У 39 гадоў ад каранавірусу памёр майстар спорту ў паўэрліфтынгу
Ад каранавірусу памёр майстар спорту Беларусі ў паўэрліфтынгу, судзьдзя першай катэгорыі Сяргей Кузняцоў. Яму было 39 гадоў, піша «Брэсцкая газэта».
«Добрага чалавека павінна быць шмат. І яго было шмат — так шмат, што хапала на ўсё — і 250 кг выціснуць, і сям’ю пацягнуць, і зь сябрамі прысесьці. Сяргей быў канкурэнтаздольны ва ўсім — у экіпіроўцы і клясыцы, у трохборстве і асобных рухах. Ён падымаў так шмат і так магутна, што за ім замацавалася званьне „Берасьцейскага Зубра“. І чым мацнейшым ён быў, тым больш нечаканы яго адыход. З тэлевізара кажуць, што каранавірус — гэта хвароба старых, на справе ён забраў чэмпіёна ў самым росквіце», — гаворыцца на старонцы супольнасьці «Паўэрліфтынг у Беларусі» сацсеткі «УКантакце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад каранавірусу памёр 39-гадовы выкладчык Вайсковай акадэміі. У яго засталося трое дзяцей19 чэрвеня калегі асілка паведамілі, што ў Сяргея Кузьняцова каранавірус і што ён знаходзіцца ў цяжкім стане. 27 чэрвеня яго ня стала.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ