«У Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг». Што Ціханоўская сказала ў сваім першым выступе на тэлевізіі. ВІДЭА

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

21 ліпеня адбыўся першы выступ Сьвятланы Ціханоўскай на дзяржаўнай тэлевізіі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

На пачатку свайго выступу Сьвятлана Ціханоўская расказала, што ёй 37 гадоў, па спэцыяльнасьці яна пэдагог, філёляг. Свабодна валодае расейскай, беларускай і ангельскай мовамі. А ў палітыку пайшла, бо ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі, апынуўся ў турме, яго не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты.

Пра палітыку і мужа

«Я не палітык, гэта мой муж хацеў стаць кандыдатам у прэзыдэнты, за гэта ён у турме. Ён знаходзіцца ў СІЗА, бо хацеў лепшага жыцьця для Беларусі. Я хачу стаць прэзыдэнтам, каб усталяваць справядлівасьць у гэтай краіне. Год таму мой муж стварыў праект „Страна для жизни“. Ён езьдзіў па Беларусі і выслухоўваў простых людзей зь вёсак і малых гарадоў. У іх аповедах было шмат болю і расчараваньня. Калі ён вырашыў ісьці на выбары, па ўсёй краіне выстройваліся чэргі, каб паставіць подпісы. Далей былі правакацыі з боку ўлады. Улады думалі, што на гэтым усё скончыцца, але яны не зразумелі, што ўсё толькі пачынаецца. Я прыняла рашэньне зарэгістравацца кандыдатам сама».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Я заўжды радуюся, калі моладзь гаворыць па-беларуску

Пра нерэгістрацыю кандыдатаў

«Улады не зразумелі, што пагроза для іх не кандыдаты, а народ. Сяргей Ціханоўскі і іншыя кандыдаты абудзілі беларусаў».

Пра дзяржаўную тэлевізію

«У тэлевізіі вам не раскажуць, што ў Лукашэнкі нізкі рэйтынг. Па тэлевізіі не пакажуць, што па ўсёй краіне ўжо тыдзень выстройваюцца кілямэтровыя чэргі, каб кандыдатаў выпусьцілі з турмы. Па тэлевізіі не пакажуць, што большасьць беларусаў хочуць новай улады. Па тэлевізіі не пакажуць, у якім жабрацтве жыве большая частка насельніцтва. Па тэлевізіі не пакажуць, што палітзьняволеныя сядзяць у турме за свае перакананьні, а не за злачынствы. Цяпер тэлевізія належыць аднаму чалавеку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкую «гуглілі» менш за астатніх кандыдатаў. Бабарыка ўсё яшчэ першы. Рэйтынг запытаў беларусаў у ліпені

Пра сваю мэту

«Мая галоўная мэта — арганізаваць справядлівыя выбары з удзелам усіх кандыдатаў. Толькі так краіна зможа разьвівацца далей. Я прыняла падтрымку штабоў Бабарыкі і Цапкалы, з намі працуюць найлепшыя экспэрты. Галоўны пункт маёй праграмы — новыя, справядлівыя выбары. І каб яны адбыліся, нам неабходна аб’яднацца».

Пра дзеяньні

«Я заклікаю вас стаць незалежнымі назіральнікамі і прыйсьці на выбары 9 жніўня, ніякага датэрміновага галасаваньня. І нарэшце трэба абараніць свой голас. Улада мусіць зразумець, што нас большасьць і мы не застанемся ўбаку. Трэба сабраць найбольшую колькасьць назіральнікаў і зафіксаваць усе парушэньні. Чым большая яўка — тым складаней скрасьці наш голас. Я заклікаю вас не заставацца дома 9 жніўня, іначай вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу».

Пра плян пасьля 9 жніўня

«Калі мы атрымаем вынікі галасаваньня, выбар народу мусяць паважаць усе, іначай нам давядзецца бараніць свае галасы. Выбары ня будуць справядлівымі, бо не зарэгістравалі ніводнага моцнага кандыдата. Нам патрэбныя новыя выбары з празрыстым падлікам галасоў. Таксама трэба зьмяніць сыстэму, каб улада не належала аднаму чалавеку».

Сьвятлана Ціханоўская паабяцала, што ў выпадку свайго абраньня свой плян яна рэалізуе ў тэрмін да паўгода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала — сілавікам: Не страляйце ў свой народ

Пра цяперашні стан у Беларусі

«Мне не падабаецца, што выміраюць вёскі, мне не падабаецца, што зьяжджае моладзь. Мне не падабаецца, што людзі паміраюць ад каранавірусу, калі ўлада ўтойвае ад іх сапраўдныя лічбы. Мне не падабаецца, што чыноўнікі будуюць дарагія дамы і езьдзяць на дарагія курорты, калі мы дажываем да заробку».

Пра страх

«Напачатку мне было страшна. Я ведаю, да якога дна можа дайсьці ўлада, каб захаваць сваё крэсла. Але цяпер я не баюся, я адчуваю вашу падтрымку. Калі вы, як і я, стаміліся ад праблем, калі вы хочаце лепшай будучыні для вашых дзяцей, не галасуйце датэрмінова».

Свой выступ Сьвятлана скончыла лёзунгам свайго мужа Сяргея Ціханоўскага: «Давайце разам пабудуем краіну для жыцьця».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі