На Карлавым мосьце ў Празе за доўгім на 500 мэтраў сталом тысячы людзей узялі ўдзел у бяседзе, якая павінна была стаць «сымбалічным разьвітаньнем» з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.
Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў захаду прынесьці ежу і напоі з дому і падзяліцца імі зь іншымі бяседнікамі.
«Мы хацелі адзначыць канец каранавіруснага крызысу, дазволіўшы людзям спаткацца і паказаць, што яны не баяцца сустракацца, што не баяцца ўзяць кавалак сэндвіча ў суседа», — сказаў Ондрэй Кобза, адзін з арганізатараў.
Кобза дадаў, што такое нязвыклае сьвята магчыма было арганізаваць празь недахоп турыстаў у Празе, якія звычайна падчас турыстычнага сэзону шчыльна запаўняюць Карлаў мост штодня.
У Чэхіі, 10-мільённай краіне, да гэтага часу зафіксавалі 11954 выпадкі інфэкцыі і 349 сьмерцяў ад COVID-19.
Колькасьць новых выпадкаў захворваньня 30 чэрвеня зьменшылася да 149. Гэта найменшы сутачны прырост за пяць апошніх дзён, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Чэхіі. У цяперашні час у краіне 3835 пацыентаў з COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз рост новых выпадкаў COVID-19 у некаторых краінах вяртаюць карантын