі выпадковыя мінакі. Я даехаў да станцыі «хуткай». Бачыў, што мезенец і другі палец целяпаюцца. Усё было, як у тумане. Яшчэ спадзяваўся, што абыдзецца толькі ампутацыяй двух пальцаў, але цяпер ступака няма да пяткі.

Ступня, ампутаваная да пяткі. Фота belsat.eu

Цяпер я ў апёкавым аддзяленьні Менскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Буду тут яшчэ месяц. Напісаў заяву ў Сьледчы камітэт. Днямі да мяне прыходзіў сьледчы. Заяву прынялі, але таксама забралі правяраць тэлефон. Калі чакаць адказу зь ведамства, ня ведаю“.

belsat.eu

„Праз цябе я не бачу сям’ю другі дзень“

Сяргей, Менск:

„12 жніўня хацеў паглядзець на акцыю, але не пасьпеў, трапіў пад хапун у Зялёным Лузе.

Амапаўцы былі азьвярэлыя. Схапілі мяне на вуліцы, кінулі на падлогу ў бусіку, разьбілі нос нагой. Пасьля селі і паставілі на нас ногі. Адзін зь іх паставіў нагу на галаву і кажа: куды, сука, глядзіш — і пачалі біць. Кроў трапіла аднаму на бронекамізэльку. Ён пачаў крычаць: ты, сука, бронік мне заліў. Зьняў яе і далей біў. Пазьней перагрузілі ў вялікі аўтазак, дзе ставілі пасярэдзіне на карачкі.

Фота belsat.eu

Крычалі: «Што табе, сука, не падабаецца? Празь цябе я ня бачу сям’і другі дзень».

У аднаго хлопца знайшлі камень у кішэні і пачалі біць. Знайшлі бутэльку з саляркай, азьвярэлі і пачалі нюхаць рукі кожнага і біць. Паветра не хапала, пада мной ляжаў чалавек. Глядзелі мабільны кожнага, шукалі канкрэтныя праграмы, тэлеграм. Усе адразу называлі свае паролі, бо пачыналі па-зьверску зьбіваць. Калі прыходзіў камандзір і гаварыў спыніцца, то яны пераставалі.

У мяне страсеньне, паламаны нос, дваццаць шэсьць гематом на целе. Ногі настолькі пабітыя, што ледзьве хаджу“.

belsat.eu

„Папраломваць бы вам галовы“

Сьвятлана, доктарка-анколяг, Менск:

„9 жніўня мы ўжо вярталіся дадому, зь сяброўкай засталіся ў машыне, прыпаркаванай на вуліцы Калініна, чакалі яшчэ дзьвюх дзяўчын.

Гэта ня быў эпіцэнтар падзеяў. Да нас пад’яжджае аўтамабіль ДАІ і адразу патрабуюць пашпарты. Мы не супраціўляліся, яны сфатаграфавалі іх, кудысьці пераслалі. Нас нібыта адпусьцілі, але падышлі нашыя знаёмыя. Мы сказалі, што лепш ім не садзіцца ў машыну. Усе сышлі, акрамя нас і яшчэ адной дзяўчыны. Гэта пабачылі работнікі ДАІ. Яны да нас падскочылі, вырвалі тэлефоны, пачалі пагражаць.

Зьнянацку зьявіўся аўтазак, нас адвезлі ў Савецкі РАУС. Да моманту вобшуку ўсё праходзіла больш-менш карэктна.

Ва ўнутраным двары было 60 чалавек. Паставілі ўздоўж сьцен, тварам да сьцяны, рукі на сьцяне. Гэтак нас пратрымалі 12 гадзінаў. Прыехалі аўтазакі з амапаўцамі, і тут пачаўся гвалт і абразы. Яны прыбеглі да нас азьвярэлыя, крычалі, лаяліся, гаварылі, што мы ваенныя злачынцы і нам трэба папраломваць галовы.

Мяне адпусьцілі, але адну сяброўку трымалі 72 гадзіны, сваякі ня ведалі, дзе яна. Аказалася, што была ў жодзінскай турме. Калі выпускалі, моцна ўдарылі дубінкай па галаве, хоць яна кажа, што ёй пашанцавала, бо білі менш, чым іншых“.

belsat.eu

„Вы замбаваныя, мы б вас усіх пазабівалі“

Вольга, Менск:

„Я выходзіла 9 і 10 жніўня на пратэст у якасьці валянтэркі. Затрымалі мяне 11 жніўня каля парку Дружбы народаў.

Мы былі ў белых халатах. Як валянтэры выходзілі дапамагаць параненым. Калі нас затрымлівалі, мы казалі, што мы дактары, але ніхто ня слухаў. Нас затрымлівалі вайскоўцы ў зялёнай форме, завезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну.

Ня білі, але прыніжалі. Казалі: вы замбаваныя, мы б вас усіх пазабівалі.

Мы хацелі дапамагчы параненым і пабітым, але яны крычалі, што мы ня тым пайшлі дапамагаць. Адна дзяўчына не хацела падпісваць пратакол, які быў напісаны пад капірку, ёй пагражалі зьбіцьцём, таму яна падпісала. Я баялася за сваё здароўе, таму таксама вырашыла падпісаць“.

belsat.eu

„Тыцкалі дубінкамі ў раён анусу, сьмяяліся і імітавалі гукі сэксуальнага характару“

Яраслаў Весяловіч, 28 гадоў, фатограф, Ліда:

„Мяне затрымалі 11 жніўня на паркоўцы каля замку. Вяртаўся зь мірнай акцыі пратэсту ў цэнтры гораду. Тое, што было далей, успамінаць цяжка. Біць пачалі ўжо ў бусіку, працягнулі на тэрыторыі так званай «мыйкі», гаража Лідзкага РАУС.

Затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ, потым перадалі іншым. Працавалі чатыры чалавекі: двое закідалі ў бус, двое прымалі ўсярэдзіне. Машына была цёмнага колеру. Гэта ўсё, што я пра яе памятаю.

Яраслаў Весяловіч, пабоі. Фота News.tut.by

Майго сябра затрымлівалі з крыкамі: «Стой, с*ка, страляць буду!». Я паспрабаваў уцячы, але не ўдалося. Кажу супрацоўнікам ДАІ: «Спакойна, спакойна!» Ну мяне і перадалі ў бус. Там зацягнулі рукі будаўнічай сьцяжкай і пачалі біць, як толькі зачыніліся дзьверы машыны. Білі рукамі, нагамі, тапталіся па сьпіне, нагах і руках. Ужо ў машыне адабралі тэлефоны і патрабавалі паролі да іх.

Прывезьлі на мыйку. Там было ўжо каля 40 чалавек. Людзей усё прывозілі і прывозілі. Новых білі вельмі жорстка, а потым пераключаліся на тых, хто там быў раней. Нас білі дубінкамі па нагах, азадку, у паставе лежачы, седзячы, стоячы. Потым мы ляжалі тварам у падлогу. Калі нехта варушыўся, то яго білі; нехта стагнаў — таксама білі. Наступалі на голыя ступні — супрацоўнікі былі ў берцах і поўнай амуніцыі. Былі і прыніжэньні: называлі с*мі, п*расамі. Мяне за завушніцу ў вуху — «дзіравым». Майго сябра Сяргея цягнулі за вуха. Тыцкалі дубінкамі ў раён анусу, сьмяяліся і імітавалі гукі сэксуальнага характару. Казалі, што яны «зарабілі на адпачынак, а мы будзем у турме». Казалі ўсё гэта не такой літаратурнай мовай, вядома.

Яраслаў Весяловіч, пабоі. Фота News.tut.by

У зьдзеках удзельнічалі амапаўцы і мясцовыя міліцыянты. Я ўжо зьняў пабоі і рыхтую заяву ў СК.

У нас чамусьці ўвесь час пыталіся пра «атрыманыя грошы за ўдзел у мітынгу», сьмяяліся з майго тэлефона. Маўляў, што я на айфон не зарабіў.

Мне і яшчэ двум хлопцам нанесьлі на адзежу нейкія меткі балёнікам: жоўтага і чырвонага колеру. Патыліцу пафарбавалі ў белы колер. Нешта наносілі фарбай і на твар — па-мойму, крыжы. Калі я змог убачыць сябе ў люстэрку, засталіся толькі рэдкія сьляды фарбы.

Яраслаў Весяловіч, рэчы. Фота News.tut.by

Я ў нейкі момант быў у дастаткова дрэнным стане — у мяне праблемы з сэрцам. Пачаў траціць прытомнасьць і паспрабаваў сказаць, патлумачыць, што мне дрэнна, але мяне зноў пачалі біць. Папраўдзе, моцна хацелася страціць прытомнасьць, каб проста ня бачыць, не адчуваць, адключыцца — але нас паміж зьбіваньнем аблівалі халоднай вадой. Помню, людзей падымалі на ногі, ставілі ў два шэрагі і білі каленямі ў жывот.

12 жніўня мяне перавялі ў ІЧУ, дзе я быў да мінулай пятніцы, а пасьля выпусьцілі“.

News.tut.by

„Амапаўцы пашкодзілі мне шыйныя хрыбеткі. Кружыцца галава, часта ванітуе“

Ліза, 18 гадоў, Гомель:

„Вечарам 10 жніўня мы з хлопцам пілі каву ў цэнтры, потым курылі ў дазволеным месцы, на скрыжаваньні праспэкту Леніна і вуліцы Інтэрнацыянальнай. Да нас падышоў АМАП; яны крычалі мацюкамі на нас, потым схапілі. Я была ў байцы, яны насунулі мне капюшон на галаву і завязалі шнуркі ад яго. Мне не было чым дыхаць, я скардзілася, тым больш у мяне хворае сэрца, а яны толькі ў адказ лаяліся.

Зьдзекі працягваліся і ў Савецкім РАУС, куды нас прывезьлі.

Дыягназ


У спартовай залі РАУС мяне паставілі на калені і моцна націскалі ўвесь час на шыю. У мяне кружылася галава, балела сэрца. Але ніхто не рэагаваў на скаргі. Два апамаўцы вагой па 100 кіляграмаў насядалі на мяне, увесь час хапалі за шыю, каб я ніжэй схіляла галаву.

Супрацоўнікі АМАП перадалі мяне жанчынам-міліцыянткам.

Тыя разьдзелі мяне дагала. Потым узялі мой тэлефон, прымусілі яго разблякаваць, глядзелі мае асабістыя здымкі і выдалялі іх, прычым часта мацюкаліся. Нас называлі «тварямі» і ўсяляк абражалі.

А трэцяй гадзіне ночы мяне адпусьцілі. Я зьняла пабоі, прайшла судова-мэдычную экспэртызу і падала заяву ў Сьледчы камітэт. Выніку пакуль няма.

28 жніўня судзьдзя Сяргей Салоўскі (суд Цэнтральнага раёну Гомля) разглядаў пратакол, складзены на мяне супрацоўнікамі міліцыі.

Судзьдзя мне казаў, што мне ня варта было хадзіць у цэнтар гораду, я мусіла гэта ведаць, бо я павінна глядзець тэлевізар, і там такое, маўляў, казалі, папярэджвалі. Таксама судзьдзя казаў, што ўсім, хто ходзіць на акцыі, плацяць грошы, і дзяўчатам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці, плацілі па 60 рублёў...

Мэдычная даведка

У мяне дагэтуль праблемы са здароўем ад таго, што пашкодзілі шыйныя хрыбеткі. Кружыцца галава, часта ванітую. Таксама я зьвярнулася па дапамогу да псыхоляга, бо перажыла моцны стрэс.

Зьдзекі перажыў і мой хлопец Станіслаў. Яго ставілі на калені ў РАУС, моцна сьціскалі рукі кайданкамі. Яго дапытвалі, калі ён ляжаў на падлозе, і дазволілі падняцца толькі тады, калі трэба было падпісаць пратакол. У СІЗА, дзе Станіслаў адбываў 10-дзённы арышт, пакармілі толькі на трэція суткі. Таксама да затрыманых у СІЗА прыходзілі, паводле слоў Станіслава, супрацоўнікі КДБ, і прапаноўвалі падпісаць паперу, што яны больш ня будуць удзельнічаць у акцыях“.

„Многія зьбітыя амапаўцамі людзі застануцца інвалідамі“

Анэстэзіёляг-рэаніматоляг менскага шпіталя (імя і кантакты доктара мае рэдакцыя Belsat.eu):

„З 9 да 12 жніўня я працавала ў лякарні. Мела дзяжурства ўдзень і ноччу. У наступныя дні хваля пацярпелых ня зьменшылася. Мы ўсе былі шакаваныя тым, як сілавікі катавалі людзей.

Найбольш частыя звычайныя сінякі і гематомы на ніжніх канцавінах, сьпіне; траўмы галавы, у асноўным лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы. 9 і 10 жніўня ў асноўным паступалі пацыенты з кантузіямі, пашкоджаньнямі вачэй, якія людзі атрымалі ў выніку таго, што сілавікі выкарыстоўвалі сьвятлошумавыя гранаты. Шмат пашкоджаньняў вушэй. Таксама ў выніку выкарыстаньня гумавых куль, якія траплялі ў самыя небясьпечныя месцы, шмат у каго пашкоджаныя вочы. Ведаю адзін выпадак, калі чалавек страціў зрок на адно вока. Ня ведаю, ці цалкам, ці назаўсёды. Кулі траплялі ў трахею, у грудзі, у кішэчнік. Кулі наскрозь прабівалі кішку людзям. У асноўным такое. А вось пасьля 9-10 жніўня сталі паступаць пацыенты з Акрэсьціна, Жодзіна.

Менск. 9 жніўня 2020 г. Фота: Belsat.eu

У нашым шпіталі цяпер адзін хлопец, якога згвалтавалі дубінкай. Гэта сапраўдны факт, які я магу пацьвердзіць. Ён на лячэньні ў нас цяпер. Гэта дакладная інфармацыя.

Большасьць пацыентаў, якія ў нашым шпіталі, пойдуць на папраўку. Але шмат асобаў у выніку выбухаў і кулявых раненьняў застануцца інвалідамі. Гэта ў асноўным пратэстоўцы 9-10 жніўня. Таксама пацярпелыя маюць псыхалягічныя траўмы. Яны закрываюцца ў сабе, спрабуюць жартаваць. Але мэдыкам бачна, наколькі ім непрыемна ўзгадваць тыя падзеі, яны хочуць як мага хутчэй гэта забыць.

Сілавікоў сярод пацярпелых мы ня бачылі. Яны лечацца ў сваім шпіталі. У звычайныя шпіталі яны не трапляюць. Наколькі я ведаю, нейкіх экстраных і неадкладных выклікаў да сілавікоў не было. Ведаю, што некаторыя журналісты хацелі ўзяць інтэрвію ў пацярпелых сілавікоў, грукалі ў міліцэйскія шпіталі, але не атрымалі адказу і зьвярталіся да нас. Але мы ня маем інфармацыі аб гэтым. Магчыма, што і няма пацярпелых сярод сілавікоў наагул.

Мэдычная супольнасць у нашай краіне ўзбуджаная. Узьнікаюць і канфлікты з кіраўніцтвам, якое супраць таго, што мы выказваем сваю грамадзянскую пазыцыю. Але ў мяне ўсе мае калегі ня могуць заставацца абыякавымі, калі прывозяць такіх людзей. Проста сьлёзы набягаюць. Большасьць з нас не маглі ні спаць, ні есьці гэтыя дні, моцна перажывалі. Нашая грамадзянская пазыцыя рашучая — мы не зьбіраемся маўчаць, як просіць нас кіраўніцтва, мы будзем выходзіць на акцыі. Я, напрыклад, ня бачыла жахлівых траўмаў, як на вайне. Але ўсё роўна шмат цяжкіх выпадкаў як фізычных, так і псыхічных. І калі ты гэта бачыш і разумееш, што ні за што чалавек застанецца пакалечаным, то такога не павінна быць.

Затрыманьні каля гатэлю «Юбілейны» 10 жніўня 2020 г. фота: Belsat.eu

Сапраўды, сьледчыя павінны правяраць такія выпадкі. І звычайна яны прыходзяць даволі хутка. Прынамсі, так было раней. Але цяпер я ня бачыла сьледчых. Прыходзіла толькі нейкая адна дзяўчына, якая размаўляла з пацярпелай, у іншым выпадку таксама прыходзіў апэратыўнік, але высьветлілася, што ён прыходзіў толькі дзеля таго, каб забраць яго рэчы, але не размаўляў з пацыентам. Звычайна яны больш актыўныя ў іншых выпадках. Калі нешта адбываецца з нашымі пацыентамі, яны хутка зьяўляюцца, размаўляюць зь лекарамі, з пацыентамі, цікавяцца. А вось гэтым разам ні з кім не размаўлялі. Нікому нецікава і нікога не цікавіць“.

Belsat.eu

„Доктар сказаў: калі б ты прыехаў пазьней, была б ампутацыя нагі“

Аляксей Жук, 33 гады:

Аляксей Жук

„Мне трапіла восем удараў па адным месцы. Якраз па сьцягне дасталося. Пасьля паднялі. Адзін спытаў у мяне: «Ты ўсё зразумеў?» Я кажу: «Зразумеў». Яшчэ ўдар пад дых“.

Уладзімер Скалік, бацька Аляксея, выступае каля Чырвонага касьцёла (плача):

„Дзіця заўсёды дзіця. Тысячы дзяцей цяпер у лякарнях. У панядзелак трэцюю апэрацыю зрабілі. Ужо хацелі нагу адымаць. Моладзь тут стаіць, а дзе ж вы? Вы дзе, бацькі? Жанчыны тут, вашы жонкі. Вы ж дзе? Трактарны завод. Няўжо вы баязьліўцы?“

Бацька Аляксея Жука

Аляксей: „Затрымалі каля мэтро «Пушкінская» 10 жніўня. Сьцяна, як я памятаю, адзін і другі аўтазак. Мы забягаем, а там стаяць чалавек 11, зноў жа з гэтай абрэвіятурай. Шчыты складзеныя ў баку. Яны стаяць з дубінкамі. Паставілі нас да сьцяны, прымусілі прысядаць. Прысядалі, прысядалі, пасьля ўсіх паклалі на дол.

Там было адбіта настолькі, як доктар сказаў, скура ад мяса, ад касьцей…“

Уладзімер: „Вось калі жанчына бярэ адбіўныя робіць малатком, вось так яго білі палкай“.

Бацькі Аляксея Жука

Аляксей: „Зрабілі тры апэрацыі, наклалі каля 30 швоў. Адразу зрабілі два надрэзы пад мясцовай анэстэзіяй. Доктар сказаў: «Калі б ты прыехаў на пару дзён пазьней, магчыма, была б ампутацыя. Будзем ратаваць нагу». Ён зрабіў павязку, я пахадзіў тры дні. Ён паглядзеў і кажа: «Мала, трэба яшчэ адзін надрэз».

Аляксей Жук, пабоі

На Акрэсьціна я трапіў у майцы, шортах. Шлёпкі, барсэтка, тэлефон. Ніякіх ні сьцягоў, нічога правакацыйнага ў мяне не было. У раёне «МакДональдса» я спусьціўся. Да мяне падбягаюць чалавек пяць у чорным. Зрываюць зь мяне барсэтку. «Якімі ты камянямі ў нас кідаў?» Вядома, з мацюкамі. Я кажу: «Я іду дадому да дзіцяці, да жонкі». Яны правяраюць барсэтку. У выніку я апынаюся долу тварам у зямлю. Барсэтка ў адным баку, тэлефон у другім баку. Пасьля падымаюць шокерам у раёне нырак.

Аляксей Жук

Загрузілі ў аўтазак, завезьлі на Акрэсьціна. На Акрэсьціна нас зьмясьцілі ні ў якія ня ў камэры, проста адкрытае памяшканьне, зьверху краты. 3 на 6, гэта 18 квадратаў. Мы нават палічыцца не маглі, колькі нас. Толькі на наступныя суткі, калі пачалі выводзіць у туалет (а ў туалет нас выводзілі толькі два разы на суткі, і тое, каб вывелі, трэба было дзьве гадзіны пастаяць, пабарабаніць у дзьверы).

Выводзілі ў туалет па 15 чалавек, давалі на ўсё 10 хвілін. І так мы змаглі падлічыць, што нас сто чалавек. Далі бохан хлеба. Адзін бохан на сто чалавек.

Зьвяртацца нікуды я ня стаў. Яшчэ нават паехаў на працу. Папрацаваў. Пасьля выклікаў «хуткую». Прапісалі лекі, мазі, але на назе ўтварыўся абсцэс, і з паліклінікі мяне накіравалі ў 5-ю лякарню.

Бацька працуе на МТЗ, я на МЗКТ. Бацька моцна расьперажываўся. Кажа, ня бачыў такіх зьнявечаньняў за ўсё сваё жыцьцё“.

Бацька Аляксея Жука

Уладзімер: „Ён трапіў на Акрэсьціна. Двое сутак мы яго шукалі. Калі прыйшоў дадому, я кажу: сын, сядзь. Ён кажа: я не магу“.

Аляксей: „Гэта прыгнёт. Проста, мы ніхто як бы, і ўсё. Вы ніхто, вам усім плацяць. Я ня ведаю, мне ніхто яшчэ не заплаціў. Я ішоў па сваіх асабістых, сямейных справах“.

Your browser doesn’t support HTML5

Пасьля зьбіцьця на Акрэсьціна мужчыну ледзь не ампутавалі нагу

Уладзімер: „Я просты трактарыст з трактарнага заводу Валодзя. Ну нельга так. Я быў на мітынгу кожны дзень і буду. Няхай мяне заб’юць. Але я буду з вамі, хто зноў выходзіць і кажа: Жыве Беларусь!“

Аляксей: „Мне жонка кажа: патэлефануй у «хуткую». Я кажу, мне страшна, бо былі выпадкі, што на «хуткіх» ужо амапаўцы езьдзілі. А калі прыедуць і мяне зноў… Мне страшна“.

„Сілавікі затрымалі амапаўца. Ён крычаў: «Я свой, я свой!». Але яму сказалі: «Звольнены!» — і пабілі“

Кірыл Піскароў, 24 гады, Менск:

„Мяне затрымалі ў часе пратэстаў 10 жніўня ўвечары каля цырку. Я спрабаваў уцякаць, але мяне схапілі людзі ў чорным баявым адзеньні.

Яны зацягнулі мяне ў мікрааўтобус «Форд» і там пачалі біць. Хвілін сорак мяне білі рукамі і нагамі. Мне там так ірванулі руку, што яна павісла. Білі мяне дубінкамі па целе, па галаве — я двойчы траціў прытомнасьць, але мяне апрытомнівалі электрашокерам. Зь мікрааўтобуса мяне закінулі ў аўтазак.

Сілавікі затрымалі аднаго амапаўца. Ён крычаў: «Я свой, я свой!». Але яму сказалі «Звольнены!» і пабілі.

У аўтазаку сярод затрыманых быў таксіст, які сыгналіў. Яго таксама моцна пабілі — ён траціў прытомнасьць разоў дзесяць.

Кірыл Піскароў, фота kp.by

Потым нас прывезьлі ў РУУС, дзе пачалося пекла. Двор быў увесь забіты людзьмі. Горы рэчаў. Людзі стаялі каля сьцяны, ляжалі адзін на адным. Мяне двойчы ўдарылі дубінкай на выхадзе з аўтазаку.

Я ішоў павольна, бо рука вісіць, яна ўся сіняя, галава чыгунная, зь яе цячэ кроў. Паставілі да сьценкі і прымусілі зьнямелую руку падняць. Было надта балюча.

Празь нейкі час завялі ў будынак РУУС на першы паверх. Закінулі ў ізалятар. Там былі чалавек 20, усе пабітыя. У суседнім ізалятары-камэры сядзелі дзяўчаты.

Калі на вуліцы пратэстоўцы праходзілі міма Цэнтральнага РУУС, сілавікі выключылі ў будынку сьвятло, паклалі ўсіх на падлогу. Мне да скроні прыставілі зброю.

У РУУСе я некалькі разоў траціў прытомнасьць. Плячо было сіняе. У выніку мне выклікалі хуткую дапамогу, якая адвезла мяне ў 6-ю лякарню.

Прыёмнае аддзяленьне лякарні было перапоўнена — у людзей былі аскепкавыя раны, шмат траўмаў галавы, пераломы рук. Мне ўправілі руку, загіпсавалі, і я паехаў дадому. Потым мне тэлефанаваў сьледчы і патрабаваў, каб я прыйшоў да яго. Я гэтага не зрабіў, бо мне стала дрэнна і я пайшоў у паліклініку.

У выніку я апынуўся ў лякарні хуткай дапамогі, дзе да мяне прыходзіў сьледчы. Мяне выпісалі 14 жніўня. Я атрымаў вывіх правай плечавой косьці, ЧМТ, страсеньне галаўнога мозгу, удар грудной клеткі.

Я напісаў заяву ў Цэнтральны РУУС з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці людзей, якія зьбілі мяне каля парку Янкі Купалы і прычынілі мне цялесныя пашкоджаньні“.

kp.by

„У Кастрычніцкім РУУС было, як у кіно пра нацыстаў“

Міхаіл Дарожкін, грамадзянін Расеі:

Міхаіл Дарожкін

„Прыехаў у Менск 8 жніўня. Я даўно жыву ў Санкт-Пецярбургу, працую ў ІТ-сфэры. Родам зь Беларусі, бацькі жывуць у Воршы, брат Павал — у Менску.

Паколькі авія- і чыгуначныя зносіны паміж Расеяй і Беларусьсю часова прыпынілі, давялося ехаць аўтобусам. Спыніўся ў сяброў. Два дні гуляў па горадзе як турыст, у фэйсбуку пасьпеў выставіць фота і відэа — стаў сьведкам затрыманьня скейтбардыста 8 жніўня каля мэтро «Кастрычніцкая».

Увечары 9 жніўня выправіўся на чыгуначны вакзал, каб даехаць да Воршы.

На пустой вуліцы Ленінградзкай прыкладна ў 21:30 стаяла ачапленьне міліцыі. Я яго сфатаграфаваў. Да мяне падышлі міліцыянты і сказалі, што дарма я гэта зрабіў. Гэта былі курсанты, яны падвялі мяне да мікрааўтобуса цёмна-серабрыстага колеру без нумароў. У ім былі чатыры байцы АМАПу і пару чалавек у цывільным.

Я паказаў дакумэнты, што я грамадзянін Расеі, што маю квіток да Воршы, паказаў пасьведчаньне аб нараджэньні (нарадзіўся ў Воршы), фота пашпарта бацькі, што ён жыве ў Воршы. Мне сказалі: «Табе вельмі пашанцавала, — выдалі з тэлефона фота і відэа і ідзі на цягнік».

Я пайшоў у бок вакзалу. Але літаральна праз 30 сэкундаў сілавікі схамянуліся і забралі мяне ў той жа бусік, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і павезьлі ў Кастрычніцкае РУУС. Там склалі два пратаколы: адзін — што я чапляўся да мінакоў, і другі — што аказваў супраціў міліцыі.

Міхаіл Дарожкін выходзіць з турмы

Супрацоўнікі міліцыі сказалі мне: «Мы ўсё разумеем, пішы, што ты ня згодны, і далей усё нармальна, будзем разьбірацца. І на судзе дадуць штраф і ўсё».

У двары Кастрычніцкага РУУС было, як у кіно пра нацыстаў: нам вельмі моцна сьцягнулі рукі, нават міліцыянты потым сказалі, каб так не рабілі — бо тры дні не праходзілі сьляды. Потым прывезьлі ў двор ізалятара часовага ўтрыманьня.Там стаялі такія ж хлопцы ў камуфляжы ўнутраных войскаў, у руках — дручкі. Усіх білі.

11 жніўня мяне зь сямю сукамэрнікамі перавялі ў камэру, дзе былі ўжо 25 чалавек. То бок нас у камэры памерам 2,2 на 5,3 мэтра стала 33! А там жа яшчэ тумбачкі, параша, умывальнік. Было вельмі горача, на вокнах вада — лазьня! У камэры насупраць нас чалавек запатрабаваў туалетнай паперы і мыла — яга 12 разоў ударылі дубінкай па сьпіне.

Тры дні арыштантаў наагул не кармілі. Пасьцельнай бялізны спачатку не было, яе выдалі толькі праз 5 дзён, калі людзей пачалі масава выпускаць.

Асабіста мяне амаль ня білі, проста пашанцавала. Але ўва ўсіх чатырох камэрах, празь якія я прайшоў за два тыдні, людзей білі жорстка.

Я асабіста бачыў і чуў, як білі сем соцень чалавек. Прыкладна з другой ночы да шостай раніцы аднаго хлопца ўдарылі 50 разоў гумавай дубінкай па сьпіне. Раніцай людзей і з ІЧУ, і з ЦІП выводзілі ва ўнутраны двор ЦІПу і працягвалі жорстка біць.

Самае страшнае відовішча было на другую ноч: людзі стаялі на каленях, іх прымусілі сьпяваць дзяржаўны гімн Беларусі і жорстка білі — па жываце, па сьпіне, па нагах.

Міхаіл Дарожкін выходзіць з турмы

Ані сваякам, ані сябрам не паведамлялі, дзе я знаходжуся. Жонка ў Санкт-Пецярбургу зьвярнулася ў беларускае консульства, бацька — у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі ў Менску. Расейскі консул у Менску аб’езьдзіў чатыры ізалятары, езьдзіў у Жодзіна, і паўсюль казалі, што расейца Дарожкіна там няма.

Я трапіў у нейкую шпіёнскую гісторыю: мяне хавалі ад консулаў. Консулаў, якія прыехалі сёньня па мяне пры вызваленьні, я пабачыў прыкладна на 10-ы дзень. Прычым яны прыходзілі штодня, штодня з ізалятара выводзілі грамадзян Расеі. Усіх даволі хутка вызвалілі. Я застаўся адзін. І толькі ў мінулы чацьвер, на 10-ы дзень, я сустрэўся з расейскім консулам. Ён наагул думаў, што я ляжу дзесьці ў сутарэньнях зьбіты і мяне баяцца ім паказаць.

Консула дапусьцілі толькі 20 жніўня. Пасьля таго, як брат Павал знайшоў мяне ў сьпісах на Акрэсьціна.

Два першыя пратаколы склалі пры затрыманьні ў Кастрычніцкім РУУС. На Акрэсьціна зьявіўся яшчэ адзін пратакол, нібыта я грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, але жыву ў Менску.

І ў той жа час, калі я быў затрыманы і знаходзіўся ў Кастрычніцкім РУУС, я, як выявілася, быў на праспэкце Пераможцаў, 93 і крычаў «Стоп, таракан!» і «Свабоду Статкевічу!» Прабачце, але я сапраўды ня ведаю, хто такі Статкевіч. То бок у суме на мяне склалі ажно тры пратаколы. Мне сказалі: падпісвай, што згодны, і празь дзьве гадзіны выйдзеш са штрафам. Гэта было 10 жніўня.

Але 11 жніўня, мабыць, наказ памяняўся, і прайшоў першы суд. У ЦІП на чацьвёрты паверх прыгналі каля дзясятка судзьдзяў — з Маскоўскага, Фрунзэнскага і іншых раёнаў. Судзілі па камэрах, а камэры былі перапоўненыя прыкладна ў 8 разоў. На першым судзе мне прысудзілі 7 сутак арышту.

Другі суд быў 13 жніўня.

Прыехала супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага раёну. Судзіць мяне мусілі паводле двух пратаколаў. Я сказаў судзьдзі, што мяне ўжо адзін раз асудзілі на 7 сутак. Судзьдзя дадала яшчэ 14 сутак. То бок атрымалася за 3 пратаколы па 7 сутак — у суме 21 дзень!

Далей першыя два пратаколы зьніклі. Як яны зьявіліся з паветра, так і зьніклі.

Пасьля другога суду мяне перавялі ў камэру, дзе засталіся 4 чалавекі неасуджаныя, а ўсіх астатніх павезьлі ў Жодзінскую турму. Мяне таксама зьбіраліся перавезьці ў Жодзіна.

Мне пашанцавала: натрапіў на аднаго зь нешматлікіх адэкватных супрацоўнікаў ва ўсім ЦІПе. Я яму патлумачыў, што я грамадзянін Расеі. І ён сказаў, каб зь мяне зьнялі два прысуды і перавялі ў камэру зь іншаземцамі.

Там былі хлопцы з Швайцарыі, Турэччыны, Польшчы, Туркмэністану, Таджыкістану, па пары расейцаў і ўкраінцаў з Данбасу. Украінцаў білі вельмі жорстка: нібыта «яны прывезьлі сюды Майдан». У аднаго вока заплыло крывёю, у другога перабітыя ногі і ён 4 дні ня мог стаяць. Ім усім супрацоўніца АГіМ выпісала штрафы па 30 базавых. Іншаземцаў адпусьціцлі. А мне ў пашпарт паставілі штамп аб тэрміновай дэпартацыі.

Міхаіл Дарожкін, фота, якое распаўсюджвалася, калі ён зьнік пасьля пратэстаў

На наступны дзень зноў зьявілася супрацоўніца АГіМ, якая паведаміла, што мяне выпусьцяць на волю 23 жніўня ў 21:30, а літаральна праз 2,5 гадзіны, апоўначы 24 жніўня, я павінен пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. І цягам 5 гадоў ня маю права наведваць сваю радзіму.

З Акрэсьціна мяне сустракалі брат Павал і супрацоўнікі амбасады РФ у Беларусі. Яны адразу ж накіраваліся ў бок мяжы, каб пасьпець да поўначы давезьці мяне да Смаленску“.

„Гаворка ў амапаўцаў была ня менская. Мне здалося, што яны пад нечым“

Аляксандар Герасімаў:

„10 жніўня я прачнуўся дома. На выбары не хадзіў, ездзіў на прыроду. Інтэрнэт не працаваў. Хацеў даведацца пра навіны і выйшаў на вуліцу.

Пайшлі зь сябрамі паглядзець, хто перамог. Прыйшлі на Камароўку, узялі па шаўрме, павячэралі, вакол было шмат людзей. Хадзілі задаволеныя, цьвярозыя, ніякіх наркотыкаў.

Аляксандар Герасімаў, пабоі

Дайшлі да «Рыгі»; там будавалі барыкаду, якую потым пачалі штурмаваць сілавікі. Мы сталі з боку «Эўропы», глядзелі на тое, што адбываецца. Барыкаду разбурылі. Спачатку праехалі вадамёты, потым у яе з разгону ўехалі іншыя вайсковыя машыны. Ня ўпэўнены, што яны ведалі, што там няма людзей.

І раптам аднекуль зьявіліся амапаўцы. Я пабег ад іх, заскочыў на нейкі парапэт, няўдала саскочыў зь яго. Бегчы больш ня мог. Яны мяне павязалі. Спрабавалі завязаць рукі — не атрымалася. Білі. Мне кажа: «Стаяць!», я стаю, не магу бегчы, нага зламаная.

Далей паклалі тварам у зямлю, пастрыглі. (Думаў — жах, памыўся — такой бяды!) Паабяцалі дубінкай згвалціць. Крычалі, што мне заплацілі. Гаворка ў іх была ня менская. Мне здалося, што яны пад нечым. Выдавалі паводзіны і шалёныя вочы, нулявыя зрэнкі.

Аляксандар Герасімаў, пабоі

Завезьлі ў Цэнтральнае РУУС. Стаяў на вуліцы, пакуль не паплыў. На ўчастку ўсіх фатаграфавалі, а мяне ня сталі. Вусны былі апухлыя, брыво разьбітае, сіняк пад вокам — фатограф адмовіўся здымаць.

Лекаў не давалі, але да доктара трэба было многім. Мне сказалі падпісаць пратакол. Я ня ведаю, што там было напісана, але падпісаў. Нага моцна ныла, ня мог ні пра што больш думаць. Потым мяне завезьлі ў лякарню. Што тут скажаш — я сам быў у войску і бачыў, як гэта працуе. Магу сабе ўявіць, як іх рыхтуюць. Выпусьцілі, далі волі трохі. Пагулялі пацаны!“

Эўрарадыё

„Амапавец запхаў мне дубінку ў задні праход“

Дзьмітры:

„11 жніўня вяртаўся дадому міма стэлы. На пешаходным пераходзе падышлі двое амапаўцаў.

Яны запатрабавалі разблякаваць тэлефон. Я адмовіўся. Тады яны зьнялі мяне з ровара, забралі замок і ключ, ровар кудысьці адагналі, а мяне запхалі ў аўтазак. У аўтазаку былі чатыры ці пяць амапаўцаў. Яны мяне пабілі і запатрабавалі паказаць фатаграфіі. Знайшлі здымкі з разгону пратэсту. Зноў білі дубінкамі, рукамі, нагамі.

На падлозе ўжо ляжалі некалькі хлопцаў. Мяне паклалі пасярэдзіне. Прымушалі сьпяваць гімн і «Перамен». Потым выпхнулі з аўтазака, закінулі ў аўтобус МАЗ. Там быў нейкі ідэоляг, загадалі падпаўзьці да яго. Ён задаваў пытанні: «Хто вам плаціць? Як вы каардынуеце акцыі? Дрэнна жывецца?» Я казаў, што нармальна жывецца, нікуды не хадзіў. Была ня тая сітуацыя, каб «качаць правы».

Потым мяне зноў запхнулі ў аўтазак. Паклалі тварам уніз. Пачалі туды заводзіць людзей, завялі паляка. Пабілі. У хлопца, які быў са мной, знайшлі нож у кішэні. Ён казаў, што займаецца рамяством. Яму разрэзалі нажом шорты і сподняе ззаду, прыгразілі засунуць у задні праход палку. Зноў зьбілі.

Дзьмітры ў лякарні

Прыйшлі двое амапаўцаў з маім тэлефонам. Хацелі разблякаваць яго. Ад зьбіваньняў я забыў пароль. Мне было вельмі дрэнна. Зноў пабілі, пагражалі закінуць у аўтазак гранату. Потым прыйшоў нейкі галоўны, сеў побач. Спытаў, у каго ёсць прэзэрватыў. Разрэзаў мне сподняе. Надзеў яго на палку і запхаў яе мне ў задні праход. Было вельмі балюча. Ён патрабаваў, каб я разблякаваў тэлефон, — але я ня памятаў паролю. Мяне зноў пабілі, пакінулі ў аўтазаку.

Потым нас закінулі ў міліцэйскі аўтазак. Мы паехалі ў Заводзкае РУУС. На выхадзе нас зноў пабіў АМАП. Паклалі тварам на зямлю, разглядалі тату, здымалі на відэа. Мы ляжалі так гадзін дзесяць. Нас паставілі да сьценкі, часам давалі ваду.

У мяне ў машонцы ўтварылася гематома, я патрабаваў доктара, але мне адмаўлялі. Адзін хлопец страціў прытомнасьць, стукнуўся аб бардзюр, яго забрала «хуткая». Да мяне дактароў не пусьцілі, толькі сьмяяліся. Раніцай сьцягнулі рукі сьцяжкамі. Так мы прастаялі яшчэ дзесяць гадзін. Час ад часу прыносілі ваду. Адчуваньне было, быццам расстраляюць або гранатамі заб'юць. Стаялі на вуліцы. Я быў у майцы, з парэзанымі штанамі. Нейкі хлопец даў мне куртку. Усё вельмі балела. Часам аслаблялі сьцяжкі, давалі разьмяць рукі.

Прывезьлі пратаколы. Там была поўная хлусьня, быццам я ішоў і размахваў рукамі. Прымусілі падпісаць.

Потым нас пагрузілі ў аўтазак і павезьлі на Акрэсьціна. На выхадзе прагналі праз калідор амапаўцаў. Зьбілі дубінкамі, зьнялі сьцяжкі. Загналі 120 чалавек у прагулачны дворык, там мы стаялі гадзін пяць. Хадзілі мясцовыя наглядчыкі. Вады не давалі. Далі болесуцішальныя лекі. Прыехала «хуткая». Мяне павезьлі. Дактары былі ў жаху“.

Эўрарадыё

„Хлопцаў з дрэдамі прымусілі цалавацца ў аўтазаку“

Яўген Якубец:

Яўген Якубец

„Першы раз мяне забралі 14 ліпеня. Гэта здарылася ў раёне стэлы. Завезьлі ў Першамайскае РУУС. Пасядзеў ноч у спартзалі, потым адпусьцілі. У параўнаньні з ізалятарам на Акрэсьціна там быў санаторый.

Уначы з 11 на 12 жніўня я ехаў зь сябрамі ў бок «Рыгі» з «Манеткі» на Камароўскім рынку. Там стаяў пост ДПС, супрацоўнікі ў чорным аглядалі ўсе аўтамабілі.

Нас выгрузілі ўсіх на асфальт. У аднаго таварыша знайшлі відэа, якое здалося ім недапушчальным. У мяне былі доўгія валасы. Яны пачалі мяне абражаць, маўляў, як дзеўка. Абрэзалі валасы нажом, закінулі ў аўтазак. Там білі па нагах, у таз, жывот, па сьпіне. Крычалі: «Мы праз вас, вырадкі, трэція суткі ня сьпім! Што вы тут хочаце пабудаваць, якую краіну для жыцьця, што вы дома не седзіце? Мы вам устроім!».

Яўген Якубец, пабоі

Былі два хлопцы з дрэдамі. Ім валасы зрэзалі са скурай. Гэтых жа хлопцаў прымусілі цалавацца ў аўтазаку: «Смакчыцеся, вырадкі, у войска не хадзілі — цяпер смакчыцеся!».

Перасаджвалі ў іншы аўтазак — ішлі па жывым калідоры. Мне прыляцела ботам па твары. Нос апух, з раны цякла кроў.

Яўген Якубец, пабоі

У аўтазаку распхалі па клетках. Было вельмі душна і горача. Прыехалі на Акрэсьціна, беглі, нас білі. Я бег, груба кажучы, на карачках. А хтосьці падымаў мяне за валасы.

Каля агароджы стаялі на каленях. Потым зьмясьцілі ў прагулачны дворык.

У куце стаяла пяцілітровая бутля, хто хацеў — хадзіў у туалет у яе“.

Эўрарадыё

„Пагражалі, што завязуць у лес або «апусьцяць» на зоне“

Аляксандар Альхоўскі:

Аляксандар Альхоўскі. Фота Эўрарадыё

„У ноч на 12 жніўня мяне затрымалі на скрыжаваньні вуліц Гарэцкага і Шаранговіча, побач з гандлёвым цэнтрам «Магніт». У пратэстах я ня ўдзельнічаў.

Спыніўся пагаманіць са знаёмымі, потым раптам пад'ехалі аўтобусы. Мяне схапілі. Атрымаў па нагах. Лёг на зямлю. Скруціўся абаранкам, прыкрыў галаву. Па нагах, па нырках падубасілі. Крычалі: «Сука, поскудзь, табе пі…ц!» Увесь час пагражалі, што завязуць у лес або «апусьцяць» на зоне.

Закінулі ў мікрааўтобус, тэлефон забралі, разблякавалі, чыталі перапіску. Потым яшчэ дваіх забралі. Мы ляжалі тварам у падлогу, нас каталі па ўсім горадзе і білі.

Аляксандар Альхоўскі, пабоі. Фота Эўрарадыё

Потым зачынілі ў аўтазаку, прывезьлі ў РУУС. Там хлопцы маладыя працавалі, разьвязалі рукі. Павялі да сьледчага, па дарозе я страціў прытомнасьць. З вушэй цякла кроў. Ногі адбілі. Падчас размовы задавалі правакацыйныя пытаньні, хацелі, каб я прызнаўся, што быў ня толькі каля «Магніта».

Прымусілі падпісаць пратакол, хоць там было ўсё няправільна апісана. Але я пагадзіўся“.

„​Эўрарадыё“​

„Зараз мы табе зробім паўторнае абразаньне“

Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю:

Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю, пацярпелы ад АМАПу

„Мы ўжо павінны былі спусьціцца ўніз, перайсьці дарогу — і да сябе дадому. Бо мы ўжо ведалі, што прыблізна зь сямі гадзін вечара пачынаюцца пратэсты. Мы не хацелі ў іх удзельнічаць.

Гэта было 10 жніўня. Пасьля таго, як я прамінуў гэты жоўты аўтобус, адтуль выскачылі шэсьць салдат АМАПу ў чорнай форме і масках, з крыкамі, з мацюкамі, з пагрозамі пачалі цягнуць мяне да гэтага аўтобуса. Я адразу ж падняў рукі і сказаў: «Не-не-не, я не супраціўляюся. Я замежны грамадзянін. Я ізраільцянін». На гэта я пачуў усялякія кпіны і «жарцікі». Адзін быў такі: «Зараз мы табе зробім паўторнае абразаньне».

Я яшчэ быў такі самаўпэўнены і сказаў: «А што, вы антысэміт?» І тут мне ясна далі зразумець, што я нават ня пешка ў гэтай гульні, што я ўвогуле кузурка і мне трэба заткнуцца.

Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю, пацярпелы ад АМАПу

Я ўсё чакаў, што мяне ўрэшце альбо адпусьцяць, ці яны зразумеюць, што грамадзянін Ізраілю, навошта ім гэта трэба. І ўвогуле я быў упэўнены, калі нават ехаў, што, калі што, пашпарт — гэта будзе мая страхоўка ад нейкіх дзеяньняў. Бо я ўжо быў начуты, што лепш не сустракацца зь беларускім АМАПам, асабліва ў гэтыя дні.

Далей падвезьлі аўтазак белага колеру і нас сталі выгружаць. Пагрузка, яна, вядома, была ве-е-ельмі страшнай, таму што білі справа-зьлева дубінкамі. У прынцыпе, гэта, можа быць, ня вельмі прыгожа з майго боку, але я зразумеў, што калі ты будзеш выходзіць апошнім, то рука амапаўца ўжо трошкі стоміцца і ўдар будзе слабейшы. Таму… плюс яшчэ ад двух удараў я змог ухіліцца, але парачка ўдараў мяне насьцігла па дарозе ў аўтазак. Рукі былі за сьпінаю, галава вельмі нізка. Таму я нават ня бачыў, што робіцца. Сыпаліся ўдары.

Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю, пацярпелы ад АМАПу

Мяне закідваюць у аўтазак. У аўтазаку ёсьць такое апошняе аддзяленьне, дзе чатыром, па-мойму, чалавекам максымум сесьці. Нас там было 10.

Выгрузка такая самая, як і пагрузка. Брутальна дубінкамі малоцяць. Ізноў жа я выходжу апошнім. Ізноў жа атрымліваю ўдары.

У аднаго хлопца была зламаная рука ў кісьці, у запясьці. І ў яго яна разьдзьмулася да такіх памераў, што відаць, што гэта пералом. І ён проста ня мог руку ўгору падняць. Дык амапавец падышоў, запатрабаваў, каб ён руку падняў. А той кажа: у мяне зламаная рука, я яе ўвогуле не магу падняць. Дык амонавец груба падняў яе ўгору і стукнуў аб мур. Я так разумею, што яму пасьля выклікалі хуткую дапамогу.

Аляксандар Фурман, пабоі

І яшчэ быў хлопец, у якога была проста нейкая рваная рана, адтуль проста хвастала кроў. Такое я бачыў толькі ў сэктары Газа, такія карціны. Ніяк ня думаў, што пабачу такое ў мірным, любімым, родным Менску.

Нас было 62 чалавекі. Сярод нас была жанчына, ёй 51 год. Яна проста заступілася за свайго мужа, які проста меў сьмеласьць пажартаваць перад амапаўцамі і сказаць: «Чаму туды нельга, што там, каранавірус?» За гэта яго адразу ж затрымалі. Яна заступілася за яго, і таксама была затрыманая. Прычым яна сказала, што і галасавала за Лукашэнку. Яна сказала: «Учора ў 11.30 я прагаласавала за нашага прэзыдэнта, а сёньня я за яго стаю тут». Я ўяўляю, як ёй было ўдвая крыўдна.

Аляксандар Фурман, пабоі

Той, хто рухаўся, атрымліваў заўвагі і дубінкі. Але мы стараліся ўсё ж рухацца, калі яны не глядзяць на нас. Усё ж нас ахоўвала два-тры чалавекі, а астатнія сядзелі там, унутры.

Так мы стаялі да чатырох, напэўна, раніцы. Прычым я быў апрануты, як цяпер: кароткая майка і вось гэтыя шорты. А для мяне, ізраільцяніна, 10 градусаў ноччу — гэта ўвогуле неймаверна.

Сярод нас быў хлопец-інвалід, як аказалася, інвалід другой групы. У яго разьвіцьцё шасьцігадовага дзіцяці. Ён пасьля быў са мной у камэры. Ён нават ня ведае, колькі яму гадоў. Як аказалася потым, яму 21 год. Ён проста не разумеў, дзе ён знаходзіцца. Яму казалі: падымі рукі. Ён падымаў, пасьля апускаў: «Ай, усё, карацей, я стаміўся, ай, не хачу». І яны зьвярэлі, яны білі яго за гэта, зноў яго ставілі. У нейкі момант, калі ён сядзеў-варочаўся (а мы ўсе сядзелі, як мышкі, бо надакучылі ўсе гэтыя зьдзекі), працягваў зь цікавасьцю разглядаць, што робіцца вакол. Тады яму сказалі: давай, станавіся зноў, ён ізноў жа адмовіўся, абсалютна як дзіця. Маё сямігадовае дзіця абсалютна гэтаксама сябе паводзіць, калі ты хочаш яго пакараць. І яны сказалі: тады будзе калектыўнае пакараньне. І ўсіх 62 чалавекі зноў паставілі да плоту.

Але, я так зразумеў, да ўсіх пачало даходзіць, што з хлопцам нешта ня так.

Раніцай нам дазволілі сесьці і абаперціся, там былі турнікеты. Мы пачалі перашэптвацца. Прыехалі аўтазакі. Спачатку загрузілі нейкіх сурганаўскіх. Прычым іх грузілі вельмі брутальна. Я ня бачыў, але я чуў гэтыя крыкі, гэтыя ўдары. І ім абяцалі, што гэта апошні раз яны кудысьці едуць.

Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю, пацярпелы ад АМАПу

Потым пачалі грузіць іншыя аўтазакі, гэта нас 60 чалавек. Спачатку грузілі аўтазак, дзе амапавец гучна камандаваў, што да яго толькі патлатых, толькі татуяваных, да яго толькі з сымболікай Беларусі. Таму што ён ім зараз учыніць апошні заезд і што яны не даедуць да Жодзіна. Так я даведаўся, што мы едзем у Жодзіна.

Пасьля пачалі грузіць нас. Мы гучна казалі імя, прозьвішча і год нараджэньня. Я зноў заявіў, што я грамадзянін Ізраілю. Там было, вось як у школах расказваюць пра цягнікі ў Асьвенцім, ідэнтычная сытуацыя, я проста быў уражаны. Нас кідалі аднаго на аднаго, прымушалі сядзець у такой паставе, што ў цябе каленкі вельмі моцна баляць. Усё гэта з пагрозамі, з матамі-пераматамі, з абвінавачваньнем, што мы нейкія здраднікі краіны, што нам 150 даляраў плацяць, што мы нейкія агенты, што ваша Ціханоўская зьехала ў Літву, што вы цяпер разумееце, якія вы дурні.

Ты нічога ня можаш сказаць. Ты проста ў жорсткім шоку. Я ляжаў на хлопцу, які проста страціў прытомнасьць. Яго пасьля аплявухамі прывялі ў прытомнасьць. Зь левага боку хлопец проста нарабіў у штаны, і пах у аўтазаку стаяў адпаведны. Усю дарогу нас везьлі і мы павінны былі гуляць у караоке. Мы павінны былі сьпяваць песьню «Перамен», песьню Стаса Міхайлава, яшчэ нешта… У гэты час яны нас хаця б ня білі. Калі ж нехта прасіў разьвязаць рукі, бо яны сьсінелі, тыя білі дубінкай і, каб дабрацца да канца аўтазака, яны станавіліся мне на сьпіну, прычым так смачна, па-садысцку ён наступаў і біў гэтых хлопцаў. Мая сьпіна была для яго як пастамэнт.

/a/30797418.html

Усю дарогу нас запалохвалі, што зараз нас пасадзяць да уркаганаў, зараз нас усіх згвалтуюць гомасэксуальным кантактам, прычым гэта ўсё з матамі-пераматамі, зараз нам будзе Жодзіна, а гэта ўсё, Жодзіна — гэта сьмерць. І мы кожны атрымаем пяць гадоў турмы, бо ўчора прынялі новы закон.

Далей цябе выкідваюць з аўтазака. І тут раптам я першы раз адчуваю, што ніхто ня хоча цябе біць. Так, ты знаходзісься на тэрыторыі СІЗА, так, да цябе зьвяртаюцца павышаным тонам, ты рухаесься па камандзе ўнутры там гэтых лябірынтаў, падвалаў, уверх-уніз…

Нас загналі ў такі двор, дзе зьверху толькі сетка. Вызірнуў мужчына ў вайсковай форме і ў масцы і проста чалавечым голасам спытаў, якія ў нас просьбы. Мы папрасілі вядро, каб спаражніцца. Нам прынесьлі вядро. І пасьля ён сказаў: «Мужыкі, патрывайце, зараз мы вас па камэрах расфасуем».

Мы заходзім у камэру. Там чацьвёра сядзяць на лаўках, двое ляжаць на двух’ярусных ложках. Месцаў усяго шэсьць, нас заходзіць 10. Яны на нас глядзяць. Яны на нас глядзяць разгублена, бо мы ўсе пабітыя. Яны не разумеюць. Мы на іх глядзім: мы не разумеем, ці гэта крымінальнікі. Я адразу спытаў, ці яны палітычныя. Яны сказалі: вядома, так. Аказваецца, гэта былі людзі, якіх узялі 8-9 жніўня. Там былі і назіральнікі з выбарчых участкаў і яшчэ нейкія хлопцы, якія проста выйшлі на праспэкт.

Мяне затрымалі 10-га, і толькі 12-га раніцай я першы раз атрымаў ежу, турэмную баланду. Адначасова нас выцягвалі на суды, прычым, калі ты пойдзеш налева, ты атрымаеш 10 сутак, калі направа — 5 сутак. Толькі адзін з нас атрымаў штраф 20 базавых велічынь. Астатнія атрымалі тэрміны, апроч мяне і паляка, які там быў.

У нейкі момант я ў хлопца-кантралёра, які падыходзіў да вакенца, спытаўся: дык што са мной, у мяне яшчэ 2 гадзіны — і будзе 72 гадзіны затрыманьня. Вы павінны мяне паводле закону адпускаць. Хоць які тут закон… Ён кажа: «Слухай, з табой такая гісторыя, твае дакумэнты згубілі». І тут я зразумеў, што няма дакумэнтаў — няма чалавека. Проста выкінуць з турмы, і ўсё.

Тое самае адбылося з палякам. Нас проста выкінулі з турмы. Прычым, калі мы выходзілі, мы павінны былі прайсьці шэсьць пакояў і знайсьці свае рэчы. Пакоі выглядалі, як музэй капітал-шоў «Поле цудаў». Гара тэлефонаў, гара папруг, гара ўсяго. Я прысьвяціў дзьве гадзіны, але я знайшоў усё. Нават кніжкі коміксаў для майго сына. Так у 10 вечара мяне выпусьцілі. Праз 78 гадзін“.

„Цкавалі гамафобнымі выказваньнямі“

Канстанцін Чарноў, 26 гадоў, Магілёў:

Канстанцін Чарноў

„Затрымалі мяне 9 жніўня а палове на 12-ю ночы ў цэнтры гораду, на плошчы Арджанікідзэ. Сытуацыя тады ў горадзе была жахлівай, бо АМАП літаральна паляваў на людзей. Мы нават тэлефанавалі ў міліцыю і пыталіся, дзе можна хадзіць, каб нас не забралі. У міліцыі на гэта кідалі слухаўку.

Я зь сябрам мэтанакіравана прыйшоў у цэнтар гораду, каб выказаць сваё стаўленьне да пабачаных пасьля выбараў працэнтаў. Ніхто не чакаў, што настолькі нахабна людзям плюнуць у твар.

У кампаніі знаёмых стаяў на прыпынку, каб ехаць дамоў, калі з буса выскачылі людзі ў чорным. Мы кінуліся наўцёкі. Я забег у двор і думаў, што за мною ніхто не бяжыць. І раптам яны. Ударылі некалькі разоў у твар. Падсечкай павалілі і малацілі дручкамі. Білі па рэбрах, дзе меней за ўсё застаецца сінякоў. Дагэтуль рэбры баляць і ляжаць балюча.

Забралі ў аўтазак. У ім было чалавек дванаццаць. Прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, але там чарга вялікая з аўтазакаў. Павезьлі ў ізалятар. Тыя, хто нас пільнаваў у аўтазаку, былі з крымінальнага вышуку. Казалі, што іх ноччу прымусілі гэтым займацца і яны тут ні пры чым.

У ізалятары прабылі гадзінаў зь пяць. Зноў павезьлі ў аддзел. Завялі ў спартовую залю. Афармляючы, усяляк правакавалі, маўляў, хто перамог на выбарах. Самы трэш пачаўся, калі знайшлі ў маіх рэчах стыкеры ініцыятывы «Новыя рэгіёны» (гуртуе людзей ЛГБТ+). Пачалі цкаваць гамафобнымі выказваньнямі. Супрацоўнік, які абшукваў, расказваў калегам, хто я. Усё гэта псыхалягічна прыгнятала. Калі афармлялі пратакол, то віны я не прызнаў.

Родзічы чакаюць зьняволеных за пратэсты супраць вынікаў выбараў каля турмы №4

У аддзел прыехаў супрацоўнік ізалятара і заявіў, што мяне ня возьме праз праблемы са здароўем. Я прымаю прэпараты ад астмы і антыдэпрэсанты. У аддзеле я прабыў 8 гадзінаў. Быў на мяжы нэрвовага зрыву, бо ўвесь гэты час бачыў адных міліцыянтаў. Ад іх даведаўся, што а 16 гадзіне яны выяжджаюць «паляваць на людзей». Урэшце сам папрасіўся ў ізалятар, бо на той момант псыхалягічна быў выматаны.

Тры дні прабыў у камэры турмы №4 (ізалятар арандаваў у ёй 180 месцаў, бо ў самім не было куды садзіць затрыманых). Як вялі па турме, было жахліва. Канваіры пастаянна крычалі, наганялі страху. Адчуваў сябе тэрарыстам ці забойцам. Але абыходзіліся з намі па-людзку і нават на прагулку вадзілі.

У камэры былі 16 чалавек, усе забраныя падчас зачыстак у горадзе. Мы падтрымлівалі адзін аднаго. Прэпаратаў мне ніхто не прывёз, таму я адчуваў сябе кепска. Стрэсавая сытуацыя адбілася на самаадчуваньні.

Увечары 12 жніўня быў суд у ізалятары. Затрыманых выстраілі каля сьценкі. Заводзілі ў маленькі пакой да судзьдзі. Маю справу разглядала Алена Літвіна зь Ленінскага суду. Я спрабаваў ёй казаць пра адкрытасьць працэсу, права на адваката. Яна адказала, што трэба было з адвакатам ісьці на мітынгі. Упікнуў яе ў тым, што працэс адбываецца, як у 1937 годзе. Даводзіў ёй, што мне патрэбны лекі. Мне тады было дужа кепска. У мяне былі адны лекі, дык судзьдзя пералічыла пігулкі, каб даць мне столькі сутак, колькі іх. Урэшце прысудзіла штраф у 30 базавых велічыняў (810 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Яна прыгразіла: як яшчэ раз пападуся, то папярэдзіць ахову, каб да мяне было асаблівае стаўленьне.

Каля ізалятару часовага ўтрыманьня ў Магілёве

Я быў адзіны ў камэры, каго аштрафавалі. У мяне была кніга, дык хлопцы напісалі ў яе нумары тэлефонаў, каб расказаў родзічам, што зь імі і што варта класьці ў перадачы. Старонкі з запісамі на выхадзе выдралі і выкінулі.

Маім бацькам не паведамілі, дзе я, бо ў дадзеных няправільна пазначылі мае ініцыялы. Бацькі абтэлефанавалі ізалятары ў райцэнтрах, куды затрыманых маглі вывезьці.

Я займаўся тайскім боксам, і бывала, што на занятках білі, але каб не нанесьці шкоды. А як затрымлівалі, дык супраць мяне ўчынілі бессэнсоўны гвалт, бо я ж не супраціўляўся. Цяжка было, калі цкавалі гамафобнымі выказваньнямі. Я не з палахлівых людзей, але тады было страшна, што могуць «прышыць» крыміналку. У турме было лягчэй. За тры дні, праведзеныя ў няволі, гэта было «самае прыемнае» месца“.

„Крычалі, што тварам я падобны да ўкраінца. Адказаў, што я беларус“

Сяргей Міраненка, свабодны мастак, 39 гадоў, Віцебск:

Сяргей Міраненка

„У ноч з 9 на 10 жніўня сядзеў з малым дзіцём. Пасьля выйшаў прайсьціся.

Мяне адразу затрымалі. Падбеглі ззаду, узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Затрымлівалі чалавек шэсьць. Настолькі я небясьпечна выглядаю. Я спытаў прычыну затрыманьня, мне адказалі, што ўсё патлумачаць.

У РАУСе сказалі, што ў мяне на твары напісана, што я экстрэміст, завадатар натоўпу, таму што я выглядаю так, як выглядаю.

А я ўсё жыцьцё хацеў быць не такім, як усе. Ужо некалькі гадоў мяне пазнаюць у Віцебску ў тым ліку па вонкавым выглядзе — я адзіны чалавек у горадзе, які носіць кілт. Вобраз быў дапоўнены доўгімі валасамі.

Мне падабаецца кілт. У ім я адчуваю сябе свабодна. Мне так падабаецца. Я мастак. У мяне свой погляд на сьвет. Сумбурны. Я раблю над сабой лёгкія пэрформансы. Хтосьці мой вобраз успрымае, хтосьці — не. Часта глядзяць як на дзівака. Але мяне гэта не кранае.

Сяргей Міраненка

У аўтазаку зь мяне кпілі. Па дарозе стараліся падняць дубінкай кілт і паглядзець, ці сапраўдны я шатляндзец. Ён цяжкі, важыць амаль два кіляграмы, таму падняць яго дубінкай не ўдалося.

У ізалятары мяне паставілі ў калідоры. Прымусілі распрануцца. Я стаяў каля сьцяны, ногі на шырыні плеч, напаўсагнуты. Крычалі, што тварам я падобны да ўкраінца. Адказаў, што я беларус. Але мяне працягвалі пераконваць, што я ўкраінец. Стаяць было нязручна. Сьпіна ў напрузе, а ў мяне дзьве траўмы хрыбетніка. Мяне пачало трэсьці, бо ў такім становішчы я не магу стаяць больш за пяць хвілін. Мне сказалі, што калі ня так, то паставяць у гэткую позу, у якой я ўвогуле не змагу стаяць.

Сяргей Міраненка

У асобным кабінэце мне задавалі пытаньні пра абставіны затрыманьня. Мне не паверылі. Сказалі, што пры маім выглядзе гэта могуць быць толькі казкі. Таксама міліцыю цікавіла, колькі мне заплацілі, каб я выйшаў на вуліцу.

Кожны імкнуўся мне сказаць, што я вольны шатляндзец, які прыехаў змагацца за свабоду Беларусі. І ўсё, чаго я дабіўся, — гэта арышт.

Далі 10 сутак.

Суд адбыўся толькі са слоў службоўца, якія мяне затрымліваў. Нібыта я ішоў у натоўпе, выкрыкваў лёзунгі і махаў рукамі. Пры гэтым я чалавек апалітычны. Але апраўдвацца бессэнсоўна. Я напісаў, што нязгодны з тым, што мне прад’яўляюць. Адзіная мая віна ў тым, што я быў на вуліцы. І жыву ў цэнтры. Усім, хто згаджаўся з абвінавачаньнем, давалі штрафы. Нязгодным — суткі. Гэта быў маральны ціск. Імкнуліся давесьці, што ўлада пакажа, як сябе трэба паводзіць.

Сяргей Міраненка

Некалькі дзён пасьля суду я правёў у турме.

З ізалятара ў СІЗА нас вывозілі апоўначы. У камэру я зайшоў а шостай раніцы. Ніколі ня думаў, што апынуся ў такім месцы. Што да цябе будзе стаўленьне, як да злачынцы, асуджанага пажыцьцёва.

У турме — рэжым. Пад’ём а шостай, адбой — а дзясятай. Раніцай і ўвечары — абход. Сьвятло гарыць круглыя суткі. Цэлы дзень сядзіш альбо стаіш. Замкнутая прастора, адсутнасьць навін. Некалькі дзён па радыё гучала Біблія. Усё гэта было вельмі складана вытрымаць.

Сяргей Міраненка

Я адседзеў пяць сутак. Празь дзень пасьля вызваленьня састрыг валасы.

Цяпер я лысы. Гэта ўнутраны пратэст супраць таго, што я ўбачыў. У мяне рэзка зьмянілася стаўленьне да людзей, якія, як я думаў раней, павінны нас абараняць“.

„Доктар адразу сказаў, што гэта траўмы крымінальнага характару“

Уладзімер Булаўскі, 31 год, музыка, гісторык, Віцебск:

Уладзімер Булаўскі

„Увечары 9 жніўня пасьля галасаваньня я сустрэўся зь сябрамі ў цэнтры гораду. У мяне на руцэ быў павязаны стужкай бел-чырвона-белы сьцяг. Мы ўжо ведалі, што ў Віцебску ідуць затрыманьні ў раёне плошчы Перамогі. Мы ішлі па Маскоўскім праспэкце ў бок кавярні Zdoba. Я хацеў у прыбіральню, таму прапанаваў сябрам зайсьці ўсярэдзіну. Мы не дайшлі да кавярні літаральна мэтраў 5–6.

Убачылі бусік і аўтазак. Але мы ішлі абсалютна мірна, нічога не выкрыквалі, я не падымаў сьцяга. Да мяне ззаду падбег мужчына ў міліцэйскай форме. Як кажуць сьведкі, гэта быў маёр. Ён не прадставіўся, сказаў, што я затрыманы, і пачаў душыць мяне дубінкай. Ён паваліў мяне на зямлю, працягваў душыць, пераціснуў мне мачавы пузыр каленам. Ад гэтага я абмачыўся.

Ён пачаў крычаць, каб я ўставаў і ішоў. Пры гэтым утрымліваў мяне на зямлі і ўдарыў па твары. Падбеглі ягоныя калегі і ўтрох пачалі зьбіваць мяне дубінкамі. Я казаў, што пайду сам. Ад болю я ішоў марудна, мяне пастаянна штурхалі. У аўтазак пхнулі так, што я моцна ўдарыўся галавой аб сьценку. У камэры аўтазаку, разьлічанай на дваіх, мы сядзелі ўтрох. Не было чым дыхаць.

Пры затрыманьні мне зламалі акуляры. Пакуль маёр іх не адрамантуе, буду хадзіць бяз дужкі. Хай бачаць.

Уладзімер Булаўскі

Пасьля мяне перавялі з аднаго аўтазака ў другі. Некалькі гадзін вазілі па горадзе. У ІЧУ свабодных месцаў не аказалася. Нас павезьлі далей. Куды — ніхто не адказваў. Гэта было падобна да нейкага выкраданьня. Пасьля я даведаўся, што мы былі ў спарткомплексе Дэпартамэнту аховы Першамайскага РАУС.

Нас вывелі з аўтазаку і па адным заводзілі ў спартовую залю. Прымусілі зьняць абутак і шкарпэткі. Усіх паставілі на калені, рукі за галаву. Я сказаў, што ў мяне праблемы з каленам, і мне дазволілі стаць так, як зручна. Унутры былі каля 20 міліцыянтаў у масках. Старшыя па званьні не хавалі сваіх твараў.

Над спартовай заляй быў другі паверх — бальконам. Там стаялі нейкія жанчыны і сьмяяліся з таго, як паводзяць сябе затрыманыя. Нас было 33 чалавекі — хлопцы і адна дзяўчына. Двух хлопцаў пачалі біць, каб застрашыць астатніх. Аднаму зь іх стала дрэнна. Яго забрала «хуткая». У аднаго з мужчын, які быў са мной у аўтазаку, была праблема з прастатай. Яго не выпускалі ў прыбіральню. Проста далі бутэльку. У залі ў яго здарыўся сардэчны прыступ. Пакуль ехала «хуткая», яму не аказвалі дапамогі.

Амаль гадзіну людзей трымалі на каленях. Забаранялі паварочваць галаву, мяняць становішча рук і ног, білі дубінкамі. Пасьля па адным пачалі заводзіць у пакой да супрацоўнікаў. Пратаколаў не складалі. Толькі запісвалі тлумачэньні, пры якіх абставінах затрыманы.

Толькі праз чатыры гадзіны пасьля затрыманьня мне дазволілі зайсьці ў прыбіральню.

Адпусьцілі мяне пасьля трэцяй гадзіны ўначы.

На наступны дзень я пракансультаваўся з праваабаронцамі. Сябар сфатаграфаваў кожную маю траўму. На здымках выставілі дату і час. Я схадзіў у пракуратуру, напісаў заяву, у якой патрабаваў выдаць накіраваньне на судмэдэкспэртызу і прыцягнуць да адказнасьці службоўцаў, якія затрымлівалі мяне без падставы і зьбілі.

Зламаныя акуляры Ўладзімера Булаўскага

У траўмапункце лякарні хуткай мэдычнай дапамогі нэўрахірург і траўматоляг зафіксавалі мае пашкоджаньні, зрабілі рэнтген ступні, РКТ галаўнога мозгу — я перанёс некалькі траўмаў галавы, маю ня вельмі добры дыягназ, з прычыны якога быў вызвалены ад воінскай службы.

У даведцы пазначана: удар правай скроневай вобласьці, кровападцёк твару, мяккай тканкі ў вобласьці левага плечавога сустава, удар левай ступні, пашкоджаньні каленных суставаў.

Доктар адразу сказаў, што гэта траўмы крымінальнага характару. З траўпамункту патэлефанавалі ў міліцыю. Праз гадзіну мне ўжо званілі службоўцы, каб дазнацца, пры якіх абставінах мяне пабілі.

Увечары 10 жніўня мяне затрымалі другі раз, калі я быў на прыпынку недалёка ад плошчы Перамогі. Аўтазак падрэзаў аўтобус, і людзей пачалі «пакаваць». Мяне ня білі. Склалі пратакол, зь якім я не пагадзіўся, і ўначы адпусьцілі“.

„Мне думаецца, што гэтыя людзі зь нейкімі псыхалягічнымі адхіленьнямі“

Уладзімер, 31 год, грамадзянін Расеі:

„Затрымалі ў Магілёве на вуліцы Каралёва (мікрараён Юбілейны) уначы з 11 на 12 жніўня, калі вяртаўся ад сяброў з дня нараджэньня. Я ведаў, што ў цэнтры адбываюцца пратэсты, таму на бяседу ехаў «агародамі». Зразумела, быў нападпітку, але ў меру, бо назаўта трэба было на працу. Мае паводзіны не парушалі грамадзкага парадку і не абражалі мінакоў. Пад’ехаў аўтазак і папрасілі ў яго прайсьці. Тады падумаў, што міліцыя шукае ўдзельнікаў пратэстаў, і мне нічога не пагражае, бо віны за мною няма.

Прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і на выхадзе з аўтазаку пачалі малаціць дручкамі. Білі са сьпіны да калена, двойчы «прыляцела» ў патыліцу. Неяк быў спатыкнуўся, і тады падбеглі падганяць тыя, хто мяне ўжо ўдарыў. Гналі на трэці паверх у актавую залю. На ўваходзе ў яе разгубіўся, і мяне так ударылі нагой, што я ў гэтую залю ўляцеў.

Уладзімер, 31 год, грамадзянін Расеі, зьбіты міліцыяй у Магілёве

Скруцілі «ластаўкай». Начапілі кайданкі на рукі і ногі. Ім не спадабаўся бел-чырвона-белы з арнамэнтам пасак на руце. Яго падарыла мне мая дзяўчына, якая не саромецца выказваць свае погляды і ведае, што і я не цураюся сваёй беларускасьці. Пабачыўшы пасак, зьнялі з валасоў гумку і пачалі ёю мяне душыць. Гэта была хутчэй спроба запалохаць, зламаць маральна. Як хацелі б задушыць, то тыя людзі ўмеюць гэта рабіць. Білі за пасак дручком па сьпіне, сядалішчы. Засталіся сінякі на гэтых месцах. Зьбіваючы, выграблі ўсё з кішэняў. Калі пасак сарвалі з рукі, ня памятаю. Знайшоў яго ў сваіх рэчах.

Мяне пераклініла было, і я сказаў міліцыянтам: «Што вы робіце, чэрці, гэта беззаконьне». Тады адразу ўдарылі нагой па лбе. У нейкі момант удары ўжо ня так балюча адчуваліся. Цяжка было бачыць, як б’юць іншых. Нас наўмысна паклалі на падлогу, каб зьбіцьцё іншых было на вачах. Мне цяжка было зразумець матывы людзей, якія білі. Магчыма, думалі, што я грамадзянін Расеі, мяне могуць дэпартаваць, таму ня буду бараніць сваіх правоў.

Будынак Ленінскага аддзелу міліцыі, Магілёў


Пасьля зьбіцьця нас спусьцілі на першы паверх. Там пакой для агляду і «малпоўні». Я адразу сказаў, што з дня нараджэньня і нападпітку. Мне далі дыхнуць у трубачку. Зафіксавалі 1 праміле алькаголю. Гадзіну мы стаялі ў калідоры на каленях. Кайданкі зь мяне не зьнялі. Ад іх засталіся сьляды на руках. На шыі была і гумка ад валасоў. Калі стаў задыхацца, папрасіў ахоўніка, каб яе зьняў, «калі ён чалавек». Міліцыянт паслухаўся.

Мы правялі ў «малпоўні» ноч. Потым нас ізноў завялі ў залю, дзе білі і паказвалі нашыя рэчы. Адна банкаўская картка зьнікла, а ў дзьвюх былі выдзертыя чыпы. У гаманцы не было візытак, чэкаў з запісамі, а сам ён быў парваны. Грошай было няшмат, але ад іх засталося два рублі дробязьзю.

Судзілі ў ізалятары. Судзьдзя не назвалася. Яна была ў масцы. Разглядалі справу цягам хвіліны. Яе распачалі з паказаньня аднаго апэратыўніка. Ягонае імя таксама не назвалі. Нас асабліва ніхто ня слухаў. Віну ва ўдзеле ў пратэсьце я не прызнаў. Далі 15 сутак. Адседзеў трое і быў «амніставаны». Тым, хто прызнаваў, давалі крыху меней.

Тое, што адбылося ў міліцыі, успрымаю як спробу маральна прынізіць затрыманых. Міліцыянтам проста далі адмашку так рабіць. Іх спэцыяльна гэтаму навучылі. Мне думаецца, што гэтыя людзі зь нейкімі псыхалягічнымі адхіленьнямі, якія для нармальнага чалавека анамальныя, але для дзяржавы ў пэўных мэтах прыдатныя“.

„Нармальны чалавек ня можа так біць“

Мікола Качурэц, 61 год, кіроўца-міжнароднік, Віцебск:

Мікола Качурэц

„9 жніўня, калі я выйшаў з дому, чуў, што машыны гудуць. Веры не было, што людзі выйдуць, але вырашыў прайсьціся, паглядзець. Я ўзяў з сабой бел-чырвона-белы сьцяг.

Бліжэй да плошчы мне сказалі, што АМАП разганяе і «круціць» людзей. Я пачаў расчахляць сьцяг. Падняў. Нас ішло разам чалавек 50–60. Так мы дайшлі да «Брыгантыны».

Каля мяне спыніліся бусы. Амапаўцы беглі да маладзейшых. Я схапіў аднаго за руку, і тады пачалася барацьба. Падбег другі. Мяне скруцілі і зацягнулі ў бус. У бусе было ўражаньне, што мяне забіваюць. Білі кулакамі — у галаву. Удары былі моцныя, бачна, што прафэсійна натрэнаваныя.

Адзін зь сілавікоў схапіў мяне за валасы. Крычаў: «А, ты яшчэ валасаты? Хочаш перамен? Трымай!» Біў моцна. Нармальны чалавек ня можа так біць. Гэта зьверства, фашызм. Ён крычаў і дзьвюма рукамі драў валасы.

На мяне пасьвяцілі ліхтарыкам. У мяне было расьсечана каля вока, носам ішла кроў. Мяне білі надалей. Можа, я крыху блытаюся. Запамінаць не хацелася. Хацелася толькі перажыць гэта. Пасьля мяне выцягнулі за каптур і кінулі ў іншы бус.

Мікола Качурэц

Потым нас доўга вазілі па горадзе. Прывезьлі ў ізалятар. Яшчэ дзьве-тры гадзіны стаялі ў бусе ў двары. Нас не выпускалі ў прыбіральню. Крычалі, як на жывёлу. Толькі а пятай гадзіне раніцай адвялі ў камэру.

За вечаровы шпацыр па горадзе мне прысудзілі 15 сутак. Пяць зь іх я адседзеў у камэрах ізалятару і СІЗА, які віцябляне сталі называць канцлягерам.

Нас разьдзявалі, абшуквалі. Былі зьдзекі, грубы тон, абразы. Да нас ставіліся як да злачынцаў і забойцаў. Усе былі ў масках, бяз бэджаў.

Калі нас прывезьлі ў турму, з аўтазаку я выходзіў апошнім, чуў брэх сабак, стук дубінак па сьпінах. Я быў добра пабіты. Вельмі балелі рэбры. Думаў, што пералом. Мяне штурхалі, бо бегчы ня мог. Быў загад глядзець у падлогу. Мы стаялі ўздоўж сьцяны. Людзей зьбівалі. Я сеў на кукішкі, астатнія стаялі на каленях. Побач стаяў віцебскі бізнэсовец, у яго свая крама. Ён казаў, што ў яго дзьве апэрацыі на нагах, ён ня можа стаць на калені. Яго зьбілі. На ўсе загады прымушалі адказваць: «Так точно!». Інакш — дубінка.

Мікола Качурэц

Мэдычнай дапамогі не аказвалі. У мяне быў інфаркт. Я сяджу на таблетках. Штодня прымаю лекі для зьбіцьця ціску, разрэджваньня крыві, зьніжэньня халестэрыну. Мая сяброўка даведалася, дзе я. Прынесла лекі, але мне іх не перадалі. Я прасіў штодня. Адну таблетку мне далі раніцай на пятыя содні, калі стаўленьне да нас зьмянілася і людзей пачалі адпускаць.

Мяне баяліся вызваляць, бо вочы былі чорныя, а твар увесь сіні і распухлы. Сукамэрнікі сталі прасіць: «Адпусьці дзеда!» Сябры перадалі мне акуляры і маску. Выходзіў на волю з прыхаваным тварам.

Я пайшоў у траўмапункт. Зрабіў рэнтген, тамаграфію. Рэбры цэлыя. Пашкоджаньні вонкавыя. У галаве, сказалі, гематомы няма. Доктар накіраваў вынікі агляду ў пракуратуру. Сьледчы мяне апытаў.

Мікола Качурэц

Першыя дні пасьля вызваленьня лячыўся і сядзеў у інтэрнэце. Плакаў ад таго, што адбываецца. Больш за ўсё я баяўся, калі выйду, даведацца, што ўсе разьбегліся і пахаваліся.

Такой жорсткасьці я ня памятаю. У маладосьці мы біліся, але былі пэўныя прынцыпы. На дзяўчат альбо людзей сталага веку ніхто рукі не падымаў“.

„Я яму крычу, што ў мяне рука зламаная, а ён заломвае яе за сьпіну“

Дзяніс, 16 гадоў, Пінск:

„9 жніўня я вырашыў падтрымаць калёну пінчукоў, якая накіравалася ў бок плошчы Леніна. Я ехаў на ровары разам з гараджанамі. На чыгуначным пераезьдзе пад’ехала міліцыя.

У нейкі момант людзі ў форме і са шчытамі пачалі затрымліваць людзей. Адзін з супрацоўнікаў пабег за іншым хлопцам, але не дагнаў. Наблізіўшыся да мяне, штурхануў мяне шчытом. Я страціў раўнавагу, зьляцеў з ровара і перастаў адчуваць руку.

Дзяніс. Фота Media-Polesye

Я яму крычу, што ў мяне рука зламаная, а ён заломвае яе за сьпіну і вядзе. Я папрасіў: пайду сам. Ён сьціснуў мае рукі яшчэ мацней. Мяне павезьлі ў цір на Кірава, 53. Нас было чалавек 7-8. Рабілася ўсё горш.

На мой стан зьвярнуў увагу лекар Віктар Дунька, якога таксама затрымалі на пераезьдзе. Далі пазваніць бацькам, але «хуткую» так і ня выклікалі.

Каля ўваходу ў аддзяленьне мая маці была ўжо празь некалькі хвілін. Але з той прычыны, што «рэжымны аб’ект», усярэдзіну яе не пусьцілі. Толькі праз гадзіну пасьля затрыманьня мне выклікалі «хуткую». Да таго моманту я ўжо ня мог самастойна дайсьці да аўтамабіля, траціў прытомнасьць.

Фота Media-Polesye

У лякарні я праляжаў 12 дзён. Выявілі закрыты пералом са зрушэньнем. Давялося рабіць апэрацыю. Цяпер у плячы пруткі. Правая рука ня рухаецца, а праз тыдзень у школу.

Яшчэ 11 жніўня мая маці прыходзіла ў ГАУС з заявай. Не прынялі. У пракуратуры памочнік пракурора сказаў, што яны былі абавязаныя гэта зрабіць. 21 жніўня маці падала заяву паўторна. Цяпер зь сям’ёй працуе супрацоўнік Сьледчага камітэту, высьвятляе абставіны здарэньня“.

Media-Polesye

„Адзін прыціснуў каленам галаву да падлогі мікрааўтобуса“

Юры Крывашэй, супрацоўнік МНС, Плешчаніцы:

Юры Крывашэй, супрацоўнік МНС. Фота tut.by

„11 жніўня мы разам з жонкай і чатырохмесячным дзіцём ехалі на сваёй машыне ў краму ў Лагойску. Нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, запатрабавалі выйсьці з машыны і дакумэнты для праверкі. Пакуль дакумэнты зьвяралі з базай дадзеных, у мэтры ад мяне спыніўся мікрааўтобус, адтуль выскачыла некалькі чалавек у чорнай форме без апазнавальных знакаў, у масках і з дубінкамі, заштурхалі мяне ў машыну і павезьлі ў невядомым накірунку. Жонку з дзіцём дадому на сямейным аўто адвёз інспэктар ДАІ. Мяне зьбілі ў машыне і даставілі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі.

Наносілі ўдары дубінкамі па ўсіх частках цела. Адзін прыціснуў каленам галаву да падлогі мікрааўтобуса. Мяне прывезьлі на тэрыторыю Лагойскага РАУС. Мне скруцілі рукі, павялі ў склеп і паклалі на плітку. У такім стане, з рукамі за сьпінай, я праляжаў там каля трох гадзін.

Неўзабаве ў РАУС прыбылі супрацоўнікі Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС, дзе я працаваў, і запатрабавалі падпісаць рапарт аб звальненьні. Мяне азнаёмілі з пратаколам, у якім было сказана, што я адмаўляўся прадʼявіць інспэктару ДАІ дакумэнты, супраціўляўся патрабаваньням прайсьці ў Лагойскі РАУС.

Мне не далі азнаёміцца зь іншымі матэрыяламі справы, не патлумачылі мне мае правы і абавязкі... Забралі шнуркі, рэмень і адправілі ў ІЧУ. Праз двое сутак наўпрост туды прыйшла судзьдзя Лагойскага суду... Я атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Я ня ўдзельнічаў у пратэстных акцыях, але мне вядома, што яны праходзілі ў горадзе.

Юры Крывашэй, супрацоўнік МНС. Фота tut.by

Пазьней у Плешчаніцах абураныя дзеяньнямі ўладаў мясцовыя жыхары выйшлі на плошчу, дзе 14 жніўня зь імі размаўляў начальнік РАУС Сяргей Лосіч. Яны таксама выказвалі сваё абурэньне затрыманьнем мяне і задавалі пытаньні аб яго прычынах. Як потым мне распавядалі, людзі паставілі ўльтыматум: калі мяне ня выпусьцяць, то яны пойдуць зь мітынгам да РАУС — патрабаваць майго вызваленьня. У выніку я выйшаў на свабоду датэрмінова: увечары наступнага дня.

Амаль увесь ізалятар Лагойска быў забіты людзьмі. Нехта выйшаў на мітынг, нехта напісаў у «Вконтакте» заклік прыходзіць на выбары толькі 9 жніўня ўвечары і фатаграфаваць бюлетэні.

Пасьля вызваленьня я напісаў заяву аб зьбіцьці ў Сьледчы камітэт і зафіксаваў атрыманыя траўмы на экспэртызе: сурʼёзныя гематомы на нагах, плячы, руцэ“.

tut.by

„Кожнае пытаньне суправаджалася ўдарам“

Станіслаў Макаранка, 29 гадоў, Магілёў:

Станіслаў Макаранка

„Затрымалі ўначы з 11 на 12 жніўня ў мікрараёне Юбілейны, калі вяртаўся зь дня нараджэньня сябра. У гэтым спальным раёне мітынгаў ды пратэстаў не было. Ён у баку ад цэнтру гораду. На прыпынку чакаў таксоўку, калі спыніўся аўтазак. За ім пад’ехала яшчэ дзьве машыны. Міліцыянтам тлумачыў, што нічога супрацьпраўнага не раблю, паказаў тэлефон з выклікам таксоўкі. Тэлефон забралі, а мяне «пагрузілі» ў аўтазак.

Завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і ўсіх затрыманых адразу пусьцілі праз шыхт супрацоўнікаў, якія сталі адзін ад аднаго за два мэтры. Білі дручкамі па нагах, па сядалішчы, сьпіне. Гналі на трэці паверх у спартовую залю. У ёй працягнулі зьбіваньне. Паклалі на падлогу, крычалі «мордай уніз» і «малацілі» дручкамі. Кожнае пытаньне суправаджалася ўдарам. Выпыталі гвалтам пароль ад тэлефону, а ў ім была падпіска на плятформу «Голас». За яе пачалі біць больш азьвярэла. На лямант ад болю ніякай рэакцыі. Ім было ўсё роўна. Яны нічога ня слухалі. За белыя паскі на руках таксама жорстка білі. У іх была ўстаноўка, за што больш зацята біць.

Ад зьбіваньня засталіся вялікія сінякі на сьпіне, назе і сядалішчы.

Станіслаў Макаранка

Перад тым, як кінуць нас у малпоўню, прымусілі стаяць у калідоры на каленях. У аддзеле прабылі суткі. У мяне забралі ня толькі тэлефон, але і іншыя рэчы. Адразу нічога не апісвалася. Толькі за дзьве гадзіны перад адпраўкай у ізалятар правялі гэтую працэдуру. Таму невядома, дзе рэчы былі цэлыя суткі.

Пры сабе я меў мэдычную кніжку. Зь яе павыдзіралі старонкі з росьпісамі лекараў. Былі яшчэ расейскія грошы, бо я рабіў у Расеі, дык за іх білі дужа. Яны расцанілі, што гэта плата за мітынгі. У гаманцы ляжала 2 тысячы расейскіх рублёў, а ў мэдкніжцы яшчэ пяць тысяч (гэтыя зьніклі).

У ізалятары пратрымалі больш за двое сутак. Там абыходзіліся па-людзку. Там жа судзілі. Але суду, як такога, не было. Судзьдзя, якая не назвалася, запытала, ці прызнаю віну. Тое, што быў нападпітку прызнаў. У нас жа не сухі закон і ў маіх дзеяньнях не было парушэньня грамадзкага парадку. А абвінавачваньне ва ўдзеле ў мітынгу не прызнаў. Мне далі 15 сутак. Тым, хто прызнаваўся, што ўдзельнічаў у пратэсьце, выпісвалі. Розьніца невялікая.

У ізалятары ачуняў ад шоку, супакоіўся. Наагул я стрэсаўстойлівы чалавек, але мадзейшыя хлопцы, дык ім патрэбная была псыхалягічная дапамога. Яны цяжка перажывалі ўсё гэта.

Станіслаў Макаранка

Родзічы даведаліся, дзе я быў, толькі пасьля таго, як мяне выпусьцілі. Мне не далі ім патэлефанаваць. Пабоі не фіксаваў у экспэртаў, а толькі паведаміў пра зьбіваньне праваабаронцам.

Прызнаюся: калі затрымлівалі, не чакаў, што сутыкнуся з гвалтам у міліцыі. Нас жа ні за што забралі. Але мы жывём у такой дзяржаве, дзе за іншадумства перасьледуюць і, як паказалі падзеі пасьля выбараў, перасьлед гэты жорсткі і гвалтоўны“.

„Ня торгайся, бо прастрэлім яйцы!“

Юры Шамшур, журналіст агенцтва ТАСС:

Юры Шамшур

„Ноч. 11 жніўня. Унутраныя войскі прасоўваюцца па вуліцы Прытыцкага ў раёне мэтро «Кунцаўшчына», не атрымліваючы ніякага супраціву з боку нешматлікіх удзельнікаў пратэсту, а агулам кажучы, звычайных разявакаў. «Абаронцы канстытуцыйнага ладу» грымяць дубінкамі па шчытах і бадзёра пераступаюць выцягнутыя на праезную частку бэтонныя тумбы для кветнікаў і сьмецьцевых кантэйнэраў. Скопішча людзей перад імі няма, некалькі чалавек стаяць каля пад’езду, прыкладна за 60 мэтраў ад праезнай часткі. Зь імі — акрэдытаваны МЗС Беларусі, абазначаны надпісам PRESS і акрэдытацыйнай карткай на грудзях карэспандэнт, які асьвятляе падзеі ў краіне. Ваякі рынуліся ў двары, зьмятаючы ўсё на сваім шляху.

— Не чапай прэсу! — крычыць адзін зь пяці сілавікоў, якія набліжаюцца да журналіста.

— Мне по…й! Сука, што ты тут робіш? — крычаць яго саслужыўцы і абрушваюць шквал удараў дубінкамі па галаве і іншых частках цела. У нейкі момант табе сваімі невялікімі рукамі, якія павялічыліся ў аб’ёме ў некалькі разоў, удаецца закрыць галаву.

Празь некалькі хвілін вяртаецца прытомнасьць, калі цябе пад рукі вядуць двое. Просіш зьвярнуць увагу на акрэдытацыю МЗС, патэлефанаваць прэс-сакратару МУС.

— Ня торгайся, бо прастрэлім яйцы! — чуваць рогат. Бравыя «рэбята» закідаюць у аўтазак, там прымае «таварыш прапаршчык», які перакідвае з адной рукі ў другую стрэльбу.

— Сардэчна запрашаем у наш авіяляйнэр, — сьмяецца адзін з ваякаў. — Лысы, на калені! Тварам у падлогу! — патрабуе, зьняўшы акуляры і выключыўшы тэлефон журналіста.

Рука журналіста, пашкоджаная сілавікамі

Побач, утыкнуўшыся ў падлогу, на каленях стаялі двое мужчын. У аднаго з галавы сачылася кроў. Другі — спрабаваў патлумачыць, што трапіў «пад раздачу», калі дабіраўся з тралейбуснага парку пасьля заканчэньня зьмены.

Неўзабаве канвэер хапуна запрацаваў хутчэй. У аўтазак сталі закідаць і зьбіваць мужчын. Дзьвюх дзяўчат не чапалі, але на калені паставілі і іх.

— Сволачы, якіх перамен вы патрабуеце? Чаму, сукі, вам не падабаецца наш прэзыдэнт? Мы не дамо вам, підарасы, разарваць нашу краіну. Чаму мы павінны ночы ня спаць, зьбіраючы вас па вуліцах? — роў на ўсё горла абаронца парадку. Ягоны саслужывец у гэты час «абшчаўся» зь дзяўчатамі, гуляючы з стрэльбай, дэманстраваў яе памер і намякаў пры гэтым на свае мужчынскія здольнасьці.

— Лысы, што ў цябе боўтаецца на шыі? — спытаў ён у карэспандэнта. — Акрэдытацыя МЗС — адказаў журналіст. — А што такое МЗС? — спытаўся таварыш прапаршчык.

Хвілін праз 40 пачалася перагрузка ў амонаўскі аўтазак. Затрыманых па чарзе падводзілі да дзьвярэй машыны.

— Дзякуй, што скарысталіся нашымі авіялініямі. Надвор’е за бортам х…е, — праводзіў затрыманых бравы салдат ударамі дубінкі.

Журналіста гэтая доля прамінула. З амонаўскага аўтазаку чуваць былі ўдары і крыкі.

— Стой побач, пагрузім гэтых свалачэй, потым пойдзеш ты, — сказаў амонавец. У гэты момант падышлі два амонаўцы зь іншай брыгады:

— Прэса, якога… ты тут робіш? — спыталіся яны. Стала зразумела, што трэба нясьпешна сыходзіць. Праз тры-чатыры хвіліны журналіста прытуліў адзін зь цёмных двароў Каменнай Горкі“.

„Ты жывеш — і раптам трапляеш у кіно пра канцлягер“

Максім Жукаў, 45 гадоў, прадпрымальнік, Віцебск:

Максім Жукаў

„Мяне затрымалі ўвечары 9 жніўня каля выбарчага ўчастку. Мы зь сябрамі прыйшлі ўбачыць вынікі галасаваньня. Каля 40-й школы ў Першамайскім раёне Віцебску былі ня больш за пятнаццаць чалавек. Міліцыя і АМАП, якія зьявіліся неўзабаве, назвалі дзеяньні віцяблян несанкцыянаваным мітынгам і прасілі разысьціся.

Я пачаў гэта здымаць. Праз хвіліну мяне схапілі пад рукі, пасадзілі ў «бобік» і павезьлі ў ізалятар. У камэру адвялі пасьля поўначы. Акрамя мяне, там былі яшчэ сем чалавек.

У ІЧУ амаль усе камэры, як лазьня. У кожным куце ад вільгаці чорная цьвіль. Унітаз стаіць проста ў камэры, безь перагародак. У некаторых людзей забіралі абутак. Яны заставаліся босыя. Бялізны не было. Мы ляжалі на мэталічных пласьцінах. На 20 хвілін задрэмлеш, пасьля пачынае ўсё балець. Затое дазвалялі ляжаць удзень — можна было разьдзецца і хаця б майку пад галаву падкласьці.

Максім Жукаў

На другую ноч затрыманых павезьлі ў аўтазаку ў СІЗА — як сказалі міліцыянты, на «бясплатную экскурсію».

На надглядзе нам загадалі разьдзецца дагала і прымусілі прысядаць. Пасьля разьмеркавалі па камэрах. Выдалі матрацы. Мы некалькі гадзін змаглі паспаць. А шостай — пад’ём разам з гімнам. Пасьцель скруцілі, вынесьлі — і можна альбо сядзець на ложках з жалезнымі пруткамі, альбо стаяць. Кожныя 15 хвілін робіць заўвагі наглядчык.

«Што, паглядзелі, што вас тут чакае, каз***? Жывёлы, будзеце на плошчу хадзіць!» — мат і абразы ў наш бок ішлі бесьперапынным фонам.

Закрыты суд прайшоў днём у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле часткі 1 артыкулу 23.34 — за парушэньне заканадаўства ў арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў далі 15 сутак. Адбываць тэрмін зноў павезьлі ў СІЗА.

Максім Жукаў

Другі раз нас больш жорстка прымалі. У два шэрагі стаяць «пясочнікі» з аўтаматамі, у масках. Бляшаны ангар. Сабакі. Ноч. Выбягаем па адным. Паўсагнуты, вочы долу. Усіх да сьцяны. Цябе штурхаюць, але так, каб не заставалася сьлядоў. Найперш гэта калечыць маральна. Ты жывеш — і тут трапляеш у кіно пра канцлягер. Сюррэалізм нейкі. Людзі ў шокавым стане. Ты нічога не разумееш.

Пасьля бяжыш у бэтонны бокс, адтуль — на надгляд. Зноў разьдзявацца, прысядаць — пад пагрозы, што самае страшнае наперадзе. Бо ўказаньне зьверху было.

Я ня еў амаль чацьвёра сутак. Ім усё роўна, а мне больш для маральнай падтрымкі. Таксама ратаваў гумар, праўда, чорны.

У СІЗА было страшна. Ты ў закрытай прасторы, сярод узброеных людзей, з натрэнаванымі сабакамі. Яны могуць рабіць з табой усё, што захочуць. І ніхто пра гэта не даведаецца. Нам казалі: хутка зьбірайце пасьцель, інакш сабак спусьцім вам у камэру, будзеце скакаць пад столь. І яны маглі гэта зрабіць. І звонку ніхто б не дазнаўся.

Але нам пашанцавала. У параўнаньні зь Менскам у нас быў «пяцізоркавы курорт». Нягледзячы на маральны ціск.

На пятыя суткі стаўленьне да затрыманых зьмянілася. А ўвечары людзей адпускалі міліцыянты «з дрыготкімі рукамі». Я адседзеў пяць дзён зь пятнаццаці. Утрыманьне за кратамі абыдзецца прыблізна ў 70 рублёў“.

З гісторыі Мікіты Крыўцова, цела якога знайшлі на 10-ы дзень пасьля пратэстаў

Алена Крыўцова, жонка Мікіты:

„23 жніўня я падала ў Сьледчы камітэт заяву на завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці мужа: ня веру, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.

Мікіта Крыўцоў

Ён быў вельмі жывы, любіў жыцьцё і па-чалавечы ня быў такім дужым, каб сябе забіць. Яшчэ ён меў вялікі пляны на далейшае жыцьцё, не зьбіраўся яго заканчваць. Гэта зусім на яго не падобна, што ён засіліўся. Гэта ня ён так зрабіў.

Гады два ў нас ужо праблемы ў шлюбе, мы сапраўды абмяркоўвалі будучы развод, але гэта не было для яго стрэсам, мы спакойна пра гэта гаварылі. Мы думалі, што недзе пасьля верасьня падамо заяву, але пэўнай даты не прызначалі. Мікіта працаваў, працягваў захапляцца футболам — жыў паўнавартасным жыцьцём. Пра такі канец ён дакладна ня думаў і мне не казаў.

Да нядаўняга часу я ня ведала, ці ўдзельнічаў ён у акцыях пратэсту. А калі сёньня пабачыла відэа, дзе ён стаіць перад шэрагам АМАПу зь бел-чырвона-белым сьцягам, думаю, што такое бывала і раней.

Ён актыўны, баявы, не баіцца паказаць свае погляды. Гэта так.

Ня ведаю, ці знайду сілы на апазнаньне. Будзе бацька ягоны, гэта дакладна. Нам сказалі, што яшчэ ідзе анатамаваньне, таму нельга пабачыць цела. У выніку пакуль яго ніхто ня бачыў. Ані я, ані бацькі — не паказалі. Мяне апыталі. Магчыма, паведамяць заўтра, дзе і калі будзе апазнаньне“.

Пра апазнаньне Алена Крыўцова казала 23 жніўня. А 24-га адвакат паведаміў, што апазнаньня ня будзе.

25 жніўня бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасьці незалежнага судова-мэдычнага экспэрта і адваката агледзеў цела сына ў моргу.

Адвакат Віктар Мацкевіч:

„Паводле нашага экспэрта, трэба дачакацца вынікаў дасьледаваньняў, найперш гісталягічных. Цела за гэты час моцна зьмянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець. Экспэрт сказаў, што адбыліся выразныя гніласныя зьмены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці“.

Хто такі Мікіта Крыўцоў

28-гадовы фанат футбольнай каманды «Маладэчна» Мікіта Крыўцоў зьнік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў задушыўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было.

„Самы запамінальны ўдар — нагой у вока“

Елісей Федзін, 19 гадоў, Магілёў:

Елісей Федзін

„Арыштавалі нас 12 жніўня далёка ад цэнтру гораду — у двары школы №9. За мною, відаць, сачылі, бо лічылі арганізатарам пратэстаў. У гэты дзень у тэлеграм-чаце я прапанаваў гараджанам сабрацца ў «ланцуг салідарнасьці» каля гандлёвага цэнтру «Арбат», які ў Кастрычніцкім раёне, і каля цэнтральнага ўнівэрмагу ў Ленінскім раёне. Каля «Арбата» сабралася блізу 500 чалавек, а каля ўнівэрмагу нічога не адбылося, бо мяне затрымалі.

На школьным двары сустрэўся з двума хлопцамі. Калі падыходзілі ўжо да выхаду, каля нас спыніліся чатыры шэрыя машыны, выскачылі амапаўцы і людзі ў цывільным. Мы наўцёкі...

Падсечкай зьбілі з ног. Я спрабую ўстаць, але мне «прылятае» кулак у вока. Падаю. На мяне чапляюць кайданкі і дабіваюць. Білі нагамі па грудзіне, нагах і самы запамінальны ўдар — нагой у вока. Я ня мог рухацца, ніякага супраціву не чыніў. Пасадзілі ў машыну. Двух хлопцаў павезьлі ў райаддзел міліцыі, а мяне, «галоўнага», вырашылі ў абласное ўпраўленьне.

Побач сядзеў амапавец. Мае рукі былі за сьпінай, а ягоная рука на маёй шыі, і ён неяк дзіўна пагладжваў мне яе ды выгаворваў: «Лепей бы пайшоў у войска, адслужыў, працаваў, быў нармальным чалавекам, а то як дурань бегаеш па мітынгах». Падсеўшы сьпераду, мужчына ў цывільным адразу пачаў біць кулаком па галаве ды выпытваць: «Хто яшчэ меўся прыйсьці? Выдавай усе кантакты…»

Пакуль ехалі ва ўпраўленьне, я пытаў, навошта яны нас б’юць, бо з нашага боку няма гвалту і мы хочам вырашыць усё мірна. У адказ мне прыгразілі, што паглядзяць, ці біць яшчэ. «Як усё раскажаш, то будзе ўсё добра», — казалі яны.

Елісей Федзін

Ва ўпраўленьні вялі, нахіліўшы галаву ў падлогу. Зьнялі кайданкі і пачалі допыт. Выпытвалі, колькі мне заплацілі ды зь якой краіны. Я тлумачыў, што людзі выходзяць добраахвотна і яны мусяць гэта бачыць. Яны былі нібыта з прамытымі мазгамі. Крычалі: «Што табе не падабаецца ў краіне? Што ты хочаш зьмяніць у 19 гадоў?». Я адказаў, што мне не падабаецца дзейная ўлада.

Супакоіўшыся, далі анучку, каб выцер кроў. Былі яшчэ пытаньні, але я ня мог нармальна адказваць, бо стаў задыхацца, пачалася міжрэберная нэўралгія ад удараў у грудзіну. Яны спалохаліся. Выклікалі дзяжурную хуткую дапамогу, якая месьціцца каля ўпраўленьня. Мэдыкі сказалі, што мяне трэба экстрана шпіталізаваць, і прапанавалі выклікаць транспарт. Міліцыянты заявілі, што самі завязуць.

Дарогаю гразілі, каб не казаў пра зьбіваньне і ня траціў прытомнасьць. Мой стан быў блізкі да гэтага. У прыёмным пакоі лекарка запытала, што здарылася. Я адказаў: «З турніка ўпаў». Яна зразумела, што мяне пабіла міліцыя, бо за мною сталі двое мужчын, якія прызналіся, што міліцыянты.

У асобным кабінэце я сказаў праўду. Патэлефанаваў маці. Мяне шпіталізавалі. Праз дзьве гадзіны прыйшоў супрацоўнік Сьледчага камітэту і сказаў пісаць заяву на тых, хто мяне біў, бо яму «аформілі крымінальную траўму» ды ў картачцы пазначылі «зьбіты супрацоўнікамі міліцыі». Я напісаў заяву пра зьбіцьцё і на крадзеж мабільнага тэлефона.

Праз кароткі час зноў прышоў сьледчы з супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Яны прынесьлі мабільны тэлефон. Міліцыянт заявіў, што я сяду на тры гады за абгаворы, бо я абяцаў нікому не расказваць пра зьбіваньне. «Ты паляжы ў бальнічцы, адпачні, а я цябе потым знайду», — казаў ён. Мяне гэта напалохала. Прызнаюся, што не хачу сядзець у турме за праўду і адстойваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Да мяне больш ніхто не прыходзіў. Дні праз чатыры мне патэлефанавалі зь Ленінскага аддзелу міліцыі, запыталі, ці хацеў я арганізаваць акцыю, перакрыць транспартны рух. Адказаў, што не. Яны заявілі, калі будзе даказаная віна, то мяне пакараюць за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Больш не турбавалі.

Мэдыкі дыягнаставалі пералом рашэцістай косьці, кантузію лёгкай ступені, выцятыя грудзіну ды галёнку правай наги, разрыў ніжняга павека левага вока.

У мяне адна маці, і яна перажывае, але са мною такіх жа думак. Мы не задаволеныя тым, што адбываецца ў краіне. Мушу адзначыць, што ў Магілёве ўсе пратэсты праходзілі мірна, без сутычак зь міліцыяй. Я прыхільнік такіх акцыяў“.

„Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць даляры“

Ігар Крупскі, затрыманы 9 жніўня:

Ігар Крупскі

„Я быў незалежным назіральнікам на 83-м участку Маскоўскага раёну Менску. Дырэктарка 181-й школы выклікала міліцыю.

Мяне ўзялі пад рукі і павялі ў аўтобус. Абражалі, білі. Потым перасадзілі ў аўтазак. Быў адзін малады амапавец вельмі нізкага росту зь нежывым позіркам. Схапіў мяне за горла і спрабаваў душыць, убачыў белую стужку, закрычаў, маўляў, «ты вырадак ціханоўскі». Пры перасадцы з аўтазака ў аўтазак білі дубінкамі або ў жывот.

На Акрэсьціна нас сустракала калёна амапаўцаў, зьбівалі дубінкамі. Ужо было незразумела, хто біў, куды біў. Я адчуваў удары і разумеў, што трэба бегчы наперад, каб ня ўпасьці. Тых, хто падаў, наагул дабівалі.

Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць даляры. Казалі: «Вось ваша Ціханоўская ўжо зваліла, а вы, лохі, тут, а на вуліцах ужо ўсё ціха». Ім у кайф, калі ты крычыш, просіш прабачэньня. Мне нанесьлі дзесьці 15 удараў. Я ног не адчуваў.

Ігар Крупскі

Амапаўцы баяліся нас перавозіць у Жодзіна. Разумелі, што ўсякае можа адбыцца. У Жодзіне мне прыляцела некалькі ўдараў у грудзі, па галаве, у жывот. Потым нас загналі ў прагулачную. Я стаяў і ня мог дыхаць. Першую ноч мог спаць толькі на баку і абаранкам. Задыхаўся. Дактароў не даклічасься…

У Жодзіне нас палохалі «маскамі». Гэта калі ў камэру залятаюць людзі ў масках і пачынаюць безупынна біць. Таму ніхто не хацеў залазіць на другі паверх, усе баяліся, што пачнуць сьцягваць з другога паверху, а там мэталічныя абадкі. Але гэта ўсё было запалохваньне“.

Эўрарадыё

„9 жніўня ў 17:30 на выбарчы ўчастак прыехаў АМАП. Сказалі: «Пройдемте»“

Юлія Галіеўская, дызайнэр, назіральніца на выбарах на ўчастку ў менскай школе № 205:

Юлія Галіеўская. Фота people.onliner.by

„9 жніўня ў 17:30 на ўчастак прыехаў АМАП. Прыехалі 20 чалавек, узялі за плячо, сказалі: «Пройдемте». Мяне заштурхалі ў аўтобус да 10 амонаўцаў, і мы прыехалі у ІЧУ на Акрэсьціна.

За што канкрэтна затрымалі, не патлумачылі, не назваліся. У чатырохмясцовай камэры я сядзела разам з 35 сукамэрніцамі.

Там не было паветра, кожны сантымэтар быў заняты. Мы прасілі нас расфармаваць неяк. На гэта адчыняліся дзьверы — і вылівалі вядро вады проста на нас. Нас не кармілі, ніякіх перадач не дазвалялі, ні мэдыкамэнтаў, нічога. Нават банальна не было пракладак.

Увесь час прыніжалі, мацярыліся і раўлі: «Чаго вы дома не сядзелі, чаго катлеты ня смажылі». Па начах мы чулі, як хлопцаў выводзілі з камэраў. Чулі, як іх б’юць, як яны крычаць. А потым, калі нас выводзілі на пастраеньне, я бачыла на сьценах у калідоры кроў.

Юлія Галіеўская. Фота people.onliner.by

У мяне было два суды ад розных раёнаў гораду. Чаму так, я ня ведаю. Прычым усе суды былі ў СІЗА. Яны праходзілі зусім ня так, як у звычайным жыцьці. Мяне выклікалі ў кабінэт. У кабінэце была судзьдзя. Яна спытала: «Вы давяраеце суду?» — «Так, давяраю». Спыталася, што я рабіла 9-га ўвечары. Запісала паказаньні. Потым: «Чакайце рашэньня».

Рашэньне агучыў у камэры зусім іншы чалавек — мужчына ў цывільным адзеньні. Усім далі па 15 сутак. Потым быў другі суд. У пратаколе было напісана, што мяне схапілі ў 22:00 на праспэкце Пераможцаў за тое, што я крычала «Жыве Беларусь» і іншыя лёзунгі.

Я не пагадзілася з пратаколам, і гэты суд мне даў 4 сутак. Многія слухалі рашэньне суду, стоячы тварам да сьцяны і ня маючы магчымасьці увогуле нешта сказаць судзьдзям.

Мяне перавялі ў Жодзінскую турму. Там пасьля Акрэсьціна ўмовы былі лепшыя: 13 чалавек у камэры на 2 ложкі.

Юлія Галіеўская. Фота people.onliner.by

У Жодзіне не было ніякай інфармацыі, не было ніякіх дакумэнтаў на людзей увогуле. Таму я пераседзела дзень, бо не маглі разабрацца з дакумэнтамі пра мяне.

Перажыць гэта вельмі цяжка. На Акрэсьціна было проста пекла. Я пакутую ад панічных атак, прымаю таблеткі ад гэтага. Прасіла мэдычнай дапамогі, мне далі нашатыр. Жанчыны прасілі інсулін — ім адмаўлялі. Была проста думка выжыць, перажыць і ня ўпасьці ў адчай. Мы стараліся падтрымліваць адно аднога, каб проста ня ўпасьці духам“.

people.onliner.by

„Перада мной у машыне разьбілі шыбу і выцягнулі чалавека, затым тое самае здарылася і са мной“

Аляксей Шчытнікаў, 47 гадоў:

Аляксей Шчытнікаў. Фота people.onliner.by

„Мяне затрымалі 12 жніўня на праспэкце Дзяржынскага. Перада мной у машыне разьбілі шыбу і выцягнулі чалавека, затым тое самае здарылася і са мной.

Мяне затрымліваў АМАП. Я нават падумаў, што ён не беларускі, чуў, што, маўляў, давай «гасьцей» адпраўляць.

У аўтазаку мяне білі ўсю дарогу. Білі моцна. Яны дзяцей гэтых проста ламалі. 13-га мы прыбылі з Маскоўскага РУУС сюды. На вуліцы практычна былі да вечара. Спачатку на локцях, ракам стаялі. Як параненыя і з траўмамі, так і астатнія. Не давалі хадзіць у туалет, а папіць далі толькі праз суткі. Потым нас усіх паклалі тварам у падлогу ў актавай залі; пасьля саджалі так, што дранцьвела шыя. Пасьля чаго мы ноч правялі ў «стакане» — гэта маленькая камэра, у якой не было як дыхаць.

Аляксей Шчытнікаў. Фота people.onliner.by

Перад тым, як выйсьці, я падпісаў «папярэджаньне» пра масавыя беспарадкі. Гэта значыць, што вы, кшталту, на алоўку, калі будзеце ўдзельнічаць, то наступны раз атрымаеце максымум“.

people.onliner.by

„Амапавец «жартаваў», маўляў, давайце кінем у аўтазак гранату і зачынім дзьверы“

Вячаслаў Пятроў:

„Уначы на 11 жніўня я ішоў ва ўнівэрсам «Рыга» і ўбачыў барыкады. Сілавікі хапалі ўсіх запар, валілі на зямлю, зьвязвалі рукі плястыкавымі хамутамі.

У нашым аўтазаку было чалавек трыццаць, укладзеныя ў чатыры пласты. Яны залазілі наверх, тапталіся, садзіліся зьверху, каб ніхто ня змог падняцца. Я падняў галаву, каб паглядзець, — пабілі. Адзін зь сілавікоў пажартаваў, маўляў, давайце туды кінем гранату і зачынім дзьверы — няхай ведаюць…

Вячаслаў Пятроў

Зьнізу людзі пачалі задыхацца, прасілі, каб іх адтуль дасталі, далі паветра. За гэта верхніх зноў сталі біць. Сказалі перадаць ніжнім, каб больш нічога не прасілі. Я ляжаў трохі на баку, мне далі па рэбрах. Пакуль даехалі, усё адзеньне прамачылася ў крыві.

Вячаслаў Пятроў

У ІЧУ на Акрэсьціна мяне ўсю ноч пратрымалі тварам у траву. Быў вобшук. У мяне выпаў тэлефон і ляжаў побач. Амапавец пачаў крычаць, што я здымаю відэа. Мяне пабілі і паабяцалі засунуць у штаны пэтарду. На маіх вачах хлопцу з доўгімі валасамі тры разы абрэзалі валасы. Крычалі на яго: «Ты патлаты!», білі. Іншаземцу крычалі: «Ты, чарнаж...пы, прыехаў у нашу краіну. Вось табе свабода!» Таксама білі. Я два разы атрымаў у рабрыну, разы тры-чатыры — па сьпіне.

Потым сьледчы патрабаваў ад мяне назваць прозьвішчы тых, хто плаціць. Казаў, што мы адказваем па сцэнары. Абяцаў 12 гадоў пакараньня паводле крымінальнага артыкулу“.

«​Эўрарадыё»​

„Мы дамовіліся маўчаць, каб усім хапала паветра“

Яна, творчы работнік:

Яна. Фота people.onliner.by

„9 жніўня каля 21:00 мы стаялі на скрыжаваньні Машэрава і Незалежнасьці. «Грэбень» АМАПу прайшоў міма нас, бо асноўная масоўка была каля Палаца спорту. Потым яны рушылі назад і затрымалі майго знаёмага. Я пайшла за АМАПам. Мне крычалі: «Ідзі адсюль!», але я вырашыла, што нікуды не пайду. Тады мне адчынілі дзьверы і я зайшла ў аўтазак. Мужчыны, якія там былі, сустрэлі маё зьяўленьне воплескамі.

Аўтазак быў цалкам забіты. Як і ўсіх астатніх затрыманых, мяне адвезьлі на Акрэсьціна ў аўтазаку, падзеленым на маленькія камэры — «стаканы». Ужо на Акрэсьціна я сядзела спачатку ў чатырохмясцовай камэры з 19 дзяўчатамі, а потым у 6-мясцовай з 50 сукамэрніцамі. Суд у мяне быў, як і ва ўсіх, — у СІЗА. Я не згадзілася з тым, што было напісана, і атрымала 4 сутак.

Яна. Фота people.onliner.by

З намі сядзелі выкладчыца ангельскай мовы, мама пяцярых дзяцей, дызайнэрка. Затрымлівалі ўсіх па-рознаму. Напрыклад, да нас трапіла дзяўчына, якая прыехала чакаць сябра каля Акрэсьціна.

Нас не кармілі, вада для піцьця была з-пад крана. Піць яе немагчыма. Суткі мы трывалі, а пасьля пачалі піць. Спалі мы як маглі. Па чатыры дзяўчыны сядзелі на ложках і наверсе. Нехта пад сталом, нехта на тумбачцы, хтосьці — у тумбачцы ці пад нарамі. Апошняй ноччу перад ад’ездам у Жодзіна, у аўторак, нам кожную гадзіну грукалі ў дзьверы. Абавязкова трэба было ўсім устаць і пашыхтавацца.

Яна. Фота people.onliner.by

Паветра не хапала. Мы дамовіліся маўчаць, каб усім хапала паветра. Калі адчынялі «кармушку», станавілася крыху лягчэй. Але яе зачынялі, калі мужчын выводзілі біць. Мужчын выводзілі ў асноўным уночы, каб ніхто ня чуў. Але чуваць было ўсё выдатна, як і падтрымка людзей за мурам.

Супрацоўніцы жодзінскай турмы, калі пачулі нашы гісторыі, яны плакалі. Там нас пакармілі першы раз за тры дні.

У чацьвер уночы мяне адпусьцілі, я шукала рэчы. Нам сказалі, што хто прыехаў з «Асьвенціма», таго рэчаў тут няма. У нас тут няма ніякіх чалавечых правоў. Адчуваньне, што яны тут могуць рабіць усё. На трэці дзень у мяне здарылася гістэрыка. Мне стала здавацца, што я застануся тут назаўжды.

Фота people.onliner.by

Дарэчы, мала хто ведае, што яшчэ давядзецца заплаціць за ежу 13,5 рубля за кожны дзень. Столькі мне налічылі ў ІЧУ гораду Жодзіна“.

people.onliner.by

„Ксенія Ўрублеўская зь Ленінскага суду дала мне 9 сутак“

Давід Гавейновіч, 24 гады, Магілёў:

„9 жніўня ўвечары вяртаўся з працы зь дзяўчынаю па пешаходнай вуліцы. Сустрэтыя амапаўцы параілі ісьці адтуль, бо далей, казалі яны, «людзей забіраюць». Збочылі ў адзін з двароў, каб прайсьці на прыпынак. Раптам пачулі воклічы: «Жыве Беларусь!» — і празь нейкі час на нас выскачылі зь дзясятак экіпіяваных міліцыянтаў без апазнавальных знакаў, у шаломах. Мы кінуліся наўцёкі. Яны за намі. Бегучы, крычалі «Падлюга», «Хадзі сюды, жывёла», «Чаму крычаў?».

Давід Гавейновіч

Мяне дагналі. Білі на вачах у маёй дзяўчыны. Яна потым расказала, як тое адбывалася. Я запомніў толькі, як заламалі рукі, павалілі, выцялі дручком па носе ды пайшла кроў (дагэтуль шорты ў крыві ляжаць). А затым па галаве. Са словаў дзяўчыны, потым білі нагамі па рэбрах, бо я прыкрываў галаву. Пабіўшы, паставілі на ногі.

Завялі ў аўтазак і кінулі спачатку ў аднамясцовую камэру. Але, паколькі ў мяне прыроджаны парок сэрца і была апэрацыя, то мне стала блага. Пачаў грукаць у дзьверы і патрабаваць, каб мяне адпусьцілі. Перасадзілі ў іншую камэру, на пяцёх. Пры гэтым сказалі, каб я не прыдурваўся.

Аўтазак напоўнілі хлопцамі і дзяўчатамі і прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там мне стала яшчэ горш. Адняліся рукі, іх наагул не адчуваў, ня мог нават паварушыць. Мне далі нейкую пігулку, ад якой стала лягчэй.

Затрыманых сабралі ў спартовай залі. Забралі тэлефоны і праглядалі іх. У маім разьбілі камэру, каб не здымаў. Калі ўладальнік быў падпісаны на «Нехта», «Белсат», «Голас», то пакідалі ў аддзеле. У каго такіх падпісак не было, адпускалі. Я быў падпісаны на ўсё. Адпраўляў бюлетэнь за Ціханоўскую. Да 7 раніцы наступнага дня нас пратрымалі ў «малпоўні». Пасадзілі ў аўтазакі, каб весьці ў ізалятар, але пратрымалі ў іх яшчэ гадзіны тры.

У самім ізалятары мы правялі таксама гадзіны тры. Нам не давалі тэлефанаваць родным. Рэчы ўсе забралі. Потым зноў завялі ў аўтазак і завезьлі ў турму №4. Для нас у ёй вызвалілі цэлы паверх. У турэмнікаў стаўленьне да нас было нармальным.

У ізалятары я казаў аб праблемах з сэрцам (стаіць штучны кляпан). Мне давалі толькі валідол (пэрыядычна яго сам прымаю, і мне дапамагае), і ўсё. Са мною сядзеў хлопец-астматык. Яму двойчы давалі пігулкі, і ён хадзіў трое сутак з чырвоным тварам. Яму прысудзілі 30 базавых і выпусьцілі.

На трэція суткі ў мяне быў суд. Нас усіх паставілі ў калідоры тварам да сьцяны. З кабінэта судзьдзі выходзіў нейкі начальнік і казаў: хто прызнае віну, таму даюць 6 ці 7 сутак, а калі не, то 15.

Судзіла мяне судзьдзя Ленінскага суду Ксенія Ўрублеўская. Віны я не прызнаў. Тлумачыў, як мяне затрымлівалі. Сказаў, што ішоў з працы зь дзяўчынаю і мяне пабілі. На маю заяву пра сэрца суд не зьвярнуў увагі. Мне далі 9 сутак. На пятыя суткі ўсіх адпусьцілі.

Я ўжо абскардзіў пастанову судзьдзі Ўрублеўскай і напісаў скаргу ў Сьледчы камітэт наконт зьбіваньня і пашкоджаньня тэлефона. Пабоі зьняць не пасьпеў, але сфатаграфаваў іх. Пашкоджаньні былі на локці, калені, носе, бачыне. На рэбрах, пакуль сядзеў, сінякі сышлі.

Сама сытуацыя, у якой я пабываў, жахлівая. Міліцыя павінна берагчы нас. Яны створаныя, каб бараніць простых грамадзян. Але тое, што яны тварылі, гэта як іх з ланцуга спусьцілі. Калі мяне выпусьцілі, я пабачыў, што рабілі на Акрэсьціна. Гэта жахліва, і так не павінна быць“.

„Моцна зьбілі і маёй рукой паставілі нейкі кручок на пратаколе“

Аляксандар Лук’янскі, 26 гадоў. 11 жніўня вяртаўся дадому з працы на таксі:

Аляксандар Лук'янскі. Фота Spring96.org

„Сеў у машыну, і мы пачалі ехаць, праехалі хвілін 15-20 і трапілі ў паток машын, якія сыгналілі. Нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, кіроўца выйшаў для праверкі дакумэнтаў. Мне таксама сказалі выходзіць з машыны. Я спытаў, якая прычына, і зачыніў дзверы.

Супрацоўнікі міліцыі паміж сабой гаварылі па рацыі, камусьці нешта паведамлялі, а празь некалькі хвілін да машыны, дзе я сядзеў, падбеглі чатыры амапаўцы, адчынілі дзьверы сілай і дасталі мяне з машыны.

Мяне пачалі жорстка біць. Білі па галаве, я страціў прытомнасць. Тое, што адбывалася, памятаю эпізодамі. Потым разумею, што мяне цягнуць за рукі, ногі, а калені мае валакуцца па зямлі. І пасьля закінулі ў аўтазак.

У аўтазаку я прабыў некалькі гадзін, туды зноў і зноў закідвалі затрыманых. У нейкі момант дзверы ў «стакан», дзе я знаходзіўся, зноў адчыніліся.

Я падумаў, можа выпускаюць, таму што аўтазак стаяў на месцы і нікуды не ад'яжджаў. Але мяне сталі зноў біць, сказалі: «Гэта табе дабаўка!» Я прыкрываўся, як мог, але ўсё роўна моцна пабілі.

Яшчэ праз гадзіну ці дзьве, калі аўтазак цалкам запоўнілі затрыманымі, спэцтранспарт паехаў у Першамайскі РУУС.

Аляксандар Лук'янскі. Фота Spring96.org

Мяне завялі наверх у кабінет і прымусілі падпісваць пратакол аб удзеле ў акцыі. Натуральна, я яго падпісваць ня стаў. Тады мяне сталі за гэта жорстка біць, а потым узялі маёй рукой і паставілі нейкі кручок на пратаколе. Потым яшчэ білі і сказалі: «Адводзьце гэта г...но адсюль». Мяне павялі, я не разумеў, куды вядуць, думаў, можа назад у камэру, але мяне адвялі ў спартовую залю. У спартзалі знаходзіліся каля 30 чалавек, усе стаялі на каленях, рукі трымалі за галавой. Мне таксама сказалі прыняць такую позу. Мы стаялі так дзесьці з гадзіны-дзвюх ночы да трох гадзін наступнага дня. Давалі адпачыць — легчы на жывот. Але тым, хто перагаворваўся ці спрабаваў глядзець — супрацоўнік у цывільным аддзеньні падыходзіў і біў з нагі пад жывот, абзываў затрыманых матнымі словамі.

У спартзалі былі міліцыянты ў масках і балаклавах і ў форме. Яны хадзілі пастаянна з дубінкамі. Спачатку затрыманым не давалі ні вады, ні ў прыбіральню схадзіць. Дазволілі зрабіць гэта толькі каля 15 гадзін 12 жніўня, калі па затрыманых падагналі аўтазак.

Называлі прозвішчы, мы забралі рэчы — мой тэлефон быў разьбіты. Нас адвезлі на Акрэсьціна ў ЦІП, «выгрузілі», сказалі нікуды не глядзець, тварам у падлогу, рукі за галаву, паставілі на калені на траву на тэрыторыі ЦІП.

Былі чуваць крыкі жаху і болю затрыманых, якія знаходзіліся ў будынку, і іх жорстка білі. Крыкі былі такія гучныя, што станавілася жудасна і страшна: ты ведаеш, што цябе туды павядуць і ты можаш адтуль выйсьці інвалідам; магчыма, цябе нават вынесуць зь цяжкімі траўмамі і ты памрэш. Думкі былі розныя.

У двары ЦІП затрыманых трымалі каля пяці гадзін. Калі прыяжджаў нейкі начальнік, то людзей білі яшчэ больш жорстка, бо трэба было даць справаздачу перад начальствам, як вядуцца работы з затрыманымі.

Калі начальнік зьехаў, стала крыху спакайней, але зьбіваньне працягвалася. Потым нам ужо дазвалялі легчы на траву і сказалі «разьмінайцеся», г. зн. можна было ногі выцягваць, хтосьці мог адціскацца. Але зямля была сырая, было вельмі холадна, ляжаць было дужа некамфортна.

Мне стала дрэнна, я траціў прытомнасьць. Пад'яжджалі брыгады хуткай дапамогі і аглядалі затрыманых, вызначалі, хто мае патрэбу ў шпіталізацыі. Да мяне падышлі і сказалі, што мяне будуць забіраць. Мяне павялі ў машыну хуткай дапамогі, было падазрэньне, што ў мяне зламаныя рэбры і праблема зь лёгкім — было цяжка дыхаць.

Былі яшчэ пацярпелыя, якіх лекары хуткай хацелі забраць, але ім не далі гэтага зрабіць.

Аляксандар Лук'янскі. Фота Spring96.org

Падышла мясцовая лекарка зь ЦІП — жанчына гадоў 40+, цёмныя валасы, кароткая стрыжка — і сказала: «Як на мітынгі вы, с...кі, можаце ісьці, а тут усё па „хуткіх“ хаваецеся». Таксама падышоў мужчына гадоў 45 у касьцюме і сказаў мэдыкам БХМД, што ў іх ёсць свае лекары і свая мэдыцына.

Крыкі людзей, якіх білі, працягваліся ўвесь гэты час, там было проста нейкае пекла, я ня ведаю, якімі словамі гэта ўсё пераказаць.

Па рацыі сказалі, што трэба аднаго выносіць. Я падумаў, што можа каго забілі, але аказалася, што 18-гадоваму хлопцу дубінкамі зламалі таз. Яго вынеслі на насілках і пагрузілі да нас у машыну «хуткай».

Машына стаяла яшчэ каля гадзіны, пакуль мэдыкам і пацярпелым дазволілі пакінуць тэрыторыю ЦІП“.

http://spring96.org

„Хлопец быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні“

Аляксей Шпока, хірург Берасьцейскай гарадзкой лякарні хуткай мэдычнай дапамогі:

„Дзяжурства 10 жніўня я запомню на ўсё жыцьцё. А 10-й вечара пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным.

Берасьце, 10 жніўня. Фота binkl.by

У тую ноч лякарня нагадвала ваенна-палявы шпіталь. Хворых сартавалі паводле «прынцыпу мэдыцыны катастроф» — на тых, каго неадкладна трэба было апэраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў лякарню па дапамогу зьвярнуліся каля 100 чалавек, 29 зь іх шпіталізавалі. Людзі былі з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, пабітыя, у траўматычным шоку.

Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні.

Берасьце, 10 жніўня. Фота binkl.by

З параненых вымалі 2 віды куль — плястмасавыя і гумовыя; характар пашкоджаньняў і проста вырваныя кавалкі плоці памерам з кулак сьведчаць пра тое, што стралялі ва ўпор.

Я спрактыкаваны хірург, бачыў за 17 гадоў шмат што, праводзіў багата гадзін запар, стоячы на нагах за апэрацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усьведамленьня таго, што гэтыя раненьні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе.

Берасьце, 10 жніўня. Фота binkl.by

Ува ўсіх шпіталізаваных узялі аналіз крыві на наяўнасьць алькаголю, але сярод тых, каму дапамагаў я, п’яных не было. Узрост пацярпелых — ад 17 да 52 гадоў.

Лекары — апалітычны народ. Калі табе прывязуць амапаўца, ты будзеш яго лячыць. Але калі тэлефануюць калегі зь Менску і расказваюць, як там лупцуюць лекараў, пакет на галаву надзяваюць — ці можна заставацца спакойным? Нават немцы такога не рабілі. Я бачыў шмат страшных рэчаў за гэтыя 17 гадоў, але такога яшчэ ня бачыў“.

binkl.by

„Спытала ў міліцыянтаў, як дабрацца дадому. У адказ пачалі біць“

Ганна, 30 гадоў, вядучы графічны дызайнэр

Ганна. Фота people.onliner.by

„11 жніўня пасьля 23:30 я вярталася дадому. З вуліцы Маскоўскай ішла ў раён Гарадзкога вала. Паднялася на мост паміж Інстытутам культуры і плошчай Незалежнасьці, а калі спускалася, убачыла некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

Я падышла да іх і спыталася, як можна дабрацца дадому. Мне сказалі, што альтэрнатыўнага варыянту няма, прапанавалі правесьці. Пакуль ішлі, разгаварыліся, міліцыянты сказалі, што праводзяць мяне для маёй жа бясьпекі. Дайшлі да іх начальніка ў касьцюме «касманаўта», ён сказаў, што правядзе мяне далей. Сказаў, што па дарозе праверыць мае рэчы.

Мы дайшлі да Чырвонага касьцёла, каля якога быў прыпаркаваны аўтобус, вакол яго стаяла шмат АМАПу. Нечакана мяне закінулі ў аўтобус і пачалі біць. Білі нагамі, дубінкамі, адзін раз трапілі па галаве, на лбе адразу вырасла вялікая гематома (яе наступствы і цяпер можна пабачыць). Мне крычалі, што я каардынатарка пратэстаў, патрабавалі прызнацца, хто мне плаціць. Я адказвала, што не разумею, пра што яны гавораць, і за кожны такі адказ мяне зноў білі. Гэта быў самы страшны вечар у маім жыцьці.

Ганна. Фота people.onliner.by

Пасьля адправілі ў РУУС Маскоўскага раёну. Там разам зь іншымі людзьмі завялі ў вялікае памяшканьне, на падлозе былі кроў і ваніты, вакол каля 40 чалавек. Кінулі на падлогу; гледзячы на дрэды, сталі казаць, што зараз падстрыгуць.

Пасьля мяне завялі ў кабінэт на допыт. Пасадзілі на крэсла, вакол сядзелі сем супрацоўнікаў міліцыі і патрабавалі расказаць, хто праплаціў маю «падрыўную дзейнасьць». Я зноў спрабавала растлумачыць, што не разумею, пра што гаворка. З-пад мяне выбілі крэсла і сказалі легчы на падлогу. Працягвалі задаваць тыя самыя пытаньні і, калі адказ не задавальняў, білі дубінкамі ніжэй сьпіны.

Адтуль мяне адвялі ў памяшканьне, падобнае на актавую залю, дзе было больш за 40 хлопцаў і дзяўчат. Пасадзілі, ззаду падышоў міліцыянт і намаляваў нешта балёнікам у мяне на байцы.

Пазьней высьветлілася, што гэта быў знак, якім пазначаюць самых актыўных удзельнікаў пратэсту.

Усю ноч мы сядзелі ў гэтай залі, вакол нехта прасіў выклікаць «хуткую», некага ванітавала, але дапамогі нікому не аказвалі.

Раніцай палове прысутных раздалі пратаколы. Калі падпісвалі — адпускалі. Прыехала машына, і частку людзей пачалі пакаваць на Акрэсьціна. Хлопцаў вельмі шчыльна пасадзілі ў агульнае памяшканьне; трох дзяўчат, у тым ліку і мяне, — у «стакан». Усе вокны былі зачыненыя, і людзі хутка пачалі задыхацца.

На Акрэсьціна нас вывелі ў двор і паставілі тварам да сьцяны. Хлопцаў паклалі на зямлю тварам уніз. Усяго было каля 80 чалавек. Дзяўчат пакінулі ў двары, хлопцаў кудысьці павялі.

Ганна. Фота people.onliner.by

Усю ноч мы сядзелі ў памяшканьні з бэтоннымі сьценамі бяз даху, многія былі ў майках і шортах і жудасна зьмерзьлі. У гэты час за сьцяной жорстка білі мужчын: мы чулі крыкі, стогны, гукі ўдараў. Дзяўчаты пазнавалі галасы сваіх хлопцаў і калаціліся ад жаху. Так працягвалася ўсю ноч.

Удзень нас пасадзілі ў камэру на чацьвярых, у розны час у ёй сядзелі ад 35 да 40 чалавек. Некаторыя людзі ня елі суткі, некаторыя двое. Было страшна глядзець на жанчыну, якую затрымалі разам з мужам; яна прасіла даць ёй патэлефанаваць, бо дзеці дома засталіся адны.

На трэці дзень з моманту майго затрыманьня мне сказалі, што трэба падпісаць паперу — папярэджаньне пра тое, што калі мяне затрымаюць наступны раз, я буду несьці крымінальную адказнасьць. Я сабрала свае рэчы і выйшла на вуліцу, дзе мяне, як і ўсіх вызваленых, сустрэлі валянтэры“.

people.onliner.by

„Мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса“

Павал Сібілёў, 48 гадоў, кіроўца аўтобуса № 163, якога паранілі 10 жніўня. Журналісты Tut.by наведалі яго ў вайсковым шпіталі ў Менску:

„Звычайны маршрут, ніхто ня думаў, што такое можа здарыцца.

Калі мяне сюды прывезьлі, крычаў ноч і дзень, болі былі пякельныя. Спачатку ляжаў у рэанімацыі, а з 16 жніўня перавялі ў агульную палату. Было ўжо некалькі апэрацыяў, перасадзілі скуру на сьпіну — са сьцягна. Не адчуваю трох пальцаў на левай руцэ, таксама нешта пацэліла — кулі або яшчэ што.


Я выехаў з Сухарава, праца ўжо падыходзіла да канца, заставалася паўтара круга. Але хутка пасьля адпраўленьня пачаліся заторы. Паміж прыпынкамі каля мэтро «Спартыўная» і «Пушкінская» ёсьць вуліца Данілы Сердзіча — там, напэўна, гадзіну стаяў. З узвышэньня бачылі, што ўнізе выбухі, дымавая заслона, страляніна.

Я выходзіў на вуліцу пагаварыць з калегам-тралейбусьнікам. А потым вяртаўся ў свой аўтобус.

Стаў уваходзіць у дзьверы, заставалася толькі нагу падняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зьверху кулямі... Гарэла кашуля, скура на сьпіне выбухнула. Мяне як быццам паралізавала. Людзі гасілі, выклікалі «хуткую». Крычалі, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць.

Пасьля раненьня ў палату прыходзіў сьледчы, распытваў, як і што адбылося.

Я не разумею, на якой падставе пачалі страляць. Людзі выказвалі сваю незадаволенасьць, але яны проста хадзілі, сьмяяліся, ехалі матацыклісты — сьвісьцелі. Абсалютна ніякай сілы супраць іх ня трэба было ўжываць. Пастаялі б, пасыгналілі і разьехаліся. Навошта прымяняць гвалт?

У мяне трое дзяцей. Сям’я з Маладэчна, сам я падчас працы жыў у адным са сталічных інтэрнатаў. Валянтэры ўжо дапамаглі знайсьці кватэру ў Менску, каб на час аднаўленьня блізкія былі побач“.

„У Партызанскім РУУС прымусілі на каленях сьпяваць гімн РБ і пры гэтым білі дубінкамі“

Кірыл, 21 год, адміністратар крамы:

Кірыл, якога зьбівалі ў Менску. Фота people.onliner.by

„12 жніўня я пасьля трэніроўкі ехаў на працу. Стаяў на пераходзе на вуліцу Машэрава, да працы заставалася прайсьці 50 мэтраў. Пад’ехаў мікрааўтобус з танаванымі шыбамі, адчыніліся дзьверы. Людзі ў машыне сказалі: «Падыходзь, нічога ня бойся, табе нічога ня будзе». Пасадзілі ў аўтобус, забралі тэлефон і кудысьці павезьлі. У машыне некалькі разоў выцялі па галаве. Прывезьлі да аўтазака.

У аўтазаку амапавец мяне паклаў на падлогу тварам уніз, спытаўся: «Перамен захацелася?» і пачаў біць нагамі. Вакол сядзелі іншыя затрыманыя, чалавек 15. Мяне пасадзілі ў «пэнал» зь яшчэ трыма мужчынамі. Машына яшчэ нейкі час кружляла па горадзе, падабралі яшчэ некалькі чалавек і павезьлі ў РУУС Партызанскага раёну. Вывелі з аўтазака, завялі ва ўнутраны двор міліцыі. У кожнага пыталіся прозьвішча, імя, дату нараджэньня і патрабавалі легчы на падлогу. Пасьля гэтага пачыналі біць нагамі, у тым ліку па твары. Затрыманых было больш за 30 чалавек, білі кожнага па чарзе. Напэўна, якраз у гэты момант мне зламалі нос.

Пасьля нас, чалавек 15, адвялі ў падвал, дзе прымусілі сьпяваць дзяржаўны гімн і білі пры гэтым дубінкамі. Затым павялі на вопіс маёмасьці, якую ў нас забралі, і зноў адправілі ў падвал ляжаць на падлозе. Прайшло паўтары гадзіны, прыйшлі амапаўцы, паставілі на калені і зноў прымусілі сьпяваць гімн. Затым мяне і іншых затрыманых перавялі ў камэры, а праз паўтары гадзіны вывелі адтуль, зноў пабілі і павялі ў аўтазакі.

Затрыманых павезьлі на Акрэсьціна і пасадзілі ў прагулачны двор, усяго там было каля 50 чалавек. Выклікалі па прозьвішчах, кагосьці адпраўлялі ў суд, кагосьці ў Жодзіна.Так працягвалася да 18:00. Пасьля гэтага людзей перавялі ў камэру, разьлічаную на 7-8 месцаў. У яе пасадзілі 36 чалавек.

У такой камэры знаходзіцца было цяжка. Людзі мяняліся кожныя паўтары гадзіны, каб проста пасядзець, паспаць. Было вельмі душна, цяжка дыхаць. Першы раз мяне пакармілі праз суткі, у камэру прынесьлі ежу: па кавалачку хлеба і палавінцы сасіскі на чалавека. На ўсіх не хапіла, давялося дзяліцца. Яшчэ праз паўтары гадзіны далі кашу, агурок і хлеб. З вадой праблем не было, пілі з-пад крана. Гадзіны ў дзьве ночы нас сказалі, што ўсіх вызваляюць.

Кірыл, якога зьбівалі ў Менску. Фота people.onliner.by

Перад вызваленьнем прымусілі падпісаць папярэджаньне аб удзеле ў несанкцыянаваных мітынгах. Я спрабаваў растлумачыць, што ніякага дачыненьня да мітынгу ня меў, проста ішоў на працу, але мяне ніхто ня слухаў.

Мае блізкія ўвесь гэты час ня ведалі, дзе я, што са мной адбываецца. Апошні раз я размаўляў з мамай перад трэніроўкай. Яна шукала мяне па знаёмых, лякарнях, турмах. Як высьветлілася пазьней, у пратаколе затрыманьня былі няслушныя зьвесткі, прозьвішча напісалі правільна, а імя — не.

Складана сфармуляваць, што я думаю пра ўсё гэта. Я бачу, што жыву ў краіне, дзе страшна нават праехаць ад дому да працы, могуць загрэбці кожнага. Але баюся я хутчэй не за сябе, а за сваіх родных і блізкіх, якія могуць прапасьці, і ніхто не даведаецца, дзе яны знаходзяцца“.

people.onliner.by

„Маёр крычаў, што ўсіх перастраляе, у яго на гэта прамы загад“

Юры, грузчык:

„Гэта было 10 жніўня, каля пяці вечара мы вярталіся з майго дня нараджэньня. Маршрутка спынілася каля Менгарвыканкаму, кіроўца сказаў, што далей не паедзе, праспэкт перакрыты.

Мы з жонкай акуратна дайшлі да цырку, хацелі пайсьці на Нямігу, сесьці на грамадзкі транспарт і паехаць дадому. Каля парку Янкі Купалы чую крык: «Гэтага браць!»

Юры, грузчык зь Менску. Фота people.onliner.by

На мяне накінуліся людзі ў форме і заламалі. Жонка спрабавала мяне трымаць, яе білі дубінкай па руцэ. Я крычу: «Маша, ідзі, хутчэй уцякай, дома трое дзяцей, будзе бяда!»

Лупцаваць пачалі адразу, падвёўшы да жоўтага аўтобуса. У аўтобусе былі чалавек дзесяць затрыманых. Сьледам за мной пачалі біць жанчыну, білі па галаве, яна траціла прытомнасьць. Мы патрабавалі выклікаць «хуткую», але ўсіх, хто падаваў голас, жорстка білі, крычалі, што прыбыло «сьвежае мяса». Заштурхалі ў так званыя «стаканы» ў аўтазаку па пяць чалавек.

Нас прывезьлі ў РУУС Савецкага раёну, паставілі ўздоўж сьцяны. Усяго стаялі каля 80 чалавек. Пасьля гэтага мы роўна суткі «віселі на плоце»: з рукамі за галавой, тыльным бокам далоняў да патыліцы. Пэрыядычна ў двор выходзіў маёр, крычаў, што ўсіх перастраляе, у яго ёсьць для гэтага прамы загад. Ён праходзіў уздоўж шэрагу людзей і біў іх дубінкай, некаторыя падалі, самлеўшы. Побач са мной стаяў чалавек са зламанай рукой, ніякай дапамогі яму не аказвалі. Ужо ноччу нам часам дазвалялі прысесьці на 15 хвілін, пасьля зноў падымалі.

Але самы кашмар пачаўся на наступны дзень, калі прыехалі аўтазакі развозіць затрыманых па турмах.

Людзей білі сьмяротным боем, кожнага паасобку прымушалі бегчы ўздоўж плота, пакуль чалавек бег, яго білі. На гэтым усё ня скончылася. Нас паклалі на падлогу аўтазака, рукі заломвалі за сьпінай і зацягвалі петлямі так, што немагчыма было паварушыцца.

Побач са мной быў хлопец, які крычаў, што ён журналіст СТВ, прасіў патэлефанаваць начальству, ніхто не рэагаваў. Нас працягвалі зьбіваць, напрыклад за тое, што чалавек падняў галаву. У аўтазаку нас было 26 чалавек. Ужо на пад’езьдзе да турмы ў Жодзіне нас разьвязалі, дазволілі сесьці, далі папіць вады.

Юры, грузчык зь Менску. Фота people.onliner.by

У Жодзіне мы прастаялі 2,5 гадзіны, чакалі сваёй чаргі, машын з затрыманымі было вельмі шмат. На прыёме нас сустракалі сілавікі ў зялёнай форме, яны сталі калідорам з 20 чалавек і кожнага затрыманага прапускалі празь яго, б’ючы.

Супрацоўнікі турмы былі ў жаху, пыталіся: «Што ў вас у Менску адбываецца? У нас камэры на 10 чалавек, даводзіцца туды закідваць па 60, людзі вісяць адзін на адным».

Да камэры я не дайшоў. Доктарка, якая мяне аглядала, сказала: «Гэтага ў лякарню». Разам са мной забралі хлопца з раненьнем, падобным на агнястрэльнае, у раёне пахвіны.

Што я магу думаць пра ўсё гэта? Гэта нейкае зьверства… Страшна гэта перажыць, страшна думаць, што нехта можа перажыць гэта ў будучыні“.

people.onliner.by

„Гранаты кідалі проста ў натоўп“

Зьміцер Смаляк, 35 гадоў, сьведка абстрэлу каля мэтро „Пушкінская“ ў Менску, паранены сьвятлашумавой гранатай:

Зьміцер Смаляк

„Людзі ў форме са шчытамі, у шаломах перакрылі дарогу з двух бакоў, і я прыпыніўся. Яны пачалі кідаць гранаты. Проста ваенныя дзеяньні пачаліся. Я адразу гэтага не зразумеў, думаў, што гэта пэтарды нейкія. Але зараз, ведаючы, якія наступствы дае кожны выбух, я разумею, што там адбывалася.

Я разьвярнуўся і пайшоў. І ў гэты момант мяне зьбівае з ног. Я падаю і глухну. І бачу, што ў мяне разадраная калашына, вялікая гематома на назе. І нага баліць, я не магу на яе стаць. Падымаюся і на адной назе далей пачынаю скакаць.

Газ пускалі, такі, калі задыхаесься. Выбухі, газ, стрэлы, было адчуваньне, што рэальна ў ваенных нейкіх дзеяньнях удзельнічаеш. Вось яны сталі зьнізу і вось так вось бац гранату. Людзі адышлі. Кідалі гранаты проста ў натоўп. Даскокваю да машыны, першая там стаяла машына зь дзьвюма дзьвярамі. Там сядзелі хлопец і дзяўчына, яны мяне ўпусьцілі — убачылі, што я паранены. Я заскочыў празь сядзеньне кіроўцы на пасажырскае і папрасіў завезьці мяне ў лякарню. Але ў іх не заводзілася машына. Тады я выйшаў і вырашыў далей ісьці. І мяне ўжо падабралі людзі, іншыя, дапамаглі знайсьці машыну, пасадзілі і завезьлі ў чацьвёртую лякарню, на Розы Люксэмбург.

Там ужо аказалі першую дапамогу, зрабілі здымкі, убачылі, што ў мяне шмат пераломаў, і накіравалі ў вайсковы шпіталь. Мяне прывезьлі туды ў пяць раніцы. Пераломаў шмат у ступні, у пятцы, у галёнцы, апёкі, раны выбуховыя, шмат усяго. Вельмі доўгі дыягназ.

У чацьвёртай лякарні лекары ставіліся вельмі добра, моцна падтрымлівалі. Калі прыехаў у вайсковы шпіталь, там спачатку так сабе стаўленьне было. Але гэта ня лекары, гэта ў першую чаргу мэдсёстры так ставіліся. Казалі: «Што, не было чаго рабіць? Пайшоў і атрымаў. Трэба было разьбегчыся і галавой аб сьцяну стукнуцца». Яны, мабыць, стаміліся, бо гэта другі дзень, вельмі шмат параненых.

На другі дзень мне рабілі рэнтген, і там амаль са сьлязамі на вачах некаторыя лекары дзякавалі, казалі: мы разумеем, што вы гэта робіце дзеля нас усіх. І я не шкадую, што я пайшоў. Гэта прыемна, што людзі, нашы беларусы, ажылі, аб’ядналіся. Пачалі адзін аднаму дапамагаць шчыра. Гэта вельмі каштоўна. І я хацеў бы, каб такое грамадзтва ў нас было заўсёды. Наш абавязак, каб мае дзеці і сам я жылі ў здаровым грамадзтве“.

„Выкручвалі мне пальцы са словамі: Паглядзім, які ты піяніст цяпер будзеш“

Ашот Баброўскі, піяніст, Менск:

Ашот Баброўскі

„Так атрымалася, што 11 жніўня я вяртаўся праз вуліцу Бабруйскую ад майго сябра на тралейбусе, і нашы «доблесныя» службоўцы ўбачылі ўва мне пагрозу. Далей была гадзіна ў аўтазаку тварам у падлогу. Потым паездка ў Фрунзэнскае РУУС.

Пасьля прыезду чатыры чалавекі білі мяне дубінкамі і пыталіся пра нейкую рацыю ў маім заплечніку. Адзін зь іх стаяў і глядзеў, і толькі потым, пасьмейваючыся, сказаў: «Гэта была не ягоная рацыя».

Ашот Баброўскі, знакі пабіцьця

Далей адзін зь іх, калі даведаўся пра маю спэцыяльнасьць, стаў выкручваць мне пальцы з словамі: «Паглядзім, які ты піяніст цяпер будзеш». Пасьля гэтага мяне паклалі тварам у падлогу ў спартзалі з кайданкамі за сьпінай. Так я праляжаў, напэўна, гадзіну ці дзьве. Людзей стала вельмі шмат, і нас прымусілі стаць на калені, уткнуцца тварам у сьцяну і ня рухацца. Было вельмі горача, бо нас «ушчыльнялі» вельмі моцна. Хто паварушыцца, той атрымліваў удар дубінкай.

Ашот Баброўскі, знакі пабіцьця

Шчыра кажучы, ня памятаю, колькі было тых удараў. Было ўжо не балюча. Быў і шок, і паніка, і ўсё, што можна сабе ўявіць.

Ашот Баброўскі, знакі пабіцьця

На ўсе мае спробы сказаць, што я год ня быў у краіне і прыехаў, каб убачыць блізкіх, адказ быў адзін: «Вы нясвоечасова прыехалі».

Ашот Баброўскі, знакі пабіцьця

Вельмі непрыемна чуць, як б’юць іншых і яны крычаць. Я ня ведаю, але мне пашанцавала — стала кепска і раніцай мяне адпусьцілі. Напэўна, гэта быў адзін з найлепшых момантаў у жыцьці — ты выходзіш з РУУС і дыхаеш паветрам“.

„Зь яе здымалі штаны, вадзілі дубінкамі па сьцёгнах, ацэньвалі і пагражалі, што пусьцяць па кругу“

Аляксандар Кухта, сьвятар:

„Я быў там і на свае вочы бачыў зьбітых людзей, якіх білі пры затрыманьні, катавалі ў аўтазаку, катавалі ў турме. Катавалі кулакамі, дубінкамі і электрашокерам. Не кармілі па тры дні запар, трымалі на вуліцы ці ў камэрах 5х6 мэтраў па сорак чалавек (яны спалі стоячы) і пэрыядычна білі. Проста так. Без прычыны. Бо могуць.

О, калі б вы ведалі, колькі спосабаў прынізіць чалавека я цяпер ведаю!

З турмы людзі выходзілі ў стане зомбі. Бяз сувязі, бяз грошай, без ключоў і нават без матузкоў. Пабітыя, запалоханыя, прыніжаныя. А ў вачах боль і пустата.

Іх сустракалі валянтэры (і я дапамагаў, чым мог), кармілі, давалі патэлефанаваць, аказвалі мэдычную дапамогу, шукалі родных, дапамагалі дабрацца дадому. Але я дакладна ведаю, што гэтыя людзі яшчэ вельмі і вельмі доўга будуць лавіць флэшбэкі. Патрэбна армія псыхолягаў, каб хоць неяк загаіць раны.

Аляксандар Кухта, сьвятар на Акрэсьціна, фота Вадзіма Заміроўскага, TUT.BY

А яшчэ я бачыў дзяўчынку, якая была як расьліна. Усё, што яна магла, — гэта плакаць. Зь яе (яна казала, і я ёй веру) у турме здымалі штаны, вадзілі дубінкамі па сьцёгнах, ацэньвалі і пагражалі, што пусьцяць па кругу. Я не вялікі экспэрт, але мне здаецца, што гэта ўжо гвалт. Разам зь дзяўчынкай плакалі ўсе, хто быў побач. І я таксама.

Я бачыў вочы маці, бацькаў, жонак, нявестаў і дзяцей, якія па 3-4 дні запар шукаюць сваіх сваякоў, кідаюцца паміж турмамі, але ім не паведамляюць ніякай інфармацыі. Толькі пасылаюць. Іншы раз у непрыстойнай форме.

Людзі ня ведаюць нічога. Ці жывы чалавек? У якім ён стане? Дзе ён? Што зь ім? Уявіце сабе іхны стан.

Я бачыў лекараў хуткай дапамогі, які плакалі не ад віду крыві, а віду гвалту. У «хуткіх», разьлічаных на аднаго пацыента, яны ўмудраліся вывозіць па тры-шэсьць чалавек.

Яшчэ быў хлопец, якому дубінкамі на сьпіне выбілі крыж. Навошта? Чаму? Мяне побач не было, але валянтэры, якія размаўлялі зь ім, так і не зразумелі.

А ў пятніцу раніцай мая жонка забірала тых, каго адпусьцілі, дапамагала ім умыцца (некаторым вельмі цяжка), карміла і везла дадому да сваіх. Бо самі многія даехаць да дому не маглі“.

„Мала вас у Расеі б’юць, вы яшчэ і ў Беларусь прыехалі“

Аляксей Абрамаў, 39 гадоў, пецярбурскі праграміст (Расея), затрыманы ў Горадні:

„Я гуляў. У панядзелак спакойна гуляў. А ў аўторак, 11 жніўня, ужо неспакойна.

Была сьпёка, і я купіў вышыванку, у ёй лягчэй. З сабой у мяне былі бінты і трохі грошай: 200 даляраў і яшчэ недзе 200, якія абмяняў на беларускія. Інтэрнэту не было, плаціць мог толькі гатоўкай.

А потым мяне затрымалі супрацоўнікі ў масках… Так, давайце назавём гэта «затрымалі». Проста я праходзіў міма супрацоўнікаў у масках, і яны мяне за-тры-ма-лі. Вось.

Ведаеце, момант затрыманьня доўжыўся паўхвіліны. Потым пачалося зьбіваньне. Пачнем з таго, што мне шчыльна зацягнулі сьцяжку за сьпінай. У гэтым ужо вялікі дыскамфорт. Мяне білі па розных частках цела. Скажам так, балюча, але акуратна. Да крыві так і не дайшло, напрыклад. Прычым яны былі поўныя рашучасьці біць мяне да таго часу, пакуль не пакажу графічны ключ ад тэлефона. Пасьля гэтага зьбіваньне спынілася. Мне на патыліцу і вышыванку нанесьлі чорную фарбу ў выглядзе крыжа. Думаю, гэта нейкі знак АМАПу, бо далей усе супрацоўнікі ў масках мяне білі. Я пра такое раней ня чуў, каб пазначалі з балёнчыка людзей.

Пасьля выхаду з турмы Аляксей Абрамаў выступіў на мітынгу ў Горадні. Здымак Кацярыны Гардзеевай, tut.by

Мяне вазілі па некалькіх месцах. Першае месца я нават не магу назваць. Гэта была проста кансьпірацыя. Я толькі мог ляжаць на падлозе і паварочваць галаву альбо ў падлогу, альбо ўлева, дзе была шафа. Больш нічога. Але пры гэтым мне задавалі пытаньні. Пыталіся пра грошы: сказаў, што на здымнай кватэры ляжаць 4,5 тысячы даляраў — усе грошы я вёз маім дзецям. Затым паехалі ў РУУС. Там, улічваючы тое, што я з Расеі і ў мяне грошы, ужо былі поўныя рашучасьці здабыць зь мяне прызнальныя паказаньні, маўляў, грошы раздаваў, арганізоўваў несанкцыяваныя масавыя мерапрыемствы.

У РУУС быў нейкі начальнік ў цывільным, які даваў распараджэньні. Ён сказаў: «Што, расеец? Чаго вы сюды прыехалі?» І выцяў па твары некалькі разоў. Пасьля гэтага адвялі ў пакой, назавем яго пакоем для допыту, дзе я ляжаў са зьвязанымі рукамі, і мяне білі па чарзе чатыры чалавекі. Білі ў асноўным гумовай дубінкай і нагамі па азадку, задняй паверхні сьцягна і галаве. Я б сказаў, удары не нявечылі, але яны вельмі балючыя, асабліва калі паўтараюцца.

Усяляк пагражалі… Абсалютна кніжныя пагрозы: што будуць гвалтаваць дубінкай, пілаваць зубы напільнікам, напырскаюць у пакет зь пярцовага балёнчыка і надзенуць на галаву, прастрэляць мне калені і скажуць, што спрабаваў уцячы, адаб’юць усе мазгі, і я забуду, што я праграміст. Не давалі піць і ў туалет. Казалі, што потым на допыце, цытую, «і абасцуся, і абасруся». Канец цытаты.

Калі стала зразумела, што паказаньні пра тое, што я арганізоўваў штосьці і раздаваў грошы, здабыць не атрымалася, вырашылі сабраць фактуру на здымнай кватэры. Перад паездкай туды далі падпісаць пратакол. Сказаў, што хачу яго прачытаць — пачалі біць. Затым усё ж такі далі прачытаць. У пратаколе было практычна ўсё, што я казаў сілавікам, плюс, што мяне затрымалі ня ў 20:40, як гэта было насамрэч, а ў 23:45, нібыта я ўдзельнічаў у мерапрыемствах. Паколькі не было напісана, што раздаваў грошы, я падпісаў, што браў удзел у акцыях пратэсту. Падпісаў, каб пазьбегнуць далейшага зьбіваньня.

Тады мяне зьбітага павялі ў агульны пакой паказваць іншым беларусам; там той галоўны, які мяне спачатку біў па твары, паказваў мяне астатнім і казаў: «Мала вас у Расеі б’юць, вы яшчэ і ў Беларусь прыехалі». У Расеі мяне, дарэчы, ніколі ня білі.

У аўтамабілі я стаяў на карачках, быў прыкаваны кайданкамі да аднаго з тых, скажам, хто мяне раней дапытваў. Ну а супрацоўнік у масцы біў мяне дубінкай. Сам ператрус быў незаконны. Мала таго, што не прадстаўляліся, не было ні ордэру, ні панятых, ні санкцый. Проста загрузілі ў машыну і паехалі глядзець, што ў мяне там ёсьць. Абсалютна бандыцкім чынам, я б сказаў. Забралі грошы, ноўтбук, тэлефоны, усе флэшкі. І прапаў ключ ад дома ў Пецярбургу.

Прывезьлі назад, склалі новы пратакол. Напісалі, што 4500 даляраў былі ў мяне пры сабе, калі затрымлівалі. Разумееце? Прымусілі падпісаць пратакол. Казалі, што лёгка абыдуся, будзе штраф. І павезьлі ў СІЗА ў Горадню. Даволі рэжымнае прадпрыемства.

Што ж там? Нас сустракалі так званыя «маскі-шоў»: па пэрымэтры сталі супрацоўнікі ў масках. Крычалі, расстаўлялі ногі шырэй, штурхалі па нагах, білі ззаду па тулаве, забаранялі трымацца за краты, каб ня ўпасьці. І ўвесь час пыталіся, каму і колькі даваў і чаго прыехаў, расеец. Ну не расеец, а там нейкімі словамі гэта ўсё было, у тым ліку нецэнзурнымі.

Паколькі я паказаньняў не мяняў, гэта спынілася. І я трапіў у камэру. Я помню гэтую свабоду: піць і хадзіць у туалет. Забаўляўся гэтым усю ноч.

У турме былі добрыя ўмовы, было харчаваньне, нармальнае стаўленьне пэрсаналу… Адзінае, што не давалі — ня ведаю, належыць ці не — Кодэксы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, Грамадзянскі Працэсуальны кодэкс. Пра званок адвакату не магло быць і гаворкі.

Пасьля выхаду з турмы Аляксей Абрамаў выступіў на мітынгу ў Горадні. Здымак Кацярыны Гардзеевай, tut.by

Былі і допыты. Ну як допыты… Гэта нават ня допыт формай. Проста заводзілі ў кабінэт, і мужык, якога я першы раз бачыў, задаваў пытаньні ад самага пачатку і запісваў нешта ў сшытачак. Былі і запалохваньні, што сяду на 15 гадоў, бо я арганізатар; казалі, што ўсе паказаньні даюць. «Сядзеш надоўга, адсюль ня выйдзеш, гады ня ўбачыш сваіх дзяцей». Гэта казалі і ў працэсе допыту, і ў працэсе размоваў без пратаколу ўжо ў турме. Прадстаўляліся вельмі невыразна, казалі, што расьсьледуюць крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў.

Потым быў сьмешны суд.

Судзьдзя, практычна ня гледзячы на мяне, зачытваў з паперкі пра ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. І нягледзячы на тое, што я даваў тлумачэньні, якія ня ўносіліся ў пратакол, — пра катаваньні, пра тое, што прасіў паказаць пратакол затрыманьня, які ня мог быць праўдзівым, —справа працягвалася сваім ходам. Судзьдзя чытаў нейкі тэкст. І прысудзіў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. Камусьці даваў пяць, некаму сем, дзесяць сутак, камусьці штраф. Аднаго хлопца, якога адпусьцілі, як і іншых сукамэрнікаў, я прасіў зьвязацца зь людзьмі, якіх ведаю ў Горадні. Яны выйшлі і зьвязаліся.

У нейкі момант ужо была ініцыятыўная група для майго вызваленьня. Яны спрабавалі ў тым ліку зьвязацца з пасольствам Расейскай Фэдэрацыі ў Менску. Там казалі, па-мойму, што было шмат зваротаў, але нейкай канкрэтнай рэакцыі не было.

Адпусьцілі 17 жніўня. Не патлумачылі, чаму. Ніякай паперы няма, ніякай квітанцыі пра аплату няма. Сказалі, што я трошкі адбыў, але можна працягнуць у любы момант.

19 жніўня была камісія. Яна пастанавіла, што за адміністрацыйнае правапарушэньне — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — я павінен пакінуць Беларусь у кароткі тэрмін і не змагу прыехаць сюды цягам пяці гадоў.

Дарэчы, на пастанову пра тое самае адміністрацыйнае правапарушэньне, за якое мяне высылаюць, мы падавалі скаргу. Яна нечакана згубілася“.

„Медиазона“

„Дзьверы выламалі і адразу звалілі мяне з ног“

Аляксандар Чыгір, 48-гадовы бабруйчанін, былы дэпутат гарсавету:

Алесь Чыгір

„10 жніўня ўвечары я ішоў сустракаць жонку, якая працуе ў аптэцы. Убачыў, як людзі ў чорным затрымліваюць маладога чалавека. Ён сядзеў зь дзяўчынай у кавярні, да яго падышлі, скруцілі рукі і пацягнулі ў бус. Затрыманьне зьняў на відэа. Потым гэтыя людзі ў чорным прыйшлі ў аптэку па мяне.

Пагрукалі ў дзьверы, загадалі адчыняць. Жонка тлумачыла, што ня мае права гэтага рабіць паводле інструкцыі, бо здае касу. Тады дзьверы выламалі. Уварваўшыся, адразу звалілі з ног мяне. Пазьней, калі вызваліўся, я даведаўся, што пацярпела ад іх і жонка. Яе выцялі па твары і адшурхнулі ў бок.

Мяне выцягнулі за ногі па прыступках з аптэкі. Укінулі ў аўтазак. Білі ад аптэкі да самага аддзелу міліцыі дручкамі, нагамі, рукамі па галаве і тулаве. У аддзеле зьбіваньне працягвалася. Як вялі па лесьвіцы, дык падганялі дручкамі. Выдавалі аплявухі. Тыя, хто біў, прыгаворвалі: «Ну што, мянтоў на вілы?» Гэтак, відаць, заводзілі сябе.

Зьбіваньне адбывалася на вачах у бабруйскіх міліцыянтаў. У гэтых людзей, якіх мы штодня бачым у горадзе, быў дужа добры настрой. Ім падабалася, як б’юць людзей, якія ня могуць абараніцца.

Потым мяне кінулі ў «малпоўню» і адразу забылі. Гэта ж як канвэер: адны б’юць, другі афармляюць, а трэція ахоўваюць за кратамі. У мяне балелі тады і цяпер рэбры ды сьпіна. На ёй ёсьць драпіны. Балелі галава і ногі. У міліцыі папрасіў дапамогі, і мне далі болесуцішальную пігулку, а большага ў іх няма. Пагатоў, ні пра якую «хуткую» гаворкі і не было. Завезьлі ў ізалятар. Усе, хто быў са мною ў камэры, прайшлі праз такую экзэкуцыю, і ўсім патрэбна была дапамога. Нас агледзеў тамтэйшы мэдык і праблемаў са здароўем ня выявіў.

Аптэка, зь якой выцягнулі Аляксандра Чыгіра

Судзілі ў ізалятары. Працэс заняў хвіліну, мо трохі больш. Гэта была фармальнасьць. Судзьдзя была ў масцы і сябе не назвала. Прысуды былі падрыхтаваныя. Чалавек 70 затрыманых трое судзьдзяў прапусьцілі праз канвэер за гадзіну. Мне прысудзілі 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Адседзеў 7 і цяпер свайго статусу ня ведаю. Мяне папярэдзілі: калі затрымаюць, то судзіць будуць паводле Крымінальнага кодэксу. Мяне як забіралі, не тлумачачы, за што, так і выпусьцілі. Прыйшлі ў камэру і сказалі: з рэчамі на выхад.

Па вызваленьні хадзіў у траўмапункт і там зафіксавалі пабоі, якія засталіся.

Тое, што са мною і многімі адбылося — гэта была помста таго, хто ведае, што выбары ён ня выйграў. Тыя людзі, якія захапілі мяне — прафэсійныя забойцы. Безумоўна, супраць мяне ўчынілі гвалт, але перажытае мною ні ў якае параўнаньне не ідзе з забойствам трох чалавек. У мірнай Беларусі пралілася кроў, і гэта самае жахлівае“.

„Менш бітых мэдыкі мусілі пакідаць на дабіваньне“

Мэдык хуткай дапамогі:

„Людзі, якія былі на Акрэсьціна — гэта сапраўдныя героі. Я хачу папрасіць прабачэньня за сябе і ўсіх нашых калег. Мы сапраўды стараліся, як маглі, але мы не маглі дапамагчы ўсім.

Я бачыў кроў, яе нават не пасаромеліся прыбраць адтуль. Як правіла, усе псыхалягічныя траўмы спалучаліся зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі. Зьверху да нізу магу пайсьці. Гэта былі пабітыя вочы, якія заплылі так, што не відаць было зрэнак. Я калі апісваў аднаго з пацыентаў, я ня мог апісаць велічыню зрэнак, вока проста не было, яно заплыло. Спускаемся ніжэй. Быў чалавек, у якога была проста раздробленая хрыбетка. Там была проста нейкая шчыліна, і чалавек адчуваў дзікі боль. Былі людзі зь велізарнымі гематомамі на сьпіне. Было адчуваньне, што хацелі дубінкамі выбіць нейкія сымбалі. Былі проста траўмы жывата. Нібы там унутры проста куламеса. Сінякі былі не такія, як звычайна, калі ўдарыў руку, і ўсё. А проста чорныя аграмадныя плямы амаль на ўсё цела. У многіх выбілі зубы.

Вызваленьне пратэстоўцаў з турмы на Акрэсьціна

Людзей там дзялілі на чатыры групы. Іх мецілі проста па твары балёнікамі з фарбай, як графіці малююць: чырвоны, жоўты, чорны і бясколерны. Кожны колер, я так разумею, абазначаў, што чалавек учыніў «злачыннае» — як моцна ён адстойваў свой голас, які ў яго скралі. І ад гэтага залежала, як ён будзе праходзіць так званы «калідор». Я так разумею, людзі з жоўтымі меткамі маглі пакінуць Акрэсьціна, у іх былі меншыя траўмы, чым у людзей, у якіх былі чырвоныя меткі. А дзе чорныя меткі, адразу было відаць, іх брыгадам проста не аддавалі. Мэдыкі нешта зь імі рабілі, відаць, абязбольвалі ці нешта яшчэ, і яны заставаліся на Акрэсьціна.

А пасьля адбыўся момант, калі прыехалі аўтазакі і ўсіх, каго «хуткая» палічыла (у сэнсе фэльчары, якія ішлі супраць волі), што яны могуць пратрымацца, іх загрузілі ў аўтазакі гэтыя шэрыя, і яны ехалі, як я разумею, на Жодзіна.

Вызваленьне пратэстоўцаў з турмы на Акрэсьціна

Мы спрабавалі дапамагчы пацыентам. Адразу ж прапаноўвалі сваякам нашы машыны. Дзякуй людзям-валянтэрам, якія набівалі іх ежай. Бо многія казалі, што іх не кармілі па двое сутак. Без вады. І яны проста не маглі есьці. І яны не разумелі, што яны ня зьелі дзьве пячэнькі і што вось так вось можа быць. (Плача)

Адзін з пацыентаў прасіў нават патэлефанаваць сваім блізкім і сказаць, што ён выйшаў, бо баяўся, што ў ягонай маці здарыцца нэрвовы зрыў ці інфаркт. Ты прыяжджаеш на Акрэсьціна, ты ня можаш там спыніцца, сказаць, бо гэта нельга. Ты пакідаеш там паперку, бо людзі бягуць за «хуткай» і пытаюцца, каго на гэты раз вывозіце? І ты або крычыш, або перадаеш паперку. Мы спрабавалі па-хуткаму напісаць, пакуль нам аглядалі машыну, каб мы яшчэ каго лішняга не забралі. Там была яшчэ працэдура вяртаньня відэарэгістратара, то бок у нас глядзелі, каб не было ні тэлефона, ні камэры. І за гэты час ты пасьпяваў нешта зрабіць.

Your browser doesn’t support HTML5

«АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна». Мэдык пра працу ў турме

У лякарні хуткай дапамогі доктар, такі ўжо ва ўзросьце, ніколі ня бачыў такога жаху, які мы прывозілі. Ён кажа: Божа, адкуль гэта і колькі вы яшчэ прывезяце; вязіце ўсіх, каго можаце.

Траўмы былі шматлікія, спалучаныя. Не было ізаляваных траўмаў, напрыклад проста пералому рукі. Яны білі, білі па чым маглі, куды дацягнуцца дубінкі. Пацыенты расказвалі, што дубінкі былі ў іх розныя. Адны як электрашокеры, гарачыя, ад іх апёкі былі на нагах, на руках. Іншыя гумовыя, якія гнуцца, якія, нам казалі, лепш да цела, як бярозавая галінка. Маўляў вось вам бярозавай кашы, хоць вы заслугоўваеце большага пакараньня.

Вызваленьне пратэстоўцаў з турмы на Акрэсьціна

Дзяўчына, якую мы вывозілі, уся была запэцканая крывёю. Я спытаў, адкуль столькі крыві. Яна сказала, што нават не выпускалі ў туалет па жаночых справах. Сказалі падцірацца сваімі ўласнымі рэчамі, якія былі на іх.

Там ня ўсе былі такія. Самі турэмнікі былі даволі нармальнымі людзьмі. І калі мы прывозілі дзяўчатам банальныя пракладкі… Былі там брыгады, якія стаялі, дазвалялі перадаць. Ці можна было наўпрост гэтым турэмнікам перадаць, толькі каб побач не было АМАПу альбо, як мы іх называем, ціхароў, кадэбэшнікаў. Гэта самыя страшныя людзі, якія там былі. Яны сачылі за тым, каб іншыя якасна выконвалі загад, каб АМАП біў жорстка, а турэмнікі не праяўлялі літасьці. А як толькі яны сыходзілі, і АМАП кудысьці прападаў, і пачыналася такая фаза невялікага, але зацішша.

Людзі глядзелі на нас і спрабавалі знайсьці ў нас чалавечнасьць, бо ня ўсе былі такія літасьцівыя. З расказаў пацыентаў, там была адна жанчына, фэльчар з Акрэсьціна, якая рабіла жахлівыя рэчы. Цяжкіх людзей яна проста выцягвала з машыны і казала, што яны нікуды не паедуць, яны павінны атрымаць па заслугах. Побач стаяла фэльчарка ўжо іншая, добрая. Калі побач не было АМАПу ці кадэбэшнікаў… Мы разам зь ёй аглядалі і разумелі, можна ці не… Дык гэтая жанчына казала, наколькі цяжка і ці зможа яна іх там утрымліваць, працягнуць яны ў камэры суткі ці не.

АМАП біў людзей, менавіта АМАП канкрэтна і чыніў усе гэтыя зьверствы. Я не разумею, што ўвогуле АМАП забыў на Акрэсьціна. Гэта ня людзі, гэта нейкія зьвяры. Расказвалі, што яны клалі шчыт на людзей і білі спачатку па шчыце, каб у вушах зьвінела, а пасьля білі па галовах, па рэбрах, па нагах. Яны не саромеліся нікога. А калі стаялі гэтыя кадэбэшнікі, яны, я так разумею, выслужыцца хацелі і білі яшчэ з большай лютасьцю.

Вызваленьне пратэстоўцаў з турмы на Акрэсьціна


У вачах турэмнікаў чытаўся жах. Яны, відаць, ня бачылі такой жорсткасьці за ўвесь час. Нашы брыгады прывозілі ежу і ваду. І было сказана АМАПам, што калі вы надта міласэрныя… А калі яны даведаліся, што мы практычна ўсіх, каго аглядалі, вывозілі, яны проста нас выгналі. Маўляў, нам такая «хуткая» ня трэба.

Лекары ішлі супраць волі. Яны рабілі ўсё, каб можна было выратаваць хоць кагосьці. Забіраліся ўсе людзі ў крытычным стане. На жаль, даводзілася пакідаць чалавека, які быў менш пабіты, каб ён стаў яшчэ больш бітым. Хто даў ім права штурхаць нас на злачынства? (Плача.) Усіх, хто туды прыяжджаў, штурхалі на злачынства — пакідаць людзей зь менш цяжкімі пашкоджаньнямі на дабіваньне. Людзі вачыма прасілі, каб іх забралі. У вачах чытаўся поўны жах“.

„Міліцыянты нібы адурманеныя“

Магілёвец Сяргей Шарстабітаў, 32 гады:

Сяргей Шарстабітаў

„10 жніўня мяне затрымалі сілавікі ў чорным на плошчы Зорак каля кінатэатру «Радзіма». Я быў зь дзяўчынай і бачыў, як экіпіяваныя міліцыянты «зачышчалі» пляцоўку перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм» і прылеглыя сквэры.

Яны не давалі людзям ісьці на прыпынкі, а цясьнілі іх да кінатэатру, дзе стаялі падрыхтаваныя аўтазакі, якія і запаўнялі людзьмі. Калі схапілі маіх знаёмых, я падбег распытаць прычыну, але тут жа быў павалены. Білі нагамі. На мяне ўпаў міліцыянт, і я ім прыкрываўся, таму ягоным саслужыўцам дручкамі малаціць па мне было нязручна.

Потым закінулі ў аўтазак, і там працягваў біць нагамі ўжо адзін чалавек у чорнай форме. Ён крычаў, каб я лёг на жывот, але я ляжаў на сьпіне і закрываўся рукамі, як мог.

У выніку мне расьсеклі брыво і набілі на ім сіняк. Ззаду на галаве шматлікія абдзерыны ад берцаў. Сінякі па ўсім целе. Галёнка была распухлай і са зьдзёртай скурай.

Наладаваўшы аўтазак, нас завезьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там мяне ня білі, бо я выконваў загады міліцыянтаў. Мне здалося, што яны былі адурманеныя. Пастаянна крычалі. Адзін камандаваў рукі за сьпіну, а другі — за галаву. Затрыманыя не разумелі, што рабіць.

У аўтазаку

Нас паставілі ў гаражы ўздоўж сьцяны з расстаўленымі нагамі і закладзенымі за галаву рукамі далонямі вонкі. Я бачыў, як іншых людзей білі. Там стаяла хуткая дапамога, і мэдыкі назіралі і маўчалі. Затым завялі ў актавую залю, дзе сядзелі шмат жанчын у форме, якія міла хіхікалі.

На мяне афармляў справу былы ўчастковы з майго раёну. Ён даводзіў, што злога мне не жадае і мяне не затрымліваў. Усе пратаколы складаліся паводле загадзя падрыхтаванай формы і абвінавачваньня: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сваёй віны я не прызнаў.

Аўтазакам завезьлі ў ізалятар, дзе спыталіся, як сябе адчуваю (да гэтага пра мэдычную дапамогу гаворкі не было). Я папрасіў дапамогі. Мяне агледзелі і на хуткай без канвойных завезьлі ў лякарні. Зрабілі здымкі, супакоілі, што кровазьліцьця няма, і адпусьцілі.

Праз 5 хвілінаў затрымалі ўжо супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі. Яны сказалі: зь лякарні паступіў сыгнал, што я зьбіты, таму мяне дапытаюць і адпусьцяць. Разьбіралася зь відавочнай грэблівасьцю сьледчая, якая не зважала, што ў мяне разьбітая галава і мне можа быць кепска.

У аддзеле прабыў да наступнага дня. Спачатку нас трымалі на калідорах, у даволі камфортных умовах, а потым перавялі ў «малпоўні». Там была кепская вэнтыляцыя і даводзілася ляжаць на падлозе, бо там лягчэй дыхалася.

Потым завезьлі зноў у ізалятар. У ім ужо не было месцаў, таму адправілі ў камэру турмы №4. 20 мэтраў да турмы нас перавозілі хвілінаў сорак. Але гэта дробязі, бо некаторыя правялі ў аўтазаку ўсю ноч.

Даведка пра стан здароўя Шарстабітава

У камэры нас было 16 чалавек. Я ня еў паўтара дня. Пілі ваду з-пад крана. Там ня білі.

12 жніўня маю справу разгледзела судзьдзя Вольга Краўчанка. Асудзіла на 6 сутак. Суд доўжыўся хвілінаў 10. Пасьля 4 сутак «амніставалі», але папярэдзілі: як затрымаюць яшчэ раз на несанкцыянаваных акцыях, то пасадзяць да 6 гадоў.

„У сьледчай Карыны яўна садысцкія схільнасьці“

Віталь Гаршынёў, 35 гадоў, інжынэр:

Віталь Гаршынёў

„Я адзін з тых, хто падаў заяву ў Сьледчы камітэт на міліцыянтаў, якія мяне зьбівалі. І з чым я сутыкнуўся зноў? Мы прыйшлі падаваць заяву ў Фрунзэнскі аддзел Сьледчага камітэту, а сьледчы да нас нават ня выйшаў, заявы прымалі міліцыянты гэтага РУУС. У адным зь міліцыянтаў пазнаў чалавека, які быў у той спартзалі, дзе нас да крыві зьбівалі. Усьміхаецца, кажа: «Ну я ж сам вас ня біў, я ж вам нават вадзічку даваў папіць». Кажу яму: «Так, ты ня біў, але ж стаяў побач, глядзеў на гэтае дзікунства і нікому не дапамог, не пярэчыў». Адказвае: «А што б зьмянілася? Я б загаду начальства не адмяніў. А на мне крэдыт вісіць, хто за мяне будзе выплочваць?»

За час арышту я шмат разоў чуў пра гэты матыў і ад амапаўцаў. Што на іх вісяць нясплочаныя крэдыты, выплачаныя наперад заробкі, ад чаго яны ня могуць адмовіцца выконваць загады. Але як можна аддаваць такія загады, я для сябе адказу дагэтуль ня маю.

Мяне спынілі амапаўцы непадалёк ад Камсамольскага возера. Гэта было 10 жніўня пад вечар. Я сапраўды зьбіраўся пайсьці да стэлы і паглядзець, што там будзе. Абурыўся вынікам выбараў, ведаў, што дзень таму там шмат затрымалі і пабілі людзей. Але мы зь сябрам ішлі мірна, нікога не чапалі і не крычалі. І вось на нас кідаюцца амапаўцы, кладуць на зямлю. Праглядаюць тэлефоны, нічога не знаходзяць, але ўсё роўна крычаць: «Адстрэлю табе яйцы, і мне нічога ня будзе!» Дарэчы, і потым гэта гучала не адзін раз ад розных міліцыянтаў: нешта такое зраблю, заб’ю, і мне нічога ня будзе. Гэтыя людзі нібыта былі кімсьці насычаныя нянавісьцю і перакананьнем, што закон не для іх.

Нас зь сябрам зьбілі і спачатку кінулі ў аўтобус, які стаяў непадалёк. Памятаю, як туды аднаго за адным прыводзілі новых і новых ужо зьбітых людзей. Нават рыбака, які ехаў побач на ровары з вудай. Мужчына сталых гадоў, ён проста сумеўся ад таго, што зь ім робяць, але ўсё роўна яго кінулі да нас.

Потым быў аўтазак, якім мяне і ўжо некалькі дзясяткаў затрыманых даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Спачатку ў двор, потым у спартовую залю, дзе спачатку білі, потым маральна зьнішчалі, а ў канцы бралі паказаньні і прымушалі прызнаць віну. Там было самае пекла.

На ўваходзе ў залю стаяў высокі дужы амапавец, такі здаравяка, задача якога была біць усіх, каго ўводзілі. Як бы ён рабіў нам такі «ўрачысты» прыём — каб было зразумела, куды трапілі. Сваё заданьне ён выконваў з сапраўды садысцкім задавальненьнем: біў куды заўгодна рукамі, нагамі. Яшчэ на нас адразу крычалі: «Ты герой? Навошта ты туды пайшоў?» — і адусюль страшэнныя мацюкі. Потым валілі на падлогу і плястыкавымі хамутамі зьвязвалі на сьпіне рукі. Хто варушыцца, падымае галаву, спрабуе паглядзець — адразу падскоквае амапавец і б’е палкай па галаве ці сьпіне, куды заўгодна. Мне гэтак зламалі дзьве рабрыны.

Акрамя зьбіваньня, усе затрыманыя зазналі шалёны псыхалягічны ціск. У тым ліку іх прымушалі хорам крычаць «Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка — самы лепшы прэзыдэнт». Хто спрабаваў адмаўчацца, зноў атрымліваў дручком па сьпіне. Падскокваў міліцыянт: «Ня чую. Мацней», — і сыпаліся новыя ўдары. Усіх, у каго бачылі белыя стужкі на руках, прымушалі іх зьесьці. Ад сваёй стужкі мне ўдалося пазбавіцца яшчэ ў аўтазаку.

Адборныя і самыя пахабныя мацюкі ліліся на затрыманых проста лявінай. А яшчэ ніколі ў жыцьці ня чуў столькі брыдкіх словаў ад жанчын-міліцыянтак.

Там была сьледчая Карына, яна праводзіла апытаньне. Ніколі б не падумаў, што дзяўчына можа ўжываць такі набор лаянкі! Да таго ж у яе яўна былі садысцкія схільнасьці. Сярод затрыманых яна аднаго чалавека пазнала, стала на яго крычаць, што калісьці ён нешта ёй сказаў. Потым паказала на яго амапаўцам, і тыя дадаткова пабілі гэтага чалавека.

Іншыя міліцыянткі, якія праводзілі апытаньне затрыманых, таксама не вызначаліся літасьцю.

Сядзіць вабная дзяўчына гадоў 20, можа, курсантка акадэміі ці толькі скончыла. Вакол крычаць, стогнуць, а яна ўсьміхаецца, жартуе з амапаўцамі. Каву сабе разьліваюць. Да яе падводзяць чарговага затрыманага. А там ня толькі маладыя былі, але і сярэдніх гадоў, нават пажылага веку людзі трапляліся. Карацей, можа, кожны другі ёй гадзіўся ў старэйшыя браты ці бацькі. Адзначу, што ня ўсе адразу пагаджаліся падпісваць іхныя паперы, што быццам «у складзе групы прыйшоў парушаць парадак» (а ўсім пісалі адно і тое ж). Некаторыя трымаліся доўга, нават пасьля зьбіцьця. На гэта яна звонкім голасам падзывала амапаўца: «О, у нас тут герой. Адмаўляецца падпісваць». І чалавека пры ёй адводзілі ўбок, зноў бязьлітасна білі і прыводзілі да яе ўжо паслухмянага. «Ну, цяпер будзем падпісваць? Ясна, будзем», — і задаволена ўсьміхаецца.

Амаль дзень мяне трымалі ў Фрунзэнскім РУУС, адкуль без усякага суду адправілі ў жодзінскі ізалятар. Пасьля спартовай залі там было нармальна. Бывала, што ў камэру набівалі па 20 чалавек, спаў седзячы, але добра, што хоць ня білі.

Людзі, зь якімі сядзеў, былі самых розных прафэсіяў. Праграмісты, інжынэры, рабочы, студэнт. Можа, на 30 чалавек быў адзін хранічны алькаголік, іншыя — зусім прыстойныя. Прычым толькі адзін з усіх прызнаўся, што сьвядома пайшоў на вуліцу, каб пратэставаць, як ён казаў, супраць «вусатага таракана». Большасьць ішлі проста паглядзець на тое, што адбываецца, ці ўвогуле апынуліся ў аўтазаку выпадкова. Адзін выйшаў у сланцах па цыгарэты. Другі прыпаркаваўся на вуліцы Зьмітрака Бядулі, але няўдала — побач з машынай амону. Выйшаў з машыны і пачуў: «А давай забяром». І забралі. Аднаго выцягнулі з машыны на праспэкце, бо не саступіў міліцыянтам дарогу. Шыбу выбілі і выцягнулі. Карацей, як паслухаеш, дык разумееш, што ў нас поўнае свавольства, амону і міліцыянтам у раённых аддзелах далі карт-блянш рабіць што заўгодна. Дык хіба ў такой краіне можна будзе жыць, калі гэта ўсё застанецца?

Я рамантык, які, хоць позна, але стаў рэалістам. З тых, хто ніколі не займаўся палітыкай, але яна мной занялася сама. Стаў прыхільнікам Ціханоўскай пасьля таго, як схадзіў на мітынг на Бангалёр.

Потым бачыў, як у нас на ўчастку за яе ўсе галасавалі — па стужках на руцэ, яшчэ бюлетэні ў скрыні амаль усе былі скручаныя. Гэта было відаць нават праз матавае шкло. І раптам даюць вынік, што 80% за Лукашэнку, а за Ціханоўскую менш за 10. Мяне гэта так абурыла, быццам плюнулі ў твар. За каго яны нас усіх трымаюць? Не ўтрымаўся і назаўтра пайшоў у цэнтар гораду.

Яшчэ раз пераадолеў сябе, калі пайшоў падаваць заяву пра зьбіцьцё ў сьледчы аддзел Фрунзэнскага раёну, а той знаходзіцца ў тым жа будынку Фрунзэнскага РУУС, дзе мяне дзень зьбівалі. Сапраўды было страшна туды ісьці. Не пайшоў бы, калі б не «наіўная вера», што яшчэ можна неяк зьмяніць становішча“.

„Мужчыну-мэдыку амонаўцы машынкай выстрыглі на галаве крыж“

Дзяніс Карвіга:

Дзяніс Карвіга

„12 жніўня я ехаў з жонкай на аўтамабілі, і нас а палове на першую ночы на вуліцы Ляшчынскага каля запраўкі «Лукойл», спынілі людзі ў вайсковай форме. Іх увагу прыцягнуў 4-ы рэгіён на нумары машыны. Папрасілі заглушыць рухавік і адчыніць багажнік. На заднім сядзеньні ляжаў заплечнік, яго пачалі аглядаць. У ім знайшлі стэрыльны бінт і хлёргексыдын. Са словамі «О, гэта наш кліент» загадалі легчы на зямлю тварам уніз. Іхны галоўны не паверыў, што я працую ў Менску праграмістам. Ён задаў мне некалькі пытаньняў, зьвязаных з ІТ, я ня змог адказаць, «якая кампанія займаецца ўкараненьнем 1С у Беларусі», і праваліў інтэрвію.

Забягаючы наперад, скажу, што мне вельмі пашанцавала, што мяне затрымлівалі менавіта гэтыя людзі. Апроч незаконнага затрыманьня, прэтэнзіяў у мяне да іх няма. Іх камандзір мне паабяцаў не затрымліваць жонку і сваё абяцаньне выканаў. Казалі ветліва, не абражалі. Хлопцу зь іншай машыны, які сказаў, што ў яго арытмія, дазволілі сесьці. Я бачыў толькі, што адзін з вайскоўцаў прайшоўся нагамі па хлопцу, у якога знайшлі ў багажніку адгазьнік.

У такім становішчы я праляжаў каля гадзіны. За гэты час спынілі, абшукалі і паклалі тварам у зямлю яшчэ чалавек 10-15. Затрымалі, напрыклад, матацыкліста проста таму, што ён матацыкліст, і валянтэраў-мэдыкаў, якія аказвалі дапамогу пацярпелым на акцыі пратэсту (іх грэбліва называлі «сочувствующими»).

Па нас пад’ехаў аўтобус з амонам, нас па адным садзілі ў яго. Перад пасадкай мне зьвязалі рукі плястыкавымі сьця́жкамі. Хлопцы, якія сядалі перада мной, атрымлівалі гумовымі палкамі. Мне крыху пашанцавала, бо мне загадалі сесьці на першае сядзеньне, за кіроўцам, і ўдарыць мяне ніхто не пасьпеў. Усяго ў аўтобусе былі 19 затрыманых. Ехалі каля 20-30 хвілін, апусьціўшы галовы на калені. Некаторыя атрымалі дубінкамі ў дарозе, бо «няправільна трымалі рукі за сьпінай».

Выйшаўшы з аўтобуса, мы мусілі прайсьці праз жывы калідор з супрацоўнікаў амону, яны «віталі» нас, б’ючы дубінкамі. Мне папала па сьпіне і галаве. Нам загадвалі галаву не падымаць і глядзець толькі ў дол, крыкамі прымушалі кудысьці бегчы.

У гэтай мітусьні я разгубіўся і ўпаў. Падбег адзін з амонаўцаў, падняў за руку і, б’ючы дубінкай па нагах, зацягнуў мяне да бардзюру на траву, побач зь іншымі людзьмі. Усім давялося сесьці на калені, апусьціць пяты пункт на пяткі, а галаву заціснуць паміж каленяў, рукі за сьпінай (хто са сьця́жкамі) або на патыліцы. Тут у такой паставе ўжо сядзелі некалькі дзясяткаў чалавек. Нехта з амонаўцаў загадаў разьлічыцца на першы-другі. Кожны, хто называў свой парадак, атрымліваў дубінкай па сьпіне. Праз гадзіну-дзьве ўва ўсіх сталі пытацца імя і прозьвішча. Усіх, хто «недастаткова гучна» называў сябе, білі дубінкай па сьпіне.

У такім становішчы мы правялі каля пяці гадзін. Ногі пачалі ацякаць ужо праз паўгадзіны, а праз гадзіну сядзець было ўжо вельмі складана. Я стараўся перамяшчаць вагу з нагі на нагу. Калі заўважалі, што рухаесься, білі дубінкай, але прасьцей было адхапіць удар, чым зусім не варушыцца. Варта заўважыць, што і тут мне пашанцавала. За намі назіраў нехта з адпраўленых на Акрэсьціна супрацоўнікаў міліцыі, праз гадзіны 2,5 ён пачаў дазваляць пачаргова выпростваць ногі, камусьці легчы на бок ці на жывот, папярэджваў, калі падыходзяць амонаўцы, каб селі назад на пяткі.

Цяжэй за ўсё было маральна. Увесь час, седзячы на каленях, мы чулі, як б’юць групы людзей. Іхныя крыкі былі жахлівымі, яны дзіка лямантавалі, плакалі, малілі не чапаць, з кожнай групай такое працягвалася па некалькі хвілін. Іх білі вельмі моцна, гукі былі як у фільмах у часе катаваньняў, толькі крычала шмат людзей адразу. Увесь час я думаў, што так распраўляюцца з усімі, і спрабаваў падрыхтавацца маральна. Галоўным страхам было атрымаць калецтва, цяжкія траўмы і застацца інвалідам.

Пакуль мы сядзелі, амон выводзіў групы па 10 чалавек (я, вядома ж, думаў, што на зьбіцьцё). Калі дайшла чарга да мяне і людзей побач, нам загадалі ўстаць і хутка бегчы ў будынак. Падняцца ўдалося не адразу, ногі моцна зацеклі. І я атрымаў дубінкай па нагах.

У будынку загадалі, седзячы, распрануцца дагала, выдалі чорны сьмецьцевы пакет, у які трэба было скласьці ўсе свае асабістыя рэчы, пярсьцёнкі, матузкі ад абутку. Калі ўсё зрабілі, вярнуліся ў тое самае становішча (галавой у калені).

Пакеты падпісалі, усіх паднялі і паказалі, у якія дзьверы бегчы. Мы выбеглі ў памяшканьне бяз даху. Тут усіх пасадзілі на бэтон галавой у калені, затым загадалі, седзячы, адзецца, пры гэтым апошні атрымае дубінкай па сьпіне.

Амонаўцы называлі ўсіх «тварями», «мразями», «уродами», казалі, што праз нас яны ня бачаць сваіх жонак і дзяцей чатыры дні, што яны хочуць нас абараняць, а мы «всякой херней страдаем», пыталіся, «каких, нах…, перемен вам надо».

Наша група была адной з апошніх, каго прывялі ў гэтае памяшканьне. Тыя, хто былі першымі, прасядзелі на бэтоннай падлозе некалькі гадзін, а мы хвілін 20-30.

Калі дазволілі ўстаць, мы агледзеліся. На плошчы 75 квадратных мэтраў нас было каля 130 чалавек.

Першы раз ваду, чатыры літры на ўсіх, далі гадзіны праз чатыры. Наглядчыкі на бальконе просьбы даць вады ігнаравалі альбо прапаноўвалі «нассать в рот с балкона». За ўвесь час, што мы там правялі (12-14 гадзін), нам далі каля 16 літраў вады на ўсіх. Была халаднаватая раніца і дзень. Палова людзей былі толькі ў майках, адзін быў без штаноў, бо штаны былі на матузку і іх адабралі. Усе стараліся згуртавацца, каб сагрэцца. Пасьля спрабавалі заснуць і клаліся адзін на аднаго шэрагамі.

Спрабавалі паклікаць лекара мужчыну-дыябэтыку, які дрэнна сябе адчуваў, але гэтыя просьбы ігнараваліся. Хлопцы апавядалі, што самае цяжкое зьбіцьцё было пры затрыманьні амонам і ў аўтазаках: білі нагамі, дубінкамі, без разбору. Хлопцу з дрэдамі нажом зрэзалі валасы. Мужчыну-мэдыку машынкай выстрыглі на галаве крыж. Іншаму хлопцу на целе нажом ці чымсьці вострым надрапалі поле для гульні ў крыжыкі-нулікі, але, мабыць, згуляць не пасьпелі. Яшчэ ў іншага хлопца былі зламаныя два пальцы на руцэ.

Па камэрах разьвялі пасьля 8-9 вечара. У чатырохмясцовай камэры (№ 19) у першую ноч нас было 32 чалавекі. Вада была толькі з крана і ляжала некалькі боханаў хлеба. Хлопцы, якія сядзелі з 9 жніўня, сказалі, што гэта першая ежа за ўвесь час. Раніцай нам далі вельмі салёную аўсянку, нарэзаны батон і некалькі боханаў чорнага хлеба.

Далей некалькі кароткіх фактаў без храналёгіі.

На хлопца з камэры склалі пратакол за правапарушэньне, якое ён нібыта ўчыніў, калі ўжо быў на Акрэсьціна.

У камэры зь дзяўчатамі ў адной здарылася істэрыка ці зрыў, яна стала кідацца на іншых, крычаць. Наглядчыкі прапанавалі ўсім у камэры разьбірацца самім: «Отп…дите ее, вас же больше 30 человек».

У камэры з намі быў 17-гадовы хлопец, яго ня мелі права саджаць у камэру.

Слухаючы гісторыі іншых, я зразумеў, што ў параўнаньні зь імі мне пашанцавала і я лёгка адбыў.

Мяне адпусьцілі 14 жніўня а шостай раніцы. Ніякіх дакумэнтаў на мяне пры затрыманьні, у турме і пры выхадзе не складалі, суду не было. У сутнасьці, гэта было не затрыманьне, а выкраданьне і катаваньне. Ля выхаду з турмы было шмат людзей, прапаноўвалі бутэрброды, гарбату, каву, ваду. Хлопец, якога звалі Дзіма, даў патэлефанаваць і адвёз мяне дадому.

Учора я падаў заяву ў Сьледчы камітэт і зафіксаваў пабіцьцё“.

„«Хуткія» разварочвалі каля брамы і нават не пускалі ў гэтую турму“

Наста, 18 гадоў, Стоўпцы:

Наста

„Мая гісторыя пачалася ў Менску 9 жніўня. Да выбараў мы зрабілі майкі і прымацавалі чырвоную стужку, каб майка была як сьцяг. Мы схадзілі ў галерэю і шпацыравалі ў бок стэлы, спыніліся каля гатэлю «Менск — горад-герой».

Там размаўлялі зь нейкім мужчынам, і за долю сэкунды гэтага мужчыны ня стала, а мяне ўжо вялі людзі ў чорнай форме. Майго хлопца таксама вялі. Нас пасадзілі ў сіні бус без нумароў і з чорнымі шторамі. Паставілі на калені, а каля нас селі трое амапаўцаў, сярод іх была адна жанчына.

Там быў чалавек, які казаў, што ён проста хоча свабоды. І яго сталі штурхаць і казаць: «Хіба ты не свабодны?» На што ён адказаў: «А хіба гэта свабода?» Пасьля гэтага нас завезьлі за музэй Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца за стэлай, і паставілі тварам да аўтазакаў.

Да мяне ставіліся больш-менш нармальна. А майго хлопца адразу пачалі вельмі жорстка штурхаць. Пасьля адабралі тэлефоны і ўсіх пасадзілі ў аўтазак. З аўтазака мы прайшлі праз калёну АМАПу. Хлопцаў білі дубінкамі. Пасьля мы прыйшлі ў аўтазак, які быў цалкам забіты людзьмі. І там ужо стаялі каля 30 хлопцаў. Яны ўсе былі зьбітыя, з акрываўленымі галовамі.

Каля турмы на Акрэсьціна

Нас прывезьлі, вывелі з гэтага аўтазака і проста, як быдла, сталі штурхаць, білі, нехта крычаў, лямантаваў. Нас паставілі да сьцяны. Мы стаялі ўтрох, я і яшчэ дзьве дзяўчыны. Нас павялі на подпіс чагосьці, пыталіся: што, дзе, адкуль, хто мы такія. Прымусілі цалкам разьдзецца, прымусілі прысядаць, адціскацца. Зьнялі ўсе каштоўныя рэчы, якія на нас былі. Пасьля гэтага нас завялі ў камэру, штурхаючы ў сьпіну. Кінулі, проста як нейкіх сабачак, у гэтую камэру і зачынілі жалезныя дзьверы.

Я яшчэ не разумела, што са мной адбываецца. У мяне быў проста гістэрычны сьмех. Спачатку мы знаходзіліся ўтрох. Са мной была выкладчыца вышэйшай матэматыкі з акадэміі сувязі ў Менску, была дзяўчына-дызайнэр. Пасьля прывялі яшчэ людзей. Мы сядзелі, размаўлялі, кожны расказваў свае гісторыі. Пасьля да нас засялілі дзьвюх п’яных дзяўчат, якія пачалі бушаваць, біць нагамі ў дзьверы, крычаць. Пасьля падсялілі дзяўчыну, якая сядзела за распаўсюд наркотыкаў. Яна таксама была п’яная, патрабавала цыгарэтаў. Нас рабілася ўсё болей, і стала ўжо 21 чалавек у камэры. А камэра была на васьмярых.

Турма на Акрэсьціна

Там былі людзі, назіральнікі на выбарчых участках. У многіх ад нэрваў пачаліся месячныя, яны падкладвалі сабе паперу, шкарпэткі, газэты. Заснуць было немагчыма, бо кожныя дзьве гадзіны да нас заводзілі голых хлопцаў у адных трусах і білі іх па сьпінах. Прыводзілі жынчын, якіх проста за валасы выцягвалі з уласных машын і вялі ў аўтазак.

Другія суткі пачаліся з таго, што я была яшчэ ў гэтай майцы бела-чырвона-белай. Нас вывелі з камэры, паставілі ўздоўж сьцяны, і мы падыходзілі да сьледчага. Гэта быў кшталту сьледчы, папраўдзе гэта быў нейкі азьвярэлы мянцяра, які проста крычаў на нас. Мне пагражалі 30 суткамі арышту. Зь мяне садралі майку і кінулі яе на падлогу. Я засталася ў адным топе. Мяне завялі ў камэру, і я ўжо пачала плакаць.

Турма на Акрэсьціна

Чую, як за вокнамі крычыць мая мама: «Наста, Наста, Наста!» І я пачынаю ёй крычаць, але разумею, што за гэта нас могуць проста забіць у гэтай турме. Крычалі ўсе. Крычалі з суседняй камэры: «Выклічце доктара», бо там у хлопца была зламаная нага. Крычалі, каб выклікалі «хуткую». Але «хуткія» разварочвалі каля брамы і нават не пускалі ў гэтую турму. Мы сядзелі другія суткі, але нам не давалі ежы. Прыводзілі новых дзяўчат, і нас стала ўжо 36. Мы спалі на падлозе, нехта на стале, нехта на зэдліку, нехта стоячы.

Там была дзяўчына, зь якой мы пасябравалі, яе таксама завуць Настай, прозьвішча Вінаградава, яе забралі проста ад варот Акрэсьціна, калі яна шукала сваіх сяброў, з машыны, а пятай гадзіне раніцы, і завялі да нас у камэру.

Каля турмы на Акрэсьціна

Нам сказалі, што будуць пратаколы («Вы падпісваеце, што вы згодныя, і мы вас выпускаем»). Натуральна, мы падпісалі. Нам нават не давалі чытаць гэтых пратаколаў, закрывалі рукамі, крычалі, падганялі, я нават ня бачыла, што там напісана. Як высьветлілася, людзей, якія пасьпелі хоць нешта прачытаць, якія не пагадзіліся і спрабавалі нешта там адстойваць, іх проста білі. Хто даведаўся, што напісана ў пратаколе, казалі, што ва ўсіх напісана адно і тое, што ўсіх затрымалі ў 10.40 вечара на праспэкце Пераможцаў, што мы ўдзельнічалі ў мітынгах і крычалі нейкія лёзунгі. Хоць многіх затрымалі ўвогуле ў іншых раёнах.

Пасьля нас перасялілі, бо пачалі заводзіць шмат людзей і камэр проста не хапала. Нас перавялі ў камэру на чатырох, дзе нас было 50. У многіх дзяўчат былі месячныя, і яны не разумелі, што рабіць. Мы не маглі дыхаць і абліваліся вадой, каб хоць неяк ахаладзіцца ў той задусе, якая там стаяла. З намі была жанчына 68 гадоў, сядзелі журналісты «Белсату», айцішнікі, дызайнэры. Пасьля гэтага ад нас вывелі 11 дзяўчат у карцар. Іх аблілі вадой і паклалі на падлогу. 11 чалавек у карцары, разьлічаным на аднаго!

У камэры паўсюль кішаць прусакі, сьмярдзіць туалет.

Сваякі затрыманых каля турмы на Акрэсьціна

Судзьдзя, да якога я заходзіла, зачытаў мне пратакол незразумелай мовай і настолькі хутка, што я ўвогуле не разумела, што ён чытае. І пасьля ён пытаецца, ці згодная я. Я кажу, што ня згодная. Ён піша, што дае мне сем сутак і да пабачэньня. Я раўла пасьля гэтага суду, як ніколі раней. Нас завялі назад у камэру.

На чацьвёртыя суткі нам сказалі сабрацца і выйсьці з рэчамі. Нас вывелі на вуліцу. Я была ў адным топіку і рваных джынсах. Было холадна. Бабуля зьняла зь сябе джут і надзела на мяне, бо я калацілася. Нас, 27 дзяўчат, пагрузілі ў аўтазак і сказалі, што павязуць у іншае месца. З намі сядзелі чатыры міліцыянты з закрытымі тварамі. Яны з жахам слухалі нашы гісторыі. Яны казалі, што папраўдзе гэта яны добрыя і мірныя, а мы дрэнныя і проста забіваем іх. Казалі, што ў іх кідалі кактэйлі Молатава, што ў кагосьці знайшлі 50 эўра. Пасьля яны дасталі са сваіх заплечнікаў вафлі і мы на чацьвёртыя суткі зьелі па кавалачку вафлі.

Гісторыя закончылася тым, што нас на чацьвёра сутак перавезьлі ў Жодзіна, дзе мы трапілі проста ў рай. Там ня ведалі, што з намі рабіць, бо сказалі, што ім нават не далі пастановы суду. Пасьля выпуску мы паехалі забіраць рэчы. Але мой тэлефон, які забралі ў аўтазаку, быў згублены“.

„Што гэтым зьбіцьцём хочуць даказаць? Што так любяць свой народ?“

Доктар Аляксей Пяткевіч:

„Калі я пабачыў, што зрабілі зь людзьмі, якія былі на Акрэсьціна, я пайшоў да галоўнага доктара і падаў заяву, якую мне падпісалі. Я доктар-хірург, я ведаю, што такое раненьне. Вывернуты гумовай куляй навонкі «фарш» будзе вельмі доўга зажываць. Калегі расказвалі, што некаторым разрывала брушную сьценку. Яны сутыкнуліся з крывацёкам брушной паражніны, цяжкімі спалучанымі траўмамі, былі выбітыя вочы. Гэта было нейкае нашэсьце татара-манголаў ці што?

Я доктар і катэгарычна супраць гвалту! Як можна біць і біць, і біць, і біць, і біць? Пашкоджаньне сьцегнавой і падкаленнай артэрыі лічыцца цяжкім цялесным. А пры такіх ударах яны могуць парвацца. Удар у прамежнасьць — гэта ўвогуле за рысай. Дзяўчынцы адбілі грудзі. Траўмы фізычныя загояцца, але што ў іх будзе з псіхікай? А колькіх мы яшчэ ня бачылі і ня бачым? Што гэтым зьбіцьцём хочуць даказаць? Што так любяць свой народ?

Чарга зьбітых у шпіталь хуткай дапамогі

Пасьля такіх удараў, калі б’юць у адно месца, можа разарвацца печань, ныркі, селязёнка, можа адарвацца корань лёгкага. Я чытаў пра такое ў Салжаніцына, бачыў у ваенных фільмах. Але я ня думаў, што такое можа здарыцца ў Беларусі, якую больш за 75 гадоў таму фашысты «адпрасавалі» і «паклалі», паводле розных ацэнак, ад траціны да чвэрці насельніцтва. А цяпер складваецца сытуацыя, калі мы зноў можам стаць полем бою. Гэта наша зямля. У нас нічога няма, акрамя людзей, лясоў, рэк і азёр. Мы голыя. Галоўнае багацьце — інтэлект нашых людзей.

Я сышоў і не шкадую.

Я ня плакаў з 2012 году — тады памёр бацька. А гэтым разам было штосьці. Мой народ прынізілі і паразьдзіралі. Такое сапраўды нельга забываць і дараваць, гэта беспакараным застацца не павінна“.

Гісторыя Генадзя Шутава, застрэленага вайскоўцам у Берасьці за крык „Жыве Беларусь!“

„Наста, дачка Генадзя Шутава, які 11 жніўня быў паранены ў галаву каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця і памёр у вайсковым шпіталі ў Менску 19 жніўня. Меў 44 гады.

„Бацька сказаў, што крыкнуў «Жыве Беларусь!» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты.

У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор. Чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак. Страляў вайсковец.

Генадзь Шутаў

У лякарні ў Берасьці нам сказалі, што кулі не было. Раней была інфармацыя, што рана скразная, а потым у паперах лекары напісалі, што рана агнястрэльная, пранікальная.

Калі яны апынуліся каля гэтых 20-павярховікаў, у іх у руках не было ніякай арматуры, і гэта няпраўда, што ён нібыта душыў нейкага вайскоўца. То бок ён патэлефанаваў, што едзе дахаты, і з таго часу мы яго шукалі два дні і не маглі знайсьці. Яго тэлефон быў недаступны.

У Жабінкаўскім РАУС нам сказалі, што «намякнуць», дзе яго шукаць.

Потым мы самі знайшлі яго ў лякарні, дзе ім спачатку не хацелі паказваць дакумэнты пра яго здароўе. Рэчы забралі сьледчыя. Толькі 14 жніўня сваякам выдалі дакумэнты пра стан здароўя, не засьведчаныя пячаткай, бо галоўны доктар пайшоў у адпачынак. Генадзя Шутава завезьлі спачатку ў абласную лякарню Берасьця і зрабілі там дзьве апэрацыі, а 13 жніўня ў дзесяць гадзін вечара гелікоптэрам даставілі ў менскі вайсковы шпіталь.

У Берасьці 13 жніўня да параненага бацькі пусьцілі старэйшую дачку, а ў Менску нас да яго не пусьцілі, мы яго ня бачылі“.

Гісторыя Вольгі Рыбаковай зь Берасьця, па якой стралялі людзі ў чорным

Вольга Рыбакова:

„Увечары 10 жніўня я была дома з сынам. У акцыях пратэсту ня ўдзельнічала, на вуліцу ўвечары не выходзіла.

Калі пад вокнамі мы пачулі крыкі, адчынілі балькон вызірнуць, што там. Мы жывем на набярэжнай, было каля 23.30. Пад вокнамі нашага дому стаялі машыны, і людзі ў шаломах са шчыткамі і ў чорнай форме зьбівалі хлопца, «пакавалі» ў машыну. Крыху далей я ўбачыла дзьвюх дзяўчат. Адна зь іх атрымала моцны ўдар. Я не змагла вытрымаць і стала крычаць: «Што ж вы робіце! Спыніцеся!». Было чуваць і іншыя галасы нашых суседзяў. Чалавек у чорным нешта крыкнуў зь нецэнзурнымі словамі, маўляў, хутка ўсе схаваліся! А далей быў стрэл. Ён біў проста ў мяне. Я бачыла, што ён страляе праз прыцэл.

Вольга Рыбакова ў лякарні. Фота „Брестская газета“

Другога стрэлу я ня чула — была ў шокавым стане, але ёсьць сьведчаньні, што стрэлаў было два. Калі я ўбачыла, што на мяне ўскінулі зброю, я інстынктыўна павярнулася і, магчыма, таму наступствы не такія жахлівыя, як маглі б быць. Куля прайшла наўскос, выхапіўшы зь мяне кавалак мяса. Я зрабіла пару крокаў у пакой і апусьцілася на калені, боль быў жахлівы. Спачатку падумала: «Нічога сабе гематома! Як жа балюча!» Я лічыла, што ад гумовай кулі застаюцца сінякі. Але потым пабачыла, што кроў бяжыць паміж пальцаў. Адсунула шорты, а там ірваная рана і булькае кроў. Я пачала страчваць прытомнасьць, але зразумела, што мне трэба трымацца з усіх сіл, бо калі буду сьцякаць крывёю, сын мяне ня выратуе, а хуткая можа ехаць доўга. Сын крычаў на ўсю кватэру: ён вырашыў, што мяне застрэлілі. Ён патэлефанаваў у хуткую і пабег па нашатыр да бабулі.

Хуткая прыехала прыблізна праз гадзіну, але ў тым няма віны мэдыкаў — вуліцы былі перакрытыя, а выклікаў, відаць, было шмат. Лекары адразу праверылі, ці не закранутыя ўнутраныя органы, перабінтавалі рану, паставілі кропельніцу і адвезьлі мяне ў лякарню. Аднак і там мне давялося чакаць апэрацыі: я была не адна, хто пацярпеў ад куль.

Цяпер наперадзе доўгае лекаваньне і рэабілітацыя, якая можа зацягнуцца на паўгода.

Лекары кажуць, што вайна даўно закончылася, і яны ведаюць, як лекаваць такія раны ў тэорыі, дый то пасьля звычайнай кулі. А ў мяне рана рваная, якую проста так не зашыць. Кажуць, калі пачне зажываць (месяцы праз два), можна будзе рабіць плястыку, каб яе закрыць.

Мне і страшна і балюча, але маўчаць нельга. Я напісала заяву ў Сьледчы камітэт і раю гэта зрабіць усім-усім-усім, хто пацярпеў ад гэтых бясчынстваў. Ня можа здарыцца ні ў якой краіне сьвету ў 2020 годзе такі гвалт над народам.

Я насамрэч ні разу не рэвалюцыянэр і вельмі мірны чалавек, мне вельмі складана ўсё гэта перажыць. Але ўсе гэтыя ахвяры не павінны быць дарэмнымі, а паслужыць чамусьці сьветламу і добраму. Гвалт трэба спыніць! Нельга дапусьціць, каб з табой так абыходзіліся. Мы ж людзі! Я проста плачу паўсутак ад болю і паўсутак ад гонару за тое, што ў нас такі адважны народ, і што я — беларуска“.

„Брестская газета“

Міліцыя: „А давайце яму дубінку ў ж…у засунем“

Магілёвец Вадзім Гулевіч, 35 гадоў:

„Мяне затрымалі 10 жніўня на вуліцы Першамайскай, каля кавярні «Шпаркі лось». Я стаяў з таварышам прыкладна ў 22.40. Каля нас спыніўся аўтобус, зь якога выскачылі людзі ў чорным. Мы кінуліся на ўцёкі ў двор, там разьбегліся.

Вадзім Гулевіч

Схаваўся пад лесьвіцу, але мяне ўгледзелі амапаўцы, накіравалі пісталет і я падняў рукі. У аўтобусе ня білі. Праглядзелі пашпарт і запыталі, што раблю тут «у свае 35». Я адказаў, што прыйшоў у цэнтар гораду бараніць свае перакананьні.

У Ленінскім аддзеле міліцыі «прымалі» жорстка. Нас аддалі бамбізам, якія затрыманых скруцілі ў «абаранак» і загадалі бегчы па лесьвіцы на трэці паверх. Ім было абыякава, што ў мяне балела нага. Загналі ў спартовую залю, дзе ўжо ляжалі на падлозе можа 30-50 чалавек. Міліцыянты крычалі, каб ніхто не падымаў галовы і ляжалі «пысаю ў падлогу». Таму, хто ня слухаўся, прыціскалі галаву нагой і прыкладваліся дручком.

На мяне чамусьці крычалі, што я «арганізатар». Адвялі ў асобны кабінэт, начапіўшы кайданкі і там былі асноўныя зьдзекі. Паклалі тварам у падлогу ў «позу ластаўкі» (ногі завялі за кайданкі) ды накінулі капялюш. Запыталі «ня дужа ветліва» пін-код ад тэлефону, што я ня змог ім адмовіць. Праглядалі тэлефон і білі. Цьвердзілі, што я арганізатар. Запытвалі, хто плаціць грошы, хто мой каардынатар, ад каго атрымліваю заданьні. Потым даведваўся, што аб гэтым пыталі ў многіх, нібыта, ім убілі гэта ў галаву і далі ўстаноўку — кожнага нармальнага грамадзяніна ператварыць у ворага.

Сіняк на скроні

Гвалт супраць мяне быў больш псыхалягічны. Не было ўдараў з размаху. Колькі разоў добра стукнулі толькі. Калі сказаў, што баліць калена, то націскалі на яго так, што заходзіўся ад болю. Пры гэтым, зьдзекаваліся: «ах у цябе каленка баліць». Прыстаўлялі дручок да задняга праходу і казалі: «А давайце яму дручок у ж…у засунем».

Нікога ня мог разгледзець. Усе ў чорным, у масках, як адзін дужыя, «качкі». Бачыў толькі чырвона-белыя красоўкі, якія каля твару хадзілі.

Затым адправілі ў ізалятар. Там ніхто ня зьдзекаваўся. Ахоўнікі паводзілі сябе карэктна. Адзінае — тое, як прыходзіў у ізалятары суд. 17 жніўня толькі даведаўся імя судзьдзі, якая разглядала маю справу — гэта Вольга Драздова. Яна зачытала правы. Я папрасіў абаронцу. Да мяне падышоў «таварыш» і на вуха сказаў: «абаронцу табе? Мы з табою яшчэ ў спартовай залі пагаворым!». Ня ведаю, ці пачула судзьдзя? Зразумеў, што на абаронцу разьлічваць не выпадае. Судзьдзя запытала, ці прызнаю сябе вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве? «Не прызнаю!». Тады яна агучыла, што мне 15 сутак. Працэс заняў 2-3 хвіліны. З 15 сутак адседзеў 4.

„Дастае з кішэні вазэлін і кажа: мы цябе проста згвалтуем“

Аляксандра, 20 гадоў:

Аляксандра

„Выпусьцілі мяне з чацьвярга на пятніцу. А затрымалі ў ноч зь 10 на 11-га. Затрымалі і павезьлі ў РУУС. І пасьля прывезьлі сюды, на Акрэсьціна.

Там жанчына на ўваходзе была, якая проста бярэ, б’е па нагах, ну каб самасьцьвердзіцца неяк ці неяк зьнявечыць. І пытаецца: «Як справы, сучка?». Далей ставяць да сьцяны, проста кідаюць у сьцяну, быццам ты нейкая рэч. Прымушаюць распранацца. І калі ты ставіш ногі на шырыню плеч, рукі за сьпіну, як загадалі, яна цябе б’е яшчэ больш, па нагах. Да такой ступені, што ты сядаеш ледзьве не на шпагат. Ты плачаш, бо балюча, у іх абутак грубы. Пасьля гэтага ты ня можаш ні хадзіць, нічога.

Бясконцыя абразы былі, пакуль мяне там вадзілі, афармлялі. Гэта былі абразы і прыніжэньні, што калі ў мяне татуіроўкі, значыць, я зэк. І што я афіцыйна беспрацоўная, таму лепш мне не высоўвацца, бо такіх, як я трэба забіваць. Чаму ты выглядаеш так, калі ты вырадак, ты ганьба гэтай краіны. Хоць я выйшла, наадварот, за краіну, сказаць, што я люблю сваю краіну. А я, аказваецца, ганьба, па-іхнаму. То бок, я не чалавек, нават не жывёла, такіх, як я, трэба забіваць, нявечыць, гвалтаваць, а лепш не нараджаць. Як яны мне казалі ў аўтазаку, каб такіх людзей не нараджалася, трэба рабіць аборты.

Калі я сказала, што я дзяўчына, ён кажа: О, дык ты яшчэ і баба. Калі я ўжо сядзела ў аўтазаку, ён сказаў мне: ногі пад сябе, скласьці вось так локці, галаву паміж ног. Ён адабраў мой тэлефон, прымусіў яго разблякаваць, сеў на мяне і глядзеў, што ў мяне ў галерэі і ўсе мае перапіскі. І калі ён убачыў групу «Чай з малінавым варэньнем»… Дастае вазэлін з кішэні і кажа, ты ведаеш, што мы табой зараз зробім? Мы цябе проста згвалтуем. І гэтыя пагрозы былі на працягу ўсёй дарогі, хвілін 15. «Мы цябе прыкапаем у лесе». І сапраўды быў момант, калі яны спыніліся каля лесу і кажуць: ну што, рыхтуйся. І там аказаўся нейкі хлопец ці мужчына, які сказаў: ды ня трэба, давайце яе завязем проста. І гэта мяне выратавала. Бо я разумею, што мяне цяпер магло ня быць.

У мяне частковы надрыў зьвязак паўсюль, па ўсім целе. Мяне дактары аглядалі і так сказалі. Таму я цяпер чакаю мыліцы, каб яшчэ і другую нагу не даводзіць да такога стану“.

„Дзеда Сашу завялі ў аўтазак і галавой білі аб дзьвярны касяк“

Алёна Палачанская:

„Сустрэла ўчора гэтага дзядулю і запомню яго на ўсё жыцьцё. Раскажу пра яго ўсім знаёмым, асабліва тым, хто галасаваў за Лукашэнку.

«Гэта ня фарба, гэта я ішоў дадому ў сераду позна і мяне затрымаў АМАП. Але, ведаеце, я самы шчасьлівы чалавек у сьвеце», — сказаў дзед Саша.

Дзед Саша, зьбіты ў міліцыі

Дзед Саша паказаў сваё плячо, да мяса прабітае ў некалькіх месцах дубінкамі. Пасьля зьбіцьця яго завялі ў аўтазак і галавой білі аб дзьвярны касяк: патыліца, твар у ранах і сіняках.

Ён усьміхаўся і расказваў пра сваё шчасьце, пра сваіх пяцярых дзяцей, пра любімую ўнучку, пра памерлую любімую жонку і сказаў абавязкова паглядзець мульцік Сьцепанцова «Шчаўкунок» — бо там пра будучыню Беларусі.

Дзед Саша захапляўся беларускай моладзьдзю і тым, што ён бачыць на вуліцах.

АМАП сказаў дзеду Сашу, каб больш ніколі не хадзіў на мітынгі. «Ну вось я і не хаджу», — сьмяецца дзед Саша і патрасае сваім плякатам.

Дзед Саша верыць у нас, і мы павінныя верыць у сябе“.

„Дзяўчына ў форме грэбліва сказала: «Не запэцкай мяне крывёй»“

Магілёвец Віталь Шаталаў, 43 гады

Віталь Шаталаў

„Мяне ўзялі ў палон 11 жніўня ў восем гадзінаў вечара, калі ішоў ад кінатэатру «Радзіма» да гандлёвага цэнтру «Атрыюм». Людзі ў чорным схапілі пад рукі і завялі ў аўтазак. Там ужо былі затрыманыя хлопцы. Пасьля таго, як міліцыянтам скамандавалі «працуем», пачалі зьбіваць. Дручкамі зьбілі з ног і дабівалі на падлозе.

З усіх бакоў сыпаліся ўдары. Нам крычалі не падымаць вочы. Мяне літаральна тапталі нагамі. Пабачыўшы мае тату з Каліноўскім і надпісам «Жыве Беларусь», біць сталі яшчэ мацней. За белыя стужкі на руках у іншых затрыманых бязьлітасна білі. Прыгаворвалі: «Што вам міліцыя кепская, вы ж нас забіваеце ў Менску, хто вам заплаціў, няўжо вам кепска жывецца, свабоды захацелі».

У аднаго міліцыянта на берцах была ўстаўка з бляхі. Я ўсяляк закрываўся, але ўсё ж галаву мне расьсеклі і пацякла кроў. Пабачыўшы кроў, міліцыянты суняліся. Мяне кінулі ў асобны адсек аўтазаку.

Траўма галавы Віталя Шаталава

Было дзіка сярод мужчынскага крыку пачуць жаночы голас. Дзяўчына ў масцы назірала за зьбіваньнем і зьдзекавалася. Калі мяне да яе падвялі, дык яна грэбліва прамовіла: «Не запэцкай мяне крывёю».

Наладаваўшы аўтазак палоннымі, нас завезьлі ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі. Там загадалі бегчы на трэці паверх у спартовую залю. На кожным лесьвічным пралёце стаялі па два міліцыянты ў цывільным і білі нас дручкамі. У залі паставілі на калені і рукі загадалі закласьці за галаву. Калі нехта не падпарадкоўваўся, моцна білі дручком па баках. Для нетрэнаваных людзей — гэта псыхалягічная траўма на ўсё жыцьцё.

Прабітае плячо

Зь мяне набегла лужына крыві, і «харошы опэр» прапанаваў выклікаць хуткую дапамогу. Вывелі з аддзелу, мэдыкаў я чакаў, седзячы на зямлі. Побач быў пажылы мужчына, якога ванітавала, ды моцна пабіты 18-гадовы хлапец.

Мяне завезьлі ў нэўрахірургію лякарні хуткай дапамогі. Міліцыянты ж засталіся пад лякарняй са спадзевам, што мяне адпусьцяць. Мне наклалі тры швы і пакінулі ў стацыянары. Я ад таго, што са мною адбылося, быў у шоку. Ноч прабыў у палаце, а на раніцу, ачуняўшы і непакоячыся, што мэдыкі аддадуць мяне міліцыі, сышоў зь лякарні.

Імаверна, пра маё зьбіцьцё лекары паведамілі ў Сьледчы камітэт, бо да мяне прыходзіла адтуль супрацоўніца, але я ёй дзьверы не адчыніў, бо думаў, што гэта міліцыя. Пазьней да яе хадзіла маці, і ёй яна сказала, што зьбіраюцца зьвесткі, хто зьбіваў людзей. Такіх, як я, шмат, і яны давалі паказаньні. Ачуняю і схаджу.

Тату, якое раззлавала міліцыянтаў

У мяне дыягнаставалі страсеньне мозгу 2 ступені. Мяне ванітавала чатыры дні. Расьсечана галава. У выпісцы напісана, што гэта «крымінальная траўма». Швы зьнялі 17 жніўня, але знаходжуся пад наглядам лекараў. Пабітыя ногі, сьпіна. Пасьля зьбіцьця я ня мог хадзіць.

Міліцыянты выконвалі злачынны загад з самага верху. Прыкра тое, што так зьдзекаваліся беларусы зь беларусаў. Мне падаецца, што зьбівалі не амапаўцы, а апэратыўнікі з раённых аддзелаў міліцыі. Яны былі невысокага росту і дужа азлобленыя“.

„Рэаніматолягаў таксама забіралі на Акрэсьціна“

Доктар-рэаніматоляг Юры Сіраш, загадчык аддзяленьня рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (для пацыентаў хірургічнага профілю) Менскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі:

Юры Сіраш

„Я дзяжурыў 9 жніўня, быў адказным доктарам па шпіталі. Брыгады хуткай дапамогі пачалі прывозіць увечары траўмаваных сьвятлашумавымі гранатамі. Мы чакалі большай колькасьці пацыентаў, але асноўны ўдар прыняў на сябе вайсковы шпіталь. І гэта правільна, бо мінна-выбуховая траўма, агнястрэлы — гэта іхны профіль. Адзінае, мы разумелі: калі будзе вельмі вялікая колькасьць пацярпелых, вайсковы шпіталь ня зможа ўсіх прыняць. Наш шпіталь усе гэтыя дні адпрацаваў з запасам, з рэзэрвам.

Усю інфармацыю атрымлівалі праз «вуснае радыё», бо афіцыйнай інфармацыі не было — нуль, інтэрнэт вырубаўся, ТВ верыць нельга. Асноўная інфармацыя, якая да нас прыходзіла, — менавіта ад брыгадаў хуткай дапамогі. Прыяжджалі «хуткія», казалі: Цяпер узрываюцца сьвятлашумавыя гранаты, нам трэба рыхтавацца да таго і таго; пусьцілі сьлезацечны газ — да іншага. Я хачу падзякаваць усім сваім калегам. 9-га ўсё аддзяленьне выйшла на працу, у наступныя дні таксама людзі тут начавалі, выходзілі не ў свае зьмены.

Здаецца, 11 жніўня «хуткім» забаранілі прыяжджаць туды. Брыгады маглі выехаць на месца, у асяродкі супраціву, толькі на выклік міліцыі — 102. Іх туды не пускалі! Гэта нас вельмі моцна засмуціла, бо гэта баявая траўма: чым раней ты акажаш дапамогу, тым больш шанцаў пацярпеламу выжыць.

Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Малінаўцы, 12 жніўня

Але адчаю не было. Я ведаю прыклады, як мае калегі-валянтэры проста надзявалі будаўнічыя каскі, матацыклетныя шаломы, бралі выявы чырвоных крыжоў і ішлі «на перадавую». Пакавалі аптэчкі, бралі ўсё з сабой і ішлі дапамагаць проста на поле бою.

Але наступны этап — калі іх таксама ўзялі. Мой знаёмы казаў: «Прабач, але ў мяне людзей не засталося, нашых таксама забралі і адправілі на Акрэсьціна». Дактароў-рэаніматолягаў, мэдсёстраў. У выніку аказалася, што людзі, якія знаходзяцца ў асяродках паражэньня, засталіся без мэдычнай дапамогі.

Юры Сіраш

Паводле сусьветнай практыкі, у такой сытуацыі на дапамогу прыходзіць чырвоны крыж. Людзі падымаюць чырвоны крыж, і іх ніхто не чапае. Яны дапамагаюць абодвум процілеглым бакам. Так, могуць быць канфлікты, але людзей з чырвоным крыжам ніхто ня мае права кранаць. Параненых ніхто ня мае права дабіваць. Афіцыйны Чырвоны Крыж у нас — гэта крыху іншая гісторыя. Але валянтэры стараліся. Яны мне скідвалі здымкі, як проста пакідалі на месцах перакіс вадароду, перавязачны матэрыял, каб людзі маглі дапамагчы сабе ці перавязаць параненага.

Валянтэры яшчэ расказвалі, што іх білі амапаўцы. Валянтэраў з чырвоным крыжам! «„Я аказваю дапамогу“ — удар дручком мне ў сьпіну і ўдар па тым чалавеку, якому я дапамагаю», — казаў валянтэр. Дабіваць параненага — гэта ўжо апошняя стадыя нізасьці. Гэта сапраўды сьведчаньні зь першых вуснаў.

Нават вайскоўцы нашы рэдка з гэтым сутыкаюцца. Гэта няшчасныя выпадкі падчас вучэньняў. Ці пэтарды. Мы, шчыра кажучы, ведаем пра гэта тэарэтычна, але амаль не сутыкаліся на практыцы. Бо, як у гімне пяецца, «Мы, беларусы, мірныя людзі». Калі Расея заўсёды з кімсьці ваюе — то Каўказ, то Крым, то Сырыя — то для нас гэта адзінкавыя выпадкі.

Калі спыніліся сутычкі на вуліцах, тысячы людзей кінулі за краты. І пачалі везьці людзей з Акрэсьціна, з РУУСаў. На іх было страшна глядзець — людзей тупа «адпрацоўвалі». Калі прывозілі людзей са спалучанымі траўмамі — жывога месца на іх не было, падымаеш майку — а там месіва, усё сіняе, фарш. Спрабуеш хлопца перакласьці з насілак на каталку, а ён раве ад болю.

Мала таго, іх яшчэ пазначалі незмывальнай фарбай — лоб і руку. Навошта, я ня ведаю. Прычым гэта ніякія не бандыты, не наркаманы, не крымінальнікі. Гэта нармальныя маладыя хлопцы. Не было п’яных, забулдыг, алькаголікаў, асацыяльных людзей.

Вось гэта і прымусіла нас падняцца. Гэта ўжо па-за межамі.

У Беларусі акцыі заўсёды былі мірнымі. Скажыце, што перашкаджала дазволіць правесьці 6 жніўня акцыю ў парку Дружбы народаў? Я быў на папярэдняй акцыі на Бангалоры 31 ліпеня, там не было ніводнага хулігана, бандыта. Там былі нармальныя людзі, Я, палітычна нэўтральны чалавек, прыйшоў зь сям’ёй. Там былі прыгожыя людзі. Гэта быў драйв, сіла. Гэта быў момант, калі нараджаецца нацыя. Нам забаранілі зьбірацца мірна, і калі людзі выйшлі на пратэст, улада пачала выкарыстоўваць баявую зброю. Гвалт нараджае гвалт — па-іншаму быць ня можа.

Юры Сіраш

Я не хадзіў на барыкады не таму, што я баюся. Я проста ўсьведамляў, што ў клініцы буду больш карысным.

А на пратэсты мы таксама выходзім. 12 жніўня выходзілі да мэдычнага ўнівэрсытэту на мірную акцыю. Гэта было так узьнёсла! Апошняй кропляй стала затрыманьне нашага калегі, доктара-рэаніматоляга Багдана Шыльнікоўскага, і народ зразумеў, што далей ужо трываць нельга. Бо калі затрымліваюць суседа, знаёмага — гэта адно. Калі сваяка ці калегу — іншае. Як сказаў мне іншы калега, аднакурсьнік і сябра Багдана, «за што затрымліваць гэтага „пяльменя“, ён жа найдабрэйшы чалавек!»

Мы зьвярнуліся да галоўнага доктара: трэба тэрмінова яго вызваляць. Галоўны доктар нас зьбіраў, зьвязваўся з намесьнікам міністра і езьдзіў на Акрэсьціна яго шукаць. Але інфармацыя пра тое, што лекар зьбіты, пайшла ўжо па ўсёй сыстэме, і брыгада хуткай дапамогі яго вывезла з Акрэсьціна. У яго ёсьць праблемы са здароўем, не зьвязаныя з траўмай (цукровы дыябэт), і ўдалося яго вывезьці нават раней, чым на Акрэсьціна прыехаў галоўны доктар. Цяпер Багдан знаходзіцца ў нас у стацыянары. Ён ужо бадзёры, нават жартуе.

Але я супраць таго, каб змагацца не паводле прафэсійнай, этнічнай ці яшчэ якой прыкметы. Трэба змагацца за ўсіх. Там яшчэ застаюцца людзі, і многія ў цяжкім стане. Мы павінны патрабаваць вызваліць усіх. Мы не павінны пагаджацца на саступкі: вось вашага калегу выпусьцім, а іншага пакінем. Гэта антыгуманна.

Наступствы застануцца. Любая стрэсавая сытуацыя так проста не праходзіць. Байцоў АМАП, САХР, міліцыянтаў адмыслова трэнуюць, яны прывычныя, гэта іх прафэсія, а мы звычайныя людзі. Бясьсьледна гэта ня пройдзе. Тут, у шпіталі, мусяць працаваць прафэсійныя псыхолягі. А да нас прыходзяць толькі валянтэры-псыхолягі.


Мы не павінны нічога ўтойваць, нічога не павінна замоўчвацца — гэта нашы грамадзяне. Павінны быць сьпісы ўсіх затрыманых і месцы, дзе яны знаходзяцца. А ня так, што валянтэры шукаюць людзей па ўсіх пастарунках і шпіталях. Павінен быць даведачны цэнтар для сваякоў, каб яны маглі апэратыўна атрымаць інфармацыю.

Тыя хлопцы, якія да нас трапілі, першыя суткі-двое проста спалі. Зойдзеш у палату, павітаесься, а яны сьпяць. Пад вечар апрытомнеюць, прачнуцца: «Вітаю, доктар!» А я ўжо разоў 10 туды заходзіў.

Аднаго хлопца прывезьлі з Акрэсьціна на «хуткай». Там яго трое сутак тупа білі. І ён, калі перагружалі ў машыну хуткай дапамогі, пытаўся: «А мяне ня будуць больш біць?» А хлопцу 20 гадоў! За што?

„Моцна зьбілі пасьля таго, як заўважылі «Пагоню» на мабільным“

Павал Пагарцаў, 20 гадоў, затрыманы 11 жніўня ў Гомлі:

„Мяне завялі на чацьвёрты паверх Цэнтральнага РАУС, паклалі тварам у падлогу, прымусілі поўзаць, пры гэтым моцна білі дручкамі.

Павал Пагарцаў

Яны былі ў чорным, твары хавалі пад балаклавамі. Мяне моцна зьбілі пасьля таго, як заўважылі «Пагоню» на мабільным тэлефоне. Нас усіх прымусілі ляжаць тварам у падлогу з закручанымі назад рукамі. Так ляжалі каля 18 гадзін.

Назаўтра тут жа ў аддзеле быў суд. Мне далі 10 сутак. Але 14 жніўня выпусьцілі“.

Цяпер Павел у шпіталі, у яго чэрапна-мазгавая траўма, гематомы на ўсім целе.

„Міліцыянткі бегаюць па крыві вясёлыя, хіхікаюць і размаўляюць матам“

56-гадовы Мікалай, жыхар Жлобіна, схоплены 10 жніўня:

„На мяне наляцеў нейкі міліцыянт, крыкнуў: «Гэта ён, бяром!», тут жа падляцела іхная «газэль», і мяне запакавалі. Круцілі рукі — а ў іх рукі моцна калаціліся, ніяк не маглі кайданкі на мяне надзець. Урэшце атрымалася. У «газэлі» міліцыянт сеў на мяне зьверху, а сам можа сто кіляў важыць, і яшчэ каленам душыў у шыю — як на пратэстах у ЗША. Тое, што міліцыянты мне казалі, я вам не магу пераказаць, бо на 95% там была ненарматыўная лексыка.

Калі мяне прыцягнулі ў дворык аддзелу міліцыі, я страціў прытомнасьць, яны аблілі мяне вадой і пацягнулі ў падвал. Там у іх ці спартовая, ці трэнажэрная заля. Там ужо былі людзі. Калі мяне туды вялі — усе прыступкі былі залітыя крывёй. Шакавала ня тое, што нас там білі, а тое, што прыступкі залітыя крывёй, людзі ляжаць без прытомнасьці, а жанчыны-міліцыянткі ў гэты час бегаюць вясёлыя, хіхікаюць і размаўляць матамі!

Я недзе згубіў акуляры, шлёпанцы, быў там босы. Босы ішоў па прыступках, залітых крывёй. Там білі дручкамі, ставілі людзей на калені, і каб твар быў у падлогу. Адзін хлопец надта абураўся, што яго ўзялі ні за што, і яму далі дручком на галаве — было пяць удараў. І мне заадно — тры ўдары, са словамі: «Маўчы, стары п...с!». Я выкрыкнуў сваё прозьвішча, каб, калі памру, людзі мяне запомнілі. І тады мяне яшчэ раз стукнулі дручком па галаве.

Я казаў, што ў мяне высокі ціск. Прывялі нібыта лекараў. Яны зьбіраліся мне мераць ціск, хоць мае рукі былі ззаду скручаныя кайданкамі! Нарэшце выклікалі «хуткую»“.

Мікалай трапіў у шпіталь з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай.

„Паўсюль валяліся выбітыя зубы“

Дзьмітрыя Лукомскага, актывіста супольнасьці «Страна для жизни», схапілі 11 жніўня:

„Міліцыянты вельмі ўзрадаваліся, калі злавілі мяне. Зацягнулі ў Цэнтральны РАУС Гомля, і там пачаўся проста кашмар. Яны паклалі мяне тварам у падлогу, як усіх затрыманых, і білі жорстка — па галаве, па вушах, па нагах — дубінкай. Падыходзілі па чарзе і білі нагамі ў пахвіну. Гэта былі нашы, гомельскія міліцыянты, з Цэнтральнага. Бо яны мяне ведалі і казалі: «О, Лукомскі!» — і яшчэ ўдар нагой у пахвіну. Яны былі ў масках, нікога не пазнаць. Таксама калолі мяне іголкамі. Навошта? Я не ведаю. Начаплялі на мяне нейкіх значкоў, кшталту апазыцыйных, здымалі гэта на камэру. Зноў білі. Я ляжаў на падлозе і бачыў, як паўсюль валяюцца выбітыя зубы, шмат зубоў. Людзі крычалі вельмі страшна, а міліцыянты крычалі: «Падпісвай, сука, падпісвай!»

Дзьмітры Лукомскі быў зьбіты ў Цэнтральным РАУС Гомля

У іх у Цэнтральным была такая «забава» — «каруселі». Гэта калі цябе цягнуць па падлозе, а ўсе цябе дубасяць. У мяне спыталіся: «Ці патрэбен табе адвакат?» Кажу, што патрэбен. І адразу наляцелі чалавек дзесяць на мяне аднаго і пачалі біць рукамі і нагамі.

Адразу, як прывезьлі ў аддзел, пагражалі фізычнай расправай. Выйшаў нейкі начальнік і сказаў: «Гэта Лукомскі? У лес яго і кончыць!». Пагражалі згвалціць дубінкай.... Ня ведаю, што было б, але якраз гэтых садыстаў недзе тэрмінова выклікалі і яны зьехалі. Патэлефанавала ў аддзел мая сяброўка, прасіла, каб ёй аддалі ключы ад хаты. Яны прапанавалі прыехаць, а самі абрадаваліся: «О! Гэта яго сяброўка! Давай-ка яе сюды!» Добра, што яна забаялася і не паехала. На мяне крычалі, каб я казаў, што я люблю міліцыю. Я кажу: «Вельмі». «Ня чуем, давай мацней крычы», — крычалі яны і білі мяне“.

„Білі, спрабавалі зрабіць зь мяне «каардынатара»“

Максім Новікаў, праграміст з Гомля:

Максім Новікаў

„У Цэнтральным РАУС Гомля мяне білі, быў зь зьвязанымі ззаду рукамі. Білі па твары, па галаве, па нагах, ступаках, па ягадзіцах — дручкамі. Падымалі ў позе «ластаўкі». Я ня ведаю, хто біў. Твараў нельга разглядзець, усе ў чорным, у масках. Яны спрабавалі зрабіць зь мяне «каардынатара», прыносілі нажы, нейкія іншыя рэчы, патрабавалі, каб я прызнаўся, што гэта ўсё маё. Потым прывялі хлопца гадоў 17 і патрабавалі ад яго, каб ён прызнаўся, што я падбухторыў яго ўзяць удзел у мітынгу. Той адмовіўся — яны пачалі яго біць пры мне. Я нічога не падпісваў, за гэта мяне білі яшчэ больш. У мяне пералом двух адросткаў у хрыбце.

Яны былі, як зомбі, зь імі немагчыма было размаўляць, нешта казаць. Судзілі мяне безь ніякіх доказаў, нават час і месца затрыманьня былі няправільнымі. Нейкая «камісія» прымушала падпісаць паперу, што я абяцаю ня ўдзельнічаць у мітынгах, іначай на мяне распачнуць крымінальную справу. Хто яны? Невядома. Я не падпісваў“.

Максім зьбіраецца зьвярнуцца ў СК наконт зьбіцьця.

„Адзін амапавец сказаў: «Была б мая воля, я б вас усіх спаліў!»“

Сяргей Мельянец, вернік-баптыст:

„Мяне ўчора, на другі дзень пасьля выбараў, захапілі амапаўцы. З двума роднымі братамі мы сядзелі ў машыне, прыпаркаванай каля КЗ «Мінск». Проста хацелі быць недалёка ад цэнтру гораду і маліцца за сытуацыю ў Беларусі.

Мяне выцягнулі з машыны, аддубасілі дручкамі па галаве, сьпіне, жываце. Я крычаў ім, што я вернік, што я тут для таго, каб маліцца за Беларусь. Яны ня верылі. Размаўлялі толькі матам, пагражалі і білі. Забралі тэлефон.

Сяргей Мельянец

Потым закінулі ў сіні мікрааўтобус. Загадалі легчы ў праход тварам уніз. Там ужо ляжалі двое. Давялося легчы зьверху. Амапавец пачаў катаваць мяне электрашокерам. Біў токам па сьпіне ў раёне сэрца. Пытаўся, з кім я быў, хто арганізатар. Мае адказы яго не задавальнялі. Калі ён даведаўся, што я баптыст, спытаўся, якія ведаю малітвы. Я сказаў, што малюся сваімі словамі і ведаю «Ойча наш».

Нас прывезьлі ў нейкі закутак, выгрузілі, прымусілі стаяць на расьцяжцы, упершыся галавой у аўтазак. За самы малы рух ці спробу гаварыць білі дубінкамі. Амапавец трымаў маю зламаную руку за сьпінай, хоць у гэтым не было патрэбы. Было вельмі страшна. Адзін амапавец гучна сказаў: «Была б мая воля, я б вас усіх спаліў!»

Потым з матамі і ўдарамі нас загрузілі ў іншы аўтазак, шэрага колеру. Там былі так званыя «стаканы» — каробачкі, у якія зь цяжкасьцю маглі зьмясьціцца седзячы тры чалавекі. Бяз вокнаў і выцяжкі. Толькі маленькая дзірка ўверсе дзьвярэй. Было цяжка дыхаць.

Побач са мной сядзелі студэнт, які вяртаўся дадому, у якога дыябэт і цяжкасьці з дыханьнем, і хлопец, які ехаў на машыне зь сябрам. Ён спыніўся каля міліцыянта і проста спытаў, ці можна павярнуць на праспэкт. Яго схапілі, цягнулі па асфальце і зьдзерлі скуру з каленяў.

Нас прывезьлі на тэрыторыю з высокім плотам пад калючым дротам. Там з матамі выгрузілі ў памяшканьне, падобнае на пусты склад. Толькі бэтонная падлога і сьцены. Паставілі тварам да сьцяны, забаранялі размаўляць.

Так прастаялі дзьве гадзіны. Усіх перапісалі. Потым пачалі закоўваць рукі за сьпінай будаўнічымі сьцяжкамі.

Мне стала рэальна дрэнна. Забалела сэрца, не хапала паветра. У мяне і раней былі праблемы з сэрцам. За гэта нават у армію не ўзялі. Я папрасіў выклікаць хуткую дапамогу. Аказалася, яна ўжо стаіць на тэрыторыі. Мяне адразу агледзелі. Тахікардыя, панічная атака, болі ў сэрцы, сутаргі, зьніжанае колькасьць кіслароду ў крыві… Паўгадзіны я ляжаў у хуткай, падключылі кропельніцу, далі таблеткі. Вырашылі везьці ў лякарню.

Лекары былі абураныя тым, што яны бачылі і што мы ім расказвалі. Але амапаўцам яны нічога не казалі. Некаторыя лекары былі абыякавыя і размаўлялі матамі.

У лякарні чатыры гадзіны мне нясьпешна рабілі аналізы і абсьледаваньне. Пры мне прывозілі шмат зьбітых і траўмаваных людзей. У аднаго чалавека былі вырваныя кавалкі мяса ў трох месцах памерам з кулак — там, куды трапілі гумовыя кулі.

Урэшце прызналі, што мне не патрэбна тэрміновая шпіталізацыя. Месцаў не было. Лякарні забітыя параненымі і зьбітымі людзьмі.


Да трох гадзін ночы мяне выпусьцілі зь лякарні. Тэлефон сеў, і ні капейкі грошай. Паўгадзіны галасаваў на прыпынку. Ніхто не спыняўся. Падышла жанчына, у якой было 10 рублёў. І ёй было са мной у адзін бок. Урэшце мы змаглі знайсьці таксі. Добры чалавек пагадзіўся давезьці нас дадому.

Увесь гэты час я маліўся Богу за людзей, зь якіх зьдзекуюцца і б’юць, за сябе і за сваіх братоў. За нашу краіну. За ўлады, каб Бог расплюшчыў ім вочы і прамовіў да іхнага сумленьня.

Праз два дні нарэшце зьявілася інфармацыя, што мае браты ў турме ў Жодзіне. Праз чатыры дні іх выпусьцілі на свабоду. Іх зьбівалі, але абышлося без сур’ёзных траўмаў. Бог захаваў“.

Гісторыя горадзенскага каардынатара штабу Бабарыкі

Маці Ігара Ярмолава, каардынатара штабу Віктара Бабарыкі:

„Двое сутак мы шукалі сына пасьля таго, як ён перастаў выходзіць на сувязь 12 жніўня ўвечары. Раніцай 13-га мы сталі званіць па ўсіх вядомых нам тэлефонах, але нічога не змаглі высьветліць, бо тэлефоны міліцыі і турмаў былі ўвесь дзень або занятыя, або не адказвалі. Падключыліся да пошуку сябры Ігара. Яны сказалі са словаў суседзяў, што яго ўчора забралі з кватэры невядомыя людзі. Мы зьвярнуліся ў міліцыю з заявай, але ніякай інфармацыі ад іх не атрымалі дагэтуль.

Мы жывём у Горадні. 13 жніўня мы паехалі ў Менск шукаць Ігара па аддзелах міліцыі. Але ў сьпісах РУУС ён ня значыўся. Дзе шукаць сына, мы ня ведалі. Сябры Ігара ўсім мірам зьбіралі інфармацыю і падказалі нам шукаць яго на Акрэсьціна. Назаўтра раніцай мы былі там і на свае вочы пабачылі пацярпелых зьбітых людзей, якіх, зь іхных словаў, трымалі горш за быдла ў маленькіх камэрах па 37 чалавек, зьдзекаваліся і білі. Людзі, якія выйшлі з турмы, паказвалі страшныя гематомы. Мы былі ў жаху ад гэтага і ад невядомасьці пра долю Ігара. У сьпісах затрыманых ён ня значыўся ні на Акрэсьціна, ні ў Жодзіне, ні ў Слуцку.

Мы зьвярнуліся да адваката, і ён пазьней паведаміў нам, што Ігар знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Сябры працягвалі шукаць яго ў лякарнях і знайшлі. Пасьля абеду 14 жніўня яго знайшлі ў вайсковым шпіталі № 243 на праспэкце Машэрава, 26. У 17:00 мы былі каля палаты сына ў хірургічным корпусе, у аддзяленьні нэўрахірургіі. Палату ахоўвалі два чалавекі ў цывільным.

Ігар расказаў, што да яго ў кватэру, узламаўшы дзьверы, уварваліся невядомыя бандыты. Яны загадалі яму легчы на падлогу, накінулі на галаву першае, што трапілася пад руку. Гэта былі шорты. І пачалі жорстка зьбіваць нагамі. Бацька спытаўся, ці моцна білі. Ігар сказаў: «Нармальна білі, тата». У гэты момант ахоўнікі выгналі нас з палаты. Больш нічога спытаць мы не пасьпелі. З таго, што мы прынесьлі з сабой для Ігара (садавіну, ёгурт, сок, печыва, ваду) дазволілі пакінуць толькі ваду. Дзякуй хоць за гэта.

Ад дзяжурнага доктара мы даведаліся, што ў Ігара закрытая чэрапна-мазгавая траўма, зламаная рабрына, цяжкі ўдар грудной клеткі. Ён быў у прытомнасьці.

З дапамогай адваката мы зьбіраемся пісаць скаргу ў пракуратуру, Сьледчы камітэт. І яшчэ зьвярнуцца ў праваахоўныя арганізацыі і СМІ“.

„Мяне палохае ўласная нянавісьць“

Алена Шчарбінская, журналістка тэлеканалу «Белсат»:

„Мяне палохае нянавісьць да кожнага супрацоўніка, да сыстэмы, якая нас усіх цяпер забівае і нявечыць. У мяне не засталося ніякіх падзелаў на «злы амапавец» і «лейтэнант з задрыпанага РУУС, які нічога дрэннага не зрабіў». Да кожнага, хто дагэтуль у гэтай сыстэме.

Вялікая ўдзячнасьць да лекараў, якія ўчора правялі вялізны аб’ём дасьледаваньняў за лічаныя гадзіны, абверглі адзін дыягназ, паставілі іншы. І пры гэтым дзякавалі мне за працу, падтрымлівалі кожны раз па-рознаму: словам, кубачкам гарбаты, усьмешкай. І былі на нашым баку, а не на тым. І яны таксама чакаюць зьменаў.

Алена Шчарбінская

Удзячнасьць да людзей, якія на працягу трох сутак былі побач і рэальна мяне ратавалі. Дзяўчаты з камэры, вашы тэлефоны ў мяне, усіх знайду. Да той, якая гладзіла па галаве, калі я пачынала плакаць, і шаптала: «Усё будзе добра, давай памолімся». Яна спала са мной трое сутак то ў абдымку, то сьпіна да сьпіны. І размаўляла пра патрэбнае, і маўчала, калі было важна. І абяцала смачныя кактэйлі, калі выйдзем (а я нічога не забылася).

Удзячнасьць да незнаёмай жанчыны, якая, пачуўшы ў сваім дамафоне мае словы «Дапамажыце, я журналістка, мяне перасьледуюць», адчыніла дзьверы. Пусьціла ў кватэру, падзялілася вайфаем, прапаноўвала накарміць і перажывала, калі я сыходзіла.

Спачуваньне да ўсіх, хто ў гэтыя дні зьбіты, зьнявечаны, ды й проста ўсё гэта бачыць. Спачуваньне такога ўзроўню, што я плачу зь перапынкамі на паразмаўляць зь лекарамі і праглынуць ежу з таблеткай.

Адчуваньне ўласнае сілы. Мне сто разоў хацелася прызнацца, што я ўдзельнічала ў мітынгу, крычала лёзунгі і размахвала рукамі і «пайсьці дадому» — так абяцалі дзядзі ў цывільным. Потым мне было страшна спрачацца з судом і даказваць, што я не ідыётка. «Алена, заткніся, падпішы ўсё, інакш паедзеш на 15 сутак», — казаў мне адзін з маіх галасоў (у мяне іх некалькі, але шызафрэніі не дыягнаставана). Я паслухала той, за які ня сорамна.

Любоў. Да мужа, які ўсе гэтыя дні ня толькі шукаў мяне, выносіў мазгі маім калегам, трымаў сувязь з усімі РУУС Менску, але і быў з дваімі малодшымі дзецьмі, сабакам і нават маёй мамай. Але самае важнае: ён адзіны з маёй сям’і, які не задаў пытаньня, якое выводзіць з маральнае раўнавагі: «Ну нафіга ты туды паперлася, у цябе ж дзеці!?»

Туга па дзецях. Яна са мной заўсёды, камяком у горле. І разам зь ёй пастаяннае адчуваньне віны: ці зразумеюць яны, чаму мама такая? Можа, трэба проста быць зь імі, без усялякага гэтага вось?

Няёмкасьць. Цяпер многія пішуць словы падтрымкі, зьбіраюцца прыехаць у адведкі, пытаюцца, як дапамагчы, і ставяцца да мяне, быццам я праявіла нейкі гераізм. Мне няёмка ад гэтага, бо я бачу іншых герояў.

Надзея. Можна ж без камэнтароў, так?

***

З дыягназам «шырокі ўдар брушной паражніны і мачавога пузыра, кровападцёкі (і яшчэ нешта)» я знаходжуся ў лякарні хуткай дапамогі“.

„У міліцыі з майго сядалішча зрабілі карпáча“

39-гадовы магілёвец Дзяніс Крайцаў:

„Мяне зьняволілі ўвечары 11 жніўня каля дыягнастычнага цэнтру (за 200 мэтраў ад гарвыканкаму). Я сядзеў на лаўцы, калі падбеглі чацьвёра экіпіяваных міліцыянтаў, заламалі рукі, «укінулі» ў аўтобус. Там я бачыў толькі падлогу, берцы і чуў пагрозы з мацюкамі.

Яны выкрыквалі: «Табе не падабаецца цяперашняя ўлада і ходзіш пратэставаць?» і сумяшчалі гэта з ударамі дручка. Яны былі засяроджаныя на галаве (ня дужыя) і ў асноўным бязьлітасна малацілі па сядалішчы ды задняй частцы сьцягна. Адбіта там усё. «Карпáча» зроблена. Пасьля таго, як мяне апрацавалі ў аўтобусе, зацягнулі ў аўтазак і кінулі тварам на падлогу.

Міліцыянты дзейнічалі паводле для для іх вызначанага альгарытму, нібыта выбівалі зь неразумнага дзіцяці дур.

Дзяніс Крайцаў

Пасьля «апрацоўкі» ўсіх аўтазакам завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там загадалі бегчы на трэці паверх у актавую залю. На лесьвічных пралётах і ў калідоры стаялі міліцыянты і білі дручкамі тых, хто прабягаў паўзь іх. У актавай залі на падлозе ляжалі пад тры дзясяткі чалавек. У ёй ужо ня білі, толькі крычалі. Участковы аформіў дакумэнты, правёў дактыляскапію.

У малпоўні, дзе я перабываў нейкі час, нас сядзела пяцёра. У ёй быў інвалід 2 групы, якога загрэблі і суткі трымалі. Яго неяк адшукаў брат, і брата кінулі ў тую ж камэру. Яшчэ адзін хлопец быў моцна зьбіты. Увесь сіні.

У аддзеле міліцыі блізу 22 гадзіны мне стала кепска і выклікалі хуткую дапамогу. Доктар, аглядаючы, не дэманстравала «асаблівага энтузіязму», каб вызначыць стан пацыента. Хутка агледзела і сказала, што ўсё ў парадку. Я зьвяртаўся да яе сумленьня, але рэакцыі не было. Потым нас завезьлі ў ізалятар. У мяне ўжо не было спадзеву, што мэдыка для мяне выклічуць яшчэ раз. Але падчас агляду супрацоўнік сам прапанаваў. Мэдык, убачыўшы на твары абдзерыны, сказаў, што ёсьць падазрэньне на чэрапнамазгавую траўму. Убачыўшы маё сядалішча, ён быў уражаны. Мяне забралі ў лякарню. Там і дактары зьдзівіліся маім пабоямі, і мяне шпіталізавалі.

Цяпер я ляжу ў лякарні хуткай дапамогі. Тут супрацоўнікі зь Ленінскага аддзелу міліцыі апытвалі мяне пра зьбіцьцё, а сьледчы зь Сьледчага камітэту вазіў на «месца злачынства». Ля дыягнастычнага цэнтру вызначаў ахоп камэраў назіраньня.

У пратаколах і заявах я хадайнічаю аб выняцьці запісаў ня толькі з камэраў вонкавага назіраньня, але і ўнутранага ў аддзеле міліцыі.

Сытуацыю, у якой давялося апынуцца, я не назаву «беззаконьнем», бо гэтае слова не перадае ў поўнай меры тое, што я перажыў.

Гэта нейкі сюррэалізм. Я не магу паверыць, што гэта адбылося ў ХХІ стагодзьдзі ў эўрапейскай краіне“.

„І яны сказалі: кіньце яго ў падвал, няхай здыхае“

Маці Цімура, 16-гадовага падлетка, якога 12 жніўня ў Менску катавалі амапаўцы:

„Яго зьбілі спачатку ў Фрунзенскім раёне, а пасьля прывезьлі ў Партызанскі. Ён пакуль не прыходзіць у сябе. Яго зьбівалі за тое, што ён быў чорны“.

Сястра Цімура:

„Мой брат Цімур пайшоў да сябра а сёмай гадзін вечара, яны зьбіраліся на рыбалку. Папярэдзіў маму пра гэта. А паколькі гэты сябра блізкі да нас, пытаньняў ніякіх ня ўзьнікла. Яго адпусьцілі з начоўкай. Ну і з раніцы ён не прыйшоў дадому. Мы сталі званіць сябру. Сябра сказаў, што яго няма. Мы забілі трывогу, сталі яго паўсюль шукаць, абзвоньваць, але вынікаў ніякіх не было. Пасьля нам пазванілі са школы, сказалі, што Цімур у лякарні, што ім званілі з паліклінікі. Мы адразу паехалі, і ён нам расказаў, што зь ім здарылася. Ён выйшаў з дому, паехаў у бок сябра на Захадзе-3. З аўтобуса выйшлі людзі ў цывільным, пачалі ўсіх біць. Забіралі і жанчын, і мужчын. І брата сталі біць і засунулі ў гэты бус. Яны ляжалі адзін на адным, тыя сядзелі на іх зьверху.

Потым іх завезьлі ў РУУС і яшчэ там зьдзекаваліся зь іх, білі іх. Потым Цімуру засунулі дубінку ў горла. Галаву трымалі і з нагі засоўвалі дубінку ўсярэдзіну. Прымушалі сьпяваць гімн. Сказалі словы, і каб ён ім прасьпяваў, каб забаўляў іх. Ён сказаў, што яму 16 гадоў, што ня могуць так зь ім абыходзіцца, што ён дзіця. Але гэта іх не спыніла. Яны абражалі яго, для іх людзі як быдла проста. Каля яго таксама зьдзекаваліся і зь дзяцей, і з мужчын, і з жанчын.

Калі Цімур пачаў задыхацца, ён пачуў, як нехта з тых, пабачыўшы, што ён на апошнім здыханьні, спытаўся: куды яго? І яны сказалі: кіньце яго ў падвал, няхай здыхае. Ну і адзін зь міліцыянтаў кажа: вы што, звар’яцелі, гэта дзіця. І пачаў неяк яму дапамагаць, выклікаць «хуткую». Яго спрабавалі спыніць, але гэта было бескарысна, бо ў Цімура ўжо канвульсіі пачаліся. Таму ўсё ж выклікалі «хуткую». Прыехала «хуткая». І яго нават у «хуткай» білі. І яны крычалі: мы цябе знойдзем, мы цябе запомнілі.

Your browser doesn’t support HTML5

Школьнік трапіў у кому пасьля нападу АМАПу

Цяпер ён у паніцы, у стрэсе. Бо яго і ў «хуткай» білі, і ў міліцыі білі, і на вуліцы білі. А дзіця, гэта факт, у нармальны час проста пайшло да сябра. Цяпер ён быў у коме. Яго штучна ўвялі ў кому, бо ён ня мог дыхаць увогуле. Таму ён быў у коме і на апараце ШВЛ. Пасьля яго сталі выводзіць з мэдыкамэнтознага сну, і ён пачаў патроху прыходзіць у сябе. Яго білі электрашокам па пятах, у яго цяпер вельмі моцна баляць ногі і невядома, якая рэабілітацыя яму спатрэбіцца. У яго на гэты момант ня бачаць вочы. Хутчэй за ўсё, таму, што яны апухлі. Яго дубінкамі білі ў вочы. Таму са зрокам таксама яшчэ незразумела толкам, што там будзе і як. У яго вельмі моцна баліць шыя, патыліца, грудная клетка. Увогуле ў яго баліць усё, бо яны білі без разбору, хто куды пацэліць. А самыя зьверствы прыпадалі на твар“.

Цімур знаходзіцца ў 3-й гарадзкой дзіцячай клінічнай лякарні.

„Я разам з маімі дзецьмі бегла ад гранат“

14 жніўня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Падыходы да Дому ўраду ахоўваюць вайскоўцы са шчытамі. Дзяўчаты падыходзяць і абдымаюцца зь імі.

Малады мужчына, ахутаны бел-чырвона-белым сьцягам:

„Людзі паказваюць, што яны мірныя. І хлопцы паказваюць (вайскоўцы). Вы паглядзіце на іх. Гэта ня тыя амапаўцы, якія білі дзьве-тры ночы. Гэта нармальныя людзі. Яны вайскоўцы, яны ня будуць нас біць“.

Камандзір вайскоўцаў:

„Давайце вось трошкі адыдзем. Я нэрвавацца пачынаю, калі такая прыгажосьць да мяне падыходзіць. Не нэрвуйцеся, усё будзе добра“.

Жанчына сярэдніх гадоў:

„Як мы перажылі? Нам было вельмі балюча. Як можа жанчына дараваць, калі яе дзяцей б’юць, калі яны гінуць. Мне было вельмі балюча. Мы плачам, мы ня сьпім ужо зь нядзелі (9 жніўня). І дзеці мае мяне цягнуць, я баюся… Я разам зь імі бегла ад гранат. Яны разьбягаліся. У выніку я сваіх дзяцей згубіла. А сядзела пад дрэвам зь нейкім хлопчыкам дзесяцігадовым, які, ня ведаю як, аказаўся без бацькоў, у якога дрыжэлі губы. Ягоны твар у мяне дагэтуль перад вачыма. І гэта страшна“.

Дзяўчына ў масцы сядзіць, як і многія іншыя, на бруку:

„Ну нарэшце нам далі сабрацца на плошчы Незалежнасьці. Бо мы былі вымушаныя зьбірацца дзе заўгодна. У мяне каля дома мы не маглі выйсьці нават да станцыі мэтро. Проста вось на некалькі крокаў ад дому адышлі, а людзі некаторыя ішлі проста з мэтро, з Грушаўкі, некаторыя на роварах каталіся. Высыпае АМАП, чалавек дзесяць, кладуць людзей, якія на роварах каталіся, проста каталіся…“

Плошча скандуе: „Мы не забудзем!“

„Белыя кветкі — знак таго, што я мірны чалавек“

12 жніўня жанчыны з кветкамі сталі ў шэраг каля ГЦ „Спэктар“ ва Ўруччы ў Менску.

Жанчына сярэдніх гадоў:

„Мы стаім, бо мы супраць гвалту. Мы хочам, каб спыніўся гвалт. Каб былі сумленныя выбары. Каб былі перагледжаныя вынікі. Мы хочам свабоды людзям, якіх затрымалі. Мы хочам, каб нікога ня білі. Белыя кветкі — гэта знак свабоды людзям, якія цяпер пакутуюць у турмах. Людзей у чорнай форме яны ня спыняць, на жаль, але думаю, што нас, можа, ня будуць тут біць сёньня“.

На суседняй вуліцы — чарада аўтазакаў, каля якіх ходзяць людзі ў спэцыяльнай амуніцыі. Усе цывільныя машыны сыгналяць.

Маладая жанчына:

„Зараз я хачу быць салідарнай з тым, што адбываецца наогул у Беларусі. І ёсьць такая магчымасьць выйсьці мірна і паказаць, што мы супраць таго, што адбываецца, падтрымаць іншых беларусаў, якія цяпер сядзяць недзе там, дзе яны не павінны знаходзіцца. Кветкі для мяне — знак таго, што я мірны чалавек і не хачу нікому рабіць ніякай крыўды“.

Гісторыя Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на пратэстах

Тарайкоўскі загінуў у Менску каля мэтро „Пушкінская“ позна ўвечары 10 жніўня. Яму было 34 гады.

Алена, жонка Аляксандра Тарайкоўскага:

„Пра тое, што ён загінуў, я даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. У тое, што ў яго ў руках узарвалася выбухоўка, я ня веру. Нічога такога пры ім не было, нічога гэтага ён ня ўмее.

10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў кватэру бацькі, дзе яны рабілі рамонт, у тым раёне. Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне.

Your browser doesn’t support HTML5

Меркаванае відэа гібелі Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня

Каля 22:30 Саша пазваніў і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту мы ня мелі ніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.

Мы афіцыйна не расьпісаныя, маем 3-гадовую дачку. Але ў яго ёсьць бацька, сястра. Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці пазваніць.

Калі 13 жніўня мы пасьля званка журналістаў зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, нам сказалі, што Аляксандар лічыцца неапазнаным. Але ўжо празь некалькі гадзін пасьля ягонай сьмерці МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасьць, а значыць, яго апазналі.

Аляксандар Тарайкоўскі

Ён быў асуджаны на 7 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць. Адседзеў увесь тэрмін і неўзабаве судзімасьць мусілі зь яго зьняць. Ён заступіўся за маці. Яе зьбіў сужыцель, а ён заступіўся, і вось так. Мы асабліва не гаварылі ніколі пра гэта.

Пры апазнаньні цела я не пабачыла ранаў, якія нагадвалі б выбух прылады. Паводле афіцыйнага заключэньня, ён памёр ад страты крыві. Я так разумею, што калі б яму ў час аказалі дапамогу, ён бы мог выжыць. А яны ж яму ніякай дапамогі не аказвалі, адразу сталі цягнуць.

Я паглядзела відэа яшчэ да апазнаньня, яшчэ быў спадзеў, што гэта ня ён. Я ня ведаю, чаму ён выйшаў наперад, адзін. Напэўна, ня думаў, што будуць страляць. Факт, што яго забілі. Хто будзе пакараны? Цяпер будуць казаць, што ён сам вінаваты? Ён выйшаў бяз зброі, чаму вы не стралялі па нагах, па руках?! У мяне пытаньне: ці будзе заведзеная крымінальная справа, ці будзе хто за гэта пакараны?“.

Кветкі на станцыі мэтро «Пушкінская» ў памяць пра Аляксандра Тарайкоўскага

Сябра Аляксандра:

„Мы са школы былі ўтраіх. Аднаго я пахаваў, калі Саша быў на зоне за кавалера маці, які зьбіў яе да паўсьмерці, а Саша ў стане афэкту біў яго. Ён заўжды стараўся працаваць не на дзяржаву. Рабіў аўтамабільныя фіранкі. Зрабіў сайт hober.by, адкрыў ІП і спрабаваў пракарміць сям’ю і малую дачку. Заўсёды быў упарты, але вельмі жыцьцярадасны чалавек. Рэальна стараўся жыць, спрабуючы забыць сваё мінулае. Зрабіў рамонт у кватэры. Выплаціў бацькавы даўгі за кватэру і з чыстым сумленьнем пайшоў з жыцьця, змагаючыся за шчасьлівую будучыню беларускага народу.

Вы раскажыце пра яго. Ён мусіў жыць. Ён мусіў падняць малую дачку.

На відэа, дзе зафіксаваны момант сьмерці чалавека, той вельмі падобны да Аляксандра. Але пра выбуховую прыладу — што за трызьненьне?! Ён працуе ў тым раёне. У яго бацька за 150 мэтраў адтуль жыве“.

Адкрытая траўма чэрапа, прастрэлены жывот, усё цела — суцэльная гематома

Лекар-хірург з 10-га клінічнага шпіталя ў Менску:

„Я дзяжурыў у ноч з 10 на 11 жніўня, гэта была другая ноч пратэстаў. Мяне выклікалі на ўзмацненьне хірургічнай брыгады. За тую ноч да нас прывезьлі прыкладна 7-8 чалавек. Трох зь іх аглядаў я, усіх шпіталізаваў. У дваіх былі чэрапна-мазгавыя траўмы з ранамі галавы і мноства ўдараў мяккіх тканак па ўсім целе, сінякоў.

Людзі апавядалі, што іх жорстка пабілі, каго на Рэвалюцыйнай, каго ў Серабранцы. Аднаго хлопца, зь ягоных словаў, наагул білі ў аўтазаку — з 19 вечара да 2 ночы. Ён прыбыў да нас у суправаджэньні аднаго байца АМАПу, але той зразумеў, што „засьвеціцца“ ў шпіталі, і адразу ж зьехаў. Ёсьць хлопец, у якога ўсё цела — суцэльная гематома.

Прывезьлі аднаго 20-гадовага хлопца, у якога была пранікальнае раненьне гумовай куляй у грудную паражніну. І яго экстранна праапэравалі. Ён знаходзіцца ў шпіталі з бацькамі. Да хлопца прыходзілі супрацоўнікі Сьледчага камітэту, але нашы дактары іх не пусьцілі, бо ён быў у цяжкім стане. Цяпер яго перавялі ў аддзяленьне таракальнай хірургіі, стан у яго ўжо стабільны, і ён пастаянна знаходзіцца з бацькамі.

У мае сёньняшняе і пазаўчорашняе дзяжурствы да нас нікога не прывозілі. Але я бачыў чаргу ў афтальмалягічнае аддзяленьне, сядзелі людзі з кулявымі раненьнямі ў павека, вока“.

Аляксандра Цітова, траўматоляг з 6-га клінічнага шпіталя ў Менску:

„Да нас у асноўным прыходзілі і прыяжджалі самі. Усіх шпіталізавалі. У нас спэцыялізацыя — траўмы канцавін, таму паступалі з пабітымі і параненымі рукамі-нагамі. Я ведаю, што асноўную масу людзей везьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, таму што там спалучаная траўматалёгія (рукі-ногі і жыцьцёва важныя органы), з траўмамі грудной клеткі везьлі ў 10-ю лякарню.

Было шмат людзей са сьлядамі зьбіцьця міліцэйскімі дручкамі. У асноўным гэта сьляды на руках, на нагах і на сьпіне. Былі людзі з ранамі ад гумовых куль, траўмамі, нанесенымі гумовымі кулямі.

Кулі былі даволі вялікія — круглыя чорныя шарыкі дыямэтрам сантымэтры тры. Адну мы вынялі, другую хлопец прывёз з сабой. Быў хлопец, у якога пад нагамі штосьці выбухнула. Што — ён дакладна патлумачыць ня можа. У яго выбуховая рана ступака. Былі няроўныя краі, відавочна, аскепкі трапілі. Апэрацыя экстраная ў момант паступленьня.

З аскепкавымі раненьнямі раней мы сутыкаліся толькі адзін раз — 11 красавіка 2011 году, калі быў выбух у мэтро“.


Ужо 11 жніўня ад унівэрсама «Рыга» даставілі хлопца з дзьвюма ранамі жывата. Цяпер хлопец у рэанімацыі, але ягоны стан стабільны“.„У 23:00 з Пушкінскай даставілі хлопца з адкрытым пераломам костак чэрапа. Гэта было 10 жніўня. Правялі апэрацыю на чэрапе. У нас жа не ваенны час, адкуль у нас досьвед лячэньня такіх траўмаў? У хлопца была адкрытая рана чэрапа за вухам, яго ратаваў цэлы калектыў мэдыкаў. Цяпер яго перавялі ў РНПЦ нэўралёгіі і хірургіі.

„Мы дагэтуль ня можам пахаваць майго брата“

Вольга Віхор, сястра 25-гадовага Аляксандра, які загінуў на пратэстах у Гомелі:

„Я яшчэ да канца не разумею, што здарылася. Мы дагэтуль ня можам пахаваць майго брата. Ніхто не дае нам заключэньня — чаму наступіла сьмерць. Мы самі езьдзім па лякарнях, размаўляем зь лекарамі, спрабуем сабраць нейкую інфармацыю.

Аляксандар Віхор

Яму 25 гадоў, малады здаровы хлопец, спартовец, з вышэйшай адукацыяй, эканаміст. Ён ехаў на сустрэчу зь дзяўчынай, трапіў у непатрэбнае месца ў непатрэбны час. Быў суд. У яго былі праблемы з сэрцам, тахікардыя, высокі ціск. Ён пра гэта казаў, але там ніхто ня слухае. Пасьля суду яму стала дрэнна, гэта было ў шэсьць гадзін вечара. Ён задыхаўся, прасіў пра дапамогу. Іх трымалі ў аўтазаках. Ніхто дапамогі не аказаў. І яго прывезьлі, гэта з шасьці вечара, толькі ў дзьве гадзіны ночы ў лякарню. Прычым у псыхіятрычную. Бо ў чалавека ўжо быў перадынсультавы стан, ледзьве там ня кома наступала, ён губляўся ў прасторы. І супрацоўнікі міліцыі палічылі яго паводзіны неадэкватнымі і прывезьлі яго ў вар’ятню. На што псыхіятар сказаў, што вы ня бачыце? Чалавеку дрэнна, яму патрэбная мэдычная дапамога. Што вы вытвараеце? У гэты час у Сашы стала спыняцца сэрца. Выклікалі хуткую, пакуль прыехала хуткая, сэрца спынілася. Яны спрабавалі яго рэанімаваць, сэрца завялі. Але ён ня дыхаў. Яны яго перавезьлі ў рэанімацыю. Ён паступіў туды, як нам сказалі рэаніматолягі, з ацёкам галаўнога мозгу і ў стане клінічнай сьмерці. Яшчэ гадзіну спрабавалі змагацца, але, на жаль, беспасьпяхова.

Бацькі і сястра Аляксандра

Нам сказалі, што заключэньне рабілі і, нібыта, адправілі яго ў Менск. Усе пробы, усе аналізы будуць гатовыя толькі празь месяц. Я ня ведаю, як хаваць брата, ня ведаючы прычыны, ня ведаючы наогул, што адбывалася і як адбывалася. Ёсьць факты пра тое, што іх зьбівалі. Факты, вядома, нашымі праваахоўнымі органамі не пацьвердзіліся. Мы самі шукаем сьведкаў і я прашу, каб сьведкі адгукаліся.

Я хачу справядлівасьці. Я хачу ведаць, за што, як і чаму загінуў мой брат. Я заяўляю, што ён не памёр, ён загінуў. Я ня ведаю, як назваць гэта. Самаўпраўства, халатнасьць, перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Ды проста гэта ня людзі. Даць паміраць маладому хлопцу, зьбіваць, калі чалавек просіць пра дапамогу. Чалавек знаходзіўся ў суправаджэньні праваахоўных органаў. Вы прывозілі яго на суд. Гэта адміністрацыйная працэдура. Няўжо вы не маглі элемэнтарна хуткую выклікаць. А вы давялі яго да гібелі.

Ягоная дзяўчына пра ўсё ведае, і ня толькі яна. Я цяпер была ў сьледчым камітэце і па прыезьдзе дадому мы арганізавалі вялікі пікет, Сашавы сябры, аднагрупнікі, аднаклясьнікі, знаёмыя, вельмі шмат людзей нясуць кветкі, ставяць сьвечкі каля вокнаў, павесілі партрэт. Мы гэтага не чакалі.

Мы напісалі заяву ў пракуратуру, патрабуем узбудзіць крымінальную справу, правесьці расьсьледаваньне, што былі зробленыя супрацьпраўныя дзеяньні, што не была аказаная мэдычная дапамога. Што будзе далей, я ня ведаю. Але пахаваць яго, на жаль, пакуль мы ня можам. Дакладней, можам, але тады ўсё застанецца беспакараным і невядомым для нас. І як пасьля з гэтым жыць, я ня ведаю“.

Расповед сястры дапаўняе маці Аляксандра:

Маці

„У адным з аўтазакаў быў і Саша... Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу.

У Сашы былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.

А ў моргу мне адмовіліся яго паказваць. Я думаю, што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай раскажуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына“.

Ганебна АМАПу гойсаць на „хуткіх“

Больш за 200 мэдычных супрацоўнікаў выйшлі сёньня на акцыю „Мэдыкі з народам“ у Менску.

Мужчына 40 гадоў у белым халаце трымае расьцяжку „Спыніце гвалт“:


„Вельмі сур’ёзныя паступаюць раненьні. Ужываецца спэцтэхніка, зь якой раней лекары ўвогуле не былі знаёмыя. Я думаю, трэба нешта рабіць, каб гэта спыніць“.

Лекарка гадоў 40:


„Гэта не пратэст. Гэта акцыя за мір, за тое, каб мэдыкам далі магчымасьць дапамагаць параненым. Каб не было такога, што ў «хуткіх» катаецца АМАП. Нам, вядома, страшна. Цяпер кожнаму з нас страшна. Але калі мы будзем усе баяцца, што мы тады зьменім?“

Малады мужчына ў масцы і лекарскай шапачцы:

„Адчайны крок дзяржавы дастаўляць сваіх вайскоўцаў на месцы пратэстаў на машыне хуткай дапамогі. Гэта проста агідны крок. Проста крывадушны нейкі і ганебны максымальна, таму што заўсёды да службы мэдычнай дапамогі была павага, і ўсе, нават жорсткія акупанты, прапускалі мэдыкаў на месцы. І калі пратэстоўцы прапускалі «хуткія», а ў іх аказваліся ўзброеныя хлопчыкі… Мне здаецца, што гэта было максымальна недапушчальнае з усяго, што адбывалася. Нават дробныя акты гвалту стаяць не на такім узроўні, як гэты нізкі ход“.

Сівы мужчына ў белым халаце і з тэчкай папераў сьпяшаецца ўздоўж шэрагу мэдыкаў:

„Мне 75 гадоў. Я патолягаанатам, дарэчы. Я не магу глядзець на гэтае вар’яцтва, таму і прыйшоў. І буду прыходзіць, пакуль не памру“.

Міністар аховы здароўя Каранік запрашае мэдыкаў з праспэкта ў будынак мэдунівэрсытэту:

„Хадзем са мной. Калегі, хадземце. Я разумею, што на сёньняшні момант асноўная праблема, каб мы перасталі гаварыць. І вы правакуеце іх не гаварыць. Я іх запрашаю на размову. Я хачу спытаць, што іх падштурхнула выйсьці. Нічога дрэннага ў гэтым няма“.

Зусім маладзенькая лекарка:

„Мы бачылі міністра. Ён запрашаў нас зайсьці ўсярэдзіну, але мы адмовіліся. Мы пакуль выказваем сваю думку тут, зь ім будзем размаўляць пазьней трохі. Вельмі баліць душа за тое, што цяпер адбываецца на вуліцах Менску. Гэта трэба неяк мірна вырашаць. І таму я сёньня сюды прыйшла. Выходзіць страшна, але хто, калі ня мы?“

Пад’ехаў аўтазак. Некаторыя мэдыкі сышлі. Маладая жанчына з тых, што засталіся:

„Папраўдзе, мне вельмі страшна. Але… Сыходзіць? А навошта? Калі я зьбіраюся кожны дзень выходзіць, рана ці позна мяне ўсё адно забяруць“.

Жанчына з плякацікам „Свабоду Андрэю Вітушку“:

„Андрэй Вітушка — гэта наш сукурсьнік. Мы вучыліся разам. Вельмі добры доктар. Працуе з малымі дзецьмі ў Цэнтры маці і дзіцяці. Мы вельмі за яго хвалюемся, бо ёсьць зьвесткі, што ён затрыманы“.

Малады чалавек у масцы:

„Навошта мы сюды выйшлі? Мы выйшлі паказаць аднаму вядомаму чалавеку, які сказаў, што пратэстуюць толькі тыя, каму няма чым заняцца і каму хочацца крыві. Нам якраз хочацца пазьбегнуць крыві. І нам ёсьць чым заняцца, апроч таго, як адстойваць незалежнасьць сваёй краіны.

„​Прымушаюць людзей маліцца і малоцяць дубінкамі“

Карэспандэнт расейскага выданьня Znak.com Мікіта Целіжэнка, затрыманы 10 жніўня каля 19:00 у цэнтры Менску, на вуліцы Нямізе:

Мікіта Целіжэнка

„Да мяне пад’яжджае мінівэн, зь яго выходзяць цалкам экіпаваныя байцы, яны бачаць, што я пішу нешта ў тэлефоне, а я пісаў sms, але яны палічылі, што я пішу ў Тэлеграме і маю доступ да інтэрнэту. А ўсіх людзей Беларусі, хто калупаецца ў тэлефоне, яны прымаюць за каардынатараў усіх гэтых пратэстаў, як я разумею.

Мяне даставілі ў РУУС — Маскоўскае. Там сілу ўжывалі да ўсіх без выключэньня: любое пытаньне, якое не задавальняла супрацоўнікаў, тут жа абарочвалася зьбіцьцём. Людзі крычалі, людзі ад болю хадзілі пад сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Было страшна, калі на мяне накіравалі стрэльбу». Што кажуць удзельнікі пратэстаў у Менску

І ўсё гэта праходзіла пры поўным спакоі ўсіх астатніх супрацоўнікаў міліцыі, якія, у сутнасьці, павінны абараняць людзей. Яны ўпіваюцца гэтым. Яны прымушаюць людзей маліцца, калі пачынаюць іх біць. Кажуць: чытай «Ойча наш»! І малоцяць дручкамі, нагамі і ўсім астатнім. Білі па галаве, білі па нагах. Чалавека, якога вялі перада мной, з усяго размаху «дзеля жарту» дзеўбанулі аб дзьвярны вушак.

Усіх звальваюць покатам у актавую залю. І першае, што ты бачыш, — гэта людзі, па якіх ходзяць як самі супрацоўнікі міліцыі, так і тыя самыя затрыманыя: яны таксама вымушаныя ісьці па людзях. Бо наступіць няма куды.

Гвалтоўны разгон, страляніна, сьвятлашумавыя гранаты. Другая ноч пратэсту ў Менску. Фотагалерэя

Усе ляжаць пад нагамі, усе крычаць, просяць дапамогі. Дапамога не аказваецца. У лепшым выпадку табе не прыляціць па мазгаўні.

Адразу, калі ты заходзіш, цябе кладуць тварам на падлогу. Ня дай Бог ты павярнуў галаву — табе адразу прылятае зь берца па твары. Ты павінен глядзець у падлогу. Мяне гэта абмінула. Але таварыш, які ляжаў побач, напэўна, пазбавіўся зубоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні сваякоў затрыманых сабраліся пад турмой на Акрэсьціна. Падагналі аўтазакі. ФОТА

16 гадзін ляжыш у позе, дзе ў цябе галава за сьпінай, разагнуцца нельга, галаву падняць нельга, перасесьці нельга. У прыбіральню з дазволу. Калі ўсё нармальна, то дазволяць, калі не — хадзі пад сябе, і многія так і робяць. Пры мне было каля 150 чалавек затрыманых, толькі ў адным Маскоўскім РУУС.

Усіх людзей, якія раніцай яшчэ застаюцца ў РУУС, спускаюць уніз на першы паверх, дзе знаходзяцца камэры, разьлічаныя на два-тры чалавекі. У іх загружаюць 20-30 чалавек, а там няма ніякай вэнтыляцыі. Людзям забараняюць сядзець, людзям забараняюць паварочвацца. Усё роўна, які ўзрост, які пол. Людзі проста стаяць і марынуюцца.

Кандэнсат ад дыханьня зьяўляецца на сьценах, на столі. Цячэ па столі. Ты рэальна стаіш у вадзе, ня ведаеш, чым дыхаць. Людзі трацяць прытомнасьць ад таго, што дыхаць няма чым.

Там былі людзі з пашкоджаным хрыбетнікам, з разьбітымі рукамі і нагамі, страсеньнем. Нічога нікому.

Максымум — могуць кагосьці вынесьці на насілках цішком, пакуль ты ня бачыш. Жывы чалавек ці мёртвы, ты нават не даведаесься. Калі, ня дай Бог, ты падняў галаву — табе адразу па ёй і прылятае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Б’юць да страты прытомнасьці». Што адбываецца пасьля затрыманьня ў міліцыі

Калі ты пратырчаў недзе дзьве гадзіны ў гэтай камэры, прыяжджаюць супрацоўнікі СОБРу, грузяць чалавека ў аўтазак. Прычым грузяць такім чынам, што людзі ляжаць штабэлямі, адзін на адным. І дыхаць тым, хто апынуўся ніжэй, проста робіцца няма чым. Таму атрымліваецца, што калі вы выяжджаеце, людзі зь перабітымі канцавінамі проста крычаць ад болю.

У момант, калі машына паехала, нам усім сказалі ўстаць на кукішкі, рукі за галаву, сагнуць шыю. Проста, атрымліваецца, калі ты едзеш, ты ня можаш на нешта абаперціся. Як толькі ты апускаеш галаву ніжэй, падымаеш яе вышэй — табе тут жа пачынаюць прылятаць удары. Табе абсалютна забаронена на нешта абапірацца. І калі канваірам становіцца сумна, яны проста, гэта самае жудаснае відовішча, калі людзі сядзяць, ня могуць падняць галаву, ім кажуць: «Сьпявайце гімн Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 10 гадоў зьняволеньня. Якія законы могуць парушаць сілавікі пры жорсткіх разгонах

Гэта называецца ІЧУ, але наагул, па сутнасьці, гэта турма. Жодзіна, па-мойму, называецца. Цябе заводзяць, пагражаюць табе: «Вы зараз прыедзеце на хату, вас там „петушыць“ будуць па чарзе».

Людзі сядзяць, чакаюць, але многія цешацца, што хаця б іх ня бʼюць у гэты момант. То бок людзі рэальна радуюцца турме, што там іх не малоцяць.

Далей, пакуль мы чакалі, прыйшоў палкоўнік Ілюшкевіч, сказаў прозьвішча, ты падняў руку, што ты тут, і пайшлі ўзяць твае рэчы.

Вялізны дзякуй работнікам пасольства Расеі, якія эвакуююць расейцаў. Бо тут ніякай скідкі на тое, што ты грамадзянін Расеі, на тое, што ты журналіст, ня робіцца. Калі ты папаўся, няважна, куды ты ішоў, ты адграбаеш".