На мадэратара сацсетак Ціханоўскага завялі крымінальную справу

Мадэратару сацыяльных сетак «Страны для жизни», грамадзяніну Расеі Дзьмітрыю Папову, якога затрымалі пад Мазыром, таксама прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Ён ужо 19-ы абвінавачаны па гэтым артыкуле за апошні час, паведамляе «Вясна».

Цяпер Дзьмітры Папоў у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У адным са сваіх лістоў Дзьмітры паведаміў, што ў яго пагоршыўся стан здароўя — ад стрэсу вярнуліся праблемы з сэрцам.

Згодна з абвінавачаньнем, Папоў, дзейнічаючы па папярэдняй змове зь іншымі фігурантамі справы, «пад фармальным повадам збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую арганізаваў групавыя дзеяньні ў выглядзе незаконнага грамадзка-масавага мерапрыемства — мітынгу, які парушае грамадзкі парадак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадэратара сацсетак Ціханоўскага, які зьнік 4 чэрвеня, знайшлі ў турме на Акрэсьціна

Дзьмітры Папоў зьнік увечары 4 чэрвеня. Да гэтага ён запісаў відэа, у якім расказвае, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі празь некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак арышту і перавезьлі ў Менск у ізалятар часовага ўтрыманьня. Адтуль перавялі ў СІЗА-1, дзе ён і дагэтуль.

Па зьвестках праваабаронцаў, Папоў — 19-ы затрыманы па гэтай крымінальнай справе. 17 з гэтага ліку застаюцца пад вартай.

  1. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі,
  2. Уладзімер Няронскі,
  3. Сяргей Пятрухін,
  4. Аляксандар Кабанаў,
  5. Уладзімер Цыгановіч,
  6. Зьміцер Казлоў,
  7. Ігар Лосік.
  8. Затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні па так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў,
  9. Вяргілій Ушак,
  10. Арцём Сакаў,
  11. Аляксандар Арановіч,
  12. Яўген Разьнічэнка,
  13. Уладзімер Кніга,
  14. Андрэй Новікаў,
  15. а таксама палітык Мікалай Статкевіч,
  16. актывіст Сяргей Спарыш,
  17. Дзьмітры Папоў

Яшчэ двух фігурантаў справы — Васіля Баброўскага і Ўладзімера Навуміка — 9 ліпеня вызвалілі зь СІЗА, зьмяніўшы меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі